сямейства членістаногіх атр. павукоў. Каля 600 відаў. Пашыраны пераважна ў Паўд. Амерыцы, а таксама ў Паўд.-Усх. Азіі, Усх. Афрыцы, у трапічных лясах. Актыўныя на змярканні і ўначы. Віды родаў акантаскурыя (Acanthoscurria), тэрафоза (Theraphosa) і інш. небяспечныя для чалавека (яд паражае ц. н. с.).
Даўж. да 11 см. Цела і ногі ўкрыты шматлікімі валаскамі. Хеліцэры заканчваюцца кіпцікамі з адтулінамі ядавітых залоз на канцы. Лёгкіх 2 пары. Кормяцца буйнымі насякомымі, дробнымі пазваночнымі, у т. л. птушанятамі (адсюль назва).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РО́ДАВАЯ ТРА́ЎМА НОВАНАРО́ДЖАНЫХ,
пашкоджанне органаў і тканак плода пры родах. У выніку бывае кефалагематома (паднадкоснічнае кровазліццё ў вобласці касцей чэрапа, часцей цемянных), крывашыя, пералом ключыцы і інш. касцей (рук, ног), пашкоджанне тварнага нерва (асіметрыя твару), вялы параліч рукі. Найб. небяспечныя траўмы спіннога мозга і ц. н. с., якія ўзнікаюць часцей на фоне асфіксіі плода і ў выніку мех. пашкоджанняў (могуць прывесці да інваліднасці і парушэння разумовага развіцця). Большасць відаў траўмаў праходзіць бясследна. Прафілактыка: ахова здароўя цяжарнай жанчыны, правільнае правядзенне родаў. Лячэнне спецыфічнае.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЕРАЗАПАДО́БНЫЯ (Lycopodiophyta),
аддзел вышэйшых споравых раслін. Найб. прымітыўная і стараж. з вышэйшых раслін сістэм. група. Вышэйшага развіцця дасягнулі ў кам.-вуг. перыядзе. Уключаюць 2 класы: дзеразовыя (Lycopodiopsida) і палушнікавыя (Isoetopsida), 8 родаў і каля 1300 відаў. Пашыраны па ўсім зямным шары, асабліва ў трапічных і субтрапічных лясах. На Беларусі 7 відаў з родаўбаранец, дзераза, дзярэзка, дыфазіястр і палушнік. Растуць у яловых, хваёвых, радзей у мяшаных і лісцевых лясах, на балотах, у азёрах. Баранец звычайны, дзярэзка заліўная, палушнік азёрны занесены ў Чырв. кнігу Рэспублікі Беларусь.
Сучасныя Дз. — раўна- (дзярэзы і інш.) і разнаспоравыя (селягінелы, палушнікі) шматгадовазялёныя травяністыя расліны, рэдка паўкусты (сярод выкапнёвых Дз. былі і дрэвы — лепідадэндраны і сігілярыі) з чаргаваннем пакаленняў — спарафіту (бясполае) і гаметафіту (палавое). Спарафіт мае дадатковыя карані, сцяблы і лісце (філоіды). Лісце вузкае, дробнае, простае, сядзячае, чаргаванае або супраціўнае, размешчанае па спіралі. зрэдку сабранае ў кальчакі. Размнажаюцца Дз. спорамі. Са споры развіваецца гаметафіт (зарастак) — падземны або надземны, зялёны або бясколерны сапратрофны, утвараюцца мужч. і жан. гаметангіі — антэрыдый і архегоній. Потым адбываецца палавы працэс, у выніку якога фарміруецца спарафіт. Лек., фарбавальныя (даюць жоўтую і зялёную фарбы) і дэкар. расліны; некат віды ядавітыя.
Літ.:
Бобров АЕ. Отдел, 1. Lycopodiophyta — Плаунообразные // Флора европейской части СССР. Л., 1974. Т. 1;
Филин В.Р. Отдел Плауновидные (Lycopodiophyta) // Жизнь растений. М., 1978. Т. 4.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕНЕАЛО́ГІЯ (ад грэч. genealogia радаслоўная),
спецыяльная гістарычная навука, якая вывучае паходжанне, гісторыю, сац. становішча, сваяцкія сувязі родаў і асоб. Вытокі генеалогіі ў язычніцкім кульце продкаў. Як галіна ведаў існавала ў Стараж. Рыме. У эпоху пераходу да феадалізму звесткі пра генеалогію — састаўная частка вусна-паэт. творчасці. У сярэдневякоўі былі вельмі пашыраны генеалагічныя паданні пра паходжанне родаў і цэлых народаў. Шырока вядома сага 12 ст. «Кніга пра ісландцаў» А.Торгільсана пра паходжанне і генеалогію насельнікаў Ісландыі. У ВКЛ у 15—16 ст. бытавала легенда, што мясц. шляхта паходзіць ад рымскага патрыцыя Палемона і яго паплечнікаў, якія перасяліліся ў Літву. У ВКЛ былі шырока распаўсюджаны гербоўнікі, якія спалучалі звесткі з генеалогіі і геральдыкі. Як гіст. навука генеалогія склалася ў 16—18 ст., калі сталі распрацоўвацца метады складання радаводных табліц і роспісаў, сістэмы нумарацыі сваяцтва. У 19 ст. ўзніклі генеалагічныя т-вы ў Вялікабрытаніі і Аўстрыі, якія займаліся даследаваннямі на навук. аснове. З часам падобныя т-вы ўтварыліся ва ўсіх краінах Еўропы, зараз яны існуюць і на правінцыяльным узроўні. У Рэспубліцы Беларусь пытанні генеалогіі распрацоўваюць Ін-т гісторыі Нац.АН, Згуртаванне бел. шляхты, Бел. генеалагічнае т-ва, Аддзел геральдыкі і генеалогіі К-та па архівах і справаводстве.
Літ.:
История и генеалогия. М., 1977;
Genealogia. Warszawa, 1959.
У.М.Вяроўкін-Шэлюта.
Да арт.Генеалогія. Шляхецкі герб і радаводнае дрэва Лазоўскіх.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАДАВО́ДНЫЯ КНІ́ГІў Расіі,
рукапісныя, пазней друкаваныя зводы радаводаў (генеалагічных запісаў пра паходжанне, роднасныя сувязі і службу продкаў) сем’яў свецкіх феадалаў Рас. дзяржавы, якія складаліся з 1540-х г. У 16—17 ст. утрымлівалі радаводы княжацкіх і баярскіх родаў, чые прадстаўнікі займалі вышэйшыя пасады ў дзярж. і ваен. апараце. Найб. вядомы «Гасудараў радасловец» 1555—56. Пасля адмены месніцтва ў 1682 створана Палата радаводных спраў для складання Р.к. рас.дваранства. Гэтая палата шляхам дапаўнення «Гасударава радаслоўца» стварыла Аксамітную кнігу. Пасля выдання Даравальнай граматы дваранству 1785 дваранскія сходы губерняў, у т. л. беларускіх, складалі Р.к. па сваіх губернях. У іх запісвалі дваран, якія валодалі ў губерні нерухомасцю; тых, чые продкі валодалі на тэр. губерні маёнткамі; асоб, якія мелі выслужанае дваранства і дваранства замежнага паходжання (у любой губерні па жаданні). Губ. Р.к. падзяляліся на 6 частак. У 1-ю частку запісвалі роды сапраўднага (пачатак радаводу не раней за 1685) і набілітаванага дваранства; у 2-ю — роды выслужанага дваранства ваеннай службай; у 3-ю — роды выслужанага дваранства цывільнай службай або атрыманнем ордэна, які прыносіў дваранскі статус; у 4-ю — роды замежнага паходжання; у 5-ю — тытулаваныя роды; у 6-ю — стараж. дваранскія роды, чый радавод пачынаўся раней 1685. З сярэдзіны 19 ст. асобныя аўтары складалі Р.к. рас. княжацкіх і дваранскіх родаў, якія ў адрозненне ад традыц. Р.к. былі не справаводнымі дакументамі, а навук. даследаваннямі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́РГУСЫ,
агульная назва 2 блізкіх родаў птушак сям. фазанавых атр. курападобных. 2 віды: аргус чубаты (Rheinartia ocellata) жыве ў горных лясах Лаоса, В’етнама і Малакі, занесены ў Чырв. кнігу МСАП; аргус вялікі (Argusianus argus) насяляе сухія лясы паўд.ч. Бірмы, Малакі, Суматры і Калімантана, скрытныя птушкі.
Даўж. самца аргуса вялікага 1,7—2 м (з іх 1,2 м сярэднія рулявыя пёры хваста), самкі — 0,75 м. Афарбоўка рыжавата-шэрая, у самца падоўжаныя другарадныя пёры з буйнымі плямамі ў вочкі. Самка нясе 2 яйцы, наседжвае 25 сут. Добра пераносіць няволю, размнажаецца.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРАНЯНО́СЦЫ (Dasypodidae),
сямейства млекакормячых атр. непаўназубых. Вядомы з адкладаў верхняга палеацэну ў Паўд. і з плейстацэну ў Паўн. Амерыцы. 9 родаў, 20—25 відаў. Пашыраны ад Пд ЗША да Чылі і Аргенціны. Жывуць у стэпах, пустынях, саваннах і па ўзлесках. Найб. вядомыя браняносец дзевяціпаясны (Dasypus novemcinctus), які можа скруціцца ў клубок, і браняносец гіганцкі (Priodontes giganteus).
Даўж. цела 12—100 см, хваста 2,5—50 см, маса 0,3—55 кг. Спіна ўкрыта касцявым, а зверху рагавым панцырам са шчыткоў, якія ляжаць палосамі. Нараджаюць 2—12 дзіцянят. Драпежнікі. Здабываюць дзеля мяса і панцыра. 4 віды ў Чырв. кнізе МСАП.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕНЕТЫ́ТЫ (Bennettitopsida),
парадак выкапнёвых дрэвападобных голанасенных раслін. 2 сям., каля 20 родаў. З’явіліся ў каменнавугальным перыядзе; найб. росквіту дасягнулі ў юры — 1-й пал. мелу. На Беларусі выкапнёвыя рэшткі (лісце, сцяблы, шышкі, пылок) зрэдку трапляюцца ў юрскіх адкладах. Вызначальныя выкапнёвыя для юрскіх і мелавых адкладаў.
Вонкавым выглядам нагадвалі сучасных сагаўнікавых тропікаў і субтропікаў. Мелі просты або разгалінаваны, некаторыя — бочачкападобны ствол, укрыты рубцамі ад апалага лісця. Лісце перыстае, радзей простае. Кветкі ў пазухах лісця, у большасці Б. двухполыя, нагадвалі кветку пакрытанасенных. Насенне з 2 семядолямі. Некаторыя вучоныя лічаць Б. магчымымі продкамі пакрытанасенных.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРЫБАЕ́ДЫ (Mycetophagidae),
сямейства жукоў падатр. разнаедных. Каля 20 родаў і 200 відаў. Жывуць у грыбах і гнілой драўніне. Найб. вядомыя грыбаед двухкрапінкавы (Dacne bipustulata), грыбаед чырвонагаловы (Triplax russica). На Беларусі 12 відаў. Найб. пашыраны Litargus connexus і Mycetophagus quadripustulatus.
Даўж. 2—6,5 мм. Цела авальнае, слаба пукатае, укрыта тонкімі валаскамі. Афарбоўка ад светла-бурай да чорнай, надкрылы звычайна са светлым малюнкам. Лапкі ў самкі 4-членістыя, у самца пярэднія 3-членістыя. Лічынкі грыбаедаў прадаўгаватыя, з даволі вял. галавой і кароткімі нагамі; на заднім канцы цела кручкападобныя вырасты, загнутыя ўверх. Жывяцца пераважна грыбніцай (міцэліем).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛІНАСТАВУ́СЫЯ (Cladocera),
падатрад ракападобных атр. лістаногіх. 65 родаў, каля 380 відаў. Пашыраны ўсюды, пераважна ў тоўшчы вады прэсных вадаёмаў. На Беларусі больш як 40 відаў, найб. вядомыя дафніі, басміны, лептадоры, маіны.
Даўж. 0,2—10 мм. Тулава ў большасці ўкрыта паўпразрыстай двухстворкавай ракавінай. Галава выцягнута ў дзюбу. Асн. органы перамяшчэння — 4—7 пар ног і другая пара доўгіх галінастых вусікаў (антэн); антэнулы невялікія. Вочы фасетачныя. Грудныя ногі ў большасці ўтвараюць фільтрацыйны апарат. Кормяцца дэтрытам, бактэрыямі і аднаклетачнымі водарасцямі, ёсць драпежныя формы. Характэрная змена палавога і аднаполага (партэнагенез) размнажэння. Галінаставусымі кормяцца рыбы. Індыкатары забруджвання вады: большасць жыве ў чыстых вадаёмах.