АЦЭТО́НАВЫЯ ЦЕ́ЛЫ, кетонавыя целы,

група арганічных злучэнняў, якія ўключаюць -оксімасляную, ацэтавоцатную кіслоты і ацэтон.

β-оксімасляная і ацэтавоцатная к-ты — прамежкавыя прадукты нармальнага абмену рэчываў у чалавека і жывёл. Утвараюцца ў печані пры няпоўным акісленні тлустых к-т, лёгка акісляюцца ў шкілетных мышцах і нырках. Інтэнсіўнасць іх утварэння залежыць ад стану вугляводнага абмену. Пры канчатковым акісленні іх у здаровым арганізме ўтвараецца вада і вуглякіслы газ. Калі паніжана здольнасць арганізма акісляць рэчывы да канчатковых прадуктаў абмену (пры цукровым дыябеце, недахопе вугляводаў, голадзе, ірвоце, некат. парушэннях нерв. і эндакрыннай сістэм і інш.), к-ты назапашваюцца ў крыві і мачы хворых у таксічных дозах (да 500 мг% супраць нормы — 1 мг%) і часткова ператвараюцца ў ацэтон, які выдзяляецца нават праз лёгкія, што прыводзіць да павышэння кіслотнасці крыві (ацыдозу) і атручэння арганізма. Ад увядзення ў арганізм інсуліну ці дадатковай колькасці вугляводаў утварэнне ацэтонавых целаў памяншаецца.

т. 2, с. 163

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІЯЛАГІ́ЧНА АКТЫ́ЎНЫЯ РЭ́ЧЫВЫ,

прыродныя і сінт. рэчывы, пад уздзеяннем якіх працякаюць і рэгулююцца розныя працэсы ў жывых арганізмах (хім. рэгулятары біял. працэсаў). Разнастайныя па сваёй прыродзе, функцыях, характары дзеяння, месцы ўтварэння і інш. Сістэматычнае вывучэнне біялагічна актыўных рэчываў пачалося ў канцы 19 ст. Узнікла некалькі раздзелаў біялогіі і медыцыны, што займаюцца іх пошукам, вывучэннем механізмаў дзеяння і магчымасцяў практычнага выкарыстання. Да прыродных біялагічна актыўных рэчываў належаць гармоны, вітаміны, ферменты, біястымулятары, інш. хім. злучэнні, вылучаныя з прыродных крыніц з мэтай увядзення ў арганізм чалавека, жывёлы, расліны ці мікроба для рэгулявання ходу нармальных ці паталагічных працэсаў (лек. прэпараты, напр., антыбіётыкі, алкалоіды, некаторыя фенолы). Сярод штучных біялагічна актыўных рэчываў многія сінт. злучэнні, прэпараты якіх выкарыстоўваюцца ў жывёлагадоўлі, раслінаводстве, эксперым. біялогіі і медыцыне (штучныя рэгулятары росту, фунгіцыды, гербіцыды, мутагены і інш.). У шэрагу выпадкаў яны дзейнічаюць больш моцна і выбіральна, чым прыродныя.

А.​М.​Ведзянееў.

т. 3, с. 170

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЕРГІ́ЧНЫЯ ХВАРО́БЫ, алергозы,

група захворванняў, выкліканых імуннай рэакцыяй арганізма на экзагенныя (вонкавыя) алергены. Залежаць ад умоў, якія спрыяюць уздзеянню алергена на арганізм, а таксама ад спадчыннай схільнасці арганізма рэагаваць на алергены (выпрацоўваць асобныя антыцелы — рэагіны). У развіцці алергічных хвароб стадыя сенсібілізацыі змяняецца стадыяй клінічных праяўленняў: ацёк слізістых абалонак, скуры, падскурнай клятчаткі, раздражненне нерв. канчаткаў, спазмы гладкай мускулатуры, гіперфункцыя экзакрынных залозаў; у крыві выяўляецца зазінафілія; характэрна абарачальнасць тканкавых змен. Пры агульных рэакцыях (анафілактычны шок) магчымы смяротны зыход. Да алергічных хвароб адносяцца: бранхіяльная астма, сенная ліхаманка, крапіўніца, ацёк Квінке, алергічны рыніт, атыпічны і кантактны дэрматыты, лек. і харч. алергія, сываратачная хвароба, анафілактычны шок. Асобную групу складаюць аўтаалергічныя хваробы (гл. Аўтаалергія). Метады лячэння спецыфічныя (спыненне кантактаў з алергенамі, выпрацоўка антыалергічнага імунітэту) і неспецыфічныя (лячэнне лек. прэпаратамі).

Літ.:

Соколова Т.С., Рошаль Н.И. Аллергические заболевания. Л., 1990;

Пыцкий В.И., Адрианова Н.В., Артомасова А.В. Аллергические заболевания. 2 изд. М., 1991.

М.​Ф.​Сарока.

т. 1, с. 247

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕРЫЯТРЫ́Я [ад грэч. gerōn (gerontos) стары + iatreia лячэнне],

навука пра лячэнне людзей пажылога і старэчага ўзросту; клінічны раздзел геранталогіі. Распрацоўвае метады лячэння і прафілактыкі хвароб з мэтай захавання фізічнага і псіхічнага здароўя чалавека да глыбокай старасці. Вырашае праблемы ўзаемасувязі атэрасклерозу і ўзросту, механізма ўзнікнення т.зв. склератычнай артэрыяльнай гіпертэнзіі, цукр. дыябету, механізмы ўзроставых змен апорна-рухальнага апарату, ролю ўзроставых змен у развіцці анкалагічных захворванняў. У розных галінах медыцыны ёсць свае навук. і практычныя праблемы, звязаныя з герыятрыяй. Герыятрычная фармакатэрапія вывучае асаблівасці ўздзеяння лек. сродкаў на стары арганізм. Даказана, што ў пажылым і старэчым узросце значна павышаецца небяспека неспрыяльнага ўздзеяння медыкаментаў. Таму важнае правіла ў герыятрыі — назначэнне строга індывід. паменшаных доз тых лякарстваў, адчувальнасць да якіх пры старэнні павышана (сардэчныя гліказіды, наркатычныя, гіпатэнзіўныя і нейраплегічныя рэчывы). Часцей рэкамендуюцца прэпараты агульнай стымуляцыі (вітаміны, мікраэлементы, біястымулятары), накіраваныя на падтрымку і нармалізацыю метабалічных працэсаў і функцый чалавека.

Л.​М.​Мажуль.

т. 5, с. 204

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІБРЫ́Д (ад лац. hibrida помесь),

арганізм (або клетка), атрыманы ў выніку скрыжавання разнародных у генетычных адносінах бацькоўскіх форм (відаў, парод, ліній і інш.). Паводле паходжання гібрыды бываюць спантанныя, якія ўзніклі пры выпадковым скрыжаванні, і штучныя, атрыманыя шляхам мэтанакіраванага скрыжавання з падборам бацькоўскіх пар у залежнасці ад задач селекцыі. Гібрыды могуць быць 1, 2, 3-га і г.д. пакаленняў і абазначаюцца лац. літарай F з індэксамі (F1, F2, F3...). Атрыманне гібрыда ляжыць у аснове гібрыдалагічнага аналізу. Прыкметы і ўласцівасці гібрыда перадаюцца ў спадчыну і расшчапляюцца (пераразмяркоўваюцца) у наступных пакаленнях паводле пэўных генет. законаў.

У раслінаводстве адрозніваюць гібрыды: міжродавыя, міжвідавыя, унутрывідавыя, міжлінейныя, міжсартавыя, сорталінейныя, трыплоідныя, несапраўдныя (псеўдагібрыды). Шырока выкарыстоўваюцца міжродавыя гібрыды пшанічна-пырнікавыя і трыцікале, міжлінейныя гібрыды кукурузы, шматлікія міжсартавыя гібрыды культурных раслін, што служаць таксама крыніцай зыходнага матэрыялу для селекцыі. У жывёлагадоўлі гібрыдам прынята называць толькі патомкаў, атрыманых ад скрыжавання розных родаў і відаў. Гл. Гібрыдызацыя.

т. 5, с. 216

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕРЫТАНІ́Т,

запаленне брушыны. Узнікае пераважна як ускладненне запаленчага працэсу ў органах брушной поласці (апендыцыт, халецыстыт, прабадная язва страўніка ці 12-перснай кішкі). Радзей сустракаецца як першаснае захворванне (пнеўмакокавы П. у дзяўчынак). Бывае інфекц. (выклікаецца кішэчнай палачкай, стрэптакокам, стафілакокам і інш.), асептычны (ад пападання ў брушную поласць крыві, жоўці, мачы). Адрозніваюць П. востры і хранічны. Найб. характэрныя прыкметы вострага П.: боль у жываце, напружанне (потым расслабленне) мышцаў брушной сценкі, ірвота. Пры П. адбываецца цяжкая інтаксікацыя. Класіфікуецца паводле гадзінных фактараў: першыя 24 гадзіны, пасля 72 гадзін, тэрмінальная стадыя. У першыя гадзіны ўсмоктванне ў кроў рэзка нарастае, што мае ахоўны характар (асабліва, калі змесціва перытанеальнай поласці не таксічнае, яно нейтралізуецца ў крыві і П. працякае лёгка); калі таксічнае (напр., у абадочнай кішцы), арганізм хутка гіне. Улічваецца таксама пашыранасць працэсу: мясцовы, дыфузны, агульны (пры якім смяротнасць дасягае 60—80%). Лячэнне тэрапеўт., хірургічнае.

І.​М.​Грышын.

т. 12, с. 321

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАДЫЯЦЫЙНАЯ ЗБРО́Я,

адзін з магчымых відаў зброі масавага паражэння, дзеянне якога заснавана на выкарыстанні баявых радыеактыўных рэчываў. Дастаўка іх у зону паражэння можа ажыццяўляцца з дапамогай авіябомбаў, распыляльных авіяц. прылад, беспілотных самалётаў, крылатых ракет і інш.

Баявыя рэчывы Р.з. — парашкі або растворы, якія маюць у сабе высокаактыўныя і караткадзейныя ізатопы хім. элементаў, здольных да іанізавальнага выпрамянення. Асн. крыніца іх атрымання — адходы ядз. рэактараў, а таксама апрамяненне спец. рэчываў у ядз. рэактарах. Знешняе і ўнутранае біялагічнае дзеянне іанізавальных выпрамяненняў выклікае ў чалавека прамянёвую хваробу або лакальнае пашкоджанне асобных органаў, таксічнае атручэнне (чалавек страчвае працаздольнасць, мае патрэбу ў працяглым лячэнні). Дзеянне Р.з. параўнальнае з дзеяннем радыеактыўных рэчываў на арганізм чалавека, жывёл, расліннасці, якія ўтвараюцца пры выкарыстанні ядзернай зброі і заражаюць навакольнае асяроддзе. Інтэнсіўнае і працяглае выпрамяненне выклікае гібельныя наступствы для жывёльнага і расліннага свету ў мясцовасці паражэння.

І.​Г.​Дазараў, У.​Г.​Шахаў.

т. 13, с. 242

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАЎНАВА́ГІ О́РГАНЫ,

органы жывёл і чалавека, якія ўспрымаюць змены стану цела ў прасторы, дзеянне на арганізм паскарэнняў і змен гравітацыйных сіл. У беспазваночных жывёл прадстаўлены статацыстамі (слыхавыя пузыркі), унутры якіх размешчаны своеасаблівыя цвёрдыя ўтварэнні — статаліты. У пазваночных жывёл і чалавека Р.о. прадстаўлены сенсаэпітэліяльнымі клеткамі паўкружных каналаў і мяшочкаў вестыбулярнага апарату ўнутр. вуха. У пазваночных звязаны з мазжачком і рэтыкулярнай фармацыяй, што абумоўлівае каардынацыю іх дзейнасці з інш. сенсорнымі сістэмамі. Узаемадзеянне паміж вестыбулярнымі цэнтрамі і нерв. механізмамі забяспечвае рэгуляцыю тонусу мышцаў. Сукупнасць сігналаў ад статарэцэптараў лабірынта, вачэй, механа- і прапрыярэцэптараў выклікаюць адпаведныя рэфлексы, якія рэгулююць у чалавека і жывёл нармальную арыентацыю ў адносінах да напрамку сілы цяжару. У захаванні раўнавагі ў чалавека важная роля належыць таксама скурнай адчувальнасці, мышачна-сустаўнаму пачуццю, зроку. Парушэнні Р.о. праяўляюцца пры шэрагу захворванняў нерв. сістэмы (атаксія), вестыбулярнага апарату (Меньера хвароба, галавакружэнне, марская хвароба).

А.​С.​Ленцюк.

т. 13, с. 376

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДНО́СНАЯ БІЯЛАГІ́ЧНАЯ ЭФЕКТЫ́ЎНАСЦЬ выпрамяненняў,

паказчык колькаснага параўнання біял. ўздзеяння розных відаў радыеактыўнага выпрамянення. Вызначае, у колькі разоў біялагічнае дзеянне іанізавальных выпрамяненняў пэўнага тыпу (напр., альфа-, бэта-выпрамяненне, нейтроны і інш.) большае (ці меншае) за ўздзеянне на той жа біял. аб’ект стандартнага выпрамянення (жорсткіх рэнтгенаўскіх ці гама-прамянёў). Асобныя віды выпрамяненняў суправаджаюцца вызваленнем рознай колькасці энергіі і маюць пэўную пранікальную здольнасць, таму па-рознаму ўздзейнічаюць на жывыя арганізмы. Чым больш энергіі выпрамяненне перадае тканкам, тым больш пашкоджанняў атрымлівае жывы арганізм. Напр., альфа-выпрамяненне (паток цяжкіх часціц — нейтронаў і пратонаў) мае невял. пранікальную здольнасць, што не дазваляе пранікнуць праз вонкавы слой скуры, аднак яно лічыцца найбольш небяспечным пры траплянні радыенуклідаў унутр арганізма праз раны, з ежай ці пры ўдыханні. Адносная біялагічная эфектыўнасць для электроннага, пазітроннага, рэнтгенаўскага і гама-выпрамянення, а таксама хуткіх пратонаў блізкая да 1, для альфа-часціц і хуткіх нейтронаў роўная 10, для цяжкіх шматзарадных іонаў і ядраў аддачы — 20.

т. 1, с. 125

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЫКО́РМЛІВАННЕ дзіцяці.

Адрозніваюць выкормліванне натуральнае, штучнае і змешанае. Натуральнае,

або грудное выкормліванне малаком маці — найлепшы і самы бяспечны спосаб выкормлівання. Арганізм дзіцяці забяспечваецца неабходнымі пажыўнымі рэчывамі, змяншаецца рызыка захворванняў, умацоўваецца і здароўе жанчыны-маці. Натуральнае выкормліванне не выключае з харчавання дзіцяці 1-га месяца жыцця харч. дабавак (адвары садавіны, гародніны), а пазней і прыкорму (сокі, працёртыя яблыкі, пюрэ, жаўток, тварог, мясныя булёны, кашы і інш.). Склад і тэрміны ўвядзення прыкорму ўзгадняюцца з педыятрам. Доўжыцца грудное выкормліванне 1—1,5 года (па апошніх звестках, 2 гады і больш). Штучнае выкормліванне выкарыстоўваецца пры адсутнасці малака ў маці або калі лактацыя забяспечвае не болей як 20% патрэбы дзіцяці ў малацэ, пры хваробах маці, прыроджаных дэфектах ротавага апарату ў дзіцяці і інш. Грунтуецца пераважна на спажыванні штучных заменнікаў малака — салодкіх і кіслых малочных сумесей, патрабуе рэгулярнага мед. кантролю і назірання за фіз. развіццём дзіцяці. Пры змешаным выкормліванні аб’ём заменнікаў жаночага малака ў агульным рацыёне дзіцяці складае не больш за 20% сутачнай колькасці ежы.

Р.​У.​Дэрфліа.

т. 4, с. 311

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)