АЗО́ЦІСТАЯ РАЎНАВА́ГА,

стан азоцістага абмену арганізма, што вызначаецца роўнай колькасцю вылучанага і спажытага азоту. Бывае адмоўная (азоту вылучаецца больш, чым спажываецца) і дадатная (у процілеглым выпадку). Адмоўная азоцістая раўнавага ўсталёўваецца ў арганізме пры галаданні, нізкай колькасці бялку ў ежы, значных траўмах і звязана з разбурэннем бялку. Дадатная азоцістая раўнавага характэрная для маладога арганізма і мае месца пры рэгенерацыі тканак, у перыяд выздараўлення пасля цяжкай хваробы. Чалавеку патрабуецца каля 16 г бялковага азоту ў суткі, што адпавядае 100 г бялку пры энергазатратах 10,5 МДж (2500 ккал).

т. 1, с. 172

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́ЛЕНА ПРА́ВІЛА,

правіла, якое вызначае заканамернасць змены памераў паверхні цела цеплакроўных жывёл у залежнасці ад змены кліматычных умоў. У млекакормячых жывёл на Пн часткі цела, якія выступаюць (канечнасці, вушы, хвост, шыя, лапы), карацейшыя, формы цела больш прысадзістыя, чым у прадстаўнікоў таго ж віду на Пд. У нейкай ступені Алена правіла справядліва і да вышэйшых раслін, парасткі якіх звычайна ўкарочаныя на Пн у параўнанні з паўд. шыротамі. Сфармулявана амер. вучоным Дж.​Аленам (1877). Алена правіла, як і Бергмана правіла, вынікае з прынцыпу памяншэння цеплааддачы пры скарачэнні суадносін паверхні цела з аб’ёмам.

т. 1, с. 245

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЗАНАСФЕ́РА (ад грэч. ozo пахну + сфера),

азонавы экран, слой у межах стратасферы з павышанай канцэнтрацыяй азону (на выш. 20—25 км у 10 разоў большая, чым каля паверхні Зямлі). Затрымлівае асн. ч. пагібельнага для ўсяго жывога касм. выпрамянення. Максімум азону ў азанасферы прыпадае на вясну, мінімум — на восень. З сярэдзіны 1980-х г. над Антарктыдай было зафіксавана перыяд. знікненне азону (азонавая дзірка), зменшылася яго колькасць і над іншымі тэрыторыямі. Мяркуюць, што ўзнікненне і пашырэнне азонавых дзірак тлумачыцца ўздзеяннем на азанасферу выкідаў у атмасферу хлорфторвугляродаў (фрэонаў).

т. 1, с. 151

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБАЛО́НКАВАЯ ФО́РМА,

ліцейная форма разавага выкарыстання з дзвюх змацаваных рэльефных паўформаў з таўшчынёй сценак 6—10 мм. Вырабляецца на аўтам. і паўаўтам. машынах з сумесі дробнага кварцавага пяску і фенола-фармальдэгіднай парашкападобнай тэрмарэактыўнай смалы. Пры награванні смала плавіцца і абвалаквае пясчынкі, пры далейшым награванні — цвярдзее і звязвае пясок у трывалую абалонку. Паўформы змацоўваюць па фіксатарах з дапамогай скобаў, шрубцынгаў ці склейваюць. У абалонкавай форме атрымліваюць адліўкі масай да 100 кг. Расход фармовачнай сумесі ў 8—10 разоў меншы, чым пры ліцці ў пясчана-гліністыя формы.

Абалонкавая форма.

т. 1, с. 12

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВО́ДМЕЛЬ,

1) мелкае месца ў вадаёме ці вадацёку, якое пачынаецца ад берагавой лініі. Мае шырокі падводны схіл з нязначнымі нахіламі.

2) Участак дна з меншымі глыбінямі, чым навакольныя. Да гэтага тыпу водмелі адносяцца марскія банкі. На водмелях пераважаюць працэсы перамяшчэння і намнажэння асадкаў, могуць утварацца намыўныя астравы і косы; небяспечныя для суднаходства. Характарызуюцца багаццем планктону, на іх заўсёды багацейшая фауна рыб і малюскаў. Пашыраны на рэках, азёрах і вадасховішчах Беларусі. На рэках утвараюцца каля берага, процілеглага таму, які падмываецца, і паступова ператвараюцца ў поймавую тэрасу.

т. 4, с. 250

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЗЕ́ЛЬ (ад араб. газаль),

від лірычнага верша ў народаў Сярэдняй Азіі, Б.​Усходу, Індыі і Пакістана. Уключае, як правіла, не менш за 3 і не больш чым 12 двухрадкоўяў — бейтаў, звязаных манарыфмай (аа, ба, ва, га...). У апошнім бейце ўпамінаецца імя ці псеўданім аўтара верша. Газель узнікла з персідскай нар. лірычнай песні, росквіту дасягнула ў творчасці Саадзі, Хафіза, Джамі, Нізамі. З 19 ст. гэты від верша пранік у еўрап. паэзію (І.​В.​Гётэ, А.​Фет, В.​Брусаў, І.​Франко). У бел. л-ры вядома «Кактэбельская газель» С.​Ліхадзіеўскага.

т. 4, с. 431

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГВІ́ДА д’АРЭ́ЦА, Гвіда Арэцінскі (Guido d’Arezzo; каля 992, г. Арэца, Італія — 17.5.1050?),

італьянскі муз. тэарэтык; адзін з рэфарматараў у галіне муз. практыкі сярэдневякоўя. Адукацыю атрымаў у манастыры Пампоза (каля г. Ферара). Каля 1025 стаў манахам бенедыкцінскага манастыра ў г. Арэца (вобл. Таскана), кіраваў дзіцячым хорам кафедральнай школы. Увёў у карыстанне 4-лінейны нотны стан, чым заклаў асновы сучаснай натацыі. Тэарэтычна абгрунтаваў сістэму гексахорда (6-ступенны дыятанічны гукарад) — аснову сальмізацыі, што палегчыла спевакам дакладнае выкананне нотнага запісу. З 1952 у г. Арэца праводзяць Міжнар. конкурс хар. калектываў імя Г. д’А. («Паліфоніка»).

т. 5, с. 103

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕНЕРА́ЛЬНАЕ МЕЖАВА́ННЕ,

суцэльнае вымярэнне, здымка, картаграфаванне і апісанне адм. адзінак, зямельных уладанняў («дач»), угоддзяў, падатковага насельніцтва ў Расійскай імперыі ў 1760-я г. — сярэдзіне 19 ст. У ходзе генеральнага межавання вырашаліся задачы: межавыя, землеўпарадкавальныя, статыстычныя, картаграфічныя, зямельна-падліковыя. На Беларусі праведзена толькі на землях, далучаных да Рас. імперыі паводле 1-га падзелу Рэчы Паспалітай (1772) — у Магілёўскай (1783—84) і Полацкай (1784—85) губернях. Межавая дакументацыя абвяшчалася адзінай законнай падставай землеўладання, чым скасоўваліся ўсе папярэднія прывілеі і граматы на зямлю. Матэрыялы генеральнага межавання — каштоўная гіст. крыніца.

т. 5, с. 153

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІДРАФО́БНЫ ЦЭМЕ́НТ,

прадукт тонкага здрабнення партландцэментнага клінкеру (гл. Партландцэмент) разам з гіпсам і гідрафобнымі (воданепрымальнымі) дабаўкамі (асідол, мыланафт, алеінавая к-та і інш.). Дабаўкі (0,1—0,3% ад масы цэменту) утвараюць на паверхні яго часціц тонкія гідрафобныя плёнкі (гл. Гідрафільнасць і гідрафобнасць), якія змяншаюць яго гіграскапічнасць і прадухіляюць ад псавання пры працяглым захоўванні нават у вільготных умовах. Бетоны і растворы на гідрафобным цэменце вызначаюцца меншым водапаглынаннем, большай марозаўстойлівасцю і воданепранікальнасцю, чым на звычайным цэменце. Выкарыстоўваюцца ў аэрадромным і дарожным буд-ве, для абліцоўкі будынкаў і інш.

т. 5, с. 237

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАМА́Н, пінакалінавы эфір метылфторфасфонавай кіслаты,

атрутнае рэчыва нервова-паралітычнага дзеяння. Сінтэзаваны ў Германіі (1944). Прыкладна ў 3 разы больш таксічны і стойкі, чым зарын. Выклікае міёз (звужэнне зрэнак вачэй). Лятальная таксічная доза (умоўна) пры дзеянні праз органы дыхання — 0,05 мг мін/л, праз скуру — 1,4 мг/кг.

З. — бясколерная вадкасць з пахам камфары, tкіп 190 °C (кіпіць з раскладаннем), шчыльн. 1013,1 кг/м³ (20 °C). Дрэнна раствараецца ў вадзе, добра — у спіртах, складаных эфірах, кетонах і інш. Гідралізуецца воднымі растворамі шчолачаў, аміяку, амінаў (рэакцыі выкарыстоўваюць для дэгазацыі З.).

т. 6, с. 519

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)