група стараж. пахаванняў у адным месцы. Адасобленыя ад паселішчаў М. з’явіліся ў мезаліце. Падзяляюцца на курганныя (гл.Курган) і бескурганныя, або грунтавыя без насыпаў. Паводле пахавальнага абраду адрозніваюць М. з трупаспаленпем і трупапалажэннем. Даследаванне М. дае каштоўны матэрыял для вызначэння арэала этн. груп, археал. культур, храналогіі, палеантрапалогіі, сямейных і сац. адносін; пахавальны інвентар, убранне нябожчыка дапаўняюць уяўленне аб матэрыяльнай культуры розных плямён. На Беларусі самыя стараж. М. адносяцца да бронзавага веку (Рудня-Шлягіна, Ходасавічы). Найб. даследаваны бескурганныя М. ранняга жал. веку Чаплін, курганныя часоў Полацкай дзяржавы Ізбішча, Заслаўскія курганныя могільнікі. Антычны М. звычайна называюць некропалем, хрысц. — могілкамі, мусульманскі — мізар.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МСЦІСЛА́Ў ДАВЫ́ДАВІЧ (у хрышчэнні Фёдар; 1193—1230),
вялікі князь смаленскі ў 1219—30. Сын Давыда Расціславіча. Атрымаў Смаленскае княства пасля таго, як яго пакінуў кн. Уладзімір Рурыкавіч. В.М.Тацішчаў згадвае М.Д. пад 1217 і 1221 як князя полацкага. Паводле Наўгародскага 1-га летапісу малодшага зводу, захапіў Полацк 17.1.1222. У «Хроніцы Лівоніі» Генрыха Латвійскага ўпамінаецца як удзельнік заключэння гандл. дагавору 1222 з Рыгай ад імя Полацка і Віцебска. Верагодна, у той час М.Д. трымаў гэтыя гарады або яны знаходзіліся ў залежнасці ад яго. Заключыў дагавор 1229 з Рыгаю і Гоцкім берагам ад імя Смаленска, Віцебска і Полацка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЯЧЭ́БНА-ПРАЦО́ЎНЫЯ ЎСТАНО́ВЫ,
прафілакторыі, установы закрытага тыпу, якія ў Рэспубліцы Беларусь ажыццяўляюць прымусовае ўздзеянне ў адносінах да хранічных алкаголікаў і наркаманаў, што ў сувязі са злоўжываннем алкаголем і ўжываннем наркатычных сродкаў сістэматычна парушаюць грамадскі парадак і правы інш. асоб. Паводле рашэння раённага (гар.) суда такія парушальнікі могуць быць ізаляваны на тэрмін 1—1,5 года ў Л.-п., для іх мед.-сац. рэадаптацыі з абавязковым прыцягненнем да працы. Рашэнне аб прызнанні асобы хранічным алкаголікам або наркаманам прымаецца камісійна ўрачамі-спецыялістамі ўстаноў органаў аховы здароўя. Л.-п.ў. знаходзяцца ў падпарадкаванні МУС Рэспублікі Беларусь. Пытанні, звязаныя з Л.-п.ў. рэгулююцца заканадаўствам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАВАГРУ́ДСКІ ПАРК,
помнік садова-паркавага мастацтва ў г. Навагрудак Гродзенскай вобл. Створаны ў 1930-я г. каля Навагрудскіх замкаў. Парк рэгулярна-пейзажны, пл. 10,2 га. У аснове планіроўкі сістэма радыяльных алей, якія разыходзяцца ад уваходнай пляцоўкі і перасякаюцца некалькімі кальцавымі дарожкамі. Кампазіцыя дапаўняецца маляўнічымі групамі і асобнымі пасадкамі дрэў. Перад уваходам у парк — курган, насыпаны ў гонар А.Міцкевіча. Паводле дэндралагічнага складу парк быў адным з самых багатых на Беларусі (значна пашкоджаны ў Вял.Айч. вайну). У ім расло каля 70 экзотаў і дэкар. форм, у т. л. дугласія цісалістая, лістоўніца еўрап., піхты, дуб чырвоны і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРАФО́НСКІ БЕГ,
бег па шашы на найдаўжэйшую дыстанцыю (42 км 195 м); від лёгкай атлетыкі. Назва ад мястэчка Марафон, адкуль, паводле падання, пасля Марафонскай бітвы (490 да н.э.) грэч. воін-ганец пасланы ў Афіны з весткай аб перамозе над персамі. Не спыняючыся ў дарозе, ён прыбег у горад і, усклікнуўшы «Мы перамаглі», упаў мёртвым. М.б. уключаны ў праграму Алімп. гульняў з 1895 (Афіны; першы алімп. чэмпіён — грэч. спартсмен С.Луіс). Па М.б. праводзяцца міжнар. спаборніцтвы (Афіны; г. Бостан, ЗША, з 1895; г. Віндзар, Вялікабрытанія; Парыж, з 1976; г. Энсхедэ, Нідэрланды і інш.). Рэкорды (з-за рознага профілю трас) не фіксуюцца.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРСКІ́Я ЗМЕ́І (Hydrophiidae),
сямейства ядавітых змей. 16 родаў, больш за 50 відаў (паводлеінш. звестак каля 100). Пашыраны ў трапічных водах Індыйскага і Ціхага акіянаў.
Даўж. да 2,75 м. Задняя частка тулава і кароткі хвост веслападобна сціснуты з бакоў. Галава маленькая, укрыта буйнымі шчыткамі. Могуць доўга знаходзіцца пад вадой, засвойваюць раствораны ў вадзе кісларод праз слізістую абалонку ротавай поласці. Парныя ядавітыя зубы знаходзяцца на верхняй сківіцы. Яд больш таксічны, чым у наземных змей, асабліва для халаднакроўных (рыбы і інш.). Кормяцца пераважна рыбай. Большасць відаў яйцажывародныя; нараджаюць 1—2 дзіцяняці ў вадзе, некат. — на сушы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МА́Я,
ва ўсходнеславянскай міфалогіі багіня вясны і маладосці. Лічылася жонкай Дажбога. Паводле паданняў, створана з бярозы. Аднойчы юны Дажбог заглядзеўся з неба на бярозы і пажадаў, каб яго будучая жонка была такой жа прыгожай і пяшчотнай. І раптам сярод бяроз з’явілася прыгажуня-багіня. Дажбог адразу закахаўся, працягнуў да яе свае рукі-промні і сказаў: «Мая́». Так М. атрымала сваё імя. У паданнях на Гродзеншчыне сцвярджаюць, што перад надыходам зімы М. вяртаецца да сваіх сябровак-бяроз, сама зноў ператвараецца ў бярозу і спіць да таго часу, пакуль вясной яе не паклічуць людзі. Гэтай падзеі прысвечана свята Гуканне вясны, якое праводзіцца ў красавіку.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАКА́РСКАЯ (па мужу Легрэ) Соф’я
(1769?, в. Быцень Івацэвіцкага р-на Брэсцкай вобл. — ?),
танцоўшчыца. Прыгонная падскарбія надворнага літ. А.Тызенгаўза. Вучылася ў яго балетнай школе ў Паставах (педагог Ле Ду). Паводле завяшчання Тызенгаўза стала ўласнасцю караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага. У 1785—94 (з перапынкамі) у складзе балетнай трупы «Т-ва танцоўшчыкаў яго каралеўскай вялікасці» і ў Нац. т-ры ў Варшаве. У 1794—97 у трупе С.Галніцкага і антрэпрызе Т.Трускаляскага. У 1797 па ініцыятыве і за кошт Станіслава Аўгуста Панятоўскага паступіла фігуранткай на імператарскую сцэну ў Пецярбургу (у дакументах за 1797—99 пад імем Максерскай).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕ́ДЗІ АКСІДЫ,
злучэнні медзі з кіслародам. Найб. пашыраныя аксід медзі (I), ці геміаксід Cu2O і аксід медзі (II) CuO. Вядомы таксама няўстойлівы сесквіаксід Cu2O3.
Крышт. рэчывы, не раствараюцца ў вадзе. Паводлехім. уласцівасцей — асноўныя аксіды. Геміаксід медзі чырвона-рудога колеру, tпл 1242 °C. (плавіцца без раскладання). У прыродзе мінерал купрыт. Аксід медзі чорнага колеру, пры награванні да 1100 °C раскладаецца на Cu2O (адзін з лабараторных метадаў яго атрымання) і кісларод. У прыродзе мінерал тэнарыт. Выкарыстоўваюць М.а., як пігменты для шкла, керамікі; Cu2O таксама як кампанент фарбаў для аховы падводнай часткі суднаў ад абрастання і фунгіцыд. М.а. таксічныя, ГДК у паветры рабочай зоны 0,1 мг/м³.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕРЛО́-ПАНЦІ́ ((Merleau-Ponty) Марыс) (14.3.1908, г. Рашфор-сюр-Мер, Францыя — 4.5.1961),
французскі філосаф, прадстаўнік фенаменалогіі. Адукацыю атрымаў у Вышэйшай нармальнай школе. з 1945 праф. у Ліёне, у 1949—52 у Сарбоне, Калеж дэ Франс. Аўтар прац «Структура паводзін» (1942), «Фенаменалогія перцэпцыі» (1945), «Гуманізм і тэрор» (1947), «Прыгоды дыялектыкі» (1955) і інш. Быццё чалавека (яго экзістэнцыя), паводле М.-П., рэалізуецца ў дыялогу суб’екта са светам; свядомасць чалавека і ўся яго істота перажывае і асэнсоўвае свет, валодае спецыфічнай інтэнцыянальнасцю (здольнасць ствараць свой прадметны свет, напаўняць яго зместам, набываць сэнс і значэнне). Яго філас. ідэі знаходзяць адлюстраванне ў філас. герменеўтыцы, структуралізме, экзістэнцыялізме і інш.