Б’ЁРКСКІ ДАГАВО́Р,

паміж Расіяй і Германіяй, падпісаны 24.7.1905 Мікалаем II і Вільгельмам II (па ініцыятыве апошняга) на царскай яхце каля в-ва Б’ёркё ў Балтыйскім м. (каля Выбарга). Прадугледжваў узаемную дапамогу бакоў у выпадку нападу на адзін з іх 3-й дзяржавы, супярэчыў існуючым рас.-франц. адносінам і ваен. пагадненням. Сілы не набыў. Рашучае пярэчанне супраць Б’ёркскага дагавора старшыні кабінета міністраў С.Ю.Вітэ і міністра замежных спраў У.​М.​Ламздарфа вымусіла Мікалая II у ліст. 1905 пайсці на фактычнае скасаванне Б’ёркскага дагавора, што канчаткова аформлена ў жн. 1907.

т. 3, с. 136

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДКРЫ́ТЫ ЛІСТ,

1) дакумент на права правядзення даследчыкамі археал. разведак і раскопак. Выдаецца навук. ўстановамі. На Беларусі першы адкрыты ліст (грамату) атрымаў 14.12.1818 А.​Чарноцкі (З.Я.Даленга-Хадакоўскі) за подпісам рэктара Віленскага ун-та. З 1992 наз. дазвол.

2) Дакумент, які выдаецца ведамствам замежных спраў або дыпламат. прадстаўніцтвам іншаземцу, што карыстаецца дыпламат. прывілеямі і імунітэтам або з’яўляецца госцем краіны. Адрасаваны мытнай і пагранічнай службе сваёй краіны з просьбай садзейнічаць уладальніку адкрытага ліста ў час яго пераезду праз граніцу. Асобы, якія маюць адкрыты ліст, як правіла, вызваляюцца ад мытнага дагляду.

т. 1, с. 111

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЬФАНСІ́Н ((Alfonsin) Рауль Рыкарда) (н. 13.3.1926, г. Часкамус, Аргенціна),

дзярж. і паліт. дзеяч Аргенціны. Скончыў Нац. ун-т у г. Ла-Плата (1950). Адвакат, д-р права. З 1945 чл. Грамадз. радыкальнага саюза (ГРС). У 1958—62 дэп. заканад. сходу правінцыі Буэнас-Айрэс, у 1963—66 і 1973—76 дэп. Нац. кангрэса. У перыяд праўлення ваенных (1966—73 і 1976—83) у апазіцыі. З 1983 старшыня Нац. к-та ГРС. У 1983—89 прэзідэнт Аргенціны. Аўтар кніг па паліт. і сац.-эканам. праблемах. Ганаровы д-р шэрагу замежных ун-таў.

т. 1, с. 286

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́НГЛА-ГЕРМА́НСКАЕ МАРСКО́Е ПАГАДНЕ́ННЕ 1935.

Заключана 18 чэрв. ў выглядзе абмену нотамі паміж англ. міністрам замежных спраў С.​Хорам і спец. упаўнаважаным А.​Гітлера І.​Рыбетропам. Паводле пагаднення Германія атрымала права мець флот, роўны 35% танажу агульнага водазмяшчэння флоту Брыг. імперыі, падводны флот — у межах 45% танажу падводных лодак краін Брыт. імперыі і ў далейшым магла давесці свой падводны флот да ўзроўню брытанскага. Пагадненне парушала ўмовы Версальскага мірнага дагавора 1919. Дэнансавана фаш. Германіяй у крас. 1939 ва ўмовах падрыхтоўкі Германіі да 2-й сусв. вайны.

т. 1, с. 345

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́НГЛА-КІТА́ЙСКАЯ ВАЙНА́ 1840—42 (т.зв. першая «опіумная» вайна),

агрэсіўная вайна Англіі супраць Кітая з мэтай захапіць рынак і дамагчыся паліт. ўплыву на Кітай. Зачэпкай да яе стала знішчэнне кіт. урадам вял. партыі кантрабанднага опіуму, канфіскаванага ў замежных гандляроў. Летам 1840 англ. войскі блакіравалі з мора кіт. парты, захапілі в-аў Сянган (Ганконг) і ў жн. 1842 наблізіліся да Нанкіна. Паводле Нанкінскага дагавора 1842 Англія атрымала в-аў Ганконг, значную кантрыбуцыю, 5 партоў Кітая сталі адкрытымі для англ. гандлю. Вайна была пачаткам ператварэння Кітая ў паўкалан. дзяржаву.

т. 1, с. 346

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУРЖУА́ ((Bourgeois) Леон Віктор Агюст) (25.5.1851, Парыж — 29.9.1925),

дзяржаўны дзеяч Францыі. Юрыст. Скончыў Парыжскі ун-т. У 1870—77 дзеяч радыкальна-сацыяліст. партыі. З 1888 дэпутат парламента. З 1890 міністр асветы, замежных спраў, у 1895—96 прэм’ер-міністр. У 1902—04 старшыня палаты дэпутатаў, у 1920—23 — сената. Удзельнік 1-й (1899) і 2-й (1906) Гаагскіх мірных канферэнцый, дзе ўзначальваў камісіі па арбітражы і па мірным вырашэнні міжнар. канфліктаў. Адзін з арганізатараў і старшыня Савета Лігі Нацый (з 1920). Нобелеўская прэмія міру 1920.

т. 3, с. 349

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАСІЛЕ́ЎСКІ (Юрый Аляксандравіч) (н. 15.10.1946, г. Гомель),

бел. дырыжор. Засл. арт. Беларусі (1990). Скончыў Бел. кансерваторыю па класах духавых інструментаў і дырыжыравання (1969). З 1969 артыст аркестра штаба БВА, з 1970 педагог муз. вучылішча, з 1972 гал. дырыжор цырка ў Гомелі. З 1996 гал. дырыжор канцэртнага аркестра Гомельскай абл. філармоніі. Вял. ўвагу аддае інтэрпрэтацыі твораў бел. (Я.​Глебаў, І.​Лучанок, Дз.​Смольскі і інш.) і замежных кампазітараў. Аўтар музыкі да спектакляў гомельскіх абл. драм. т-ра («Трамвай «Жаданне» Т.​Уільямса) і т-ра лялек («Дзед і Жораў» В.​Вольскага).

т. 4, с. 24

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ВЕ́СТНИК МИ́РА»,

газета Беларускага фонду міру. Выходзіць з ліст. 1990 у Мінску на бел. і рус. мовах. Інфармуе пра дзейнасць Бел. фонду міру, грамадскага аб’яднання «Дзеці ў бядзе», бел. і замежных дабрачынных арг-цый, што аказваюць дапамогу ахвярам чарнобыльскай трагедыі. Асвятляе выкананне праграм па лячэнні і аздараўленні бел. дзяцей, устанаўленне і развіццё сувязей з замежнымі партнёрамі, размеркаванне гуманітарнай дапамогі і інш. Друкуе матэрыялы міжнар. сімпозіумаў, канферэнцый, круглых сталоў па праблемах Чарнобыля. Мае рубрыкі: «Супраць бяды — разам», «Крыніцы міласэрнасці», «Чорны боль мой» (фотаматэрыялы), «Нашы замежныя партнёры» і інш.

т. 4, с. 119

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕ́НДЭРСАН, Хендэрсан (Henderson) Артур (13.9.1863, г. Глазга, Вялікабрытанія — 20.10.1935), англійскі паліт. дзеяч. У 1903 абраны ў Палату абшчын. Адзін з лідэраў лейбарысцкай партыі (у 1908—10 і 1914—17 яе старшыня, у 1911—34 сакратар). У часы 1-й сусв. вайны ў 1915—17 у складзе кааліцыйнага ўрада, у 1924 міністр унутр. спраў у 1-м лейбарысцкім кабінеце Р.​Макдональда, у 1929—31 міністр замежных спраў у 2-м кабінеце Макдональда. У 1932—33 старшыня міжнар. Жэнеўскай канферэнцыі па раззбраенні. Нобелеўская прэмія міру 1934.

А.Гендэрсан.

т. 5, с. 151

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕРМА́НА-ФРАНЦУ́ЗСКІ ДАГАВО́Р 1963, Елісейскі дагавор. Падпісаны 22 студз. ў Елісейскім палацы (Парыж) федэральным канцлерам ФРГ К.​Адэнаўэрам і прэзідэнтам Францыі Ш. дэ Голем. Старыў новую дагаворную аснову для германа-франц. супрацоўніцтва пасля 2-й сусв. вайны. Для практычнай рэалізацыі дагавора было дамоўлена кожныя паўгода праводзіць сустрэчы кіраўнікоў урадаў і міністраў замежных спраў, абароны, а таксама па пытаннях выхавання і моладзі. У развіццё дагавора ўтвораны сумесныя органы на ўзроўні ўрадаў: германа-франц. Савет па бяспецы і абароне, фін.-эканам. Савет; у 1989 — Савет па ахове навакольнага асяроддзя.

т. 5, с. 177

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)