ПРАСЛЕ́ДАВАННЕ,

від баявых дзеянняў; наступленне на адыходзячага праціўніка з мэтай яго знішчэння або ўзяцця ў палон. Сутнасць П. ў нанясенні моцных агнявых удараў, імклівага руху наперад для выхаду на флангі і тыл праціўніка. П. ажыццяўляецца пры адступленні праціўніка ці наўмысным адводзе ім войск на новыя рубяжы, пры поспеху ў сустрэчным баі, нанясенні контрудару і інш., можа быць паралельнае і франтальнае.

П. выкарыстоўвалася амаль ва ўсіх войнах, у т. л. тых, што адбываліся з удзелам ВКЛ. У больш позні час класічны прыклад П. — баявыя дзеянні франц., а потым рас. армій у вайну 1812.

У сучасных войнах і аперацыях П. як від баявых дзеянняў практыкуецца рэдка або зусім не ажыццяўляецца.

т. 13, с. 18

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПСКО́ВА АБАРО́НА 1581—82,

абарона гарнізона (4 тыс. дваран, стральцоў і казакоў) і ўзбр. гараджан (12 тыс. чал.) г. Пскоў на чале з кн. І.​П.​Шуйскім ад 50-тысячнай арміі караля Рэчы Паспалітай Стафана Баторыя ў канцы Лівонскай вайны 1558—83. 24—26.8.1581 армія Рэчы Паспалітай аблажыла Пскоў. Абаронцы горада адбілі больш за 30 штурмаў праціўніка (асабліва моцныя 8 вер. і 2 ліст.). Недахоп пораху прымусіў Стафана Баторыя з ліст. 1581 весці пасіўную аблогу. Рас. цар Іван IV прыслаў пад Пскоў паслоў з прапановай аб міры. 15.1.1582 падпісаны Ям-Запольскі мірны дагавор 1582, які спыніў вайну паміж Расіяй і Рэччу Паспалітай. 4.2.1582 войскі Стафана Баторыя адышлі ад Пскова.

т. 13, с. 105

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПУРЫШКЕ́ВІЧ (Уладзімір Мітрафанавіч) (24.8.1870, Кішынёў — лют. 1920),

расійскі паліт. дзеяч. Адзін з заснавальнікаў чарнасоценнага Саюза рускага народа (1905), пасля расколу якога ўзначаліў Саюз Міхаіла Архангела (1908). Дэп. 2—4-й Дзярж. думы, быў адным з лідэраў крайне правых. У 1-ю сусв. вайну патрабаваў «моцнай улады» для дасягнення перамогі. Удзельнік забойства Р.Я.Распуціна (30.12.1916). Пасля Лют. рэвалюцыі 1917 выступаў за разгон Саветаў і аднаўленне манархіі. Пасля Кастр. рэвалюцыі 1917 узначаліў антыбальшавіцкую змову ў Петраградзе. Арыштаваны і прыгавораны сав. судом да прымусовых работ. Пасля амністыі (1.5.1918) супрацоўнічаў з белагвардз. рухам на Пд Расіі, выдаваў у Растовена-Доне газ. «Благовест».

Тв.:

Дневник «Как я убил Распутина». М., 1990 [рэпр. выд.: Рига, 1924].

т. 13, с. 127

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЯТРО́Ў (Васіль Іванавіч) (н. 31.12.1918, с. Бяляева Веліжскага р-на Смаленскай вобл., Расія),

дзяржаўны дзеяч БССР. Ген.-лейт. (1964). Скончыў Кіеўскае ваен. вучылішча сувязі (1938), экстэрнам юрыд. ф-т Львоўскага ун-та (1951). З 1938 у органах дзяржбяспекі. У Вял. Айч. вайну на Паўд.-Зах., Сталінградскім, Паўд. і 4-м Укр. франтах. З 1945 у Прыкарпацкай ваен. акрузе. У 1954—58 у цэнтр. апараце КДБ СССР, у 1956—59 нач. асобага аддзела КДБ пры СМ СССР па БВА. У 1959—70 старшыня КДБ БССР. У 1970—80 нач. асобага аддзела КДБ пры СМ СССР ў Паўн. групе войск. Дэп. Вярх. Савета БССР (1961—67), чл. ЦК КПБ (1960—71).

Я.​С.​Фалей.

т. 13, с. 167

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАВА́НІЧЫ,

вёска ў Чэрвеньскім р-не Мінскай вобл., на аўтадарозе Чэрвень — в. Раваніцкая Слабада. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 30 км на ПнУ ад г. Чэрвень, 85 км ад Мінска, 45 км ад чыг. ст. Смалявічы. 885 ж., 324 двары (2001). Спірт- і вінзаводы, лясніцтва. Сярэдняя школа, клуб, б-ка, бальніца, амбулаторыя, аптэка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан. Помнікі ў гонар партыз. брыгады імя М.​Шчорса і землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну. Помнікі архітэктуры: Раваніцкі палацава-паркавы комплекс і касцёл св. Антонія (1790). У вёсцы ў 19 ст. дзейнічалі Раваніцкая суконная мануфактура і Раваніцкая фабрыка шавецкіх шпілек.

Т.​І.​Маслоўская.

т. 13, с. 191

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАХМА́ТАЎ (Адхам) (22.12.1909, г. Каканд, Узбекістан — 23.2.1983),

узбекскі пісьменнік. Скончыў Вышэйшыя літ. курсы ў Маскве (1953). У Вял. Айч. вайну ваен. карэспандэнт на Зах. і 3-м Бел. франтах. Літ. дзейнасць пачаў у 1930. Аўтар зб-каў вершаў і паэм для дзяцей «Вясёлыя напевы» (1939), «Вершы і казкі» (1949) і інш. У пасляваен. гады шмат падарожнічаў па мясцінах баявой славы сваіх землякоў, у т. л. па Беларусі. Вынік яго паездак — кнігі нарысаў, аповесцей і апавяд., прысвечаных Беларусі: «Аповесці пра гераізм» (1958), «Баявыя эпізоды» (1960), «Эпізоды Брэста» (1961), «Брэсцкія ўспаміны» (1962), «Генерал Сабір Рахімаў» (1963), «Галасы з акопаў», «Дарогамі перамогі», «Узбекскія генералы» (усе 1965). На бел. мову асобныя вершы Р. пераклаў А.​Астрэйка.

т. 13, с. 381

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАШТА́ЦКІ МІР 1714,

мірны дагавор, які разам з Утрэхцкім мірам 1713 завяршыў вайну за іспанскую спадчыну. Заключаны 6.3.1714 у г. Раштат (Германія) паміж імператарам «Свяшчэннай Рым. імперыі» (ён жа эрцгерцаг Аўстрыі) Карлам VI Габсбургам і Францыяй. Пацвердзіў умовы Утрэхцкага міру; Аўстрыя захавала пад сваёй уладай Сардзінію, атрымала значную ч. ісп. спадчыны (Неапалітанскае каралеўства, ч. Тасканы, Міланскае герцагства ў Італіі і Ісп. Нідэрланды), прызнала захаванне за Бурбонамі ісп. кароны. Францыя пагадзілася аддаць захопленыя ёю гарады і крэпасці на правым беразе Рэйна (Брайзах, Кель, Фрайбург) і разбурыць свае прырэйнскія ўмацаванні. Абвешчана свабода суднаходства па Рэйне. 7.9.1714 да дагавора далучыліся ням. дзяржавы «Свяшчэннай Рым. імперыі», што ўдзельнічалі ў вайне за ісп. спадчыну.

т. 13, с. 386

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РО́ЗЕНШЭЙН (Давід Іосіфавіч) (май 1903, г.п. Поразава Свіслацкага р-на Гродзенскай вобл. — пасля 1960),

дзеяч рэв. руху ў Зах. Беларусі, журналіст. У 1920—29 сакратар Віленскіх гаркомаў КСМ Літвы і КПЗБ, 2-і сакратар Віленскага, сакратар Гродзенскага акр. к-таў КПЗБ. Кіраваў цэнтр. краёвай рэдакцыяй КПЗБ. З 1934 рэдактар газ. «Чырвоны сцяг» і інш. выданняў КПЗБ і КСМЗБ на мовах насельніцтва Зах. Беларусі. Тройчы (1921, 1929, 1936) арыштаваны польск. ўладамі і асуджаны на розныя тэрміны зняволення. З кастр. 1939 супрацоўнік абл. газ. «Вольная праца» ў Беластоку, у Вял. Айч. вайнупадп. газ. «Белостокская правда», пасля вайны — газ. «Wolna Polska» («Свабодная Польшча») і «Wolność» («Свабода»). У 1953—59 на журналісцкай рабоце ў Мінску.

Э.​Р.​Іофе.

т. 13, с. 400

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РУБІКО́Н (лац. Rubico),

рака, якая сцякала са схілаў Апенін і ўпадала ў Адрыятычнае м. на Пн ад г. Арымін (цяпер г. Рыміні). Да 42 да н.э. па Р. праходзіла мяжа паміж Італіяй і рым. правінцыяй Цызальпінская Галія. Атрымала вядомасць пасля таго, як 10.1.49 да н.э. Юлій Цэзар насуперак закону (як праконсул мог узначальваць войска толькі па-за межамі Італіі) перайшоў цераз Р. і пачаў гэтым грамадз. вайну. Адсюль крылаты выраз «перайсці Р.» — прыняць беспаваротнае рашэнне. Дакладная ідэнтыфікацыя Р. з якой-н. з сучасных рэчак ускладнена тым, што з часоў антычнасці напрамкі цячэння рэк у гэтай мясцовасці значна змяніліся. У 1932 р. Ф’юмічына афіц. атрымала назву Рубікон.

А.​Г.​Зельскі.

т. 13, с. 421

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РУ́ДКІН (Піліп Мікітавіч) (27.11.1893, в. Чорная Сасна Мсціслаўскага р-на Магілёўскай вобл. — 12.10.1954),

Герой Сав. Саюза (1943), ген.-маёр танк. войск (1943). Скончыў Ваен. акадэмію механізацыі і матарызацыі Чырв. Арміі (1937). З 1915 у арміі, з 1917 у Чырв. гвардыі, з 1918 у органах ВЧК, НКУС: камандзір атрада, палка, дывізіі. Удзельнік баёў пад Дзвінскам, Псковам, задушэння паўстанняў у Маскве, Разані, Кранштаце, Булак-Балаховіча паходу 1920. У Вял. Айч. вайну з 1941 на Карэльскім, Паўд.-Зах., 3-м Бел. франтах: камандзір танк. брыгады, корпуса, нам. камандуючага бранятанк. і механізаванымі войскамі фронту. Вызначыўся ў баях пад Кантэміраўкай, Валуйкамі і Харкавам (Украіна). Да 1952 на адказных пасадах у ваен. акругах.

П.М.Рудкін.

т. 13, с. 429

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)