І́МПУЛЬСНАЯ АПРАЦО́ЎКА,

апрацоўка паверхняў матэрыялаў, наданне патрэбных форм і ўласцівасцей загатоўкам (вырабам) высокаскарасным кароткачасовым уздзеяннем. Віды І.а.: электраэразійная апрацоўка, штампоўка і зварка выбухам, апрацоўка лазерам імпульснага дзеяння (гл. Лазерная тэхналогія), магнітна-імпульсная (імпульсным магн. полем, створаным у індуктары) і электрагідраўлічная апрацоўка (ударнай хваляй, выкліканай у вадкасці эл. разрадам, што ствараецца спец. генератарам). Гл. таксама Імпульсная тэхніка.

т. 7, с. 215

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНДУКЦЫ́ЙНЫ ПАСКАРА́ЛЬНІК,

паскаральнік зараджаных часціц віхравым эл. полем, якое ствараецца пераменным у часе магн. патокам, што пранізвае арбіту часціц. Адрозніваюць І.п. цыклічны (бэтатрон), у якім часціцы рухаюцца ў магн. полі па траекторыях, блізкіх да акружнасці, а магн. паток пранізвае гэту акружнасць, і лінейны І. п. (часціцы рухаюцца амаль прамалінейна, а кольцападобны імпульсны магн. паток ахоплівае траекторыю).

т. 7, с. 236

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНСТЫТУ́Т МІЖНАРО́ДНАГА ПРА́ВА (Institut de Droit International; ІМП). Засн. ў 1873 у г. Гент (Бельгія). Гал. мэты: садзейнічанне прагрэсу міжнар. права і яго кадыфікацыі. Аб’ядноўвае 120 чл. юрыстаў-міжнароднікаў, якія працуюць у камісіях і на пленарных сесіях, што склікаюцца ў розных краінах. Выдае «Annuaire de Institut de Droit International» («Штогоднік Інстытута міжнароднага права»). Нобелеўская прэмія міру 1904.

т. 7, с. 270

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАМО́РНІЦКІЯ КНІГІ,

дакументы з апісаннем межаў зямельных уладанняў, што складаліся ў Расіі ў час землеўпарадкавання 16—19 ст. Яны і інш. дакументы, складзеныя ў час генеральнага межавання 1760-х г. — сярэдзіны 19 ст. (у т. л. на Беларусі), лічыліся адзінай законнай падставай землеўладання. Захоўваюцца ў дзярж. архівах (найб. поўны камплект у Рас. дзярж. архіве стараж. актаў у Маскве).

т. 7, с. 532

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНСО́ЛЬНЫЯ СІСТЭ́МЫ ў будаўнічай механіцы,

сістэмы (нясучыя канструкцыі), асноўныя элементы якіх маюць часткі (кансолі), што выступаюць за апоры. Адрозніваюць кансольна-бэлечныя (напр., кансольныя і кансольна-шарнірныя бэлькі) і кансольна-арачныя (кансольна-шарнірныя аркі, кансольна-арачныя фермы). Бываюць адна- і шматпралётныя (з шарнірным злучэннем частак). Найб. эфектыўныя шматпралётныя кансольна-бэлечныя сістэмы. К.с. выкарыстоўваюцца пераважана ў гідратэхн. і прамысл. буд-ве.

т. 7, с. 592

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНТАДЖЭ́Н (ад лац. kontego укрываць),

1) хаатычная канцэнтрацыя ці групоўка арганізмаў, што склалася ў выніку стыхійнага працэсу паводле масавага высялення жывёл у неўласцівыя для іх мясцовасці (напр., пры высяленнях у час стыхійных бедстваў або пад уплывам антрапагенных фактараў).

2) Метад вывучэння распаўсюджанасці віду, заснаваны на атрыманні проб па квадратах і складанні рада градацый шчыльнасці відавога насельніцтва.

т. 7, с. 602

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНТЫНГЕ́НТ [ад лац. contingens (contingentis) які дастаецца на долю],

1) сукупнасць людзей, што складаюць аднародную ў якіх-н. адносінах групу, катэгорыю, напр., К. вучняў.

2) Устаноўленая для якіх-н. мэт найб. колькасць, норма чаго-небудзь. Напр., норма прыёму ў ВНУ. У знешнім гандлі — устаноўленая ў афіцыйным парадку пэўная колькасць пэўнага тавару, якую краіна можа ўвозіць (ці вывозіць) за мяжу.

т. 8, с. 7

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРАКАНДА́МА,

горад Баспорскай дзяржавы, які згадваецца Страбонам і інш. ант. аўтарамі. Мяркуецца, што горад знаходзіўся на паўд. беразе Таманскага зал. на мысе Тузла, дзе захаваліся рэшткі ант. паселішча і яго некропаля. З сярэдзіны 19 ст. неаднаразова даследаваўся археолагамі. Паселішча існавала з 6 ст. да н. э. да 4 ст. н. э., тут жылі разам грэкі, сінды, меоты і інш.

т. 8, с. 46

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРПА́ЦКІХ КУРГАНО́Ў КУЛЬТУ́РА,

археалагічная культура 2 — пач. 6 ст., помнікі якой пашыраны на тэр. Чарнавіцкай, Івана-Франкоўскай і Закарпацкай абл. Украіны і Румыніі. Помнікі яе даследаваліся з 1880-х г. Выяўлены рэшткі наземных паўзямлянкавых жытлаў, пахаванні з абрадам трупаспалення, шматлікія прадметы побыту. Носьбіты культуры — аселыя земляробча-жывёлагадоўчыя плямёны, якія, відаць, былі продкамі харватаў, што згадваюцца ў «Аповесці мінулых гадоў».

т. 8, с. 94

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́ЛЬКАСЦЬ ЦЕПЛАТЫ́, цеплата,

фізічная велічыня, якая вызначаецца той часткай унутр. энергіі, што атрымлівае (аддае) цела (фіз. сістэма) у працэсе цеплаабмену без выканання мех. работы. К.ц. — функцыя працэсу змены стану цела, элементарная К.ц. δ Q = CndT, дзе Cn — цеплаёмістасць цела ў канкрэтным працэсе, dT — малая змена т-ры цела. Адзінка К.ц. ў СІджоўль. Гл. таксама Першы закон тэрмадынамікі.

т. 8, с. 393

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)