устаноўка (электрастанцыя), якая пераўтварае сонечную радыяцыю ў цеплавую або электрычную энергію. Адрозніваюць тэрмадынамічныя С.э., у якіх сонечная энергія паслядоўна пераўтвараецца ў цеплавую, а затым — у электрычную (напр., па цыкле: геліяканцэнтратары — паравы кацёл—турбіна—генератар) і фотаэлектрычныя станцыі, якія непасрэдна, з дапамогай сонечных батарэй. пераўтвараюць энергію сонечнага выпрамянення ў электрычную. С.э. выкарыстоўваюцца для электразабеспячэння розных аб’ектаў, у т. л.касм. апаратаў, апраснення вады і інш. Магутнасць тэрмадынамічных С.э. больш за 30 МВт, фотаэл. — больш за 10 МВт.
Варыянт касмічнай сонечнай электрастанцыі: 1 — люстэркі; 2 — монакрышталічныя (крэмніевыя) сонечныя элементы, якія пераўтвараюць энергію сонечнага выпрамянення ў электрычную; 3 — перадавальная лінія; 4 — звышвысокачастотнае выпрамяненне, якое пераносіць пераўтвораную электраэнергію на зямлю; 5 — станцыя кіравання.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СУБ’Е́КТ ПРА́ВА,
фізічная або юрыдычная асоба, якая валодае паводле закону здольнасцю мець і ажыццяўляць непасрэдна або праз прадстаўніка правы і юрыд. абавязацельствы. Неабходны элемент праваадносін ва ўсіх галінах права, але ў кожнай з іх яго суб’ект мае пэўную спецыфіку. Напр., у грамадзянскіх праваадносінах грамадзяне, чужаземцы і асобы без грамадзянства выступаюць як фіз. асобы; камерцыйныя і некамерцыйныя арг-цыі — як юрыд. асобы; трэці від суб’ектаў грамадзянскіх праваадносін складаюць дзяржава і дзярж. ўтварэнні. У адм. праваадносінах С.п. выступаюць у асноўным дзярж. органы, службовыя асобы, грамадзяне і толькі ў некат. выпадках — арг-цыі. Прызнаючы якую-н. асобу С.п., закон вызначае яго прававы статус, які характарызуе яго становішча адносна дзяржавы, дзярж. органаў, інш. асоб.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СУМА́ТАРлічбавы,
асноўны вузел арыфметычнага прыстасавання ЭВМ ці асобная прылада, што непасрэдна выконвае аперацыю складання лікаў. Характарызуецца хуткадзеяннем (часам складання 2 лікаў) і апаратнымі затратамі. Выконваецца на транзістарах, лагічных элементах і інтэгральных схемах.
Схемы С. адрозніваюцца спосабам паступлення разрадаў аператараў, прынятай сістэмай лічэння, прынцыпам работы, спосабам перадачы адзінкі пераносу і логікай работы. Шматразрадныя С. будуюцца з 1-разрадных. Разрады ўведзеных лікаў складаюцца адначасова ва ўсіх 1-разрадных С., біты пераносу з папярэдніх разрадаў у наступныя перадаюцца паслядоўна, адначасова ці інакш, у залежнасці ад спосабу злучэння 1-разрадных С. Дзеянні над кодамі лікаў і каманд (адніманне, множанне, дзяленне, мадыфікацыя і інш.) зводзяцца да аперацый складання і зруху. Характарыстыкі С. вызначаюць многія параметры ЭВМ.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЧАРНАСО́ШНЫЯ СЯЛЯ́НЕ,
у Расіі 14—17 ст. катэгорыя феадальна залежнага, але асабіста свабоднага сельскага насельніцтва, якое жыло на дзярж. («чорных») землях і эксплуатавалася непасрэдна дзяржавай. Кіравалі імі дзярж. чыноўнікі і выбарныя органы з саміх сялян. Ворыва і частка інш. угоддзяў знаходзіліся ў прыватна-долевым уладанні сял. сем’яў; пашы, лясы і рэкі — у абшчынна-валасным карыстанні. Ч.с. мелі больш эканам. свабоды, чым прыватнаўласніцкія, займаліся разнастайнымі промысламі (солеварэнне, рыбацтва, паляванне і інш.). Сістэматычная раздача маскоўскімі вял. князямі (потым царамі) населеных дзярж. зямель памешчыкам прывяла да значнага скарачэння колькасці Ч.с. У канцы 17 ст. іх заставалася каля 50 тыс. двароў, пераважна на Еўрап. Поўначы і ў Сібіры. У пач. 18 ст. Ч.с. ўвайшлі ў катэгорыю дзяржаўных сялян.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЭЛЕКТРАТО́Н (ад электра... + грэч. tonos напружанне),
змена ўзбудлівасці і праводнасці жывой тканкі ад дзеяння пастаяннага эл. току. Выяўлены ням. фізіёлагам Э.Пфлюгерам (1859).
Адрозніваюць анэлектратон, катэлектратон і катадычную дэпрэсію. Пры дзеянні пастаяннага эл. току на нерв. валакно або мышцу непасрэдна пад катодам і ў суседніх участках тканкі павышаецца ўзбудлівасць (катэлектратон); пад анодам яна зніжаецца (анэлектратон). Пры працяглым уздзеянні эл. току на тканкі характар узбудлівасці мяняецца: пад катодам пач. павышэнне змяняецца паніжэннем (катадычная дэпрэсія). Праходжанне пастаяннага эл. току праз жывыя клеткі суправаджаецца зменамі палярызацыі іх мембран у бок змяншэння (дэпалярызацыя) і ў бок павелічэння (гіперпалярызацыя). Вывучэнне Э. дазволіла выкарыстоўваць яго ў эксперым. нейрафізіялогіі, неўралагічнай і нейрахірург. практыцы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЯЛЕ́НСКІ Антон Паўлавіч (5.7 1818, г.п. Капаткевічы Петрыкаўскага р-на Гомельскай вобл. — 1874),
адзін з кіраўнікоў паўстання 1863—64 на Беларусі і ў Літве. У 1840-я г. прыхільнік арыстакратычнай эміграцыі А.Чартарыйскага, выказваўся за скасаванне прыгону. У 1860-я г. адзін з кіраўнікоў партыі «белых» на Беларусі і ў Літве. З вер. 1862 чл. Віленскага к-та «белых». З лют. 1863 чл.Аддзела кіраўніцтва правінцыямі Літвы, непасрэдна кіраваў паўстанцкай арг-цыяй Міншчыны, арганізоўваў распаўсюджванне на Беларусі падп. выданняў, у т. л.«Гутаркі старога дзеда». 1.6.1863 арыштаваны, у 1865 засуджаны на 15 гадоў катаргі ў Сібіры. Пасля вызвалення жыў у Кракаве. Памёр у Вільні.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЧА́СТКА І ЦЭ́ЛАЕ,
філасофскія катэгорыі, якія характарызуюць адносіны паміж сукупнасцю прадметаў ці элементаў асобнага аб’екта і сувяззю, што іх аб’ядноўвае. Праблема Ч. і ц. пастаўлена яшчэ ў ант. філасофіі (атамістыка, Платон, Арыстоцель); яна разглядалася ва ўсіх значных філас. вучэннях (матэрыялізм, схаластыка, ням. класічная філасофія і інш.). У філасофіі 20 ст. склаліся 2 процілеглыя тэндэнцыі: мерызм (яе прадстаўнікі абсалютызавалі ролю часткі) і халізм (абсалютызацыя цэлага). Дыялект. падыход зыходзіць з таго, што суадносіны паміж Ч. і ц. могуць характарызавацца адытыўнасцю (калі цэлае роўна суме частак), суперадытыўнасцю (калі цэлае не зводзіцца да сумы частак і характарызуецца новымі інтэгратыўнымі якасцямі), субадытыўнасцю (частка дастаткова незалежная ад цэлага). Паняцце часткі абазначае фрагмент, момант цэлага, таму ў працэсе пазнання Ч. і ц. не павінны разглядацца асобна. Напр., элементарныя часціцы, якія валодаюць дваістай карпускулярна-хвалевай прыродай, непасрэдна звязаны з палямі: энергія і імпульс якіх непасрэдна складаюцца з мноства асобных порцый — квартаў (гл.Квантавая тэорыя поля). У палях бесперапыннасць спалучаецца з перапыннасцю, г.зн. з пэўнай частковасцю. Уласцівыя мозгу чалавека ідэальныя прадукты дзейнасці, розныя псіхічныя з’явы, у т. л. мысленне, таксама раздзелены на пэўныя функцыянальныя часткі. Паняцці Ч. і ц. ўжываюцца і ў адносінах працэсаў руху, функцыянавання і развіцця, у якіх вылучаюцца пэўныя моманты, стадыі, ступені і т.п. У працэсах развіцця суадносіны частак паміж сабой і з цэлым змяняюцца, узнікаюць новыя часткі і новыя сувязі, што выяўляецца ў працэсе дыферэнцыяцыі і інтэграцыі. Сучасная навука прытрымліваецца сістэмнага падыходу ў аналізе Ч. і ц., пры якім адрозніваюцца сістэмы інтэгральныя і суматыўныя ў залежнасці ад перавагі адпаведных уласцівасцей. Пастулат аб прымаце над часткай нярэдка выкарыстоўваўся для апраўдання таталітарных ідэалогій і паліт. рэжымаў (фашызм і інш.), якія ігнаруюць правы і свабоды асобы. Абсалютызацыя ролі часткі знайшла сваё ўвасабленне ў канцэпцыі «сацыяльнага атамізму», у адпаведнасці з якой перавага аддаецца інтарэсам індывіда, а інтарэсы грамадства — падпарадкаваны апошнім. Гл. таксама Цэласнасць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБМЕ́Ну эканоміцы,
узаемны абмен дзейнасцю (таварамі, паслугамі) паміж людзьмі, як правіла, на эквівалентнай аснове. Адбываецца непасрэдна ў вытв-сці (абмен вытв. дзейнасцю або загатоўкамі, паўфабрыкатамі) і ў форме абмену прадуктамі працы і паслугамі. З аднаго боку, абмен — састаўная ч.вытв. працэсу, з другога — адна з самаст. стадый грамадскага ўзнаўлення, якая спалучае вытв-сць з размеркаваннем і спажываннем.
Неабходнасць абмену абумоўлена грамадскім падзелам працы. У першабытным грамадстве звязаны з падзелам працы ўнутры абшчыны (абмен паміж абшчынамі быў выпадковы). З развіццём вытв-сці абмен набываў рэгулярны характар і асабліва пашырыўся з усталяваннем машыннай індустрыі. Са з’яўленнем грошай непасрэдны абмен тавараў (Т—Т) перарос у абарачэнне, але захаваўся ў вытв-сці, а таксама ў бартэрных здзелках (гл.Бартэр).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЕ́ННАЯ ПАЛІ́ТЫКА,
састаўная частка агульнай палітыкі дзяржавы і інш.сац.-паліт. інстытутаў, якія непасрэдна звязаны са стварэннем ваен. арг-цыі, падрыхтоўкай і выкарыстаннем сродкаў узбр. барацьбы для дасягнення паліт. мэт. Ваенная палітыка канкрэтызуецца ў ваеннай дактрыне, ваен. стратэгіі і практыцы ваеннага будаўніцтва. Абапіраецца на ацэнку ўласных сіл і сіл верагодных праціўнікаў, патэнцыялаў, якія складаюць ваенную магутнасць дзяржавы, і фактараў, ад якіх залежаць ход і вынік вайны. Важнае месца ў ваеннай палітыцы адводзіцца праблемам стварэння, умацавання і ўдасканалення ваен. арг-цыі, тэхн. аснашчэння ўзбр. сіл, вызначэння перспектыў развіцця ваен. тэхнікі, мабілізацыйных магчымасцяў дзяржавы, падрыхтоўкі рэзерваў, іх мабілізацыі і разгортвання пры неабходнасці. Сутнасць ваеннай палітыкі Рэспублікі Беларусь накіравана на прадухіленне вайны, захаванне міру, абарону суверэнітэту і тэр. цэласнасці краіны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДВАРА́НСКІ СХОД,
карпаратыўны орган дваранскага самакіравання ў губернях і паветах Рас. імперыі ў канцы 18 — пач. 20 ст. Узніклі ў паветах у 1766, потым утвораны губернскія дваранскія т-вы і іх органы — губернскія Д.с. У 1775 «Устанаўленне для кіравання губернямі», а ў 1785 «Даравальная грамата дваранству» узаконілі арганізац. структуру губернскіх і павятовых Д.с. Звычайна яны збіраліся раз у 3 гады; надзвычайныя маглі склікацца часцей, але з дазволу губернатара. Губернскія Д.с. абмяркоўвалі ўсе саслоўныя справы і пытанні, прапанаваныя дзярж. ўладамі; мелі права рабіць прадстаўленні губернатару, міністру ўнутр. спраў, а ў асабліва важных выпадках непасрэдна цару. Важнейшай функцыяй Д.с. былі выбары саслоўных дваранскіх органаў. Павятовыя Д.с. збіраліся за 3 месяцы да губернскага сходу і разглядалі саслоўныя справы павятовага маштабу. Д.с. скасаваны ў 1917.