ФРЫ́ДРЫХ I БАРБАРО́СА (Friedrich I Barbarossa літар. — чырванабароды; каля 1122, г. Вайблінген, Германія — 10.6.1190),
германскі кароль (з 1152), імператар «Свяшчэннай Рымскай імперыі» [1155—90]. З дынастыі Штаўфенаў. Сын і нашчадак герцага Швабіі Фрыдрыха II Аднавокага [1105—47]. З 1147 герцаг Швабіі (пад імем Фрыдрых 111). У 1153 заключыў у г. Канстанц (Германія) дагавор аб узаемным прызнанні правоў рым. папы і герм. імператара, але ў 1157 адмовіўся прызнаваць вяршэнства папы. Дзеля атрымання імператарскай кароны ад рым. папы і падпарадкавання італьян. зямель зрабіў 6 ваен. паходаў у Італію (1154—55, 1158—62, 1163, 1166—68, 1174—78, 1184), у час якіх каранаваны (1155). З 1178 таксама кароль Бургундыі. У 1180 дамогся суда над Генрыхам Львом. У 1183 заключыў мір з Ламбардскай лігай. Удзельнік 3-га крыжовага паходу (1189—90).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ХО́ДЖКІН (Hodgkin) Алан Лойд (5.2.1914, г. Бэнберы, Вялікабрытанія — 20.12.1998),
англійскі вучоны ў галіне фізіялогіі. Чл. Лонданскага каралеўскага т-ва (1948, у 1970—75 яго прэзідэнт). Чл.Амер. акадэміі мастацтваў і навук, Каралеўскай АН Даніі (1964), Нац.АН Індыі, Каралеўскай акадэміі Ірландыі, замежны чл.Рас.АН (1976). Скончыў Кембрыджскі ун-т (1936). З 1939 навук. кансультант Мін-ваВПС і Мін-ваавіяц. прам-сці, з 1945 у Кембрыджы (1970—81 праф. біяфізікі). З 1971 канцлер Лестэрскага ун-та. У 1978—84 кіраўнік Трыніты-каледжа. Навук. працы па фізіялогіі нерв. клеткі, механізмах узбуджэння і тармажэння. Аўтар асн. тэорый аб ролі іонных градыентаў у генерацыі нерв. імпульсу. Стваральнік сучаснай мембраннай тэорыі ўзнікнення біяэл. патэнцыялаў. Нобелеўская прэмія 1963 (з А.Ф.Хакслі, Дж.К.Эклсам).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ХО́РНІ (Horney) Карэн (1885, г. Гамбург, Германія — 1952),
нямецкі і амерыканскі псіхолаг і псіхапатолаг; адна з заснавальнікаў неафрэйдызму. Скончыла Фрайбургскі ун-т. З 1913 вяла мед. практыку, вывучала псіхааналіз у Берлінскім псіхааналіт. ін-це. З 1932 у ЗША, працавала ў Чыкагскім і Нью-Йоркскім псіхааналіт. ін-тах. У працах «Неўратычная асоба нашага часу» (1937), «Новыя шляхі ў псіхааналізе» (1939), «Самааналіз» (1942), «Нашы ўнутраныя канфлікты» (1945), «Неўрозы і развіццё чалавека» (1950) і інш. крытычна перапрацавала шэраг палажэнняў вучэння З.Фрэйда (аб інстынктах, тэорыю лібіда, канцэпцыі бессвядомага, неўрозаў, Эдыпава комплексу і інш.) і ажыццявіла сацыялагізацыю псіхааналізу і фрэйдызму. Падкрэслівала ўплыў культуры на бессвядомае, сац.-культ. параджэнне неўрозаў і ўнутрыасобасных канфліктаў, гіст. зменлівасць неўрозаў і інш. Неўрозы трактавала як неадэкватныя формы паводзін у варожым асяроддзі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЦЭ́ЛАСНАСЦЬ,
абагульненая ўласцівасць аб’ектаў, што маюць складаную ўнутр. будову, якая характарызуецца адзінствам і ўзаемаабумоўленасцю іх частак. У залежнасці ад характару ўзаемасувязі частак вылучаюць структурны, функцыян., генет. тыпы Ц. У адрозненне ад адытыўнасці інтэгратыўныя якасці, што складаюць спецыфіку Ц., прынцыпова новыя ў параўнанні з уласцівасцямі ч. аб’екта і не зводзяцца да апошніх. Паняцце «Ц» адлюстроўвае ўнутр. інтэграванасць і самадастатковасць сістэмы, паказвае недастатковасць тлумачэння яе функцыянавання і развіцця на падставе толькі вонкавых пабуджальных прычын. Спасціжэнне Ц. аб’екта дазваляе выявіць унутр. заканамернасці, якія абумоўліваюць яго якасную своеасаблівасць. Характэрная асаблівасць вышэйшых форм Ц. (біял., сац.) — самаразвіццё і самаўзнаўленне частак. На станаўленне ўяўленняў аб Ц. паўплывалі гештальтпсіхалогія, культ. антрапалогія, сінт. тэорыя эвалюцыі. Паняцце «Ц.» выступае зыходным пунктам сістэмнага падыходу. Гл. таксама Частка і цэлае.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЧАРНАВУ́САЎ Уладзімір Іванавіч (н. 16.6.1956, Мінск),
бел. матэматык. Д-рфіз.-матэм.н. (1992). Скончыў БДУ (1978). З 1978 у Ін-це матэматыкі Нац.АН Беларусі. З 1998 працуе за мяжой (ФРГ, Канада). Навук. працы па тэорыі лінейных алг. груп, кагамалогіях Галуа. Даказаў гіпотэзу Сера і прынцып Хасе для груп тыпу E8 над лікавымі палямі. Пацвердзіў гіпотэзу Платонава—Маргуліса аб праектыўнай прастаце груп рацыянальных пунктаў для большасці груп выключных тыпаў. Апісаў групы R-эквівалентнасцей адназвязных груп класічных тыпаў.
Тв.:
О проективной простоте некоторых групп рациональных точек над полями алгебраических чисел // Изв. АНСССР. Сер. мат. 1989. Т. 53, №2;
The rationality problem for semisimple group varieties (разам з У.П.Платонавым) // Journal für die Reine und Angewandte Mathematik. 1998. Vol. 504.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЧЫ́НШАВАЯ ШЛЯ́ХТА,
група дробнамаянтковай шляхты Беларусі, Украіны і Літвы ў 16—19 ст. Спадчыннай зямлі яна не мела, а арандавала за грашовы чынш у дзяржавы ці буйных землеўласнікаў (магнатаў). Звычайна заключала з уласнікам вусную дамову аб арэндзе на тэрмін ад 1 да 15 гадоў. Фармальна належала да прывілеяванага саслоўя: мела асабістую недатыкальнасць, не падлягала ваенна-дарожным павіннасцям, мела права голасу на сойміках. У 1795—99 на ўсіх землях, далучаных да Рас. імперыі, складала 148 443 чал. мужч. полу з 218 025 чал. усёй шляхты. Для абмежавання доступу Ч.ш. ў дваранства рас. ўрад з канца 18 ст. праводзіў разбор шляхты. Значная частка Ч.ш. да 2-й пал. 19 ст. пераведзена ў саслоўі сялян і мяшчан.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ШАЛЁНЫЯ»
(«Enragés»),
назва прадстаўнікоў арганізацыйна не аформленай найб. радыкальнай левай плыні Французскай рэвалюцыі 1789—99, ідэолагаў гар. плебейства (Ж.Ру, Т.Леклерк, Ж.Ф.Варле і інш.). Іх ідэалогію найб. выразна адлюстравала выказванне Ру: «Свабода — пусты прывід, калі адзін клас людзей можа беспакарана прыгнятаць і марыць голадам іншы». Разам з якабінцамі падрыхтавалі паўстанне 31.5—2.6.1793, якое скінула жырандыстаў і прывяло да ўлады якабінцаў. Рэзка крытыкавалі якабінскую Канстытуцыю 1793, патрабавалі ўвесці ў яе артыкулы аб абмежаванні прыватнай уласнасці і смяротным пакаранні для спекулянтаў. Падрыхтаванае пры ўдзеле «Ш.» выступленне парыжан 4—5.9.1793 прывяло да ўвядзення Канвентам цвёрдых цэн (максімумаў) на харч. і інш. тавары першай неабходнасці, абвяшчэння рэв. тэрору. Неўзабаве якабінцы, незадаволеныя радыкалізмам «Ш.», разграмілі іх.
Літ.:
Манфред А.З. Великая французская революция. М., 1983.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЭЛЕКТРАХІМІ́ЧНЫ РАД НАПРУ́ЖАННЯЎ, шэраг актыўнасці металаў,
у электрахіміі паслядоўнасць размяшчэння металаў у парадку нарастання значэнняў іх стандартнага патэнцыялу (за нулявы прыняты патэнцыял вадароду).
Для метал. электродаў мае наступную паслядоўнасць: літый Li, калій K, кальцый Ca, натрый Na, магній Mg, алюміній Al, марганец Mn, цынк Zn, хром Cr, жалеза Fe, кадмій Cd, нікель Ni, волава Sn, свінец Pb, вадарод H2, медзь Cu, ртуць Hg, серабро Ag, плаціна Pt, кісларод O2, золата Au. Э.р.н. дазваляе меркаваць аб тэрмадынамічных магчымасцях працякання тых або інш. электродных працэсаў. Кожны метал выцясняе з раствораў солей металы, якія стаяць у Э.р.н. справа ад яго; металы, якія размешчаны злева ад вадароду, выцясняюць яго з кіслот. Аналагічныя рады напружанняў можна пабудаваць для неметал. электродаў.
нідэрландскі фізік-тэарэтык; стваральнік міжнар.навук. школы па тэарэт. фізіцы. Замежны чл.АНСССР (1924). Скончыў Венскі ун-т (1904). З 1907 у С.-Пецярбургскім політэхн. ін-це. З 1912 праф. Лейдэнскага ун-та. Навук. працы па тэрмадынаміцы, стат. фізіцы, тэорыі адноснасці і квантавай тэорыі. Распрацаваў метад адыябатычных інварыянтаў у квантавай тэорыі (1916), сфармуляваў тэарэму аб сярэдніх значэннях квантавамех. велічынь (1927; тэарэма Э.). Увёў паняцце фазавых пераходаў II роду і вывеў суадносіны, якія звязваюць макраскапічныя характарыстыкі фаз тэрмадынамічных сістэм пры такіх пераходах (1973; суадносіны Э.). Значна паўплываў на развіццё тэарэт. фізікі ў Расіі і СССР.
Тв.:
Рус.пер. — Относительность. Кванты. Статистика. М., 1972.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЯГУЖЫ́НСКІ (Ягушынскі) Павел Іванавіч
(1683—17.4.1736),
расійскі дзярж. дзеяч і дыпламат. Граф (1731). Сын арганіста, выхадца з ВКЛ. З 1701 служыў у гвардыі, выконваў дыпламат. даручэнні Пятра I. Удзельнік перагавораў аб міры са Швецыяй (Аландскі кангрэс 1719), пасланнік у Аўстрыі (1720—21), ген.-пракурор Сената (1722—26 і 1730—31); змагаўся з хабарніцтвам, казнакрадствам і інш. злачынствамі. У 1726—27 паўнамоцны міністр (пасол) Расіі пры Гродзенскім сейме Рэчы Паспалітай. У 1730 удзельнічаў у змове Вярхоўнага тайнага савета з мэтай пазбавіць рэальнай улады імператрыцу Ганну Іванаўну (1730—40), але ў хуткім часе перайшоў на яе бок і садзейнічаў аднаўленню самадзяржаўя. Рас. пасол у Прусіі (1731—34), з 1735 кабінет-міністр (адзін з 3 афіц. саветнікаў) Ганны Іванаўны.