АБЕРА́ЦЫІ АПТЫ́ЧНЫХ СІСТЭ́М (ад лац. aberratio адхіленне),
скажэнні відарысаў у аптычных сістэмах. Абумоўлены недасканаласцю пераламляльных і адбівальных паверхняў аптычных сістэм, выкарыстаннем шырокіх пучкоў прамянёў нямонахраматычнага святла. Выяўляюцца ў парушэнні геам. падабенства відарыса і арыгінала або афарбоўцы відарыса. Адрозніваюць геам., храматычныя і дыфракцыйныя аберацыі аптычных сістэм.
Геаметрычныя выяўляюцца ў монахраматычным святле, падзяляюцца на астыгматызм, дысторсію, кому і сферычную аберацыю (відарыс пункта мае выгляд кружка рассейвання; абумоўлена тым, што вонкавыя і цэнтр. зоны лінзы са сферычнымі паверхнямі даюць відарыс у розных месцах аптычнай восі). Храматычныя ўзнікаюць у натуральным святле ў выніку неаднолькавага пераламлення прамянёў святла з рознай даўжынёй хвалі (адсутнічаюць у аптычных сістэмах з адбівальнымі паверхнямі); дыфракцыйныя — пры дыфракцыі святла на дыяфрагмах, аправах лінзаў і люстэркаў; абмяжоўваюць раздзяляльную здольнасць аптычнай прылады.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБЛАСНЫ́ СУДна Беларусі,
судовы орган, які дзейнічае на тэр. вобласці ў якасці першай, касацыйнай і нагляднай інстанцый. Складаецца са старшыні, яго намеснікаў і членаў суда, якія назначаюцца Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь. Маесуд. калегіі па цывільных і крымін. справах і прэзідыум. Як суд 1-й інстанцыі разглядае цывільныя і крымін. справы, аднесеныя законам да яго вядзення, як касацыйная інстанцыя — справы па скаргах і пратэстах на рашэнні, прыгаворы і вызначэнні нар. судоў, якія не набылі законнай сілы. Прэзідыум абласнога суда разглядае ў парадку нагляду справы па пратэстах на рашэнні, прыгаворы, вызначэнні нар. судоў, пастановы нар. суддзяў, якія набылі законную сілу, на касацыйныя вызначэнні калегій абласнога суда, а таксама справы па новаадкрытых акалічнасцях. Паўнамоцтвамі абласнога суда валодае і Мінскі гар.суд.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБСАЛЮ́ТНАЯ ІДЭ́Я,
катэгорыя ідэаліст. філасофіі аб звышнатуральным, хоць нічым не абгрунтаваным духоўным пачатку. Найб. поўна распрацавана Гегелем. Абсалютная ідэя не мае першапрычыны свайго ўзнікнення і існавання, сама выступае ў якасці стваральніка ўсяго існага. Вызначаецца рухомасцю і зменлівасцю самаўвасаблення. Развіваецца дыялектычна па схеме трыяды: тэза, антытэза, сінтэз. Тэза (сцвярджэнне) — абсалютная ідэя існуе сама ў сабе, характарызуецца самаразвіццём і магчымасцю ў патэнцыі ўзнікнення матэрыяльнага. Антытэза (адмаўленне тэзы) — абсалютная ідэя, абвяргаючы свой першапачатковы стан (тэзу), матэрыялізуецца і існуе ў форме прыроды і чалавека. На гэтым этапе ўзнікае сістэма прыродных прадметаў і чалавека. Сінтэз (зняцце супярэчнасцяў) — у выніку развіцця прыроды і чалавека ўзнікае свядомасць, якая выяўляецца ў 3 формах: мастацтве (у выглядзе вобраза), рэлігіі (уяўлення), філасофіі (паняццяў).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЯНЁК,
рака на Пн Сібіры, у Рэспубліцы Саха (Якуція), вярхоўе — у Краснаярскім краі Расійскай Федэрацыі. Даўж. 2292 км, пл.бас. каля 220 тыс.км². Пачынаецца і цячэ па Сярэдне-сібірскім пласкагор’і, у нізоўях — па Паўд.-Сібірскай нізіне. Упадае ў Алянёцкі заліў мора Лапцевых, утвараючы дэльту. У верхнім цячэнні парожыстая, даліна месцамі мае выгляд цясніны. У сярэднім цячэнні даліна пралягае сярод хвалістай мясцовасці. Асн. прытокі: Арга-Сала, Бур (злева), Сілігір (справа). Жыўленне снегавое і дажджавое. Паводка з чэрв. да верасня. Ледастаў з канца вер.—кастр. да канца мая — 1-й пал. чэрвеня. У верхнім цячэнні перамярзае са студз. да красавіка. Сярэдні расход вады ў вусці 1210 м³/с. Суднаходная ў нізоўях. Багатая рыбай (рапушка, омуль, муксун, нельма і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНЕМАХАРЫ́Я (ад анема... + ...харыя),
перанос пладоў, насення, спораў і інш. зачаткаў (дыяспораў) раслін паветр. плынямі. Асн. спосаб рассялення наземных споравых раслін, грыбоў і некаторых інш. арганізмаў. Мае значэнне і ў насенных раслін. Пры анемахарыі дыяспоры лунаюць і планіруюць, апалыя пераносяцца ветрам па паверхні глебы, вады або па шарпаку.
Дыяспоры, якія лунаюць, маюць невял. масу (споры, дробнае пылаватае насенне ятрышнікавых, заразіхавых, грушанкавых, званочкавых) або прыстасаванні накшталт парашуцікаў (чубкі на пладах ветравых, на насенні скрыпнёвых, ластаўневых, вярбовых). У дыяспораў, якія планіруюць, ёсць крылападобныя прыдаткі (плады вяза, бярозы, вольхі, клёну, ясеня, насенне хвойных і інш.). Асн. маса дыяспораў разносіцца ў межах да 1 км (адзінкавыя дыяспоры дрэў у буру ці па шарпаку — да 4—10 км, споры грыбоў — часам на сотні кіламетраў).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНТЫЦЫПА́ЦЫЯ (лац. anticiparatio ад anticipo прадугадваю),
1) у псіхалогіі і філасофіі здольнасць у той ці іншай форме прадбачыць развіццё падзей, з’яў, выніку дзейнасці; прадугадванне, загадзя складзенае ўяўленне пра што-небудзь. У псіхалогіімае 2 значэнні: чаканне арганізмам пэўнай сітуацыі, што выяўляецца ў нейкай позе ці руху; уяўленне чалавекам выніку сваёй дзейнасці да яе ажыццяўлення. У філасофіі ідэя антыцыпацыі сустракаецца ўжо ў вучэнні стоікаў і эпікурэйцаў аб пралепсісе — агульным паняцці, якое ўзнікае ў свядомасці яшчэ да ўспрымання канкрэтных адзінкавых рэчаў непасрэдна з логасу. Кант разумеў пад антыцыпацыяй апрыёрнае (незалежнае ад вопыту) пазнанне прадметаў успрымання яшчэ да самога ўспрымання.
2) У логіцы — часовае прыняцце ў якасці даказанай пасылкі, якую мяркуецца абгрунтаваць пазней.
3) У эканоміцы — выплата грошай па даўгавым абавязацельстве раней за агавораны тэрмін.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНЦЫ́ЛУС, чашачка,
шароўка (Ancylus),
род прэснаводных лёгачных малюскаў класа бруханогіх з сям. катушак. 3—4 віды. Найб. вядомы анцылусы рачны (A. fluviatilis). Пашыраны ў рэках Еўропы, Паўн. Афрыкі, Эфіопіі і Пярэдняй Азіі. На Беларусі трапляецца рэдка ў прыбярэжнай зоне рэк і некаторых азёраў (Нарач, Дрывяты) сярод зараснікаў водных раслін.
Цела ўкрыта шапачкападобнай з невысокай верхавінкай ракавінай (даўж. 5, выш. 4 мм). Мантыйная поласць рэдукаваная, ніжні край мантыі мае лопасцепадобны выраст, які функцыянуе як другасная шчэлепа (для анцылуса характэрна вяртанне ад лёгачнага паветр. дыхання да воднага). Орган зроку каля асновы шчупальцаў. Корміцца водарасцямі, зялёнымі часткамі водных раслін. Удзельнічае ў біял. ачышчэнні вадаёмаў. Да роду анцылуса адносілі і анцылуса азёрнага (A. lacustris), які зараз вылучаны ў асобны род Acroloxus.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУЛЬДО́ГІ (англ. bulldog ад bull бык + dog сабака),
пароды караткамордых сабак. Выкарыстоўваюцца як свойскія вартавыя сабакі (англ. бульдог) або дэкар. (франц. бульдог). Гадуюць сабакаводы-аматары ва ўсім свеце.
Англійскі бульдог выведзены ў Вялікабрытаніі. Тулава кароткае, з шырокімі грудзямі. Выш. ў карку каля 40 см, маса да 25 кг. Галава масіўная, шырокая, з вельмі кароткай, узнятай мордай і ніжняй сківіцай, якая выступае ўперад. Масць белая, тыгравая, плямістая. Французскі бульдог выведзены ў Францыі. Нагадвае англ. бульдога. Лічыцца, што продкам яго быў бульдог карлікавай формы. Мае моцную канстытуцыю. Выш. ў карку 30—35,5 см, маса да 14 кг. Масць тыгравая (дробныя палосы чорнай поўсці на бронзавым, рыжым або палевым фоне), белая, плямістая. Тып паводзін — тэмпераментны, адважны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЭЗ (Syringa),
род кветкавых раслін сям. маслінавых. Вядома 28 відаў. Пашыраны ў Еўропе і Азіі. На Беларусі інтрадукцыйную праверку прайшлі 19 відаў, з іх 4 рэкамендаваны для зялёнага буд-ва. Найб. шырока выкарыстоўваюцца ў дэкар. садоўніцтве бэз звычайны (S. vulgaris), які мае шмат садовых формаў і сартоў (у т. л.бел. селекцыі) і бэз венгерскі (S. josikaea).
Пераважна лістападныя галінастыя кусты або невял. дрэвы. Лісце звычайна цэласнае, супраціўнае, на кароткіх чаранках Кветкі дробныя, p трубчастым вяночкам, духмяныя, рознага колеру, у густых гронкападобных суквеццях. Плод — сухая двухгнездавая каробачка. Дэкар. і тэхн. расліны, выкарыстоўваюцца ў адзіночных, групавых і лесаахоўных пасадках, на зразанне і выганку; у парфумерыі для атрымання экстракту з кветак.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЯРО́ЗАЎСКІ ГІСТО́РЫКА-КРАЯЗНА́ЎЧЫ МУЗЕ́Й.
Засн. ў 1961 у г.Бяроза Брэсцкай вобл.Мае 5 экспазіц. залаў (пл. экспазіцыі каля 130 м²), каля 17 тыс. экспанатаў асн. фонду (1996). У тэматычных залах матэрыялы пра мінулае Бярозаўшчыны, дакументы пра паўстанне 1863—64, падзеі 1-й сусв. і грамадз. войнаў, Бяроза-Картузскі канцэнтрацыйны лагер, дзейнасць КПЗБ на тэр. раёна, падзеі Вял.Айч. вайны, аднаўленне і развіццё гаспадаркі раёна ў пасляваенны час і інш.; матэрыялы пра знакамітых землякоў: дзеяча рэв. руху А.А.Альшэўскага, ген.-лейт. С.І.Любарскага, гісторыкаў П.В.Горына (Каляду), В.Д.Дружчыца, паэтэсу Р.А.Баравікову і інш. Сярод экспанатаў манетны скарб 15 — пач. 17 ст., драўляная скульптура 17 ст., керамічны посуд 17—18 ст., узоры нац. адзення, калекцыя драўляных муз. інструментаў, узоры прадукцыі мясц. прадпрыемстваў.