(«Archiw für slavische Philologie», «Архіў славянскай філалогіі»),
адзін з першых славістычных часопісаў. Выдаваўся ў 1876—1929 у Берліне на ням. мове. Выйшлі 42 тамы. Заснавальнік і першы рэдактар В.Ягіч. Узняў славістыку да ўзроўню міжнар. навукі. Знаёміў вучоных Зах. Еўропы са слав. культурамі, у т. л. беларускай. Змясціў больш за 20 публікацый па беларусістыцы, у т. л. «Беларускі Codex miscellaneus з бібліятэкі графа Рачынскага ў Познані» (т. 9), «Сляды кувады на Беларусі» Ягіча (т. 9), «Польска-рускія інтэрмедыі XVII ст.» А.Брукнера (т. 13), «Новыя славянскія зборнікі казак» І.Паліўкі (т. 19). На старонках часопіса рэцэнзаваліся амаль усе значныя выданні па бел. фальклоры канца 19 — пач. 20 ст., многія даследаванні па бел. мове. Публікацыі абуджалі цікавасць да культуры бел. народа, спрыялі развіццю даследаванняў па бел. праблематыцы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САРМ’Е́НТА (Sarmiento) Дамінга Фаўсціна (14.2.1811, г. Сан-Хуан, Аргенціна — 11.9.1888),
аргенцінскі дзярж. і грамадскі дзеяч, пісьменнік і гісторык. Прытрымліваўся поглядаў унітарыяў (прыхільнікаў унітарнай дзяржавы), змагаўся ў 1820—30-я г. на іх баку супраць федэралістаў. Праціўнік дыктатуры Х.М.Росаса, у 1840 эмігрыраваў у Чылі, дзе набыў шырокую вядомасць сваёй грамадска-публіцыст. дзейнасцю. У 1852 удзельнік паўстання, якое скінула Росаса. Прэзідэнт Аргенціны ў 1868—74, ажыццявіў шэраг рэформ, якія спрыялі развіццю эканомікі, сельскай гаспадаркі, культуры; пры ім будаваліся чыгункі, школы, бальніцы, бібліятэкі, створана АН. Аўтар гісторыка-філас.прац. Выступаў супраць дыктатуры, лічыў, што роўнасці класаў і грамадскай гармоніі можна дасягнуць шляхам усеагульнай асветы; у апошнія гады жыцця зведаў уплыў сацыял-дарвінізму.
Тв.:
Рус.пер. — Цивилизация и варварство. Жизнеописание Хуана Факундо Кироги, а также физический облик, обычаи и нравы Аргентинской Республики. М., 1988.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
УЗУ́НАВА Тамара Сяргееўна (21.11.1906, Мінск — 29.7.1983),
бел. артыстка балета. Вучылася ў харэагр. студыі БДТ у К.Алексютовіча (1921—22). З 1923 артыстка балета ў БДТ-1, з 1930 — Дзяржэстрады, з 1933 салістка Дзярж.т-ра оперы і балета Беларусі. Адначасова ў 1934—37 педагог балетнай школы пры т-ры оперы і балета, у 1940—41 — харэагр. аддз.рэсп.Тэатр. вучылішча. З 1960 выкладала ў Бел.тэатр.-маст. ін-це. Яе танцу быў уласцівы моцны тэмперамент, драматызм. Значную ўвагу аддавала развіццю і папулярызацыі бел.нар. танца. На сцэне Дзярж.т-ра оперы і балета Беларусі выконвала танцы ў оперных і балетных спектаклях, у т. л. хабанеру і іспанскі танец у «Дон Кіхоце» Л.Мінкуса, усходні танец у «Бахчысарайскім фантане» Б.Асаф’ева, мазурку ў оперы «Іван Сусанін» М.Глінкі, лезгінку ў «Дэмане» А.Рубінштэйна і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФІЛАНТРАПІ́ЗМ, філантрапінізм (ад грэч. philantrōpia чалавекалюбства),
прагрэсіўная пед. плынь у Германіі, у якой прасочваецца ўплыў ідэй Ж.Ж.Русо. Атрымала развіццё ў канцы 18 — пач. 19 ст. Заснавальнік плыні І.Б.Базедаў стварыў першы філантрапін — закрытую выхаваўчую ўстанову. Яго паслядоўнікі адкрывалі філантрапіны, развівалі свае пед. ідэі з улікам тагачаснага грамадска-эканам. развіцця Германіі, крытыкавалі фармалізм, зубрэнне, засілле стараж. моў, жорсткасць у адносінах да дзяцей, рэлігійную нецярпімасць, якія панавалі ў школе. Філантрапіны былі платнымі ўстановамі і прызначаліся пераважна для дзяцей заможных бацькоў. У іх побач са стараж. мовамі выкладаліся і новыя, больш увагі аддавалася прыродазнаўчым ведам, мастацтву, фіз.развіццю, прац. навыкам і інш. Філантрапіністы садзейнічалі ўдасканаленню ў педагогіцы метадаў навучання, якія ўлічвалі ўзроставыя і індывід. асаблівасці дзяцей. Ф. паўплываў на т.зв. новае выхаванне.
Літ.:
Пискунов А.И. Очерки по истории прогрессивной немецкой педагогики кон. XVIII — нач. XIX вв. М., 1960.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕ́БЛЕН (Veblen) Тарстэйн (30.7.1857, Ката, штат Вісконсін, ЗША — 3.8.1929),
амерыканскі вучоны-эканаміст і сацыёлаг. Праф. Чыкагскага, Станфардскага і Місурыйскага ун-таў. Погляды яго супярэчлівыя: спалучаюць крытыку некат. бакоў капіталізму, фін. алігархіі і «гуляшчага класа» з дробнабурж. утапізмам. Асновай сац. развіцця лічыў матэрыяльную вытв-сць, але зводзіў яе толькі да тэхналогіі, спрошчана трактаваў сувязь паміж тэхнікай і сац.-культ. працэсамі: грамадства разглядаў як прамысл. машыну з пэўнымі эканам. ін-тамі, а яго эвалюцыю — як разумовае прыстасаванне індывідаў да больш хуткіх змен у тэхналогіі. Крытыкаваў марксізм, абгрунтоўваў ідэю змяншэння ролі працы і рабочага класа, у развіцці грамадства вырашальнай лічыў ролю інтэлігенцыі, найперш вытворча-тэхн., якой прапаноўваў перадаць кіраўніцтва краінай (стварыць «савет тэхнікаў»). У канцы жыцця ад часткі гэтых утапічных ідэй адмовіўся, але яны выкарыстаны ў тэхнакратычных тэорыях. Погляды Веблена, асабліва яго тэорыя «гуляшчага класа», адставання культуры ад тэхнікі, спрыялі развіццю немарксісцкай амер. сацыялогіі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРАДСКА́Я ДУ́МА,
выбарны распарадчы орган гар. самакіравання ў Рас. імперыі. Засн. паводле Даравальнай граматы гарадам 1785 на аснове саслоўнага прадстаўніцтва. На Беларусі ўведзена ў 1875 у Віленскай, Віцебскай, Мінскай і Магілёўскай губ. у ходзе гарадской рэформы 1870—75. Члены дум (гласныя) выбіраліся на 4 гады на аснове высокага ўзроставага і маёмаснага цэнзу. Гарадавое палажэнне 11.6.1892 павысіла маёмасны цэнз выбаршчыка і скараціла склад гарадской думы больш чым у 2 разы. Займалася гар. гаспадаркай. Выканаўчы орган — гарадская ўправа на чале з гар. галавой. Гарадскія думы мелі абмежаваную кампетэнцыю, знаходзіліся пад кантролем губернатара і міністра ўнутр. спраў. Не атрымлівалі фінансавых сродкаў ад дзяржавы, гал. крыніцай іх даходаў былі падаткі з нерухомай маёмасці гараджан. Дзейнасць дум спрыяла развіццю гаспадаркі і культуры гарадоў: яны адкрывалі школы, бальніцы, займаліся страхаваннем, утрымлівалі статыстычныя камітэты. Скасаваны пасля Кастр. рэвалюцыі. Мінская гарадская дума скасавана ў студз. 1918.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕЛЬМІНТАСПАРЫЁЗЫ,
хваробы раслін, якія выклікаюцца грыбамі роду гельмінтаспорый. Часцей пашкоджваюць збожжавыя і тэхн. культуры. На Беларусі пашыраны на пшаніцы, жыце, ячмені, аўсе, радзей на льне, памідорах, злакавых травах. Узбуджальнікі паразітуюць на раслінах у канідыяльнай стадыі, міцэлій развіваецца ў тканках. Распаўсюджваюцца з насеннем і рэшткамі раслін. Развіццю хваробы спрыяюць халоднае і вільготнае надвор’е ў перыяд сяўбы і ўсходаў, павышаная вільготнасць паветра. Гельмінтаспарыёзы праяўляюцца ў выглядзе плямістасці лісця і пладоў, пацямнення зародка, гнілей каранёў і сцёблаў; выклікаюць шчупласць насення, зніжэнне ўраджаю зерня і саломы. Найб. шкодныя гельмінтаспарыёзы: паласатая (узбуджальнік — Helminthosporium gramineum) і сеткавая (H. teres) плямістасці ячменю, цёмна-буры гельмінтаспарыёз пшаніцы, жыта і ячменю (H. sativum), чырвона-бурая плямістасць аўса (H. avenae), гельмінтаспарыёз кукурузы (H. turcicum) і інш.
Да арт.Гельмінтаспарыёзы: 1 — цёмна-буры гельмінтаспарыёз пшаніцы: пашкоджанні ўсходаў, дарослай расліны, зерня і лісця; 2 — паласаты гельмінтаспарыёз ячменю: пашкоджаныя ліст і зерне; 3 — сеткаваты гельмінтаспарыёз ячменю: пашкоджанні лісця і ўсходаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАМАВЫ́Я ГРЫБЫ́,
група базідыяльных дрэваразбуральных грыбоў, якія выклікаюць гнілі драўніны ў будынках. Пашыраны па ўсім зямным шары. Каля 70 відаў; на Беларусі каля 20. Найб. шкодныя Д.г.: сапраўдны, белы, плеўкавы, пласціністы, шпалавы, плотавы, дубовая губка, а таксама віды з роду фібрапорыя, глеяфіл, фамітопсіс і інш. Пры спрыяльных умовах яны здольны за 1—2 гады цалкам разбурыць пашкоджаныя канструкцыі будынкаў і выклікаць бурую дэструктыўную гніль. Больш устойлівая да пашкоджання Д.г. драўніна дубу, каштану, белай акацыі, чырвонага дрэва.
Міцэлій Д.г. разгалінаваны, утварае на паверхні драўніны павуціністыя або камякападобныя плеўкі, шнуры і ватападобныя або лямцавыя ўтварэнні. Пладовыя целы развіваюцца рэдка. Заражэнне драўніны адбываецца базідыяспорамі (жыццяздольныя некалькі гадоў), міцэліем, рэшткамі пашкоджанай драўніны. Унутры будынкаў Д.г. хутка распаўсюджваюцца пры дапамозе міцэліяльных шнуроў. Развіццю Д.г. спрыяе вільготнасць і застаялае паветра. Меры барацьбы: прафілактычныя і антысептычная апрацоўка.
Літ.:
Головко А.И. Домовые грибы и меры борьбы с ними. Мн., 1981.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКЦЫЯНЕ́РНАЯ КАМАНДЫ́ТА,
від кампаніі (таварыства), які спалучае элементы акцыянернага таварыства і камандытнага таварыства. Частка яго ўдзельнікаў (поўных кампаньёнаў), якія займаюцца прадпрымальніцкай дзейнасцю ад імя акцыянернай камандыты, адказваюць па яе абавязацельствах усёй сваёй маёмасцю, а частка (камандытныя акцыянеры) маюць абмежаваную адказнасць — у памеры кошту сваіх акцый. Пашыраны ў малой і сярэдняй вытв-сці, гандлі, сферы паслуг. З’яўляецца пераходнай формай ад акц.т-ва.
Ствараюцца, як правіла, для атрымання вял. грашовых сродкаў ад рэалізацыі акцый. Засн. на калектыўнай форме ўласнасці. Маёмасць фарміруецца за кошт укладаў яго членаў. Спалучэнне прынцыпаў акц. і камандытных т-ваў у гасп. дзейнасці дае шэраг пераваг; высокая ступень адказнасці па абавязацельствах робіць акцыянерную камандыту надзейным партнёрам; канцэнтрацыя кіравання сярод абмежаванага кола асоб (поўных кампаньёнаў) забяспечвае дастатковую самастойнасць, свабоду і аператыўнасць у прыняцці рашэнняў; залучэнне капіталаў і інш. інвестараў спрыяе развіццю вытв-сці і павышэнню яе канкурэнтаздольнасці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКАЯ САЦЫЯЛАГІ́ЧНАЯ АСАЦЫЯ́ЦЫЯ,
добраахвотная навукова-грамадская арг-цыя, якая аб’ядноўвае вучоных і спецыялістаў, што працуюць у галіне сацыялогіі. Створана ў 1994, з’яўляецца правапераемніцай Бел. аддзялення Сав. сацыялагічнай асацыяцыі. Асн. задачы: павышэнне прафес. ўзроўню членаў асацыяцыі, пашырэнне сацыялагічных ведаў; садзейнічанне развіццю сацыялагічнай навукі, павышэнню абгрунтаванасці і дзейнасці яе рэкамендацый; выяўленне прыярытэтных кірункаў сац.-эканам., паліт. і культ. развіцця Беларусі і асобных яе рэгіёнаў; развіццё навук. сувязяў і супрацоўніцтва з сацыёлагамі інш. краін і міжнар.навук. арг-цыямі; арганізацыя і правядзенне навук. кангрэсаў, канферэнцый, сімпозіумаў, семінараў; выдавецкая дзейнасць. У рамках Беларускай сацыялагічнай асацыяцыі вядзецца экспертна-кансультацыйная дзейнасць па пытаннях сацыялогіі, праводзяцца сацыялагічныя экспертызы паліт., прававых, эканам., тэхн. і інш. праектаў. Разам з інш.навук. ўстановамі і арг-цыямі выдала манаграфіі А.В.Рубанава «Сацыяльны суб’ект: матывы і дзейнасць» (1994), Г.М.Сакаловай «Эканамічная сацыялогія», Я.М.Бабосава «Катастрофы: сацыялагічны аналіз» (1995) і інш.