СПАНТА́ННАСЦЬ (ад лац. spontaneus адвольны, добраахвотны),
здольнасць дзейнічаць пад непасрэдным уплывам унутр. імпульсаў без умяшання звонку. У філасофіі даследуецца ў сувязі з самаарганізацыяй, самарухам прыроды (Б.Спіноза) і пазнання (Г.Лейбніц, Г.Гегель). У сацыялогіі разглядаецца як самаадвольныя, не інспіраваныя свядомасцю сац. з’явы (міграцыя насельніцтва, фарміраванне родаў, плямён, нацыі і інш.). Характэрна для ўсёй гісторыі чалавецтва, але ў працэсе сац. развіцця ў пэўнай ступені саступае месца свядомаму; часам адмоўна ўплывае на сац. развіццё, выклікаючы працэсы сац. дэзарганізацыі. Гл. таксама Свядомасць і стыхійнасць.
т. 15, с. 97
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)