адно з асноўных асабістых правоў чалавека, якое абараняецца міжнар. правам і канстытуцыямі большасці дэмакр. краін. Змест П. на ж. шматгранны і адрозніваецца ў розных дзяржавах. Там, дзе смяротная кара адменена (Аўстралія, Аўстрыя, ФРГ, Францыя і яшчэ больш як 40 дзяржаў), П. на ж. азначае, што ні адзін чалавек ні за якія дзеянні не можа быць пазбаўлены жыцця. У краінах, дзе існуюць розныя рэжымы захавання смяротнай кары(прымяненне смяротнай кары, выкарыстанне яе ў выключных выпадках, адмаўленне ад яе прымянення на практыцы), пад П. на ж. разумеецца, што ніхто не можа быць пазбаўлены жыцця без неабходнай прававой працэдуры. У шэрагу канстытуцый П. на ж. канкрэтызуецца пералікам пэўных злачынстваў, за якія можа быць устаноўлена законам смяротная кара, а таксама кола асоб, да якіх яна не можа прымяняцца (напр., жанчыны, непаўналетнія). Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь, разам з абвяшчэннем П. на ж. робіць агаворку, што «смяротная кара да яе адмены можа прымяняцца ў адпаведнасці з законам як выключная мера пакарання за асабліва цяжкія злачынствы і толькі згодна з прыгаворам суда», і ўдакладняе, што да гэтай меры пакарання не могуць быць асуджаны асобы, якія ўчынілі злачынства ва ўзросце да 18 гадоў, жанчыны, а таксама мужчыны, якія дасягнулі на дзень вынясення прыгавору 65 гадоў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЁМІ́Т (ад прозвішча ням. мінералога І.Бёма),
мінерал падкласа гідраксідаў алюмінію, V-AlOOH; адна з гал. складаючых частак баксітаў. Часта мае прымесі жалеза, галію, скандыю. Крышталізуецца ў рамбічнай сінганіі. Крышталі таблітчастыя, лінзападобныя. Агрэгаты аалітавыя, зямлістыя. Бясколерны ці белы. Празрысты, паўпразрысты. Бляск шкляны. Цв. 3,5—4. Крохкі. Шчыльн. 3 г/см³. Пераважна асадкавы мінерал, утвараецца таксама ў кары выветрывання. На тэр. Беларусі як пародаўтваральны мінерал трапляецца ў высокагліназёмных пародах кам.-вуг. адкладаў Прыпяцкага прагіну. Асноўная крыніца алюмінію. Значныя радовішчы ў Венгрыі, Германіі, Францыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АМНЕЗІ́Я (ад а... + грэч. mnesis успамін),
адсутнасць успамінаў, аслабленне памяці. Нармальная амнезія ў першыя 3 гады жыцця дзіцяці абумоўліваецца недаразвіццём кары галаўнога мозга, паталагічная амнезія бывае пры псіх. хваробах, траўмах галавы, атручэннях і парушэннях свядомасці. Пры частковай амнезіі з памяці выпадаюць некат. віды і ўяўленні, пры рэтраграднай — падзеі пэўнага часу (гадзіны, дні, месяцы), якія папярэднічалі хваробе. Пры антэраграднай амнезіі забываюцца падзеі, што адбыліся пасля хваробы ці вострага парушэння свядомасці, а пры амнезіі, якая прагрэсіруе, забываецца найперш тое, што было нядаўна.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕААНТЫКЛІНА́ЛЬ (ад геа... + антыкліналь),
узняты ўчастак зямной кары ў межах геасінклінальнай вобласці (гл.Геасінклінальны пояс). Шыр. 50—150 км, даўж. да 2000 км. Бываюць геаантыкліналі унутр. і перыферыйныя. Унутраныя (інтэрніды) — цэнтр. зона геасінклінальнай сістэмы, абмежаваная прагінамі (напр., геаантыкліналь Вял. Каўказа). Характарызуюцца скарочанай магутнасцю асадкаў, пераважна кіслым саставам магматычных парод. Геаантыкліналі перыферыйныя (бордэрленд, кардыльера) — участкі краявых падняццяў, аддзеленыя ад геасінклінальнай сістэмы прагінам (напр., хрыбет Сьера-Невада на Пд Пірэнейскага п-ва аддзелены ад горнай сістэмы Атласа Міжземным м.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕАФІЗІ́ЧНАЯ АБСЕРВАТО́РЫЯ,
навукова-даследчая ўстанова па вывучэнні асобных пытанняў геафізікі. Вядзе назіранні за эл.-магн. полем Зямлі, зямнымі токамі, сейсмічнымі, гравітацыйнымі і інш. з’явамі і працэсамі ў зямной кары і мантыі. Створаны ў 19 ст. (у 1836 у г. Екацярынбург, Расійская Федэрацыя, у 1837 у г. Тбілісі, Грузія). Метадычнае кіраўніцтва ўсімі геафізічнымі абсерваторыямі ў межах СССР ажыццяўляла Гал.геафіз. абсерваторыя імя А.Л.Ваейкава, створаная ў 1849 у С.-Пецярбургу. На Беларусі з 1960 такія назіранні вядзе Плешчаніцкая геафізічная абсерваторыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛУБ, флаэма,
складаная тканка ў сцёблах і каранях дрэвавых і травяністых раслін. Служыць для правядзення па расліне арган. і мінер. рэчываў; выконвае таксама запасальную, механічную, выдзяляльную функцыі. Складаецца з праводных (сітападобных) трубак з клеткамі-спадарожніцамі, з лубяных парэнхімы і валокнаў. У дрэвавых раслін утварае ўнутр.ч.кары. Адрозніваюць Л. першасны (утвараецца з пракамбію, характэрны для папарацей, дзеразы, хвашчоў) і другасны (адкладваецца ў голанасенных і двухдольных ад дзейнасці камбію). У Л. назапашваюцца алей, крухмал, дубільныя і інш. рэчывы. Лубяныя валокны выкарыстоўваюць як тэкст. сыравіну.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАТЭМАТЫ́ЧНЫ МА́ЯТНІК,
матэрыяльны пункт, які падвешаны на бязважкай нерасцяжной нітцы (або стрыжні) і вагаецца ў верт. плоскасці пад дзеяннем сілы цяжару. У рэальных умовах — масіўны (напр., металічны) шарык, падвешаны на нітцы, даўжыня якой значна перавышае яго памеры. Пры гарманічных ваганнях перыяд T М.м. не залежыць ад амплітуды ваганняў:
, дзе l — даўжыня М.м., g — паскарэнне свабоднага падзення. Выкарыстоўваецца ў прыладах для вызначэння паскарэння свабоднага падзення, ваганняў зямной кары і ў інш. гравіметрычных вымярэннях. Гл. таксама Маятнік.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛКА́НАЎ (Аляксандр Аляксеевіч) (25.5.1888, г. Кастрама, Расія — 10.1.1963),
расійскі геолаг. Акад.АНСССР (1943). Скончыў Пецярбургскі ун-т (1911). У 1917—21 праф. Пермскага, з 1930 Ленінградскага ун-таў. У 1939—45 дырэктар Ін-та зямной кары пры Ленінградскім ун-це, арганізатар (1949) і дырэктар Лабараторыі геалогіі дакембрыю АНСССР. Навук. працы па петралогіі інтрузіўных парод і геахраналогіі дакембрыйскіх парод Балтыйскага шчыта і Украіны. Распрацаваў структурную класіфікацыю плутонаў, прапанаваў калій-аргонавы метад вызначэння абс. ўзросту геал. фармацый. Ленінская прэмія 1962.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛЕ́ШЧАНІЦКАЯ ГЕАФІЗІ́ЧНАЯ АБСЕРВАТО́РЫЯІнстытута геалагічных навук Нацыянальнай АН Беларусі.
Засн. ў 1960 у г.п. Плешчаніцы Лагойскага р-на Мінскай вобл. Уключана ў Адзіную сетку сейсмічных назіранняў і сетку геамагнітных абсерваторый СНД. Вядзе назіранні эл.-магн. поля і сейсмічнасці Зямлі. Даследуе эл.-магн. працэсы ў калязямной прасторы, глыбінную будову зямной кары і верхняй мантыі. З’яўляецца базай для выканання міжнар.геафіз. праграм, мае геамагнітную абсерваторыю, станцыі зямных токаў і сейсмічную. З яе дзейнасцю звязана развіццё новага для Беларусі навук. кірунку — фізікі Зямлі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІНАКУЛЯ́РНЫ ЗРО́К,
зрок абодвума вокамі і фарміраванне пры гэтым адзінага зрокавага ўспрымання (відарысу) аб’екта. Дае магчымасць вызначыць таксама ўзаемнае размяшчэнне прадметаў у прасторы, зрокава меркаваць аб іх аддаленасці. Пры бінакулярным зроку вочы размешчаны так, што адлюстраванне аб’екта трапляе на ідэнтычныя, сіметрычна размешчаныя ўчасткі сятчаткі абодвух вокаў. Калі адлюстраванне выявіцца на несіметрычных участках, вочы рэфлекторна паварочваюцца, пакуль сіметрыя не будзе дасягнута. Адзнака аддаленасці прадметаў і іх узаемнага размяшчэння адбываецца ў кары галаўнога мозга на аснове аналізу і сінтэзу сукупнасці нерв. імпульсаў, якія зыходзяць з сеткаватых абалонак і вочных мышцаў.