ПРАСКУ́РЫН (Пётр Лукіч) (22.1.1928, пас. Косіцы Сеўскага р-на Бранскай вобл., Расія—26.10.2001),
рускі пісьменнік. Герой Сац. Працы (1988). Скончыў Вышэйшыя літ. курсы ў Маскве (1964). Друкаваўся з 1958. Першая кніга — зб.апавяд. «Таежная песня» (1960). У філас. трылогіі «Лёс» (1972, Дзярж. прэмія Расіі, 1974; паводле рамана кінадылогія «Каханне зямное», 1974, і «Лёс», 1977), «Імя тваё» (1977), «Адрачэнне» (кн. 1—2, 1989—90) лёс рус. народа на трагічных пераломах гісторыі, непадзельнасць лёсу асобнага чалавека з лёсам краіны. Раман «Камень сердалік» (1968) і аповесць «Чорныя птушкі» (1981) пра творчую інтэлігенцыю. Падзеі Вял.Айч. вайны ў раманах «Глыбокія раны» (1960), «Зыход» (1966). Раманы «Карані агаляюцца ў буру» (1961), «Горкія травы» (1964) пра пасляваен. жыццё. Аўтар рамана «Сёмая варта» (1995), зб-каў аповесцей і апавяд. «Цана хлеба» (1961), «Каханне чалавечае» (1965), «Шостая ноч» (1970), вершаў, кінасцэнарыяў і інш. Прозе П. ўласцівы псіхалагізм, драматызм сітуацый, маштабнасць ахопу падзей. Раманы «Горкія травы», «Імя тваё» інсцэніраваны. Дзярж. прэмія СССР 1979.
Тв.:
Собр. соч.Т. 1—5. М., 1981—83;
Порог любви: Повесть встреч и дорог. М., 1987;
Лики земли. М., 1990.
Літ.:
Шагалов А. Петр Проскурин. М., 1979;
Чалмаев В. Сотворение судьбы: Творческий путь П.Проскурина. М., 1983;
Майданюк П., Ольвовский П. Жанр романа в творчестве П.Проскурина и В.Шукшина. Ташкент, 1988.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАСТАРГУЕ́Ў (Павел Андрэевіч) (30.6.1881, г. Старадуб Бранскай вобл., Расія — 21.3.1959),
расійскі і бел. мовазнавец і педагог. Правадз.чл. Інбелкульта (1924). Д-рфілал.н. (1941), праф. (1923). Скончыў Маскоўскі ун-т (1908), працаваў у ім у 1917—23. У 1918 чытаў курс лекцый па бел. мове ў Бел.нар. ун-це ў Маскве («Беларуская мова ў яе сучасным і мінулым стане» у кн. «Курс беларусазнаўства», 1918—20). У 1938—51 заг. кафедры рус. мовы Навазыбкаўскага пед. ін-та, адначасова ў 1947—48 у Ін-це мовы, л-ры і мастацтва АН Беларусі. Склаў праект «Праграмы па вывучэнні беларускіх гаворак і збіранні звестак для складання Дыялекталагічнага атласа беларускай мовы». Вывучаў бел. гаворкі ў іх гіст. і сучасным стане, гаворкі рус.-бел.-ўкр. памежжа ў іх узаемадзеянні: «Гаворкі ўсходніх паветаў Гомельскай губерні ў іх сучасным стане», «Северска-беларуская гаворка. Даследаванне ў галіне дыялекталогіі і гісторыі беларускіх гаворак» (Залаты медаль Рус.геагр.т-ва; абедзве 1927), «Гаворкі на тэрыторыі Смаленшчыны» (1960), «Слоўнік народных гаворак Заходняй Браншчыны» (1973). Даследаваў праблемы бел.літ. мовы: артыкулы «Беларуская мова ў святле яе навуковага пазнання» (1922), «Да пытання аб ляшскіх рысах у беларускай фанетыцы» (1927), «Беларускае мовазнаўства ў 1917—1927 гг.» (1930).
Літ.:
Булахов М.Г. Восточнославянские языковеды: Биобиблиогр. словарь. Т. 3. Мн., 1978.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУ́ДНЫЯ РАДО́ВІШЧЫ,
рудны паклад (цела) або іх скопішчы на паверхні ці ў нетрах Зямлі, якія паводле памераў, якасці і ўмоў залягання прыдатныя для прамысл. распрацоўкі. Фарміраваліся на працягу ўсёй гісторыігеал. развіцця зямной кары. Вылучаюць 8 гал. эпох рудаўтварэння: архейская, раннепратэразойская, сярэднепратэразойская, раннерыфейская, познарыфейская, каледонская, герцынская і альпійская (гл.Металагенія). Паводле паходжання Р.р. падзяляюцца на эндагенныя і экзагенныя. Утварэнне эндагенных звязана з ’магматычнымі расплавамі (гл.Магматычныя горныя пароды) і гідратэрмальнымі растворамі (гл.Гідратэрмальныя радовішчы, Метасаматычныя радовішчы, Грэйзен, Скарн) ці абумоўлена ўздзеяннем метамарфічных працэсаў на горныя пароды і раней утвораныя радовішчы (гл.Метамарфагенныя радовішчы). Экзагенныя радовішчы ўтвараюцца з удзелам паверхневых ці грунтавых вод, паветра і арганізмаў. Сярод іх вылучаюць выветрывання радовішчы і асадкавыя радовішчы. Паводле саставу вылучаюць Р.р. чорных (жалеза, марганцу, хрому, тытану, ванадыю), лёгкіх (алюмінію, магнію), каляровых (медзі, свінцу, цынку, нікелю, сурмы), рэдкіх (волава, вальфраму, малібдэну, ртуці, берылію, літыю, танталу і ніобію), высакародных (золата, плаціноідаў і серабра), радыеактыўных (урану, торыю, радыю) металаў, а таксама рассеяных (актыній, гафній, галій, германій, індый, кадмій, протактыній, рэній, рубідый, селен, скандый, талій, тэлур, цэзій і інш.) і рэдказямельных (цэрыевай і ітрыевай груп) элементаў. Вылучаюць таксама Р.р. неметалічных карысных выкапняў (барыту, фасфарыту, серы, флюарыту, графіту і інш.). Гл. таксама Берыліевыя руды, Жалезныя руды, Уранавыя руды і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КА́РСКІ (Яўхім Фёдаравіч) (1.1.1861, в. Лаша Гродзенскага р-на — 29.4.1931),
бел. філолаг-славіст, заснавальнік бел.навук. мова- і літаратуразнаўства, этнограф, фалькларыст, палеограф, педагог. Акад. Пецярбургскай АН (1916, чл.-кар. з 1901), правадзейны чл. Ін-та бел. культуры (1922), Чэшскай АН (1929). Скончыў Мінскую духоўную семінарыю (1881), Нежынскі гісторыка-філал.ін-т (1885). Выкладаў у Віленскай гімназіі (1885—93). За першую ў гісторыі дысертацыю па бел. мове яму ў 1893 прысуджана вучоная ступень магістра. З 1893 у Варшаўскім (з 1894 праф., у 1905—10 рэктар), з 1915 у Растоўскім-на-Доне ун-тах, з 1917 праф. Петраградскага ун-та. У 1905—17 рэдактар час. «Русский филологический вестник». З 1917 у Мінску, з 1918 праф. Мінскага пед. ін-та. Дэлегат і ганаровы старшыня Усебел. з’езда 1917. Старшыня арганізац. камісіі па адкрыцці БДУ. Выступаў з артыкуламі ў бел.перыяд. друку. З 1920 у Петраградзе. Чл. праўлення і прэзідыума АН; дырэктар Музея антрапалогіі і этнаграфіі, рэдактар «Известий Отделения русского языка и словесности» Рас.АН. Супрацоўнічаў з бел. этнографамі і фалькларыстамі М.Я.Нікіфароўскім, Е.Р.Раманавым, П.В.Шэйнам, выдавецкай суполкай «Загляне сонца і ў наша аконца», газ. «Наша ніва». Перапісваўся з дзеячамі бел. культуры Я.Купалам, Я.Коласам, М.Гарэцкім і інш. Аўтар навук. прац (больш за 700) па славістыцы, беларусістыцы і русістыцы. З мэтай вырашэння праблемы паходжання, фарміравання і развіцця бел. мовы, бел. народнасці збіраў фалькл.-этнагр. матэрыялы (запісы «Беларускія песні с. Беразавец Навагрудскага пав. Мінскай губ.», 1884—85; «Беларускія песні в. Навасёлкі-Затрокскія Віленскай губ. Трокскага пав.», 1889). Падрыхтаваў «Праграму для збору асаблівасцей беларускіх гаворак» (1897 і 1916), якая стала пачаткам навук. даследавання бел. дыялектаў. Вышэйшым дасягненнем еўрап. славістыкі канца 19 — пач. 20 ст., своеасаблівай энцыклапедыяй беларусазнаўства з’яўляецца 3-томная праца К. «Беларусы» (вып. 1—7, 1903—22; перавыд. вып. 1—3, 1955—56), у якой на аснове глыбокага, комплекснага параўнальна-гіст. абагульнення вял. фактычнага матэрыялу навукова абгрунтаваў нац. самабытнасць беларусаў як народа са сваёй арыгінальнай і багатай культурай, мовай, традыцыямі, вуснай нар. творчасцю. У т. 1 «Уводзіны да вывучэння мовы і народнай славеснасці» вызначыў час фарміравання бел. народнасці, акрэсліў этн. межы бел. народа, даў этнагр. карту Беларусі пач. 20 ст., асвятліў важнейшыя этапы гісторыібел. мовы, яе спецыфічныя асаблівасці і ўзаемасувязі з рус., укр., польск., літоўскай і інш. мовамі, зрабіў крытычны агляд помнікаў пісьменства бел. паходжання. У т. 2 «Мова беларускага племені» (вып. 1—3, 1908—12) абгрунтаваў вучэнне пра гукавы і граматычны лад старабел. і сучаснай бел. мовы ў яе народна-дыялектнай і літ. формах. Т. 3 «Нарысы славеснасці беларускага племені» складаецца з трох выпускаў. У 1-м вып. «Народная паэзія» (1916) даследаваў гісторыю развіцця бел. фальклору, ахарактарызаваў асн. жанры і віды нар. паэзіі беларусаў, даследаваў культурны стан плямён, якія склалі аснову бел. народнасці, паказаў іх сямейныя і грамадскія ўзаемаадносіны, апісаў жыллё, ежу, заняткі, побыт, светапогляд, рэліг. вераванні, мову, міфалогію, выказаў свае меркаванні наконт узнікнення нар. паэзіі, яе асаблівасцей у старажытнасці, разгледзеў узаемасувязь бел., рус. і ўкр. фальклору. У 2-м вып. «Старая заходняруская пісьменнасць» (1921) прааналізаваў помнікі стараж.бел. л-ры 14—18 ст., найб. поўна паказаў літ.-маст. спадчыну бел. народа, раскрыў культ,гіст. перадумовы зараджэння пісьменнасці на старабел. мове, даследаваў перакладную і арыгінальную л-ру, у т. л. летапісы, статуты, гісторыка-мемуарную і царкоўна-рэлігійную прозу, вершы, творы палемічнай публіцыстыкі 2-й пал. 16—1-й пал. 17 ст. У 3-м вып. «Мастацкая літаратура на народнай мове» (1922) ацэньваў бел. л-ру 19 — пач. 20 ст., яе ўзаемасувязь з нац. адраджэннем новага перыяду. У даследаваннях развіваў прынцып культ.-гіст. школы, зрабіў значны ўклад у развіццё крыніцазнаўства, палеаграфіі, археаграфіі. Даследаваў таксама гісторыю рус. і ўкр. моў, слав. палеаграфію («Славянская кірылаўская палеаграфія», 1928, факсімільнае выд. 1979). Выдаваў стараж. помнікі гісторыі і л-ры («Лаўрэнцьеўскі летапіс», «Руская праўда»). Выступаў з артыкуламі пра айч. і замежных вучоных-славістаў, з рэцэнзіямі на працы па слав. філалогіі, фалькларыстыцы, этнаграфіі. Асабістая б-ка К. зберагаецца ў Нац. б-цы Беларусі ў Мінску (часткова страчана ў Вял.Айч. вайну), частка асабістага архіва — у Санкт-Пецярбургскім аддз. Архіва Рас.АН. На радзіме К. адкрыты Карскага Я.Ф. мемарыяльны музей.
Тв.:
О языке так называемых литовских летописей. Варшава, 1894;
Русская диалектология. Л., 1924;
Труды по белорусскому и другим славянским языкам. М., 1962.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАЦЫЯНА́Л-ДЭМАКРАТЫ́ЗМ,
кірунак грамадска-паліт. думкі, які спалучае агульнадэмакр. ідэі і мэты з задачамі сац. і нац. вызвалення прыгнечаных народаў. Яго ідэйныя вытокі ў ідэалогіі Асветніцтва, якая была цесна звязана з рэв.-дэмакр. і нац.-вызв. рухам за дасягненне паліт. самастойнасці, адраджэнне нац. самасвядомасці і культуры.
За ўстанаўленне ў дзяржаве суверэнітэту народаў на аснове грамадскага дагавору, ажыццяўленне гуманіст. ідэалаў сац. справядлівасці, дэмакратыі і свабоды людзей выступалі Вальтэр, П.Гольбах, Д.Дзідро, Ж.Ж.Русо (Францыя), Дж.Лок; Ф.Бэкан, Дж.Свіфт (Англія), Г.Лесінг, Ф.Шылер, І.В.Гётэ (Германія), бел. мысліцелі-асветнікі Б.Дабшэвіч, Г.Каніскі, І.Капіевіч, М.Матушэвіч, К.Нарбут, А.Нарушэвіч, І.Страйноўскі і інш. Гэтыя ідэі далей развіты ў эпоху фарміравання нацый і стварэння нац. дзяржаў у Зах. і Усх. Еўропе, Паўн. Амерыцы, пазней у нац.-вызв. руху каланіяльных краін.
На Беларусі фарміраванне ідэалогіі Н.-д. непасрэдна звязана з паспяваннем сац.-эканам. і дэмакр. пераўтварэнняў у грамадстве па забеспячэнні суверэнных правоў бел. народа на самаст.паліт. і культ. развіццё. Перадумовы для яго ўзнікнення складаліся ў працэсе развіцця беларусазнаўства, культ.-асв. і выхаваўчай дзейнасці патрыят. арг-цый, т-ваў філаматаў і філарэтаў у Віленскім ун-це, нелегальнага «Дэмакратычнага таварыства» ў Віленскай мед. акадэміі і інш. Важную ролю ў пашырэнні гэтых ідэй адыгралі К.Каліноўскі і яго «Лісты з-пад шыбеніцы», газ.«Мужыцкая праўда», час.«Гомон». Самастойны характар гісторыібел. народа раскрывалі ў сваіх творах Ф.Багушэвіч, Я.Лучына (І.Л.Неслухоўскі), М.В.Доўнар-Запольскі, У.М.Ігнатоўскі, Я.Купала, Я.Колас, М.Багдановіч, А.Г.Гурыновіч, вучоныя-славісты і этнографы М.А.Янчук, У.М.Дабравольскі, Я.Ф.Карскі, М.Я.Нікіфароўскі, Е.Р.Раманаў, І.А.Сербаў, А.К.Сержпутоўскі і інш.Тэарэт. абгрунтаванню права бел. народа на развіццё сваёй дзяржаўнасці, мовы і культуры шмат увагі аддавалі газ.«Наша доля» і «Наша ніва». На платформе Н.-д. стаялі Беларуская сацыялістычная грамада (1903—18), бел.нац. грамадскія арг-цыі на чале з Беларускім народным камітэтам у Вільні, нац. арг-цыі, т-вы, гурткі, суполкі і згуртаванні ў Петраградзе, Маскве, Яраслаўлі і інш. гарадах, дзе было шмат беларусаў-бежанцаў 1-й сусв. вайны, рабочых, салдат, матросаў. Мэта ўтварэння бел. дзяржаўнасці (у форме аўт. часткі Рас.дэмакр. рэспублікі, літ-бел. канфедэрацыі або незалежнай дзяржавы) аб’ядноўвала ўсе плыні бел.нац. руху, на якія ён пачаў размяжоўвацца пасля Лют. рэвалюцыі 1917 і канчаткова раскалоўся пасля Кастр. рэвалюцыі 1917, абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі (БНР) і ўтварэння Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі (БССР). Практычным увасабленнем ідэалогіі Н.-д. была палітыка беларусізацыі, ажыццяўленне якой у 1920-я г. дазволіла сфарміраваць нац. сістэму адукацыі, сродкі масавай інфармацыі, кнігавыдавецкую справу і актывізаваць удзел беларусаў у культ. і гасп. жыцці. У сярэдзіне 1920-х г.Н.-д. быў абвешчаны «контррэвалюцыйнай плынню», «правым ухілам», «варожай антысавецкай ідэалогіяй і практыкай». У рамках барацьбы супраць Н.-д. органамі НКУСБССР была ўзбуджана справа аб т.зв.«Саюзе вызвалення Беларусі», а таксама шэраг спраў, па якіх да крымінальнай адказнасці неабгрунтавана прыцягнуты і рэпрэсіраваны многія прадстаўнікі бел. інтэлігенцыі (гл.«Беларуская народная грамада», «Беларускі нацыянальны цэнтр», «Аб’яднанае антысавецкае падполле»), У ліку афіц. дакументаў, накіраваных на пераадоленне Н.-д., была пастанова ЦККП(б)Б «Аб фактах пранікнення класава-варожых, нацыянал-дэмакр. уплываў у маст. л-ры» (1933). У 1980—90-х г. работу па адраджэнні нац. традыцый і духоўных дэмакр. каштоўнасцей бел. народа працягвалі маладзёжныя нефармальныя аб’яднанні «Талака», «Паходня», «Тутэйшыя», грамадскія аб’яднанні і партыі Мартыралог Беларусі, «Таварыства беларускай мовы імя Ф.Скарыны» і інш.Асн. палажэнні праграм іх дзейнасці (пра вяршэнства нацыі ў яе самавызначэнні, пра фактычную і юрыд. прыналежнасць усёй дзярж. улады народу, захаванне нац. традыцый, гісторыка-культ. спадчыны і інш.) знайшлі адлюстраванне ў Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце Рэспублікі Беларусь, Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь 1994 са змяненнямі і дапаўненнямі, прынятымі на рэсп. рэферэндуме 24.11.1996, і інш. заканадаўчых актах. Гарантыяй далейшага развіцця гэтых ідэй з’яўляюцца ўмацаванне дзярж. незалежнасці, развіццё ўсіх сфер жыцця бел. грамадства з улікам патрэб і нац. інтарэсаў краіны, агульнагуманіст. каштоўнасцей сусв. цывілізацыі.
Літ.:
Канчар А. Класавае, нацыянальнае і рэлігійнае змаганьне на Беларусі. Вільня, 1921;
Турук Ф. Белорусское движение: Репринт. Мн., 1994;
Станкевіч А. Да гісторыі беларускага палітычнага вызвалення. Вільня, 1934;
Крыжовы шлях. Мн., 1993;
Мяснікоў А. Нацдэмы: Лёс і трагедыя Фабіяна Шантыра, Усевалада Ігнатоўскага і Язэпа Лёсіка. Мн., 1993;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІБЛІЯГРАФІ́ЧНЫЯ ЧАСО́ПІСЫ,
перыядычныя выданні, у якіх вядзецца ўлік і рэферыраванне твораў друку і аўдыёвізуальных матэрыялаў, асвятляюцца пытанні гісторыі, тэорыі, методыкі і арганізацыі бібліягр. дзейнасці. Падзяляюцца на міжнар. і нац., універсальныя і галіновыя.
Бібліяграфічныя часопісы, якія адлюстроўваюць нац. друк, выдаюцца ў большасці краін свету: у Францыі («Bibliographie de la France», «Бібліяграфія Францыі», з 1811), Італіі («Bibliografia nationale Italiana», «Нац. бібліяграфія Італіі», з 1886), ЗША («Cumulative Book Index», «Кумулятыўны паказальнік кніг», з 1898), Расіі («Книжная летопись», з 1907), на Украіне («Літопис книг», «Летапіс кніг», з 1924), у Польшчы («Przegodnik bibliograficzny», «Бібліяграфічны даведнік», з 1946), Кітаі («Цюаньго сінь шуму», «Усекітайскі паказальнік новых кніг», з 1951) і інш. сярод міжнародных бібліяграфічных часопісаў выданні ЮНЕСКА «Index translatonum» («Паказальнік перакладаў», з 1949), «Библиография, документация, терминология» (з 1961). Акрамя універсальных выходзяць галіновыя бібліяграфічныя часопісы: «World list of social science periodical» («Міжнародны паказальнік грамадска-палітычных перыядычных выданняў», ЮНЕСКА з 1980), «Humanities index» («Паказальнік па гуманітарных навуках», ЗША з 1975), «British technology index» («Паказальнік брытанскай тэхналогіі», Вялікабрытанія, з 1962) і інш.
У СССР выходзілі бібліяграфічныя часопісы, у якіх адлюстроўваліся друкаваныя творы на ўсіх мовах народаў СССР: «Нотная летопись» (з 1931), «Летопись периодических и продолжающихся изданий» (з 1933), «Летопись изоизданий» (з 1934) і інш., а таксама бібліяграфічныя часопісы з інфармацыяй (у т. л. і бел.) аб матэрыялах з часопісаў і газет на рус. мове: «Летопись газетных статей» (з 1936), «Летопись рецензий» (з 1935) і інш. Цяпер гэтыя выданні, у т. л. і тэарэтыка-метадычны час. «Библиография», працягваюць выдавацца ў Расіі з расійскімі матэрыяламі. На Беларусі з 1924 Нац. кніжнай палатай Беларусі выдаецца «Летапіс друку Беларусі», які складаецца з 7 тыпаў летапісаў па відах выданняў: «Кніжны летапіс» (з 1924), «Летапіс нотаў» (з 1924), «Летапіс рэцэнзій» (з 1932), «Беларусь у сусветным друку» (з 1946), «Летапіс выяўленчага мастацтва» (з 1955), «Летапіс нарматыўна-тэхнічнай, тэхнічнай дакументацыі і выданняў вузкага прызначэння» (з 1985), «Летапіс картаграфічных выданняў» (з 1994). З 1995 з «Летапісу друку Беларусі» ў самастойныя выданні вылучаны «Летапіс перыядычных выданняў і выданняў, якія прадаўжаюцца» (з 1925), «Летапіс часопісных артыкулаў» (з 1934) і «Летапіс газетных артыкулаў» (з 1937). У 1932 у БССР выходзіў штомесячны час. «Кніга масам». Нац.б-ка Беларусі (да 1992 Дзярж.б-каБССР) у 1934 выдала 10 нумароў «Крытыка-бібліяграфічнага бюлетэня», у 1954—55 і 1958—59 — бюлетэнь «Новыя кнігі». Выдае штомесячны бюлетэнь «Новыя кнігі. Па старонках беларускага друку» (з 1960), шматгаліновыя бібліяграфічныя часопісы: «Зводны паказальнік замежных перыядычных выданняў, выпісаных бібліятэкамі Рэспублікі Беларусь на... год» (з 1945), «Зводны каталог новых замежных кніг, якія паступілі ў бібліятэкі Рэспублікі Беларусь у ... годзе» (з 1969), «Грамадскія навукі» (з 1969), «Беларуская мова, літаратура, мастацтва» (з 1970), «Новая літаратура па гісторыі і гістарычных навуках Беларусі» (з 1972), «Новая літаратура па культуры і мастацтву Беларусі» (з 1972), «Сістэматычны паказальнік неапублікаваных дакументаў па культуры і мастацтву Беларусі» (з 1978), «Штотыднёвы агляд літаратуры па культуры і мастацтву» (з 1986), «Чарнобыль» (з 1991).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕРМАНІ́СТЫКА,
1) комплекс навук, што вывучаюць мову, літаратуру, гісторыю, матэрыяльную і духоўную культуру германамоўных народаў.
2) Частка мовазнаўства, якая даследуе германскія мовы.
3) Абагульняльная назва комплексу гісторыка-філал. навук пра Германію і ням. мову.
Як галіна ведаў германістыка пачала складвацца ў 17 ст. на этапе фарміравання нацый у Еўропе, што выклікала цікавасць да гісторыі і культуры, фальклору, мовы і л-ры германскіх народаў. Барацьба за выкладанне ў школах і ун-тах не на лац., а на роднай мове абумовіла з’яўленне ў 15—17 ст. шматлікіх граматык асобных герм. моў, а таксама абудзіла цікавасць да збірання стараж. рукапісаў. Першым філолагам-германістам быў галандзец Ф.Юніус. Заснавальнікі навук. германістыкі — Р.К.Раск (у працы пра ісландскую мову ўпершыню даказаў агульнасць герм. моў і ўстанавіў іх гукавое падабенства з інш. індаеўрап. мовамі) і Я.Грым (гл. ў арт. пра братоў Грым), аўтар першай параўнальнай граматыкі герм. моў. Выданнем стараж. тэкстаў займаўся ням. філолаг К.Лахман. Якасна новы ўзровень германістыкі прыпадае на 1870—80-я г. на эпоху младаграматызму, калі даследчыкі германістыкі засяродзіліся на вывучэнні жывых герм. моў і дыялектаў, а таксама на рэканструкцыі герм. мовы-асновы (прамовы). У гэты час быў назапашаны вял. фактычны матэрыял. У наш час германістыка ахоплівае шырокае кола пытанняў: гіст. шляхі германцаў, фактары і рэгіёны іх міграцыі і аселасці, кірункі паліт. і культ. развіцця, спрадвечныя вераванні і рэліг. традыцыі, асаблівасці фарміравання нац. моў і іх дыялектаў, фалькл. і паэт. крыніцы, што даюць звесткі аб германцах і інш., а таксама кірункі разыходжання народаў і моў у новы і навейшы час, тэндэнцыі, якія вызначаюць іх сучаснае існаванне, агульную тыпалогію і спецыфіку кожнай мовы, л-ры і культуры ўвогуле. Цэнтрам сусв. германістыкі стала Нямецкая бібліятэка ў Лейпцыгу (засн. у 1912).
На Беларусі склаліся свае традыцыі вывучэння германістыкі ў яе культ.-гіст. аспектах. У 1920-я г. цэнтрам германістыкі стаў БДУ. Плённы ўклад у германістыку зрабілі У.М.Перцаў, У.І.Пічэта, Е.І.Рыўлін, Я.Фейгельсон, М.А.Канаплін, С.Я.Вальфсон, У.Герчыкаў, А.Самахвалаў і інш. Пасля Вял.Айч. вайны распрацоўка пытанняў гіст. германістыкі звязана з імёнамі Л.М.Шнеерсона, Г.М.Трухнова, Д.С.Клімоўскага, Г.А.Космача, В.А.Космача, П.А.Шупляка, М.Г.Елісеева і інш. Упершыню праблематыка філал. даследаванняў па германістыцы была акрэслена ў арт. Т.С.Глушак «Стан германскага мовазнаўства на Беларусі» (1972). Праблемы германістыкі распрацоўваюць філолагі-германісты П.І.Копанеў, Г.А.Мятлюк, Ю.Г.Панкрац, Г.П.Кліменка, Дз.Г.Багушэвіч, а таксама А.М.Гарлатаў, Е.В.Зарыцкая, А.А.Мірскі, Е.В.Каранеўская, Т.В.Паплаўская, А.П.Дзеўкіна, І.І.Токарава, Л.М.Ляшчова і інш. Цэнтрамі германістычных даследаванняў у Беларусі сталі Мінскі лінгвістычны ун-т, Ін-тгісторыіНац.АН Беларусі, пытанні германістыкі вывучаюцца ў БДУ, Гродзенскім і Гомельскім ун-тах, у інш.ВНУ краіны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНВЕНТАРЫ́ (ад лац. inventarium вопіс),
апісанні феад. уладанняў у Беларусі, Украіне, Польшчы, Літве, Венгрыі 16—1-й пал. 19 ст. У 16 ст. ў Беларусі побач з тэрмінам «І.» ужываліся «попіс», «рэестр». У 16 ст. ў асноўным складаліся на старабел. мове, з 17 ст. — па-польску, з 19 ст. — па-руску. У адных выпадках І. афармляліся як юрыд. дакументы (пры куплі-продажы маёнтка і інш.), у другіх — як улікова-гасп. дакументы, прызначаныя выключна для ўласных патрэб уладальніка. Найб. поўныя І. складаліся пры перадачы ўладання ў часовае карыстанне, напр. у арэнду, ці вяртанні яго ўласніку. І. звычайна меў тытульны ліст, дзе, як правіла, адзначалася назва маёнтка, каму ён належаў, калі, кім і з якой прычыны складаўся дакумент. Потым ішло апісанне панскага двара з пералікам і апісаннем хатняга і гасп. начыння, адзення. Адзначалася наяўнасць царквы ці касцёла. Далей называліся памеры пасеваў па культурах, колькасць ворнай, агароднай зямлі і сенажацяў, пералічваліся жывёла і птушка, давалася апісанне млыноў, кузняў і г.д., адзначалася існаванне рэчкі або сажалкі. Называліся памеры і крыніцы прыбыткаў уладання. Калі ў маёнтку была карчма, падаваўся прыбытак ад яе. Потым ішло апісанне сельскіх валасцей, гарадоў і мястэчак, а таксама фальваркаў. Апісанне гарадоў і мястэчак рабілася па вуліцах з указаннем прозвішча гаспадара і памераў падаткаў, прызначаных на яго. У вёсках гаспадары пералічваліся па дварах (дымах) з паказаннем колькасці зямлі (прысядзібнай, ворыва, сенажацей). Пасля правядзення валочнай памеры перапіс рабіўся па валоках. Але вельмі хутка перайшлі да падворнага перапісу, з пазначэннем колькасці зямлі ў кожнай гаспадарцы; абавязкова называлася прозвішча гаспадара, а ў некаторых выпадках пералічваліся ўсе працаздольныя мужчыны і асобна сыны, апісваўся зямельны надзел, павіннасці з яго. Змяшчаліся звесткі пра рабочую жывёлу ў кожным сялянскім дыме, зрэдку пералічвалася прадукцыйная жывёла, вуллі, сенажаці, што належалі вёсцы. Больш дэталёва павіннасці сялян адзначаліся ў канцы апісання кожнай вёскі або разам з гадавым даходам з усёй вёскі. Часам І. змяшчалі інструкцыі панскай адміністрацыі, аканомам. У некат. І. ёсць звесткі пра сял. абшчыну (грамаду), планы маёнткаў, малюнкі з сял. жыцця. Найб. цікавасць маюць І. буйных дзярж. уладанняў — каралеўскіх або велікакняжацкіх эканомій і старостваў, якія нярэдка змяшчаюць апісанні дзесяткаў і соцень сельскіх паселішчаў. Грунтоўнасцю і поўным апісаннем гасп. стану ўладання вылучаюцца І. буйных магнацкіх маёнткаў. І. уладанняў сярэдняй і дробнай шляхты захавалася значна менш. Некаторыя разнавіднасці І. маюць значна менш інфармацыі, напр. берчакі (пералік сял. гаспадарак з паказаннем надзелу і чыншу), люстрацыі (характэрныя для дзярж. і некат. царкоўных уладанняў). І. — найб. каштоўная і масавая крыніца па агр.гісторыі Беларусі, краязнаўстве, дэмаграфіі, этнаграфіі, мовазнаўстве; змяшчаюць звесткі з гісторыі рамяства, прамысловасці, архітэктуры, землеўпарадкавання, промыслаў і інш. Беларускія І. зберагаюцца ў архівах Мінска, Гродна, Вільнюса, Масквы, Пецярбурга, Варшавы, Кракава і інш.
Літ.:
Копысский З.Ю. Источниковедение аграрной истории Белоруссии. Мн., 1978.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЫ́СЛЕННЕ,
форма духоўнай, пазнавальна-творчай дзейнасці чалавека, якая заключаецца ў мэтанакіраваным, апасродкаваным і абагульненым пазнанні прадметаў, з’яў і працэсаў і дае ўяўленне аб іх сутнасці, уласцівасцях, сувязях і адносінах; найвышэйшая ступень чалавечага пазнання. З’яўляецца функцыяй чалавечага мозга, уяўляе сабой прыродны працэс, не існуе па-за грамадствам, па-за мовай і па-за ведамі, што назапашаны чалавецтвам, а таксама па-за выпрацаванымі спосабамі і метадамі мысліцельнай дзейнасці — лагічнымі, матэматычнымі і інш. Чалавек здольны ўтвараць агульныя паняцці і іх сістэмы (тэорыі), рабіць лагічныя вывады і доказы. Вынікам М. з’яўляюцца: пастаноўка і вырашэнне практычных і тэарэт. праблем, пазнанне заканамернасцей развіцця прыроды, грамадства і самога М., прагназаванне падзей і дзеянняў. Здольнасць чалавека да М. дазваляе атрымліваць веды пра ўласцівасці, сувязі і адносіны аб’ектаў, якія недаступны непасрэднаму эмпірычнаму пазнанню, вызначаць магчымасці іх развіцця, рабіць лагічна абгрунтаваныя вывады, накіраваныя на рэгуляванне жыццядзейнасці грамадства і чалавека (дзейнасці, паводзін і адносін), на далейшае развіццё самога М. Можа быць канкрэтным або абстрактным у залежнасці ад накіраванасці на канкрэтныя ці ідэальныя прадметы. М. — гэта не «чыста» суб’ектыўная інтэлектуальная здольнасць і актыўнасць чалавека. Кожны асобны індывід становіцца суб’ектам М., калі ён авалодае паняццямі, логікай, мовай, якія самі з’яўляюцца прадуктам развіцця грамадска-гіст. практыкі і культуры. Грамадскія ўмовы, у якіх жыве чалавек, і культура — гэта не знешнія дэтэрмінанты М., а яго «ўнутраная форма», якая вызначае розныя тыпы сацыяльнасці і культуры М. Як вельмі складаны феномен М. з’яўляецца аб’ектам вывучэння розных навук: філасофіі (вывучае формы і законы М.), фізіялогіі вышэйшай нерв. дзейнасці (вывучэнне фізіял. апарата і механізмаў М.), гнасеалогіі (аналіз суб’ектыўнага і аб’ектыўнага, пачуццёвага і рацыянальнага, эмпірычнага і тэарэт.), логікі (навукі аб формах, правілах і аперацыях М), а таксама псіхалогіі, сацыялогіі, лінгвістыкі, кібернетыкі і інш. навук.
Веды аб М. з’явіліся спачатку ў рамках філасофіі і прывялі да вычлянення М. з агульнай сукупнасці псіхічных працэсаў. Пытанне аб прыродзе М., узаемаадносінах М. і быцця было цэнтр. праблемай у гісторыіфілас. думкі (гл.Свядомасць, Матэрыялізм, Ідэалізм). Змест і катэгарыяльная структура М. ўдасканальваюцца з развіццём пазнання і грамадскай дзейнасці чалавека, яго патрэб і інтарэсаў. У гісторыі чалавецтва вядомы розныя тыпы М.: магічнае, архаічнае, сімвалічнае, паняційнае, лагічнае і інш. У філасофіі былі і ёсць розныя падыходы да разумення прыроды і сутнасці М.: дыялект. матэрыялізм разглядае М. як вышэйшую ступень актыўнага адлюстравання аб’ектыўнай рэальнасці, а крытэрыем сапраўднасці М. лічыць практыку; неапазітывісцкія і інш. плыні аналіт. філасофіі вылучаюць на першы план фармальна-лагічныя аспекты М.; інтуітывісцкія, фенаменалагічныя і экзістэнцыялісцкія канцэпцыі разглядаюць М. як сузіранне ідэальных сутнасцей (фенаменалогія) або адмаўляюць здольнасць чалавека да рацыянальнага пазнання аб’ектыўнай рэчаіснасці (інтуітывізм, экзістэнцыялізм).
Літ.:
Брушлинский А.В., Поликарпов В.А. Мышление и общение. Мн., 1990;
Леви-Строс К. Первобытное мышление: Пер. с фр.М., 1994;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРХЕАЛО́ГІЯ (ад археа... + ...логія),
галіна гістарычнай навукі, якая вывучае станаўленне чалавека і гісторыю чалавечага грамадства па матэрыяльных рэштках жыцця і дзейнасці людзей — рэчавых (археал.) помніках. Даследуе ў комплексе стараж. помнікі (стаянкі, паселішчы, могільнікі, свяцілішчы, майстэрні і інш.), рэчы і іх катэгорыі (прылады працы, прадметы побыту, матэрыялы духоўнай культуры), выяўленыя ў час археалагічных раскопак; узнаўляе сац.-эканам. гісторыю эпох, што недастаткова або зусім не адлюстраваны ў пісьмовых крыніцах, даследуе шэраг пытанняў, якія вывучаюцца і сумежнымі навукамі — этнаграфіяй, антрапалогіяй, палеанталогіяй і інш.; цесна звязаны з дапаможнымі гіст. дысцыплінамі — нумізматыкай, сфрагістыкай, эпіграфікай. Археалогія падзяляецца па эпохах (каменны век, бронзавы век, жалезны век, сярэднявечча), часам па крыніцах, культурна-гіст. абласцях, этнічных прыкметах (скіфскі перыяд, антычныя дзяржавы, славянская археалогія). Паводле храналаг. і тэр. падзелу своеасаблівых рыс помнікаў вылучаюцца т.зв.археалагічныя культуры. Важным пытаннем з’яўляецца класіфікацыя і датаванне здабытых пры раскопках рэчаў. У археалогіі выкарыстоўваюць спецыфічныя метады даследавання: параўнальна-тыпалагічны метад (вызначэнне культ. прыналежнасці і храналогіі рэчаў шляхам параўнання з аналагічнымі, але ўжо вядомымі), стратыграфія (умовы залягання культ. пласта археал. помнікаў адносна геал. напластаванняў і інш. пластоў), статыстычны (улік масавых знаходак аднолькавага прызначэння), а таксама розныя метады археалагічнага датавання. Важны метад даследавання археал. помнікаў — картаграфаванне. Асобная галіна археалогіі — падводная археалогія — вывучае стараж. і сярэдневяковыя помнікі, што апынуліся пад вадой (у азёрах, рэках, морах). Археал. матэрыялы дапаўняюцца пісьмовымі крыніцамі.
Як навука археалогія аформілася ў 19 — пач. 20 ст. (да гэтага яна вывучала антычнасць і мела мастацтвазнаўчы кірунак). У краінах Зах. Еўропы цікавасць да нац.гісторыі, у т. л. да археалогіі, асабліва ўзмацнілася пасля Вял.франц. рэвалюцыі 1789—93, якая спрыяла абуджэнню нац. самасвядомасці. З павелічэннем колькасці археал. матэрыялаў пачаліся спробы іх класіфікацыі. У 1836 дацкі археолаг К.Ю.Томсен падзяліў помнікі першабытнай эпохі на каменны, бронзавы, жал. вякі, Дж.Лебак падзяліў каменны век на палеаліт і неаліт. Гэту класіфікацыю паглыбіў Е.Я.Ворса, які вызначыў храналогію бронзавага веку паводле абрадаў пахавання. З гэтага часу археалогія становіцца навук. дысцыплінай. З 2-й пал. 19 ст. ва ўсіх краінах свету праводзіліся археал. даследаванні; распрацаваны храналагічная і перыядычная сістэмы, навук. метады раскопак; адбываліся археал. з’езды і кангрэсы. У 1869—83 франц. археолаг Г. дэ Мартылье падзяліў палеаліт на перыяды: шэльскі, ашэльскі, мусцьерскі, салютрэйскі, мадленскі. У Еўропе адкрыты эгейскія цывілізацыі дагамераўскай Грэцыі (Г.Шліман, А.Эванс), на Усходзе — шумерская і вавілонская культуры. Шведскі археолаг А.Мантэліус размеркаваў стараж. рэчы па тыпах, якія пазней звязаў у эвалюц. рады, і, такім чынам, стаў заснавальнікам параўнальна-тыпалагічнага метаду. У пач. 20 ст. чэшскі археолаг Л.Нідэрле надрукаваў збор славянскіх старажытнасцяў і даказаў агульныя рысы культуры славян. Дзякуючы даследаванням А.С.Уварава, Д.Я.Самаквасава, Л.К.Іваноўскага, У.І.Сізова, А.А.Спіцына ўзнікла славяна-руская археалогія.
На Беларусі археал. раскопкі пачаліся ў канцы 18 — пач. 19 ст., археал. помнікі даследавалі Т.Нарбут, З.Я.Даленга-Хадакоўскі, К.П. і Я.П.Тышкевічы, А.Г.К.Кіркор, Е.Р.Раманаў, У.З.Завітневіч, В.А.Шукевіч, М.Ф.Кусцінскі, М.М.Турбін, Г.Х.Татур, Л.Ю.Лазарэвіч-Шапялевіч, З.Глогер, М.В.Фурсаў, С.Ю.Чалоўскі і інш. На актывізацыю археал. даследаванняў паўплываў 9-ы археал. з’езд у Вільні (1893). У 1925 пры Інбелкульце створана гісторыка-археал. камісія, у 1927 адкрыта кафедра археалогіі (з 1929 археал. камісія ў Ін-це гісторыіБел.АН, з 1932 секцыя археалогіі). У даваенны час археал. даследаванні праводзілі А.М.Ляўданскі, К.М.Палікарповіч, С.А.Дубінскі, А.Дз.Каваленя, І.А.Сербаў, С.С.Шутаў і інш. У 1930-я г. многія археолагі рэпрэсіраваны і загінулі (Ляўданскі, Дубінскі, Каваленя і інш.). У Зах. Беларусі археал. раскопкі праводзілі У.Галубовіч, Г.Цэгак-Галубовіч, З.Шмід, З.Дурчэўскі і інш. У 1944 у Ін-це гісторыіАН Беларусі створаны сектар археалогіі, з 1980 — аддзел археалогіі з сектарамі, у 1986 сектары пераўтвораны ў аддзелы. У 1973 створана кафедра археалогіі, этнаграфіі і дапаможных гіст. дысцыплін у БДУ. Бел. археолагі выявілі каля 1300 помнікаў каменнага і бронзавага вякоў, вызначылі іх прыналежнасць да археал. культур (У.Дз.Будзько, У.Ф.Ісаенка, М.М.Чарняўскі, У.П.Ксяндзоў, А.Г.Калечыц, Э.М.Зайкоўскі, В.Ф.Капыцін і інш.), праводзілі мэтанакіраванае вывучэнне помнікаў, культур і этнічных утварэнняў жал. веку (А.Р.Мітрафанаў, Л.Д.Побаль, К.П.Шут, В.І.Шадыра, В.С.Вяргей, М.І.Лашанкоў і інш.). Даследаванні бел. археолагаў дапамаглі ўзнавіць працэс фарміравання ўсх.-слав. племянных аб’яднанняў (дрыгавічоў, крывічоў, радзімічаў), гісторыю стараж. гарадоў (В.Р.Тарасенка, Г.В.Штыхаў, Э.М.Загарульскі, П.Ф.Лысенка, Я.Г.Звяруга, М.А.Ткачоў, З.С.Пазняк, Т.С.Бубенька, В.М.Ляўко, Л.У.Калядзінскі, В.Е.Собаль, Ю.А.Заяц і інш.), матэрыяльную культуру сельскага насельніцтва (Л.У.Дучыц, Я.Р.Рыер, У.У.Багамольнікаў, Т.М.Каробушкіна і інш.). У апошняе дзесяцігоддзе актыўна вывучаліся познасярэдневяковыя помнікі 14—18 ст. (А.А.Трусаў, А.К.Краўцэвіч, В.У.Шаблюк, І.М.Чарняўскі і інш.). Археал. даследаванні на Беларусі праводзілі супрацоўнікі Ін-таў археалогіі і гісторыі матэрыяльнай культуры Расійскай АН (Л.В.Аляксееў, І.І.Арцёменка, Ф.Д.Гурэвіч, Н.М.Гурына, Ю.У.Кухарэнка, В.М.Мельнікоўская, П.А.Рапапорт, Г.Ф.Салаўёва, Э.А.Сымановіч, В.В.Сядоў, П.М.Траццякоў).
Літ.:
Очерки по археологии Белоруссии. Ч. 1—2. Мн., 1970—72;
Каханоўскі Г.А. Археалогія і гістарычнае краязнаўства Беларусі ў XVI—XIX стст. Мн., 1984;
Белорусская археология: Достижения археологов за годы Советской власти. Мн., 1987;
Вяргей В.С. Археалагічная навука ў БССР, 1919—1941 гг.Мн., 1992;
Археалогія і нумізматыка Беларусі: Энцыкл.Мн., 1993.
Г.В.Штыхаў.
Да арт.Археалогія. Раскоп на паселішчы Бароўка ў Быхаўскім р-не Магілёўскай вобл.Да арт.Археалогія. Пантыкапей, рэшткі збудавання 2 ст. да н.э.