электронная лямпа для пераўтварэння энергіі пастаяннага (радзей пераменнага) току ў энергію эл. ваганняў.
Генератарныя лямпы адрозніваюць паводле дыяпазону частот, колькасці электродаў (трыёд, тэтрод, пентод і інш.), магутнасці, што рассейваецца анодам (малой магутнасці — да 50 Вт, сярэдняй — да 5 кВт, вялікай — больш за 5 кВт), роду работы (неперарыўнага дзеяння і імпульсныя), канструкцыі балона (шкляныя, металашкляныя, металакерамічныя) і інш.; генератарная лямпа для дэцыметровага і больш высокачастотных дыяпазонаў хваль маюць уласную рэзанансную вагальную сістэму (клістрон, лямпа адваротнай хвалі, лямпа бягучай хвалі, магнетрон і інш.). Выкарыстоўваюцца ў радыёперадатчыках рознага прызначэння, вымяральнай тэхніцы, прамысл. устаноўках індукцыйнага нагрэву і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІДРАГЕАЛАГІ́ЧНЫЯ КА́РТЫ,
карты, якія адлюстроўваюць умовы залягання, заканамернасці фарміравання і размяшчэння, уласцівасці і запасы падземных вод. Складаюцца на тапаграфічнай аснове паводле гідрагеал. здымкі. Служаць падставай для гідрагеал. даследаванняў рэгіёнаў, прагнозу і пошукаў радовішчаў падземных вод і інш. На дробнамаштабных картах (драбней за 1:500 000) паказваюць найб. важныя гідрагеал. асаблівасці тэрыторыі — граніца гідрагеалагічных басейнаў (масіваў), вобласці жыўлення, напору і разгрузкі, раёны развіцця розных тыпаў падземных вод. На сярэдне- і буйнамаштабных гідрагеалагічных картах характарызуюцца артэзіянскія і грунтавыя воды. Такія карты выкарыстоўваюць пры эксплуатацыі радовішчаў, праектаванні водазабораў і вадасховішчаў. Асобны тып складаюць карты падземнага сцёку, рэсурсаў, рэжыму, гідрахіміі падземных вод.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІДРАЛАГІ́ЧНАЕ РАЯНАВА́ННЕ,
падзел тэрыторыі мацерыка, краіны, рэгіёна або іх частак на раёны, аднародныя па характары воднага балансу і гідралагічнага рэжыму паверхневых і грунтавых вод. Выконваецца на аснове вывучэння заканамернасцей фарміравання і велічыні сцёку, асаблівасцей рэжыму рэк і вадаёмаў, вызначэння іх агульных рыс і адрозненняў на пэўных прасторах. Тэр. Беларусі паводле асаблівасцей фарміравання сцёку падзяляюць на 6 гідралагічных раёнаў адпаведна асн. рачным басейнам: Заходнядзвінскі, Верхнедняпроўскі, Вілейскі, Нёманскі, Цэнтральнабярэзінскі і Прыпяцкі. Усе раёны, акрамя Нёманскага, падзяляюцца на падраёны. Гідралагічнае раянаванне мае значэнне пры вывучэнні рэжыму рэк, на якіх не вядуцца гідралагічныя назіранні, для рацыянальнага выкарыстання і аховы водных рэсурсаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІДРАЎЛІ́ЧНАЯ ПЕРАДА́ЧА,
тып перадачы, у якой мех. энергія і рух з зададзенымі параметрамі перадаюцца ад вядучага звяна да вядзёнага з дапамогай вадкасці. Паводле прынцыпу дзеяння адрозніваюць гідрадынамічную перадачу і гідрастатычную перадачу.
Гідраўлічная перадача можа быць аб’яднана з зубчастай перадачай так, што рух перадаецца ад вядучага вала гідраперадачай, зубчастай або абедзвюма адначасова (гл.Гідрамеханічная перадача). Гідраўлічная перадача вызначаюцца гібкасцю і зносаўстойлівасцю, лёгка рэгулююцца, засцерагаюць механізмы ад перагрузак, добра кампануюцца ў канструкцыях трансп. машын, станкоў і інш. машын-прылад. Уваходзяць у склад гідрапрыводаў. Выкарыстоўваюцца ў аўтамабілях, цеплавозах, цеплаходах, самалётах, буд.-дарожных машынах, кампрэсарах і да т.п.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІПА́РХ (Hipparchos; каля 180—190 да н.э., г. Нікея, цяпер г. Ізнік, Турцыя — 125 да н.э.),
старажытнагрэчаскі астраном, адзін з заснавальнікаў астраноміі. У выніку сістэматычных астр. назіранняў склаў каталог становішчаў 850 зорак і падзяліў іх паводле ступеней яркасці на 6 велічынь. Адкрыў з’яву прэцэсіі; даследаваў бачны рух Сонца і Месяца і склаў табліцы гэтага руху; вызначыў адлегласць ад Зямлі да Месяца; вылічыў працягласць трапічнага года; распрацаваў тэорыю зацьменняў; увёў геагр. каардынаты — шырату і даўгату. Звесткі аб працах Гіпарха прыведзены ў творы К.Пталамея «Альмагест».
Літ.:
Ван-дер-Варден Б.Л. Пробуждающаяся наука: Пер. с англ. [Т. 2]. М., 1991.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛЕ́БАВЫЯ ВО́ДЫ,
намнажэнне падземных вод у адносна воданепранікальных слаях, што залягаюць у межах глебавай тоўшчы і гідраўлічна не звязаны з грунтавымі водамі, якія ляжаць ніжэй. Знаходзяцца ў глебе ў вадкай і цвёрдай фазе (лёд), формах, якія адрозніваюцца паводле ступені рухомасці і даступнасці для раслін. Асн. запасы вільгаці, што выкарыстоўваюцца раслінамі, утварае свабодная вада. Яна запаўняе глебавыя поры і здольная перамяшчацца з іх пад уплывам сілы цяжару і капілярных сіл (гл.Глебавы раствор). Значная колькасць вільгаці знаходзіцца ў парападобным стане (перамяшчаецца па порах глебы ў складзе глебавага паветра). Частка вільгаці знаходзіцца ў звязаным стане, у маладаступнай для раслін форме.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́НАЧНЫ АЎТАМАБІ́ЛЬ,
аднамесны аўтамабіль, прызначаны для скорасных спаборніцтваў на кальцавых закрытых (для інш. транспарту) трасах. Адрозніваецца малой масай, магутным рухавіком, размяшчэннем колаў па-за межамі кузава, адсутнасцю крылаў у колаў і інш.ПаводлеМіжнар. класіфікацыі адносяць да груп 7 і 8. У групу 7 уваходзяць гоначныя аўтамабілі формул — 1 (аб’ём рухавіка да 3000 см³ без наддуву ці да 1500 см³ з наддувам), 2 (да 2000 см³), 3 (да 2000 см³ з абмежаваннем магутнасці); у групу 8 — гоначны аўтамабіль «свабоднай» формулы (параметры ўстанаўлівае спарт. федэрацыя краіны). Гл. таксама Карт.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́РДЗІЙ,
легендарны заснавальнік Фрыгійскага царства, бацька Мідаса. Паводле легенды, аракул параіў фрыгійцам абраць царом таго, хто будзе першы ехаць на калёсах да храма Зеўса. Гэта быў Гордзій. Стаўшы царом, Гордзій пабудаваў г.Гордзіян, свае калёсы ён прынёс у дар Зеўсу, паставіў іх у храме і заблытаным вузлом прывязаў ярмо да дышля калёс. Лічылі, што той, хто развяжа вузел, будзе валодаць усёй Азіяй. У 334 да н.э. Гордзіян наведаў Аляксандр Македонскі і паспрабаваў развязаць вузел, але не змог і рассек яго мячом (адсюль выраз «рассекчы гордзіеў вузел» — хуткае і смелае вырашэнне заблытанага і складанага пытання).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУДЖАРА́Т,
штат Індыі на ПнЗ п-ва Індастан, каля Аравійскага м.Пл. 1996 тыс.км². Нас. 41,2 млн.чал. (1991), пераважна гуджаратцы, паводле веравызнання індуісты (каля 90%). Адм. ц. — Гандынагар, буйныя гарады Ахмадабад, Вадодара, Раджкот, Сурат. Большая ч. паверхні — плоская раўніна. Клімат субэкватарыяльны, з няўстойлівым увільгатненнем. Ападкаў за год 250—1000 мм. Расліннасць блізкая да саваннаў. Асн. баваўнаводчы штат Індыі. Вырошчваюць таксама арахіс, рыс, кукурузу, пшаніцу, бабовыя. Гадуюць буйн. раг. жывёлу, авечак, коз. Рыбалоўства. Здабыча нафты, солі, марганцавай руды, баксітаў. Прам-сць: тэкст., маш.-буд. (асабліва эл.-тэхн.), хім., радыёэлектронная, фармацэўтычная, алейная, цэм. і інш. Транспарт марскі, аўтамаб., чыгуначны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАГАВО́Р ДЗЕВЯЦІ́ ДЗЯРЖА́Ўаб Кітаі.
Падпісаны 6.2.1922 на Вашынгтонскай канферэнцыі 1921—22 прадстаўнікамі ЗША, Вялікабрытаніі, Францыі, Італіі, Бельгіі, Нідэрландаў, Партугаліі, Японіі і Кітая. Паводле дагавора абвешчаны прынцып суверэнітэту і тэр. цэласнасці Кітая, бакі абавязваліся прытрымлівацца ў Кітаі прынцыпу «роўных магчымасцей» у гандл. і прадпрымальніцкай дзейнасці, не выкарыстоўваць унутрыкіт. абставіны з мэтай атрымання спец. правоў і прывілеяў, якія маглі прычыніць страты правам і інтарэсам інш. дзяржаў — удзельніц дагавора; Японія адмовілася ад свайго манапольнага становішча ў Кітаі і абавязалася вярнуць яму былыя герм. канцэсіі ў Шаньдуні, вывесці адтуль свае войскі. Дагавор парушыла Японія, якая ў 1937 развязала вайну супраць Кітая.