абвінавачаны, якога аддалі пад суд. Паводле працэсуальнага заканадаўства Рэспублікі Беларусь (КПК у рэдакцыі 1960) мае права браць удзел у суд. разглядзе яго справы, заяўляць адводы і хадайніцтвы, прад’яўляць доказы, выступаць у суд. спрэчках, выступаць з апошнім словам, абскарджваць прыгавор і вызначэнне суда. Яўка П. ў суд абавязковая. Разбор справы пры адсутнасці П. дапускаецца ў выключных выпадках, калі гэта не перашкаджае ўстанаўленню ісціны па сутнасці абвінавачвання. Свае правы П. рэалізуе сам або з дапамогай абаронца. Пасля вынясення абвінаваўчага прыгавору і набыцця ім законнай сілы П. становіцца асуджаным. КПК Рэспублікі Беларусь 1999 замест паняцця «П.» ўжывае паняцце «абвінавачаны», пакідаючы за ім тыя ж правы і абавязкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАНМІКСІ́Я (ад пан... + грэч. mixis змешванне),
выпадковае, свабоднае (неабмежаванае) скрыжоўванне разнаполых асобін з рознымі генатыпамі ў папуляцыі ці інш. унутрывідавой групе арганізмаў. У рознай ступені характэрна для большасці відаў жывёл і раслін і залежыць ад характару іх размнажэння. Тэрмін «П.» ўвёў А.Вейсман (1885). Поўная П. магчыма ў «ідэальных» папуляцыях (бясконца вял., у якіх кожная асобіна мае аднолькавыя магчымасці апладнення асобінай другога полу, пры адсутнасці адбору, ціску мутацый, міграцый і інш.), калі адбываецца выпадковае камбінаванне гамет і раўнаважнае размеркаванне частот генатыпічных класаў асобін у адпаведнасці з Хардзі—Вайнберга законам. У прыродзе ажыццяўляецца толькі ў той ці інш. ступені і забяспечвае генетыка-эвалюц. адзінства ўнутрывідавых груповак і віду ў цэлым.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРА́БАЛА (ад грэч. parabolē),
геаметрычнае месца пунктаў М плоскасці, адлегласці k і l якіх ад пэўнага пункта F (фокуса) і ад дадзенай прамой ДД′ (дырэктрысы) адпаведна роўныя паміж сабой; адно з канічных сячэнняў.
Прамая, якая праходзіць праз фокус перпендыкулярна да дырэктрысы, наз. воссю П., пункт перасячэння П. з воссю — яе вяршыняй. Пры ўмове, што вось П. паралельная восі ОХ і вяршыня П. супадае з пачаткам каардынат, ураўненне П. мае выгляд: y2 = 2 px, дзе p — адлегласць ад фокуса да дырэктрысы. П. — лінія 2-га парадку. Калі ў фокусе П. знаходзіцца крыніца святла (радыёхваль), то пасля адбіцця ад П. прамяні ўтвараюць паралельны пучок (гэта ўласцівасць выкарыстоўваецца ў пражэктарах і парабалічных антэнах).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРКЕ́Т (франц. parquet),
габляваныя драўляныя планкі (клёпкі) для насцілу падлогі, а таксама само пакрыццё такой падлогі. Робіцца з дубу, буку, ясеню, клёну, бярозы, грабу і інш., мастацкі П. — з драўніны каштоўных парод (арэху, чырвонага дрэва). Вызначаецца прыгожым выглядам, даўгавечнасцю, нізкай цепла- і гукапранікальнасцю.
Бывае шчытавы (мае аснову і пакрыццё з клёпак, наклееных на аснову), наборны, або мазаічны (з планак, падабраных па рысунку і наклееных вонкавым бокам на трывалую паперу), штучны (з асобных планак, прыклееных да асновы) і з паркетных дошак (рэйкі з папярочна наклеенымі планкамі). Пасля насцілу П. націраюць воскам, масцікай ці пакрываюць спец. паркетным лакам. Аддзелка паркетнай падлогі — струганне, цыкляванне і націранне, робіцца паркетастругальнымі, паркеташліфавальнымі і электрапалацёрнымі машынамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАСТА́ЎСКІ КРАЯЗНА́ЎЧЫ МУЗЕ́ЙЗасн. ў студз. 1974 у г. Паставы Віцебскай вобл., адкрыты ў лютым 1976. Пл. экспазіцыі 155 м², каля 7 тыс. экспанатаў асн. фонду (2001). Мае аддзелы: прыроды, гісторыі Пастаўскага р-на, Вял.Айч. вайны, этнаграфічны. Сярод экспанатаў археал. калекцыі кафлі 15 — пач. 20 ст., скарб талераў і ортаў 17 ст., планы панскіх маёнткаў, матэрыялы пра разгортванне і дзейнасць падполля і партыз. руху на тэр. раёна ў Вял.Айч. вайну, паліт. рэпрэсіі, развіццё нар. гаспадаркі ў пасляваенны час. У этнагр. экспазіцыі куток інтэр’ера сял. хаты, тканыя дываны, вышываныя «сеткі», керамічныя вырабы і інш. Музей праводзіць выстаўкі з асабістых фондаў і калекцый. фондаў інш. музеяў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕПТЫ́ДНАЯ СУ́ВЯЗЬ,
від аміднай сувязі; узнікае ў выніку ўзаемадзеяння α-амінагрупы (—NH2) адной амінакіслаты з α-карбаксільнай групай (—COOH) інш. амінакіслаты. Такія палімерныя малекулы (поліпептыдныя ланцугі) могуць складацца з соцень амінакіслотных звёнаў, а бялковая малекула — з аднаго ці некалькіх поліпептыдных ланцугоў. З’яўляецца адзінай кавалентнай сувяззю, з дапамогай якой амінакіслотныя астаткі злучаюцца паміж сабой і ўтвараюць каркас бялковай малекулы. Мае (на 40%) характар двайной (спалучанай) сувязі і таму карацей за адзінарную —C—N—сувязь. Часткова спалучаны характар —C—N—сувязі абумоўлівае плоскую канфігурацыю —C(O)—NH—групы (усе 4 атамы знаходзяцца ў адной плоскасці) і існаванне транс- (больш устойлівай) і цысформ. Ферментатыўнае ўтварэнне П.с. ў жывых клетках адбываецца ў працэсе біясінтэзу бялку.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ПЕРАДСМЯРО́ТНЫ РАЗГАВО́Р ПУСТЭ́ЛЬНІКА ПЯТРА́»,
«Перэдсьмертный розговор Пустэльніка Петра, каторый жыў у пушчы дзевецьдзесят лет, а памёр маючы сто сорок лет», бел. агітацыйная брашура. Надрукавана лацінкай на бел. мове ў невядомай падп. друкарні напярэдадні паўстання 1863—64. Мае памету: «Друкавана ў Кіеве». Складаецца з 16 старонак невял. фармату; уяўляе сабой празаічную гутарку — зварот выдуманага пустэльніка Пятра да шляхты і мужыкоў падтрымаць паўстанне «палякаў» супраць царызму. Ідэйнай накіраванасцю блізкая да «Гутаркі старога дзеда». У канцы надрукаваны бел. пераклад-пераробка патрыят. гімна «Божа, што Польшчы...». Мяркуючы па рэаліях гімна (Тураў, Петрыкаў), брашура прызначалася для распаўсюджвання ў паўд. частцы Беларусі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕРАХО́ДНАСЦЬу мове,
уласцівасць дзеяслова кіраваць формай вінавальнага склону назоўніка — прамога дапаўнення, што называе прадмет, на які непасрэдна пераходзіць дзеянне, абазначанае дзеясловам. Напр., «друкаваць газету», «чытаць кнігу». Проціпастаўленне пераходных і непераходных дзеясловаў («сініць» — «сінець», «будаваць» — «будавацца») утварае ў мове грамат. катэгорыю пераходнасці — непераходнасці. П. не маеспец. фармальных сродкаў выражэння ў самім дзеяслове, адзін і той жа дзеяслоў у залежнасці ад свайго значэння можа быць непераходным («паляўнічы кружыў па лесе») і пераходным («вецер кружыў снег у полі»). Усе зваротныя дзеясловы — абавязкова непераходныя, таму што афікс зваротнасці («-ся», «-ца») — былы займеннік «сябе», які і быў прамым дапаўненнем.
Літ.:
Шуба П.П. Сучасная беларуская мова: Марфаналогія. Марфалогія. Мн., 1987.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕ́ТРЫКАЎСКАЯ ПАКРО́ЎСКАЯ ЦАРКВА́,
помнік драўлянага дойлідства ў г. Петрыкаў Гомельскай вобл. Пабудавана ў канцы 17 — пач. 18 ст. ў в. Сотнічы. Першапачаткова — стараверская, з 1746 — уніяцкая, у 1836 перанесена ў Петрыкаў, перададзена праваслаўным. Тры квадратныя ў плане зрубы — бабінец, асн. аб’ём і алтарная частка — складзены з круглых бярвён з 6-граннымі «астаткамі». Знадворку сцены ашаляваны, аформлены пілястрамі і простымі карнізамі. Асн. аб’ём мае 3-ярусную кампазіцыю: 2 ніжнія ярусы чацверыковыя (з усечаным зверху шатром паміж імі), верхні — васьмярык на купальнай аснове і з купальным пакрыццём. Астатнія аб’ёмы трактаваны як невял. прыбудовы з 2- і 3-схільнымі дахамі. Над бабінцам невял. каркасная званіца з шатровым пакрыццём.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПНЕЎМАКАНІЁЗ (ад грэч. pneumon лёгкія + konia пыл),
прафесійная хвароба лёгкіх чалавека, абумоўленая ўздзеяннем прамысл. пылу. Пры П. развіваюцца склератычныя змены лёгачнай тканкі, у ёй разрастаецца злучальная тканка (гл.Пнеўмасклероз). Найб. небяспечны пыл з часцінкамі, меншымі за 5 мкм, які пры ўдыху пранікае ў глыбокія аддзелы лёгачнай тканкі. Выклікае П. расл. пыл (напр., мука, тытунь), жывёльны (футравы, валасяны), мінер. (азбеставы), метал. (алюмініевы, жалезны). Працяглае ўдыханне арган. пылу выклікае хранічны насмарк, ларынгіт, трахеіт, бранхіт, пнеўманію. Растварэнне часцінак пылу ў лёгачнай тканцы прыводзіць да ўтварэння таксічных хім. злучэнняў. Асабліва небяспечна ўдыханне пылу, які мае ў сабе свабодны двухвокіс крэмнію (гл.Сілікоз). Найб. частае ўскладненне П. — хранічная лёгачна-сардэчная недастатковасць. Лячэнне комплекснае.