ГРО́ДЗЕНСКІ БАТАНІ́ЧНЫ САД.

Існаваў у 1775—81. Закладзены вучоным Ж.Э.Жыліберам на месцы старога гарадзішча. Па разнастайнасці, колькасці відаў раслін не саступаў лепшым садам Еўропы. Калекцыя камплектавалася з мясц. відаў і раслін, атрыманых са Страсбурскага і Эдынбургскага садоў, падараваных вядомымі батанікамі (напр., акад. П.​С.​Палас пераслаў сабраныя ім сібірскія расліны). У 1777 у садзе было 1200 відаў экзотаў (у т. л. некалькі амерыканскіх, якія паспяхова раслі ў адкрытым грунце), у 1778 — больш за 2000 відаў. У 1781 большая ч. калекцыі перавезена ў Вільню. Цяпер на месцы саду — гар. парк культуры і адпачынку.

т. 5, с. 431

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛА́РСА,

старажытны горад шумераў на Пн Месапатаміі (цяпер гарадзішча Сенкерэ ў Іраку), атаясамліваецца з біблейскім г. Эласар. У канцы 3-га тыс. да н.э. заваявана Эламам. У 1932 да н.э. цэнтр царства, заснаванага амарэйскай дынастыяй. Найб. росквіту дасягнула ў 19—18 ст. да н.э. У 1762 да н.э. далучана царом Хамурапі да Вавілоніі. У 1739 да н.э. тут адбылося паўстанне, пасля якога Л. моцна разбураны вавіланянамі. Мела вял. значэнне ў новававілонскі перыяд (626—538 да н.э.), да якога адносяцца апошнія пісьмовыя звесткі пра Л. У выніку археал. раскопак (з 1854) выяўлены руіны горада, помнікі матэрыяльнай культуры, дакумент. матэрыял.

т. 9, с. 137

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́ПЫСКІ ЗА́МАК.

Існаваў у 14—18 ст. у г.п. Копысь Аршанскага р-на Віцебскай вобл. Размяшчаўся на ўзвышаным левым беразе р. Дняпро на месцы гарадзішча летапіснай Копысі. Быў ваен.-адм. цэнтрам стараж. горада. У ходзе ваен. падзей 16—17 ст. зведаў неаднаразовыя аблогі і разбурэнні. У час Паўн. вайны 1700—21 рус. войскі ў 1707 спалілі замкавыя ўмацаванні і забралі ўсю зброю з арсенала. Паводле інвентароў Копысі за 1726—73, замак меў 4 бастыёны, драўляныя сцены, уязную вежу-браму з двайнымі варотамі і магутнымі запорамі. Пасля 1772 умацаванні К.з. не аднаўляліся і з цягам часу зніклі.

т. 8, с. 415

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛУЧЫ́Н,

старажытны горад, які ўпершыню згадваецца пад 1138 у Статуце Смаленскага кн. Расціслава Мсціславіча, потым пад 1173 у Іпацьеўскім летапісе як месца нараджэння ў кн. Рамана Расціславіча сына, у гонар якога ў Л. быў пабудаваны храм св. Міхаіла, у грамаце «Аб пагароддзі і пачэсці» пад 1211—18 згадваецца ў ліку гарадоў, што плацілі даніну смаленскаму епіскапу. Месцазнаходжанне горада дакладна не вызначана. Адзіным месцам магчымай лакалізацыі летапіснага Л., дзе тапанімічныя і археал. звесткі супадаюць з пісьмовым сведчаннем Іпацьеўскага летапісу, з’яўляецца гарадзішча каля в. Лучын ў Рагачоўскім р-не Гомельскай вобл.

А.​А.​Мяцельскі.

т. 9, с. 379

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МСЦІСЛА́ЎСКІ ЦАРКО́ЎНА-АРХЕАЛАГІ́ЧНЫ МУЗЕ́Й.

Адкрыты ў 1915 у г. Мсціслаў Магілёўскай губ. пры духоўным вучылішчы. У 1923 меў 1157 экспанатаў; аддзелы: археал., нумізматычны, этнагр., царк. старажытнасцей, 100-годдзя вучылішча. Сярод экспанатаў косці маманта з кар’ера мясц. цагельні, каменныя сякеры і кераміка з гарадзішча, манеты ВКЛ, Рус. дзяржавы 17—18 ст., старадрукі і рукапісныя царк. кнігі, узоры нар. адзення, с.-г. прылады працы, вырабы з лазы, лыка, дрэва. У 1924 створаны аддзелы: прыродна-гіст., мастацка-прамысловы, бібліяграфічны. Пры музеі дзейнічалі гурткі краязнаўцаў і аховы гіст. помнікаў, быў выпрацаваны статут музея. Экспанаты загінулі ў час Вял. Айч. вайны.

М.​А.​Ткачоў.

т. 10, с. 541

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕГІ́ДА (сучаснае гарадзішча Тэль-эль-Мутэсялім на Пн Ізраіля),

старажытны горад і крэпасць на скрыжаванні важных у старажытнасці гандл. шляхоў Пярэдняй Азіі. Узнікненне М. адносяць да сярэдзіны 4-га тыс. да н.э. Да канца 2-га тыс. да н.э. належаў ханаанеям. У пач. 2-га тыс. да н.э. ў М. знаходзіўся егіпецкі намеснік; у 1502 да н.э. фараон Тутмос III разрабаваў М. У канцы 2-га тыс. да н.э. М. заваяваны ізраільцянамі. Пасля разбурэння ў 732 да н.э. Тыглатпаласарам III тут узнікла асірыйская крэпасць. Да 6—4 ст. да н.э. адносяцца рэшткі персідскага горада.

т. 10, с. 246

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЫЛЕ́ПЫ,

вёска ў Прылепскім с/с Смалявіцкага р-на Мінскай вобл., на р. Усяжа. Цэнтр калгаса. За 21 км на ПнЗ ад горада і чыг. ст. Смалявічы, 31 км ад Мінска. 477 ж., 164 двары (2000). Цэхі па вытв-сці макаронных вырабаў, газіраваных напіткаў, дрэваапрацоўчы. Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, амбулаторыя, аддз. сувязі. Брацкія магілы сав. воінаў. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну. У П. гарадзішча і за 1,5 км на У ад вёскі курганны могільнік (3-я чвэрць 1-га тыс. н.э.). У Вял. Айч. вайну дзейнічала Прылепскае патрыятычнае падполле.

т. 13, с. 69

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГУЛА́К-АРЦЯМО́ЎСКІ (Пётр Пятровіч) (27.1.1790, г. Гарадзішча Чаркаскай вобл., Украіна — 13.10.1865),

украінскі паэт, байкапісец, родапачынальнік жанру балады ва ўкр. л-ры. Вучыўся ў Кіеўскай духоўнай акадэміі (да 1813). Скончыў Харкаўскі ун-т (1821). З 1825 прафесар, у 1841—49 рэктар гэтага ун-та. Арыгінальныя творы Гулака-Арцямоўскага прасякнуты гумарам і песеннасцю, нар. матывамі (байкі «Пан і сабака», 1818; «Бацька і сын», 1827; балада «Твардоўскі», 1827, і інш.). Перакладаў на рус. мову творы Гарацыя, Ж.​Ж.​Русо, Дж.​Мільтана, А.​Міцкевіча. На бел. мову асобныя творы Гулака-Арцямоўскага пераклалі Э.​Валасевіч, П.​Місько.

Тв.:

Твори. Київ, 1978;

Поетичні твори. Київ, 1984.

В.​А.​Чабаненка.

С.С.Гулак-Арцямоўскі.

т. 5, с. 526

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАРКУ́ША (Іван Федасеевіч) (29.4.1896, с. Гарадзішча Чаркаскай вобл., Украіна — 6.8.1970),

бел. савецкі глебазнавец. Акад. АН Беларусі (1961), Акадэміі агр. навук (1959), д-р с.-г. н., праф. (1954). Засл. дз. нав. Беларусі (1956). Скончыў Херсонскі с.-г. ін-т (1928). З 1933 ва Усесаюзным ін-це ўгнаенняў, агратэхнікі і аграглебазнаўства, з 1942 дырэктар лабараторыі Туркменскага філіяла АН СССР. З 1944 прарэктар, у 1952—65 рэктар БСГА. Навук. працы па эвалюцыі дзярнова-падзолістых і тарфяна-балотных глеб пад уздзеяннем акультурвання. Прэмія імя Вільямса (1947, 1957) АН СССР. Аўтар падручніка «Глебазнаўства» (1940, 6-е выд. 1962) і манаграфіі «Акультурванне глеб як сучасны этап глебаўтварэння» (1956).

І.Ф.Гаркуша.

т. 5, с. 61

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРХЕАЛАГІ́ЧНЫ МУЗЕ́Й «БЯРЭ́СЦЕ».

Заснаваны ў 1972, адкрыты 2.3.1982 на тэр. Валынскага ўмацавання Брэсцкай крэпасці як філіял Брэсцкага абласнога краязнаўчага музея ў спецыяльна пабудаваным будынку. 14 экспазіцыйных залаў, пл. экспазіцыі 2400 м², больш за 40 тыс. экспанатаў (1995). Знаёміць з паліт., эканам. і культ. развіццём Бярэсця ў 11—14 ст. Аснову экспазіцыі складаюць больш за 30 драўляных жылых і гасп. пабудоў, рэшткі маставых, частаколы і інш. збудаванні, выяўленыя ў выніку археал. раскопак Берасцейскага гарадзішча, якія дзякуючы кансервавальным якасцям магутнага культ. пласта добра захаваліся на выш. да 12 вянкоў. Сярод экспанатаў прылады працы, прадметы побыту, упрыгожанні, а таксама рэдкія знаходкі — самшытавы грэбень з выразанымі кірылічнымі літарамі, касцяныя мастыхін, пісала, шахматная фігурка і інш.

Экспазіцыя археалагічнага музея «Бярэсце».

т. 1, с. 521

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)