ВІ́ЦЭ-КАРАЛЕ́ЎСТВА,

адм.-тэр. адзінка ў амер. калоніях Іспаніі ў 16 — пач. 19 ст., якою кіраваў віцэ-кароль. Першае віцэ-каралеўства — Новая Іспанія, створана ў 1535, у яго ўвайшлі тэр. Мексікі і большая ч. Цэнтр. Амерыкі. У Паўд. Амерыцы ў 1542 утварылася віцэ-каралеўства Перу, з якога ў 1739 вылучана віцэ-каралеўства Новая Гранада (тэр. Калумбіі, Панамы, Венесуэлы, Эквадора), у 1776 — віцэ-каралеўства Рыо-дэ-Ла-Плата (тэр. Аргенціны, Парагвая, Уругвая, Балівіі). Існавалі да Вайны за незалежнасць іспанскіх калоній у Амерыцы 1810—26.

т. 4, с. 237

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́ЦЭ-АДМІРА́Л (ад лац. vice замест, узамен + адмірал),

воінскае званне вышэйшага афіцэрскага складу ў ВМФ (ВМС) многіх дзяржаў. У эпоху паруснага флоту (17 — сярэдзіна 19 ст.) віцэ-адмірал камандаваў авангардам (перадавой часткай сіл) і быў нам. адмірала. У Расіі званне ўведзена ў 1699 (існавала да 1917), у СССР — у 1940; існуе ў ВМФ Расійскай Федэрацыі (адпавядае ген.-лейт. ў арміі). У сав. ВМФ званне віцэ-адмірала мелі ўраджэнцы Беларусі В.П.Дрозд, Г.М.Халасцякоў і інш.

т. 4, с. 237

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́ЦЭ-ПРЭЗІДЭ́НТ,

1) у некаторых дзяржавах (ЗША, краіны Лацінскай Амерыкі і інш.) намеснік кіраўніка дзяржавы. Выбіраецца звычайна разам з прэзідэнтам, у выпадку смерці, адстаўкі, імпічменту дзеючага прэзідэнта выконвае яго функцыі да новых выбараў.

2) Нам. прэзідэнта ў розных нац. і міжнар. арг-цыях.

т. 4, с. 237

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ВІ́ЦЭ-АДМІРА́Л ДРОЗД»,

гвардзейскі эсмінец сав. Чырванасцяжнага Балт. флоту, які вызначыўся ў Вял. Айч. вайну. Да 13.2.1943 наз. «Стойкі», перайменаваны ў гонар сав. флатаводца беларуса В.П.Дразда, які загінуў. Уступіў у строй у 1940. У 1941—42 удзельнічаў у баявых дзеяннях флоту ў Рыжскім заліве, эвакуацыі гарнізона п-ва Ханка, абароне Ленінграда (падтрымліваў артыл. агнём часці сухап. войск) і інш. За мужнасць і адвагу атрымаў гвардз. званне (3.4.1942), увесь экіпаж узнаг. ордэнамі і медалямі. Выключаны са складу ВМФ СССР у 1960.

т. 4, с. 237

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРО́ДЗЕНСКІ ДОМ ВІ́ЦЭ-ГУБЕРНА́ТАРА,

помнік архітэктуры класіцызму. Пабудаваны ў Гродне каля 1800 для гродзенскага віцэ-губернатара Максімовіча. Двухпавярховы Г-падобны ў плане мураваны будынак накрыты 2-схільным дахам. Сіметрыя гал. фасада падкрэслена 4-калонным порцікам дарычнага ордэра з трохвугольным франтонам. Бакавыя часткі вылучаны рызалітамі. Фасад раскрапаваны філёнгамі, рустам, завершаны развітым прафіляваным карнізам. Прамавугольныя аконныя праёмы аздоблены фігурнымі ліштвамі і сандрыкамі. Інтэр’еры былі ўпрыгожаны фрэскавай размалёўкай.

т. 5, с. 431

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРО́ДЗЕНСКІ ДОМ ВІ́ЦЭ-АДМІНІСТРА́ТАРА,

помнік архітэктуры 18 ст. Пабудаваны ў Гродне, мае рысы стыляў барока і класіцызму. Уваходзіў у арх. ансамбль Гарадніцы. Двухпавярховы прамавугольны ў плане мураваны будынак з вальмавым дахам. Гал. фасад аздоблены лапаткамі, філёнгамі і нішамі, па баках раскрапаваны плоскімі рызалітамі. Больш нізкі 2-і паверх аддзелены карнізным поясам і багата дэкарыраваны. Архітэктурная выразнасць дасягаецца рэгулярным рытмам прамавугольных аконных праёмаў. Першапачатковая планіроўка і аздабленне інтэр’ераў парушаны.

А.М.Кулагін.

т. 5, с. 431

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАГІЛЁЎСКІ ДОМ ВІ́ЦЭ-ГУБЕРНА́ТАРА І ДВУХ САВЕ́ТНІКАЎ Існаваў у 18—20 ст. у Магілёве. Пабудаваны ў 1770-я г. ў стылі класіцызму. Мураваны 2-павярховы прамавугольны ў плане будынак са скошанымі вугламі на невял. цокалі, завершаны вальмавым дахам. Гал. фасад вылучалі 3 з нязначным выступам рызаліты, завершаныя невысокімі атыкамі з франтонамі. Карнізны пояс падзяляў фасады на 2 ярусы. Існавалі гасп. пабудовы. У 1944 узарваны ням.-фаш. захопнікамі.

Т.І.Чарняўская.

Магілёўскі дом віцэ-губернатара і двух саветнікаў. Чарцёж галоўнага фасада.

т. 9, с. 465

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЗАНЬЕ́ЛА (Masaniello, скарочанае ад Тамаза Аньела, Tommaso Aniello; чэрв. 1620, г. Пазітана, Італія — 16.7.1647),

правадыр нар. паўстання ў Неапалі ў чэрв. 1647, накіраванага пераважна супраць ісп. панавання; рыбак. Зачэпкай да паўстання паслужыла ўвядзенне падатку на садавіну. Паўстанцы спалілі падатковыя дакументы, аблажылі палац віцэ-караля і абвясцілі М. капітанам народа Неапаля. Да іх далучыліся сяляне, жыхары шэрагу паўд. італьян. гарадоў. Віцэ-кароль пайшоў на перагаворы і адмяніў падатак, адначасова арганізаваў забойства М. Паўстанне было задушана толькі ў крас. 1648.

т. 9, с. 508

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРДАШО́Ў (Сяргей Руфавіч) (13.10.1906, С.-Пецярбург — 1974),

расійскі вучоны ў галіне біяхіміі. Акад. АМН СССР (1957). Герой Сац. Працы (1964). Скончыў 2-і Ленінградскі мед. ін-т (1930). З 1962 акадэмік-сакратар Аддзялення мед.-біял. навук, з 1963 віцэ-прэзідэнт, з 1972 першы віцэ-прэзідэнт АМН СССР. Навук. працы па азоцістым абмене, энзімалогіі, біяхіміі пухлін. Выявіў аспарагін у тканках жывёл. Дзярж. прэмія СССР 1949.

Тв.:

Некоторые проблемы регуляции обмена веществ и природные полимеры. М., 1965;

Биологическая химия. 5 изд. Л., 1972 (разам з Б.І.Збарскім, І.І.Івановым).

т. 10, с. 109

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАЛЬЦАРО́ВІЧ ((Balcerowicz) Лешак) (н. 19.1.1947),

польскі дзярж. дзеяч, эканаміст. З 1970 выкладчык, з 1992 праф. Гал. гандлёвай школы ў Варшаве. У 1989—91 віцэ-прэм’ер і міністр фінансаў. Аўтар праграмы стабілізацыі гаспадаркі і перабудовы эканам. сістэмы Польшчы (план Бальцаровіча).

т. 2, с. 268

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)