ТЫЛА́К Балгангадхар (23.7.1856, Ратнагіры, штат Махараштра, Індыя — 1.8.1920),
дзеяч інд.нац.-вызв. руху, вучоны. Скончыў Дэканскі каледж (г. Пуна, 1879). Юрыст. З 1881 выдаваў грамадска-паліт. газеты. У 1890-я г. супрацоўнічаў з Індыйскім нацыянальным кангрэсам (ІНК), лідэр яго радыкальнага крыла, т.зв. экстрэмістаў, якія стаялі за сур’ёзныя паліт. рэформы ў Брыт. Індыі, за ўцягванне ў паліт. барацьбу шырокіх нар. мас. За арганізацыю нац.-рэлігійных святкаванняў і паліт. дзейнасць у 1908 брыт. суд асудзіў Т. на 6 год турэмнага зняволення. З 1914 Т. — адзін з лідэраў барацьбы за самакіраванне для Індыі. У 1916 ён падпісаў т.зв. Лакхнаўскі пакт з кіраўніцтвам Мусульманскай лігі пра адзінства з ІНК у барацьбе за незалежнасць Індыі. Аўтар навук. прац, прысвечаных аналізу ранніх этапаў інд. цывілізацыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
УНІ́ТА (партуг. União Nacional para Independẽncia Total de Angola Нац. саюз за поўную незалежнасць Анголы),
палітычная арг-цыя ў Анголе. Засн. ў 1966, абапіраецца пераважна на прадстаўнікоў найбуйн. народнасці Анголы — авімбунду. Спачатку УНІТА атрымліваў дапамогу ад Кітая, з сярэдзіны 1970-х г. — ад ЗША. У 1966—74 вёў узбр. барацьбу супраць партуг. панавання, пасля паражэння ў грамадз. вайне 1975—76 — супраць урада Нар. руху за вызваленне Анголы (МПЛА). У 1989 заключыў мірнае пагадненне з МПЛА, пасля паражэння на парламенцкіх і прэзідэнцкіх выбарах 1992 аднавіў ваен. дзеянні. Паражэнні ад урадавай арміі да пач. 2000-х г., гібель у лют. 2002 ген. сакратара УНІТА Ж.Савімбі прымусілі кіраўніцтва УНІТА у крас. 2002 падпісаць мірнае пагадненне з ангольскім урадам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФІЛАПЕМЕ́Н (Philopoimen; 253—183 да н.э.),
старажытнагрэчаскі паліт. дзеяч і палкаводзец. У 222—221 да н.э. ўдзельнічаў у вайне Ахейскага саюза са спартанскім царом Клеаменам III, вызначыўся ў бітве каля Селасіі. З 209 да н.э. гіпарх (начальнік конніцы), з 207 да н.э.стратэг (выбіраўся 8 разоў). Правёў ваен. рэформы, атрымаў шэраг перамог над Спартай. У 193 падпарадкаваў саюзу амаль увесь Пелапанес і ўключыў у яго склад Спарту (192). Змагаўся за незалежнасць Грэцыі ад Македоніі і Рыма, за што празваны «апошнім элінам». У 183 трапіў у палон да месенцаў і атручаны.
Літ.:
Плутарх. Избранные жизнеописания: Пер. с греч. Т. 1. М., 1990;
Герои Греции в войне и мире: История Греции в биогр. Г.В.Штолля: Пер. с нем. М., 1992.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АША́НЦІ, Канфедэрацыя Ашанці,
дзяржава ашанці ў Зах. Афрыцы ў канцы 17—19 ст. Сталіца — г. Кумасі. Узначальвалася асантэхене (царом), першым з якіх і заснавальнікам канфедэрацыі быў Асей Туту (п. у 1731). Каля 1800 Ашанці ахоплівала тэрыторыі сучасных Цэнтр. Ганы, часткова Кот-д’Івуар і Буркіна-Фасо. Асновай эканам. магутнасці Ашанці быў гандаль рабамі, золатам і інш. з еўрап. фартамі на Залатым Беразе. У выніку англа-ашанційскіх войнаў (1806, 1811, 1814—15, 1823—26, 1863, 1873—74, 1895—96) Ашанці страціла незалежнасць і стала брыт. пратэктаратам, хоць захавала свой унутрыпаліт. лад. Пасля няўдалага паўстання 1900 супраць англічан у складзе іх калоніі Залаты Бераг (1902—60). Першы прэзідэнт Ганы К.Нкрума пазбавіў улады апазіцыйнага яму асантэхене.
Літ.:
Попов В.А. Ашантийцы в XIX в.: Опыт этносоциол. исслед М., 1982. С. 14—25.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АПЕ́КА МІЖНАРО́ДНАЯ,
сістэма кіравання былымі залежнымі тэрыторыямі, якая ажыццяўлялася ад імя і пад кіраўніцтвам ААН. Створана ў 1945. Апекавала тэрыторыі, на якія раней распаўсюджвалася мандатная сістэма Лігі Нацый, а пасля 2-й сусветнай вайны былі адарваны ад дзяржаў гітлераўскай кааліцыі і добраахвотна ўвайшлі ў сістэму апекі. Грунтавалася на праве нацый на самавызначэнне, была больш прагрэсіўная па сваіх мэтах і накіравана на ліквідацыю каланіяльнай залежнасці. У сістэму апекі міжнароднай было ўключана 11 тэрыторый. Кантрольныя функцыі за выкананнем дзяржавамі-апекунамі сваіх абавязкаў ускладаліся на Савет па апецы ААН і Савет Бяспекі ААН. Прыняцце Ген. Асамблеяй ААН у 1960 Дэкларацыі аб прадастаўленні незалежнасці каланіяльным краінам і народам садзейнічала таму, што ўсе падапечныя тэрыторыі да 1994 атрымалі незалежнасць. Такім чынам сістэма апекі міжнароднай вычарпала свае функцыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЕНЕ́ВІЧ (Kieniewicz) Стафан (20.9.1907, в. Дарашэвічы Петрыкаўскага р-на Гомельскай вобл. — 2.5.1992),
польскі гісторык. Акад. Польскай АН (1969). Скончыў Пазнанскі ун-т. З 1937 працаваў у Скарбовым архіве ў Варшаве. У 2-ю сусв. вайну ўдзельнічаў у падп. барацьбе Арміі Краёвай. У час Варшаўскага паўстання 1944 паранены, зняволены ў канцлагеры Дахаў. У 1946—77 выкладаў у Варшаўскім ун-це.
Даследаваў гісторыю барацьбы Польшчы за незалежнасць у канцы 18—19 ст., грамадскіх рухаў 19 ст., развіцця польск. нац. самасвядомасці, гісторыю Варшавы. Аўтар манаграфій «Адам Сапега (1828—1903)» (1939), «Польская рэвалюцыя 1846 г.» (1950), «Легіён Міцкевіча, 1848—1849» (1957), «Брусельскі самотнік: Аповесць пра Іаахіма Лялевеля» (2-е выд., 1960). Паўстанню 1863—64 прысвечаны кнігі «Студзеньскае паўстанне» (2-е выд., 1983), «Дарашэвічы 1863» (1986) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НІДЭРЛА́НДСКАЕ КАРАЛЕ́ЎСТВА,
назва ў 1815—30 дзяржавы ў складзе Нідэрландаў і Бельгіі пад уладай нідэрл. караля Вільгельма I [1815—40]. Утворана паводле рашэння лонданскіх нарад прадстаўнікоў Вялікабрытаніі, Прусіі, Аўстрыі і Расіі (21.6.1814, 19.5.1815) і пастаноў заключнага акта Венскага кангрэса 1814—15. З 1815 паводле персанальнай уніі ў склад Н.к. ўваходзіў Люксембург. У каралеўстве фактычна ўсталявалася панаванне Нідэрландаў, эканам. і паліт. інтарэсы бельг. правінцый ушчамляліся. Аднолькавае прадстаўніцтва ў ніжняй палаце Ген. штатаў (55 месцаў) пры перавазе бельг. насельніцтва, засілле ў дзярж. апараце і арміі галандцаў, зніжэнне мытных пошлін у інтарэсах нідэрл. гандлю, закрыццё каталіцкіх школ у Бельгіі ў 1825 і інш. выклікалі незадавальненне негаландскага насельніцтва. У выніку Бельгійскай рэвалюцыі 1830 Бельгія атрымала незалежнасць, Н.к. распалася. За галандскай часткай захавалася назва Нідэрланды. У 1890 скасавана персанальная унія Люксембурга і Нідэрландаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«СЯЛЯ́НСКАЯ ДО́ЛЯ»,
газета арг-цыі «Беларускае працоўнае сялянства». Выдавалася ў чэрв. 1921 — крас. 1922 у г. Каўнас (Літва) на бел. мове, выходзіла нерэгулярна. Рэдакцыя стаяла на пазіцыях непадзельнасці і незалежнасці Беларусі, прапаведавала ідэю сац. і нац. самаўсведамлення сялянства, гуртавання яго сіл на вызв. барацьбу супраць польскай акупацыі. Асобныя публікацыі скіраваны на барацьбу за незалежнасць Беларусі. Аддавала ўвагу выбарам у Віленскі сойм, пытанню далучэння Віленшчыны да Польшчы. Змясціла рэзалюцыі 1-й Усебел. канферэнцыі (вер. 1921, Прага), дэкларацыю ўрада БНР у сувязі з 4-й гадавінай абвяшчэння суверэнітэту Беларусі, матэрыялы пра каап. рух і школьнае пытанне. Друкавала творы П.Мядзёлкі, А.Смаленца, І.Дварчаніна (пад псеўд. І.Гудок), В.Мурашкі (В.Маслоўскай), В.Ластоўскага (пад псеўд. Юрый В.), Т.Грыба (пад псеўд. А.Небарака), М.Бяздольнага. Выйшла 7 нумароў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
УСХО́ДНІ ТЫМО́Р (тэтум Timor Lorosa’e, партуг. Timor-Leste), Дэмакратычная Рэспубліка Усходні Тымор (тэтум Republika Demokratika Timor Lorosa’e, партуг. Republica Democratica de Timor-Leste),
дзяржава на ПнУ в-ва Тымор, у паўд.ч. Малых Зондскіх а-воў Малайскага архіпелага. У складзе У.Т. а-вы Атаура (Камбінг) і Жаку і анклаў Акусі (Пантэ-Макасар) на паўн.-зах. беразе вострава. Мяжуе на ПдЗ з Інданезіяй; абмываецца Тыморскім, Саву і Банда морамі. Пл. 15 тыс.км². Нас. 952,6 тыс.чал. (2002). Афіц. мовы — тэтум і партугальская. Сталіца — г. Дылі. Падзяляецца на 13 акруг. Нац. свята — Дзень незалежнасці (28 ліст.).
Прырода. Рэльеф гарысты. На З горы выш. да 2963 м (г. Фоха-Татамайлаў), на У камяністае плато, на паўд. узбярэжжы вузкая раўніна. Карысныя выкапні: нафта, прыродны газ, гаручыя сланцы, золата, марганцавыя руды, мармур. Клімат субэкватарыяльны, мусонны. Сярэдняя гадавая т-ра на ўзбярэжжы 25—27 °C, у гарах 21 °C. Ападкаў каля 1500 мм за год, частыя паводкі, апоўзні. Рэкі ў сухі сезон перасыхаюць. Пашыраны высакатраўныя саванны з рэдкімі акацыямі і эўкаліптамі. Вільготныя трапічныя лясы трапляюцца на паўд. узбярэжнай раўніне. Жывёльны свет бедны — алень, горны казёл, дзік, кускус. Шмат птушак.
Насельніцтва. Народы У.Т. належаць да ўсходнеінданезійскага антрапалагічнага тыпу (тэтумы, мамбаі, такодэ, бунакі, макасаі і інш.). Жывуць таксама метысы (нашчадкі ад шлюбаў еўрапейцаў з мясц. жанчынамі), кітайцы і інш. Вернікі пераважна католікі (90%), ёсць мусульмане (4%), пратэстанты (3%), анімісты. Сярэдняя шчыльн. каля 63 чал. на 1 км². Найб. горад — Дылі (каля 30 тыс.ж.).
Гісторыя Стараж. насельніцтва в-ва Тымор — плямёны, блізкія да папуасаў. Бліжэй да н.э. тут з’явіліся плямёны мангалоіднай расы, якія размаўлялі на аўстранезійскіх мовах. У 16 ст. на Тыморы пасяліліся тэтумы — найб. народнасць сучаснага У.Т. У 16 ст. тут з’явіліся партугальцы, у 17 ст. — галандцы. У канцы 18 ст.ўсх.ч. Тымора замацавана за Партугаліяй, зах. — за Нідэрландамі. У 1942—45 востраў акупіраваны яп. войскамі. З 1973 У.Т. — аўт. правінцыя Партугаліі. Пасля звяржэння ў Партугаліі фаш. рэжыму (1974) створаны паліт. арг-цыі У.Т.: Рэв. фронт за незалежны У.Т. (ФРЭТЫЛІН; адстойваў поўную незалежнасць У.Т.), Тыморскі дэмакр. саюз (УДТ; стаяў за захаванне цесных сувязей з Партугаліяй) і Тыморскі нар.-дэмакр. саюз (АПОДЭТЫ; стаяў за далучэнне У.Т. да Інданезіі). У жн. 1975 УДТ здзейсніў спробу дзярж. перавароту, што прывяло да грамадз. вайны, у якой перамог ФРЭТЫЛІН. 28.1 1.1975 ФРЭТЫЛІН абвясціў Нар.-Дэмакр. Рэспубліку У.Т. У адказ АПОДЭТЫ і УДТ звярнуліся за дапамогай да Інданезіі, якая 7.12.1975 увяла свае войскі ва У.Т. У ліп. 1976 Інданезія абвясціла У.Т. сваёй 27-й правінцыяй, што не прызнала ААН. ФРЭТЫЛІН працягваў партыз. вайну супраць інданез. акупацыі (з 1986 сумесна з УДТ). Інданез. войскі ажыццяўлялі масавыя рэпрэсіі. якія забралі больш за 100 тыс. жыццяў.
Пасля падзення ў Інданезіі дыктатуры (1998) новы інданез. ўрад правёў 30.8.1999 плебісцыт, на якім каля 80% жыхароў У.Т. выказаліся за незалежнасць. Узбр. выступленні праінданез. сіл прывялі да ўводу на тэр. У.Т. ў вер. 1999 войск ААН і стварэння Часовай адміністрацыі. У жн. 2001 адбыліся выбары ў Канстытуцыйную асамблею, якая ў кастр. 2001 прыняла канстытуцыю У.Т. У крас. 2002 прэзідэнтам У.Т. выбраны кіраўнік узбр. барацьбы за незалежнасць, лідэр ФРЭТЫЛІН Ш.Гужмаў. 20.5.2002 абвешчана незалежнасць У.Т. Ва У.Т. дзейнічаюць паліт. партыі: Рэв. фронт за незалежны У.Т., Дэмакр. партыя, С.-д. партыя. У.Т. — чл.ААН (з 2002).
Гаспадарка. У.Т. — слабаразвітая аграрная краіна. Валавы ўнутр. прадукт (ВУП) на 1 чал. складае каля 500 дол. (2001). 25,4% ВУП ствараецца ў сельскай гаспадарцы, 17,2% — у прам-сці, 57,4% — у абслуговых галінах. Аснова эканомікі — плантацыйная гаспадарка, якая спецыялізуецца на вытв-сці экспартных культур: кавы, какосавай пальмы. Гал.харч. культуры — рыс, кукуруза, касава, сорга, батат. бабовыя, цукр. трыснёг, манга, бананы, ваніль. Гадуюць буйвалаў, коз, коней (мясц. нізкарослая парода). Рыбалоўства, паляванне, лесанарыхтоўкі (сандалавае дрэва). Прам-сць развіта слаба. Дробныя кава- і рысаачышчальныя прадпрыемствы, мылаварныя з-ды. Здабыча мармуру. Рамёствы (кавальскае, ткацкае, пляценне, вытв-сць керамікі). Транспарт аўтамаб. і марскі. Даўж. аўтадарог 3,8 тыс.км. Гал. порт — Дылі. Экспарт (8 млн.дол., 2001) кавы, копры, сандалавага дрэва; імпарт (237 млн.дол., 2001) машын і абсталявання і інш.Гал.гандл. партнёры: Аўстралія, ЗША, Партугалія, Сінгапур, Японія. Краіна атрымлівае фін. дапамогу ад міжнар. арганізацый (2,2 млрд.дол. у 1999—2001). Грашовая адзінка — долар ЗША.
Літ.:
Заказникова Е. Восточный Тимор: В ожидании независимости // Азия и Африка сегодня. 2002. №2.
Дагавор Хея — Бюно-Варыльі 1903 (падпісаны 18 ліст. ў Вашынгтоне) гарантаваў незалежнасць Панамскай Рэспублікі (абвешчана 3.11.1903), а Панама здавала ў арэнду ЗША «на неабмежаваны час» частку сваёй тэр. шырынёй 16,1 км для будаўніцтва і эксплуатацыі міжакіянскага канала і саступала ім усе суверэнныя правы над зонай Панамскага канала. ЗША атрымала таксама права манапольна эксплуатаваць усе шляхі зносін праз тэр. Панамы паміж Ціхім ак. і Карыбскім м., выкарыстоўваць свае ваен. і паліцэйскія сілы для падтрымання парадку і абароны канала. За гэта ЗША павінны былі выплаціць Панаме 10 млн.дол. адначасова і выплачваць па 250 тыс.дол. штогод праз 9 гадоў пасля абмену ратыфікацыйнымі граматамі.
Дагавор 1936 (падпісаны 2 сак. ў Вашынгтоне) адмяняў артыкулы дагавора 1903 пра гарантыі ЗША падтрымліваць незалежнасць Панамы і парадак у яе гарадах Панама і Калон. ЗША адмовіліся (фармальна) ад права карыстацца тэр. за межамі канала. Штогадовыя выплаты Панаме павялічваліся да 430 тыс.дол.
Дагавор Рэмона—Эйзенхаўэра 1955 (падпісаны 25 студз. разам з «Мемарандумам аб узгодненых рашэннях», які рэгуляваў заробак мясц. служачых кампаніі Панамскага канала), адмяняў манапольнае права ЗША будаваць чыгункі і шашэйныя дарогі на Панамскім перашыйку, ураўнаваў у зарплаце панамцаў з амерыканцамі, павялічваў штогадовыя выплаты да 1930 тыс.дол. Панаме вярталася частка зямлі, раней набытая ў яе кампаніяй канала.
Дагавор аб Панамскім канале і Дагавор аб пастаянным нейтралітэце і функцыянаванні Панамскага канала 1977 (падпісаны 7 вер. ў Вашынгтоне прэзідэнтам ЗША Дж.Картэрам і кіраўніком урада Панамы А.Тарыхасам) прадугледжвалі канчатковую перадачу канала пад кантроль Панамы 1.1.2000, ліквідацыю зоны канала і вывад амер. войскаў з размешчаных у ёй ваен. базаў, павелічэнне штогадовых выплат да 10 млн.дол. і інш. Панама абвяшчае канал пастаянна нейтральным і разам з ЗША адказвае за «захаванне рэжыму нейтралітэту». Ваен. і дапаможныя судны абедзвюх дзяржаў маюць права на «хуткі транзіт праз канал». Абодва дагаворы ўхвалены на плебісцыце ў Панаме, які адбыўся 23.10.1977. З 1982 Панама пачала ажыццяўляць цывільнае кіраванне і паліцэйскую ўладу ў зоне канала.