генеральная бітва ў час вайны 1812 паміж рас. і франц. войскамі 7 вер. каля с. Барадзіно за 124 км на З ад Масквы.
Рас. арміі — 1-я Зах. на чале з ген. М.Б.Барклаем дэ Толі і 2-я Зах. пад камандаваннем ген. П.І.Баграціёна — пасля адыходу ад Смаленска 3 вер. спыніліся каля с. Барадзіно, дзе галоўнакаманд. ген. М.І.Кутузаў вырашыў прыняць бой, каб не дапусціць праціўніка да Масквы. Пазіцыі рас. часцей (правы фланг прыкрываўся р. Калоча, цэнтр — Баграціёнавымі флешамі і размешчанай на выш. Курганная батарэяй М.М.Раеўскага, левы фланг даходзіў да в. Уціца) перакрылі Новую Смаленскую дарогу, па якой рухаліся франц. войскі на чале з галоўнакаманд. імператарам Напалеонам I. Шэсць рас. дывізій на правым флангу і 4 дывізіі ў цэнтры падпарадкоўваліся Барклаю дэ Толі, 5 егерскіх палкоў на левым флангу — Баграціёну. 5 вер.франц. войскі (каля 40 тыс.чал., 186 гармат) пасля працяглага і цяжкага бою авалодалі перадавой рас. пазіцыяй — Шавардзінскім рэдутам, які абаранялі часці ген.-лейт. А.П.Гарчакова (12 тыс.чал., 46 гармат).
У Барадзінскай бітве рас. войскі налічвалі 154,8 тыс.чал. (у т. л. 11 тыс. казакоў і 28,5 тыс. апалчэнцаў) і 640 гармат, франц. — 133,8 тыс.чал., 587 гармат. Бітва праходзіла як лабавая атака франц. сіламі рас. цэнтра — батарэі Раеўскага і Баграціёнавых флешаў, якія 6 разоў пераходзілі з рук у рукі паміж 9 і 12 гадз. Да 12 гадз Напалеон збіў рускіх з усіх пунктаў і рыхтаваўся нанесці сваімі рэзервамі (19 тыс. гвардзейцаў) вырашальны ўдар, аднак у выніку раптоўнага рэйду конніцы ген. Ф.П.Уварава і казакоў ген. М.І.Платава ў франц. тыл ледзь не трапіў у палон і загадаў адкласці атаку на наступны дзень. Артыл. кананада працягвалася да 17 гадз. У 18 гадзрас. войскі адышлі на лінію с.Горкі — Старая Смаленская дарога. З надыходам цемры Напалеон адвёў франц. часці за р. Калоча. Страты французаў склалі 50—58 тыс.чал. (у т. л. 49 генералаў), расіян — 45,6 тыс.чал., з якіх 29 генералаў. Недахоп сіл змусіў Кутузава 8 вер. адступіць з войскамі ў бок Масквы. Напалеону не ўдалося разграміць рас. армію ў генеральнай бітве. На рас. баку ў ёй удзельнічалі ўраджэнцы Віцебскай, Гродзенскай, Мінскай губ., вызначыліся Брэсцкі і Мінскі пяхотныя палкі. На месцы бітвы дзейнічае Барадзінскі ваенна-гіст. музей (засн. ў 1903, пл. 110 км²).
Літ.:
Богданов Л.П. На поле Бородинском. 2 изд. М., 1987;
Вахрушев А.М. Зори Бородина: Ист. повествование. М., 1992.
У.Я.Калаткоў.
Да арт.Барадзінская бітва. Літаграфія з карціны А.Сафонава «Барадзінская бітва 26 жніўня 1812». 1902.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МСЦІСЛА́ЎСКІ РАЁН Размешчаны на ПнУ Магілёўскай вобл. Утвораны 17.7.1924. Пл. 1,3 тыс.км². Нас. 32,8 тыс.чал. (1998), гарадскога 38%. Сярэдняя шчыльн. 25 чал. на 1 км². Цэнтр — г. Мсціслаў. Уключае 162 сельскія населеныя пункты, 13 сельсаветаў: Доўгавіцкі, Забалацкі, Капачоўскі, Лютненскі, Мазалаўскі, Мушынскі, Падсолтаўскі, Раздзельскі, Ракшынскі, Сапрынавіцкі, Сялецкі, Ходасаўскі, Чырванагорскі.
Тэр. раёна ў межах Горацка-Мсціслаўскай узвышанай раўніны Паверхня пласкахвалістая, 79% яе на выш. 180—220 м. Найвыш. пункт 239 м (за 6 км на З ад в. Раздзел). Агульны нахіл з Пн на Пд. Пашыраны яры і суфазійныя западзіны. Карысныя выкапні: торф, сапрапель, фасфарыты, мел, цагельныя гліны і суглінкі, цэментныя суглінкі, пясчана-жвіровы матэрыял, буд. пяскі. Сярэдняя т-растудз. -8,1 °C, ліп. 18 °C. Ападкаў 602 мм за год. Вегетац. перыяд 184 сут. Асн.р. Сож з прытокамі Віхра (з Чорнай), Малатоўка, Чорная Натапа (з Белай Натапай), Волчас. У зах.ч. раёна цячэ р. Кашанка (прыток Проні), у паўн.ч. — Рамясцвянка (прыток Быстрай). Пераважаюць глебы: дзярнова-падзолістыя (70,1%), дзярнова-падзолістыя забалочаныя (15%). Пад лесам 15,8% тэр. раёна, пераважна на З і Пд. Лясы яловыя, хваёвыя, бярозавыя, асінавыя, дубовыя, альховыя і інш. Агульная пл. балот 7,3 тыс.га. Найб. балотны масіў Чорная Натапа. Ахоўваемыя тарфянікі Шырына і Падрэчча, Закружжа. Помнікі прыроды мясц. значэння: крыніцы Бялкова і Кагальная Студня.
Агульная пл.с.-г. угоддзяў 94,7 тыс.га, з іх асушаных 9,6 тыс.га. На 1.1.1999 у раёне 19 калгасаў, 5 саўгасаў, 2 фермерскія гаспадаркі. Сельская гаспадарка спецыялізуецца на мяса-малочнай жывёлагадоўлі, вырошчванні збожжавых і кармавых культур, лёну, бульбы. Прадпрыемствы льняной (ільновалакно), харч. (масла, сыр, хлеб), камбікормавай і буд. матэрыялаў (цэгла, асфальт) прам-сці; буд. прадпрыемствы. Па тэр. раёна праходзяць: чыгунка Орша—Крычаў; аўтадарогі на Магілёў, Горкі, Крычаў, Чавусы, Хіславічы (Расія); нафтаправод Унеча—Полацк. У раёне 19 сярэдніх, 4 базавыя, 4 пачатковыя, музычная раённая і 3 яе філіялы, дзіцяча-юнацкая спартыўная школы, дапаможная школа-інтэрнат, Дом дзіцячай творчасці, вышэйшае прафес. вучылішча буд. профілю, сярэдняе ПТВ сельскай гаспадаркі, 19 дашкольных устаноў, 26 клубаў, 57 б-к, 5 бальніц, паліклініка, урачэбная амбулаторыя, 20 фельч.-ак. пунктаў, санэпідэмстанцыя. Музеі: гісторыка-археалагічны (г. Мсціслаў), літаратурна-этнаграфічны (на радзіме пісьменніка М.І.Гарэцкага, в. Багацькаўка). Арх. помнікі: царква (канец 19 — пач. 20 ст.) у в. Басценавічы, царква (пач. 19 ст.) у в. Мазалава, Успенскі манастыр (засн. ў 1380; у пач. 17 ст. і ў канцы 18—19 ст. перабудаваны) за 2 км на Пд ад в. Пустынкі, царква Ільі Прарока (1-я пал. 19 ст.) у в. Слаўнае, царква (2-я пал. 18 ст.) у в. Сялец. Выдаецца газ. «Святло Кастрычніка».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САДО́ЎСКІЯ,
сям’я рускіх акцёраў.
Проў Міхайлавіч (сапр.Ярмілаў; 23.10.1818, г. Ліўны Арлоўскай вобл., Расія — 28.7.1872). З 1832 у правінцыяльных т-рах, з 1839 у Малым т-ры. Удзельнічаў у першых пастаноўках амаль усіх п’ес А.Астроўскага, садзейнічаў іх сцверджанню на сцэне: Дзікой («Навальніца»), Кураслепаў («Гарачае сэрца»), Красноў («Грэх ды бяда на каго не жыве»), Любім Тарцоў («Беднасць не загана»). Сярод інш. роляў: Падкалёсін, Восіп («Жаніцьба», «Рэвізор» М.Гогаля), Расплюеў («Вяселле Крачынскага» А.Сухаво-Кабыліна), Ананій, Мітрыч («Горкі лёс», «Самаўпраўцы» А.Пісемскага). Яго творчай манеры ўласцівы акцэнт на сац.-побытавай абмалёўцы характараў, раскрыццё яго нац. спецыфікі. Аўтар гумарыстычных апавяданняў. Міхаіл Провавіч (24.11.1847, Масква —8.8.1910), сын Прова Міхайлавіча. З 1869 у Малым т-ры. Першы выканаўца шэрагу роляў у п’есах Астроўскага. Сярод інш. значных роляў; Хлестакоў («Рэвізор» Гогаля), Пётр («Улада цемры» Л.Талстога), Калгуеў («Новая справа» У.Неміровіча-Данчанкі). Яго творчасць адметная спалучэннем глыбокай жыццёвай праўдзівасці, светлага гумару, задушэўнасці з драматызмам і сатырычнай вастрынёй. Аўтар нарысаў і апавяданняў з жыцця купецкай і мяшчанскай глушы (т. 1—2, 1899). Яго пераклады п’ес (Ж.Расіна, П.Бамаршэ, К.Гальдоні, К.Гоцы і інш.) ставіліся ў Малым т-ры. Выкладаў у Муз.-драм. вучылішчы Маскоўскага філарманічнага т-ва, на драм. курсах Маскоўскага тэатр. вучылішча. Вольга Восіпаўна (дзявочае Лазарава; 25.6.1849, Масква — 8.12.1919), жонка Міхаіла Провавіча. З 1879 у Малым т-ры. Яе ігра адметная выразнасцю сцэн. маўлення, яркасцю, тонкім гумарам. Сярод роляў у п’есах Астроўскага: Домна Панцялеўна («Таленты і паклоннікі»), Галчыха («Без віны вінаватыя»), Глафіра Фірсаўна («Апошняя ахвяра»), Маўра Тарасаўна («Праўда добра, а шчасце лепш»). З інш. роляў: Матрона («Улада цемры» Талстога), графіня Хруміна («Гора ад розуму» А.Грыбаедава). Лізавета Міхайлаўна (5.5.1872—4.6.1934), дачка Міхаіла Провавіча і Вольгі Восіпаўны, па сцэне (пры жыцці маці) Садоўская 2-я. З 1894 у Малым т-ры. Выконвала лірыка-драм. і камед. ролі: Глафіра, Снягурачка, Паліксена, Негіна, Юлінька, Верачка, Варвара («Ваўкі і авечкі», «Снягурачка», «Праўда добра, а шчасце лепш», «Таленты і паклоннікі», «Даходнае месца», «Жартаўнікі», «Навальніца» Астроўскага), Мар’я Антонаўна («Рэвізор» Гогаля), Сюзана («Жаніцьба Фігаро» Бамаршэ). Π ρ о ў Міхайлавіч (21.8.1874, Масква — 4.5.1947), сын Міхаіла Провавіча і Вольгі Восіпаўны. Нар.арт.СССР (1937). З 1895 у Малым т-ры. Найб. значныя ролі: Нешчасліўцаў («Лес» Астроўскага), Фамусаў («Гора ад розуму» Грыбаедава), Кошкін, Расцёгін («Любоў Яравая», «На беразе Нявы» К.Транёва), Таланаў («Нашэсце» Л.Лявонава). Выступаў і як рэжысёр. Паставіў п’есы «Снягурачка» (1922) і «Ваўкі і авечкі» (1944) Астроўскага, «Гора ад розуму» Грыбаедава (1938) і інш.Дзярж. прэмія СССР 1943. У т-ры працавалі і інш. прадстаўнікі сям’і С.
Літ.:
Семья Садовских. М.; Л., 1939;
Дурылин С.Н. П.М.Садовский. М., 1950;
Клинчин А.П., Клинчин П.М. П.М.Садовский. М., 1968.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НІ́ЖНІ НО́ЎГАРАД,
горад, цэнтр Ніжагародскай вобл., у Расіі. Размешчаны каля ўпадзення р. Ака ў Волгу. 1385,9 тыс.ж. (1996). Буйны рачны порт, чыг. вузел. Аэрапорт. Метрапалітэн (з 1985). Буйны цэнтр машынабудавання, у т. л. аўта-, авія-, суднабудавання і металаапрацоўкі (акц.т-ва «ГАЗ», ВА «Ніжагародскі машзавод»; ВА «Завод «Чырвонае Сормава» — гал. суднабудаўная база Волжскага флоту; з-ды: спецыялізаваных машын, каробак скарасцей, штампаў і прэс-форм, дызелебудавання, авіябудаўнічы, апаратуры сувязі, тэлевізійны). Прадпрыемствы перапрацоўчай чорнай і каляровай металургіі, хім., нафтахім., хім.-фармацэўтычнай, дрэваапр., буд. матэрыялаў, харчасмакавай, лёгкай прам-сці. 9 ВНУ. У т. л.ун-т.
Засн. як каменная крэпасць у 1221 уладзімірскім кн. Юрыем Усеваладавічам. З 1350 сталіца Ніжагародска-Суздальскага княства, гандл. і культ. цэнтр (у Пячорскім манастыры ў 1377 створаны Лаўрэнцьеўскі летапіс). У 1392 далучаны да Маскоўскага вял. княства і стаў апорным пунктам у барацьбе з Казанскім ханствам. У 1520 і 1536 на горад нападалі татары. З 2-й пал. 16 ст. адзін з буйнейшых гандл.-рамесніцкіх цэнтраў Маскоўскага княства. У канцы 1611 у Н.Н. пачалося фарміраванне нар. апалчэння К.Мініна і Дз.Пажарскага. З 1719 цэнтр Ніжагародскай губ. У 1817—1917 у горадзе дзейнічаў Ніжагародскі кірмаш (адноўлены з 1990). У 1862 злучаны чыгункай з Масквой. У 1932—91 наз.Горкі.
З 2-й пал. 16 ст. складваюцца 2 часткі горада — Нагорная (цэнтр) і Зарэчная (слабоды, пазней прамысл. раён). Помнікі архітэктуры 16 — пач. 18 ст.: крэмль (крапасныя сцены з вежамі, 1500, 1508—11) з Архангельскім саборам (1624—31, арх. Л. і А.Вазауліны, на месцы сабора 13 ст.); манастыры Пячорскі з Узнясенскім саборам (1632, арх. А.Вазаулін) і 2 шатровымі цэрквамі (1642—45 і 1648), Дабравешчанскі з саборам (1649) і Успенскай царквой (1678); Успенская царква на Ільінскай гары (1672—1715); цэрквы т.зв. строганаўскага стылю (пры сядзібе Строганавых) — Смаленская (1694—97) і Раства (1719). Паводле плана 1824 у межы горада на левым беразе Акі ўвайшла Канавінская слабада з тэр. Ніжагародскага кірмашу; захаваліся саборы Спаскі старакірмашовы (1817—22, арх. А.Манферан) і Кірмашовы Аляксандра Неўскага (1881, арх. Р.Кілевейн і Л.Даль, аднаўляецца), Гал. дом кірмашу (1890, з пач. 1990-х г. цэнтр адноўленай біржавай і кірмашовай дзейнасці). У Нагорнай частцы захаваліся будынкі б. Шляхетнага сходу (1826, арх. І.Яфімаў, класіцызм). т-ра драмы (1896, арх. В.Шротэр, эклектыка), дзяржбанка (арх. В.Пакроўскі, неарускі стыль), дом Сіроткіна (абодва 1913, арх. браты Весніны, неакласіцызм; цяпер маст. музей) і інш. Помнікі: абеліск у гонар К.Мініна і Дз.Пажарскага (1826), М.Горкаму (1952), М.А.Дабралюбаву (1986) і інш.
Літ.:
Бубнов Ю.Н., Орельская О.В. Архитектура города Горького: Очерки истории, 1917—1985. Горький, 1986;
Бубнов Ю.Н. Архитектура Нижнего Новгорода середины XIX — начала XX в. Нижний Новгород, 1991.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРУЖА́НЫ,
горад, цэнтр Пружанскага р-на Брэсцкай вобл., на вытоку р. Мухавец. Вузел аўтадарог на Брэст, Высокае, Кобрын, Слонім, Бярозу, Поразава. За 13 км ад чыг. ст. Аранчыцы на лініі Баранавічы—Брэст, за 89 км ад Брэста. 20,2 тыс.ж. (2000).
Вядомы з 1487 пад назвай Дабучын. Да 1519 у Кобрынскім княстве, пасля ў Кобрынскім, з 1566 у Брэсцкім пав. У 16 ст. належалі каралеве Боне Сфорца, потым яе дачцэ Ганне, якая ў 1589 дала гораду магдэбургскае права і герб. У 1563—1250 ж., 278 гаспадарак. З канца 16 ст. замацоўваецца назва П. У час войнаў сярэдзіны 17—1-й пал. 18 ст. моцна разбураны, уцалела /. пабудоў. Да канца 18 ст. адбудаваны, у 1791—2094 ж. З 1795 у Рас. імперыі, цэнтр Пружанскага павета. У час паўстання 1863—64 заняты паўстанцамі 13.2.1863. У 1897—7634 ж., 14 дробных прадпрыемстваў, павятовае і прыходскае вучылішчы, 6 бальніц, 2 царквы, касцёл, сінагога. У 1919—39 у Польшчы, цэнтр павета Палескага ваяв. Дзейнічалі падп. арг-цыі КПЗБ і КСМЗБ, Беларускай сялянска-работніцкай грамады, Таварыства беларускай школы. З вер. 1939 у БССР, з 15.1.1940 цэнтр Пружанскага р-на. 23.6.1941 акупіраваны ням. фашыстамі, якія ў створаным тут гета трымалі да 10 тыс.чал., загубілі больш за 4 тыс.чал. Вызвалены 17.7.1944 войскамі 1-га Бел. фронту ў ходзе наступлення на Брэсцкім напрамку.
Працуюць з-ды: кансервавы, радыёдэталей, ільнозавод, масласырзавод; камбінаты буд. матэрыялаў і плодакансервавы, друкарня, лясгас, Пружанскі аграрна-тэхнічны каледж і інш. У горадзе Дом культуры, 2 б-кі. Брацкія магілы чырвонаармейцаў, сав. воінаў і партызана. Помнік В.З.Харужай, сав. лётчыкам.
У 16 ст. ў П. існаваў палацавы комплекс, т.зв. Каралеўскі двор (вядомы паводле інвентара 1597), у 2-й пал. 18—19 ст. — барочны гар. асабняк. У 2-й пал. 19 ст. ў прадмесці П. Горкі пабудаваны капліца (1852), Пружанскі сабор Аляксандра Неўскага, Спаса-Праабражэнская царква (1875—78), касцёл Ушэсця св. Дзевы Марыі (1883), гандл. рады ў стылі барока і класіцызму (1896, арх. Міхайлоўскі і Савіч), комплекс гар. сядзібы (арх. Ланці). У сучасным горадзе 3 планіровачныя раёны: паўд., зах. і ўсходні. Арх.-планіровачная структура вызначаецца цэнтр. восевай магістраллю (вуліцы Савецкая, Кобрынская, Кастрычніцкая), перпендыкулярнымі да яе вуліцамі Леніна, Р.Шырмы, Чырвонаармейскай і звілістым абрысам поймы р. Мухавец. Горад забудоўваўся паводле схемы планіроўкі 1959, якая ўпарадкавала нерэгулярную сетку вуліц, генплана 1974 і праекта дэталёвай планіроўкі цэнтра 1977. Адм.-грамадскі цэнтр склаўся на вуліцах Савецкай і Шырмы. Цэнтр.ч. горада і цэнтр усх. раёна забудаваны 4—5-павярховымі дамамі. У паўн.ч. і па вул. Шырмы створаны новыя мікрараёны з 5—9-павярховых дамоў, узводзяцца будынкі сядзібнага тыпу. Паводле генплана 1998 здзяйсняецца пераход да катэджнага буд-ва на ўскраінах горада. Зона адпачынку — штучны вадаём у паўд.ч. горада, р. Мухавец і парк у паўн. частцы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САДу садова-паркавым мастацтве,
зямельны ўчастак, засаджаны дрэвамі, кустамі, кветкамі. Як і парк, з’яўляецца ч.азелянення і фарміруецца паводле асн. прынцыпаў садова-паркавага мастацтва. Ствараюцца для адпачынку, прагулак, гульняў. З калекцыйна-экспазіцыйнымі і навук. мэтамі ствараюцца С. спец. прызначэння (напр., батанічны сад). Гар. С. для кароткачасовага адпачынку наз.скверам. Ад парку культуры і адпачынку адрозніваецца меншымі памерамі, нязначнай колькасцю спарт. збудаванняў, атракцыёнаў і інш. У кампазіцыі С. важную ролю адыгрываюць алеі, дарожкі, пляцоўкі, газоны, кветнікі, фантаны, каскады, каналы, малыя формы архітэктуры, часта ў С. ўключаюць альпінарыі і ружоўнікі. Для фарміравання прадметна-прасторавага асяроддзя і яго ўзбагачэння С. гарманічна спалучаюць рэльеф, вадаёмы і інш. сродкі ландшафтнай архітэктуры.
Вядомы з даўніх часоў: у Стараж. Егіпце, Вавілоне (т. зв. вісячыя сады Семіраміды), Рыме (багатыя С. ў загарадных вілах) і інш. Высокія дэкар. якасці ўласцівы С. сярэдневякоўя (Японія, Кітай, Індыя, Персія і інш.), эпохі Адраджэння (С. вілаў Баболі, д’Эстэ ў Італіі). З 12 ст. вядомы С. ў княжацкіх сядзібах Кіева, Уладзіміра (Расія). Сярод узораў С. — Летні сад у Пецярбургу, Аляксандраўскі ў Маскве.
На Беларусі С. вядомы з 15 ст. Іх стваралі ў манастырах, каля замкаў, у магнацкіх сядзібах і маёнтках; часам яны мелі утылітарнае прызначэнне, напр., аптэчныя С. (аптэчныя агароды) — папярэднікі бат. С. З 17 ст. стваралі т.зв. зімовыя С. (аранжарэі), якія часам уваходзілі ў арх. кампазіцыю палацаў, сядзібных дамоў (Альбінскі палацава-паркавы ансамбль, Радзівілімонтаўскі палацава-паркавы комплекс, Ружанскі палацавы комплекс і інш.). У 17 ст. вядомы т.зв. італьянскія С., дзе спалучаліся утылітарныя і дэкар. функцыі. З 2-й пал. 18 ст. пашыраны бат. С. з калекцыямі мясц. і іншаземнай флоры (Гродзенскі батанічны сад, С. у г.Горкі Магілёўскай вобл). У канцы 18 — пач. 19 ст.гар. С. створаны ў Мінску, Гомелі, Віцебску, Магілёве, Рагачове, Чэрыкаве, яны спалучалі планіроўку пейзажнага тыпу з элементамі рэгулярнага. У 19 ст. з развіццём прамысл. садоўніцтва на ўчастках паркаў эканам. тыпу (в. Бабоўня Капыльскага, г.п. Казлоўшчына Дзятлаўскага, в. Псуя Глыбоцкага р-наў) узніклі пладовыя С. З канца 1950-х г. адным з асн. элементаў сістэмы азелянення і ўзбагачэння эстэтыкі тэр. жылой забудовы стаў мікрараённы С. Інтэр’еры грамадскіх будынкаў часам афармляюць т.зв. зімовымі С. Для ўзбагачэння арх.-ландшафтнага вырашэння аб’ектаў робяць С. на дахах і тэрасах жылых дамоў. Навукова-доследная база для азелянення нас. месцаў — бат. С., адзін з кірункаў даследаванняў якіх — зялёнае буд-ва і ландшафтная архітэктура (Цэнтральны батанічны сад Нацыянальнай АН Беларусі, Батанічны сад БДУ, Батанічны сад Беларускага дзяржаўнага тэхналагічнага універсітэта і інш.).
Літ.:
Горбачев В.Н. Архитектурно-художественные компоненты озеленения городов. М., 1983;
Хромов Ю.Б. Планировка и оборудование садов и парков. Л., 1974;
Сычева А.В., Сосков И.Н. Актуальность организации садов на искусственных основаниях // Стр-во и архитектура Белоруссии. 1981. № 1.
В.Р.Анціпаў, А.В.Сычова.
Бутхардскі батанічны сад каля г. Вікторыя (Канада).Былы Аляксандраўскі сад (цяпер Цэнтральны сквер) у Мінску.Сад Баболі ў г. Фларэнцыя (Італія).Сад камянёў манастыра Роандзі ў Токіо.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САЦЫЯЛІСТЫ́ЧНЫ РЭАЛІ́ЗМ,
творчы метад літаратуры і мастацтва, эстэт. пастулаты якога грунтаваліся на сацыяліст. канцэпцыях светаўспрымання. У аснову маст.-выяўл. патрабаванняў былі пакладзены народнасць, гуманістычнасць, рамантыка, праўдзівасць гіст.-канкрэтнага адлюстравання рэчаіснасці ў яе эвалюц. развіцці. Генет. вытокі С.р. фіксуюцца ў рэв.-пралет. л-ры Вялікабрытаніі, Германіі, Францыі (сярэдзіна — 2-я пал. 19 ст.), Расіі, Балгарыі, Польшчы, Украіны, Беларусі і інш.еўрап. краін (канец 19 — пач. 20 ст.). Тэрмін «С.р.» упершыню з’явіўся ў перыяд. друку ў 1932 і быў закліканы абазначыць маст. своеасаблівасць сав. л-ры, паняційна канкрэтызаваць іманентную сутнасць таго рэалізму, які пачаў дамінаваць у яе творчай практыцы. Існавалі варыянты азначальнай часткі тэрміна: «гераічны», «рамантычны», «рэвалюцыйны», «сацыяльны», «тэндэнцыйны», «манументальны» і г.д., але зацвердзіўся «сацыялістычны» як найб. універсальны. Паняцце С.р. замацавана на I Усесаюзным з’ездзе сав. пісьменнікаў (1934) для абазначэння асн. метаду сав.маст. літаратуры і літ. крытыкі. У статуце Саюза пісьменнікаў СССР, прынятым на гэтым з’ездзе, дэкларавалася, што С.р. павінен забяспечыць маст. творчасці «выключную магчымасць выяўлення творчай ініцыятывы, выбару разнастайных форм, стыляў, жанраў». Тэарэт. асновы С.р. закладваліся ў працах эстэтыкаў-марксістаў Г.Пляханава, Д.Благоева, А.Луначарскага, Ю.Мархлеўскага, В.Вароўскага, А.Варонскага і інш. Адным з буйнейшых пачынальнікаў лічыцца М.Горкі (раман «Маці»). На Беларусі актыўным прапагандыстам новага метаду быў Ц.Гартны. У 1918 у лекцыі пра бел. л-ру, прачытанай студэнтам Бел.нар. ун-та ў Маскве, ён сфармуляваў вядучыя прынцыпы пралет. творчай дактрыны, у аснову якой быў пакладзены класавы кампанент. На гэту дактрыну ў сваёй творчай практыцы арыентаваліся члены літ. аб’яднанняў «Маладняк», «Звенья», Бел. асацыяцыі пралет. пісьменнікаў, якія ўспрынялі заклік М.Горкага паказваць канфлікты сучаснай рэчаіснасці праз прызму гіст. аптымізму, адлюстроўваць іх у перспектыве грамадска-рэв. развіцця, маляваць велічны вобраз новага чалавека, стваральніка новага свету, рэалізатара спрадвечнай мары аб вольнай працы на вольнай зямлі. Аднак адразу быў узяты курс на ператварэнне С.р. з асноўнага ў адзіны для ўсіх творцаў маст. метад, а сац. аптымізм прадпісвалася разумець як лакіроўку рэчаіснасці. Неўзабаве з’явілася тэорыя бесканфліктнасці, якая выключала паказ сапраўдных грамадска-паліт. супярэчнасцей і недахопаў, дапускаючы адлюстраванне барацьбы, сутычак толькі добрага з лепшым, а лепшага з выдатным. Тэарэт. база С.р. пашыралася ідэямі народнасці (1930-я г.), сацыяліст. гуманізму (1950-я г.), прынцыпам эстэтычна адкрытай сістэмы (1970-я г.), што дазволіла стварыць шэраг высокамаст. твораў ва ўсіх жанрах л-ры (паэмы Я.Купалы, Я.Коласа, П.Броўкі, А.Куляшова, М.Танка і інш., раманы І.Мележа, І.Шамякіна, І.Навуменкі, І.Пташнікава і інш., п’есы К.Крапівы, А.Макаёнка і інш). С.р. — з’ява інтэрнацыянальная, яго прадстаўнікамі былі як савецкія (У.Маякоўскі, М.Шолахаў, К.Федзін, Л.Лявонаў, А.Фадзееў і інш.), так і зарубежныя (Л.Арагон, Г.Зэгерс, М.Пуйманава, Ж.Амаду, Я.Гашак і інш.) пісьменнікі. Метад С.р. быў пашыраны на ўсе віды мастацтва, у т. л. архітэктуру (пераважна аздабленне), выяўл. мастацтва, кіно, тэатр, музыку. Пасля распаду СССР С.р. не знік з творчай практыкі, але яго гіст. місія ацэньваецца даследчыкамі неадназначна.
Літ.:
Ленин В.И. О литературе и искусстве. 7 изд. М., 1986;
Марков Д.Ф. Проблемы теории социалистического реализма. 2 изд. М., 1978;
Конан У.М. Развіццё эстэтычнай думкі ў Беларусі (1917—1934 гг.). Мн., 1968;
Гаранін Л Я., Яскевіч А.С., Матрунёнак А.П. Нараджэнне новага мастацтва. Мн., 1980.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІРЫ́ЧНЫЯ ПЕ́СНІпазаабрадавыя,
народныя песні, у якіх ідэйна-эмацыянальны элемент пераважае над апавядальным. Вядомыя ўсім народам свету.
Мяркуюць, што Л.п. вылучыліся з сінкрэтычнай абрадавай паэзіі. З развіццём грамадства яны набывалі самастойнасць, глыбей раскрывалі духоўны свет чалавека, яго эстэт. ідэал. Змест Л.п. вельмі шырокі, ахоплівае амаль усе бакі грамадскага і асабістага жыцця чалавека. Паводле тэматыкі падзяляюцца на любоўныя, сямейна-бытавыя, аб родным краі, гіст. падзеях і інш., па сац. прыналежнасці — батрацкія песні, бурлацкія песні, чумацкія песні, сялянскія, казацкія, рэкруцкія, салдацкія, рабочыя і інш. песні. У адрозненне ад песень эпічных з іх тыпізацыяй навакольнай рэчаіснасці ў Л.п. на першы план выступае тыпізацыя ідэйна-эмацыянальных адносін чалавека да гэтай рэчаіснасці. Вызначальны момант паэт. сістэмы такіх Л.п. не столькі дакладнае развіццё сюжэта, колькі шэраг тыповых для традыцыйнай лірыкі сюжэтных матываў і сітуацый. Псіхалагізацыя вобраза прадугледжвае большую свабоду вобразатворчых імпульсаў, што ўплываюць на форму вершаскладання са словаабрывамі, устаўнымі выклічнікамі, паўторамі элементаў верша, якія варыянтна адцяняюць гал. думку. Рытміка-метрычная структура абумоўлена характарам мелодыі. Напевам Л.п. уласцівы непрымеркаванасць выканання (спяваюцца «калі хочаш», «абы калі») і індывідуалізацыя муз. вобраза, што вядзе да існавання мноства меладычных варыянтаў песні. Нар. песенная лірыка ахоплівае некалькі гіст. пластоў. Найб. даўні ўтвараюць Л.п., якія ўмоўна прымяркоўваюцца да розных абставін і каляндарных дат, напр., пастухоўскія («як пасуць жывёлу»), «як полюць», «лугавыя» (спяваюцца на полі), «лесавыя» і інш. Іх муз. вобразы (як і паэтычныя) знаходзяцца ў рамках стараж. песеннасці, убіраючы ў сябе многія прыкметы песень каляндарнага і сямейна-абрадавага цыклаў (сціснуты гукавы дыяпазон, неразгорнутая меладычная страфа), але ў адрозненне ад каляндарных і сямейна-абрадавых песень з групавым прымацаваннем некалькіх паэт. тэкстаў да аднаго тыповага напеву ў Л.п. звычайна кожнаму тэксту адпавядае свой напеў. Найчасцей гэта напевы адзіночнай традыцыі выканання з тонкім інтанацыйным і рытмічным вар’іраваннем.
Асн. масіў бел.нар. Л.п. складаюць песні больш позняга гісторыка-стылявога пласта, узнікненне якіх адносяць да эпохі фарміравання бел. народнасці і часоў казацка-сялянскіх паўстанняў (14—17 ст.). Яны вызначаюцца надзвычайным багаццем вобразна-эмацыянальнага складу: энергічным размахам (песні вольніцы), шматадценневай гамай пачуццяў (любоўная лірыка), вастрынёй эмацыянальных зрухаў (жартоўныя). Існуюць у сольных і хар. варыянтах. Часам адзін тэкст бытуе з некалькімі напевамі, якія нібы з розных бакоў раскрываюць паэт. змест песні. Мелодыі іх працяжна распетыя («зацягучыя», напр., «Із пуд горкі буйной вецёр вее», «далявыя», напр., «Ночы мае, ночушкі»), з разгорнутай песеннай строфікай (часта з т.зв. ланцуговымі запевамі), інтанацыйнымі кантрастамі. У паўд., усх. і цэнтр. Беларусі шматгалосыя Л.п. найчасцей распяваюцца з падводкай. Акрамя працяжных бываюць і т.зв. частыя Л.п., звязаныя ў вытоку з танцам. У муз.-паэт. стылістыцы сучасных Л.п. (партызанскія песні і інш.) побач з сялянскай фалькл. традыцыяй адчуваецца ўплыў традыцыі літ. і асабліва масавай песні. Многія з твораў прафес. л-ры фалькларызаваліся («Люблю наш край» К.Буйло, «Над ракою ў спакою» Я.Купалы, «Зорка Венера» М.Багдановіча, «Лясная песня» А.Русака, «Нёман» А.Астрэйкі, «Ручнікі» В.Вярбы). Напевы іх народныя або складзеныя кампазітарамі. Асобная разнавіднасць Л.п. — прыпеўка.
Публ.:
Беларускія народныя песні / Запіс Р.Шырмы. Т. 1—2. Мн., 1959—60;
Анталогія беларускай народнай песні. Мн., 1968;
Песні пра каханне. Мн., 1978;
Мажэйка З.Я. Песні Беларускага Паазер’я. Мн., 1981;
Яе ж. Песни Белорусского Полесья. Вып. 2. М., 1984;
Варфаламеева Т.Б. Песні Беларускага Панямоння. Мн., 1998.
Літ.:
Песенная лирика устной традиции. СПб., 1994;
Гілевіч Н.С. Паэтыка беларускай народнай лірыкі. Мн., 1975;
Мухаринская Л.С. Белорусская народная песня: Ист. развитие: (Очерки). Мн., 1977;
Можейко З.Я. Песенная культура Белорусского Полесья. Село Тонеж. Мн., 1971.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САДО́ВА-ПА́РКАВАЕ МАСТА́ЦТВА,
мастацтва фарміравання садоў, паркаў і інш. азялененых участкаў гарманічным спалучэннем прыродных і арх. элементаў (рэльеф, вадаёмы, дрэвы, кусты, кветкі, пляцоўкі, розныя збудаванні, скульптура). У працэсе яго развіцця пад, эстэт. поглядаў выпрацаваны разнастайныя кампазіцыйныя прыёмы, якія ўмоўна зводзяцца да 2 асн. прынцыпаў — рэгулярнага парку (геам.) і пейзажнага парку (маляўнічага, імітуе прыродны ландшафт). Існуюць паркі і мяшанага тыпу.
Вядома са старажытнасці. Асн. прыёмы Сп.м. склаліся ў 16—18 ст. у Зах. Еўропе. У эпоху Адраджэння ў Італіі паявіліся рэгулярныя сады, якія ўяўлялі сабой сістэму эфектных перспектыў і размяшчаліся на тэрасах з падпорнымі сценкамі, манум. лесвіцамі, скульптурай, каскадамі, фантанамі. Рацыяналістычныя прынцыпы, якія пераважалі ў мастацтве Францыі 17 ст., увасобіліся ў строга геам. планіроўцы рэгулярных («французскіх») паркаў. У сярэдзіне 18 ст. ў Еўропе ўзніклі свабодна распланаваныя пейзажныя паркі (Вялікабрытанія, Францыя) Першыя стараж.-рус. сады вядомы ў 12 ст. У 17 ст. ў Маскве дэкар. афармленнем вылучаліся т.зв. вярховыя («красныя») сады ў верхніх паверхах будынкаў (сады Крамлёўскага палаца); існавалі рэгулярныя сады ў загарадных сядзібах, для іх характэрна спалучэнне дэкар. якасцей з утылітарнымі (пладовыя насаджэнні). У 18 ст. створаны палацава-паркавыя ансамблі ў гарадах Петрадварэц, Пушкін, Летні сад у Пецярбургу (рэгулярныя паркі), пейзажныя паркі ў Паўлаўску, Кузьмінках (Масква), Уманскі дэндрапарк «Сафіеўка» (Украіна). С.-п.м. канца 19 — пач 20 ст. характарызуецца эклектызмам (ствараліся садова-паркавыя кампазіцыі тыпу яп. садоў, іспана-маўрытанскага патыо, альпійскай горкі). У 20 ст. з’явіліся новыя віды садоў і паркаў (спарт. паркі, паркі-выстаўкі, нац., прыродныя, гіст., дзіцячыя паркі, «сады на дахах» і інш.). Для масавага адпачынку ствараюцца вял. гар паркі. Выкарыстоўваюцца новыя кампазіцыйныя прыёмы, заснаваныя на функцыян. заніраванні тэр паркаў, вылучэнні ў іх аб’ектаў відовішчна-масавага, культ.-асв., спарт. і інш. прызначэння. С.-п.м. развіваецца і ў працэсе спецыялізацыі паркаў і садоў рознага функцыян. прызначэння — дзіцячых, спарт., выставачных, бат., заал., мемар. і інш. Пераважаюць свабодныя пейзажныя кампазіцыі. засн. на маст. інтэрпрэтацыі прыродных ландшафтаў, з уключэннем рэгулярна распланаваных частак.
На Беларусі лепшымі ўзорамі С.-п.м з’яўляюцца Бачэйкаўскі парк, Дубайскі парк, паркі ў вёсках Вял. Мажэйкава Шчучынскага р-на Гродзенскай вобл., Забалацце Рагачоўскага р-на Гомельскай вобл. і інш. (рэгулярныя), паркі Гомельскага палацава-паркавага ансамбля, Жыліцкага палацава-паркавага ансамбля, Нясвіжскага палацава-паркавага комплексу, Столінскай сядзібы «Манькавічы», Лагойскага палацава-паркавага ансамбля, Савейкаўскі парк і інш. (пейзажныя). Характэрныя рысы С.-п.м. 2-й пал. 20 ст. — спалучэнне дакладнай планіровачнай схемы са свабоднай формай пасадак і кветкавага афармлення. З развіццём горадабудаўніцтва пашырыліся задачы па фарміраванні водна-зялёных сістэм, арх.-ландшафтнай арг-цыі адкрытых (незабудаваных) прастораў. Гэтыя задачы вырашаюцца галіной арх.-горадабуд. творчасці — ландшафтнай архітэктурай. У галіне С.-п.м. працуюць арх. Л.Белякова, Дз.Герашчанка, М.Жлоба, Л.Калініна, Г.Патаеў, І.Рудэнка, А.Сычова, І.Шпіт, В.Шыльнікоўская, Б.Юрцін і інш.Іл.гл. таксама да арт.Сад.
Літ.:
Памятники природы Белоруссии. Мн., 1970;
Антипов В.Г. Парки Белоруссии. Мн., 1975;
Архитектурная композиция садов и парков. М., 1980;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЬМАНА́Х (ад араб. аль-манах каляндар),
зборнік літаратурных твораў, часта аб’яднаных адной тэмай, жанрам і г.д.; у стараж. часы календары-даведнікі. Першы літ. альманах — «Ľ Almanach des muses» («Альманах музаў», Парыж, 1764—1833). Першым рус. альманахам лічаць «Российский Парнас» (1771). Першыя бел. альманахі ўзніклі як раздзелы «Календаря Северо-Западного края» (М., 1889—90) і «Северо-Западного календаря» (Мн., 1891—92). У наступныя гады выйшлі альманахі: «Калядная пісанка на 1904 год» (Пб., 1903, арг-цыя«Круг беларускай народнай прасветы і культуры»), «Велікодная пісанка» (1904, тая ж арг-цыя), «Маладая Беларусь» (сш. 1—3, 1912—13, бел. выдавецкая суполка «Загляне сонца і ў наша аконца»), «Зборнік «Нашай нівы» (вып. 1—2. Вільня, 1912; з паэмай Я.Купалы «Курган», раздзеламі «Новай зямлі» Я.Коласа і інш.), «З аколіц Дзвіны» (Віцебск, 1912, на польск. мове), «Колас беларускай нівы» (1913, лацінкаю на бел. мове, Гродзенскі гурток бел. моладзі), «Калядная пісанка, 1913 год» (Вільня, 1913, друкарня М.Кухты), «Велікодная пісанка» і «Дзень штукарства» (там жа, абодва 1914), «Могилёвский альманах за 1913 год» (Магілёў, 1914), «Літаратурны зборнік «Вольнае Беларусі» (Мн., 1917), «Зажынкі» (М., 1918, Белнацком; з творамі Я.Купалы, Я.Коласа, Цёткі, Ф.Шантыра і інш.). У 1920—30-я г. ў Сав. Беларусі выйшлі альманахі: літ.-навук. веснік «Адраджэнне» (Мн., 1922); «Мы ідзем» (Мн., 1929, выданне польскіх пісьменнікаў); «Уздым» (кн. 1—2, Бабруйск, 1926—28), «Камсамолія» (Мн., 1927), «Пачатак» (Віцебск, 1926), «Світанне» (Віцебск, 1927), «Наддзвінне» (Полацк, 1926), «Дняпроўскія ўсплёскі» (Магілёў, 1927; усе — філій літ. аб’яднання «Маладняк»), «Звенья» (1926, Мінскага аб’яднання рус. пісьменнікаў «Звенья»), «Ранне» (Магілёў, 1929, акруговых філій БелАПП), «Рытмы будавання» (Віцебск, 1931, іх жа), «Цагліна ў падмурак» (1931, Бел. секцыя Ленінградскай АПП), «Ударнікі» (з 1931, Мінская АПП, у 1932—34 выпускаў Аргкамітэт СП БССР), «Літаратура і мастацтва» (кн. 1—5, Мн., 1933—36), «Бальшавіцкая моладзь» (1934), «Аднагодкі» (1935), «Бойцы» (№ 1—2, 1935—36) і інш. У Зах. Беларусі выйшлі альманахі: «Зборнік «Беларускіх ведамасцяў» (№ 1—3. Вільня, 1921, скл. М.Гарэцкі), «Рунь веснаходу» (Вільня, 1928, арг-цыя маладых пісьменнікаў Зах. Беларусі «Веснаход»). У Айч. вайну выходзіў альманах «Беларусь» (М., 1943; Мн., 1945). Пасля вайны выдадзены альманахі: «Отчизна» (з 1945; з 1947 «Советская Отчизна», з 1952 часопіс, з 1960 «Нёман»), «На сонечных сцежках» (кн. 1—3, 1950—53); «Літаратурны Магілёў» (кн. 1—2, 1949—50), «Нарач» (кн. 1—2, 1957—58), «Дняпро» (1957), «Нёман» (кн. 1—2, 1956—58), «Брэст» (1958), «Літаратурны Гомель» (1958; усе абл.літ. аб’яднанняў); «Падарунак» (1958), «Узлёт» (1965), «Натхненне» (1967), «Мары юнацкія» (1969), «Універсітэт паэтычны» (1971), «Вёсны» (1977), «Вусны» (1985), «Квадра» (1990; усе літ. аб’яднання БДУ); «Дзень паэзіі» (1965—71), «Далягляды» (з 1975), «Сучаснік» (з 1977), «Братэрства» (з 1982), «Вобраз» (з 1981), «Шляхам гадоў» (вып. 1—4, 1990—94), «З гісторыяй на «Вы» (вып. 1—3, 1991—94), «Скарыніч» (вып. 1—3, 1991—95), «Краю мой — Нёман: Гродзеншчына літаратурная» (1986), «Галасы Прыдняпроўя: Магілёўшчына літаратурная» (1991), «Дзвіна: Віцебшчына літаратурная» (1992; усе — выд-ва «Мастацкая літаратура»); «Ветразь» (з 1985, выд-ва «Юнацтва»); «Свіцязь» (1989, альманах бібліяфілаў, выд-ва «Беларусь»); «Культура беларускага замежжа» (кн. 1—3, 1993—94), «Беларуская драматургія» (вып. 1—2, 1994—95, абодва выд-ва «Навука і тэхніка»). З 1990 у абл. і раённых гарадах Беларусі пачалі выходзіць альманахі: «Ксэракс беларускі» (вып. 1—5, Полацк, 1991—94), «Магілёўшчына» (вып. 1—4, Магілёў, 1990—93), «Рунь» (вып. 1—3, Паставы, 1991—93), «Магістраль» (вып. 1—2, Гомель, 1993—94), «Дняпроўскія хвалі» (Магілёў, 1993), «Золак над Шчарай» (Слонім, 1994), «Галасы з Парнаса» (Горкі, 1995). Выд-ва «Універсітэцкае» з 1995 пачало выпускаць гіст. альманах «Адраджэнне». Бел. альманахі выходзяць і за межамі Беларусі: «Ля чужых берагоў» (Мюнхен, 1955, выд-ва «Бацькаўшчына», з творамі Н.Арсенневай, У.Дудзіцкага, М.Кавыля, М.Сяднёва, Р.Крушыны, А.Салаўя, Х.Ільяшэвіча, Ю.Віцьбіча і інш.бел. пісьменнікаў-эмігрантаў); «Белавежа» (Беласток, 1965, 1971, 1980, з творамі бел. пісьменнікаў Беласточчыны).