РЭЗА́ АБАСІ́, Рызае Абасі (каля 1575, г. Кашан, Іран — 1635),
іранскі мініяцюрыст, вядучы прадстаўнік ісфаханскай школы мініяцюры пры Абасе 1. Працягваў традыцыі Мухамедзі, аднаго з буйнейшых мініяцюрыстаў Тэбрыза. Узначальваў прыдворную школу мастацтваў у Ісфахане. Рабіў жанравыя сцэнкі і партрэты, часам ілюстрацыі. Эвалюцыяніраваў ад паэт.-спакойных кампазіцый, у якіх сілуэты фігур акрэслены плаўнай замкнёнай лініяй, што ізалюе вобраз, да напоўненых глыбокім ўнутр. напружаннем работ, у якіх зменлівая, перарывістая лінія выяўляе пластыку фігур і іх сувязь з навакольным асяроддзем. Сярод твораў: «Дзяўчына ў футравай шапцы» (1602—03), «Партрэт старога» (1614), «Ландшафт з трыма паляўнічымі», «Пара закаханых», «Юнак з баранам» і інш.Іл.гл. да арт.Ісфаханская школа мініяцюры.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕНТ-ГО́ДЭНС ((Saint-Gaudens) Агастэс) (1.3.1848, г. Дублін, Ірландыя — 3.8.1907),
амерыканскі скульптар; адзін са стваральнікаў нац. школы скульптуры 19 ст. Вучыўся ў Нац. акадэміі малюнка ў Нью-Йорку (1864—66), у Школе прыгожых мастацтваў у Парыжы (1867—70). У 1870—75 працаваў у Рыме. У творчасці спалучаў імкненне да канкрэтнасці і строгай стрыманасці выявы з паэтычнасцю і вобразнай яркасцю характарыстыкі, смелай жывапіснай лепкай формы: помнікі адміралу Д.Фарагуту ў Нью-Йорку (1881), А.Лінкальну ў Чыкага (1887), надмагіллі сям’і Адамс на могілках Рок-Крык ў Вашынгтоне (1891), мемарыял Р.Шоу ў Бостане (1897), барэльефны партрэт Р.Л.Стывенсана (1899—1900) і інш.
бел. жывапісец, педагог. Скончыў Пецярбургскую АМ (1885). У 1886—91 працаваў у г. Дзвінск (цяпер г. Даўгаўпілс, Латвія), Рызе, Крэйцбургу (цяпер г. Екабпілс, Латвія). З 1891 жыў у Віцебску. У 1897 стварыў Віцебскую школу-майстэрню Ю.Пэна, у 1918—23 кіраваў майстэрняй ў Віцебскім нар.маст. вучылішчы. Працаваў пераважна ў жанры кампазіцыйнага партрэта, а таксама пейзажа, тэматычнай карціны. У творчасці развіваў традыцыі перасоўнікаў. У шэрагу работ звяртаўся да адлюстравання гар. побыту: «Вуліца ў Віцебску», «Старая з пісьмом» (1903); «Гадзіншчык», «Стары кравец», «Яўрэйскі рабін», «Апошняя субота» і інш.); сац. тэматыкі: «Стары салдат» (1902), «Жабрак», «Пасля забастоўкі» (1905), «У турме» (1920-я г.). Высокім майстэрствам выканання вылучаюцца партрэты-тыпы: «Шавец-камсамолец» (1925), «Сват» (1926), «Швачка», «Партрэт стогадовага селяніна» (абодва 1927), «Пекар» (1928), партрэты мастакоў М.Шагала, Л.Шульмана, «Аўтапартрэт у саламяным капелюшы», «Партрэт брата», «Аўтапартрэт» (1922), «Аўтапартрэт з пэндзлем», «Дама ў аксамітавай сукенцы» і інш. У 1939—41 у Віцебску існавала карцінная галерэя твораў П. (каля 800 работ).
Літ.:
Дробов Л.Н. Живопись Белоруссии XIX — начала XX в. Мн., 1974;
Казовский Г. Художники Витебска: Иегуда Пэн и его ученики: Пер. с англ.М., 1994;
Рывкин М., Шульман А. Запомните его имя: Юдель (Юрий) Пэн (1854—1937): Художник и педагог. Витебск, 1994;
Лисов А. Из истории витебской картинной галереи имени Ю.М.Пэна // Шагаловский сборник: Материалы I—V Шагаловских дней в Витебске (1991—1995). Витебск, 1996. Матэрыялы да выстаўкі твораў Ю.М.Пэна. Мн., 1993.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛІГА́Н ((Beligan) Раду) (н. 14.12.1918),
румынскі акцёр тэатра і кіно. Нар.арт. Румыніі (1962). Скончыў Бухарэсцкую кансерваторыю. Стварыў Т-р камедыі ў Бухарэсце, кіраваў ім. З 1968 маст. кіраўнік Нац.т-ра імя І.Л.Караджале. Лірыка-камедыйны акцёр. У 1940—50-я г. ў камедыях Караджале выконваў ролі: Вентурыяна («Бурная ноч»), Данданаке («Згубленае пісьмо»; абедзве і ў кіно), Кандыдат («У дні карнавалу»); стварыў глыбока псіхал. вобразы Мірою («Безыменная зорка» М.Себасцьяна), Кавафу («Узвар’яванае ягня» А.Барангі), Тузенбаха («Тры сястры» А.Чэхава, Дзярж. прэмія Румыніі 1950), Хлестакова («Рэвізор» М.Гогаля). Выступае і як тэатр. рэжысёр. Здымаўся таксама ў кінафільмах «Звініць даліна», «Афера Протар», «Узрыў», «Гняздо саламандраў», «Партрэт пакалення» і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЛА́ЗІС ((Blasis) Карла) (4.11.1795, г. Неапаль, Італія — 15.7.1878),
італьянскі артыст балета, балетмайстар, педагог. Вучыўся ў А.Вестрыса і інш. У 1818 у т-ры «Ла Скала», удасканальваўся ў С.Вігано, танцаваў у яго балетах. Танец Блазіса вылучаўся высокай тэхнікай, прыгажосцю ліній, гармоніяй рухаў. З 1819 выступаў як балетмайстар, паставіў больш за 80 балетаў у т-рах Мілана («Ла Скала»), Венецыі, Лондана, Варшавы, Масквы (Вял.т-р) і інш. У 1837—50 кіраваў Каралеўскай акадэміяй танца пры «Ла Скала», сярод вучняў К.Грызі, В.Цукі, Ф.Чэрыта. Зрабіў значны ўклад у развіццё сістэмы класічнага танца. Аўтар кн. «Элементарны падручнік тэорыі і практыкі танца» (1820), «Кодэкс Тэрпсіхоры» (1828), «Поўны падручнік танца» (1830) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРАНЗІ́НА (Bronzino; сапр.Аньёла ды Козіма; Agnolo di Cosimo) Анджэла
(17.11.1503, Мантычэлі, каля г. Фларэнцыя, Італія — 23.11.1572),
італьянскі жывапісец. Прадстаўнік фларэнційскага маньерызму. Вучыўся ў мастака-маньерыста Панторма. Зазнаў уплыў Мікеланджэла. Працаваў у Фларэнцыі (1530—32). З 1540 прыдворны жывапісец Козіма I Медычы. Ствараў парадна-арыстакратычныя партрэты (Лукрэцыі Панчатыкі, каля 1540; Козіма I Медычы, 1545; Элеаноры Таледскай, каля 1545; Дж.Дорыя, 1546—47), у якіх адчужанасць, замкнёнасць вобразаў падкрэслена ўрачыста-застылай кампазіцыяй, халодным, высветленым каларытам, ілюзорнай выпісанасцю дэталяў. Аўтар карцін на рэліг. і міфал. тэмы («Святая сям’я», 1540-я г.), фрэсак у Палацца Век’ё ў Фларэнцыі (1545—64) і інш.
А.Дз.Шапашнікава.
А.Бранзіна. Партрэт Лукрэцыі Панчатыкі. Каля 1540.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЫЧКО́ЎСКІ (Ціт) (1799, г.п. Лагойск Мінскай вобл. — 1843),
бел. жывапісец. З прыгонных графа Тышкевіча. Вучыўся ў Віленскім ун-це ў Я.Рустэма. У 1827 з дапамогай Тышкевіча пасланы ў Германію, дзе займаўся капіраваннем экспанатаў Дрэздэнскай галерэі. У 1836—42 у Мюнхенскай АМ. У 1843 паехаў у Венецыю, дзе раптоўна скончыў самагубствам. Аўтар карцін: «Касец, што менціць касу», «Дзяўчынка з разбітым збанам», «Музыкант настройвае віяланчэль», «Варажбітка прадказвае лёс», «Святая Вікторыя збірае сродкі для беднякоў», партрэтаў Ю.Славацкага (1831), К.Князевіча, генерала Вайчынскага (1836, музей А.Міцкевіча ў Варшаве) і інш.
Літ.:
Дробов Л.Н. Живопись Белоруссии XIX — начала XX в. М., 1974. С. 100—104.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ГЕЛАН ((Vigeland) Адольф Густаў) (11.4.1869, г. Мандаль, Нарвегія — 12.3.1943),
нарвежскі скульптар. У 1889—90 вучыўся ў Осла, у 1891 у Капенгагене, у 1892—93 у Парыжы, дзе фарміраваўся пад уплывам А.Радэна. Аўтар пранікнёных дынамічных па пластыцы і кампазіцыі твораў: партрэт Г.Ібсена (1903); помнікі матэматыку Н.Абелю (1908), пісьменніцы К.Колет (1911), кампазітару Р.Нурдраку (1911) у Осла. Стварыў грандыёзны скульпт. ансамбль Фрогнер-парк у Осла (больш за 150 фігур і кампазіцый; 1900—43), у якім увасобіў чалавечыя радасці і выпрабаванні ў цыклічным развіцці і адзінстве з прыродай. Філас. сімвалізм у ансамблі спалучаецца з жыццёвымі рэаліямі і пластычнай дасканаласцю.
бел. жывапісец. З 1905 вучыўся і працаваў у Мінску ў іканапіснай майстэрні П.Курбатава, у 1910—12 вучыўся ў Пецярбургу ў мастака С.Ягорава, скончыў там Школу т-ва заахвочвання мастацтваў (1916). У 1921 вярнуўся ў Мінск, працаваў дэкаратарам у т-ры «Чырвоная зала», выкладаў у чыг. тэхнікуме і інш. Аўтар твораў «Малады мастак» (1923), «Старое і новае» (1927), «Суботнік» (1932), «Маладыя спартсмены» (1934). Лепшыя творы гіст. жанру: «Курлоўскі расстрэл» (1924), «Лядовае пабоішча» (1938), «3 ліпеня 1944 года ў Мінску» (1945); з партрэтаў — «Змітрок Бядуля» (1924), «Сямейны партрэт» (1927), «Кандрат Крапіва» (1938) і інш.