СІ́ДА, грудніка (Sida),

род кветкавых раслін сям. мальвавых. Каля 150 (паводле інш. звестак да 300) відаў. Пашыраны ў тропіках і субтропіках. У Амерыцы і Еўропе культывуюць С. вострую (S. acuta) і шматгадовую (S. napala), у Індыі і Афрыцы — С. рамбалістую (S. rombifolia). На Беларусі інтрадукавана С. гермафрадытная (S. hermaphrodita).

Шматгадовыя травяністыя, кустовыя і паўкустовыя расліны. Сцёблы прамастойныя, выш. 2—4 м. Лісце чаргаванае, 5—7-лопасцевае, клінападобнае або суцэльнае. Дробныя кветкі белыя ці жоўтыя, адзіночныя або сабраныя па 5—10 у суквецце. Плод — каробачка. Сцёблы маюць 13—19% валакна, якое разам з ільняным, джутавым і кенафавым выкарыстоўваюць для вытв-сці грубых тканін і вяровак. Тэхн., кармавыя, меданосныя расліны.

А.​М.​Скуратовіч.

т. 14, с. 367

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СІНТА́ГМА (ад грэч. syntagma разам пабудаванае, злучанае),

1) спалучэнне па пэўнай мадэлі дзвюх або болей моўных адзінак у патоку маўлення (сінтагматыцы): марфем («пера-езд», «вязуць»), слоў («ідзе дождж», «спявае песню», «дзеля жыцця»), сказаў («Ён сказаў, што думаў».).

2) Рытміка-інтанацыйная адзінка маўлення або маўленчы такт, што звычайна супадае з адрэзкам выказвання, які вымаўляецца без паўз, адным штуршком паветра, мае свой інтанацыйна-націскны цэнтр (сінтагматычны націск) і характарызуецца адноснай сэнсавай і сінтакс. цэласнасцю. Напр.: «Чыстая // глыбокая рэчка // ў люстраной паверхні сваёй // адбівае блакітнасць неба, // і ад гэтага здаецца яна // бяздоннай» (П.​Галавач).

Літ.:

Виноградов В.В. Понятие синтагмы в синтаксисе русского языка // Виноградов В.В. Избранные труды: Исслед. по рус. грамматике. М., 1975.

А.​Я.​Міхневіч.

т. 14, с. 402

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СКЛЯПЕ́ННЕ ў геалогіі,

буйная дадатная платформавая структура, акруглай або авальнай формы, з адной ці некалькімі вяршынямі. Звычайна найб. выражана на паверхні крышт. фундамента. Пл. 10—100 тыс. км², выш. падняцця больш за 100 м, радзей да 1 км. Вуглы падзення слаёў на крылах да 1°. Акруглыя С. наз. купаламі. Некат. С. абмежаваны буйнымі тэктанічнымі разломамі. Часта складаюць антэклізы (напр., Татарскае, Башкірскае, Токмаўскае С. Волга-Уральскай антэклізы), радзей трапляюцца ў сінеклізах або прадстаўляюць ізаляваныя формы. Развіваюцца 10—100 млн. г., маюць маламагутны асадкавы чахол з перарывамі ў асадканамнажэнні. Форму С. маюць і лінейныя падняцці ў абласцях найноўшага гораўтварэння. С. — таксама найб. высокая ч. антыклінальнай складкі (гл. Антыкліналь).

І.​В.​Клімовіч.

т. 14, с. 464

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СКРЫПНЁВЫЯ, асліннікавыя (Onagraceae),

сямейства двухдольных кветкавых раслін парадку міртавых. Больш за 20 родаў, каля 700 відаў. Пашыраны ўсюды, найб. ва ўмераных і субтрапічных паясах. На Беларусі каля 25 відаў з родаў асліннік, двухпялёснік, скрыпень, іван-чай (капорскі чай). Шэраг відаў з родаў кларкія і фуксія культывуюць у садах, парках, аранжарэях і пакоях.

Пераважна шматгадовыя травы, радзей кусты, паўкусты ці невял. дрэвы. Лісце чаргаванае або супраціўнае, суцэльнае, звычайна ланцэтнае, суцэльнакрайняе ці зубчастае. Кветкі двухполыя, адзінкавыя або сабраныя ў суквецце ў пазухах лісця. Плод — каробачка, радзей арэхападобны ці ягадападобны. Лек., харч., дэкар., меданосныя і кармавыя расліны, некат. — пустазелле.

Літ.:

Травянистые растения СССР. Т. 2. М., 1971;

Жизнь растений. Т. 5 (ч. 2) М., 1981.

А.​М.​Скуратовіч.

т. 14, с. 474

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЛАІ́СТА-КУЧАВЫ́Я ВО́БЛАКІ [міжнар. назва Stratocumulus (Sc)],

воблакі ў выглядзе шэрых або белых (ці адначасова абодвух адценняў) слаёў і град, амаль заўсёды з больш цёмнымі часцінкамі, якія складаюцца з буйных акруглых або валападобных элементаў. Вертык. магутнасць невялікая, размешчаны на выш. да 2 км. Складзены з дробных кропель (пры адмоўных т-рах пераахалоджаных), зрэдку трапляюцца буйныя кроплі дажджу і ядры крупы, сняжынкі і снежныя камякі. Узнікаюць пры хвалевых рухах паветра, асабліва ў слаях інверсій і над падветранымі схіламі ўзвышшаў, пры турбулентным абмене, пры трансфармацыі воблакаў інш. тыпаў, асабліва кучавых і кучава-дажджавых. Часта трапляюцца адначасова з кучавымі воблакамі. Ападкі з большасці гэтых воблакаў не выпадаюць Гл. таксама Воблакі, Воблачнасць.

Слаіста-кучавыя воблакі.

т. 14, с. 505

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЛАНО́ВЫЯ ЧАРАПА́ХІ, гіганцкія чарапахі,

найбольш буйныя віды паўзуноў сям. наземных чарапах. 2 віды: уласна С.ч. (Testudo, або Geochelone, elephantopus) з 11 падвідамі, і гіганцкая С.ч. (T., або G., gigantea). Уласна С.ч. жыве на а-вах арх. Галапагас. Гіганцкая С.ч. захавалася на атоле Альдабра ў Інд. ак. Некат. падвіды вынішчаліся з 17 ст. з-за каштоўнага мяса, тлушчу, яек. Віды і падвіды занесены ў Чырв. кнігу МСАП.

Даўж. панцыра да 1,5 м, выш. да 0,6 м, маса ад 100 да 400 кг. Маюць буйныя слупападобныя ногі і доўгую шыю. Адкладваюць да 22 яец масай да 140 г кожнае. Інкубацыйны перыяд 6—7 мес. Расліннаедныя. Жывуць да 100—150 гадоў.

т. 14, с. 507

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АПАГАМІ́Я (ад апа... + ...гамія),

апагаметыя, адна з формаў бясполага размнажэння (апаміксісу) у вышэйшых раслін. Пры апагаміі зародак утвараецца з клетак зарастка (у папарацяў) або зародкавага мяшка (у кветкавых раслін). Трапляецца рэдка (напр., у трыпутніка ланцэталістага).

т. 1, с. 411

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЯССЦЁКАВАЯ ТЭХНАЛО́ГІЯ,

тэхналагічны працэс, пры якім у навакольнае асяроддзе не паступаюць сцёкавыя воды. Ажыццяўляецца арганізацыяй водаабароту — лакальнай ачысткі забруджанай вады і яе вяртання ў тэхнал. працэс або выкарыстання ў іншых мэтах. Гл. таксама Абаротнае водазабеспячэнне.

т. 3, с. 419

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАМБА́Й-УЛЬГЕ́Н,

вяршыня ў зах. частцы Галоўнага, або Водападзельнага, хр. Вял. Каўказа, каля вытокаў р. Тэберда. Выш. 4046 м. Складзена з гнейсаў, крышт. сланцаў, гранітаў. Укрыта вечнымі снягамі і ледавікамі. Каля падножжа гары Дамбайская паляна.

т. 6, с. 28

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КА́МЕНЬ,

старажытная адзінка масы сыпкіх рэчываў і штучных тавараў. У сістэме мер ВКЛ 1 К. = 40 фунтаў = 14,996 кг. У канцы 19 ст. літ. К. складаў 36 рус. фунтаў і 17,5 лота, або 14,966 кг.

т. 7, с. 519

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)