ВАЛІ́НСКІ Ежы (1765?, г. Паставы Віцебскай вобл. — 28.6.1840),
танцоўшчык. Да 1785 прыгонны А.Тызенгаўза. Вучыўся ў яго балетных школах у Гродне і Паставах (у Ле Ду). У 1785—94 у трупе «Таварыства танцоўшчыкаў яго каралеўскай вялікасці» ў Варшаве, удзельнічаў у спектаклях у каралеўскім замку і ў Лазенках, на сцэне Нац.т-ра. Выконваў сольныя партыі ў балетах «Казакі», «Лукас і Калінета», «Каралева Ванда». Пасля 1794 выступаў у спектаклях антрэпрыз С.Галніцкага і К.Аўсінскага ў Варшаве, у 1795 працаваў у Гродне, з 1795 зноў у Варшаве (да 1799 у трупах Трускаляскіх і В.Багуслаўскага, у 1800—23 выкладчык танцаў).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛЯНІ́ШЧАЎ-КУТУ́ЗАЎ Арсен Аркадзевіч (7.6.1848, г. Пушкін, Расія — 10.2.1913),
рускі паэт. Граф. Ганаровы акад. Пецярбургскай АН (1900). Друкаваўся з 1869 (час. «Дело», «Вестник Европы»). Быў блізкі да кампазітараў «магутнай кучкі», асабліва да М.П.Мусаргскага, які стварыў 2 вакальныя цыклы на яго вершы: «Без сонца» (1874), «Песні і танцы смерці» (1877). З канца 1870-х г. у яго творчасці з’явіліся матывы асуджанасці, смутку аб разбураных дваранскіх гнёздах (паэма «Старыя размовы», 1879; верш «Спатканне са смерцю»), ідэалізацыя мінулага. Аўтар драм. хронікі «Смута (Васіль Шуйскі)» (1879), трылогіі ў прозе «Далечыня кліча» (1907). На вершы Галянішчава-Кутузава напісалі рамансы С.В.Рахманінаў, Ц.А.Кюі, А.С.Арэнскі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЫ́ШНА (санскр., літар. цёмны, чорны),
у індуізме і індуісцкай міфалогіі бажаство, восьмае ўвасабленне (аватара) бога Вішну. У эпічных легендах К. — мудры і мужны воін, часам вераломны да ворагаў, пазней, у сярэднія вякі, — боскі пастух-асілак (увасабленне сіл прыроды і кахання). Культ К. адыгрывае значную ролю ў індуізме. Легенды пра каханне К. да пастушак і яго подзвігі (забойства дэманаў і цара-тырана Кансу, узніманне над галавой гары, каб выратаваць ад дажджу людзей і іх статкі і інш.) здаўна выкарыстоўваюцца інд. л-рай і мастацтвам. На выявах К. — мужчына з цёмным (часцей цёмна-сінім або цёмна-ліловым) колерам скуры, ад якога і паходзіць яго імя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАДЫ́МНАЕ,
асноўны дзярж. пазямельны падатак у Рэчы Паспалітай, у т. л. на Беларусі, у 17—18 ст. Уведзена ў 1649. Адзінка абкладання — двор ці дым; стаўка 1 П. складала 0,5 злотага (15 грошаў за год). Памер падатку не залежаў ад заможнасці гаспадаркі і вызначаўся сеймам: у 1650—16 П., у 1653—12 П. з дыма. Плацілі П. сяляне, мяшчане і дробная шляхта; феадалы ад яго вызваляліся (да 1775) і збіралі яго з насельніцтва ў сваіх уладаннях. Для налічэння П. перыядычна праводзіліся перапісы дымоў, пры гэтым феадалы нярэдка ўгойвалі частку дымоў, а падатак з іх прысвойвалі. Пасля далучэння Беларусі да Расіі заменены інш. падаткамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЯЎСЕ́ЕНКА Уладзімір Раманавіч (22.11.1922, в. Рынкоўка Чэрыкаўскага р-на Магілёўскай вобл. — 31.10.1978),
Герой Сав. Саюза (1945). Скончыў Іркуцкае авіятэхн. (1942) і Кіеўскае танк.-тэхн. (1944) вучылішчы, Томскі ун-т (1951). У Вял.Айч. вайну з лют. 1943 на фронце. Удзельнік вызвалення Украіны, Малдовы, Венгрыі, Румыніі. Механік-вадзіцель ст. сяржант Я. вызначыўся 24.8.1944 у баях за г. Бырлад (Румынія), дзе экіпаж яго танка з засады падбіў 3 гарматы і танк праціўніка; у баі за г. Бузэў удзельнічаў у захопе 3 эшалонаў з баявой тэхнікай, захапіў мост цераз р. Сірэт і ўтрымліваў ягода падыходу гал. сіл. Да 1961 на адм. рабоце.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАДУКЦЫ́ЙНАСЦЬ ПРА́ЦЫ,
інтэнсіўнасць, эфектыўнасць у працэсе вытв-сці, колькасныя адносіны аб’ёму (масы) атрыманага прадукту дапрацы, затрачанай на яго выраб. Выражаецца колькасцю прадукцыі, зробленай за адзінку часу — выпрацоўкай, або затратай часу на адзінку прадукцыі — працаёмкасцю. Пад павелічэннем П.п. разумеецца эканомія затрат прац. часу на выраб адзінкі прадукцыі або дадатковая колькасць вырабленай прадукцыі за адзінку часу, што непасрэдна ўплывае на павышэнне эфектыўнасці вытв-сці (у адным выпадку скарачаюцца выдаткі на вытв-сць адзінкі прадукцыі, а ў другім — за адзінку часу вырабляецца больш прадукцыі). Павышэнне П.п. — гал. крыніца росту дабрабыту грамадства, развіцця яговытв. сіл і вырашэння сац. праблем. Адрозніваюць прадукцыйнасць грамадскай і індывід. (жывой) працы, лакальную прадукцыйнасць. Прадукцыйнасць грамадскай працы падлічваецца адносінамі валавога ўнутранага прадукту (інш. аналагічнага паказчыка) да колькасці работнікаў, занятых у галінах матэрыяльнай вытв-сці і сферы паслуг. Яна адлюстроўвае эфектыўнасць жывой працы (мэтазгодную дзейнасць чалавека, затраты яго разумовай і фіз. энергіі) і эканомію грамадскай працы, арэчаўленай у сродках вытворчасці. На прадпрыемствах вызначаюць прадукцыйнасць індывідуальнай працы, якая адлюстроўвае час, неабходны для вырабу адзінкі прадукцыі або колькасці тавару, зробленага за пэўны перыяд часу. Лакальная прадукцыйнасць — сярэдняя П.п. рабочых (працуючых), разлічаная па прадпрыемстве або галіне ў цэлым. Адрозніваюць натуральны, прац. і грашовы метады вымярэння П.п. Пры натуральным метадзе яе ўзровень вызначаецца адносінамі колькасці прадукцыі ў натуральных адзінках вымярэння да затрат рабочага часу або да сярэдняспісачнай колькасці працуючых. Такі метад выкарыстоўваюць на прадпрыемствах, якія вырабляюць адзін від прадукцыі. а таксама для вымярэння ўзроўню П.п. на рабочых месцах і асобных участках вытв-сці. Яго вартасці — нагляднасць, прастата вылічэння, канкрэтнасць; недахоп — ужываецца пры выпрацоўцы аднаго віду прадукцыі. Варыянтам натуральнага метаду, які пашырае межы выкарыстання, з’яўляецца метад натуральных умоўных адзінак, пры якім аднародная, але разнаякасная прадукцыя прыводзіцца па якой-н. прыкмеце да ўмоўнага эталона. Працоўны метад заключаецца ў сувымярэнні розных відаў прадукцыі па затратах працы на іх вытв-сць (працаёмкасцю). Ён найб. дакладны, аб’ектыўна адлюстроўвае змены П.п. па асобных відах прадукцыі, прадпрыемствах і па галінах нац. гаспадаркі. Пры яго выкарыстанні неабходна ўлічваць, што прац. нормы на кожным прадпрыемстве могуць быць свае і мець розную ступень напружанасці. Найб. універсальны і пашыраны вартасны метад, пры якім П.п. выражаецца вартасцю прадукцыі (валавой, таварнай, чыстай), што прыпадае ў сярэднім на аднаго работніка. Найб. дакладны паказчык вызначаецца па чыстай прадукцыі, але яго недахопы у тым, што не ўлічвае затраты арэчаўленай працы.
Літ.:
Зайцев Н.Л. Экономика промышленного предприятия. 3 изд. М., 2000;
Куприякова Е.М. Банки и биржи. М., 1996;
Экономика труда и социально-трудовые отношения. М., 1996.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АВЕРСО́ЛД,
сітуацыя рэзкага зніжэння цэн на які-небудзь тавар у выніку паступлення яго ў вял. колькасці на рынак. Тэрмін часцей ужываецца ў адносінах да каштоўных папер.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПОСТАДАПТА́ЦЫЯ (ад пост... + адаптацыя),
эвалюцыйнае змяненне арганізмаў (або органаў), якое ўдасканальвае іх адаптацыю да ўжо асвоенага асяроддзя пражывання. П. проціпастаўляюць прэадаптацыі, якая развіваецца на падставе П. да папярэдняга асяроддзя пражывання (або да папярэдняй адаптыўнай ролі органа). Прэадаптацыя і П. фарміруюцца ў працэсе эвалюцыі, якая накіроўваецца натуральным адборам, але П. — яго непасрэдны вынік, а прэадаптацыя — ускосны выпадковы вынік.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СТАБІЛІТРО́Н [ад грэч. stabilis устойлівы, пастаянны + (элек)трон],
газаразрадны ці паўправадніковы дыёд, напружанне на якім застаецца практычна пастаянным пры зменах (у пэўных межах) сілы току, што працякае праз яго. Прызначаны для стабілізацыі напружання.
Прынцып дзеяння газаразраднага С. грунтуецца на рэзкім нарастанні току пры тлеючым ці каронным разрадзе. Такія С. маюць халодны (ненапалены) катод. Межы стабілізацыі ад 70 да 160 В (С. тлеючага разраду) і ад 0,4 да 30 кВ (С. кароннага разраду). Паўправадніковы С. працуе ў вобласці адваротных напружанняў дыёда, якая адпавядае эл. прабою яго электронна-дзірачнага пераходу. Межы стабілізацыі ад 3 да 180 В. С. выкарыстоўваюцца ў параметрычных стабілізатарах напружання, апорных крыніцах сілкавання, калібратарах току і напружання, лічбавых вымяральных прыладах і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФІЛО́Н АЛЕКСАНДРЫ́ЙСКІ (Philōn Alexandreus; 21 ці 28 дан.э., г. Александрыя — 41 ці 49 н.э.),
іудзейска-эліністычны філосаф. Сінтэзаваў догматы іудаізму і стараж.-грэч. філасофію (Платон, стаіцызм, Піфагор). У аснове яго філасофіі прынцып абсалютнай трансцэндэнтнасці Бога і стоіка-платонаўскае вучэнне пра ідэі. Разглядаў Бога як сапраўдна існае, пра якое чалавеку вядома толькі тое, што яно існуе, але невядома, якое яно. На аснове канцэпцыі эманацыі распрацаваў вучэнне пра логас (вярхоўнага архангела) як самае высокае і дасканалае божае тварэнне, дзякуючы якому Бог стварыў спачатку больш блізкіх да сябе істот (анёлаў), а потым свет рэчаў і чалавека. Задачай чалавека лічыў прытрымліванне логасу і набліжэнне да Бога шляхам экстазу. Шэраг яго ідэй развіваліся ў патрыстыцы.