ГРАСУЛЯ́Р (ад позналац. grossularia агрэст),

мінерал з групы гранатаў, алюмасілікат кальцыю, Ca3Al2[SiO4]3. Крышталізуецца ў кубічнай сінганіі. Крышталі тэтрагонтрыэктаэдрычныя або простыя ці ў розных спалучэннях. Агрэгаты масіўныя, няправільныя зерні. Колер светла-зялёны, жаўтаваты, карычняваты ці белы. Бляск шкляны. Цв. 6,5—7. Шчыльн. 3,5. Тыповы мінерал вапняковых скарнаў і кальцыевага метасаматозу асн. і ультраасн. парод. Празрыстыя грасуляры — ювелірныя камяні.

Грасуляр.

т. 5, с. 410

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРЫГО́Р’ЕЎ (Георгій Сцяпанавіч) (1924, в. Лажкі Мажайскага р-на Маскоўскай вобл. — 20.1.1944),

удзельнік вызвалення Беларусі ад ням.-фаш. захопнікаў у Вял. Айч. вайну, Герой Сав. Саюза(1944). Вызначыўся ў 1944 у баях каля Віцебска: у вырашальны момант бою цяжка паранены камандзір групы разведчыкаў сяржант Грыгор’еў закрыў сваім целам варожы кулямёт, чым забяспечыў паспяховае выкананне задання.

Г.С.Грыгор’еў.

т. 5, с. 477

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДУРАЛЮМІ́Н (ад ням. Düren — горад, дзе была распачата прамысл. вытв-сць сплаву, + алюміній),

дзюраль, дзюралюміній, назва групы сплаваў на аснове алюмінію. Мае дабаўкі (па масе) медзі (2,2—5,2%), магнію (0,2—2,7%), марганцу (0,2—1%). Найб. трывалы і найменш каразійнаўстойлівы сярод алюмініевых сплаваў, таму Д. часта плакіруюць чыстым алюмініем. Выкарыстоўваюць як канстр. матэрыял у авіяц. і трансп. машынабудаванні.

т. 6, с. 262

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАНЕ́ША, Ганапаці,

у індуісцкай міфалогіі «ўладар ганы» (групы) ніжэйшых божастваў, якія складаюць світу Шывы. Паводле эпасу, малююць з тулавам чалавека чырв. ці жоўтага колеру, вял. шарападобным жыватом, чатырма рукамі і галавой слана, з пашчы якой тарчыць толькі адзін бівень. Ганеша належыць да найб. папулярных інд. багоў, яго выявы і храмы вельмі пашыраны ў Індыі.

Ганеша. Камень. 8—9 ст.

т. 5, с. 27

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІПЕРМАРФО́З (ад гіпер... + марф... + ...оз),

гіпертэлія, звышспецыялізацыя, залішняе павелічэнне арганізма або яго асобных органаў у сувязі з парушэннем у эвалюцыйным развіцці балансу з асяроддзем у выніку хуткай яго змены (напр., гіганцкія мезазойскія рэптыліі, буйныя іклы ў выкапнёвых шаблязубых тыграў і інш.). Гіпермарфоз — следства надзвычайнай спецыялізацыі да вузкіх умоў існавання, пры нязначнай змене асяроддзя вядзе да вымірання гэтай групы арганізмаў.

т. 5, с. 257

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЛАЎКАФА́Н (ад грэч. glaukos блакітнавата-зялёны),

пародаўтваральны мінерал класа сілікатаў, групы амфіболаў, водны алюмасілікат натрыю і магнію, Na2Mg3Al2[Si4O11]2(OH)2. Прымесі жалеза, кальцыю, калію. Крышталізуецца ў манатоннай сінганіі. Крышталі прызматычныя, агрэгаты слупкаватыя, прамянёвыя, валакністыя. Колер цёмна-сіні, бясколерны. Бляск шкляны. Цв. 5,5—6,5. Шчыльн. 3,1—3,3 г/см³. Трапляецца пераважна ў метамарфізаваных сланцах, алеўралітах, пясчаніках.

Глаўкафан.

т. 5, с. 287

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГОМАГАМЕ́ТНАСЦЬ (ад гома... + гаметы),

характарыстыка арганізма (або групы арганізмаў), які мае ў храмасомным наборы пару або некалькі пар гамалагічных палавых храмасом і ўтварае аднолькавыя па наборы храмасом гаметы. Пол, прадстаўлены такімі асобінамі, наз. гомагаметным. У млекакормячых, рыб і некат. відаў раслін (каноплі, хмель, шчаўе) гомагаметнасць характэрна для жан. полу, у птушак, матылькоў і некат. відаў суніц — для мужчынскага.

т. 5, с. 329

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІСЛО́ТНЫЯ ФАРБАВА́ЛЬНІКІ,

водарастваральныя арган. фарбавальнікі, якія маюць у малекуле кіслотныя групы: сульфагрупу SO3H, карбаксільную групу COOH. Паводле хім. класіфікацыі К.ф. — пераважна азафарбавальнікі, антрахінонавыя фарбавальнікі і трыфенілметанавыя фарбавальнікі. Вырабляюць К.ф. ў выглядзе натрыевых солей, якія пры дысацыяцыі ў вадзе ўтвараюць афарбаваныя аніёны. Выкарыстоўваюць для фарбавання бялковых (шэрсць, натуральны шоўк) і поліамідных валокнаў, а таксама скуры, паперы, вырабу чарніла.

т. 8, с. 293

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́ПА ЗАКО́Н,

эмпірычнае абагульненне аб характары развіцця асобных сістэматычных груп арганізмаў. Сфармуляваны амер. вучоным Э.​Копам у канцы 19 ст. Сцвярджае: новыя групы арганізмаў паходзяць ад мала спецыялізаваных форм, што захоўваюць эвалюцыйную пластычнасць, а не ад вышэйшых спецыялізаваных прадстаўнікоў продкавых груп, для якіх глыбокая спецыялізацыя забяспечвае працвітанне ў адносна стабільных умовах існавання, але ў выпадку змены ўмоў група вымірае.

т. 8, с. 413

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕ́РМАНТАЎСКІ,

прыморскі кліматычны і гразевы курорт на Украіне. У межах Адэскай групы курортаў у складзе г. Адэса. Дзейнічае з 1925. Асн. лек. фактары: клімат, гразі Куяльніцкага лімана, штучныя мінер. воды на аснове марскіх вод; выкарыстоўваюць таксама аэрагеліятэрапію і таласатэрапію. Лечаць пераважна хваробы суставаў, нерв. і сардэчна-сасудзістай сістэм. Санаторыі, пансіянат, дом адпачынку, клінікі Адэскага НДІ курарталогіі.

т. 9, с. 212

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)