МЕТАМАРФО́З (ад грэч. metamorphōsis ператварэнне),

метабалія ў жывёл, глыбокае пераўтварэнне будовы арганізма, у выніку якога лічынка ператвараецца ў дарослую асобіну. Характэрны для большасці груп беспазваночных і некаторых пазваночных — міног, шэрагу рыб (напр., дваякадыхальных), земнаводных. Звычайна М. звязаны з рэзкай пераменай спосабу жыцця жывёлы ў антагенезе (напр., з пераходам ад свабоднаплаваючага да прымацаванага спосабу жыцця, ад воднага да наземнага, ад скрытага ў субстраце да адкрытага паветранага і інш.). У жыццёвым цыкле жывёл, якія развіваюцца з М., бывае адна і больш лічыначныя стадыі. Пры развіцці з М. жывёлы на розных стадыях антагенезу выконваюць розныя функцыі, якія спрыяюць захаванню і працвітанню віду. Часам М. ускладняецца чаргаваннем пакаленняў (фаз развіцця), якія размнажаюцца бясполым або палавым шляхам. Выпадкі М., калі лічыначная стадыя нагадвае велігер марскіх форм і адбываецца ў яйцы, наз. крыптаметабаліяй (напр., у вінаграднага смаўжа). Змены, звязаныя з павелічэннем колькасці сегментаў цела і членікаў вусікаў, наз. анамарфозам (напр., у мнаганожак і бязвусікавых насякомых). Развіццё без істотных змен, характэрнае для большасці прымітыўных насякомых, наз. протаметабалія (эпімарфоз). Развіццё крылаў у насякомых прывяло да змен у антагенезе. Няпоўнае ператварэнне, або геміметабалія, адбываецца, калі лад жыцця ранніх стадый і імага падобныя, а лічынка (німфа) падобная на дарослую асобіну, і змены арганізацыі суправаджаюцца ў асн. паступовым ростам зачаткаў крылаў (характэрна для аўсянікаў, багамолавых, паўцвердакрылых, прамакрылых, раўнакрылых, стракоз, тараканавых, тэрмітаў). Поўнае ператварэнне, або голаметабалія, настае, калі ў антагенезе адбываецца рэзкі падзел асн. функцый (напр., харчаванне ў стадыі лічынкі, а рассяленне і размнажэнне на дарослай стадыі); характэрна для двухкрылых, лускакрылых, перапончатакрылых, цвердакрылых і інш. атр. насякомых. У гэтым выпадку чэрвепадобная лічынка не падобна на дарослае насякомае, і пераход адбываецца на стадыі кукалкі. Сярод пазваночных М. рэзка праяўляецца ў міног, лічынкі якіх (пескарыйкі) жывуць у грунце, а дарослыя — паўпаразіты рыб; у земнаводных з яйца выходзіць лічынка — апалонік, які пазней страчвае лічынкавыя органы (шчэлепы, хвост і інш.) і замест іх з’яўляюцца органы дарослай жывёлы. Рэгуляцыя М. ажыццяўляецца гармонамі.

А.​М.​Петрыкаў.

т. 10, с. 307

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПО́ЛІС (грэч. polis, лац. civitas),

горад-дзяржава; асаблівы тып ант. горада, грамадства і дзяржавы, ’які склаўся ў Грэцыі ў сярэдзіне 1-га тыс. да н.э. З’яўляўся асн. структураўтваральным звяном ант. грамадства на розных этапах яго развіцця: напачатку ў форме незалежнага горада-дзяржавы, потым як член міжполісных саюзаў, у эліністычна-рым. час састаўная ч. дзяржаў у выглядзе гар. аўтаномнай адзінкі. П. складаўся з гар. паселішча і с.-г. тэрыторыі (хоры). Уласнікамі зямлі маглі быць толькі паўнапраўныя члены П. Непаўнапраўныя (метэкі, перыэкі, вольнаадпушчанікі) займаліся пераважна рамяством і гандлем. Своеасаблівасцю поліснай абшчыны была высокая ўдзельная вага сярэдніх праслоек насельніцтва, адсутнасць маёмаснага расслаення, значная колькасць рабоў, таму ў гіст. л-ры грамадства П. вызначаецца як рабаўладальніцкае. Полісная дзяржава мела рэсп. лад з выбарчай сістэмай органаў улады і нар. сходам як формай прамога самакіравання народа. Дзярж. апарат кіравання складаўся з савета (кансультатыўныя і распарадчыя функцыі) і магістратаў (грамадз., ваен. і рэліг. ўлада). Розныя пласты грамадзян П. (землеўладальнікі, сяляне, рамеснікі, гандляры, парабкі) былі аб’яднаны агульнай назвай дэмас, якому супрацьстаялі перасяленцы з інш. П. (у Афінах — метэкі) і рабы. Дэмас праз галасаванне ў нар. сходзе зацвярджаў законы, выбіраў магістратаў, выконваў функцыі вышэйшай суд. інстанцыі, так узнікла паняцце «дэмакратыя», літаральна «ўлада дэмасу». Невял. колькасць насельніцтва П. (некалькі тыс. чал.) дазвалялі рэалізаваць прынцып прамога народапраўства., г. зн. што кіраванне ажыццяўлялася ўсёй абшчынай без якой-н. прадстаўнічай сістэмы. Як замкнутая сац. адзінка П. імкнуўся не толькі да поўнай паліт. незалежнасці (аўтаномія), але і да гасп. самастойнасці (аўтаркія). Рэгіянальная гасп. спецыялізацыя, забяспечанасць Эгейскага рэгіёна марскімі камунікацыямі звязала некалькі соцень грэч. П. у адзінае цэлае. Існавалі мірныя формы кантактаў паміж П. (гандл., дыпламат. і культ.) і ваен. (сімахіі — аб’яднанне армій і флатылій для сумесных ваен. дзеянняў). Самымі вядомымі ў гісторыі Грэцыі былі Афінскі марскі саюз і Пелапанескі саюз. У залежнасці ад паліт. ладу стараж. грэч. П. былі дэмакратычныя (Афіны) або алігархічныя (Спарта), аграрна-рамесніцкія (Афіны) ці гандл.-рамесніцкія (Карынф).

Літ.:

Фролов Э.Д. Рождение греческого полиса. Л., 1988;

Строгецкий В.М. Полис и империя в классической Греции. Н. Новгород, 1991;

Античная демократия в свидетельствах современников. М., 1996.

В.​І.​Ханкевіч.

т. 12, с. 476

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРУ́СІЯ (Preußen),

дзяржава, потым зямля (адм. адзінка) у Германіі (да 1945). Асн. гіст. ядро П. — Брандэнбург, які аб’яднаўся ў 1618 з анклаўнай тэрыторыяй — герцагствам Прусія (у далейшым — Усходняя П.), што ўзнікла ў 1525 на ч. зямель Тэўтонскага ордэна, захопленых ім у прусаў (адсюль назва). Брандэнбургска-Пруская дзяржава ў 1701 стала каралеўствам П. (сталіца — Берлін). Кіруючую ролю ў эканам. і паліт. жыцці П. адыгрывала юнкерства. Прускія каралі з дынастыі Гогенцолернаў (Фрыдрых II, Фрыдрых Вільгельм II, Фрыдрых Вільгельм III) у 18—1-й пал. 19 ст. значна пашырылі тэр. дзяржавы, у т. л. ў выніку трох падзелаў Рэчы Паспалітай. З часоў каралявання Фрыдрыха Вільгельма 1 [1713—40] аформіўся ваен.-бюракратычны лад прускай дзяржавы. У час напалеонаўскіх войнаў тут праведзены Штайна-Гардэнберга рэформы. Пасля франка-прускай вайны 1870—71 прускае юнкерства на чале з О.Бісмаркам завяршыла аб’яднанне Германіі на пруска-мілітарысцкай аснове; прускі кароль стаў і герм. імператарам. У выніку Лістападаўскай рэвалюцыі 1918 у Германіі ліквідавана манархія, П. стала адной з герм. зямель (найбуйнейшая, у 1939 мела пл. 294 159 км², 41,8 млн. жыхароў). У 2-ю сусв. вайну фаш. ўлады аб’явілі аб уключэнні ў склад Усходняй П. паўн.-зах. раёнаў Брэсцкай і Беластоцкай абласцей Беларусі з гарадамі Гродна, Ваўкавыск і інш. (акруга Беласток); у Берліне дзейнічалі Беларускае прадстаўніцтва і Беларускі нацыянальны цэнтр, выдавалася газ. «Раніца». Пасля разгрому нацысцкай Германіі ў 2-й сусв. вайне П. падзелена на асобныя землі (1945), тэр. Усходняй П. перададзена СССР [каля ​1/3 усёй тэрыторыі з г. Кёнігсберг (цяпер Калінінград), у 1946 тут створана Калінінградская вобласць] і Польшчы. У 1947 Кантрольны савет у Германіі прыняў закон № 46 аб ліквідацыі прускай дзяржавы як апоры мілітарызму і рэакцыі.

Літ.:

Лависс Э. Очерки по истории Пруссии: Пер. с фр. Калининград, 1990 [рэпр. выд.: М., 1915];

Восточная Пруссия: С древн. времен до конца второй мировой войны: Ист. очерк. Калининград, 1996;

Кони Ф.А. Фридрих Великий. Ростов н/Д, 1997;

Яго ж. История Фридриха Великого. М., 1997.

т. 13, с. 52

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПА́ПУА—НО́ВАЯ ГВІНЕ́Я (Papua New Guinea),

Незалежная дзяржава Папуа—Новая Гвінея (Independent State of Papua New Guinea), дзяржава на ПдЗ Ціхага ак. Займае ўсх. ч. в-ва Новая Гвінея з суседнімі астравамі (агульная пл. каля 400 тыс. км²), архіпелаг Бісмарка, у т. л. а-вы Новая Брытанія (пл. 36,6 тыс. км²) і Новая Ірландыя (пл. 8,6 тыс. км²), паўн. ч. Саламонавых а-воў, у т. л. в-аў Бугенвіль (пл. 10 тыс. км²). На в-ве Новая Гвінея мяжуе з Інданезіяй. Абмываецца морамі Ціхага ак.: Новагвінейскім, Саламонавым, Каралавым. Пл. краіны 461,7 тыс. км². Нас. 4705,1 тыс. чал. (1999). Дзярж. мова — англійская. Сталіца — г. Порт-Морсбі. Нац. свята — Дзень незалежнасці (16 вер.).

Дзяржаўны лад. П.—Н.Г. — канстытуцыйная парламенцкая манархія. Дзейнічае канстытуцыя 1975. Кіраўнік дзяржавы — брыт. манарх, якога ў краіне прадстаўляе ген.-губернатар, назначаны на 6 гадоў паводле прадстаўлення ўрада. Заканад. орган — аднапалатны Нац. парламент (109 дэпутатаў, выбіраюцца ўсеагульным галасаваннем на 5 гадоў). Урад краіны — Нац. выканаўчы савет на чале з прэм’ер-міністрам, які прызначаецца ген.-губернатарам і падсправаздачны парламенту.

Прырода. Пераважае горны рэльеф. На Новай Гвінеі горы цягнуцца з ПнЗ на ПдУ, дасягаюць 4508 м (г. Вільгельм). На Пд вострава нізіны і раўніны. Большасць інш. астравоў гарыстыя. Есць 18 дзеючых вулканаў, бываюць землетрасенні. З карысных выкапняў найб. значэнне мае медная руда (в-аў Бугенвіль), ёсць запасы золата, нафты і прыроднага газу, цынкавых, хромавых і нікелевых руд. Клімат экватарыяльны (на Пн) і субэкватарыяльны (на Пд). Сярэднія т-ры ўвесь год на ўзбярэжжы і раўнінах каля 26 °C. У гарах вышынная пояснасць. Ападкаў ад 1000 мм на ўзбярэжжы, да 6500 мм у гарах. Год падзяляецца на дажджлівы (снеж.—крас., менш акрэслены на Пн) і сухі сезоны. Шмат мнагаводных рэк, найб. Флай і Сепік. Лясы і хмызнякі займаюць 92,9% тэрыторыі. На раўнінах і ніжніх схілах гор пашыраны вільготныя трапічныя лясы з пальмамі, бамбукамі, дрэвападобнымі папарацямі, панданусамі і інш. На выш. 1000—2000 м пераважаюць вільготныя трапічныя лясы з араўкарыямі і паўд. букам, на вяршынях гор — высакагорныя лугі і хмызнякі. У асобных раёнах на Пд участкі саваннаў. Жывёльны свет астраўнога тыпу, прадстаўлены пераважна эндэмікамі. Захаваліся асобныя віды кенгуру, яхідна і праяхідна, дрэвавыя кускусы, шэрстахвосты, бандыкуты. Шмат кажаноў, птушак, паўзуноў, насякомых. Нац. паркі Варырата, Мак-Адам, ёсць рэзерваты.

Насельніцтва. Жыве бальш за 700 народаў і плямён. Больш за 85% складаюць папуасы, якія жывуць пераважна ва ўнутр. частках Новай Гвінеі і на вялікіх астравах; на ўзбярэжжах месцамі жывуць меланезійцы (каля 14%). У гарадах невял. групы англа-аўстралійцаў. Вернікі пратэстанты (44%), католікі (22%), прыхільнікі мясц. рэліг. культаў (34%). Сярэднегадавы прырост насельніцтва 2,3% (1999). Сярэдняя шчыльн. каля 10,2 чал. на 1 км². На ўзбярэжжы і ў гарах на выш. 1200—2000 м шчыльн. дасягае 50—100 чал. на 1 км². У гарадах жыве 16% насельніцтва. Найб. горад Порт-Морсбі (каля 200 тыс. ж.; 2000), каля 30—40 тыс. ж. у гарадах Рабаул, Маданг, Лаэ. У сельскай гаспадарцы занята 64% насельніцтва.

Гісторыя П. — Н.Г. заселена продкамі сучасных папуасаў каля 30 тыс. г. назад. Каля 5 тыс. г. назад у прыбярэжных раёнах пасяліліся продкі меланезійцаў. Першым з еўрапейцаў Новую Гвінею наведаў партуг. капітан Ж.​Мінезіш. У 1545 ісп. капітан І.​О.​Рэтэс даў востраву назву Новая Гвінея. У 1700 брыт. мараплавец У.​Дампір адкрыў паўн. ўзбярэжжа П. — Н.Г. і в-аў Новая Брытанія, які ў 18—19 ст. даследавалі брыт. і франц. мараплаўцы (Дж.Кук, Л.А.Бугенвіль і інш.). У 1870—80-я г. сярод жыхароў паўн.-ўсх. ч. П. — Н.Г. жыў рус. вучоны-этнограф М.М.Міклуха-Маклай. У 1884 паўн.-ўсх. ч. Новай Гвінеі абвешчана герм. пратэктаратам Новая Гвінея, а паўд.-ўсх. ч. — брыт. пратэктаратам Папуа (з 1888 калонія); усх. ч. вострава адышла да Нідэрландаў (цяпер — прав. Інданезіі Ірыян-Джая). У 1906 Вялікабрытанія перадала Папуа пад кіраванне Аўстраліі. У 1-ю сусв. вайну Аўстралія акупіравала герм. ч. Новай Гвінеі і атрымала ў 1912 ад Лігі Нацый мандат на кіраванне ёю (з 1946 падапечная тэр. ААН пад кіраваннем Аўстраліі). У 2-ю сусв. вайну б.ч. П. — Н.Г. акупіравалі яп. войскі, тут адбыўся шэраг важных бітваў. У ліп. 1949 тэр. Папуа і Новая Гвінея аб’яднаны ў адзіную адм. адзінку «Тэр. Папуа і Новая Гвінея» (з 1971 П. — Н.Г.). У 1951 створаны мясц. Заканад. савет, у 1964 — Тэр. асамблея. У 1973 атрымала ўнутр. самакіраванне.

16.9.1975 абвешчана незалежнасць П. — Н.Г. У краіне ўсталяваўся парламенцкі лад са шматпартыйнай дэмакратыяй, для якога характэрны няўстойлівыя парламенцкія кааліцыі і блокі. Гал. мэта ўсіх урадаў — пераадоленне адсталасці краіны, б.ч. насельніцтва якой вядзе прымітыўны лад жыцця. Дзейнічаюць паліт. партыі: «Пангу парці», Нар.-дэмакр. рух, Нар.-прагрэс. партыя П. — Н.Г. — чл. ААН (з 1975), Садружнасці.

Гаспадарка. Краіна параўнальна нізкага ўзроўню развіцця. Валавы нац. прадукт (ВУП) на 1 чал. — каля 2,4 тыс. дол. за год. Гал. галіна — сельская гаспадарка. У апошнія дзесяцігоддзі развіваецца гарнарудная прам-сць. У сельскай гаспадарцы ствараецца 28% ВУП, у прам-сці (пераважна гарнаруднай) — 35%, у абслуговых галінах — 37%. У сельскай гаспадарцы пераважаюць натуральныя і паўнатуральныя гаспадаркі пл. да 0,5—1 га, развіваецца кааператыўны рух, ёсць плантацыі, якія належаць англа-аўстралійцам. Гаспадаркі мясц. насельніцтва заснаваны на выкарыстанні ручной працы, пашырана лядна-агнявое земляробства. Пад ворывам і шматгадовымі насаджэннямі каля 500 тыс. га, пад лугамі і пашай каля 100 тыс. га. На плантацыях вырошчваюць какосавую пальму (штогод атрымліваюць каля 150 тыс. т копры), каву, какаву, каўчуканосы, бананы; у гаспадарках мясц. насельніцтва — сорга, тара, ямс, батат, маніёк, цукр. трыснёг, хлебнае дрэва, агародніну. Жывёлагадоўля развіта слаба, гал. галіна — свінагадоўля. У 1997 буйн. раг. жывёлы 105 тыс. галоў, свіней 1,5 млн. галоў. Птушкагадоўля. Рыбалоўства (тунец), лоўля крабаў і крэветак. Паляўніцтва. Нарыхтоўка дзікарослай сагавай пальмы, каштоўнай драўніны. У прам-сці гал. роля належыць здабычы меднай руды на в-ве Бугенвіль (каля 200 тыс. меднага канцэнтрату штогод). Здабываюць таксама золата (горныя раёны в-ва Новая Гвінея, каля 15 т штогод), серабро, цынк, нафту. Здабычу карысных выкапняў вядуць замежныя кампаніі. У 1996 атрымана 1,7 млрд. кВт∙гадз электраэнергіі (71% даюць цеплавыя электрастанцыі, 29% — ГЭС). Гал. прадпрыемствы апрацоўчай прам-сці: ф-кі па абагачэнні меднай руды, фанерныя з-ды, лесапілкі, па апрацоўцы какосавых арэхаў, кавы, какавы, чаю, тытуню, алейныя, піваварныя. Ёсць з-ды бетонных вырабаў, прадпрыемствы па выпуску харч. прадуктаў, суднабуд. і суднарамонтныя, металаапр. майстэрні і інш. Шырока развіты саматужныя промыслы: выраб керамікі, драўляных прадметаў хатняга ўжытку, традыц. лодак, сувеніраў і інш. Развіваецца замежны турызм. Транспарт аўтамабільны, унутр. водны, марскі. У краіне 19,6 тыс. км аўтадарог, з іх 0,7 тыс. км з цвёрдым пакрыццём, 10,9 тыс. км унутр. водных шляхоў, 19 аэрапортаў, у т. л. міжнар. каля Порт-Морсбі і Рабаула. Знешнія сувязі пераважна марскім транспартам. Гал. парты: Порт-Морсбі, Рабаул, Лаэ, Маданг. У 1997 экспарт склаў 2,2 млрд. дол., імпарт — 1,5 млрд. долараў. У экспарце пераважаюць канцэнтрат медзі, золата, нафта (разам 72% кошту экспарту), драўніна, копра, пальмавы алей, кава, какава, чай, крабы, крэветкі; у імпарце — машыны і трансп. сродкі, спажывецкія і харч. тавары, паліва, хімікаты. Гал. гандл. партнёры: Аўстралія, Японія, ЗША. Краіна атрымлівае дапамогу ад Аўстраліі, Японіі, Новай Зеландыі і інш. Грашовая адзінка — кіна.

В.​М.​Сасноўскі (прырода, насельніцтва, гаспадарка).

Герб і сцяг Папуа—Новай Гвінеі.
Да арт. Папуа—Новая Гвінея. Сталіца краіны г. Порт-Морсбі.
Да арт. Папуа—Новая Гвінея. Тыповая папуаская вёска.

т. 12, с. 72

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САЦЫЯЛІ́ЗМ (франц. socialisme ад лац. socialis грамадскі),

1) сукупнасць ідэй, поглядаў, вучэнняў аб дасканалым грамадстве.

2) Кірунак ідэйна-паліт. і тэарэт. думкі, а таксама адпаведны ёй грамадскі рух.

3) Сацыяльны лад грамадства, які прадугледжвае пабудову і функцыянаванне ўсёй сістэмы грамадскіх адносін, грамадскай структуры і ін-таў, у т. л. дзяржавы, у адпаведнасці з сацыяліст. ідэямі. Тэрмін «С.» увёў у пач. 1830-х г. франц. сацыяліст-утапіст П.​Леру. Прадстаўнікі утапічнага сацыялізму пад С. разумелі грамадскі лад без эксплуатацыі чалавека чалавекам, які заснаваны на прынцыпе грамадскай справядлівасці. У стараж. Грэцыі былі спробы філас. асэнсавання грамадскага і дзярж. ладу з пункту гледжання яго адпаведнасці патрэбам грамадзян. Лічылася, што чалавек павінен паважаць волю вышэйшых сіл, падпарадкоўвацца аб’ектыўным законам і ўплываць на прыродныя і грамадскія ўмовы ў інтарэсах свайго развіцця, а мэта дзяржавы — забеспячэнне самаст. і шчаслівага жыцця грамадзян. Ідэя справядлівасці і справядлівага грамадскага ладу складала аснову звычаёвага права. Сакрат абгрунтоўваў тоеснасць разумнага, справядлівага і законнага пачаткаў. Платон у дыялогу «Дзяржава» выклаў свой праект ідэальнай дзяржавы, выказваўся супраць прыватнай уласнасці і расколу грамадства на багатых і бедных, нераўнапраўя жанчын, захопніцкіх і грабежніцкіх войнаў. Арыстоцель вылучаў 2 віды справядлівасці: ураўняльную, якая грунтавалася б на «арыфметычнай роўнасці» людзей і выступала б у галіне грамадзянскага і крымінальнага права; і размеркавальную, заснаваную на «геаметрычнай роўнасці», на падзеле агульных даброт па заслугах, прапарцыянальна асабістаму ўкладу кожнага. Развіццё сацыяліст. ідэй прадаўжалі прадстаўнікі утапічнага С. — Т.​Мор, Т.​Кампанела, Г.​Маблі, Ж.​Мелье, Ф.​Бабёф, А.​Сен-Сімон, Ш.​Фур’е, Р.​Оўэн і інш. З 16 ст. па 1830—40-я г. рабіліся спробы тэарэтычна абгрунтаваць шэраг асн. ідэй і палажэнняў: аб неабходнасці ўстанаўлення грамадскай уласнасці на прылады і сродкі вытв-сці, аб прынцыпе размеркавання грамадскіх даброт паводле здольнасцей, стварэнні буйной грамадскай вытв-сці з выкарыстаннем дасягненняў навукі і тэхнікі. Сфарміраваўся пэўны ідэал грамадскага ладу, дзе забяспечваюцца матэрыяльныя і духоўныя патрэбы грамадзян і ствараюцца ўмовы для ўсебаковага развіцця чалавечай асобы. Абвастрэнне класавых супярэчнасцей у капіталіст. грамадстве і паяўленне першых форм арганізаванага сац. пратэсту рабочых супраць эксплуатацыі, у прыватнасці чартысцкага руху ў Вялікабрытаніі, спрыялі ператварэнню С. ў 1830—40-я г. ў адзін з гал. кірункаў еўрап. грамадска-паліт. і навук. думкі, які звязваў сябе з абаронай інтарэсаў рабочага класа. Аднак сацыяліст. ідэі былі неаднародныя і супярэчлівыя ў разуменні будучага сацыяліст. ладу і шляхоў да яго ўсталявання. З цягам часу склаліся 2 гал. падыходы: марксісцкі і сацыял-дэмакратычны. Згодна з матэрыялістычным тлумачэннем гіст. працэсу (К.​Маркс, Ф.​Энгельс, У.​І.​Ленін і інш.), С. — заканамерны вынік гісторыі і з’яўляецца ніжэйшай ступенню камуніст. грамадска-эканам. фармацыі, якая прыходзіць на змену капіталізму. Асн. шляхам для дасягнення гэтай мэты лічыліся сацыяліст. рэвалюцыя, экспрапрыяцыя капіталу і буйной прыватнай уласнасці, пазбаўленне буржуазіі паліт. улады, уздым вытв. сіл грамадства на базе грамадскай уласнасці, удзел працоўных у кіраванні дзяржавай, развіццё асветы, навукі і культуры. Гэтыя прынцыпы ўвайшлі ў праграмы сацыяліст. арг-цый і партый марксісцкай арыентацыі. Сацыял-дэмакратычны падыход да С. ставіў задачы паступовага рэфармавання грамадства ў кірунку паляпшэння сац. становішча працоўных, пашырэння дэмакр. свабод і правоў грамадзян (гл. Рэфармізм). Гэтыя ідэі выкладзены ў праграмах адпаведных паліт. партый, якія ўваходзяць у Сацыялістычны інтэрнацыянал. Распад каланіяльнай сістэмы, утварэнне новых дзяржаў і пошук шляхоў самаст. развіцця выклікалі паяўленне своеасаблівых канцэпцый С., дзе знайшлі свой адбітак нац. традыцыі і культура пэўных народаў. Пераломнай для сацыяліст. ідэалу гіст. падзеяй стала Кастрычніцкая рэвалюцыя 1917, дзякуючы якой С. пачаў набываць контуры рэальна існуючага грамадства ў Расіі, а пасля 2-й сусв. вайны — у некаторых краінах Усх. і Цэнтр. Еўропы, Кітаі, на Кубе. У СССР узнікла спецыфічная форма С. — дзяржаўны С., які спалучыў у сабе марксісцка-ленінскія ідэі з традыцыямі і культ.-цывілізацыйнымі асаблівасцямі рускага і іншых народаў краіны і характэрнымі рысамі якога былі: манаполія дзярж. уласнасці, адчужэнне непасрэдных вытворцаў ад сродкаў вытв-сці, прысваенне прыбавачнай вартасці і эксплуатацыя працоўных, дырэктыўнае цэнтралізаванае планаванне, нецярпімасць да іншадумства. Адначасова змест гэтай сістэмы выражаўся ў пэўнай сац. арыентацыі: грамадскія фонды, бясплатныя адукацыя і мед. абслугоўванне, датацыі, ільготы, бясплатнае атрыманне жылля і нізкая кватэрная плата, матэрыяльная падтрымка дзяржавай права на адпачынак і інш. Форма дзяржаўнага С. шмат у чым тлумачыцца складанымі ўнутр. і знешнімі ўмовамі (войны, пагрозы вайной і інш.), аднак былі забяспечаны цэласнасць шматнацыянальнай дзяржавы і яе ўсебаковае развіццё.

Літ.:

Маркс К., Энгельс Ф. Маніфест камуністычнай партыі: Пер. з рус. Мн., 1968;

Энгельс Ф. Развіццё сацыялізму ад утопіі да навукі: Пер. з рус. Мн., 1970;

Утопический социализм: Хрестоматия. М., 1982;

Бердяев Н.А. Истоки и смысл русского коммунизма. М., 1990;

Бернштейн Э. Возможен ли научный социализм?: «Ответ Г.​Плеханова»: Пер. с нем. М., 1991;

Фроянов И.Я. Октябрь семнадцатого (глядя из настоящего). СПб., 1997;

Жибуль И.Я. Гуманизм советского образа жизни. Мн., 1982.

В.​І.​Боўш.

т. 14, с. 211

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКАЯ ХРЫСЦІЯ́НСКАЯ ДЭМАКРА́ТЫЯ (БХД),

Беларускае нацыянальнае аб’яднанне (БНА), клерыкальная дэмакратычная бел. нац. партыя. Засн. ў маі 1917 у Петраградзе, дзейнічала на тэр. Зах. Беларусі да 1940. Да сярэдзіны 1920-х г. наз. Хрысціянская дэмакр. злучнасць (ХДЗ). Заснавальнікі і гал. ідэолагі БХД — бел. ксяндзы Ф.​Абрантовіч, Л.​Хвецка, А.​Станкевіч, В.​Гадлеўскі, Ф.​Будзька, А.​Зязюля (А.​С.​Астрамовіч), К.​Сваяк (К.​Стаповіч) і інш. Друкаваны орган — газ. «Беларуская крыніца». Заснаванне ХДЗ садзейнічала актывізацыі грамадска-паліт. дзейнасці каталіцкага духавенства непасрэдна на Беларусі. Як актыўны ўдзельнік Беларускага нацыянальнага камітэта, а потым і Вялікай беларускай рады ХДЗ-БХД падтрымлівала Часовы ўрад А.​Ф.​Керанскага, паступова заняла адмоўныя пазіцыі ў адносінах да сав. улады. На думку Станкевіча, «палітычны незалежны ідэал БХД лагічна выцякае з акта 25 сакавіка 1918 года, які абвясціў Беларусь незалежнай суверэннай дзяржавай». У аснову практычнай дзейнасці БХД была пакладзена тэорыя самабытнасці развіцця бел. нацыі, адмаўленне класавай барацьбы. Усе 5 праграм партыі, пачынаючы з 1920, адстойвалі асновы дэмакр. ладу, у т. л. прыватную ўласнасць. З 2-й пал. 1920-х г. БХД узяла курс на пераўтварэнне партыі ў грамадска-паліт. арг-цыю на грунце агульнахрысц. ідэалогіі, што знайшло адлюстраванне ў 5-й праграме (1936) і змене назвы на БНА. Аднак змена назвы партыі не мяняла яе сутнасці, а павінна была падкрэсліць незалежнасць ад кліру і прэтэнзію на аднаасобнае паліт. прадстаўніцтва бел. народа. Гал. паліт. мэту бачыла ў тым, «каб у незалежнай Беларусі быў створаны такі грамадскі лад, які, абапіраючыся на працу, грамадскую роўнасць і справядлівасць, не дапускаючы эксплуатацыі адных другімі, забяспечваў бы палітычна-грамадскія, культурныя і эканамічныя патрэбы грамадзян». Выступала за самастойнасць бел. народа на ўсіх яго землях, перадачу зямлі ва ўласнасць і без выкупу беззямельным і малазямельным сялянам, абавязковасць вывучэння рэлігіі ў школах, супраць аддзялення царквы ад дзяржавы, «дыктатуры капіталізму, фашызму і камунізму» і інш. З мэтай пашырэння сац. базы партыі ў чэрв. 1926 у Вільні быў адкрыты Беларускі інстытут гаспадаркі і культуры як філіял БХД. Кіраўнікі БХД-БНА адмоўна сустрэлі прапанову ЦК КПЗБ пра стварэнне адзінага фронту барацьбы супраць польскіх улад, аднак удзельнічалі ў сумесных акцыях барацьбы за школу на роднай мове. Пасля далучэння Зах. Беларусі да БССР многія члены партыі былі рэпрэсіраваны.

У.​Ф.​Ладысеў.

Да арт. Беларуская хрысціянская дэмакратыя. Сядзяць (злева направа): А.​Станкевіч, Я.​Германовіч, В.​Гадлеўскі; стаяць: П.​Татарыновіч, С.​Глякоўскі.

т. 2, с. 431

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНДАЛО́ГІЯ, індыяністыка,

комплекс дысцыплін, звязаных з вывучэннем народаў Індастана, іх філас. і культ. спадчыны, л-ры, мастацтва, мовы, а ў найноўшы час — таксама эканам., сац. і паліт. праблем Індыі. Цікавасць еўрап. народаў да Індыі вядома з антычнасці (Мегасфен, Арыян і інш.). Адкрыццё марскога шляху ў Індыю і пачатак еўрап. каланізацыі прывялі ў краіну ў 16—18 ст. шмат хрысц. місіянераў і купцоў, якія вывучалі мясц. мовы і звычкі. Як навука І. сфарміравалася ў Еўропе ў пач. 19 ст. Да пач. 20 ст. ў ёй склаліся 2 кірункі: акадэмічны, што канцэнтраваў увагу на вывучэнні помнікаў пісьменства, і прыкладны, звязаны з практычнымі задачамі. У.​Джонс, Г.​Колбрук (Вялікабрытанія) і інш. пазнаёмілі Еўропу з санскрытам. Ф.​Шлегель і Ф.​Боп займаліся параўнаннем індаеўрап. моў. У многіх ун-тах Еўропы (у т. л. Расіі) і ЗША даследавалі граматычны лад санскрыту, стваралі слоўнікі (найб. з іх — т. зв. «Пецярбургскі» О.​Бётлінгка і Р.​Рота, т. 1—7, 1855—75). Даследавалі таксама будызм, інд. філасофію, л-ру і інш. Асн. дасягненні І. 19 ст. выкладзены ў «Энцыклапедыі індаарыйскіх даследаванняў», (1896—1915, Страсбур). Прыкладны кірунак І. развіваўся пераважна ў самой Індыі — ствараліся параўнальныя і гіст. граматыкі новых індаарыйскіх і дравідыйскіх моў, збіраліся і вывучаліся гіст. хронікі, эпіграфічныя, нумізматычныя, этнагр., фалькл. і інш. матэрыялы. У 19 ст. індолаг І.​П.​Мінаеў і кітаіст В.​П.​Васільеў стварылі рас. будалагічную школу, якая набыла сусв. прызнанне. Намаганнямі С.​Ф.​Альдэнбурга і Ф.​І.​Шчарбацкага арганізавана серыя публікацый «Bibliotheca Buddhica» (з 1897). У 20 ст. цэнтр даследаванняў па І. перамясціўся ў саму Індыю, дзе ўсё большала цікавасць да ўласнай гісторыі, асабліва пасля дасягнення незалежнасці (1947). Услед за «Кембрыджскай гісторыяй Індыі» (т. 1—6, 1922—37), напісанай англ. індолагамі Дж.​Аланам, У.​Хейгам і інш., вучоныя Індыі пад рэдакцыяй Р.​Ч.​Маджумдара ў 1950—60-я г. стварылі шматтомную працу «Гісторыя і культура індыйскага народа». У 2-й пал. 20 ст. пытанні І. распрацоўваюць Калькуцкі, Дэлійскі, Бенарэскі, Бамбейскі, Мадраскі і інш. ун-ты Індыі; ун-ты і ін-ты буйнейшых гарадоў Еўропы, у т. л. Ін-т усходазнаўства АН Расіі, Маскоўскі ін-т міжнар. адносін і інш.; у ЗША кафедры І. ёсць у 16 ун-тах, у Японіі глыбока даследуецца будалогія.

Літ.:

Библиография Индии. М., 1965;

Избр. труды русских индологов-филологов. М., 1962;

Этносоциальная ситуация в Индии и СССР: Сб. статей. 1993.

т. 7, с. 226

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭ́КВІЕМ (ад першага слова лац. тэксту «Requiem aetemam dona eis, Domine» — «Спакой вечны даруй ім, божа»),

1) у музыцы — жалобная памінальная меса, прысвечаная памяці памерлых. Ад урачыстай каталіцкай месы адрозніваецца тым, што замест частак «Глорыя» і «Крэда» ўводзяцца «Рэквіем», «Дыез ірэ», «Туба мірум», «Лакрымоза» і інш.

Першапач. інтанацыйнай асновай Р. служылі мелодыі грыгарыянскага харала. У 17—18 ст. Р. ператварыўся ў буйную цыклічную кампазіцыю для салістаў, хору і аркестра, дзе поліфанічны склад спалучаўся з гамафонна-гарманічным. Лепшыя ўзоры Р. набылі пазакультавы, канцэртны характар. Сусв. вядомасць набыў Рэквіем В.​А.​Моцарта (1791; скончаны Ф.​К.​Зюсмайрам). Сярод аўтараў найб. выдатных Р. 19 ст. Г.​Берліёз, Дж.​Вердзі, І.​Брамс; у 20 ст. — П.​Хіндэміт, Ф.​Дэліус, Б.​Брытэн. Р. стаў, з аднаго боку, галіной неакласіцызму (І.​Стравінскі, А.​Шнітке), а з другога — аб’ектам эксперыментаў у навейшых муз. плынях (Дз.​Лігеці).

У бел. музыцы рысы Р. маюць паэма-Р. «Хатынскія званы» Ю.​Семянякі, Р.-балада А.​Мдывані, Р. «Помніце» Л.​Шлег і інш. 2) У літаратуры — жанрава-стылявы тып твора спецыфічнага ідэйна-маральнага зместу — жалобна-элегічнага ці гераічнага, у якім паэтычна апяваюцца (нярэдка ў традыцыях нар. галашэнняў) ахвяры, страты і адначасова раскрываюцца магутнасць і хараство жыццёвых сіл, здольных процістаяць злу. У Р. спалучаюцца лірычна-прачулы журботны (ці трагічна-балючы) і ўзвышана-суровы, стрымана-ўрачысты, часам прамоўніцка-публіцыстычны пачаткі. У бел. л-ры рысы Р. ўпершыню праявіліся ў творах пач. 20 ст. («Зваяваным», «Курган» Я.​Купалы, «Страцім-лебедзь», «Максім і Магдалена» М.​Багдановіча). У сучаснай паэзіі Р. найчасцей увасабляецца ў жанрах паэмы, балады. Трагічнае пачуццё страт і гарачы антыфаш. пафас, высокае філас.-гуманіст. асэнсаванне праблем сучаснасці характэрны для паэм «Блакада» Р.​Барадуліна, «Голас сэрца» П.​Броўкі, «Паэма расстання» Г.​Бураўкіна, «Заазёр’е» А.​Вярцінскага, «Трыпутнік» К.​Кірэенкі, «Варшаўскі шлях» А.​Куляшова, «Паэма жніва» Н.​Мацяш. Асаблівасці Р. ўласцівы малым паэт. формам, дзе зліваюцца трагічнае і гераічнае («Хатынскі снег» Бураўкіна, «Рэквіем» Вярцінскага, «Над брацкай магілай» Куляшова, «Рэквіем» М.​Танка і інш.). Радзей Р. выяўляе сябе ў прозе: у ёй слаба выражаны інтанацыйны лад, эмацыянальнае гучанне. Рысы Р. ўласцівы творам А.​Адамовіча «Хатынская аповесць», В.​Быкава «Абеліск», «Мёртвым не баліць», «Знак бяды», «Аблава», В.​Казько «Суд у Слабадзе», І.​Пташнікава «Тартак», дакумент. кн. Адамовіча, Я.​Брыля, У.​Калесніка «Я з вогненнай вёскі», С.​Алексіевіч «Чарнобыльская малітва».

А.​І.​Валадковіч (музыка), А.​М.​Пяткевіч (літаратура).

т. 13, с. 569

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРАМА́ТЫКА (грэч. grammatikē ад gramma літара, напісанне),

1) лад мовы; сукупнасць, сістэма яе формаўтваральных і формаўжывальных сродкаў.

2) Раздзел мовазнаўства, у якім вывучаюцца сістэма моўных формаў (марфалогія), сродкі і спосабы іх спалучэння ў сказе (сінтаксіс). Па грамат. асаблівасцях вызначаецца тып пэўнай мовы.

Грамат. семантыка якасна адрозніваецца ад семантыкі лексічнай: у грамат. паняццях адлюстроўваюцца пераважна ўласцівасці саміх моўных адзінак (марфем, слоў, словазлучэнняў, сказаў), а ў значэннях лексічных адзінак звычайна абагульняюцца ўласцівасці рэальных прадметаў, з’яў, прыкмет. Аднак тое, што ў адной мове выражаецца сродкамі граматыкі, у іншай можа перадавацца лексічна (напр., значэнне сумеснасці дзеяння ў манг. мове перадаецца дзеяслоўным суфіксам, у бел. — словамі «разам з»). Уласцівыя пэўнай мове грамат. паняцці абавязкова маюць у ёй матэрыяльнае выяўленне. Таму ў кожнай грамат. з’яве адрозніваюць граматычнае значэнне і грамат. спосаб яго перадачы. Асн. спосабамі перадачы грамат. значэнняў у бел. мове (як у рознай ступені і ў інш. мовах свету) з’яўляюцца: афіксацыя («дуб — дубы», «кідаць — кінуць»), суплетывізм («браць — узяць», «чалавек — людзі», «я — мяне»), інтанацыя («Дождж ідзе. — Дождж ідзе?»), службовыя словы («чытаў бы», «будзеш ведаць»), асноваскладанне (дыялектнае «хадзіцьмеш» з «хадзіць + маеш»), рэдуплікацыя («сівы-сівы»), парадак слоў («яшчэ зялёны лісток — лісток яшчэ зялёны»), а таксама розныя спосабы аналітычнага канструявання з грамат. значымай спалучальнасцю адзінак («ісці / бегчы / ехаць лесам» — акалічнасць; «валодаць / гандляваць /, любавацца лесам» — дапаўненне).

Слова разам з паказчыкам яго грамат. значэння ўтварае граматычную форму («братамі» — граматычная форма мн. л. тв. скл. ад назоўніка м.р. «брат»). Грамат. формы, што перадаюць змяненне аднаго слова ў межах пэўных грамат. значэнняў (склону, ліку, часу, асобы і інш.), утвараюць парадыгмы словазмянення (1-е скланенне назоўнікаў, 2-е спражэнне дзеясловаў, ступені параўнання прыметнікаў і да т.п.). Усе адзінкі моўнага ладу размяркоўваюцца па пэўных класах — граматычных катэгорыях. Стрыжань грамат. катэгорыі — катэгарыяльнае значэнне. У бел. мове адрозніваюць грамат. катэгорыі імені і дзеяслова, назоўніка і прыметніка і інш., а ў межах катэгорыі, напр., назоўніка — катэгорыі роду, склону, ліку, а таксама адзінкавасці і зборнасці, абстрактнасці і канкрэтнасці і г.д. Пытанне аб колькасці катэгорый у пэўнай мове вельмі складанае: побач з даўно заўважанымі і навук. зафіксаванымі цэнтр. катэгорыямі існуюць і перыферыйныя, часам лінгвістычна не распрацаваныя. Грамат. катэгорыі ўтвараюць складаную іерархічную сістэму з рознаскладанымі функцыян. ўзаемасувязямі. Найб. просты прыклад якіх — проціпастаўленне катэгорыі па наяўнасці — адсутнасці пэўнага грамат. значэння (простая апазіцыя: м. род — немужч. род).

Спосабы выражэння грамат. значэння падзяляюцца на 2 тыпы ў залежнасці ад таго, дзе (у межах слова ці па-за імі) знаходзіцца грамат. сродак; напр., «прачытае» — сінтэтычны спосаб выражэння грамат. значэння буд. часу, «буду чытаць» — аналітычны. У залежнасці ад таго, які спосаб пераважае ў пэўнай мове, мовы падзяляюцца на сінтэтычныя мовы і аналітычныя мовы. Бел. мова належыць да сінтэтычнага тыпу. Вакол аднаго грамат. значэння могуць групавацца розныя сродкі яго выражэння, утвараючы функцыянальна-грамат. палі. Напр., значэнне колькасці ў бел. мове перадаецца з дапамогай канчаткаў («сад — сады», «іду — ідуць»), лічэбнікаў («дзве сястры»), колькаснага займенніка і прыслоўя («некалькі бяроз», «многа клёнаў»), нумаралізаваных назоўнікаў («кошык грыбоў»), спец. сінтакс. канструкцыі («Камарэчы там — плойма!») і інш. Функцыянальна-грамат. поле мае свой цэнтр і перыферыю, будуецца па законах недакладнага мноства.

Адно з карэнных пытанняў грамат. ладу мовы — пытанне аб часцінах мовы, г.зн. аб размеркаванні ўсіх слоў лексікону па буйных грамат. разрадах. У залежнасці ад мэт вывучэння і апісання мовы граматыка ў мовазнаўстве падзяляецца на тыпы. Напр., навук.-апісальная граматыка адлюстроўвае грамат. лад мовы згодна з існуючай навук. канцэпцыяй. Нарматыўная граматыка вызначае, якія тыпы формаў і канструкцый суіснуюць у мове, і дае іх ацэнку з пазіцый правільнасці (гл. Норма моўная) або няправільнасці іх ужывання. Гістарычная граматыка падае сістэму мовы ў часе, апісваючы прычыны, працэсы і вынікі змянення моўных формаў. Параўнальная граматыка здзяйсняе сістэмнае супастаўленне і параўнанне фактаў розных моў у сінхронным ці дыяхронным (гіст.) плане. Тыпалагічная граматыка апісвае мову (ці мовы — як роднасныя, так і генетычна далёкія) у адпаведнасці з пэўнымі, тэарэтычна выпрацаванымі мадэлямі пабудовы натуральных моў або інш. знакавых сістэм. Структурная граматыка асн. ўвагу накіроўвае на аналіз функцый розных элементаў і іх сістэмныя сувязі. Трансфармацыйная граматыка мадэліруе мову як своеасаблівы механізм утварэння адзінак вышэйшых узроўняў (і тэксту ў цэлым) з пэўных зыходных элементаў па адпаведных правілах. Граматыка як частка мовазнаўства звязана з інш. яго галінамі — фанетыкай і фаналогіяй, лексікалогіяй і дэрываталогіяй (навука пра словаўтварэнне), фразеалогіяй, стылістыкай, а таксама з інш. філалагічнымі дысцыплінамі і інш. галінамі ведаў: логікай, псіхалогіяй, семіялогіяй і інш.

Распрацоўка грамат. тэорыі ў старажытнасці дасягнула высокага ўзроўню ў Індыі. Еўрап. традыцыі ў вывучэнні грамат. ладу моў бяруць пачатак у ант. навуцы, найперш звязанай з вытлумачэннем стараж. тэкстаў (паэм Гамера, біблейскіх паданняў). Асн. тэндэнцыяй у развіцці грамат. думкі ў Еўропе было паступовае вызваленне ад схем і ўяўленняў грэка-лац. навукі, пошук паняццяў і метадаў даследавання, якія б далі магчымасць адэкватна апісваць кожную канкрэтную мову. Значны ўклад у развіццё грамат. тэорыі зрабілі слав. вучоныя. Пачынальнікамі навук. распрацоўкі граматыкі бел. мовы былі Л.​Зізаній, П.​Шпілеўскі, К.​Нядзведскі, І.​Нядзёшаў, Я.​Карскі, К.​Каганец, Б.​Пачобка, Б.​Тарашкевіч, М.​Булахаў і інш.

Літ.:

Кузнецов П.С. О принципах изучения грамматики. М., 1961;

Виноградов В.В. Русский язык: (Граммат. учение о слове). 2 изд. М., 1972;

Шуба П.П. Уводзіны ў граматыку беларускай мовы. Мн., 1962;

Граматыка беларускай мовы. Т. 1—2. Мн., 1962—66;

Беларуская граматыка. Ч. 1—2. Мн., 1985—86;

Есперсен О. Философия грамматики: Пер. с англ. М., 1958.

А.​Я.​Міхневіч.

т. 5, с. 401

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖНІ́ЎНЫЯ ПЕ́СНІ, жнейскія, жытныя песні,

«жніво», частка летняга цыкла каляндарна-земляробчага фальклору. Вядомы пераважна ў слав. і балцкіх народаў. На Беларусі — узор традыц. сялянскай нар.-песеннай класікі. Выконваліся жнеямі на полі. Падзяляюцца на зажынкавыя, уласна жніўныя (гал. жанрава-тэматычная група) і дажынкавыя. Пераважае прац., сацыяльна- і сямейна-бытавая тэматыка; асн. матыў — выказванне гора, крыўды, якія жняя давярала ніве, скарга яе на непасільную працу, нялёгкае жыццё ў сям’і мужа з проціпастаўленнем свайго і чужога дома, роднай і няроднай маці, нараканне на адзіноцтва ўдавы, сіраты, шкадаванне аб страчанай дзявочай прыгажосці. Вобразны лад вызначаюць псіхал. тонкасць, яркасць бытавых замалёвак. Разгорнутыя маналогі жняі (часам перарастаюць у дыялогі) уключаюць зварот да нівы, сонца, ветру, бору, хмар. У гумарыст. сюжэтах матыў скаргі амбівалентна пераасэнсоўваецца («Ох, і дайце ж мне раду, мой загонічак ззаду»). З часоў прыгону ў Ж.п. больш, чым у інш. каляндарна-земляробчых, выявілася антыпрыгонніцкая накіраванасць. У некат. песнях традыц. скарга жняі набывае характар пратэсту, перарастае ў праклён («Бадай пана громы ўбілі, як мы ручкі патамілі»).

Напевы Ж.п. яскрава выяўляюць характэрны для алігатонных ладава-меладычных сістэм драматургічны прынцып адначасовага кантрасту — рознанакіраванасць выразных сродкаў пры іх раўнапраўнасці, што надае падобным напевам асаблівую выразнасць. Нягледзячы на невял. гукавы дыяпазон, напевы Ж.п. уражваюць шырынёй меладычнага дыхання, дзякуючы свабоднай імправізацыйнай рытміцы з доўга працягнутымі апорнымі гукамі ладу. У паўд. (Палессе) і ўсх. раёнах Беларусі Ж.п. гучаць напружана (накшталт плачу-галашэння), у паўн. (Паазер’е) пераважна лірычна, у зах. і некат. цэнтр. раёнах часта набываюць эпічныя рысы (з эпічнымі зачынамі паэт. тэкстаў: «А заспорыў Дунай з морам за бедную сіраціну», «Да цераз лесы, цераз боры брат сястрыцы пакланяецца»). У асобных мясцовасцях Ж.п. збліжаюцца і нават зліваюцца з сенакоснымі (напевы, якія іх аб’ядноўваюць, наз. «лета»). Гучанне песень «лета», як і веснавых песень, яскрава прадстаўляе нар. школу галаснога спеву. Параўнальна невял. колькасць зажынкавых песень мае рытуальна заклікальны характар («Радзі, ніва, жыта, жыта і пшаніцу, усякую пашніцу»), дажынкавыя — велічальны, святочны, нярэдка афарбаваны ў гумарыст. тоны. Ад уласна жніўных яны адрозніваюцца меншай распеўнасцю, большай рытмічнай акрэсленасцю. Суправаджаюцца абрадамі «першага снапа» (зажынкавыя), «апошняга снапа» і «завівання барады» (дажынкавыя). І песні і абрады пранізвае адзін матыў — стаўленне да хлеба як да святыні.

Публ.:

Беларускія народныя песні / Запіс Р.​Шырмы. Т. 3. Мн., 1962;

Жніўныя песні / Скл. А.​С.​Ліс, В.​І.​Ялтаў В.​І.​Ялатаў. Мн., 1974;

Анталогія беларускай народнай песні / Уклад. Г.​Цітовіч. 2 выд. Мн., 1975;

Мажэйка З.Я. Песні Беларускага Паазер’я. Мн., 1981;

Яе ж. Песни Белорусского Полесья. Вып. 1. М., 1983.

Літ.:

Мухаринская Л.С. Белорусская народная песня. Мн., 1977;

Эвальд З.В. Социальное переосмысление жнивных песен Белорусского Полесья // Эвальд З. Песни Белорусского Полесья. М., 1979;

Можейко З.Я. Календарно-песенная культура Белоруссии. Мн., 1985.

З.​Я.​Мажэйка.

т. 6, с. 436

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)