«ПАГО́НЯ»,

герб, выява вершніка з занесеным над галавой мячом. На ўзнікненне «П.» і замацаванне на стараж. землях Беларусі паўплывала спалучэнне шэрагу фактараў: атаясамліванне яе з выявай абаронца Бацькаўшчыны; уплыў грэка-візантыйскіх хрысц. традыцый, культаў св. Дзмітрыя — заступніка ўсяго славянства, св. Георгія — заступніка рыцарства, а ва ўсх. славян — і земляробства; адаптацыя іх вобразаў на мясц. глебе і фарміраванне пад іх уплывам іканаграфіі ўласных пакутнікаў; спалучэнне ў адзіны вобраз язычніцкага бажаства Ярылы і св. Барыса; пэўны ўплыў праз польскую і крыжацкую геральдыку зах.-еўрап. традыцый адлюстравання коннай постаці рыцара на пячатках феад. іерархаў. Фарміраванне «П.» як герба ВКЛ адбывалася на працягу 13—16 ст. Бел.-літоўскія летапісы 16—17 ст. звязвалі ўзнікненне «П.» з князямі Нарымонтам, Віценем, Рымантам-Васілём. Упершыню ва Усх. Еўропе выява ездака сустракаецца на пячатках кн. Аляксандра Неўскага (1220—63), яна ёсць на пячатцы полацкага кн. Глеба (Нарымонта) на дагаворы 1330 з Рыгай. З 1370-х г. «П.» прысутнічае на пячатках уладароў ВКЛ. Статут ВКЛ 1566 юрыдычна замацаваў выкарыстанне герба «П.» за этнічнымі бел. землямі. Яго размяшчалі на сцягах і харугвах ВКЛ, на павятовых ваяводскіх і канцылярскіх пячатках ВКЛ.

Пасля далучэння Беларусі да Рас. імперыі ў канцы 18 ст. ўрад Кацярыны II надаў герб «П.» шэрагу бел. гарадоў, Бел. гусарскаму палку (1775), «П.» была адлюстравана ў гербах Гродзенскай, Віленскай і Віцебскай губ., Ашмянскага. Вілейскага, Дзісенскага і Лідскага пав. «П.» карысталіся таксама Гродзенскі лейб-гвардыі гусарскі полк, Полацкі мушкецёрскі полк і інш. «П.» выкарыстоўвалі паўстанцы 1794, 1830—31, 1863—64. Герб «П.» прысутнічаў у Вял. дзярж. гербе Рас. імперыі, дзе атаясамліваўся з Полаччынай, Віцебшчынай, Віленшчынай і Беласточчынай. Пасля абвяшчэння ў 1918 Бел. Нар. Рэспублікі была спроба яго адрадзіць. Каб падкрэсліць гіст.-юрыд. пераемнасць з ВКЛ, герб «П.» ў 1918 быў абвешчаны дзярж. гербам Літоўскай рэспублікі. У 1990 Літва аднавіла герб «П.» як дзяржаўны пад назвай «Віціс». У час 2-й сусв. вайны былі спробы бел. калабарантаў легітымізаваць яго.

З 19.9.1991 да 7.6.1995 «П.» была дзярж. гербам Рэспублікі Беларусь.

Літ.:

Заканадаўчыя акты аб дзяржаўнай сімволіцы Рэспублікі Беларусь. 2 выд. Мн., 1994;

Цітоў А. Наш сімвал — Пагоня: Шлях праз стагоддзі. 2 выд. Мн., 1993;

«Пагоня» ў сэрцы — тваім і маім. Мн., 1995.

А.​К.​Цітоў.

Да арт. «Пагоня»; 1 — харугва Гродзенскага пав. 16—18 ст.; 2 — герб Віцебска 1781.

т. 11, с. 479

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПУСЭ́Н (Poussin) Нікала (15.6.1594, г. Лез-Андэлі, Францыя — 19.11.1665),

французскі жывапісец; адзін з пачынальнікаў і найбуйнейшы прадстаўнік класіцызму. Вучыўся ў К.​Варэна. Зазнаў уплывы А.​Карачы, Даменікіна, Рафаэля, Тыцыяна; вывучаў ант. мастацтва, трактаты Леанарда да Вінчы і А.​Дзюрэра; займаўся перспектывай, анатоміяй і матэматыкай. Працаваў у Парыжы (1612—24 і 1640—42) і Рыме (з 1624). З ранніх работ захаваліся ілюстрацыі да «Метамарфозаў» Авідзія, «Энеіды» Вергілія, твораў Ціта Лівія, Дж.​Марына (каля 1622—24). Творчасць 2-й пал. 1620—30-х г. вызначаецца стылявой разнастайнасцю: творы высокага грамадзянскага гучання («Смерць Германіка», 1626—27), у духу барока («Пакутніцтва св. Эразма», каля 1628—29); асаблівай актыўнасцю колеравага ладу, блізкага традыцыям венецыянскай школы, адметныя карціны на міфалагічныя і літ. тэмы: «Венера спіць», «Нарцыс і Рэха», «Рынальда і Арміда» (усе каля 1625—27), «Царства Флоры» (каля 1631—32), «Танкрэд і Эрмінія» (1630-я г.). У творах 1630-х г. класіцыстычныя прынцыпы выяўляюцца праз яснасць кампазіцыйнага рытму, які ўспрымаецца як адлюстраванне разумнага пачатку і надае веліч высакародным учынкам чалавека: «Аркадскія пастухі» (каля 1629—30), «Выкраданне сабінянак» (каля 1635), «Натхненне паэта» (1635—38), «Ізраільцяне збіраюць манну» (каля 1637—39), «Знаходжанне Майсея» (1638). З 1640-х г. развіваў прынцыпы ідэальнага пейзажа, прадстаўляў прыроду як увасабленне дасканаласці і мэтазгоднасці. Часта ўводзіў у пейзаж міфалагічныя персанажы: («Кармленне немаўляці Юпітэра», 1640; «Пейзаж з Паліфемам», каля 1649; «Пейзаж з Геркулесам» 1654; «Арыён», каля 1650—55; «Апалон і Дафна», 1664), выкарыстоўваў біблейскія казанні, праз якія ў духу стаіцызму выражаў ідэю пра лёс як пачатак, што рэгулюе ўзаемаадносіны чалавека і свету («Св. Іаан на Патмасе», каля 1644—45; серыя «Поры года», 1660—64). Некат. творы гэтага перыяду вызначаюцца разважлівасцю, перавагай абстрактнай ідэі над пачуццём («Час выратоўвае Ісціну ад намераў Зайздрасці і Разладу», 1642; «Сем таінстваў», 1644—48), узмацненнем этыка-філас. пафасу («Майсей высякае ваду са скалы», «Эліазар і Рэвека», абодва каля 1648; «Адпачынак на шляху ў Егіпет», каля 1658).

Тв.:

Рус. пер. — Письма. М.; Л., 1939.

Літ.:

Гликман А.С. Никола Пуссен. Л.;

М., 1964;

Золотов Ю.К. Пуссен и вольнодумцы // Советское искусствознание, 1978. М., 1979. Вып. 2.

С.​У.​Пешын.

Н.Пусэн. Кармленне немаўляці Юпітэра. 1640.

т. 13, с. 130

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САПЕ́ГА Ян Казімір (? — 22.2.1730),

дзяржаўны і ваенны дзеяч Рэчы Паспалітай і Рас. імперыі. Ген.-фельдмаршал рас. службы (1726). З роду Сапегаў. Вучыўся ў езуіцкіх калегіумах Варшавы (да 1685) і Брунсберга (Бранева, 1692). З 1682 староста бабруйскі, з 1697 пасол (дэпутат) сойма ад Брэсцкага ваяв. Удзельнік Паўночнай вайны 1700—21. У 1702 далучыўся да войска караля Рэчы Паспалітай Аўгуста II, але неўзабаве перайшоў на бок шведаў. Адзін з ініцыятараў Варшаўскай канфедэрацыі 1704, створанай для дэтранізацыі Аўгуста II і абрання каралём Станіслава Ляшчынскага. Атрымаў шэраг перамог над войскамі Аўгуста II, у т. л. каля Пултуска (1704), Ляхавічаў (1709), удзельнік няўдалай бітвы каля Каліша (1706), 13.5.1709 разбіты рус. войскамі каля Лядухава (Украіна). У 1708—09 вял. гетман літоўскі (прызначаны шведскім каралём Карлам XII). Пасля паражэння шведаў у Палтаўскай бітве 1709 перайшоў на бок рускіх і Аўгуста II і дамогся для сябе амністыі. Аднак страціўшы пасаду гетмана, з канца 1709 з мэтай вяртання гетманскай булавы зноў павёў барацьбу (у 1711—13 узброеную) супраць Аўгуста II. У 1713 зноў перайшоў на яго бок і атрымаў амністыю. Выношваў план захопу Карла XII у час яго праезду праз Польшчу з Бендэр (Малдова) у Памор’е і выдачы яго аднаму з кіраўнікоў Сандамірскай канфедэрацыі 1704 вял. кароннаму гетману А.​Сяняўскаму. Але пасля няўдачы гэтай аперацыі быў сам арыштаваны прыхільнікамі Аўгуста II і аддадзены пад суд гетманаў; вызвалены праз заступніцтва крымскага хана Дэўлет-Гірэя. У 1720 разарваў адносіны з Аўгустам II. Намерваўся ажаніць свайго сына Пятра з Марыяй — дачкой рас. князя А.​Д.​Меншыкава, які хацеў з дапамогай С. атрымаць Курляндскае і Земгальскае герцагствы (заручыны адбыліся вясной 1726 у Пецярбургу, падарожжа С. ў рас. сталіцу апісана ў яго дзённіку). Аднак планы Меншыкава і С. не здзейсніліся, і пасля скасавання заручын іх адносіны пагоршыліся. Тым не менш С. застаўся пры двары Кацярыны I і захаваў свае пазіцыі пры Пятру II [1727—30]. Удзельнічаў у рабоце вышэйшых дзярж. устаноў Расіі. Пасля ссылкі Меншыкава (1727) ген.-губернатар Пецярбурга і Інгрыі. Вясной 1728 выехаў у ВКЛ, каб умацаваць пазіцыі Сапегаў у дзяржаве, але беспаспяхова.

Літ.:

Артамонов В.А. Россия и Речь Посполитая после Полтавской победы (1709—1714). М., 1990;

Kriegseisen W. Diariusz petersburgskiej podróży Jana i Piotra Sapiehów z 1726 r. Warszawa, 1993.

А.​М.​Лукашэвіч.

Ян Казімір Сапега. Гравюра 18 ст.

т. 14, с. 166

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТЭ́НІС, лаун-тэніс (ад англ. lawn лужок, газон + tennis, магчыма, ад франц. tenez вось вам, бярыце),

спартыўная гульня, мэта якой — пасыланне мяча ўдарамі ракеткі праз сетку на корце такім чынам, каб сапернік не змог правільна адбіць яго ў межы чужой паловы пляцоўкі. Спаборніцтвы праводзяцца адзіночныя і парныя (мужчынскія, жаночыя і змешаныя пары). Інвентар: ракетка (маса да 400 г, драўляная, метал. або пластмасавая), гумавы мяч, абклеены тканінай з ворсам (маса 57 г, дыяметр да 6,7 см).

Правобраз Т. — гульня з мячом, які перабівалі праз сетку далонню, што існавала ў 12—14 ст. у Англіі, Італіі, Францыі. Ракеткі выкарыстоўваюцца з пач. 16 ст. Сучасны Т. узнік у Вялікабрытаніі ў канцы 19 ст. Першыя правілы распрацаваны англічанінам У.​Уінгфілдам (1874). Назва лаун-Т. з’явілася ў 1875. Міжнар. федэрацыя Т. створана ў 1912 (Парыж). У 1896—1924 уваходзіў у праграму Алімп. гульняў. Чэмпіянатам свету сярод мужчынскіх каманд лічыцца штогодні розыгрыш Кубка Дэвіса (засн. ў 1900 амерыканцам Д.​Дэвісам). Чэмпіянатамі свету ў асабістым заліку (у мужчын і жанчын) лічацца: на травяных кортах — Уімблданскі турнір у Лондане (з 1877), на грунтавых — адкрыты чэмпіянат Францыі (Ралан Гарос) у Парыжы (з 1891). З 1970 праводзіцца неафіц. чэмпіянат свету, які складаецца з 12 папярэдніх турніраў у розных краінах (96 удзельнікаў) і фінальнага (для 8 лепшых удзельнікаў). Чэмпіянаты Еўропы праводзяцца з 1968. Штогод праводзяцца спаборніцтвы (асабісты залік) на Кубак «Вял. шлема» — апошні ў сезоне турнір для 16 мацнейшых тэнісістаў па выніках 4 буйнейшых турніраў года (адкрытыя чэмпіянаты Аўстраліі, Францыі, ЗША і Уімблданскі турнір). Т. развіты ў большасці краін, найб. — у Аўстраліі, Вялікабрытаніі, Германіі, ЗША, Францыі, Швецыі і інш.

На Беларусі Т. развіваецца з 1921 (г. Віцебск, Мінск, Магілёў і інш.). 1-ы чэмпіянат Беларусі быў уключаны ў праграму I Усебел. свята фіз. культуры (1924). Шырокае развіццё набыў з 2-й пал. 1940-х г. У розыгрышы Кубка Дэвіса нац. каманда ўдзельнічае з 1994. У 1978 у Мінску здадзены ў эксплуатацыю Палац тэніса (з 1996 — Нацыянальны цэнтр алімпійскай падрыхтоўкі па тэнісе і настольным тэнісе Рэспублікі Беларусь). Сярод трэнераў найб. вызначыліся М.​Звераў, Г.​Краўкоў, Г.​Пятроў, А.​Эйдэльмян і інш., спартсменаў-тэнісістаў — Н.Барадзіна, Н.Зверава, С.Леанюк, В.​Барабаншчыкава, У.​Валчкоў, В.​Казакевіч, М.​Мірны, С.​Цяцерын і інш.

С.​А.​Каган.

т. 16, с. 128

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХЕ́ТЫ,

індаеўрапейскі народ, які ў канцы 3-га тыс. да н.э. — 8 ст. да н.э. насяляў цэнтр. частку М.​Азіі. Некат. вучоныя лічаць, што Х. перасяліліся ў М.​Азію праз Каўказ ці праз Балканскі п-аў, іншыя — што яны належалі да стараж. насельніцтва М.​Азіі. На мяжы 3-га — 2-га тыс. да н.э. знаходзіліся на стадыі распаду родавага ладу. Займаліся жывёлагадоўляй, садаводствам і вінаробствам. Х. адкрылі спосаб плаўкі сталі. У 18 ст. да н.э. засн. Хецкае царства. Каля 1595 да н.э. захапілі і разрабавалі Вавілон, у пач. 14 ст. падпарадкавалі дзяржаву Мітані. Перасяленне на У «народаў мора» стала штуршком, да падзення дзяржавы Х. Пазней яны растварыліся сярод фрыгійцаў і арамеяў. Гісторыю і матэрыяльную культуру Х. вывучае хеталогія.

Х. стварылі высокую культуру, якая спалучала традыцыі мясц. малаазійскія, стараж.-егіп. і шумера-вавілонскія (гл. Вавілона-асірыйская культура), паўплывала на мастацтва краін-суседзяў (Асірыя, Сірыя, Урарту). У буд-ве яны выкарыстоўвалі грубаапрацаваны камень, масіўныя каменныя блокі, шчыльна злучаныя насуха (цыклапічная муроўка). Іх буйныя паселішчы ўключалі цытадэль (на вяршыні скалы ці ўзгорка), былі абкружаны сценамі. Найб. значны помнік горадабудаўніцтва і архітэктуры — Хатусас (гл. Багазкёй). Сярод помнікаў Позняга перыяду — гарады Самаль і Кархемыш з палацавымі будынкамі тыпу «біт-хілані». Для афармлення гар. сцен выкарыстоўвалі высокія і плоскія рэльефы (паўфігуры львоў і сфінксаў на варотах крапасных сцен у Хатусасе), для абліцоўкі палацаў — артастаты — выявы божастваў, жывёл, сцэны з прыдворнага жыцця. На скалах высякалі сцэны працэсій божастваў. Рэльефы 2-га тыс. да н.э. падначалены ўмоўнаму канону: галава і ногі — у профіль, плечы і вока — у фас. Вядома і круглая скульптура (статуі божастваў) з рысамі асірыйскага і арамейскага мастацтва. Высокага ўзроўню дасягнула маст. апрацоўка металу (штандары-эмблемы, статуэткі божастваў), т.зв. кападакійская кераміка (паліхромныя і размаляваныя пасудзіны, манахромная, чорна- і чырвонаглянцаваная, збаны, чашы, пасудзіны з арнаментам, выявамі галоў жывёл), былі пашыраны чырвонаглянцаваныя пасудзіны, выкананыя на ганчарным крузе. У перыяд Новага Хецкага царства пераважала размаляваная паліхромная кераміка, пакрытая палівай, вял. парадныя пасудзіны з рэльефнымі выявамі. Характэрны таксама пячаткі ў форме круглага штэмпеля з сім. кампазіцыямі з іерагліфічных і сімвалічных выяў.

Літ.:

Гарни О.Р. Хепы: Разрушители Вавилона: Пер. с англ. М., 2002.

Да арт. Хеты. «Ільвіныя» вароты крапасной сцяны Хатусаса. Фрагмент.
Да арт. Хеты. Наверша штандара ў выглядзе аленя з Аладжа-Хююк.
Да арт. Хеты. Керамічная пасудзіна з Кюль-Тэпе.

т. 17, с. 15

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБ’ЕКТЫ́ЎНАЕ,

тое, што належыць самому аб’екту, існуе незалежна ад дзеючага суб’екта і яго свядомасці. Тэрмін аб’ектыўнае мае некалькі аспектаў. Анталагічны ўключае ўяўленне аб аб’ектыўным як існуючым па-за чалавекам і чалавецтвам і незалежна ад іх (напр., памеры і канфігурацыі рэчаў як іх аб’ектыўныя ўласцівасці). Гнасеалагічны звязаны з уяўленнем аб аб’ектыўным як уласцівасці ведаў, упэўненасці ў тым, што яны адлюстроўваюць аб’ект, які даследуецца, у сваіх асабістых характарыстыках (напр., найб. фундаментальныя характарыстыкі сістэм нежывой прыроды — скорасць святла, гравітацыйная пастаянная, у біял. відавой папуляцыі — суадносіны паміж асобінамі рознага полу). У аб’ектыўным ідэалізме аб’ектыўнае — гэта ідэі і паняцці, што існуюць незалежна ад суб’екта. У грамадскім жыцці пад аб’ектыўным разумеюць працэсы і фактары, якія не залежаць ад волі і жаданняў людзей. Аб’ектыўным з’яўляюцца сац. законы, хоць яны фарміруюцца праз механізм чалавечай дзейнасці. Аб’ектыўнае проціпастаўляецца суб’ектыўнаму і суб’ектыўна-асабоваму. Аднак такое проціпастаўленне не мае абсалютнага характару: тое, што ў адных адносінах з’яўляецца аб’ектыўным, у іншых можа быць суб’ектыўным.

У.​К.​Лукашэвіч.

т. 1, с. 20

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБ’ЕКТЫ́ЎНАЯ РЭА́ЛЬНАСЦЬ,

сукупнасць незалежных ад чалавечай свядомасці аб’ектаў, сувязяў, адносін, узаемадзеянняў, працэсаў, аб’яднаных у нежывыя, жывыя і сац.-арганізаваныя сістэмы. Жывыя сістэмы ўключаюць усю сукупнасць арганізмаў, здольных да самаўзнаўлення на аснове генетычнай інфармацыі. Сац.-арганізаваныя сістэмы — гэта сукупнасць індывідуумаў і іх згуртаванняў, якія падтрымліваюць сваё існаванне праз пераўтварэнне навакольнай рэчаіснасці. У структуру такіх сістэм уваходзяць таксама створаныя чалавекам тэхн. сістэмы, з дапамогай якіх ён больш паспяхова асвойвае рэчаіснасць. Унутраная падпарадкаванасць і сістэмная арганізацыя, якімі валодае аб’ектыўная рэальнасць, законы яе эвалюцыі складаюць найважнейшы элемент даследаванняў. З улікам характару аспектаў аб’ектыўнай рэальнасці, якія даследуе тая ці інш. дысцыпліна, вылучаюць фіз. рэальнасць, біял. рэальнасць і г.д. і адпаведна карціну фіз. рэальнасці, карціну біял. рэальнасці і г.д. як найбольш буйныя блокі ведаў. Агульныя характарыстыкі аб’ектыўнай рэальнасці адлюстроўвае агульнанавук. карціна сусвету.

Літ.:

Идеалы и нормы научного исследования. Мн., 1981;

Пригожин И., Сонгере И. Порядок из хаоса: Новый диалог человека с природой. М., 1986;

Проблемы познания социальной реальности. М., 1990.

У.​К.​Лукашэвіч.

т. 1, с. 20

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДЗЁР,

вострая вірусная хвароба чалавека, якая характарызуецца павышанай тэмпературай, інтаксікацыяй, катаральным запаленнем верхніх дыхальных шляхоў і вачэй, высыпкай на целе. Перадаецца паветрана-кропельным шляхам ад хворага. Інкубацыйны перыяд 8—10 (макс. 17) дзён. Хварэюць людзі любога ўзросту, але часцей дзеці ад 1 да 7 гадоў (да 3 месяцаў дзейнічае матчын імунітэт).

Адрозніваюць 3 перыяды хваробы: катаральны (3—4 дні), калі з’яўляюцца дробныя шаравата-белыя з чырвонай аблямоўкай плямкі на слізістай губ; перыяд высыпання (4—5 дзён) — высыпка з’яўляецца на твары, затым на ўсім целе; праз 3—4 дні яна знікае, застаецца пігментацыя і лушчэнне скуры; працягваецца 7—10 дзён. На ўсіх стадыях хваробы могуць узнікнуць ускладненні на органы дыхання (ларынгіт, фарынгіт, трахеіт, пнеўманія, абсцэс лёгкага), страўнікава-кішачны тракт (стаматыт, энтэракаліт), на скуру (піядэрмія), нервовую сістэму (менінгіт, менінгаэнцэфаліт, міэліт, энцэфаламіэліт), зрок (кератыт) і слых (атыт). Спецыфічных лек. сродкаў супраць адзёру адру* няма. Найб. дзейсны метад прафілактыкі — супрацьадзёрная вакцына. Прышчэпкі робяць дзецям у 12 месяцаў і ў 7 гадоў.

т. 1, с. 107

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДЗІНЦЭ́ВІЧЫ, Адынцэвічы,

старажытны княжацкі род герба «Адынец» у ВКЛ. Верагодна, з нашчадкаў Рурыкавічаў, хоць іх уласны радавод у Супрасльскім рукапісе прыпісвае родапачынальніку Івану Адынцу паходжанне «ад немцаў». У 15—16 ст. Адзінцэвічы валодалі часткай Друцкага княства з маёнткамі Багрынава, Гольцава, Рэпухава, Шыйкі, а таксама Нястанавічамі ў Менскім пав. Вызнавалі праваслаўе. Значнай ролі ў паліт. жыцці не адыгрывалі.

У 1432 упамінаецца Фёдар Андрэевіч як прыхільнік Свідрыгайлы. Ад трох яго сыноў пайшлі асобныя лініі Адзінцэвічаў: гольцаўская (згасла ў пач. 16 ст.), багрынаўская (верагодна, згасла ў пач. 17 ст.) і дзярэчынская (найб. значная). Прадстаўнік апошняй Сямён Багданавіч (? — 1542), староста любашанскі (1536), праз шлюб з княжной Н.​М.​Сангушкаўнай набыў частку Дзярэчына ў Слонімскім пав. Яго сын Андрэй (? — 1566), ротмістр каралеўскі (1555), маршалак і староста аршанскі (1559), памёр без нашчадкаў.

На працягу 17—19 ст. вядомы шляхецкія роды з прозвішчамі Адзінцэвіч і Адынец. Яны, найб. верагодна, не маюць дачынення да княжацкага роду Адзінцэвічаў.

В.​Л.​Насевіч.

т. 1, с. 109

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕ́ЛАЎ (Bellow) Сол (н. 10.6.1915, г. Лашын, Канада),

амерыканскі пісьменнік. З сям’і эмігрантаў-яўрэяў з Расіі. Скончыў ун-т у Манрэалі (1937), пасяліўся ў ЗША. У цэнтры твораў — праблема асобы, якую даследуе праз экзістэнцыялісцкія антыноміі: свабода і выбар (раман «Непрыкаяны чалавек», 1944), ахвяра і кат (аповесць «Ахвяра», 1947), індывід. і грамадская прырода чалавека (аповесць «Лаві момант», 1956; раман «Гендэрсан, кароль дажджу», 1959). Пошукі чалавекам сябе і свайго месца ў свеце, вера ў духоўныя каштоўнасці і культ. традыцыі і адначасова цвярозае ўсведамленне антаганізмаў сучаснай цывілізацыі ў раманах «Прыгоды Огі Марча» (1953), «Герцаг» (1964), «Планета містэра Самлера» (1970; за ўсе Нац. прэміі ЗША 1953, 1964, 1970), «Снежань дэкана» (1982), «Больш паміраюць ад разбітага сэрца» (1987), зб. апавяданняў «Разявака і іншыя апавяданні» (1984) і інш. Скептыцызмам прасякнуты раман пра інтэлектуальную Амерыку «Дар Гумбальта» (1975, Пулітцэраўская прэмія). Проза Белава філасофская, інтэлектуальная, псіхалагічная. Нобелеўская прэмія 1976.

Тв.:

Рус. пер. — Родственники: Повести. М., 1991;

Герцог: Роман. М., 1991.

С.Белаў.

т. 3, с. 71

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)