ВЕ́ГЕНЕР ((Wegener) Альфрэд Лотар) (1.11.1880, Берлін — канец ліст. 1930),

нямецкі геафізік. Праф. ун-та ў Грацы (1924). Удзельнік (1906—08, 1912—13) і кіраўнік (1929—30) экспедыцый па даследаванні Грэнландыі. Апошняя экспедыцыя здзейснена для стварэння ў цэнтр. Грэнландыі на выш. каля 3000 м круглагадовай даследчай станцыі «Айсмітэ». Пры вяртанні з яе загінуў у льдах. Навук. працы па тэрмадынаміцы атмасферы і палеакліматалогіі. Аўтар тэорыі дрэйфу мацерыкоў — першай гіпотэзы мабілізму; гл. Вегенера гіпотэза (1912).

Тв.:

Рус. пер. — Возникновение материков и океанов. М.; Л., 1925;

Термодинамика атмосферы. М.; Л., 1935.

т. 4, с. 53

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕЙН ((Vane) Джон Роберт) (н. 29.3.1927, Тардэбіг, графства Херэфард-энд-Вустэр. Вялікабрытанія),

англійскі фармаколаг. Чл. Амер. акадэміі навук і мастацтваў. Д-р філасофіі (1953). Скончыў ун-т у Бірмінгеме (1946). З 1946 у Оксфардзе, з 1953 у Іельскім ун-це, з 1955 у Ін-це фундаментальных мед. даследаванняў пры Каралеўскім каледжы хірургаў, з 1973 дырэктар аддзела даследаванняў і развіцця Фонду Уілкама ў Лондане. Навук. працы па вылучэнні простагландзінаў і вывучэнні іх хіміі і біяхіміі. Нобелеўская прэмія 1982 (разам з С.Бергстрамам і Б.​Самуэльсанам).

Дж.Вейн.

т. 4, с. 61

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕК,

1) тое, што стагоддзе.

2) Гіст. перыяд у развіцці чалавецтва, які вызначаецца пэўным узроўнем матэрыяльнай культуры (тып прылад працы, матэрыял, з якога яны вырабляюцца і інш.): каменны век, бронзавы век, жалезны век.

3) Жыццё, перыяд існавання каго-н. ці чаго-н.

4) У геалогіі — геахраналагічнае падраздзяленне геал. эпохі, адрэзак часу, за які ўтварыліся пароды пэўнага яруса. Мае тую ж назву, што і ярус (напр., апшэронскі век і апшэронскі ярус). Працягласць веку каля 10 млн. гадоў у палеазоі, каля 5—6 млн. гадоў і менш у мезазоі і кайназоі.

т. 4, с. 63

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕЛІЧКЕ́ВІЧ (Фелікс Юльянавіч) (н. 4.1.1942, в. Завідаўка Буда-Кашалёўскага р-на Гомельскай вобл.),

бел. палеабатанік. Д-р біял. н. (1982). Скончыў Ленінградскі пед. ін-т імя А.​І.​Герцэна (1969). З 1972 у Ін-це геал. навук АН Беларусі. Навук. працы па палеакарпалогіі, стратыграфіі і палеаграфіі антрапагену, эвалюцыйнай марфалогіі, гісторыі познакайназойскай флоры.

Тв.:

Антропогеновые семенные флоры Белоруссии и смежных областей. Мн., 1973;

Плейстоценовые флоры ледниковых областей Восточно-Европейской равнины. Мн., 1982;

Позднеплиоценовая флора Дворца на Днепре. Мн., 1990;

Березовский страторайон плейстоцена Беларуси. Мн., 1993 (у сааўт.).

т. 4, с. 68

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕСЯЛО́ЎСКІ (Іван Сямёнавіч) (2.9.1795, г. Магілёў — 16.4.1867),

вучоны-фізік. Вучыўся ў Магілёўскай духоўнай семінарыі (з 1803), скончыў Магілёўскую гімназію (1812), філас. (1816) і мед. (1823) ф-ты Маскоўскага ун-та. З 1825 ад’юнкт-праф. Маскоўскага аддзялення мед.-хірург. акадэміі, чытаў курс лекцый па фізіцы і матэматыцы. У 1833—38 ардынарны праф. фізікі акадэміі, з 1836 праф. Маскоўскага ун-та. Навук. працы па даследаванні электрычнасці, гал. чынам удакладненні прыроды т.зв. жыццёвай і атм. электрычнасці, правёў шэраг эксперыментаў па тоеснасці абодвух відаў электрычнасці.

В.​А.​Гапоненка.

т. 4, с. 120

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́ДЭМАН ((Wiedemann) Густаў Генрых) (2.10.1826, Берлін — 23.2.1899),

нямецкі фізік. Чл.-кар. Берлінскай (1879) і Пецярбургскай (1883) АН. Скончыў Берлінскі ун-т (1874). У 1854—63 праф. Базельскага, з 1871 Лейпцыгскага ун-таў. Навук. працы па электрычнасці, магнетызме, цеплавых з’явах і оптыцы. У 1853 разам з ням. фізікам Р.​Францам устанавіў суадносіны паміж цепла- і электраправоднасцю металаў (Відэмана—Франца закон). У 1858 адкрыў эфект закручвання ферамагнітнага стрыжня з токам пры яго намагнічванні ўздоўж восі (Відэмана эфект). Заснавальнік Берлінскага фіз. т-ва. Аўтар першага фундаментальнага даведніка па электрычнасці.

т. 4, с. 144

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІЕ́РУ ((Vieru) Грыгорэ Паўлавіч) (н. 14.2.1935, с. Перэрыта Брычанскага р-на, Малдова),

малдаўскі паэт. Скончыў Кішынёўскі пед. ін-т (1958). Друкуецца з 1954. Асн. матывы творчасці — любоў да жыцця, бацькоўскай зямлі, працы (зб-кі «Вершы», 1965; «Імя тваё», 1968; «Блізкае», 1974; «Пра каханне», 1975; «Ліст зялёны», 1982, і інш.). Лірыка Віеру адметная непасрэднасцю пачуццяў, высокім майстэрствам. Піша для дзяцей. На бел. мову творы Віеру перакладалі Т.​Бондар, Г.​Бураўкін, А.​Грачанікаў, В.​Зуёнак, Е.​Лось, Ю.​Свірка, К.​Цвірка, Я.​Янішчыц і інш.

Тв.:

Бел. пер. — Імя тваё: Лірыка. Мн., 1986.

т. 4, с. 144

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́ЗЕЛ, Вісель (Wisel) Торстэн Нільс (н. 3.6.1924, г. Упсала, Швецыя), амерыканскі нейрафізіёлаг. Чл. Амер. акадэміі навук і мастацтваў, Нац. АН ЗША, Лонданскага каралеўскага т-ва. Праф. фізіялогіі (1964), нейрабіялогіі. Вучыўся ў Каралінскім ін-це ў Стакгольме. З 1954 працаваў у гэтым ін-це. З 1955 у ЗША. З 1959 у Гарвардзе, з 1983 праф. у Ракфелераўскім ун-це. Навук. працы па нейрафізіялогіі органаў зроку. Разам з Д.Х.Х’юбелам вызначыў прынцыпы перапрацоўкі інфармацыі ў нейронных структурах мозга, якія ўспрымаюць вонкавыя сігналы. Нобелеўская прэмія 1981 (разам з Х’юбелам).

Т.Н.Візел.

т. 4, с. 152

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІЛЕ́НЧЫЦ (Баляслаў Баляслававіч) (н. 3.4.1943, в. Залоззе Стаўбцоўскага р-на Мінскай вобл.),

бел. фізік. Д-р фіз.-матэм. н. (1995). Скончыў БДУ (1972). З 1970 у Ін-це цёпла- і масаабмену АН Беларусі, з 1976 у НДІ прыкладных фіз. праблем імя А.​Н.​Сеўчанкі пры БДУ. Навук. працы па аптычнай дыягностыцы газавага і аэразольнага асяроддзя, аналітычным прыладабудаванні, інж. экалогіі, лазернай фізіцы. Распрацаваў метады вымярэння фіз. характарыстык газавых патокаў, фарміравання і дыягностыкі параметраў лазерных пучкоў. Прэмія Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь 1991. Залаты медаль ВДНГ СССР (1986).

т. 4, с. 169

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́ЛЬСАН, Уілсан (Wilson) Чарлз Томсан Рыс (14.2.1869, Гленкарс, каля г. Эдынбург, Вялікабрытанія — 15.11.1959), англійскі фізік. Чл. Брытанскага каралеўскага т-ва (1900). Скончыў Манчэстэрскі (1887) і Кембрыджскі (1892) ун-ты. У 1900—34 у Кембрыджскім ун-це (з 1925 праф.). Навук. працы па малекулярнай, атамнай і ядзернай фізіцы. Даследаваў кандэнсацыю пары пры ўздзеянні розных агентаў. Устанавіў, што пры пэўных умовах зараджаныя іоны становяцца цэнтрамі кандэнсацыі вадзяной пары і рух іонаў становіцца бачным (1897); стварыў прыладу для назірання і фатаграфавання слядоў (трэкаў) зараджаных часціц (гл. Вільсана камера). Нобелеўская прэмія 1927.

Ч.Вільсан.

т. 4, с. 177

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)