ЗМА́ЗАЧНАЕ МА́СЛА,

вадкі змазачны матэрыял, які выкарыстоўваюць для змазкі вузлоў трэння розных механізмаў. Паводле спосабу атрымання падзяляюць на нафтавае масла, сінтэтычнае масла, масла расліннага і жывёльнага паходжання (напр., рыцына), па прызначэнні — на індустрыяльнае масла, маторнае масла, трансмісійнае масла і інш. Адпрацаванае З.м. рэгенерыруюць для паўторнага выкарыстання.

т. 7, с. 94

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАВІ́НСКІ (Хрыстафор Хрыстафоравіч) (н. 3.5.1940, г. Нясвіж Мінскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне гігіены. Д-р мед. н. (1995), праф. (1997). Скончыў Мінскі мед. ін-т (1964), з 1994 заг. кафедры ў ім. Навук. працы па прафілактычнай і клінічнай нутрыцыялогіі, вывучэнні статуса харчавання розных груп насельніцтва Беларусі.

т. 9, с. 85

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАГНІ́ТНАЕ НАСЫЧЭ́ННЕ,

стан пара- ці ферамагнетыка, пры якім яго намагнічанасць дасягае найб. значэння і больш не змяняецца пры павелічэнні напружанасці знешняга (намагнічвальнага) магн. поля. Абмяжоўвае рабочыя магнітныя патокі і выклікае нелінейнасць характарыстык, якія вызначаюць работу розных прылад і прыстасаванняў з магн. ланцугамі (напр., эл. машын, трансфарматараў, электрамагнітаў).

т. 9, с. 480

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЯСІ́ЛАВІЧЫ,

стаянкі каменнага і бронзавага вякоў каля в. Нясілавічы Дзятлаўскага р-на Гродзенскай вобл. Датуюцца 6—1-м тыс. да н.э. Пры даследаванні знойдзены ланцэтападобныя вастрыі, пласцінкі, разцы, нуклеусы, кераміка розных этапаў нёманскай культуры і шнуравой керамікі культуры. Выяўлены рэшткі агнішчаў-кастрышчаў і агнішчаў, выкладзеных камянямі.

т. 11, с. 420

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗМЕ́НЛІВАСЦЬ у біялогіі,

уласцівасць жывых арганізмаў існаваць у розных формах (варыянтах); адзін з найб. важных фактараў эвалюцыі. Можа праяўляцца ў асобных арганізмах, клетках у працэсе індывід. развіцця або ў межах групы арганізмаў у шэрагу пакаленняў пры размнажэнні. Па механізмах узнікнення і характары змянення прыкмет адрозніваюць некалькі тыпаў З. Спадчынная З. (генатыпічная) абумоўлена ўзнікненнем новых генатыпаў у выніку мутацый або перакамбінацыі алеляў, што прыводзіць да змянення фенатыпу; аснова селекцыі. Няспадчынная З. (мадыфікацыйная) — вынік змяненняў фенатыпу пад уздзеяннем умоў існавання арганізма, без змены генатыпу (гл. Мадыфікацыя, Фенакопія). Антагенетычная З., у т. л. ўзроставая — заканамерныя змяненні ў ходзе індывід. развіцця арганізма. Палавая З. звязана з адрозненнем асобін рознага полу. Індывідуальная З. (паліморфная) — наяўнасць індывід. адрозненняў арганізмаў аднаго віду незалежна ад узросту і полу. Міжпапуляцыйная З. звязана з асаблівасцямі генатыпу і фенатыпу розных папуляцый аднаго віду.

В.​В.​Грычык.

т. 7, с. 95

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУЗНЯЦО́Ў (Вячаслаў Уладзіміравіч) (н. 15.6.1955, Вена),

бел. кампазітар. Скончыў Бел. кансерваторыю (1983, клас Я.​Глебава). З 1983 заг. муз. часткі Дзярж. т-ра лялек Беларусі, з 1987 выкладае ў Бел. акадэміі музыкі. Працуе ў розных жанрах і тэхніках кампазіцыі. Асн. творы: опера «Запіскі вар’ята» (1987), балеты «12 крэслаў» (1983), «Паланэз» (1994), «Цар Саламон» (1998); араторыя; вак.-сімф. паэмы, у т. л. «Гукавыя прасторы «Euphonia» (1993); кантаты, у т. л. «Ціхія песні» на словы М.​Багдановіча (1991); абрад-дзейства «Палескае вяселле» (1995); «Хроніка мінуласці «Спевы даўнейшых ліцвінаў» для салістаў, мужчынскага хору і ўдарных інструментаў (1997); 3 сімфоніі (1982, 1984, 1995), канцэрт (1988), «Цэзій-137» (1990), «Musica Militare» (1991) для сімф. аркестра; камерная сімфонія (1988), «Partita in D» (1992); камерна-інстр. і прыкладная музыка; п’есы для аркестраў розных складаў, песні, хары і інш.

Т.​Г.​Мдывані.

т. 8, с. 562

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЫ́ЙНЫЯ СРО́ДКІ,

рэчывы ці сумесі рэчываў, якія ў растворах аказваюць мыйнае дзеянне і выкарыстоўваюцца для ачысткі ад забруджванняў паверхняў розных рэчаў.

Аснова М.с. — паверхнева-актыўныя рэчывы, здольныя да міцэлаўтварэння (гл. Міцэлы). Найб. важнымі з’яўляюцца М.с., прызначаныя да выкарыстання ў водным асяроддзі. Да іх адносяць мылы і шматкампанентныя кампазіцыі сінт. М.с. (СМС), якія не трацяць мыйнай здольнасці ў жорсткай вадзе. Аснова большасці з іх — солі сульфакіслот (найб. пашыраны алкілбензолсульфанаты) і кіслых сульфаэфіраў. Кампазіцыі СМС уключаюць дапаможныя рэчывы (неарган. электраліты), што паляпшаюць мыйнае дзеянне, а таксама спец. дабаўкі (ферменты, бактэрыцыды, стабілізатары пены, пахучыя рэчывы, антыаксіданты і інш.). Вырабляюць М.с. вадкія, пастападобныя, цвёрдыя (кавалкі, гранулы, парашкі). Выкарыстоўваюць у быце для мыцця бялізны, посуду, шкла, керамічных і інш. вырабаў, як сродкі асабістай гігіены (шампунь, зубная паста), у тэхніцы (тэхн. М.с.) для мыцця розных механізмаў і машын.

Ф.​М.​Капуцкі.

т. 11, с. 49

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЛАВЫ́Я ХРАМАСО́МЫ,

храмасомы, якія вызначаюць адрозненне карыятыпаў асобін розных полаў у раздзельнаполых арганізмаў. Гомагаметны пол мае 2 аднолькавыя храмасомы (X-храмасомы). Гетэрагаметны пол мае адну X-храмасому (тып ХО, характэрны для клапоў, конікаў) або пару розных П.х. — X і Y (тып XY, характэрны для млекакормячых і чалавека) — і адносіцца пераважна да мужчынскага полу. Апладненне яйцаклеткі сперматазоідам, што нясе X-храмасому, прыводзіць да ўтварэння XX-зіготы, з якой развіваецца жан. асобіна; апладненне сперматазоідам, што не мае X-храмасомы, прыводзіць да паяўлення мужчынскай асобіны. У П.х. знаходзяцца таксама гены, якія вызначаюць не толькі палавыя, але і інш. прыкметы арганізма (т.зв. счэпленыя з полам). У параўнанні з X-храмасомай Y-храмасома часта мае менш генаў, шмат структурнага гетэрахрамаціну і меншая па велічыні. Неразыходжанне П.х. у аднаго з бацькоў у час утварэння палавых клетак прыводзіць да парушэнняў развіцця арганізма.

Р.​Г.​Заяц.

т. 11, с. 533

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАДЫЯЦЫ́ЙНАЯ ПЛАЗМАДЫНА́МІКА,

раздзел фізікі плазмы, які вывучае дынаміку плазмы і плазменных патокаў, калі радыяцыйныя працэсы істотныя для іх энергетыкі. Як самастойны навук. кірунак даследаванняў пачала фарміравацца з сярэдзіны 1970-х г.

Р.п. ўключае: эксперым. і тэарэт. даследаванні радыяцыйна-плазмадынамічных працэсаў узаемадзеянняў цеплавога і кагерэнтнага выпрамяненняў і магутных ударных хваль з рэчывам у розных агрэгатных станах; дыягностыку, лікавае мадэліраванне і тэорыю радыяцыйна-плазмадынамічных працэсаў у розных умовах; вывучэнне тэрмадынамічных і аптычных ўласцівасцей выпрамяняльнай плазмы; плазмадынамічныя крыніцы выпрамянення высокай спектральнай яркасці і генератары магутных ударных хваль; радыяцыйна-плазмадынамічныя сістэмы прамысл. прызначэння.

На Беларусі даследаванні Р.п. вядуцца з 1970-х г. на аснове работ па фізіцы і дыягностыцы імпульсных плазменных паскаральнікаў у Ін-це малекулярнай і атамнай фізікі, Ін-це цепла- і масаабмену Нац. АН і інш.

Літ.:

Радиационная плазмодинамика. Т. 1. М., 1991.

Л.​Я.​Мінько.

т. 13, с. 242

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭДУ́КЦЫЯ ПРА́ЦЫ,

працэс звядзення складанай працы да простай, якая не патрабуе спец. прафес. навучання, прадугледжвае звычайныя ўмовы вытв-сці, сярэднія фіз. і разумовыя здольнасці чалавека. Аб’ектыўная аснова для Р.п. — затраты часу работніка на атрыманне кваліфікацыі пры найб. эфектыўных формах падрыхтоўкі ў іх аптымальным спалучэнні, а таксама затрат на навучанне работніка для выканання складанай працы. Р.п. ўключае таксама працэс звядзення больш інтэнсіўнай і цяжкай працы да неабходнага ўзроўню інтэнсіўнасці і цяжкасці. Для звядзення відаў працы рознай складанасці да адзінай меры карыстаюцца каэф. рэдукцыі. Ёсць некалькі метадаў яго вылічэння: параўнанне затрат на навучанне работнікаў розных кваліфікацый, суадносіны заработных плат работнікаў розных кваліфікацыйных груп, параўнанне складанасці і цяжкасці працы і інш. Р.п. ўлічваецца пры распрацоўцы тарыфных сетак, фарміраванні цэн, разліку поўных затрат працы на выраб прадукцыі ў адной краіне, пры міжнар. супастаўленнях і інш. эканам. разліках.

т. 13, с. 554

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)