ДАМІЦЫЯ́Н (Ціт Флавій) (Titus Flavius Domitianus; 24.10.51, Рым — 18.9.96),
рымскі імператар [81—96). Апошні з дынастыі Флавіяў, малодшы сын Веспасіяна. У 83 перамог герм. племя хетаў, арганізаваў буд-ва лімеса (сістэма пагран. умацаванняў), засн. правінцыі Ніжняя і Верхняя Германія. У 85—92 вёў барацьбу на Дунаі супраць цара дакаў Дэцэбала, у 89 вымушаны быў заключыць мір, паводле якога рымляне абавязваліся выплачваць дакам штогоднюю даніну. Праводзіў самадзяржаўную палітыку, абмяжоўваў уплыў сената, абапіраўся на саслоўе коннікаў і войска, загадаў называць сябе «гаспадаром і богам», што выклікала апазіцыю сената. Забіты ў выніку змовы і пракляты сенатам Біяграфія Д. выкладзена Светоніем.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАНА́Я,
у старажытнагрэчаскай міфалогіі дачка аргоскага цара Акрысія, якому прадказалі смерць ад рукі ўнука. Акрысій зняволіў прыгажуню Д. ў падзямелле, куды ніхто не мог увайсці. Аднак Зеўс трапіў да Д. ў выглядзе залатога дажджу і яна нарадзіла Персея. Паводле загаду бацькі Д. з сынам скінулі ў мора ў абабітай цвікамі скрыні. Іх выратаваў Дыктыс, рыбак з в-ва Серыфос. Пазней Д. з сынам вярнуліся на радзіму, дзе Персей незнарок забіў дзеда кінутым дыскам. Вобраз Д. шырока адлюстраваны ў выяўл. мастацтве (творы вазапісу, пампейскія фрэскі, карціны Л.Лота, А.Карэджа, Рэмбранта, Тыцыяна і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАПРАФЕСІ́ЙНАЯ ПАДРЫХТО́ЎКА,
агульнапрацоўная падрыхтоўка політэхн. і прафарыентацыйнага характару навучэнцаў агульнаадук. школ; базавы кампанент наступнага прафес. навучання. Мае на мэце садзейнічаць фарміраванню ўстойлівых арыентацый на прац. лад жыцця, маральна-псіхал. і ў пэўнай меры практычнай гатоўнасці да працы, выхаванню агульнай прац. культуры, развіццю творчых здольнасцей, інтэлектуальных і псіхафізіял. якасцей асобы. Будуецца на прынцыпах бесперапыннасці і пераемнасці, сумяшчэння навучання з працай, з’яўляецца важным сродкам прац. выхавання. Тэрмін «Д.п.» пашырыўся ў сувязі з рэкамендацыямі ЮНЕСКА і Міжнар. канферэнцыі працы (1965) па прафес.-тэхн. адукацыі і падрыхтоўцы, паводле якіх узровень прац. навучання ў агульнаадук. школах вызначаны як перадпрафесійны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗІ́ЛЬТЭЙ ((Dilthey) Вільгельм) (19.11.1833, Бібрых, цяпер у межах г. Вісбадэн, Германія — 1.10.1911),
нямецкі гісторык культуры, філосаф, псіхолаг. Вядучы прадстаўнік філасофіі жыцця, заснавальнік філас.герменеўтыкі. Праф. ў гарадах Базель, Кіль, Брэслаў і Берлін. Разглядаў жыццё як культ.-гіст. рэальнасць. У навуках пра «гісторыю духа» лічыў галоўным метад разумення, інтуітыўнага спасціжэння духоўнай цэласнасці асобы і культуры. Паводле Дз., чалавек даведваецца пра тое, што такое ён сам, толькі з гісторыі, якая мае справу з людзьмі як з духоўнымі цэласнасцямі і іх структурамі. Аўтар прац «Уводзіны ў навукі аб духу» (1833), «Ідэя апісальнай і аналітычнай псіхалогіі» (1894), «Узнікненне герменеўтыкі» (1900) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭГІДРАГЕНА́ЗЫ,
ферменты класа аксідарэдуктаз, што каталізуюць акісляльна-аднаўленчыя рэакцыі пераносу вадароду (электрона) ад субстрату да акцэптара. Вельмі пашыраны ў прыродзе, удзельнічаюць у рэакцыях, што складаюць аснову акіслення біялагічнага і энергет. забеспячэння клетак (гл.Дыханне), некаторыя ў аднаўленчых біясінт. працэсах.
Паводлехім. прыроды Д. — пратэіды з пірымідзінавымі (НАД, НАДФ) ці флавінавымі (ФАД, ФМН) каферментамі — акцэптарамі атамаў вадароду. Падзяляюцца на аэробныя (пераносяць вадарод непасрэдна на малекулярны кісларод) і анаэробныя (акцэптарам вадароду можа быць іншая Д.). Назва Д. даецца па субстраце, што акісляецца (напр., Д., якая дэгідрыруе этылавы спірт, наз. алкагольдэгідрагеназай, малочную кіслату — малатдэгідрагеназай і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭ́МПФЕР (ад ням. Dämpfer глушыцель),
прыстасаванне для гашэння (паглынання, заспакаення) шкодных ваганняў у машынах, механізмах, прыладах, канструкцыях.
Падзяляюцца на фрыкцыйныя (заспакойваюць ваганні пераўтварэннем энергіі ваганняў у работу трэння, якое ствараецца паміж элементамі Д.) і дынамічныя (змяняюць частату ўласных ваганняў сістэмы адносна частаты вонкавых сіл, каб папярэдзіць рэзананс); паводле канструкцыі — на мех., гідраўл. (напр., поршні ў вязкіх асяроддзях), пнеўматычныя. эл.-магн. і інш. Выкарыстоўваюцца ў рухавіках унутр. згарання, аўтам. рэгулятарах і вымяральных прыладах (гідраўл. і пнеўматычныя), у эл. машынах (у выглядзе шпуль індуктыўнасці, рэзістараў), у мнагаструнных муз. інструментах (калодачкі або планкі, абклееныя лямцам, для спынення ваганняў струн) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАРАБО́ТНАЙ ПЛА́ТЫ ЖАЛЕ́ЗНЫ ЗАКО́Н,
канцэпцыя, паводле якой сярэдняя зарплата вызначаецца велічынёй затрат, што забяспечваюць існаванне і аднаўленне рабочай сілы. Закон сфармуляваны Ф.Ласалем. У яго аснову пакладзена канцэпцыя выдаткаў вытв-сці, што складаюцца з працы і капіталу; якія фарміруюць цану прадукту. Прац. выдаткі павінны ўключаць затраты на харчаванне, вопратку, падтрыманне працаздольнасці. Зарплата вагаецца вакол гэтай сумы, бо калі яна будзе, напр., вышэй, то гэта прывядзе да паляпшэння дабрабыту, росту колькасці насельніцтва, павелічэння прапаноў рабочай сілы, што ў сваю чаргу знізіць зарплату. Калі ж зарплата зменшыцца, то пагоршыцца дабрабыт, упадзе нараджальнасць, знізіцца прапанова рабочай сілы, што прывядзе да росту аплаты працы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗЕМГА́ЛЫ, земігола,
старажытнае балцкае племя, якое жыло ў сярэдняй ч. сучаснай Латвіі ў бас.р. Ліелупе. Густынскі летапіс называў іх жэмайтамі. Займаліся земляробствам, жывёлагадоўляй, гандлявалі з суседнімі плямёнамі. У 11—13 ст. былі на стадыі распаду племяннога ладу і ўтварэння феад. адносін. Паводле Лаўрэнцьеўскага летапісу ў 1106 полацкія князі Усяславічы ўчынілі паход на З., але пацярпелі паражэнне. У 13 ст. З. вялі ўпартую барацьбу з крыжакамі, у 1290 канчаткова заваяваны Лівонскім ордэнам. Пазней разам з інш. плямёнамі ўвайшлі ў склад лат. народнасці.
Літ.:
Ермаловіч М. Старажытная Беларусь: Полацкі і новагародскі перыяды. Мн., 1990.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІМАНЕ́НТНАЕ [ад лац. immanens (immanentis) уласцівы чаму-н.],
нешта ўнутранае, уласцівае дадзенаму прадмету, з’яве, працэсу. Напр., аб’ектыўныя законы і заканамернасці іманентныя, г. зн. арганічна ўласцівыя свету, матэрыі. Тэрмін «І.» ўзнік у схаластычнай філасофіі і абазначаў прычыны і дзеянні, што мелі месца ў саміх аб’ектах. Паводле І.Канта, паняцце «І.» арганічна звязана з гнасеалогіяй, выконвае метадалагічную функцыю ў працэсе выяўлення межаў пазнавальных здольнасцей суб’екта. Процілеглае І. — трансцэндэнтнае. Іманентнай называюць таксама філас. крытыку, якая разглядае тое ці інш. вучэнне з пункту погляду паслядоўнага правядзення яго ўласных прадпасылак. Гл. таксама Іманентная філасофія.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІМЕРЭЦІ́НСКАЕ ЦА́РСТВА, Імерэты,
феад. дзяржава на тэр. Грузіі ў 15—19 ст. Утворана ў канцы 15 ст. Сталіца — г.Кутаісі. З 1555 падпарадкавана Турцыі, плаціла ёй даніну нявольнікамі або грашамі і натурай. Гісторыя І.ц. характарызавалася міжусобіцамі (асабліва ў 17 ст.) і росквітам гандлю рабамі. Цар Саламон I [1752—84] здолеў умацаваць царскую ўладу. Ён забараніў гандаль рабамі, імкнуўся да аб’яднання Зах. Грузіі. У 1757 пасля шматгадовай вайны з туркамі атрымаў перамогу, у 1758 заключыў ваен. саюз з царом Картлі Іракліем ІІ. ПаводлеКючук-Кайнарджыйскага міру 1774 адменена даніна Турцыі. З 1804 пад пратэктаратам Расіі. З 1811 Імерэцінская вобл. Расіі.