БЕЛАРУ́СКАЕ ТАВАРЫ́СТВА ЧЫРВО́НАГА КРЫ́ЖА (БТЧК) у Літве. Існавала з крас. 1921 да сярэдзіны 1922. Утворана на аснове Жэнеўскай канвенцыі ад 22.8.1864 аб т-вах Чырв. Крыжа. Асн. мэты: аказанне мед.-сан., матэр. і маральнай дапамогі бел. ваеннапалонным, бежанцам, эмігрантам, хворым, сіротам, усім пацярпелым ад ваен. дзеянняў, садзейнічанне ў вяртанні на бацькаўшчыну. Знаходзілася ў Коўне (сучасны Каўнас) у атэлі «Метраполь». Старшыня т-ва Я.Варонка, віцэ-старшыні І.Цвікевіч і Н.Ліпоўскі, скарбнік П.Мядзёлка. Налічвала 32 чал. Мела аддзяленні і прадстаўніцтвы ў Берліне (А.Бароўскі), на Гродзеншчыне (С.Баран-Нямір), у Вільні (А.Карабач), Празе (М.Вяршынін), Рызе (К.Езавітаў), Канстанцінопалі, Амерыцы. БТЧК супрацоўнічала з эміграцыйным урадам БНР у Коўне, урадавымі ўстановамі Літвы, Літоўскім т-вам Чырв. Крыжа. Займалася выдавецкай дзейнасцю, у 1921 выпусціла 3 маркі серыі «Беларусь. Пошта», збор ад іх продажу пайшоў на дабрачынныя мэты.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРЛО́Ў (Уладзімір Аляксеевіч) (н. 25.8.1953, г. Полацк),
бел. пісьменнік. Скончыў БДУ (1975). З 1988 у выд-ве «Мастацкая літаратура». З 1989 віцэ-прэзідэнт Бел. ПЭН-клуба. Друкуецца з 1976. Дэбютаваў вершамі. У прозе распрацоўвае гіст. тэматыку: «Добры дзень, мая Шыпшына» (1986, Прэмія Ленінскага камсамола Беларусі 1986), «Дзень, калі ўпала страла» (1988), «Асветніца з роду Усяслава: Ефрасіння Полацкая» (1989), «Рандэву на манеўрах», «Ефрасіння Полацкая», «Прысуд выканаў невядомы: Ігнат Грынявіцкі» (усе 1992), «Міласць князя Гераніма» (1993), «Пяць мужчын у леснічоўцы», «Таямніцы полацкай гісторыі» (абедзве 1994). Героі яго твораў — патрыёты роднай зямлі, славутыя людзі Беларусі, якія памнажалі яе славу і гонар, не шкадавалі свайго жыцця дзеля шчасця Бацькаўшчыны. Аўтар зб. вершаў у прозе «Там, за дзвярыма» (1991), кн.літ.-публіцыст. артыкулаў і эсэ «Совершенно секретно», або Адзін у трох іпастасях» (1992), «Мой радавод да пятага калена» (1993). Перакладае з рус., укр., фінскай моў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДО́МБАЛЬ (Тамаш Францавіч) (29.12.1890, в. Собаў Жэшаўскага ваяв., Польшча — 4.12.1938),
бел. эканаміст, дзеяч міжнар. сялянскага руху. Акад.АНБССР (1933), д-рэканам.н. (1934), праф. (1932). Скончыў Маскоўскую с.-г. акадэмію (1927), Ін-тчырв. прафесуры (1932). З 1919 дэпутат польскага сейма. У 1921 арыштаваны і засуджаны на 6 гадоў катаргі. У 1923 вызвалены ў выніку абмену палітвязнямі паміж Польшчай і СССР. Ініцыятар склікання 1-й Міжнар. сялянскай канферэнцыі ў Маскве (1923), нам.ген. сакратара Выканкома Сялянскага Інтэрнацыянала. Працаваў у Выканкоме Камінтэрна, Міжнар. арг-цыі дапамогі барацьбітам рэвалюцыі, заснаваў н.-д.Міжнар. аграрны ін-т (1926). У 1932—35 віцэ-прэзідэнт АНБССР і дырэктар Ін-та эканомікі АНБССР. Чл.ЦККП(б)Б у 1932—37, чл.ЦВКБССР у 1935—37. Аўтар прац па міжнар.сял. руху. 29.12.1936 арыштаваны, прыгавораны да вышэйшай меры пакарання. Рэабілітаваны ў 1956.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ЛЕНСКАЕ МАСТА́ЦКАЕ ТАВАРЫ́СТВА,
культурна-асветная арганізацыя ў Вільні ў 1908—15. Створана былымі членамі Віленскага мастацкага гуртка. Мела на мэце аб’яднанне мастакоў незалежна ад нацыянальнасці, развіццё і прапаганду мастацтва ў Віленскай губ., падтрымку мастакоў і маст. устаноў, захаванне стараж. помнікаў мастацтва. Старшыня — кіраўнік горада М.Венслаўскі, віцэ-старшыня І.Рыбакоў. Сярод членаў т-ва — мастак і кампазітар М.Чурлёніс. Т-ва арганізоўвала штотыднёвыя сходы, на якіх ладзіліся гутаркі па розных пытаннях маст. жыцця. У 1909—15 т-ва арганізавала 7 «Вясновых выстаў», у якіх удзельнічалі мясц. мастакі і мастакі з Пецярбурга і Варшавы. Па ініцыятыве т-ва ў Вільні адбыліся выстаўкі «Мастацтва ў жыцці дзяцей» (1909), «Імпрэсіяністы» (снеж. 1909—студз. 1910). З лютага 1913 пры т-ве адкрыта маст. школа, якую ўзначаліў Рыбакоў.
Літ.:
Устав Виленского художественного общества. Вильна, 1908;
Золотой век художественных объединений в России и СССР (1820—1932): Справ. СПб., 1992.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАПЦЮ́Г (Валянцін Афанасьевіч) (9.6.1931, г. Юхнаў Калужскай вобл., Расія — 10.1.1997),
расійскі хімік-арганік. Акад.Рас.АН (1979; чл.-кар. 1968). Замежны чл.АН Беларусі (1995). Герой Сац. Працы (1986). Скончыў Маскоўскі хім.-тэхнал.ін-т (1954), дзе і працаваў. З 1959 у Ін-це арган. хіміі Сібірскага аддз.Рас.АН (з 1987 дырэктар), адначасова ў Новасібірскім ун-це (у 1978—80 рэктар). З 1980 віцэ-прэзідэнт Рас.АН і старшыня яе Сібірскага аддзялення. Навук. працы па вывучэнні механізмаў рэакцый ізамерызацыі замешчаных араматычных злучэнняў, выкарыстанні ЭВМ для рашэння структурных задач арган. хіміі. Устанавіў асаблівасці будовы і заканамернасці пераўтварэння карбакатыёнаў, што паслужыла асновай колькаснай тэорыі малекулярных перагруповак. Распрацаваў новыя спосабы атрымання і выкарыстання арган. злучэнняў розных тыпаў (для інгібіравання акісляльнай дэструкцыі палімераў, як дабаўкі для паляпшэння рэалагічных уласцівасцей нафтаў і інш.). Ленінская прэмія 1990.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАЁЛА ((Loyola) Ігнацій) (сапр. Іньіга Лопес дэ Ракальдэ; Lopez de Racalde; 23.10.1491 ?, замак Лаёла, каля г. Аспейтыя, Іспанія — 31.7.1556),
іспанскі тэолаг, заснавальнік ордэна езуітаў. Першапачаткова афіцэр на службе віцэ-караля Навары. Стаўшы інвалідам у выніку ранення (1521) у час вайны з Францыяй, адмовіўся ад ваен. кар’еры. У 1522—23 як пустэльнік жыў у гроце Манрэса ля падножжа гор Мантсерат, у гэты час стварыў «Духоўныя практыкаванні» (у 1548 ухвалены папам Паўлам III). Пасля паломніцтва ў Іерусалім (1523—24) вывучаў тэалогію ў Барселоне, Алькале, Саламанцы, з 1528 — ў Сарбонскім ун-це ў Парыжы. 15.8.1534 разам з аднадумцамі заснаваў ордэн езуітаў, зацверджаны папам Паўлам III у 1540; стаў яго першым генералам (з 1541). Распрацаваў «Правілы сціпласці», якія рэгламентавалі паводзіны членаў ордэна. У 1622 кананізаваны каталіцкай царквой.
Літ.:
Быков А. И.Лойола: Его жизнь и общественная деятельность: Биогр. очерк. 2 изд. СПб., 1894.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАНЬКО́ЎСКІ (Ігнат Антонавіч) (каля 1765, Віцебшчына — 11.1.1832),
бел. публіцыст. З 1783 на дзярж. службе — саветнік Бел. губернскага праўлення, віцебскі губернскі пракурор, віцэ-губернатар. З 1817 у адстаўцы, жыў у сваім маёнтку Мілае каля Віцебска Супрацоўнічаў у рус. часопісах. У «Пісьме з Віцебска» («Сын Отечества», 1813) асуджаў агрэсію Напалеона, услаўляў гіст. подзвіг народаў Расіі ў вайне 1812. У 1831 узнаг. залатым медалём Вольнага эканам.т-ва ў Пецярбургу за конкурсны твор «Адказ на задачу, прапанаваную імператарскім Вольным эканамічным таварыствам: «Якім чынам лёгка і танна выправіць сялянскія пабудовы або зрабіць у іх карысныя ўдасканаленні?» (выд. 1833), у якім патрабаваў паляпшэння быт. умоў сялян, выказваў каштоўныя думкі па пытаннях сельскай гаспадаркі, аховы прыроды. Публіцыстыка М. вылучаецца эмацыянальнасцю, спавядальнасцю, шырынёй кругагляду. Мяркуюць, што пісаў і па-беларуску, некат. даследчыкі лічаць яго аўтарам «Энеіды навыварат».
Літ.:
Кісялёў Г. Загадка беларускай «Энеіды». Мн., 1971.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛУПІ́НОВІЧ (Іван Сцяпанавіч) (6.7.1900, в. Шацк Пухавіцкага р-на Мінскай вобл. — 9.10.1968),
бел. вучоны ў галіне глебазнаўства і аграхіміі. Акад.АН Беларусі (1947), акад. Акадэміі с.-г. навук Беларусі (1957—61), д-рс.-г.н. (1944), праф. (1953). Засл. дз. нав. Беларусі (1951). Скончыў БСГА (1925). У 1934—38 у Бел.с.-г. ін-це. З 1947 віцэ-прэзідэнт, у 1951 в.а. прэзідэнта АН Беларусі. У 1957—61 прэзідэнт Акадэміі с.-г. навук Беларусі, адначасова (з 1950) заг. кафедры БДУ. Навук. працы па комплексным выкарыстанні Палескай нізіны і с.-г. асваенні асушаных балот. Распрацаваў (у сааўт.) методыку комплекснага прыродна-гіст. раянавання тэр.СССР для с.-г. выкарыстання, склаў карту прыродна-гіст. раянавання СССР.
Тв.:
Торфяно-болотные почвы БССР и их плодородие. 2 изд. Мн., 1958 (разам з Т.Ф.Голуб);
Микроэлементы в почвах БССР и эффективность микроудобрений. Мн., 1970 (у сааўт.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕ́ЛЫ (Уладзімір Аляксеевіч) (8.6.1922, г. Краснадар, Расія — 17.8.1994),
бел. вучоны ў галіне механікі металапалімерных сістэм.Акад.АН Беларусі (1972, чл.-кар. 1969), д-ртэхн.н., праф. (1971). Засл. вынаходнік Беларусі, засл. дз. нав. і тэхн. Беларусі (1978). Скончыў Ін-т інжынераў чыг. транспарту ў Растове-на-Доне (1945). З 1953 у Бел. ін-це інжынераў чыг. транспарту, з 1969 дырэктар Ін-та механікі металапалімерных сістэм АН Беларусі і адначасова да 1973 рэктар Гомельскага ун-та. У 1973—87 віцэ-прэзідэнт АН Беларусі, адначасова ў 1978—83 рэктар БДУ. Навук. працы па даследаванні ўзаемасувязі малекулярных і надмалекулярных структур палімераў з іх фіз.-мех. ўласцівасцямі, стварэнні новага класа кампазіцыйных матэрыялаў, адгезійнай і кагезійнай трываласці металапалімераў. Прапанаваў асновы разліку і канструявання металапалімерных вырабаў. Дзярж. прэмія Беларусі 1972.
Тв.:
Трение и износ материалов на основе полимеров. Мн., 1976 (у сааўт.);
Металлополимерные материалы и изделия. М., 1979 (у сааўт.);
Трибология: исслед. и приложения: Опыт США и стран СНГ. М., 1993 (у сааўт.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛУШКО́Ў (Віктар Міхайлавіч) (24.8.1923, г. Растоў-на-Доне, Расія — 30.1.1982),
украінскі вучоны ў галіне матэматыкі, кібернетыкі і выліч. тэхнікі. Акад.АН Украіны (1961), АНСССР (1964). Герой Сац. Працы (1969). Скончыў Новачаркаскі політэхн.ін-т і Растоўскі ун-т (1948). З 1957 дырэктар Выліч. цэнтра, з 1962 — Ін-та кібернетыкі АН Украіны, якому ў 1982 прысвоена імя Глушкова; віцэ-прэзідэнт АН Украіны (з 1962). Асн.навук. працы па алгебры, эканам. кібернетыцы, тэорыі аўтаматызаваных сістэм кіравання і сістэм штучнага інтэлекту. На аснове створанай ім тэорыі лакальна бікампактных груп рашыў абагульненую 5-ю праблему Гільберта. Пад яго кіраўніцтвам створаны першая ў СССР кіроўная ЭВМ «Днепр», серыя ЭВМ «Мір». Шматпрацэсарныя выліч. комплексы ЕС-2701, ЕС-1766 і інш. Ленінская прэмія 1964. Дзярж. прэмія СССР 1968, 1977. Дзярж. прэмія Украіны 1970. У 1982 у АН Украіны засн. Прэмія імя Глушкова.