сямейства бясхвостых земнаводных. 12 родаў, каля 60 відаў. Пашыраны пераважна ў Зах. і Паўд.-Усх. Азіі, таксама ў Еўропе, Паўн.-Зах. Афрыцы, Паўн. і Цэнтр. Амерыцы. Жывуць у стэпах, лясах, на лугах, палях і інш.Найб. вядомыя Ч.: звычайная (Pelobates fuscus), сірыйская (P. Syriacus), крыжоўкі (Pelodytes). Падвід Ч. звычайнай — у Чырв. кнізе МСАП. На Беларусі трапляецца Ч. звычайная.
Даўж. да 10 см. Цела шчыльнае, вонкава Ч. падобныя да жаб і рапух. Скура гладкая або злёгку гузаватая. Грудны пояс рухомы. Зрэнка вертыкальная. Ва ўласна Ч. на задніх нагах пятачныя бугаркі (для рыцця) і плавальныя перапонкі паміж пальцамі. Ч. звычайная пераважна вясной мае слабы часночны пах (адсюль назва). Кормяцца беспазваночнымі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЧУБА́ТКА (Corydalis),
род кветкавых раслін сям. дымніцавых. Каля 300 відаў. Пашыраны ва ўмераным поясе Паўн. паўшар’я, 1 від — у гарах Усх. Афрыкі.
На Беларусі 3 віды Ч.: пустая, або цыбульная (C. cava), прамежкавая (C. intermedia; занесена ў Чырв. кнігу) і шчыльная, ці Галера (C. solida). Трапляюцца ў лісцевых і мяшаных лясах, сярод хмызняку, цвітуць рана вясной. У культуры Ч.: буйнакветная (C. gigantea), высакародная (C. nobilis), жоўтая (C. lutea) і інш.
Адна-, радзей двух- і шматгадовыя травяністыя расліны, часта з падземнымі клубнямі. Сцябло простае. Лісце пераважна двойчы-тройчыперыстае, чаргаванае. Кветкі фіялетавыя, жоўтыя ці белаватыя, няправільныя, са шпоркай, сабраныя ў рыхлую гронку. Плод — стручкападобная каробачка. Клубні ядавітыя, маюць алкалоіды, якія выкарыстоўваюцца ў медыцыне. Лек., меданосныя і дэкар. расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Ю́Р’ЕВАЙ НО́ЧЫ ПАЎСТА́ННЕ,
сялянскае паўстанне ў Эстоніі ў 1343—45 супраць ням. і дацкіх феадалаў. Выклікана ўзмацненнем феад. і нац. ўціску. Пачалося ў ноч на 23.4.1343 (Юр’еў дзень, вясновы) на зямлі Хар’юмаа. Паўстанцы (каля 10 тыс.чал.) на чале з 4 выбранымі правадырамі аблажылі г. Рэвель (Талін), а сяляне зямлі Ляэнемаа акружылі рэзідэнцыю біскупа ў г. Хаапсала. Біскупскія і дацкія войскі былі разбіты. Феадалы папрасілі дапамогі ў Лівонскага ордэна. 5.5.1343 магістр ордэна запрасіў на перагаворы правадыроў паўстання ў г. Пайдэ, дзе іх забілі. Войскі ордэна разбілі атрады сялян 14 мая пад Рэвелем. 24 ліп. пачалося паўстанне і на в-ве Саарэмаа. У канцы 1343 аб’яднаныя сілы Тэўтонскага і Лівонскага ордэнаў задушылі паўстанне на мацерыку, а вясной 1345 — на востраве.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ЛЕНСКАЯ АСАЦЫЯ́ЦЫЯ,
антыўрадавая тайная арг-цыя на Беларусі і ў Літве ў 1796—97. Засн. ў Вільні вясной 1796 для барацьбы за адраджэнне Рэчы Паспалітай у межах 1772 на аснове Канстытуцыі 3 мая 1791. Мела праграму «Акт Віленскага паўстання» (1797) і статут «Артыкулы членам асацыяцыі». Асацыяцыя ўключала пераважна прадстаўнікоў шляхты і каталіцкага духавенства, яе ўзначальвалі ксяндзы Ф.Цяцерскі і В.Зюлкоўскі, жыхар мяст. Камень Мінскай губ. С.Юдзіцкі. На месцах утвараліся таварыствы-адгалінаванні («асацыяцыі» не больш за 15 чал.), якія падзяляліся на аддзелы («дэцэзіі» па 4—5 чал.). Восенню 1797 Віленская асацыяцыя раскрыта царскімі ўладамі. Па справе праходзіла больш за 70 чал. Усе ўдзельнікі Віленскай асацыяцыі прыгавораны сенатам да смяротнай кары. Паводле загаду імператара Паўла I яна заменена цялеснымі пакараннямі і катаржнымі работамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІСЯ́НСКІ Марк Самойлавіч (14.1.1913, г. Адэса, Украіна — 30.8.1993),
расійскі паэт. Скончыў Маскоўскі ін-т журналістыкі (1934). Друкаваўся з 1924. Першы зб. вершаў — «Бераг» (1940). Вершы ваен. гадоў увайшлі ў зб-кі «Мая зямля» (1942), «Ад імя Чорнага мора» (1947) і інш. У паэт. зб-ках «Залатая мая Масква» (1951), «За вясной — вясна» (1959), «Такі час» (1968), «За гарамі, за лясамі» (1976), «Дзякуй» (1981), «Пажаданне на дарогу» (1987), «Пераадоленне» (1988), «Адна мелодыя» (1992), паэмах «Дума пра маці» (1947), «Пеця Клыпа» (1967), «Добры шлях» (1972) і інш. лірычныя перажыванні, роздум пра мінулае і будучыню радзімы, сувязь чалавека і прыроды, тэма кахання. Аўтар тэкстаў папулярных песень («Мая Масква», «Асенняя лістота», «Зоры Маскоўскія» і інш.). На бел. мову асобныя яго вершы пераклаў У.Шахавец.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЛДА́ЎСКІЯ ПАХО́ДЫ ХМЯЛЬНІ́ЦКАГА Б. 1650 І 1652,
паходы ўкр.сял.-казацкага войска на чале з Б.Хмяльніцкім супраць Малдаўскага княства як саюзніка Рэчы Паспалітай у час вызваленчай вайны ўкраінскага і беларускага народаў 1648—54. Улетку 1650 войска Б.Хмяльніцкага перайшло граніцу Малдовы і заняло яе сталіцу г. Ясы, што прымусіла малд. гаспадара (князя) В.Лупу разарваць саюзныя адносіны з Рэччу Паспалітай і заключыць саюз з Украінай. Пасля паражэння ўкр. войска ў бітве пад Берасцечкам (1651) Лупу адмовіўся ад сваіх абавязацельстваў. У адказ Б.Хмяльніцкі вясной 1652 арганізаваў другі паход на Малдову. 1—2.6.1652 у бітве ва ўрочышчы Батог ён знішчыў накіраванае на дапамогу Лупу польскае войска (20 тыс.чал.), пасля чаго ўкр.
войскі ўвайшлі ў Малдову. Лупу быў вымушаны заключыць з Б.Хмяльніцкім новае пагадненне аб саюзе на ўмовах 1650.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛЕ́ШЧАНІЦКАЯ АПЕРА́ЦЫЯ 1943,
баі партыз. брыгад «Народныя мсціўцы» і «Дзядзькі Колі» па разгроме ням.-фаш. гарнізона ў г.п. Плешчаніцы Лагойскага р-на Мінскай вобл. ў сак.—жн. 1943 у Вял.Айч. вайну. Паводле звестак партыз. разведкі ням. гарнізон вясной 1943 пачаў работы для свайго ўзмацнення. Партызаны брыгады «Народныя мсціўцы» неаднаразова спрабавалі перашкодзіць гэтаму: наносілі ўдары па аванпостах, спынялі спробы дэблакіраваць гарнізон звонку, знішчылі мотамеханіз. патруль, нанеслі вял. страты асобаму батальёну СС Дырлевангера, які спрабаваў прарвацца на дапамогу гарнізону. 17 жн. партызаны перакрылі ўсе шляхі да Плешчаніц і ўварваліся ў пасёлак. Адначасова брыгада «Дзядзькі Колі» завязала баі з гарнізонамі на Зембінскім напрамку. У выніку аперацыі гарнізон быў поўнасцю разгромлены, яго дзейнасць спынена больш як на паўгода. Страты партызан — 48 забітымі і параненымі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЛА́ДКАЎСКІ, Сладкоўскі (Sladkovsky) Карал (22.6.1823, Прага — 4.3.1880), чэшскі паліт. дзеяч. Д-р права (1866). Скончыў Пражскі ун-т (1848). У час Рэвалюцыі 1848—49 у Чэхіі адзін з лідэраў радыкальных дэмакратаў і кіраўнікоў Пражскага паўстання 1848, удзельнік 1-га Усеслав. з’езда (чэрв. 1848, Прага). Вясной 1849 за ўдзел у падрыхтоўцы новага паўстання арыштаваны і прыгавораны аўстр. ўладамі да пакарання смерцю, замененага на 20 год зняволення. У 1857 памілаваны. З 1862 дэп.чэш. сейма, з 1867 і чл. яго земскага к-та. 22.8.1868 у знак пратэсту супраць аўстра-венг. пагаднення і канстытуцыі 1867 выйшаў з сейма і к-та. У 1875 зноў выбраны ў сейм. Адзін з лідэраў младачэхаў, прыхільнік пераўтварэння двухадзінай Аўстра-Венгрыі ў трохадзіную Аўстра-Венгра-Чэшскую манархію. Садзейнічаў стварэнню чэш.нац. тэатра.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЧЭЛЮ́СКІН Сямён Іванавіч (каля 1700 — пасля 1760),
расійскі палярны даследчык. З дваран Калужскай губ. Вучыўся ў Маскоўскай школе матэм. і навігацыйных навук (1714—26), скончыў Марскую акадэмію ў С.-Пецярбургу (1728), з 1733 у складзе аднаго з атрадаў 2-й Камчацкай экспедыцыі пад кіраўніцтвам В.В.Прончышчава, потым Х.П.Лапцева. Вясной 1741 прайшоў па сушы ад вусця р. Хатанга да вусця р. Пясіна і апісаў ч.зах. ўзбярэжжа п-ва Таймыр, зімой 1741—42 — з Туруханска да вусця Хатангі і апісаў усх. і зах. ўзбярэжжа Таймыра да паўн. пункта мацерыка. З 1743 служыў на Балт. флоце. У гонар Ч. названы мыс і паўвостраў на Таймыры і параход «Чэлюскін».
Літ.:
Троицкий В.А. Географические открытия В.В.Прончищева, Х.П.Лаптева и С.И.Челюскина на Таймыре // Летопись Севера. М., 1975. Т. 7.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІ́ЛЕР (Giller) Агатан (9.1.1831, мяст. Апатоўка Калішскага ваяв., Польшча — 17.8.1887),
польскі паліт. дзеяч, журналіст, удзельнік паўстання 1863—64. У 1853 за рэв. прапаганду сасланы ў Сібір. У 1860 вярнуўся па амністыі ў Варшаву і ўключыўся ў паліт. барацьбу. Летам 1862 увайшоў у склад Цэнтр.нац.к-та ў Варшаве. Адзін з лідэраў правага крыла «чырвоных». Прыхільнік польска-рускага рэв. саюзу, у вер. 1862 вёў у Лондане перагаворы з А.І.Герцэнам аб супрацоўніцтве. Вясной 1863 чл. Часовага нац. ўрада, рэдагаваў паўстанцкія газеты. Летам 1863 выехаў за мяжу, жыў у Германіі, Францыі, Галіцыі, Швейцарыі. Аўтар «Гісторыі паўстання польскага народа ў 1861—1864 гг.» (т. 1—4. Парыж, 1867—71), багатай фактычным матэрыялам. Выдаў зборнік мемуараў «Польшча ў змаганні» (т. 1. Парыж, 1868; т. 2. Кракаў, 1875), у якім змешчаны ўспаміны многіх удзельнікаў паўстання.