БРЭНТА́НА ((Brentano) Луё) (Людвіг Іозеф; 18.12.1844, г. Ашафенбург, Германія — 9.9.1931),
нямецкі вучоны-эканаміст, адзін з прадстаўнікоў катэдэр-сацыялізму і новай гістарычнай школы. З 1871 праф. у Вроцлаве, Страсбургу, Вене, Лейпцыгу, з 1891 у Мюнхене. Яго навук. даследаванні прысвечаны праблемам рабочага руху, эканам. і сац. палітыкі, эканам. тэорыі. Выступаў супраць вучэння К.Маркса аб прыбавачнай вартасці, класавай барацьбе. Лічыў, што капіталісты таксама зацікаўлены ў павелічэнні заработнай платы рабочых, што супярэчнасці паміж буржуазіяй і пралетарыятам можна ліквідаваць шляхам арганізацыі рэфармісцкіх прафсаюзаў, кааперацыі і фабрычнага заканадаўства. Для практычнага ажыццяўлення сац.-эканам. рэформаў разам са сваімі аднадумцамі ў 1872 стварыў «Саюз сацыяльнай палітыкі».
Тв.:
Рус.пер. — Об отношении заработной платы и рабочего времени к производительности труда. СПб., 1895;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУРАВЕСНІКАПАДО́БНЫЯ, трубканосыя (Procellariiformes або Tubinares),
атрад марскіх птушак. 4 сям.: альбатросы, буравеснікавыя (Procellariidae), качуркавыя (Hydrobatidae), ныраючыя буравеснікі (Pelecanoididae). 23 роды, каля 100 відаў. Пашыраны на ўсіх акіянах і вял. морах. Ёсць у Арктыцы (напр., глупыш і інш.) і Антарктыцы, шмат відаў трапляецца ў паўд.ч. Ціхага акіяна, у т. л. буравеснік стракататворы.
Даўж. 14—150 см, маса 0,04—12 кг, размах крылаў 0,3—3,5 м. Апярэнне чорна-белае або бура-белае. Крылы доўгія, вострыя. Дзюба выцягнутая, на канцы кручкападобная, зверху ноздры ў асобных трубачках. Пярэднія пальцы ног злучаны перапонкай. Добра лятаюць, трымаюцца адкрытага мора, на сушы толькі размнажаюцца. Гняздуюцца калоніямі. Яйцы кладуць на зямлю або ў шчыліны паміж камянёў. Кормяцца марскімі беспазваночнымі, рыбай, адкідамі.
дзяржава ў Сярэдняй Азіі ў 1920—24. Утворана на тэр.Бухарскага эмірата ў выніку перамогі нар. паўстання (2.9.1920), падтрыманага Чырв. Арміяй. 14 вер. сфарміраваны вышэйшыя органы ўлады — Усебухарскі рэўком і Савет нар. назіраў (камісараў). 8 кастр. на 1-м Усебухарскім курултаі (з’ездзе) нар. прадстаўнікоў абвешчана БНСР. 4.3.1921 паміж РСФСР і БНСР падпісаны саюзны дагавор і эканам. пагадненне. Канстытуцыя БНСР 1921 заканадаўча замацавала пераход улады ў рукі Саветаў нар. дэпутатаў; яе адметная рыса — прызнанне права прыватнай уласнасці на зямлю і асн. прылады працы і сродкі вытв-сці. У 1920—23 на тэр. БНСР разгарнуўся антысав. рух (гл.Басмацтва), пад кантролем басмачоў знаходзілася значная частка тэр. рэспублікі. 19.9.1924 БНСР пераўтворана ў Бухарскую ССР, ліквідаваную 24.10.1924. Яе тэр. ўвайшла ў склад Узб. ССР, Туркм. ССР і Тадж. ССР.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́СТРАЎСКАЕ ПАГАДНЕ́ННЕ 1392.
Заключана 5 жн. ў маёнтку Вострава каля г. Ліда паміж польск. каралём і вял. князем літ.Ягайлам і князем гарадзенскім (гродзенскім) і трокскім Вітаўтам аб перадачы апошняму ўлады ў ВКЛ. Феадалы, незадаволеныя Крэўскай уніяй 1385, аб’ядналіся вакол Вітаўта ў перыяд яго барацьбы з Ягайлам 1389—92, якая скончылася Востраўскім пагадненнем. У Вострава прыбылі Ягайла са сваёй жонкай Ядвігай, Вітаўт, князі з пануючай у ВКЛ дынастыі, бел. і літ. феадалы. Паводле пагаднення Вітаўт прызнаваўся пажыццёвым намеснікам караля і фактычным кіраўніком ВКЛ, хоць без тытула «вялікі князь», а з тытулам князя Літвы. Ён абавязаўся захоўваць вернасць каралю, каралеве і польск. кароне. Вітаўт і феадалы, якія яго падтрымлівалі, змянілі знешнепаліт. арыентацыю на Польшчу, а не на Тэўтонскі ордэн, што дало магчымасць узмацніць цэнтр. ўладу ў ВКЛ.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫ́КЛЮЧАНАГА ТРЭ́ЦЯГА ПРЫ́НЦЫП,
закон класічнай фармальнай логікі, паводле якога з двух выказванняў, адно з якіх ісціннае, другое няісціннае, выключаюць трэцяе. Напр., з двух выказванняў «Сонца—зорка» (A ёсць B) і «Сонца — не зорка» (A не ёсць B) адно ісціннае. Маючы на ўвазе такія выказванні, традыц. фармальная логіка гэты закон фармулявала так: «A ёсць B ці не B» (трэцяга не дадзена). Упершыню выключанага трэцяга прынцып сфармуляваны Арыстоцелем. Сфера дзеяння яго вызначаецца не спосабамі выяўлення ісціннасці ці няісціннасці выказванняў, а адносінамі паміж выказваннямі, калі яны выкарыстоўваюцца ў доказах і інш. лагічных аперацыях. Закон не дапускае, каб сцверджанне і адмаўленне падмяняліся адно адным ці эклектычна аб’ядноўваліся ў нейкім трэцім выказванні. Выключанага трэцяга прынцып дапаўняе і развівае ў логіцы супярэчнасці прынцып і разам з ім і з тоеснасці законам выключае лагічную супярэчлівасць выказванняў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАСІЛІ́ШКАЎСКІ КАСЦЁЛ ІАА́НА ХРЫСЦІ́ЦЕЛЯ,
помнік архітэктуры позняга барока. Пабудаваны ў 1769 з цэглы ў в. Васілішкі (Шчучынскі р-н Гродзенскай вобл.) пры кляштары базыльян. У 1832 пераасвячоны пад царкву, з 1919 зноў касцёл. Мураваная 3-нефавая базіліка пад 2-схільным дахам з паўкруглай апсідай і сакрысціяй. Гал. фасад фланкіраваны 3-яруснымі вежамі з паўцыркульным шчытом паміж імі. Пластыку ствараюць увагнутасці і акругласці вежавых граняў, слаістыя лапаткі, пілястры з валютамі, цягі і карнізы, прамавугольныя філёнгі. Сіметрычна-восевая трохчасткавая кампазіцыя фасада падкрэслена лучковымі ўваходнымі і аконнымі праёмамі, нішамі, круглымі люкарнамі. У інтэр’еры каларыстычна насычаныя, пластычна вырашаныя алтары (галоўны, 2 бакавыя, 4 кулісныя), выкананыя ў стылі ракако, упрыгожаныя пазалочанай лепкай. Перад касцёлам — мураваная 3-арачная брама, абрыс якой адпавядае пластыцы яго гал. фасада.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАСЬМІНО́ГІ (Octopoda),
атрад галаваногіх малюскаў. Васьміногаў і зрэдку ўсіх буйных галаваногіх малюскаў наз. спрутамі. 11 сям., каля 40 родаў, 200 відаў. Пашыраны ў марскіх водах да глыб. 8000 м ад Арктыкі да Антарктыкі. Донныя, прыдонна-планктонныя і планктонныя жывёлы. Найб. вядомыя васьміног звычайны (Octopus vulgaris, васьміног глыбакаводны блінападобны (Opistoteuthis depressa), васьміног глыбакаводны бязвокі (Cirrothauma murrayi) і інш.
Даўж. тулава 1—60 см, са шчупальцамі («рукамі») — да 3—6 м (зрэдку да 9,6 м), маса да 50—100 кг (зрэдку да 270 кг). Цела авальнае, мяшэчкападобнае, галава слаба адасоблена ад тулава. 8 «рук» часта аб’яднаны паміж сабой тонкай перапонкай з прысоскамі. У мелкаводных васьміногаў ёсць залоза, з якой пры абароне выпускаюць чарнільную вадкасць. Васьміногі глыбакаводныя маюць органы свячэння. Актыўныя драпежнікі. Аб’ект промыслу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЮЛЁРАН ((Dulaurans) Нестар) (каля 1825, Варшава — 1868),
удзельнік паўстання 1863—64. Каля 1861 працаваў у кіраўніцтве буд-вам Варшаўска-Пецярбургскай чыгункі ў Вільні, удзельнічаў у арг-цыі першых рэв. гурткоў. Балансаваў паміж«чырвонымі» і «белымі». У 1862 камісар Варшаўскага Цэнтр.нац.к-та ў Літоўскім правінцыяльным камітэце, неўзабаве выключаны з к-та, зблакіраваўся з «белымі». У лют. 1863 выступіў з прапановай адхіліць «чырвоных» ад кіраўніцтва паўстаннем. Па яго ініцыятыве Літоўскі к-т распушчаны і створаны «белы» Аддзел кіраўніцтва правінцыямі Літвы, у якім Дз. заняў пасаду камісара варшаўскага паўстанцкага ўрада ў Літве і Беларусі. З лета 1863 у Познані — пам.рэв. камісара ў Прусіі, з лета 1864 у Дрэздэне — рэв. камісар паўстанцкага ўрада ў Германіі. Пасля задушэння паўстання эмігрыраваў у Парыж.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДРАКО́НАВЫ ГО́РЫ (афрыкаанс Drakensberg),
у Паўднёва-Афрыканскай Рэспубліцы, на ПдУ Афрыкі, ч.Уступу Вялікага. Працягласць каля 900 км. Найвыш. вяршыня Д.г. і Паўд. Афрыкі г. Тхабана-Нтленьяна (3482 м); пераважаюць вышыні 2000—3000 м. Складзены з пясчанікаў і сланцаў сістэмы Кару (ад верхняга карбону да верхняга трыясу — ніжняй юры) і базальтаў, выліванне якіх адбылося ў пач. мезазойскай эры. Гарызантальнае заляганне адкладаў Кару абумовіла сплошчаныя вяршыні гор, расчлянёныя эрозіяй на стромкія схілавыя плато. З’яўляюцца водападзелам паміж рэкамі Індыйскага ак., якія праразаюць усх. стромкі схіл, і вярхоўямі р. Аранжавай. Клімат і расліннасць усх. і зах. схілаў рэзка адрозніваюцца. На ўсх. вільготных да 1200 м трапічныя дажджавыя лясы, вышэй лісцевыя і хвойныя лясы, калючыя хмызняковыя зараснікі, горныя лугі і каменныя россыпы. На сухіх зах. схілах лясы саступаюць месца саваннам і хмызнякам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ЛЕНСКАЯ КАНФЕДЭРА́ЦЫЯ,
саюз шляхты ў ВКЛ супраць палітыкі абсалютызму, што намагаўся ўвесці ў Рэчы Паспалітай кароль Аўгуст II Моцны. Створана 23.3.1716 на шляхецкім з’ездзе ў Вільні. Яе маршалкам выбраны ашмянскі харунжы К.Сулістроўскі. Віленская канфедэрацыя далучылася да Тарнагродскай канфедэрацыі, якая патрабавала вываду саксонскіх войск з Рэчы Паспалітай. Падтрымалі Віленскую канфедэрацыю войска ВКЛ, магнаты, якія і да гэтага выступалі за абмежаванне ўлады караля. Атрады канфедэратаў змагаліся з каралеўскімі войскамі на тэр. ўсёй Рэчы Паспалітай. 3.11.1716 пры пасрэдніцтве рас. дыпламатаў паміж каралём і абедзвюма канфедэрацыямі падпісана пагадненне, паводле якога саксонскія войскі выводзіліся з Рэчы Паспалітай, улада караля абмежавана (не меў права пачынаць вайну без згоды сейма, арыштоўваць шляхціца без суда, раздаваць пасады чужаземцам і некатолікам), а правы шляхты пашыраліся (пацверджана права ліберум вета, абмежавана вайсковая ўлада гетманаў). Пагадненне зацверджана Нямым сеймам 1717.