ВІКТАРЫЯНІ́ЗМ [ад імя англ. каралевы Вікторыі (1837—1901), у час праўлення якой укараняліся негатыўныя адносіны да любых праяўленняў сексуальнага жыцця чалавека],
кірунак маралі, які заключаецца ў пурытанска-аскетычных адносінах да палавога жыцця, адмаўленні значэння пачуццёвасці ва ўзаемаадносінах мужчыны і жанчыны. Паводле яго ўсе плоцевыя пачуцці аб’яўляліся ганебнымі і нават думкі пра секс лічыліся амаральнымі і грэшнымі. Жанчыне прадпісвалася браць шлюб з адзінай мэтай — нараджаць і расціць дзяцей, а любыя праяўленні яе сексуальнай зацікаўленасці лічыліся недапушчальнымі. Да праяўленняў мужчынскай сексуальнасці прыхільнікі віктарыянізму ставіліся больш памяркоўна. Віктарыянізм садзейнічаў пашырэнню фрыгіднасці ў жанчын і псіхагеннай імпатэнцыі ў мужчын.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІНДЫКА́ЦЫЯ (ад лац. vindicatio абарона, ахова),
у цывільным праве іск уласніка або асобы, якая валодае маёмасцю на законных падставах, аб выпатрабаванні яго з чужога незаконнага валодання. Паводле заканадаўства Рэспублікі Беларусь, патрабуючы маёмасць па віндыкацыі, уласнік мае права таксама патрабаваць ад асобы, якая ведала або павінна была ведаць, што яе валоданне не заснавана на законе, вяртання або выплаты ўсіх даходаў, што гэтая асоба атрымала або павінна была атрымаць за ўвесь час валодання; ад уладальніка, які не ведаў і не павінен быў гэта ведаць, — усіх даходаў, атрыманых ім з таго часу, калі яму стала вядома пра неправамернасць яго валодання.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ЦЕБСКАЯ ЭКАНО́МІЯ,
дзяржаўнае ўладанне (каралеўшчына) у ВКЛ у 17—18 ст. Упамінаецца з пач. 17 ст. як эканомія, што здавалася ў службовы лен (уладанне, падараванае васалу за вайск. або адм. службу), на тэр. Віцебскага ваяв.Паводле інвентароў 1657 і 1667, складалася з 5 валасцей, у якіх былі 54 сял. дымы і 28 службаў. У 1785 пл. эканоміі 17 тыс. дзесяцін з 431 сялянскай хатай. З 1773 уваходзіла ў Віцебскую правінцыю, з 1777 — у Віцебскі і Суражскі пав. У канцы 18 ст.б.ч. Віцебскай эканоміі падаравана ў вечнаспадчынную ўласнасць прыватным асобам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВУЧО́НАЕ ЗВА́ННЕ,
прысвойваецца выкладчыкам ВНУ і навук. работнікам (звычайна з вучонымі ступенямі) у залежнасці ад навук. кваліфікацыі і складанасці творчых задач, якія імі вырашаюцца. У адпаведнасці з вучоным званнем замяшчаюцца і пасады ў навуч. і навук. установах, што займаюцца паводле конкурсу і па кантракце. Сістэма вучоных званняў: прафесар (у сярэднявеччы магістр), дацэнт і інш. — усталявалася ў зах.-еўрап. ун-тах у канцы 16 ст. У Расіі гэтыя вучоныя званні сталі выкарыстоўвацца ў 18—19 ст. У СССР, у т. л. на Беларусі, сістэма вучоных званняў аформілася ў 1920—30-я г., прыняты вучоныя званні: прафесар, дацэнт.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫКАНА́ЎЧЫ САКРАТАРЫЯ́Т СНД,
цэнтральны каардынацыйны орган Садружнасці Незалежных Дзяржаў (СНД). Створаны паводле рашэння Савета кіраўнікоў дзяржаў СНД 14.5.1993 на базе Рабочай групы для арганізац.-тэхн. падрыхтоўкі і правядзення пасяджэнняў саветаў кіраўнікоў дзяржаў і ўрадаў. Знаходзіцца ў Мінску. Рыхтуе праекты дакументаў для разгляду статутнымі органамі СНД, арганізуе іх прававую экспертызу і ўзгадненне, абмен інфармацыяй паміж дзяржавамі СНД, фарміруе парадак дня сустрэч на вышэйшым узроўні, выдае інфармац. бюлетэнь СНД. У выканаўчы сакратарыят СНД уваходзяць выканаўчы сакратар (з 1993 І.М.Каратчэня), яго намеснікі, пастаянныя паўнамоцныя прадстаўнікі дзяржаў СНД. Мае ўпраўленні па розных кірунках дзейнасці, а таксама аддзелы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЯ́ЦІЧЫ,
усходнеславянская племянная групоўка ў бас. Акі. Паводле «Аповесці мінулых гадоў», вяцічы разам з радзімічамі прыйшлі з ляшскіх (прапольскіх) зямель. У 9 — сярэдзіне 10 ст. плацілі даніну хазарам, потым — кіеўскім князям. Займаліся земляробствам і жывёлагадоўляй. Археал. помнікі вяцічаў — селішчы, гарадзішчы, курганныя могільнікі з трупаспаленнем (8—11 ст.) і трупапалажэннем (11—14 ст.). У 11—12 ст. у зямлі вяцічаў узніклі гарады Масква, Колцеск, Дзедаслаў, Нерынск і інш. У 2-й пал. 12 ст.тэр. вяцічаў падзелена суздальскімі і чарнігаўскімі князямі. Як культурна-этнагр. група вяцічы зніклі ў 13—14 ст.
Упрыгажэнні вяцічаў 11—13 ст. з раскопак курганоў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЙЦЮ́НІШСКАЯ КАПЛІ́ЦА,
помнік архітэктуры барока з элементамі абарончага дойлідства. Пабудавана, ў 1614 (паводлеінш. звестак у 1633) у в. Гайцюнішкі (Воранаўскі р-н Гродзенскай вобл.) каля Гайцюнішскага дома-крэпасці як кальвінская капліца па фундацыі дачкі ўладальніка Гайцюнішак П.Нонхарта Зузаны. Стала сямейнай пахавальняй Нонхартаў і інш. уладальнікаў вёскі кальвінскай веры. Кампактны прамавугольны ў плане мураваны будынак з развітой апсідай быў накрыты вальмавым дахам, з трох бакоў умацаваны магутнымі контрфорсамі. Над уваходам на даху ўзвышалася вежачка-сігнатурка. Тарэц апсіды быў завершаны трохвугольным франтонам. Аконныя праёмы мелі лучковыя завяршэнні. Захаваліся руіны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕАЛАГІ́ЧНЫ РАЗРЭ́З, геалагічны профіль,
графічнае адлюстраванне геал. будовы тэрыторыі, тэктанічнай структуры, радовішча і інш. аб’ектаў у вертыкальнай плоскасці. Паказвае склад горных парод, іх узрост і ўмовы залягання ўздоўж умоўнай лініі пэўнай працягласці (ад дзесяткаў метраў да соцень і тысяч кіламетраў) на паверхні Зямлі. Складаецца паводле матэрыялаў вывучэння свідравін, выхадаў горных парод на паверхню, горных вырабатак, геафізічных даследаванняў, часам на падставе геал. картаў; паказваецца на геал. картах і ў дакументацыі. На выяве геалагічнага разрэзу вертыкальны маштаб звычайна значна большы за гарызантальны. Геалагічным разрэзам называюць таксама апісанне ці графічны паказ стратыграфічнай паслядоўнасці і літалагічнага складу горных парод у пункце назіранняў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕАМО́РЫ (грэч. geōmoroi),
землеўладальнікі ў Стараж. Грэцыі. У розных рэгіёнах і ў розны час яны мелі розны статус. У Атыцы — гэта адна з 3 груп свабоднага насельніцтва, якая, паводле падання, утварылася ў часы праўлення Тэсея (13 ст. да н.э.). Паступова яны страчвалі свае зямельныя надзелы за даўгі і траплялі ў даўгавое рабства. Рэформы Салона аднавілі б.ч. гаспадарак Геамораў, але ў 4 ст. да н.э. яны ў асноўным разарыліся. У Сіракузах і на в-ве Самас — арыстакраты, буйныя зямельныя ўласнікі, улада якіх скінула дэмасам. Некалькі разоў часова вярталі сваё панаванне, у 4 ст. да н.э. страцілі яго канчаткова.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕАФІЗІ́ЧНЫЯ АНАМА́ЛІІ,
адхіленне значэнняў фіз. палёў (гравітацыйнага, магнітнага, геатэрмічнага, электрамагнітнага) ад нармальнага поля Зямлі. Абумоўлены рознымі фіз. ўласцівасцямі горных парод, неаднароднасцю саставу і будовы зямной кары і мантыі. Адрозніваюць анамальнае значэнне (лічба, якая характарызуе велічыню анамаліі ў пэўным пункце назірання, напр., анамаліі Бучэ, Фая і інш.) і анамальнае поле (участак, на якім назіраюцца адхіленні; бываюць мазаічныя, лінейныя, паласавыя і інш.). Паводле памераў і глыбіні геафізічныя анамаліі падзяляюцца на лакальныя і рэгіянальныя. Па геафізічных анамаліях вывучаюць унутр. будову Зямлі і зямной кары, вырашаюць гідрагеал. і інж.-геал. задачы, вядуць пошук і разведку радовішчаў карысных выкапняў.