ВЯЛІ́КАЯ ГІ́ЛЬДЫЯ,

прывілеяванае саслоўнае аб’яднанне буйных купцоў і ўладальнікаў нерухомасці (пераважна немцаў) у 14—19 ст. у прыбалтыйскіх гарадах. Узнікла ў сярэдзіне 14 ст. ў гарадах Лівоніі — Таліне, Рызе, Тарту і інш. на ўзор ням. гарадоў. Уплывала на дзейнасць гар. савета (рата або магістрата), які папаўняўся ў парадку кааптацыі толькі членамі Вялікай гільдыі. Праіснавала да ўвядзення агульнарас. гарадавога палажэння ў 1877 і часткова да суд. рэформы ў Прыбалтыцы ў 1889.

т. 4, с. 380

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЫСПАЗІТЫ́ЎНАСЦЬ (ад лац dispositivus які распараджаецца),

у цывільным працэсе магчымасць для розных удзельнікаў справы свабодна распараджацца сваімі матэрыяльнымі і працэсуальнымі правамі. Суд садзейнічае ім у рэалізацыі гэтых правоў і ажыццяўляе кантроль за законнасцю іх распарадчых дзеянняў: з мэтай аказання падтрымкі бакам і інш. удзельнікам справы, паколькі юрыд. недасведчанасць і інш. акалічнасці могуць ускладніць належную абарону імі сваіх правоў і інтарэсаў, і каб прадухіліць злоўжыванне ўдзельнікамі справы іх правамі.

т. 6, с. 294

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЫ́СТРЫКТ (англ. district ад позналац. districtus),

1) адм.-тэр. адзінка ў складзе дэпартамента, створаная на тэр. былых паветаў Віленскай, Гродзенскай і Мінскай губ. і Беластоцкай вобл. ў час заняцця іх франц. войскамі ў вайну 1812. Тэрытарыяльна Д. супадаў з паветам. У Віленскім дэпартаменце было 11 Д., у Гродзенскім — 8, у Мінскім — 10, у Беластоцкім — 3.

2) У шэрагу краін (напр., у ЗША, Вялікабрытаніі) назва ніжэйшай адм. адзінкі суд. або выбарчай акругі.

т. 6, с. 297

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНФІСКА́ЦЫЯ МАЁМАСЦІ,

прымусовае бязвыплатнае адсуджэнне ва ўласнасць дзяржавы ўсёй або часткі маёмасці, якая з’яўляецца асабістай уласнасцю асуджанага. Паводле крымін. заканадаўства Рэспублікі Беларусь можа быць назначана толькі ў выпадках, прадугледжаных артыкуламі Асаблівай часткі КК. Пры частковай К.м. суд абавязаны вызначыць, якая частка маёмасці канфіскуецца, або пералічыць прадметы, якія канфіскуюцца. Не падлягаюць канфіскацыі маёмасць і прадметы, неабходныя для асуджанага і яго ўтрыманцаў, адпаведна з пералікам, зробленым у законе.

Э.​І.​Кузьмянкова.

т. 8, с. 11

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

О́ТРАКІ,

1) у 10—11 ст. у Кіеўскай Русі — малодшыя дружыннікі (гл. ў арт. Дружына) князёў і баяр, якія ўдзельнічалі ў паходах і зборы даніны; О. называлі таксама кіраўнікоў княжацкай гаспадаркі і асабістых слуг князёў і баяр. У 12 ст. асобы ніжэйшай княжацкай адміністрацыі, што вяршылі суд, збіралі пошліны і падаткі.

2) У сярэдневяковай Балгарыі, Македоніі, Сербіі (да 14 ст.) феад.-залежныя сяляне, паводле свайго становішча блізкія да рабоў.

т. 11, с. 458

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРСУ́К (Бенядзікт) (1769—1808),

вучоны-медык. Паходзіў з шляхты Мінскай губ. Пач. адукацыю атрымаў у Мінску. Скончыў са ступенню д-ра філасофіі фіз.-матэм. (1799) і са ступенню д-ра медыцыны мед. (1806) ф-ты Віленскага ун-та. У 1799—1803 ад’юнкт кафедры хіміі, з 1806 праф. мед. ф-та Віленскага ун-та. Падрыхтаваў і вёў першы ў навук. установах Беларусі курс суд. медыцыны. Чл. Віленскага т-ва лекараў (з 1806).

В.​А.​Гапоненка.

т. 2, с. 318

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«АЛАБА́МА»,

канфлікт паміж ЗША і Англіяй у час Грамадзянскай вайны ў ЗША 1861—65. Выкліканы ваен. дапамогай Англіі мяцежным рабаўладальніцкім штатам. Англ. крэйсер «Алабама» ў 1862—64 захапіў і знішчыў 68 гандл. і 1 ваен. карабель паўн. штатаў. Сам быў патоплены 14.7.1864. Пасля заканчэння вайны ЗША узнялі пытанне пра адказнасць Англіі за дзеянні «Алабамы» і інш. яе крэйсераў. Арбітражны суд у Жэневе 14.9.1872 вынес рашэнне, паводле якога Англія заплаціла ЗША 15,5 млн. долараў.

т. 1, с. 225

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЫСЦЫПЛІНА́РНЫ БАТАЛЬЁН,

спецыяльная вайсковая часць, у якой асуджаны ваеннаслужачы адбывае пакаранне. Паводле крымін. заканадаўства Рэспублікі Беларусь да ваеннаслужачых тэрміновай службы, якія ўчынілі злачынства, можа прымяняцца накіраванне ў Д.б. у выпадках, прадугледжаных законам, на тэрмін ад 3 месяцаў да 2 гадоў, а таксама ў выпадках, калі суд, прымаючы пад увагу абставіны справы і асобу асуджанага, палічыць мэтазгодным замест пазбаўлення волі на тэрмін да 3 гадоў прымяніць накіраванне ў Д.б. на той жа тэрмін.

т. 6, с. 298

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЛО́СНАСЦЬ СУДАВО́ДСТВА,

адкрыты разбор спраў ва ўсіх судах; адзін з асн. дэмакр. прынцыпаў судовага працэсу. Прынцып галоснасці судаводства абвешчаны ў большасці развітых краін. У Рэспубліцы Беларусь замацавана ў Канстытуцыі, законе аб судаўладкаванні і ў інш. прававых актах. Закрыты суд. разбор дапускаецца толькі ў выпадках, устаноўленых заканадаўствам (калі гэтага вымагае неабходнасць захавання дзяржаўнай тайны, па справах аб палавых злачынствах і ў інш. выпадках, дзе закранаюцца інтымныя бакі жыцця асоб, якія ўдзельнічаюць у справе).

Э.​І.​Кузьмянкова.

т. 4, с. 468

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАРА́НТЫІ ПРАЦЭСУА́ЛЬНЫЯ,

сістэма прававых сродкаў, устаноўленых законам для забеспячэння належнага выканання правасуддзя і ажыццяўлення задач судаводства па крымін. і цывільных справах. Дакладнае захаванне гарантый працэсуальных — неабходная ўмова вынясення судом законнага і справядлівага рашэння (прыгавору) па справе. Заканадаўства Рэспублікі Беларусь дае магчымасць усім удзельнікам суд. працэсу рэалізаваць свае абавязкі і выкарыстаць нададзеныя ім правы. Асобы, якія прымаюць удзел у справе, могуць рэалізаваць свае правы асабіста ці пры дапамозе адвакатаў, законных прадстаўнікоў і інш.

т. 5, с. 49

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)