ЛЮ́БЧА,
гарадскі пасёлак у Навагрудскім р-не Гродзенскай вобл., на левым беразе р. Нёман. За 26 км ад Навагрудка, 49 км ад чыг. ст. Наваельня на лініі Баранавічы—Ліда. 1498 ж. (1999).
Упершыню згадваецца ў 1401 у ням. хроніках як аб’ект ваен. паходаў крыжакоў. У 1428 вял. кн. ВКЛ Вітаўт перадаў сяло Л. сваёй жонцы Ульяне. У 1499 вял. кн. ВКЛ Аляксандр падараваў «двор Л.» свайму пісару Фёдару Рыгоравічу. 3 пач. 16 ст. мястэчка. У 1590 кароль Рэчы Паспалітай Жыгімонт III даў Л. магдэбургскае права і герб (у 1644 атрыманы новы). У канцы 16 — пач. 17 ст. пабудаваны Любчанскі замак. У 17 ст. дзейнічала Любчанская друкарня. У 1606—1832 Л. належала кн. Радзівілам. З 1795 у Рас. імперыі. У 19 — пач. 20 ст. мястэчка Навагрудскага пав. Гродзенскай губ., з 1842 — Мінскай губ. У 1897 — цэнтр воласці, 3239 ж., 444 двары, жаночая царк.-прыходская школа, аптэка, царква, сінагога, мясц. прамысловасць, 70 крам, корчмы, штогадовы кірмаш. У 1921—39 у складзе Польшчы, цэнтр гміны Навагрудскага пав. і ваяв. З 1939 у БССР, з 1940 цэнтр Любчанскага раёна Баранавіцкай вобл., гар. пасёлак. У Вял. Айч. вайну з 26.6.1941 да 8.7.1944 акупіравана ням. фашыстамі, якія загубілі ў Л. і раёне 1825 чал. З 1954 у Гродзенскай вобл., з 1956 — у Навагрудскім р-не.
Прадпрыемствы харч. прам-сці. Сярэдняя, дзіцяча-юнацкая спарт. школы, школа мастацтваў, Дом культуры, 2 б-кі, бальніца, аптэка, амбулаторыя, спецыялізаваны дом дзіцяці, аддз. сувязі. Брацкія магілы сав. воінаў і партызан, магілы ахвяр фашызму. Помнік архітэктуры: Ільінская царква (1910), рэшткі Любчанскага замка. Любчанскі парк. За 1,5 км на ПнУ ад Л. стаянка эпохі мезаліту і больш позняга часу.
В.У.Шаблюк, У.У.Бянько.
т. 9, с. 399
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЯДЫ́,
вёска ў Валяўкоўскім с/с Дубровенскага р-на Віцебскай вобл. на р. Мярэя (прыток Дняпра). Цэнтр саўгаса. За 29 км на У ад г. Дуброўна, 140 км ад Віцебска. 707 ж., 287 двароў (1999).
Вядома з канца 16 ст. ў Аршанскім пав. З 1607 сяло, уладанне падстолія ВКЛ М.Глябовіча, з сярэдзіны 17 ст. — Сапегаў. У 1672 мястэчка. Ў 1738 — 23 дымы, у 1745 пабудавана Пакроўская царква, у 1799 — царква Іаана Багаслова. З 1772 у Рас. імперыі. З 1773 мястэчка Л. ў дзярж. кіраванні, пазней уласнасць кн. Пацёмкіна, Любамірскіх. У вайну 1812 у ваколіцах Л. дзейнічаў партыз. атрад Дз.В.Давыдава. У 1897 у Хаўбнянскай вол. Горацкага пав. Магілёўскай губ.; 4434 ж., 599 дамоў, 4 правасл. царквы, 2 багадзельні, 8 яўр. і 1 царк.-прыходская школа, паштова-тэлегр. станцыя, 2 гарбарні, 2 крупадзёркі, 3 маслабойні, 11 кузняў, 4 пенькатрапальні, 3 ільнотрапальні, вадзяны млын, 82 гандл. і 2 піўныя крамы, шынок, 2 заезныя двары, 2 кірмашы на год. У рэвалюцыю 1905—07 дзейнічала Ляднянская арг-цыя РСДРП. З 1923 цэнтр воласці Горацкага пав. Смаленскай губ. З 3.3.1924 у БССР, з 17.7.1924 да 8.7.1931 цэнтр Ляднянскага раёна Аршанскай акр. У 1924—26 і з 1954 цэнтр сельсавета, з 1938 у Віцебскай вобл. У 1925 у Л. 3747 ж., 689 гаспадарак. З 27.9.1938 да 10.3.1954 — гар. пасёлак. У Вял. Айч. вайну ням.-фаш. захопнікі разбурылі гар. пасёлак, загубілі частку жыхароў. У 1963—781 ж., 229 двароў, у 1972—735 ж., 275 гаспадарак.
Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, дзіцячы сад, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан. Радзіма мастака С.К.Заранкі.
В.М.Князева.
т. 9, с. 420
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БА́РЭНЦ (Barents, Barentsz) Вілем (каля 1550, в-аў Тэрсхелінг, Нідэрланды — 20.6.1597), галандскі мараплавец. У 1594—97 здзейсніў 3 плаванні па Паўн. Ледавітым ак. ў пошуках Паўн.-ўсх. праходу з Атлантычнага ў Ціхі ак. 1-я экспедыцыя дасягнула паўн. ўзбярэжжа Новай Зямлі, 2-я — в-ва Вайгач; у час 3-й (1596—97) паўторна (пасля нарманаў і рус. памораў) адкрыў а-вы Мядзведжы і Шпіцберген. Непраходныя льды прымусілі экспедыцыю зімаваць на паўн. ўзбярэжжы Новай Зямлі. Барэнц склаў карту Новай Зямлі, упершыню правёў гадавы цыкл метэаралагічных і акіянаграфічных назіранняў у моры, якое пазней было названа яго імем. У час зваротнага падарожжа памёр, пахаваны на Новай Зямлі. У гонар Барэнца названы таксама адзін з а-воў Шпіцбергена, пасёлак і порт Барэнцбург на в-ве Зах. Шпіцберген.
т. 2, с. 337
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІР,
гарадскі пасёлак у Карэліцкім р-не Гродзенскай вобл., на р. Міранка. За 26 км ад Карэліч, 211 км ад Гродна, 17 км ад чыг. станцыі Гарадзея на лініі Мінск — Баранавічы, на аўтадарозе Навагрудак — Мінск. 2,6 тыс. ж. (1998).
Упершыню згадваецца ў гіст. крыніцах пад 1395. З 1486 належаў Іллінічам. З 15 ст. наз. горадам. Каля 1510 быў пабудаваны замак. З 1555 цэнтр Мірскага графства. Пасля 1568 перайшоў да сваякоў Іллінічаў — кн. Радзівілаў. З 1589 у складзе іх Нясвіжскай ардынацыі як асобнае графства. З 1579 карыстаўся няпоўным магдэбургскім правам. У 17 ст. важны цэнтр рамяства і гандлю, у 18 ст. дзейнічалі палатняныя і суконныя мануфактуры. З 1795 у Рас. імперыі, у 19 — пач. 20 ст. мястэчка, цэнтр воласці Навагрудскага пав. Мінскай губ. У вайну 1812 каля М. адбыліся Мірскі бой 1812 (9—10 ліп.) і бой 10—11 лістапада. У 1828 у выніку дынастычнага шлюбу перайшоў да кн. Вітгенштэйнаў, з 2-й пал. 19 ст. ўласнасць кн. Святаполк-Мірскіх (гл. Мірскія). У 1886 2 царквы, 7 сінагог, мячэць, паштовая станцыя, заезны дом, 74 крамы. У 1897—5401 ж. У 1921—39 у складзе Польшчы, цэнтр гміны Стаўбцоўскага пав. Навагрудскага ваяв. З 1939 у БССР, з 15.1.1940 гар. пасёлак, цэнтр Мірскага раёна. У Вял. Айч. вайну з 26.6.1941 да 7.7.1944 акупіраваны ням. фашыстамі, якія загубілі ў М. і раёне больш за 2560 чал. Дзейнічала Мірскае камсамольска-маладзёжнае падполле. Адбыўся Мірскі бой 1944. З 1956 у Карэліцкім р-не.
Прадпрыемствы харч. (спіртзавод, птушкафабрыка) прам-сці. Сярэдняя і муз. школы, Дом культуры, 2 б-кі, бальніца, паліклініка, аптэка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан, магілы ахвяр фашызму. Помнікі архітэктуры: Мірскі замкава-паркавы комплекс (16 ст.), Мірскі Мікалаеўскі касцёл (1605), Мірская Троіцкая царква (1533—50). Цэнтр ганчарнага рамяства (гл. Мірская кераміка).
Літ.:
Гурин М.Ф. Мир: Ист.-экон. очерк. Мн., 1985.
М.Ф.Гурын.
т. 10, с. 460
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРА́НЬ,
горад у Беларусі, у Аршанскім раёне Віцебскай вобл., на р. Адроў. Падпарадкоўваецца Аршанскаму гарсавету. За 9 км ад Оршы, на аўтамаб. дарозе Орша—Коханава. 14,4 тыс. ж. (1995). Прадпрыемствы металаапр. і лёгкай прам-сці. Брацкая магіла сав. воінаў і партызанаў, магіла ахвяраў фашызму.
Вядома як сяло Барань (потым Старая Барань), што ў 1518 належала кн. К.І.Астрожскаму. З 1598 мястэчка Аршанскага пав. У 1-й пал. 17 ст. ў Барані 38 дамоў. У 2-й пал. 19 ст. каля 300 ж., працавалі крухмальны з-д, млын, было нар. вучылішча (адкрыта ў 1871, 31 вучань). У 1873 тут заснаваны драцяна-цвіковы з-д. У 1924—60 цэнтр сельсавета ў Аршанскім раёне. З 1935 рабочы пасёлак. У Вял. Айч. вайну з 16.7.1941 да 27.6.1944 акупіраваны ням.-фаш. захопнікамі. З 17.5.1972 горад.
т. 2, с. 300
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАЛЯ́НЬ,
рус. Дальні, горад на ПнУ Кітая, у прав. Ляанін. Уваходзіць у адм. раён Люйда. 1,7 млн. ж. (1990). Буйны порт у зал. Даляньвань Жоўтага м., на паўд. канцы п-ва Гуаньдун. Знешнегандл. і прамысл. цэнтр. Прам-сць: металургічная, маш.-буд. (у т. л. судны), хім., нафтаперапр., электронная, буд. матэрыялаў, тэкст., харчовая. Рыбалавецкая база.
Першапачаткова рыбацкі пасёлак Цыніва. З 1860 наз. Д. Расія, атрымаўшы ў часовую арэнду ч. тэр. Кітая, у 1899 пабудавала на месцы пасёлка канцавую станцыю Усх.-Сіб. чыгункі і пераназвала яго Дальні. У 1904—45 акупіраваны Японіяй. У жн 1945 вызвалены Сав. Арміяй. Паводле сав.-кіт. дагавора 1945 кіт. ўрад прызнаў Д. свабодным портам. Прыстані і складскія памяшканні порта былі перададзены на 30 гадоў у арэнду СССР. У 1950 уся маёмасць бязвыплатна перададзена Кітаю.
т. 6, с. 23
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫСАЧА́НЫ,
вёска ў Крынкаўскім с/с Лёзненскага р-на Віцебскай вобл. Цэнтр саўгаса. За 38 км ад г.п. Лёзна, 50 км ад Віцебска, 4 км ад чыг. ст. Крынкі. 350 ж., 197 двароў (1996).
Вёска ўзнікла ў пач. 19 ст. ў Аршанскім пав. Магілёўскай губ. пад назвай Высокае. У сярэдзіне 1820-х г. пабудавана папяровая ф-ка. У 1867 адкрыта нар. вучылішча. У 1850-я г. паступова змяніла назву на Высачаны, цэнтр Высачанскай вол. Аршанскага пав.; школа, бальніца, царква, крама. У 1902—41 дзейнічала Высачанская лёнапрадзільная фабрыка. У 1924—31 цэнтр Высачанскага раёна. У 1935—48 рабочы пасёлак. У 1970 — 344 ж., 125 двароў.
Базавая школа, клуб, б-ка, бальніца, аптэка, амбулаторыя, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Брацкія магілы сав. воінаў. Помнікі вызваліцелям, медыцынскім работнікам і партызанам.
т. 4, с. 321
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛІ́ЧАЎСКІЯ БАІ́ 1942, 1943,
баі партыз. фарміраванняў Магілёўскай вобл. з ням.-фаш. захопнікамі ў Вял. Айч. вайну ў г.п. Клічаў. У ноч на 30.3.1942 партызаны атрадаў Клічаўскага (камандзір А.С.Юркаўцаў), В.І.Лівенцава, В.П.Свістунова панеслі ўдар па папярэдне заблакіраваным гарнізоне ворага (каля 250 гітлераўцаў). Пасля 12-гадзіннага бою партызаны вызвалілі Клічаў, чым завяршылі вызваленне ўсяго Клічаўскага р-на і стварэнне Клічаўскай партызанскай зоны. У ліп. 1942 пад націскам значных сіл праціўніка партызаны пакінулі пасёлак. Раніцай 21.4.1943 2-я і 5-я Клічаўскія партыз. брыгады і рота 1-й Клічаўскай брыгады (іх дзейнасць каардынаваў нач. штаба Магілёўскай ВАГ С.Г.Сідарэнка-Салдаценка) зноў занялі Клічаў, за выключэннем умацаваных пазіцый гарнізона. Праціўнік атрымаў падмацаванне, ням. авіяцыя правяла масіраваную бамбардзіроўку, таму партызаны адышлі. У гонар баёў у Клічаве насыпаны курган Славы, пастаўлены помнік.
т. 8, с. 347
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НА́РАЧ,
курортны пасёлак у Мядзельскім р-не Мінскай вобл., на беразе воз. Нарач. За 18 км ад Мядзела, 31 км ад чыг. ст. Паставы, на аўтадарозе Мінск—Паставы. 3,4 тыс. ж. (2000).
Утвораны 26.9.1964 з вёсак Баравыя, Купа, Малая Сырмеж, Наносы, Садоўшчына, Сцепянёва, Урлікі. Бальнеагразевы і кліматычны курорт, адзін з буйнейшых курортаў Беларусі. Лячэбныя фактары: мясц. мінер. сульфатна-хларыдныя натрыевыя воды, сапрапелевыя і тарфяныя гразі, умерана-кантынентальны клімат, хваёвыя лясы і інш. эфектыўныя для хворых, у т. л. дзяцей, з парушэннямі функцый сардэчна-сасудзістай, нерв., страўнікава-кішачнай сістэм і інш. Працуюць санаторыі «Нарач», «Беларусь», «Будаўнік», «Прыазёрны», дамы адпачынку «Нарач» і «Звязда», тургасцініца «Нарач», турыстычна-экскурсійны комплекс. У Н. рыбакамбінат. Прафесійна-каап. вучылішча. сярэдняя школа, школа-інтэрнат, б-ка, амбулаторыя, аддз. сувязі, аптэка, Дом быту, гандл. цэнтр.
т. 11, с. 149
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛЕ́ШЧАНІЦКАЯ АПЕРА́ЦЫЯ 1943,
баі партыз. брыгад «Народныя мсціўцы» і «Дзядзькі Колі» па разгроме ням.-фаш. гарнізона ў г.п. Плешчаніцы Лагойскага р-на Мінскай вобл. ў сак.—жн. 1943 у Вял. Айч. вайну. Паводле звестак партыз. разведкі ням. гарнізон вясной 1943 пачаў работы для свайго ўзмацнення. Партызаны брыгады «Народныя мсціўцы» неаднаразова спрабавалі перашкодзіць гэтаму: наносілі ўдары па аванпостах, спынялі спробы дэблакіраваць гарнізон звонку, знішчылі мотамеханіз. патруль, нанеслі вял. страты асобаму батальёну СС Дырлевангера, які спрабаваў прарвацца на дапамогу гарнізону. 17 жн. партызаны перакрылі ўсе шляхі да Плешчаніц і ўварваліся ў пасёлак. Адначасова брыгада «Дзядзькі Колі» завязала баі з гарнізонамі на Зембінскім напрамку. У выніку аперацыі гарнізон быў поўнасцю разгромлены, яго дзейнасць спынена больш як на паўгода. Страты партызан — 48 забітымі і параненымі.
У.С.Пасэ.
т. 12, с. 425
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)