выяўленне аддаленых аб’ектаў, вызначэнне іх месцазнаходжання, геам. памераў і скорасці руху з дапамогай эл.-магн. хваляў аптычнага дыяпазону (1014—1015Гц). Бывае пасіўная (пры ўласным выпрамяненні аб’екта) і актыўная (лазерная; пры адбіцці ад паверхні аб’екта выпрамянення лакацыйнай станцыі). Крыніца эл.-магн. выпрамянення для зандзіравання — лазер. Аптычная лакацыя адрозніваецца высокай раздзяляльнай здольнасцю (да доляў метра), высокай дакладнасцю ў вызначэнні вуглавых каардынатаў (да адзінак вуглавых секундаў) і скорасці аб’екта. Выкарыстоўваецца ў паветр. і касм. навігацыі, ваен. справе (навядзенне ракет, снарадаў), астраноміі (аптычная лакацыя планет), для даследавання стану атмасферы, дакладнага картаграфавання паверхні Зямлі, Месяца і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГА́ЗАВЫ ПРО́МЫСЕЛ,
тэхналагічны комплекс для здабычы і збору прыроднага газу з плошчы радовішча, апрацоўкі газу і кандэнсату для падрыхтоўкі іх да транспарціроўкі. Камунікацыі і збудаванні газавага промыслу падзяляюць на асноўныя (эксплуатацыйныя, назіральныя і разведачныя свідравіны, газазборныя калектары, кампрэсарныя станцыі і інш.) і дапаможныя (энергет. гаспадарка, водазабеспячэнне, сувязь, майстэрні і інш.). Колькасць, характар і магутнасць збудаванняў газавага промыслу залежаць ад геолага-эксплуатацыйнай характарыстыкі радовішча. На Беларусі газавы промысел (на тэр. Гомельскай вобл.) прызначаны для спадарожнай здабычы і транспарціроўкі газу; створана закрытая (герметызаваная) сістэма нафтагазазбору (мінімізуе страты і забруджванне навакольнага асяроддзя). Перапрацоўку газу ажыццяўляе Беларускі газаперапрацоўчы завод у г. Рэчыца.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЗАКАМПРЭ́САРНАЯ СТА́НЦЫЯ,
станцыя павышэння ціску прыроднага газу пры яго здабычы, транспарціроўцы, захоўванні і перапрацоўцы. Бываюць: галаўныя, або даціскальныя (павышаюць ціск газу, што паступае з радовішча, у 1,2—10 разоў, магутнасць да 100 МВт і болей), лінейныя магістральных газаправодаў (будуюцца праз 100—150 км, ступень сціскання 1,6—2,5, магутнасць да 200 МВт), станцыі для падземных газасховішчаў (магутнасць да 50 МВт) і для зваротнага запампоўвання газу ў пласт (на газакандэнсатных радовішчах). Абсталяванне: кампрэсарныя ўстаноўкі (цэнтрабежныя нагнятальнікі з прыводам ад газавай турбіны або электрарухавіка і газамотакампрэсары), устаноўкі для ачысткі, асушкі і ахаладжэння газу і інш. Аўтаматызаванымі газакампрэсарнымі станцыямі кіруюць з цэнтр. дыспетчарскага пункта.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАМА́ЧАЎСКІЯ БАІ́ 1943 Адбыліся паміж партызанамі атрадаў імя Варашылава, імя Жукава, брыгады імя Сталіна Брэсцкай вобл. і ням.-фаш. захопнікамі на чыг. ст. і ў г.п. Дамачава Брэсцкага р-на ў Вял.Айч. вайну. У ноч на 23 кастр. партызаны на таварнай станцыі ўзарвалі ўмацаванні гітлераўцаў, разбурылі станцыйнае абсталяванне, спалілі падрыхтаваны для адпраўкі ў Германію эшалон са збожжам і бульбай. 22 ліст. для разгрому варожага гарнізона партызаны перакрылі шашу Брэст—Уладава і дарогі ў суседнія вёскі, агнём паралізавалі праціўніка ў будынку школы і паліцэйскім участку Дамачава, знішчылі памяшканні, захапілі зброю, абмундзіраванне, 200 галоў буйн. раг. жывёлы і харчаванне, нарабаваныя ў насельніцтва.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАРКЕ́ВІЧ (Хрыстафор Яўгенавіч) (1900, в. Міхалава Смаленскай вобл., Расія — 4.11.1937),
бел. мастак. Брат П.Я.Даркевіча. Вучыўся ў Пецярб. вышэйшым маст.-тэхн. ін-це (1921—26). У 1920-я г. выкладаў у сярэдніх школах Ленінграда, з 1931 — у Віцебскім маст. тэхнікуме. Працаваў у манум. і станковым жывапісе. Аўтар пейзажаў «Восень» (1932), «Саўгас «Сасноўка» (1934), «Над ракой» (1936), партрэты А.Стаханава, Я.Купалы, А.Александровіча, А.Пушкіна, М.Горкага, карцін «Малацьба ў саўгасе» (1936) і інш.; фрэсак на будынку вакзала станцыі Сіроціна Шумілінскага р-на Віцебскай вобл. (1930-я г.). Рэпрэсіраваны, расстраляны. Рэабілітаваны 12.3.1961.
Літ.:
Сімановіч Д. Фрэскі на старой сцяне // ЛіМ. 1989. 22 верас.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІДРАЛАГІ́ЧНЫЯ ПРЫЛА́ДЫ,
тэхнічныя сродкі для гідралагічных назіранняў. Бываюць аўтам. (самапісцы) і неаўтам., кантактныя і некантактныя, дыстанцыйныя. Гідралагічныя прылады агульнага прызначэння: вадамерныя рэйкі і самапісцы ўзроўню вады (вымярэнне ўзроўню вады), паверхневыя і глыбінныя паплаўкі, гідраметрычныя вяртушкі (вызначэнне скорасці і напрамку цячэння, расходу вады), водныя і глыбакаводныя тэрмометры, хвалямерныя вехі, лёда- і шарошамерныя рэйкі, лоты і рэхалоты (вымярэнне глыбіні). З дапамогай спец. белага дыска вызначаюць празрыстасць і колер вады, батометрам бяруць пробы вады і наносаў. Для замераў выпарэння выкарыстоўваюць выпаральнікі вільготнасці глебы — вільгацямеры, для рэчышчавых даследаванняў — прафілографы, гідрадынамометры і інш. У цяжкадаступных месцах абсталёўваюць аўтам. гідралаг. станцыі, якія вядуць вымярэнні па зададзенай праграме, перадаюць інфармацыю ў гідраметцэнтр.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫСО́ЦКІ (Георгій Мікалаевіч) (19.2.1865, с. Мікітаўка Сумскай вобл., Украіна — 6.4.1940),
савецкі глебазнавец, лесавод і геабатанік; адзін з заснавальнікаў навук. стэпавага лесаразвядзення і лесамеліярацыі; заснавальнік лясной доследнай справы на Беларусі. Акад. УАСГНІЛ (1934) і АН УССР (1939). Скончыў Пятроўскую земляробчую і лясную акадэмію (1890). У 1923—25 у Бел. ін-це сельскай і лясной гаспадаркі; у 1924—26 заг. Мінскай (з 1926 Цэнтральнай) лясной доследнай станцыі. На Беларусі праводзіў метэаралагічныя і гідралагічныя даследаванні, паклаў пачатак навук. тыпалагічнай класіфікацыі лясоў, даў геабат. характарыстыку расліннасці на Пд рэспублікі. Навук. працы па ахоўным лесаразвядзенні, глебавай гідралогіі, ландшафтазнаўстве.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМП’Е́НСКАЕ ПЕРАМІ́Р’Е 1918 Заключана 11.11.1918 у канцы першай сусветнай вайны 1914—18 у Камп’енскім лесе (каля станцыі Рэтонд, Францыя) паміж Германіяй (кіраўнік дэлегацыі М.Эрцбергер) з аднаго боку, і Францыяй, Вялікабрытаніяй, ЗША і інш. краінамі антыгерм. кааліцыі — з другога (ад імя саюзнікаў падпісана маршалам Францыі Ф.Фошам). Прадугледжвала спыненне ваен. дзеянняў, вывад герм. войск з левабярэжжа Рэйна і стварэнне дэмілітарызаванай зоны на яго правым беразе, капітуляцыю герм. войск ва Усх. Афрыцы, адмову Германіі ад палажэнняў Бухарэсцкага мірнага дагавора 1918, Брэсцкага міру 1918 і інш. Было заключана на 36 дзён, але неаднаразова прадаўжалася і дзейнічала да набыцця сілы Версальскага мірнага дагавора 1919.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРАЛЕ́ВІЧ (Юрый Мікалаевіч) (н. 26,4.1955, Мінск),
бел. мастак. Скончыў Бел.тэатр.-маст.ін-т (1981). З 1981 на Мінскім маст.-вытв. камбінаце. Працуе ў манум.-дэкар. мастацтве і станковым жывапісе. Творы вызначаюцца геаметрызаванасцю кампазіцый, строгай лінеарнасцю форм, яркай дэкар. колеравай гамай. Сярод манум. работ: афармленне Веткаўскага музея нар. творчасці (Гомельская вобл., 1983), будынкаў райвыканкома г. Глыбокае Віцебскай вобл. (вітражы, 1985), аблвыканкома ў Віцебску (сграфіта), Рэсп.спарт. вучылішча алімп. рэзерву ў Мінску (майка, вітраж, сграфіта), станцыі метро «Першамайская» ў Мінску (усе 1990). Аўтар станковых карцін «Раніца» (1985), «Полымя Т.Касцюшкі» (1996), «Зімовая казка» (1997) і інш.Іл.гл. пры арт.Мазаіка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́МЕЛЬСКІ КАМІТЭ́Т ДЭЛЕГА́ТАЎ, Камітэт саюза чыгуначнікаў Гомельскага раёна,
стачачны к-т, які кіраваў рэв. барацьбой працоўных Гомеля ў час Снежаньскага паўстання 1905. Дзейнічаў з 21.12.1905 па 1.1.1906. Утвораны на мітынгу рабочых і служачых Лібава-Роменскай чыг., дэпо і ст. Гомель-Палескі ў час усеаг. забастоўкі. Стварыў баявую дружыну, скінуў мясц. ўладу, кантраляваў працу чыг. тэлеграфа. Узяў на сябе ахову грамадскага парадку, абарону насельніцтва ад чарнасоценцаў. Устанавіў цесныя сувязі з забастовачным к-там ст. Жлобін. Заклікаў да забастоўкі ўсе чыг.станцыі, у выніку якой быў спынены рух на Палескай і Лібава-Роменскай чыг. 11 дзён трымаў пад кантролем горад і чыг. вузел. Спыніў дзейнасць пасля падаўлення забастоўкі.