КАСЦЮ́ШКА (Андрэй Тадэвуш Банавентура) (ахрышчаны 12.2.1746, фальварак Мерачоўшчына каля г. Косава Івацэвіцкага р-на Брэсцкай вобл. — 15.10.1817),
палітычны і ваенны дзеяч Рэчы Паспалітай, кіраўнік нац.-вызв.паўстання 1794. З роду Касцюшкаў. Скончыў Любяшоўскі піярскі калегіум (1760), Варшаўскі кадэцкі корпус (1769), Парыжскую акадэмію (1774). Вывучаў артылерыю, архітэктуру, фартыфікацыі, быў слухачом у Акадэміі жывапісу і скульптуры. У 1774 вярнуўся на радзіму. У 1775 выехаў у Парыж, у 1776—83 добраахвотна ўдзельнічаў у вайне за незалежнасць ЗША. Служыў у амер. арміі на пасадзе гал. вайсковага інжынера арміі Поўначы. У 1777 удзельнічаў у буд-ве фартыфікацый пад Саратогай, кіраваў буд-вам найвялікшай цытадэлі ЗША ва Уэст-Пойнце. У 1783 Кангрэс ЗША надаў К. званне брыгаднага генерала; узнагароджаны ордэнам Цынцыната, атрымаў амер. грамадзянства, пажыццёвую пенсію і зямельны надзел. У 1784 К. вярнуўся на радзіму з намерам служыць у войску ВКЛ. Гаспадарыў у сваім радавым маёнтку Сяхновічы. У 1789 прызначаны ген.-маёрам у кароннае войска. Удзельнічаў у ваен. дзеяннях супраць Таргавіцкай канфедэрацыі 1792. Як камандзір дывізіі ў арміі Ю.Панятоўскага вызначыўся ў бітве пад Дубенкай. Узнагароджаны ордэнам «Віртуці Мілітары» з наданнем чына ген.-лейтэнанта (1792). У 1792—93 выязджаў у Лейпцыг і Парыж за дапамогай для паўстання (канкрэтнай дапамогі не атрымаў). 24.3.1794 аб’яўлены галоўнакамандуючым узбр. сіламі і нач. паўстання. К. даў прысягу на вернасць паўстанню і абвясціў, што будзе змагацца за непарушнасць межаў дзяржавы, устанаўленне самаўладдзя народа і ўсеагульную свабоду. У маі 1794 прызначыў Найвышэйшую нацыянальную раду, выдаў Паланецкі універсал пра вызваленне сялян ад прыгоннай залежнасці. Імкнуўся надаць паўстанню агульнанар. дэмакр. характар, але яго намер зрабіць уступкі сялянству сустрэў супраціўленне шляхты, што звузіла сац. базу паўстання. У бітве каля Мацяёвіц 10.10.1794 К. цяжка паранены, трапіў у палон і зняволены ў Петрапаўлаўскую крэпасць. Пасля вызвалення (1796) выехаў у ЗША, у 1798 вярнуўся ў Еўропу. Памёр у Швейцарыі. Астанкі К. перапахаваны ў Кракаве. У гонар К. пад Кракавам насыпаны курган, яму пастаўлены помнікі ў Польшчы, ЗША, Швейцарыі, яго імем названа самая высокая гара ў Аўстраліі, адна з акруг штата Індыяна, горад у штаце Місісіпі, астравы на Алясцы (ЗША). Музей К. існуе ў Салюры (Швейцарыя). Імем К. названы вуліцы ў Гродне, Брэсце, Косаве, у Гродне і Косаве ўстаноўлены мемарыяльныя знакі. К. нацыянальны герой Беларусі, Польшчы, ЗША, ганаровы грамадзянін Францыі.
Літ.:
Юхо Л., Емяльянчык У. «Нарадзіўся я ліцьвінам...». Мн., 1994;
Szyndler B. Tadeusz Kościuszko, 1746—1817. Warszawa, 1991.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУРАЎЁЎ (Міхаіл Мікалаевіч [12) (ці 5).10.1796, С.-Пецярбург —10.9.1866], расійскі дзярж. і ваен.дзеяч. Ген. ад інфантэрыі (1856),
граф (1865, вядомы як М.-Віленскі). Брат М.М.Мураўёва (Карскага). Вучыўся ў Маскоўскім ун-це (1809—11). Удзельнік войнаў з Напалеонам 1812—13, у т. л. Барадзінскай бітвы. Удзельнік першых дзекабрысцкіх арг-цый, у т. л. «Саюза выратавання» (1816) і «Саюза працвітання» (1818; чл. Карэннай управы, адзін з аўтараў яго статута). У 1826 арыштаваны па справе дзекабрыстаў, але апраўданы. З 1827 віцебскі віцэ-губернатар, з 1828 магілёўскі цывільны губернатар. Ініцыіраваў увядзенне ў Віцебскай і Магілёўскай губ. агульнарас. заканадаўства (з 1831) і закрыццё Віленскага універсітэта. У час паўстання 1830—31 быў пры галоўнакамандуючым Рэзервовай арміяй ген. П.А.Талстым. Ліквідаваў асяродкі супраціўлення ў Дзісенскім і Лепельскім пав. Віцебскай губ. Са жн. 1831 гродзенскі цывільны губернатар. Пры ліквідацыі рэшткаў паўстання прымяняў жорсткія меры аж да смяротнага пакарання (з таго часу атрымаў мянушку «вешальнік»). Быў прыхільнікам пераводу уніятаў у праваслаўе, падтрымліваў дзейнасць епіскапа І.Сямашкі. З 1835 курскі ваен. губернатар, з 1839 дырэктар Дэпартамента падаткаў і збораў; з 1842 сенатар і кіраўнік Межавага корпуса. З 1850 чл.Дзярж. Савета, у 1856—62 адначасова старшыня Дэпартамента ўдзелаў. У 1857—62 міністр дзярж. маёмасцей, прыхільнік захавання прыгоннага права. У час паўстання 1863—64 прызначаны 13.5.1863 віленскім, гродзенскім і мінскім ген.-губернатарам, камандуючым войскамі Віленскай ваен. акругі (з паўнамоцтвамі камандзіра асобнага корпуса ў ваен. час) і гал. начальнікам Віцебскай і Магілёўскай губ. Пры задушэнні паўстання выкарыстоўваў як рэпрэсіўныя меры (пакаранне смерцю актыўных удзельнікаў, масавыя высылкі ў Сібір, спальванне вёсак), так і папярэджвальныя меры (секвестр маёнткаў, абкладванне штрафамі кляштараў і каталіцкага духавенства, закрыццё міравых устаноў, замена чыноўніцкага апарату, арганізацыя ў паветах жандарскіх каманд і сялянскай узбр. варты, наданне сельскім т-вам права нагляду за памешчыкамі і інш.). З мэтай пазбаўлення паўстання сац. апоры ініцыіраваў у зах. губернях перагляд «Палажэння» аб адмене прыгоннага права 1861 на карысць сялян. Да вер. 1863 задушыў асн. асяродкі паўстання ў Літве і Беларусі. З 29.4.1865 у адстаўцы. У крас. 1866 прызначаны старшынёй асобай Следчай камісіі па справе няўдалага замаху Дз.У.Каракозава на Аляксандра II. Памёр за 2 дні да вынясення Каракозаву смяротнага прыгавору. Аўтар «Запісак» (1882—85).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РА́ЙНІС ((Rainis) Ян) (сапр.Пліекшанс Яніс Крыш’янавіч, 11.9.1865, хутар Варславаны, цяпер Екабпілскі р-н, Латвія — 12.9.1929),
латышскі паэт, драматург, перакладчык, грамадскі дзеяч. Нар. паэт Латвіі (1940). Скончыў Пецярбургскі ун-т (1888). Працаваў у Віленскім судзе (1889—91), рэдактарам дэмакр.газ. «Dienas lapa» («Штодзённы лісток»). У 1897 за ўдзел у рэв. руху сасланы ў Пскоў, у 1899 — у Вяцкую губ. Вярнуўся ў 1903, у 1905 эмігрыраваў у Швейцарыю. З 1920 у Латвіі; з 1921 дырэктар Нац.т-ра ў Рызе, у 1926—28 міністр асветы. Арганізатар (1929) і першы старшыня Т-вакульт. сувязі з народамі СССР. Друкаваўся з 1887. Бунтарскі настрой, вера ў перамогу дабра і прыгажосці ў яго п’есах «Паўідэаліст» (1904), «Агонь і ноч» (1905), «Залаты конь» (1910), «Ветрык, вей» (нап. 1913; паст. Брэсцкім абл. т-рам, 1952; Бел. т-рам імя Я.Коласа, 1965), трагедыі «Ілья Мурамец» (1922). Аўтар зб-каў вершаў «Далёкія водгукі ў сінім вечары» (1903), «Пасеў буры» (1905), «Новая сіла» (1907), «Тыя, што не забываюць» (1911), «Канец і пачатак» (1912), філас. паэмы «Ave sol!» (1910). У творчасці Р. арганічна спалучаюцца вобразная метафарычная форма з глыбокай філас. сімволікай, рэалізм з тонкім лірызмам, фальклорныя матывы. Перакладаў з рус., ням. і англ. моў. Ведаў бел. мову, бел.нар. песні. У 1921 пры яго падтрымцы створаны Бел. аддзел пры Мін-ве асветы Латвіі. Абараняў у сейме інтарэсы беларусаў Латвіі. Садзейнічаў адкрыццю бел. гімназій у Дзвінску і Лудзе. У ліст. 1926 наведаў Беларусь. На бел. мову творы Р. перакладалі Э.Агняцвет, М.Арочка, А.Астапенка, Р.Барадулін, П.Броўка, А.Вольскі, С.Гаўрусёў, Н.Гілевіч, С.Грахоўскі, С.Дзяргай, Я.Дыла, К.Кірэенка, П.Масальскі (П.Сакол), П.Панчанка, В.Сёмуха. Яму свае вершы прысвяцілі Барадулін, Броўка, В.Вітка, Вольскі, Грахоўскі, В.Зуёнак, М.Калачынскі, П.Прыходзька, А.Пысін, Ю.Свірка, М.Танк, С.Шушкевіч, экслібрысы Я.Ціхановіч.
Тв.:
Бел.пер. — Гірт з Воўчага логу. Мн., 1930;
Выбранае. Мн., 1956;
Ветрык, вей! Мн., 1965;
Агонь і ноч: Даўняя песня ў новым гучанні. Мн., 1988. Рус.пер. — Собр. соч.Т. 1—3. Рига, 1954;
Соч. 1—2. М., 1955;
Избр. произв. Л. 1981.
Літ.:
Сокол Э.П. Жизнь и творчество Яна Райниса. Рига, 1957;
Калнинь Я. Райнис: Роман. М., 1982;
Трофимов Р.А. Лирика Яна Райниса. М., 1982;
Александровіч С.Х. Ян Райніс і беларусы // Александровіч С.Х. Гісторыя і сучаснасць. Мн., 1968;
Кулеша Т. Сустрэчы з Янам Райнісам // Беларускае мастацтва. Мн., 1962. Вып. 3.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУ́РКІ, Рамейкі-Гуркі,
ваенныя і дзярж. дзеячы ВКЛ і Расіі герба «Гурка». Родапачынальнікам лічыцца Гурка (Гурый) Аляксандравіч Рамейка, які ў 1539 быў намеснікам смаленскім. Яго нашчадкі жылі ў Віцебскім ваяв. Праўнук Гурыя Андрэй (н. каля 1600) у час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 трапіў у палон і памёр у Маскве, яго лінія згасла ў 19 ст. Нашчадкі Іосіфа Гуркі (брата Андрэя) пасля падзелаў Рэчы Паспалітай перайшлі ў рас. падданства. З іх найб. вядомыя:
Іосіф Аляксандравіч (1782—21.12.1857), ген.-лейтэнант, сенатар (1845).
Уладзімір Іосіфавіч (1795 — 24.1.1852), ген. ад інфантэрыі (1851). Удзельнік вайны 1812 і замежных паходаў рус. арміі 1813. У 1820-я г. на штабных пасадах. Планаваўся яго ўдзел у выступленні дзекабрыстаў у Маскве ў снеж. 1825 (быў пад следствам) У 1830-я г. на камандных і штабных пасадах. З 1845 нач. штаба Асобнага Каўказскага корпуса, з 1851 нач. усіх рэзервовых і запасных войск.
Іосіф Уладзіміравіч (28.7.1828, в. Бурнеўка Круглянскага р-на Магілёўскай вобл. — 28.1.1901), сын Уладзіміра Іосіфавіча. Ваен. і дзярж.дзеяч, ген.-фельдмаршал (1894). Скончыў Пажаскі корпус (1846). Удзельнік Крымскай вайны 1853—56. У рус.-турэцкую вайну 1877—78 на чале Перадавога атрада перайшоў Балканы і вызваліў частку паўд. Балгарыі, аднак быў вымушаны адысці, утрымліваў Шыпкінскі перавал. У вер.—кастр. 1877 нач. кавалерыі Зах. атрада, завяршыў акружэнне Плеўны. У снеж. 1877 на чале 70-тыс. арміі зноў перайшоў Балканы, якія лічыліся недаступнымі зімой, уступіў у Сафію, разбіў турак пад Тышкісенам і Філіпопалем, заняў Адрыянопаль. Часовы ген.-губернатар Пецярбурга (1879—80) і Адэсы (1882—83). У 1883—94 ген.-губернатар Прывіслінскага краю і Варшавы і камандуючы Варшаўскай ваен. акругай. З 1886 чл.Дзярж. савета. З 1894 у адстаўцы.
Уладзімір Іосіфавіч (1863—1931), сын Іосіфа Уладзіміравіча. З 1902 у МУС, таварыш (намеснік) міністра. Пасля 1917 удзельнік белага руху на Пд Расіі, потым у эміграцыі.
Васіль Іосіфавіч (19.5.1864 — 11.11.1937), сын Іосіфа Уладзіміравіча. Ген. ад кавалерыі (1916). Скончыў Акадэмію Генштаба (1892). У час англа-бурскай вайны 1899—1902 ваен. агент пры арміі бураў. Удзельнік рус.-японскай вайны 1904—05. У 1-ю сусв. вайну камандаваў 5-й арміяй Паўн. фронту, Асобай арміяй Паўд.-зах. фронту (з 1916). З ліст. 1916 да лют. 1917 в.а. нач. штаба Вярх. галоўнакамандуючага, у сак.—маі 1917 камандуючы Зах. фронтам. Зняты з пасады Часовым урадам за манархічныя погляды, высланы за мяжу. Аўтар успамінаў.
Дзмітрый Іосіфавіч (5.10.1872 — ?), сын Іосіфа Уладзіміравіча. Ген.-маёр (1915). Скончыў Акадэмію Генштаба (1900). У 1-ю сусв. вайну камандзір гусарскага палка, нач. штаба корпуса, нач. дывізіі. Удзельнік белага руху на ПнЗ, потым у эміграцыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРЭ́ЦКІ (Гаўрыла Іванавіч) (10.4.1900, в. Багацькаўка Мсціслаўскага р-на Магілёўскай вобл. — 20.11.1988),
бел. геолаг, географ, эканаміст, грамадскі дзеяч; заснавальнік сав. школы палеапатамалогіі і бел. школы даследчыкаў антрапагену. Акад.АН Беларусі (1928), д-р геолага-мінералагічных н. (1946). Засл. дз. нав. Беларусі (1972). Брат М.І.Гарэцкага, бацька Р.Г.Гарэцкага. Скончыў Пятроўскую (Ціміразеўскую) акадэмію (1924). У 1922 арыштаваны органамі АДПУ. З 1924 выкладчык Камуніст. ун-та нац. меншасцей Захаду (Масква). З 1925 дацэнт, заг. кафедры Бел.с.-г. акадэміі. З 1927 дырэктар арганізаванага ім Бел.НДІ сельскай і лясной гаспадаркі. У 1925—28 правадз. член, з 1927 член прэзідыума Інбелкульта. У канцы 1930 арыштаваны, у 1931 асуджаны па справе Працоўнай сял. партыі на высылку за межы Беларусі. З 1931 у інж.-геал. экспедыцыях Беламорбуда і Туломбуда НКУС. У 1934 вызвалены. У 1937 і 1938 зноў арыштаваны. У Вял.Айч. вайну гал. геолаг Галоўабаронбуда пад Масквой і Ленінградам. З 1944 у Гідрапраекце СССР. У 1958 рэабілітаваны, у 1965 адноўлены ў званні акадэміка АН Беларусі. З 1968 на Беларусі, стварыў і ўзначаліў (да 1985) аддзел (з 1977 лабараторыя) геалогіі і палеапатамалогіі антрапагену Ін-та геахіміі і геафізікі АН Беларусі (цяпер Ін-тгеал. навук АН), з 1985 навук. кансультант. Навук. працы па геалогіі антрапагену і інж. геалогіі. Праводзіў геал. даследаванні пры праектаванні і буд-ве гідратэхн. збудаванняў (Беламорска-Балтыйскі, Волга-Данскі і Сальскі каналы, Ніжне- і Верхнетуломская, Горкаўская, Цымлянская, Кіеўская, Кахоўская і інш.ГЭС, Сарпінская абвадняльная і арашальная сістэма, Рыбінскі і Салікамскі гідравузлы і інш.). Вывучаў геалогію Карэліі, Кольскага п-ва, басейнаў Волгі, Дона, Дняпра і Нёмана, даследаваў стараж. рэкі і археал. стаянкі, распрацоўваў вучэнне аб фацыях алювію, краявых ледавіковых утварэнняў і ледавіковых лагчын, лёсавых і паводкава-ледавіковых адкладаў. Аўтар прац па эканоміцы, рус.-бел. (1918) і маскоўска-бел. (1921) слоўнікаў (разам з М.Гарэцкім), успамінаў пра М.Гарэцкага, Я.Купалу, Я.Коласа, М.Горкага, Інбелкульт. Дзярж. прэмія СССР 1971. Дзярж. прэмія БССР 1986. Яго імем названы многія віды выкапнёвых раслін і жывёл.
Тв.:
Народны прыбытак Беларусі. Мн., 1926;
Аллювий великих антропогеновых прарек Русской равнины. Прареки Камского бассейна. М., 1964. Формирование долины р. Волги в раннем и среднем антропогене. Аллювий Пра-Волги. М., 1966;
Аллювиальная летопись великого Пра-Днепра. М., 1970;
Асноўныя вынікі вывучэння антрапагену Беларусі ў Акадэміі навук БССР // Даследаванні антрапагену Беларусі. Мн., 1978;
Особенности палеопотамологии ледниковых областей (на примере Белорусского Понеманья). Мн., 1980;
Палеопотамологические эскизы Палео-Дона и Пра-Дона. Мн., 1982.
Літ.:
Бібліяграфія навуковых прац акадэміка АНБССР Г.І.Гарэцкага. Мн., 1980.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІРЫ́ЛА ТУ́РАЎСКІ (каля 1113, г.п. Тураў Жыткавіцкага р-на Гомельскай вобл. — пасля 1190),
бел. і ўсх.-слав. царкоўны дзеяч, пісьменнік, багаслоў. Паходзіў з заможнай сям’і. Атрымаў класічную для таго часу адукацыю. Прыблізна з 1123 у Нікольскім манастыры: манах, іераманах, у 1144—48 настаяцель. Потым стаў пустэльнікам. З 1161 тураўскі епіскап. Займаўся ўладкаваннем епархіі, прапаведніцкай, экзегетычнай і царк., паліт. і літ. дзейнасцю. Магчыма, ужо ў пач. 13 ст. К.Т. ўшаноўваўся як святы (звесткі пра яго афіц. кананізацыю не выяўлены). Вывучаў грэчаскую мову і візантыйскую л-ру. Стаўшы тураўскім епіскапам, праславіўся як майстар аратарскай прозы, прапаведнік, галоўны клопат якога — духоўнасць суайчыннікаў адпаведна этычных і эст. ідэалаў эпохі. Аўтар пропаведзей, малітваў, павучанняў, прытчаў, канонаў (захавалася каля 70 твораў), створаных на ўзор антычнай і візант. аратарскай прозы. Сярод іх «Сказанне пра чын чарнарызца», «Слова пра паходжанне манаскага жыцця», малітоўны сядмічны цыкл (32 малітвы-споведзі), урачыстыя і дыдактычныя пропаведзі (10 казанняў на святы Велікоднага цыкла, «Слова на Богаяўленне», «Слова на Пяцідзесятніцу», «Слова пра тое, каб не забываць сваіх настаўнікаў» і інш.), павучанні (аб зыходзе душы, аб страху Божым, аб мудрасці, аб карыснасці чытання кніг), прытчы аб чалавечай душы і целе (аб кульгавым і сляпым), пасланні-прытчы да кіева-пячэрскага ігумена Васіля (пра нямудрага цара і пра схіму), 3 Вял. каноны (На ўспенне княгіні Вольгі, Малітоўны, Пакаяльны) і інш. У асобных творах закранаў надзённыя маральна-этычныя праблемы, важныя пытанні грамадска-паліт. жыцця Стараж. Русі. Арыгінальны, выключнай вобразна-выяўленчай сілы талент К.Т. найб. выявіўся ў «словах» з нагоды розных свят, дзе праз традыц. біблейскі змест выяўляецца захапленне чалавека прыгажосцю прыроды, радасцю жыцця, яго імкненне да духоўнай дасканаласці і ідэалу. Дзякуючы багатай паэт. фразеалогіі, сінтаксічнаму паралелізму, агульнаму рытмічнаму ладу некаторыя творы нагадваюць вершы ў прозе. Алегорыі, сімвалы, рытарычныя звароты, разгорнутыя параўнанні надаюць ім глыбокі лірызм, эмацыянальнасць, узнёсласць. Вытанчаная царк.-слав. мова, спалучаная з жывым нар.-паэт. словам, сведчыць пра высокую кніжную культуру, літ. майстэрства і смеласць аўтара. На працягу многіх стагоддзяў творы К.Т. карысталіся вял. папулярнасцю на ўсх.-слав. землях. Яны перапісваліся да 19 ст., змяшчаліся ў розных зборніках-анталогіях. Першая грунтоўная публікацыя яго твораў зроблена рус. вучоным К.Калайдовічам у 1821. Найб. поўнае выданне твораў К.Т. на Беларусі ажыццявіў А.Мельнікаў у сваёй кн. «Кірыл, епіскап Тураўскі» (1997). У 1984 К.Т. ўключаны ў Сабор бел. святых, 28 крас. (с. ст.) — Дзень яго памяці. У Тураве пастаўлены помнік К.Т.
Літ.:
Мельников А.А. Путь непечален: Ист. свидетельства о святости Белой Руси. Мн., 1992;
Яго ж. Кірыл, епіскап Тураўскі: Жыццё, спадчына, светапогляд. Мн., 1997;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРАЛЕ́НКА (Уладзімір Галакціёнавіч) (27.7.1853, г. Жытомір, Украіна — 25.12.1921),
рускі пісьменнік, публіцыст, грамадскі дзеяч. Ганаровы акад. Пецярбургскай АН (1900, у 1902 адмовіўся ад звання). Вучыўся ў Тэхналагічным (1871—73) і Горным (1877—78) ін-тах у Пецярбургу, у Пятроўскай земляробчай і лясной акадэміі (1874—76) у Маскве. Яго светапогляд фарміраваўся пад уплывам ідэй рус.рэв. народнікаў. У 1876—77 у ссылцы ў Кранштаце, у 1879 у Вяцкай губ., у 1881—84 у Якуціі. З 1885 жыў у Н. Ноўгарадзе, з 1896 у Пецярбургу, з 1894 чл. рэдакцыі народніцкага час. «Русское богатство», у 1904—18 (з перапынкамі) яго рэдактар, з 1900 у Палтаве. Друкаваўся з 1878. Жыццё народа. яго духоўнае багацце, неабходнасць яднання інтэлігенцыі з народам — асн. матывы творчасці К. У апавяданнях «Дзіўная» (1880, апубл. 1905), «Забойца», «Сон Макара» (абодва 1885), «Сляпы музыка» (1886, 2-я рэд. 1898), «Марусіна заімка» (1889, апубл. 1899), «Рака гуляе», «Ат-Даван» (абодва 1892), «Агеньчыкі» (1901) і інш. выступаў супраць беззаконня самадзяржаўных улад, раскрыў станаўленне новых рыс нац. характару рус. чалавека. Водгукам на актуальныя з’явы і праблемы грамадска- паліт. жыцця былі яго нарысы «У галодны год» (1893), «Мултанскае ахвярапрынашэнне» (1895—96), «Гомельская судовая драма» (1905), «Сарачынская трагедыя» (1907), «Бытавая з’ява» (1910) і інш. Аповесць «Без языка» (1895, 2-я рэд. 1902, прататып гал. героя — рабочы-беларус) — назіранні пісьменніка ад падарожжа ў Амерыку. Мемуары «Гісторыя майго сучасніка» (кн. 1—4, 1906—22) — маст. летапіс пакалення 1870-х г. Творчасць К. вызначаецца рэалістычнасцю, спалучэннем эпічных і лірычных плыняў, паглыбленым псіхалагізмам, гуманізмам. Перамога чалавечага духа над матэрыяльнай абалонкай — адзін з гал. матываў яго твораў. Аўтар літ.-крытычных артыкулаў пра рус. пісьменнікаў. Захавалася 6 лістоў К. да А.В.Луначарскага ад 1920, у якіх ён выказаў свае рэзка адмоўныя адносіны да Кастр. рэв 1917 і яе вынікаў. Асобныя творы К. тэматычна звязаны з Беларуссю. Быў асабіста знаёмы з Я.Купалам. Яго творы друкаваліся ў бел.газ. «Наша ніва», у 1920—30-я г. на бел. мове былі выдадзены яго аповесці «Сляпы музыка», «Судны дзень», «Лес шуміць», «Дзеці падзямелля» і інш. У 1922 у т-ры імя Я.Купалы (БДТ-1) інсцэніраваны яго твор «Лес шуміць». На бел. мову асобныя творы К. пераклалі А.Александровіч, С.Дарожны, М.Краўцоў, А Кудравец, К.Чорны, Я.Шарахоўскі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРАПО́ТКІН (Пётр Аляксеевіч) (9.12.1842, Масква — 8.2.1921),
рускі вучоны-энцыклапедыст, дзеячрас. і міжнар.рэв. руху, тэарэтык анархізму. Скончыў Пажскі корпус (1862). У 1864—66 падарожнічаў па раёнах Паўн. Маньчжурыі, паўн. схіле Усх. Саяна, даследаваў Патамскае нагор’е і Віцімскае пласкагор’е. З 1867 сакратар аддзялення фіз. геаграфіі Рус.геагр.т-ва ў Пецярбургу. Удзельнік анархісцкага (бакунінскага) крыла I Інтэрнацыянала (1872), народніцкага гуртка чайкоўцаў. У 1874 арыштаваны і зняволены ў Петрапаўлаўскую крэпасць. З 1876 у эміграцыі ў Швейцарыі, Францыі і Англіі. З 1879 рэдактар штотыднёвіка анархістаў «Le Révolté» («Бунтар»). У чэрв. 1917 вярнуўся ў Расію, у жн. на Дзярж. нарадзе ў Маскве выступіў з заклікам да «сацыяльнага міру» і прапанаваў ператварыць Расію на ўзор ЗША у федэратыўную рэспубліку. У 1917—18 старшыня створанай у Маскве Лігі федэралістаў. Асн. палажэнні сацыялагічнага вучэння К., якое ён называў анархічным камунізмам, выкладзены ў творах «Прамова бунтаўшчыка» (1885), «Хлеб і воля» (1892), «Анархія, яе філасофія, яе ідэал» (1896), «Вялікая французская рэвалюцыя, 1789—1793» (1909), «Сучасная навука і анархія» (1913) і інш. Крытэрыем сац. прагрэсу К. лічыў вызваленне чалавека з-пад прыгнёту дзяржавы і яго поўную, нічым не абмежаваную свабоду, выступаў за стварэнне федэрацыі свабодных вытв. абшчын (камун) адразу пасля перамогі сац. рэвалюцыі і грамадзянскай вайны, «калі кіруючыя класы сваёй сляпой упартасцю зробяць яе непазбежнай». У адрозненне ад П.Ж.Прудона, М.Бакуніна, М.Штырнера і інш. ідэолагаў анархізму ён бачыў у сац. рэвалюцыі не стыхійны бунт, а ўсвядомленае нар. дзеянне, накіраванае на ўсталяванне ў грамадстве гарманічных адносін салідарнасці, справядлівасці, самаахвярнасці і ўзаемадапамогі паміж людзьмі. Дзярж. федэралізм лічыў пераходнай формай да бездзярж. ладу (таксама як і розныя формы мясц. аўтаноміі, рэгіянальнага самакіравання) і сродкам тэр. і функцыянальнай дэцэнтралізацыі ўлады, больш поўнага ўліку нац. асаблівасцей і разнастайнасці быту. Для філас. поглядаў К. характэрны натуралізм, крытычныя адносіны да дыялект. метаду Г.Гегеля і К.Маркса, які ён прапанаваў замяніць «адзіна навуковым індуктыўным метадам». Анархічная дактрына К. непасрэдна звязана з яго прыродазнаўчанавук. ўяўленнямі. У галіне біялогіі ён выказаў ідэі аб узаемадапамозе і падтрымцы як фактары эвалюцыі, аб адсутнасці ўнутрывідавой барацьбы Распрацаваў схему араграфіі Паўн.-Усх. Азіі, выявіў сляды стараж. абледзянення і вулканізму на Усх. Саяне. У працы «Даследаванні пра ледніковы перыяд» (1876) прывёў доказы шырокага распаўсюджвання ў антрапагенны час мацерыковага абледзянення на тэр. Еўропы, Азіі і Паўн. Амерыкі, выказаў думку аб геал. роднасці Канады і Сібіры. Удзельнічаў у падрыхтоўцы выдання «Зямля і людзі. Усеагульная геаграфія» Э.Рэклю.
Тв.:
Собр. соч.Т. 1—7. СПб., 1906—07, Дневник. М.;
Пг., 1923;
Великая Французская революция, 1789—1793. М., 1979;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАПАЛЕО́Н I,
Напалеон Банапарт (Napoléon Bonaparte; 15.8.1769, Аяча, в-аў Корсіка, Францыя — 5.5.1821), французскі дзярж.дзеяч і палкаводзец, першы консул Франц. Рэспублікі [1799—1804] імператар французаў [1804—14, 1815]. Скончыў Брыенскае ваен. вучылішча (1784), вучыўся ў Парыжскай ваен. школе (1784—85). З 1785 у арміі, афіцэр артылерыі. Падтрымаў Французскую рэвалюцыю 1789—99. За ўмела арганізаванае ўзяцце (снеж. 1793) захопленага мяцежнікамі і англічанамі г. Тулон атрымаў чын брыгаднага генерала. Па даручэнні Канвента 5.10.1795 задушыў раялісцкі мяцеж у Парыжы, за што прызначаны галоўнакамандуючым Унутр. арміяй. З сак. 1796 галоўнакамандуючы «Італьян. арміяй». Італьянскі паход Банапарта 1796—97 прынёс яму славу лепшага палкаводца Рэспублікі і таленавітага дыпламата. У 1798—99 узначальваў Егіпецкую экспедыцыю 1798—1801. 9—10.11.1799 здзейсніў дзярж. пераварот, які ўсталяваў у Францыі рэжым консульства. У 1802 абвешчаны пажыццёвым консулам, у 1804 — імператарам. З мэтай умацавання новай бурж. манархіі Н.I стварыў імперскае дваранства і пышны імператарскі двор. Ва ўнутр. палітыцы кіраваўся інтарэсамі буржуазіі і заможнага сялянства. У 1804, 1808 і 1810 пры ўдзеле Н.I распрацаваны і выдадзены Грамадз., Камерцыйны і Крымін. кодэксы — т.зв. «Кодэксы Напалеона», што рэгулявалі грамадскія адносіны, ахоўвалі непарушнасць прыватнай маёмасці, стваралі ўмовы для развіцця свабоднай канкурэнцыі і прам-сці. У ходзе напалеонаўскіх войнаў значна пашырыў сваю імперыю. Але не здолеў перамагчы свайго гал. праціўніка — Вялікабрытанію, з якой Францыя знаходзілася ў стане вайны з 1793 (за выключэннем 1802—03). Спробы Н.I ізаляваць Вялікабрытанію шляхам кантынентальнай блакады не мелі поспеху. 24.6.1812 Н.І пачаў вайну супраць Рас. імперыі (гл.Вайна 1812). У шэрагу аперацый на тэр. Беларусі (гл., напр., Бярэзінская аперацыя 1812) асабіста кіраваў войскамі і ўдзельнічаў у баявых дзеяннях. Каб заручыцца падтрымкай магнатаў і шляхты Літвы і Беларусі і для кіравання акупіраванымі тэрыторыямі, зацвердзіў Часовы ўрад Вялікага княства Літоўскага. Ухіліўся ад пацвярджэння акта Генеральнай канфедэрацыі 1812 аб аднаўленні Польскага каралеўства як унітарнай дзяржавы, хоць не пагадзіўся і на стварэнне асобнай Літ. канфедэрацыі. У выніку вайны 1812 яго «Вялікая армія» была разгромлена, што выклікала ўздым антыфранц. руху ў залежных ад Н.I краінах. Пасля паражэнняў у кампаніі 1813—14 і заняцця ў сак. 1814 войскамі антыфранц. кааліцыі Парыжа адрокся ад трона (6.4.1814). Саюзнікі-пераможцы захавалі за Н.I тытул імператара і аддалі яму ва ўладанне в-аў Эльбу. Выкарыстаўшы незадаволенасць французаў рэстаўрацыяй улады Бурбонаў, Н.І высадзіўся 1.3.1815 на Пд Францыі і да 20.3.1815 аднавіў сваю ўладу (гл.«Сто дзён»). Пасля паражэння пры Ватэрлоо 18.6.1815 зноў адрокся ал трона (22.6.1815). Арыштаваны англічанамі, сасланы на в-аўСв. Алены, дзе і памёр.
Літ.:
Манфред А.З. Наполеон Бонапарт. 5 изд. М., 1989;
Тарле Е.В. Наполеон. Мн., 1992;
Яго ж. Нашествие Наполеона на Россию, 1812 г.М., 1992;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМЕ́НСКІ ((Komenský) Ян Амос) (28.3.1592, г. Ніўніцы, Чэхія — 15.11.1670),
чэшскі мысліцель-гуманіст, педагог, грамадскі дзеяч. Першапач. адукацыю атрымаў у брацкай школе, у 1608—10 вучыўся ў лац. школе, затым у Гербарнскай акадэміі і Гайдэльбергскім ун-це (1611—14). У 1614—20 выкладаў і быў прапаведнікам у Пршэраве, потым у Фульнеку (Маравія). Адзін з лідэраў пратэстанцкай абшчыны «Чэшскія браты». З-за рэліг. ганенняў разам з абшчынай у 1628 пакінуў радзіму і больш за 40 гадоў жыў у розных краінах Еўропы (Швецыя, Венгрыя, Галандыя; больш за 14 гадоў у г. Лешна, Польшча). Займаўся пед., рэліг. і грамадскай дзейнасцю. Філас. погляды К. склаліся пад уплывам ідэй Арыстоцеля, Платона, Ф.Бэкана, Х.Л.Вівеса. Сваю дзейнасць прысвяціў праблемам адукацыі і выхавання, выпраўлення грамадства ў мэтах узаемаразумення і супрацоўніцтва паміж народамі для «дасягнення лепшага жыцця ва ўсім свеце». Напісаў больш за 130 твораў, у т. л. «Адчыненыя дзверы моў і ўсіх навук» (1631), «Матчына школа» (1633), «Вялікая дыдактыка» (1657), «Свет пачуццёвых рэчаў у малюнках» (1658). Распрацаваў прынцыпова новую пед. сістэму, заснаваную на дэмакратызме і гуманізме, гарманічным спалучэнні агульначалавечых і нац. пачаткаў, якая і сёння ляжыць у аснове пед. навукі. Упершыню тэарэтычна абгрунтаваў ідэю ўсеагульнай універсальнай адукацыі і выхавання на аснове раўнапраўя, класна-ўрочнай сістэмы навучання, якая надоўга выцесніла індывідуальнае навучанне. Заснавальнік дыдактыкі, якую разумеў як тэорыю навучання, адукацыі і выхавання. Асн. дыдактычнымі прынцыпамі навучання лічыў нагляднасць (называў «залатым правілам дыдактыкі»), свядомасць, пасільнасць, паслядоўнасць навучання і трываласць ведаў. Асн. патрабаванні да навучання — ранні пачатак навучання. адпаведнасць вучэбнага матэрыялу ўзросту дзіцяці. Лепшымі мерамі выхавання лічыў перакананне, павагу да асобы вучня. Распрацаваў паняцці мэт, зместу і метадаў выхавання. Мэту выхавання бачыў не толькі ў набыцці ведаў, але і ў сістэме маральных якасцей, найб. важнымі з якіх лічыў справядлівасць, мужнасць, памяркоўнасць. Вылучыў 3 састаўныя часткі выхавання — навук. адукацыю, маральнае і рэліг. выхаванне. Адукацыя, на яго думку, павінна дапамагаць чалавеку правільна арыентавацца ў свеце ў пошуках сэнсу жыцця. Паводле К., чалавек — дзіця прыроды, таму ўсе пед. сродкі павінны быць прыродазгоднымі. У адпаведнасці з ідэяй прыродазгоднасці выхавання стварыў адзіную сістэму адукацыі, якая складалася з 4 шасцігадовых перыядаў ад дашкольнага выхавання да вышэйшай адукацыі; матчына школа (да 6 гадоў у сям’і); элементарная школа роднай мовы (ад 6 да 12 гадоў); лац. школа або гімназія (з 12 да 18 гадоў); вышэйшая школа — акадэмія (з 18 да 24 гадоў). Ідэі К. ў поўным аб’ёме былі запатрабаваны ў перыяд бурнага развіцця навукі (канец 18—19 ст.), зрабілі вял. ўплыў на станаўленне асветы і пед. думкі ва ўсім свеце, у т. л. на Беларусі.
Літ.:
Лордкипанидзе Д.О. Ян Амос Коменский, 1592—1670. 2 изд. М., 1970;
Кратохвил М.В. Жизнь Яна Амоса Коменского: Пер. с чеш. М., 1991;
Митюров Б.Н. Ян Амос Коменский и Белоруссия // Адукацыя і выхаванне. 1996. № 2.