адм.-тэр. адзінка ВКЛ у 15—17 ст. Цэнтр — г.Смаленск. Утворана ў 1404 вял.кн.ВКЛ Вітаўтам замест Смаленскага княства. У ходзе вайны Маскоўскай дзяржавы з Вялікім княствам Літоўскім 1512—22 С.в. занята ў 1514 маскоўскім войскам, створаны Смаленскі павет. У час вайны Рэчы Паспалітай з Расіяй 1609—18, калі Смаленшчына была занята войскамі Рэчы Паспалітай, сойм у 1613 аднавіў С.в. ў складзе ВКЛ, што прызнала і Расія ў Дэулінскім перамір’і 1618. С.в. падзялялася на Смаленскі і Старадубскі паветы. У 1638 са Смаленскага пав. перададзены ў Полацкае ваяв. Невельская, Себежская і Краснагорская воласці. У выніку Палянаўскага міру 1634, якім скончылася вайна Расіі з Рэччу Паспалітай 1632—34, у 1634—45 са складу С.в. вылучаны і перададзены Расіі Сярпейская і Трубчэўская воласці. У С.в. насаджалася шляхецкае землеўладанне на ленным праве. У 1633 атрымаў у лен Невельскую і Себежскую вол. К.Радзівіл. 9 гарадоў С.в. ў 1611—26 атрымалі магдэбургскае права, у Смаленску створаны 4 рамесныя цэхі. У 1654 у ходзе вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 С.в. занята рас. войскамі. Паводле Андросаўскага перамір’я 1667 Смаленшчына засталася ў складзе Расіі, аднак паводле «Вечнага міру» 1686 у склад ВКЛ вернуты Невельская і Себежская воласці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СО́ТАВАЯ РАДЫЁСУ́ВЯЗЬ,
бесправадная перадача інфармацыі паміж рухомымі абанентамі, якія знаходзяцца ў зоне абслугоўвання, а таксама паміж імі і абанентамі стацыянарнай тэлеф. сеткі.
Зона абслугоўвання падзяляецца на ячэйкі малога радыуса (да 30 км), падобныя на пчаліныя соты (адсюль назва), і кожная з іх мае базавую станцыю (БС) з пэўнай колькасцю модуляў прыёмна-перадавальнага абсталявання.
Кожнай БС выдзяляюцца пэўныя частоты для радыёсувязі, пры гэтым для выключэння ўзаемных перашкод аднолькавыя частоты маюць прасторава аддаленыя адна ад адной БС. Сувязь паміж абанентамі адной соты ажыццяўляецца з дапамогай БС, а паміж абанентамі розных сотаў, у т. л. пры перамяшчэнні абанента з адной соты ў другую, а таксама з абанентамі стацыянарнай тэлеф. сувязі — з дапамогай цэнтра камутацыі рухомай сувязі. Сістэма С.р. з лічбавымі метадамі перадачы сігналаў забяспечвае ахову паведамленняў ад несанкцыяніраванага доступу, устойлівасць і высокую якасць сувязі, перадачу даных і інш. паслугі сувязі, у т. л. доступ да сістэм С.р. аднолькавага стандарту розных краін.
Э.Б.Ліпковіч.
Схема тэрытарыяльна-частотнага планавання сотавай радыёсувязі з рухомымі аб’ектамі: D — ахоўны інтэрвал; R — радыус ячэйкі; R0 — радыус зоны абслугоўвання; ЦС — цэнтральная станцыя камутацыйнай сістэмы; Бс — базавая станцыя; аднолькавым колерам вылучаны ячэйкі з аднолькавымі рабочымі частотамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТАЎТАМЕРЫ́Я (ад грэч. tauto тое самае + meros доля, частка),
з’ява раўнаважнага існавання 2 ці больш структурных ізамераў (таўтамераў), якія лёгка ператвараюцца адзін у адзін; асобны выпадак структурнай ізамерыі. Рэчывы, схільныя да Т., ва ўмовах усталяванай раўнавагі маюць адначасова малекулы ўсіх таўтамераў у пэўных суадносінах.
Працэс узаемаператварэння таўтамераў наз. таўтамерызацыяй. Таўтамеразацыя адбываецца пераважна за кошт міграцыі катыёнаў (катыёнатропная Т.), радзей — аніёнаў (аніёнатропная Т.). Найб. пашырана прататропная трыядная Т. — міграцыя пратона (H+) паміж крайнімі атамамі трыяды (сістэма 3 атамаў, з якіх 2 атамы злучаны падвойнай сувяззю), што адбываецца адначасова з перамяшчэннем падвойнай сувязі. Да такога віду адносіцца, напр., кета-енольная Т., якая найб. вывучана для ацэтавоцатнага эфіру, у якім прыблізна 7% малекул енольнай формы (гл.Спірты). У асобных выпадках таўтамеры могуць быць вылучаны ў індывід. стане, аднак з цягам часу кожны з іх у выніку Т. зноў ператвараецца ў раўнаважную сумесь. Т. — адна з прычын дваістай рэакцыйнай здольнасці арган. злучэнняў. Звычайна існаванне таўтамераў у рэчыве выяўляюць спектральнымі метадамі. Выкарыстоўваюць у сінтэзе некаторых лек. сродкаў і фарбавальнікаў.
Я.Г.Міляшкевіч.
Кета-енольная таўтамерыя для ацэтавоцатнага эфіру: а — кетонная форма (этылавы эфір ацэтавоцатнай кіслаты), б — енольная форма (этылавы эфір β-аксікратонавай кіслаты).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
УЛА́Н-БА́ТАР,
(Улаанбаатар), горад, сталіца Манголіі. Размешчаны ў даліне р. Тола (бас.р. Селенга), на выш. 1300—1350 м. Вылучаны ў самаст.адм. адзінку. 680 тыс.ж. (1997, з г. Налайха). Вузел чыгунак і аўтадарог. Міжнар. аэрапорт. Гал.прамысл. (больш за % валавой прамысл. прадукцыі Манголіі) і культ. цэнтр краіны. Лёгкая прам-сць (гарбарная, шарсцяная, лямцавая, камвольная і інш.), паліграф. камбінат, вытв-сцьбуд. матэрыялаў; дрэва- і металаапр. прадпрыемствы, аўтарамонтны з-д, харч.прам-сць. 4 ЦЭЦ. АН Манголіі, ун-т. Музеі. 4 тэатры, у т. л. оперы і балета.
Засн. ў 1639 як качавая (з 1778 аселая) рэзідэнцыя кіраўніка ламаісцкай царквы ў Манголіі пад назвай Арго (Урга). З 1706 наз. Іх-Хурэ (Вял. манастыр), з 1911 — Нійслэл-Хурэ (Сталічны манастыр). З 2-й пал. 18 ст. Іх-Хурэ — рэзідэнцыя маньчжурскага амбаня (намесніка) і адм. цэнтр Манголіі Знешняй. У 1911—15 Нійслэл-Хурэ — сталіца манг. феадальна-тэакратычнай дзяржавы, з 1915 — гал. горад аўт. Знеш. Манголіі. У 1919 акупіраваны кіт. войскамі, у лют. 1921 — атрадамі рас. белагвардзейцаў. У ліп. 1921 вызвалены Манг.нар. арміяй пры падтрымцы Чырв. Арміі. У ліст. 1924 перайменаваны ва У.-Б. і стаў сталіцай Манголіі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРО́ДЗЕНСКІ ФА́РНЫ КАСЦЁЛ, касцёл Прачыстай Божай Маці,
фара Вітаўта. Упершыню ўпамінаецца ў 1389 у грамаце вял.кн.літ. Вітаўта, які яго заснаваў. Першы каталіцкі храм у Гродне. На гравюры М.Цюнта 1568 — гэта драўляны 1-нефавы прамавугольны ў плане будынак, накрыты 2-схільным дахам; на паўд.-ўсх. рагу размяшчалася высокая круглая шмат’ярусная вежа-званіца. У 1584—87 на яго месцы пабудаваны (з удзелам італьян. майстра А.Дзігрэпа) мураваны касцёл у гатычна-рэнесансавым стылі (зафіксаваны на гравюры Т.Макоўскага, 1600). Трохнефавы прамавугольны ў плане будынак. Гал. фасад быў вылучаны прамавугольнай у плане 4-яруснай вежай-званіцай. Па баках да яе прымыкалі 2 баявыя вежы. Бакавыя сцены былі ўмацаваны контрфорсамі. Па сваіх памерах гэта быў самы вял. храм сярод аналагічных яму на Беларусі (даўж. 58,6 м, шыр. каля 23 м). Касцёл перабудоўваўся ў 1753, 1782, 1892. У 1804 перададзены правасл. царкве, пераабсталяваны, у 1807 асвячоны ў імя св. Сафіі. У 1896—99 перабудаваны ў псеўдарус. стылі (арх. М.Чагін), меў 5 цыбулепадобных купалаў на высокіх барабанах, з Пн дабудаваны прыдзел, з У — апсіда. У 1919 вернуты каталіцкай царкве, выкарыстоўваўся як гарнізонны касцёл. Перабудовы 1923 (арх. В.Генеберг) і 1935 (арх. А.Сасноўскі) надалі яму рысы раманскага стылю. У 1961 узарваны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АХО́ВА ЛЯСО́Ў,
комплекс дзярж., гасп.-адм. і грамадскіх мерапрыемстваў па захаванні, аднаўленні і рацыянальным выкарыстанні лясоў; састаўная ч.аховы прыроды. Прадугледжвае заканадаўча абумоўлены рэгламент высечак лясоў розных катэгорый, аднаўленне лясоў, іх ахову ад пажараў, хвароб і шкоднікаў шляхам уключэння адпаведных палажэнняў у праекты леса- і землеўпарадкавання. На Беларусі ахова лясоў рэгулюецца нормамі ляснога заканадаўства, а таксама адпаведнымі палажэннямі агульнага прыродаахоўнага зямельнага, воднага і інш. раздзелаў заканадаўства. Дзярж. Ахову лясоў і агульны кантроль за ёю ажыццяўляюць Мін-ва лясной гаспадаркі і Мін-ва прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Рэспублікі Беларусь з залучэннем грамадскасці. Ахова і абарона лясной расліннасці, якая не ўваходзіць у дзярж.лясны фонд, ускладаецца на землекарыстальнікаў. У мэтах аховы і рацыянальнага выкарыстання лясных рэсурсаў лясны фонд рэспублікі падзелены на 2 групы, для кожнай з якіх устаноўлены адпаведны рэжым карыстання. У адпаведнасці з пастановамі ўрада на тэр. Беларусі ў лясах 1-й і 2-й груп могуць быць вылучаны асобныя ўчасткі з гранічна абмежаваным рэжымам лесакарыстання. Ахова лясоў як экасістэмы ажыццяўляецца таксама ў запаведніках, нацыянальных парках, комплексных ландшафтных, спецыялізаваных біялагічных лясных і інш. заказніках, таксама як помнікаў прыроды рэсп. значэння (гл.Асабліва ахоўныя прыродныя тэрыторыі і аб’екты).
Літ.:
Основы природопользования. Мн., 1980;
Юркевич И.Д., Голод Д.С., Адерихо В.С. Растительность Белоруссии, ее картографирование, охрана и использование. Мн., 1979.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́НДЭРСА А́РМІЯ,
агульнавайсковыя злучэнні польскага Лонданскага эмігранцкага ўрада ў складзе Польскіх узбр. сіл на Захадзе ў 2-ю сусв. вайну. Камандуючы ген. У.Андэрс. Створана на тэр.СССР у жн. 1941 — сак. 1942 як Польская армія ў СССР паводле польска-савецкіх пагадненняў 1941 для сумесных дзеянняў на сав.-герм. фронце. Фарміравалася ў асн. з польскіх ваеннапалонных, рэпрэсіраваных і дэпартаваных у глыб СССР жыхароў б.Зах. Беларусі і Зах. Украіны, бежанцаў з Польшчы, што апынуліся на тэр.СССР, і інш. Да жн. 1942 аператыўна падпарадкоўвалася камандаванню Чырв. Арміі, складалася з 6 пяхотных дывізій і інш. часцей і службаў (у сак. 1942 налічвала 66 тыс.чал.). У сак.—крас. і жн. 1942 са згоды Сав. ўрада эвакуіравана ў Іран і Ірак. У выніку аб’яднання з Войскам Польскім на Сярэднім Усходзе створана Польская армія на Усходзе, якая дзейнічала на тэр. Ірака. У чэрв. 1943 з яе складу вылучаны Другі польскі корпус, які ўдзельнічаў у аперацыях саюзнікаў у Паўн. Афрыцы, Італьянскай кампаніі 1943—45. Пасля 2-й сусв. вайны многія салдаты-беларусы з Андэрса арміі склалі частку бел. эміграцыі.
Літ.:
Прибылов В.И. Почему ушла армия Андерса // Военно-ист. журн. 1990. № 3;
Климковский Е. Я был адъютантом генерала Андерса: Пер. с пол. М., 1991.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАНІТЭ́Т (ад лац. bonitas дабраякаснасць),
эканамічна важная, як правіла, параўнальная, прыродная характарыстыка (багацце глебаў, выхад драўніны з 1 га і да т.п.) гаспадарча каштоўнай групы біял. аб’ектаў або ўгоддзяў. Найчасцей вызначаюцца банітэты глебы і лесу. Банітэт глебы (якасная характарыстыка прыродных уласцівасцяў зямельнага ўчастка і ўзровень ураджайнасці на ім с.-г. культур як сумарны паказчык яго ўрадлівасці) і банітэт лесу (паказчык прадукцыйнасці лесу, які залежыць ад умоў месцазнаходжання, пераважна глебава-грунтавых і кліматычных). Апошні вызначаецца па сярэдняй вышыні насаджэння, узросце і паходжанні (насеннае або парасткавае) дрэвастою. Вылучаны 5 класаў банітэту лесу: да I належаць найб. прадукцыйныя насаджэнні, да V — найменш прадукцыйныя; дапаўняльна вылучаюцца Iа, Iб, Iв, Vа, Vб, Vв, сярод якіх Iв найвышэйшы, Vв — найніжэйшы. II—IV класы маюць прамежкавыя паказчыкі. Насенныя і парасткавыя дрэвавыя насаджэнні ў кожным класе ўзросту (10 гадоў, 20, 30 і гэтак далей) размяркоўваюцца па класах банітэту ў залежнасці ад сярэдняй вышыні дрэвавага ствала ў метрах (напр., ва ўзросце 30 гадоў да I класа банітэту насенных лесанасаджэнняў належаць дрэвы выш. 12—13 м, да V класа — выш. 4—5 м; ва ўзросце 100 гадоў, адпаведна, 27—30 і 13—15 м). Сярэдняя прадукцыйнасць лясоў Беларусі вызначаецца II, 0 класам банітэту.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКІ ЦЭНТРА́ЛЬНЫ САЮ́З СЕЛЬСКАГАСПАДА́РЧЫХ І КРЭДЫ́ТНЫХ КААПЕРАТЫ́ВАЎ, Белсельсаюз,
рэспубліканская кааператыўная арг-цыя ў 1921—29. Створаны ў Мінску як Саюз с.-г. кааперацыі Беларусі, з 1922 наз.Бел.цэнтр. саюз с.-г. і прамысл. т-ваў (Белсельпрамсаюз), з 1925 — Белсельсаюз. Напачатку меў на мэце арганізацыю вытв-сці і збыту с.-г. прадукцыі, калектывізацыю вёскі. Дзейнасці перашкаджалі рэарганізацыі, няўвага да фінансавага боку справы, захапленне арганізац.-мітынговымі метадамі кіравання, што ў 1924 прывяло яго амаль да краху. У сак. 1924 выбраны новы склад кіраўніцтва (старшыня праўлення С.Лысаў, старшыня савета Дз.Ф.Прышчэпаў, старшыня рэвіз. камісіі І.І.Валодзька), у маі 1925 прыняты новы статут, які вызначыў задачы: абарона працоўных інтарэсаў членаў саюза, забеспячэнне іх насеннем, с.-г. прыладамі і сыравінай, арганізацыя прадпрыемстваў па перапрацоўцы с.-г. прадукцыі, распрацоўка агракульт. мерапрыемстваў. Са станаўленнем нэпа ў бел. вёсцы пашырылася нізавая сетка с.-г. кааперацыі, умацавалася яе сац. база, развіваліся спец. віды с.-г. кааперацыі (малочная, садова-агародная, меліярацыйная). Аднак каап. ўстановы не былі пазбаўлены дзярж. кантролю і цалкам залежалі ад дзярж. крэдытаў. У 1928 са складу Белсельсаюза вылучаны Белкалгассаюз (гл.Беларускі цэнтральны саюз сельскагаспадарчых калектываў). Пасля ліквідацыі Белсельсаюза яго функцыі перададзены рэсп. галіновым саюзам с.-г. кааперацыі.
бел.нац.арг-цыя. Створана 16.1.1966 у г. Таронта. Заснавальнікі — Згуртаванне беларусаў Канады, Беларускае нацыянальнае аб’яднанне, Бел. самапомач (г. Ошава). З 1971 да ККБК далучыліся Саюз бел. моладзі Канады і Беларускі інстытут навукі і мастацтва ў Канадзе, пазней — Згуртаванне беларусаў Квебека, Бел. клуб у Брыт. Калумбіі, парафія св. Кірылы Тураўскага ў Таронта. У розны час ККБК узначальвалі В.Жук-Грышкевіч (1966—69), Я.Пітушка (1969—70), Б.Рагуля (1970—89), з 1989 — Р.Жук-Грышкевіч. Кіруючы орган — выканаўчы к-т. Асн. кірункі дзейнасці — каардынацыя дзейнасці бел. арг-цый у Канадзе, знешняе нац. прадстаўніцтва ў канадскіх дзярж. і грамадскіх установах, супрацоўніцтва з прадстаўнікамі інш. нацыянальнасцей краіны, культ.-асв. праца, дапамога новым бел. эмігрантам, ахвярам Чарнобыльскай катастрофы і інш. Па ініцыятыве ККБК з 1970 у Канадзе штогод афіц. адзначаецца Дзень незалежнасці Беларусі (25 сак.), з 1979 беларусы вылучанысамаст.этн. групай, а бел. мову перасталі лічыць дыялектам рускай. Намаганнямі ККБК у 1989 засн. Канадскі фонд дапамогі ахвярам Чарнобыля ў Беларусі. У 1973 пры ККБК засн. выдавецкі фонд, які пры падтрымцы Фонду бел. падручнікаў і субсідыі Федэральнага ўрада выдаў англамоўны падручнік В.Пашкевіч «Беларуская мова» (т. 1—2, 1974—78). ККБК аказаў фін. дапамогу пры выданні кн. «Курапаты» (Нью-Йорк, 1993).