ТЭА́ТР ІМЯ́ Я.ВАХТА́НГАВА Створаны ў 1921 у Маскве як 3-я Студыя Маскоўскага Маст. т-ра на аснове Студэнцкай драм. студыі, арганізаванай Я.Вахтангавым у 1913 (у 1917—20 Маскоўская драм. студыя пад кіраўніцтвам Вахтангава), з 1926 сучасная назва, з 1956 акадэмічны. Гал. рэжысёры: Р.​Сіманаў (1939—68), Я.​Сіманаў (1968—87), М.​Ульянаў (з 1987). У маст. традыцыях т-ра, закладзеных Вахтангавым, — яркая відовішчнасць (прыёмы гратэску, гіпербалізацыя і інш.), псіхал. напоўненасць дзеяння, увага да сродкаў знешняй выразнасці — рытму, пластыкі, жэсту. Сярод пастановак: «Прынцэса Турандот» К.​Гоцы (1922, 1992), «Ягор Булычоў і іншыя» М.​Горкага (1932), «Многа шуму з нічога» У.​Шэкспіра (1936), «Фронт» А.​Карнейчука (1942), «Сірано дэ Бержэрак» Э.​Растана (1943), «Філумена Мартурана» Э. Дэ Філіпа (1956), «Ідыёт» паводле Ф.​Дастаеўскага (1958), «Антоній і Клеапатра» (1971) і «Рычард III» (1976) Шэкспіра, «Зойчына кватэра» М.​Булгакава (1989), «Без віны вінаватыя» А.​Астроўскага (1993), «Мілы лгун» Дж.​Кілці (1994), «Пікавая дама» паводле А.​Пушкіна (1996), «Жыццё ёсць сон» П.​Кальдэрона (1997), «Амфітрыён» Мальера (1998), «Уваскрэсенне, або Цуд святога Антонія» М.​Метэрлінка (1921, 1999), «Атэла» Шэкспіра і «Зямля запаветная» С.​Моэма (2000) і інш. У розныя гады ў т-ры працавалі рэжысёры Р.​Вікцюк, А.​Кац, В.​Ланской, Р.​Стуруа, П.​Фаменка, Г.​Чарняхоўскі, А.​Шапіра. Значны ўклад у станаўленне і развіццё мастацтва т-ра зрабілі акцёры А.​Абрыкосаў, М.​Астангаў, Ю.​Барысава, М.​Вярцінская, Ю.​Валынцаў, М.​Грыцэнка, А.​Дзікі, Ю.​Завадскі, Б.​Захава, І.​Купчанка, В.​Ланавой, Ю.​Любімаў, С.​Макавецкі, Л.​Максакава, Ц.​Мансурава, А.​Папоў, Ю.​Рутберг, Ульянаў, Л.​Цалікоўская, В.​Шалевіч, Б.​Шчукін, У.​Этуш, Ю.​Якаўлеў і інш. Пры т-ры дзейнічае Вышэйшае тэатр. вучылішча імя Шчукіна.

т. 16, с. 94

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФАБРЫ́ЧНА-ЗАВО́ДСКІЯ КАМІТЭ́ТЫ (ФЗК), фабзаўкомы,

выбарныя масавыя органы пралетарыяту прамысл. прадпрыемстваў і транспарту ў 1917—18. Узніклі пасля Лют. рэвалюцыі 1917. Іх правобразамі былі стачачныя к-ты, камісіі ўпаўнаважаных, дэлегацкія сходы перыяду 1-й рас. рэвалюцыі 1905—07. Існавалі паралельна з прафесійнымі саюзамі і ахоплівалі рабочых розных прадпрыемстваў. ФЗК выбіралі на агульных сходах рабочых і служачых. Першыя ФЗК створаны на казённых з-дах Петраграда. Да мая 1917 арганізаваны на ф-ках і з-дах Масквы, Харкава, Кіева, Екацярынаслава і інш. На Беларусі пачалі стварацца. паводле рашэння Мінскага Савета рабочых і салдацкіх дэпутатаў ад 8(21).3.1917. На працягу крас.—мая 1917 ФЗК узніклі на многіх прадпрыемствах Мінска, Віцебска, Барысава, Бабруйска, Оршы і інш. Гал. іх задачай было ажыццяўленне рабочага кантролю за вытв-сцю і размеркаваннем прадукцыі. Явачным парадкам яны ўводзілі 8-гадзінны працоўны дзень, бралі пад свой кантроль прыём і звальненне рабочых, ахову прадпрыемстваў, клапаціліся пра забеспячэнне рабочых харч. прадуктамі. Без згоды фабзаўкомаў распараджэнні адміністрацыі лічыліся несапраўднымі. Паўсюднае стварэнне фабзаўкомаў і павелічэнне іх ролі прымусілі Часовы ўрад прызнаць іх і 23.4(7.5).1917 выдаць закон «Аб рабочых камітэтах на прамысловых прадпрыемствах». Да кастр. 1917 гар. і раённыя аб’яднанні ФЗК існавалі больш чым у 50 прамысл. цэнтрах Расіі. ФЗК актыўна ўдзельнічалі ў Кастр. рэвалюцыі 1917: пасылалі сваіх прадстаўнікоў у ВРК, прымалі ўдзел у фарміраванні атрадаў Чырв. гвардыі, разам з прафсаюзамі ўдзельнічалі ў ліквідацыі эканам. разрухі і голаду, ажыццяўлялі дэкрэты сав. улады аб нацыяналізацыі прам-сці, банкаў, транспарту і інш. Паводле рашэння 1-га Усерас. з’езда прафсаюзаў (студз. 1918) і 6-й канферэнцыі ФЗК Петраграда (лют. 1918) адбылося канчатковае зліццё ФЗК і прафсаюзаў.

А.​М.​Сасім.

т. 16, с. 300

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФАТАЛІ́ЗМ (ад лац. fatalis наканаваны лёсам),

светапогляд, заснаваны на ўпэўненасці ў няўхільнай наканаванасці ўсіх падзей у прыродзе, грамадстве, асабістым жыцці чалавека. Перабольшвае ролю неабходнасці, не пакідаючы месца выпадковасці, свабодзе выбару, творчасці (гл. Свабода). Грунтуецца на веры ў наяўнасць прыродных ці боскіх сіл, што прадвызначаюць неабходнасць. Асуджае людзей на пасіўнасць, бо адмаўляе значэнне свабоднай дзейнасці як сродку рэалізацыі аб’ектыўнай неабходнасці. Адрозніваецца ад прызнання аб’ектыўнай неабходнасці — незалежных ад волі і жаданняў людзей законаў прыроды і грамадства, пазнанне якіх дае магчымасць чалавеку ўплываць на ход падзей у сваіх інтарэсах. Вылучаюць Ф. міфалагічны, рэліг. і філас.-рацыяналістычны.

Міфалагічны Ф. грунтуецца на ўяўленнях пра няўхільную залежнасць людзей і нават багоў ад сляпога лёсу. Рэлігійны Ф. характэрны для монатэістычных рэлігій і выяўляецца ў веры ў божае наканаванне, ва ўсемагутнасць Бога, які стварыў сусвет і прадвызначыў яго лёс (гл. Правідэнцыялізм). Шэраг рэліг. кірункаў (джабратызм у ісламе, кальвінізм у хрысціянстве) прапаведуе абсалютнае прадвызначэнне Богам учынкаў людзей. У большасці ж тэалагічных канцэпцый Ф. абмежаваны, паколькі без прызнання свабоды волі немагчыма абгрунтаваць неабходнасць выбару паміж дабром і злом, маральную адказнасць чалавека перад Богам. Філасофска-рацыяналістычны Ф. найб. ярка выявіўся ў стаіцызме, згодна з якім усе падзеі ў свеце прадвызначаны законамі, іманентнымі самому свету; добраахвотнае прытрымліванне гэтых законаў дазваляе пазбягаць прымусу і таму з’яўляецца ўмовай чалавечай свабоды. У 16—18 ст. прыхільнікі механіст. дэтэрмінізму сцвярджалі, што і з’явы прыроды, і ўчынкі людзей вызначаюцца ланцугом прычынна-выніковых сувязей, якія выключаюць выпадковасці і свабоду дзеянняў (Т.​Гобс, П.​А.​Гольбах і інш.). У 20 ст. элементы Ф. характэрны для філас.-гіст. тэорый О.Шпенглера, А.​Дж.Тойнбі, П.А.Сарокіна. Гл. таксама Неабходнасць і выпадковасць, Свабода і неабходнасць.

В.​Дз.​Марозаў.

т. 16, с. 335

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФОТАДАКУМЕ́НТЫ,

выяўленчыя дакументы, якія ствараюцца пры дапамозе фатаграфічнай тэхнікі і фіксуюць рэчы, падзеі, з’явы рэчаіснасці ў выглядзе адлюстраванняў; від гіст. крыніц. Выяўленчыя ўласцівасці Ф. разглядаюць адначасова і як гіст. крыніцу, і як твор мастацтва, што пашырае магчымасці іх крыніцазнаўчага аналізу. Візуальная інфармацыя абавязкова патрабуе тэкставага суправаджэння. якое адыгрывае істотную ролю пры крыніцазнаўчым аналізе. Ад якасці фотаздымка і суправаджальнага тэксту залежыць ступень уяўлення пра іх паходжанне і змест. Без анатацый Ф. часта не можа быць выкарыстаны як паўнацэнны гіст. дакумент. Адрозніваюць арыгіналы і копіі. Арыгіналы атрымліваюць на святлоадчувальнай плёнцы і інш. носьбітах у выніку аўтарскай здымкі: негатыў, пазітыў на абарачальнай плёнцы, дыяпазітыў (слайд). Копіі Ф. атрымліваюць у выніку адна- ці шматразовага капіравання арыгінала: пазітыў і прамежкавы пазітыў, кантратып (дубль-негатыў). Прамежкавы пазітыў — копія, вырабленая з негатыву на спец. плёнцы, для друкавання кантратыпу. Кантратып вырабляюць з прамежкавага пазітыва ці непасрэдна з негатыва для друкавання Ф. Класіфікуюць Ф. паводле тэматыкі, партрэты і пейзажы — паводле аб’екта і месца здымкі. У архівах Ф. сістэматызуюць па відах: негатывы, пазітывы, фотаальбомы, дыяпазітывы (слайды). Унутры відаў негатывы і дыяпазітывы размяшчаюць па каляровасці, негатывы — па памерах. За адзінку захавання Ф. прымаюцца: негатыў, кантратып (дубль-негатыў), які паступіў у архіў на правах арыгінала; фотаальбом, які складаецца з групы пазітываў; дыяпазітыў (слайд). Багатая гісторыя бел. фатаграфіі (верагодна, 1-е на Беларусі фотаатэлье С.​А.​Юркоўскага ў Віцебску адкрыта ў 1867) дае добрыя магчымасці для творчага выкарыстання Ф. як гіст. крыніц. На Беларусі найб. сховішча Ф. — Беларускі дзяржаўны архіў кінафотадакументаў. Багатую фотатэку мае Бел. тэлеграфнае агенцтва, у тэматычных раздзелах якой зберагаецца каля 60 тыс. чорна-белых і каляровых негатываў і слайдаў.

Літ.:

Міхальчанка А. Фотадакументы БелТА як гістарычныя крыніцы // Бел. гіст. часоп. 2000. № 4.

А.​М.​Міхальчанка.

т. 16, с. 442

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІНЕРА́ЛЬНЫЯ РЭСУ́РСЫ,

сукупнасць карысных выкапняў, выяўленых у нетрах асобных рэгіёнаў, краін, кантынентаў, прыдатных і даступных для асваення. З’яўляюцца сыравіннай асновай для развіцця найважнейшых галін прамысл. вытв-сці (энергетыка, паліўная прам-сць, чорная і каляровая металургія, хім. прам-сць, буд-ва і інш.), а таксама аб’ектам міжнар. супрацоўніцтва. Паводле сферы выкарыстання М.р. падзяляюцца: на паліўна-энергетычныя (нафта, прыродны газ, вуглі, гаручыя сланцы, торф, уранавыя руды); руды чорных металаў (жалезныя, марганцавыя, хромавыя і інш.); руды каляровых і легіруючых металаў (алюмінію, медзі, свінцу, цынку, нікелю, кобальту, вальфраму, малібдэну, волава, сурмы, ртуці і інш.); руды рэдкіх і высакародных металаў; горна-хімічныя (фасфарыты, апатыты, каменная, калійныя і магнезіяльныя солі, сера, борныя руды, бром і ёдазмяшчальныя растворы, барыт, флюарыт і інш.); каштоўныя вырабныя камяні, нярудная індустрыяльная сыравіна (слюда, графіт, азбест, тальк, кварц і інш.); нярудныя буд. матэрыялы (цэментная і шкловая сыравіна, мармур, базальт, граніт, гліны, пяскі); гідрамінеральныя (падземныя прэсныя, мінер. і тэрмальныя воды). Паняцце «М.р.» мяняецца з часам у залежнасці ад узроўню развіцця грамадства, патрэб вытв-сці, узроўню тэхн. прагрэсу і магчымасцей эканомікі. Напр., каменны вугаль стаў карысным выкапнем прамысл. значэння толькі ў канцы 17 ст., нафта — у сярэдзіне 19 ст., руды алюмінію, магнію, хрому рэдкіх элементаў, калійныя солі — у канцы 19 — пач. 20 ст., уранавыя руды — у сярэдзіне 20 ст. М.р. колькасна ацэньваюцца запасамі карысных выкапняў і прагнознымі рэсурсамі, якія размеркаваны ў нетрах Зямлі вельмі нераўнамерна. Напр., больш за 80% запасаў вугалю сканцэнтравана ў нетрах ЗША, ФРГ, Вялікабрытаніі, Аўстраліі і Паўднёва-Афр. Рэспублікі, 87% марганцавых руд — у Паўднёва-Афр. Рэспубліцы і Аўстраліі, 86% калійных солей — у Канадзе. Гл. таксама табл.

Частка М.р., падрыхтаваная геолагаразведачнымі работамі да асваення, наз. мінеральна-сыравіннай базай. Прамысл. асваенне М.р. уключае іх ацэнку (навукова-доследныя, пошукавыя і геолагаразведачныя работы) і ўласна асваенне (здабыча, абагачэнне і перапрацоўка). М.р. з’яўляюцца неўзнаўляльнымі прыроднымі рэсурсамі, што абумоўлівае неабходнасць рацыянальнага іх выкарыстання, уліку эколага-эканам. падыходаў пры распрацоўцы, скарачэння страт пры здабычы, перапрацоўцы і транспарціроўцы, а таксама утылізацыі другаснай сыравіны.

П.​З.​Хоміч.

Размеркаванне асноўных відаў мінеральных рэсурсаў, 1997
Карысныя выкапні Еўропа (без Расіі) Азія (без Расіі) Расія Афрыка Амерыка Акіянія і Аўстралія Усяго сусветных запасаў
Нафта, уключна з газавым кандэнсатам, млн. т 2964,5 97220,7 21252,9 10252,3 22822,4 560,6 155073,4
Прыродны газ, млрд. м³ 6425,4 61108,8 47380 9302,2 14571 618,3 139405,7
Вугаль, млн. т 676002 1323605 279582 178138 1894884 879700 5231911
Уран, тыс.т 969,84 5675,44 1586 2079,77 5606,66 895 16812,71
Жалезная руда, млн. т 52042 54309 100909 52499 88056 33440 381255
Марганцавая руда, млн. т 2560 1383 152 5139 889 267 10390
Хромавыя руды, млн. т 132,7 1322,4 310,28 13051,5 553 127 15496,88
Баксіты, млн. т 2098 8284 674 26459 14802 9903 62220
Вальфрамавыя руды (у пераліку на аксід), тыс. т 350 2332 420 62 903 34 4101
Медныя руды (у пераліку на метал), тыс. т 80002 226699 няма звестак 83348 509028 33509 932586
Малібдэнавыя руды (у пераліку на метал), тыс. т 10 3861 няма звестак 19 9706 109 13705
Нікелевыя руды (у пераліку на метал), тыс. т 8420 28400 7300 17730 39295 31010 132155
Алавяныя руды (у пераліку на метал), тыс. т 285 4850 300 680 3555 400 10070
Свінцовыя руды ( у пераліку на метал), тыс. т 28983 79307 14150 16850 55675 24400 219365
Цынкавыя руды (у пераліку на метал), тыс. т 66636 182790 няма звестак 35470 139650 65000 489546
Калійныя солі (у пераліку на аксід), млн. т 3296 2780 19118 179 14915 няма звестак 40288
Фасфатныя руды (апатыты і фасфарыты), млн. т 1647,1 17996,1 4827,5 20715,3 23509,5 927,6 69623,1
Серабро, т 156700 194100 няма звестак 53600 339000 55400 798800
Золата, т 2532 14212 няма звестак 43328 24913 6365 91350
Алмазы, млн. каратаў няма звестак 52 няма звестак 3243,1 817 705 4817,1

т. 10, с. 384

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЗАСУДО́ВЫЯ О́РГАНЫ,

дзяржаўныя органы ў СССР, надзеленыя ў неканстытуцыйным парадку правам ажыццяўлення рэпрэсіўных мер без прытрымлівання крымінальна-працэсуальных норм. 21.2.1918 СНК РСФСР даў Усерас. надзвычайнай камісіі (ВЧК) і яе органам права пазасудовага разгляду спраў за контррэв., службовыя і інш. агульнакрымінальныя злачынствы з вызначэннем меры пакарання аж да расстрэлу на месцы злачынства, 5.9.1918 — права знявольваць «класавых ворагаў» у месцы пазбаўлення волі, а асоб, якія ўдзельнічалі ў белагвардзейскіх арг-цыях, змовах і мяцяжах, — расстрэльваць. Пасля ліквідацыі ВЧК і ўтварэння 6.2 1922 Дзярж. паліт. ўпраўлення (ДПУ) пры НКУС РСФСР (гл. Дзяржаўнае палітычнае ўпраўленне БССР) органы ДПУ былі пазбаўлены права пазасудовага разгляду спраў. Але 16.10.1922 паводле пастановы ВЦВК РСФСР ім зноў дадзена права «пазасудовай расправы аж да расстрэлу ў адносінах да ўсіх асоб, злоўленых з доказамі на месцы злачынства пры бандыцкіх налётах і ўзброеных грабяжах». Асобай камісіі НКУС па высылках дазвалялася высылаць і знявольваць у лагеры прымусовых работ дзеячаў антысав. паліт. партый і рэцыдывістаў. 28.3.1924 у сувязі са стварэннем Аб’яднанага дзяржаўнага палітычнага ўпраўлення (АДПУ) ЦВК СССР усклаў на Асобую нараду пры АДПУ вынясенне пастаноў пра адм. высылкі, ссылкі і зняволенні ў канцэнтрацыйны лагер. Адначасова ажыццяўляла пазасудовую дзейнасць і калегія АДПУ. Цыркулярамі АДПУ ад 29.10.1929 і 8.4.1931 у цэнтр. апараце створаны «тройкі» для папярэдняга разгляду закончаных следчых спраў і наступнага іх дакладу на суд. пасяджэннях калегіі ці Асобай нарады. 3.2.1930 Прэзідыум ЦВК СССР даў АДПУ права на час правядзення кампаніі па «ліквідацыі кулацтва» перадаваць свае паўнамоцтвы па пазасудовым разглядзе спраў паўнамоцным прадстаўнікам (ПП) АДПУ у рэспубліках, краях і абласцях. 10.7.1934 АДПУ скасавана і ўтворана НКУС СССР. Пры наркоме ўнутр. спраў створана Асобая нарада, якой давалася права выносіць прыгаворы пра зняволенне ў папраўча-працоўныя лагеры, ссылцы і высылцы да 5 гадоў ці высылцы па-за межы СССР асоб, якія «прызнаваліся грамадска небяспечнымі». У наступныя гады паўнамоцтвы Асобай нарады значна пашыраны. Паводле рашэння Дзярж. к-та абароны ад 17.11.1941 ёй дадзена права па справах «аб контррэвалюцыйных злачынствах і асабліва небяспечных дзеяннях супраць парадку кіравання СССР» вызначаць меру пакарання аж да расстрэлу. Асобая нарада існавала і пры МУС СССР. 27.5.1935 загадам НКУС СССР у НКУС рэспублік, упраўленнях НКУС па краях і абласцях арганізаваны «тройкі» НКУС, на якія пашыраліся правы Асобай нарады. «Тройкі» прымалі рашэнні пра высылку, ссылку ці зняволенне ў лагеры на тэрмін да 5 гадоў. У сувязі з правядзеннем масавых аперацый у адносінах да «былых кулакоў, членаў антысавецкіх партый, белагвардзейцаў, жандараў і чыноўнікаў царскай Расіі, бандытаў, рээмігрантаў, удзельнікаў антысавецкіх арганізацый, царкоўнікаў і сектантаў, крымінальнікаў-рэцыдывістаў» загадам НКУС СССР ад 30.7.1937 створаны рэсп., краявыя і абл. «тройкі» для разгляду спраў на названых асоб, якія па мерах пакарання разбіваліся на 2 катэгорыі: да 1-й адносіліся тыя, хто падлягаў расстрэлу, да 2-й — тыя, хто падлягаў зняволенню ў лагеры або турме на тэрмін ад 8 да 10 гадоў. У пасяджэннях Асобай нарады і «троек» прадугледжваўся абавязковы ўдзел пракурора. У адпаведнасці з загадамі НКУС ад 11.8 і 20.9.1937 спісы асоб, якія падлягалі рэпрэсіям палітычным, разглядаліся таксама «двойкамі» — наркомамі ўнутр. спраў рэспублік і начальнікамі УНКУС сумесна з адпаведнымі пракурорамі. Адначасова існаваў парадак разгляду спраў без выкліку абвінавачваемага і сведкаў у суд т.зв. «вышэйшай двойкай» у складзе Старшыні Вярх. суда і Пракурора СССР. Пастановы гэтага органа пры наяўнасці падстаў маглі адмяняцца і пераглядацца пленумам Вярх. суда СССР. З мэтай выканання пастановы СНК СССР і ЦК ВКП(б) ад 17.11.1938 «Аб арыштах, пракурорскім наглядзе і вядзенні следства» 26.11.1938 загадам НКУС СССР «тройкі» і «двойкі» пры НКУС скасаваны. Паводле Указа Прэзідыума Вярх. Савета СССР ад 1.9.1953 скасавана Асобая нарада пры МУС. У адпаведнасці з Указам Прэзідыума Вярх. Савета СССР ад 16.1.1989 «Аб дадатковых мерах па аднаўленні справядлівасці ў адносінах да ахвяр рэпрэсій, што мелі месца ў перыяд 30—40-х і пачатку 50-х гадоў», зацверджаным Вярх. Саветам СССР 31.7.1989, усе грамадзяне, за выключэннем здраднікаў Радзімы і карнікаў перыяду Вял. Айч. вайны, нацысцкіх злачынцаў, удзельнікаў бандфарміраванняў і іх памагатых, фальсіфікатараў крымінальных спраў, якія прыцягваліся да крымінальнай адказнасці П.о., былі рэабілітаваны, а згаданыя вышэй П.о. названы антыканстытуцыйнымі.

А.​А.​Тозік.

т. 11, с. 516

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧАТЫРОХГАДО́ВЫ СОЙМ 1788—92,

доўгатэрміновая дзейнасць заканадаўчага органа Рэчы Паспалітай — Вялікага сойма, які спрабаваў рэфармаваць грамадска-паліт. лад дзяржавы на глебе асветніцкіх ідэй. Рыхтаваўся ва ўмовах сканчэння тэрміну саюзнага дагавора 1764 з Расіяй і з надзеяй прагрэс. колаў на карэнную змену існуючага ладу без рас. апекі. Адкрыўся ў Варшаве 6.10.1788 у прысутнасці каля 150 паслоў (дэпутатаў). Маршалкі — рэферэндар каронны С.​Малахоўскі і ген. артылерыі ВКЛ К.​Н.​Сапега. Каб рашэнні маглі прымацца большасцю галасоў, сойм абвясціў сябе канфедэрацыяй. Адразу зарыентаваўся на дапамогу Прусіі, 29.3.1790 заключыў з ёю абарончы caros, які гарантаваў тэр. цэласнасць і ўзаемадапамогу. Сойм без уліку магчымасцей краіны 20.10.1788 пастанавіў павялічыць войска да 100 тыс. чал. і падпарадкаваў яго навастворанай Камісіі вайсковай абодвух народаў. 19.1.1789 скасаваў Пастаянную раду як сімвал рас. пратэктарату, 23.12.1789 стварыў Стражу Правоў і падпарадкаваў сабе кантроль над знешнімі зносінамі. 7.9.1789 стварыў канстытуцыйную камісію пад кіраўніцтвам камянецкага біскупа А.​Красінскага. 17.12.1789 камісія прапанавала замяніць кардынальныя правы нормамі аб суверэнітэце і непадзельнасці тэр. дзяржавы, пазбавіць немаёмную шляхту выбарчых правоў, забараніць права ліберум вета, канфедэрацыі, дэпутацкія наказы. 268 прадстаўнікоў ад 141 горада 24.11.1789 унеслі патрабаванне пра ўраўнаванне грамадзянскіх правоў мяшчанства са шляхтай. Да часу прыняцця канстытуцыі сойм усклаў на сябе ўсю паўнату ўлады, для чаго 17.11.1789 стварыў у ваяводствах і паветах камісіі парадкавыя цывільна-вайсковыя, а 14.6.1790 пастанавіў прадоўжыць свае сесіі да склікання чарговых соймікаў, хоць апошнія выказаліся за непарушнасць існуючага саслоўнага ладу. Прыхільнікі кардынальных змен вырашылі падрыхтаваць канстытуцыю «тайна, каб увесці яе рэвалюцыйным спосабам», быў створаны Клуб сяброў канстытуцыі. 16.12.1790 сойм прадоўжыў працу ў складзе каля 500 старых і новаабраных паслоў, 24.3.1791 прынята «Устава аб сойміках», дзе акрэслены іх тэрміны, месца і працэдура правядзення. Выбарчыя правы дадзены землеўладальнікам і тым, хто плаціў 100 злотых падатку за карыстанне чужой маёмасцю. ВКЛ падзелена на 34 паветы. 18.4.1791 прыняты законы аб гарадах пад дзярж. юрысдыкцыяй, у т. л. Брэст, Вільня, Гродна, Мінск, Навагрудак, Пінск. Гараджанам-хрысціянам прадастаўлены дарадчы голас на сойме, права выбару органаў самакіравання, шляхецкая годнасць на дзярж., ваеннай і царк. службе. У прысутнасці 157 паслоў сойм прыняў Канстытуцыю 3 мая 1791, якой абавязаў прысягнуць вайскоўцаў і ўсіх мясц. ураднікаў, абвясціўшы кожнага непаслушэнца ворагам айчыны і бунтаўшчыком. У чэрв. 1791 сойм пачаў кадыфікацыю цывільнага і крымінальнага права на аснове новай канстытуцыі (т.зв. Кодэкс Панятоўскага). Аднак дэлегацыя ВКЛ 29.6.1791 дамаглася кадыфікацыі права асобна для Кароны Польскай і ВКЛ (для ВКЛ — мадыфікацыі Статута 1588), роўнага прадстаўніцтва абедзвюх частак дзяржавы ў цэнтр. органах улады. Замест прыняцця праекта агульнага вызвалення сялян ад прыгоннай залежнасці сойм 19.12.1791 пастанавіў распрадаць дзярж. староствы па частках або пакінуць іх ранейшым пасэсарам на розныя тэрміны трымання за выкуп з папярэднім акрэсленнем сял. павіннасцей і абавязкаў бакоў. Гэта спарадзіла барацьбу сялян супраць запрыгоньвання, а кароль 2.8.1791 загадаў падаўляць хваляванні ўзбр. сілай. 11.7.1789 сойм спрабаваў злучыць каталіцкую і уніяцкія цэрквы ў адну, канфіскаваў маёмасць Кракаўскага архібіскупства, перавёў каталіцка-уніяцкі епіскапат на дзярж. ўтрыманне, увёў уніяцкага мітрапаліта ў Сенат (25.7.1790). 15.3.1790 абвінаваціў праваслаўных у непатрыятызме, зняволіў пераяслаўскага і барыспальскага епіскапа (са знаходжаннем у Слуцку) В.​Садкоўскага і намагаўся стварыць незалежную ад Масквы правасл. іерархію са сваім сінодам, для чаго склікаў Пінскую кангрэгацыю 1791. 3.1.1792 сойм прыняў закон аб зямянскіх судах з выбарам іх членаў, дэпутатаў, камісараў і ўраднікаў на 4 гады мясц. соймікамі. Першыя выбары разам з новай прысягай канстытуцыі адбыліся 24.2.1792. Рэзкасць, палавінчатасць і павярхоўны характар рэформ спарадзілі грамадскі раскол, што выкарысталі апазіцыя і Расія, якія стварылі Таргавіцкую канфедэрацыю. Прусія адраклася ад саюзніцкай дапамогі Рэчы Паспалітай. У абставінах знешнепаліт. ізаляцыі і ўмяшання Расіі сойм увёў у краіне ваеннае становішча, стварыў соймавы суд над праціўнікамі канстытуцыйнага ладу, забараніў канфедэрацыі і права магнатаў мець больш за 40 чал. уласнага войска. 29.5.1792 сойм прыпыніў сваю дзейнасць, але з-за паражэння ў вайне больш не сабраўся.

Я.​К.​Анішчанка.

т. 17, с. 259

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕАДЭЗІ́ЧНЫЯ ПРЫЛА́ДЫ І ІНСТРУМЕ́НТЫ,

прыстасаванні для вымярэння даўжынь ліній, вуглоў, перавышэнняў, азімутаў пры нівеліраванні, тапагр. здымцы, маркшэйдэрскіх работах, вышуканнях, будаўніцтве, мантажы і эксплуатацыі розных інж. збудаванняў. Паводле прынцыпу работы і будовы адрозніваюць мех., оптыка-мех., электрааптычныя і радыёэлектронныя геад. прылады. Стальныя або інварныя мерныя стужкі выкарыстоўваюць для вымярэння даўжынь ліній, базісныя прылады з падвесным інварным дротам — для вызначэння базісаў і трыянгуляцыі, дальнамерамі (святлодальнамер, радыёвышынямер, радыёдальнамер) вызначаюць даўжыню ліній без непасрэдных вымярэнняў з дакладнасцю да 0,1 мм на 100 м. Вуглы вымяраюць тэадалітамі (высокадасканальныя аптычныя, фотатэадаліты, гідратэадаліты) і бусоллю. Дакладнасць вымярэння вуглоў ад 15′—10′ у бусолі да 0,5″ у аптычнага тэадаліта. Нівеліры выкарыстоўваюць пераважна для вымярэння перавышэнняў, стварэння нівелірнай сеткі, вышыннага абгрунтавання тапагр. здымак. Паводле дакладнасці яны падзяляюцца на высокадакладныя, дакладныя і тэхнічныя. Гідрастатычнымі нівелірамі карыстаюцца зрэдку, прынцып дзеяння іх заснаваны на вымярэнні ўзроўняў вадкасці ў сасудах, злучаных гнуткім шлангам. З камбінаваных геадэзічных прылад найчасцей выкарыстоўваюць тахеометр (для вымярэння гарыз. і верт. вуглоў, даўжынь ліній і перавышэнняў) і кіпрэгель (для вымярэння верт. вуглоў, адлегласцей, перавышэнняў і графічнай пабудовы напрамкаў пры выкананні спец. мензульнай здымкі). Экліметр выкарыстоўваюць у геад. здымцы для вымярэння вуглоў нахілу ліній з дакладнасцю да 0,1°; экер — для адкладання на мясцовасці фіксаванага вугла; мензула (дошка-планшэт і падстаўкі з установачнымі прыстасаваннямі) — асн. ч. камплекта для тапагр. мензульнай здымкі; ватэрпас вадкасны або электрамеханічны — для вызначэння становішча геад. прылад і іх асобных вузлоў адносна верт. ліній; рэйка геадэзічная (брусок даўж. 1,5—4 м з нанесенай шкалой) — для вымярэння адлегласцей або перавышэнняў пры тапагр. здымцы. Пры складанні планаў, картаў і пры карыстанні імі ўжываюцца каардынатографы, маштабныя лінейкі і вымяральнікі, транспарціры, планіметры і курвіметры.

Р.​А.​Жмойдзяк.

Геадэзічныя прылады і інструменты: 1 — аптычны тэадаліт Т-2; 2 — кіпрэгель; 3 — нівелір, 4 — экліметр.

т. 5, с. 116

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІСТАРЫ́ЧНАЯ ІНФАРМА́ТЫКА,

кірунак у гістарычнай навуцы, у аснове якога ляжаць фармалізацыя і камп’ютэрная апрацоўка гіст. крыніц, распрацоўка і выкананне новых інфарм. тэхналогій гіст. даследавання, стварэнне камп’ютэрных праграм навучання па гісторыі. З’яўленне гістарычнай інфарматыкі ў 2-й пал. 20 ст. звязана з інтэнсіфікацыяй і ўзаемапранікненнем навук. дысцыплін, у выніку чаго ў іх сумежных галінах узнікаюць новыя навук. кірункі. Найважнейшае ў гэтым працэсе — выкарыстанне колькасных ці матэм. метадаў (шматмернага статыстычнага аналізу, кантэнт-аналізу, мадэліравання і інш.) у розных галінах навук. ведаў, у т. л. ў гісторыі. У сав. квантытатыўнай гісторыі (кліяметрыі) быў выпрацаваны збалансаваны падыход да гэтых метадаў — іх выкарыстанне ў спалучэнні з традыц. метадамі. Патрэбы гіст. крыніцазнаўства і развіццё кліяметрыі абумовілі істотнае пранікненне камп’ютэрных тэхналогій у гіст. навуку. З аднаго боку, з’явілася неабходнасць у т.зв. «камп’ютэрным крыніцазнаўстве» і падрыхтоўцы спецыялістаў-гісторыкаў, здольных працаваць у гэтай галіне без пасрэднікаў, а з другога боку, у кліяметрыі акрэсліліся новыя тэндэнцыі, якія вызначылі яе выхад за ўласныя рамкі (камп’ютэрная апрацоўка ўсёй гіст. інфармацыі, закладзенай у пісьмовых і вобразных крыніцах). У выніку на стыку «камп’ютэрнага крыніцазнаўства», інфарматыкі і квантытатыўнай гісторыі ўзнікла новая міждысцыплінарная галіна, якая ў Асацыяцыі «Гісторыя і камп’ютэр» краін СНД атрымала назву «гістарычная інфарматыка» (з 1990 выдаецца інфарм. бюлетэнь). Гістарычная інфарматыка мае свой тэарэт. кампанент, уласны апарат паняццяў, базу крыніц і мадэль структуры таго прафесійнага калектыву, які бачыць у гістарычнай інфарматыцы асн. сферу сваёй дзейнасці. Практычныя задачы гістарычнай інфарматыкі: распрацоўка агульных падыходаў да выкарыстання інфарм. тэхналогій, стварэнне спецыялізаванага праграмнага забеспячэння ў гіст. даследаваннях і гіст. адукацыі, у т. л. гіст. баз і банкаў даных (ведаў), камп’ютэрных тэхналогій падачы і аналізу інфармацыі гіст. крыніц рознага характару, інфарм. сетак, мультымедыя праграм і інш. інструментальных сродкаў вывучэння і навучання гісторыі.

Літ.:

Методология истории: Учебное пособие для студентов вузов. Мн., 1996;

Историческая информатика: Уч. пособие. М., 1996.

У.​Н.​Сідарцоў.

т. 5, с. 267

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЛАБА́ЛЬНЫЯ ПРАБЛЕ́МЫ сучаснасці,

праблемы, якія закранаюць інтарэсы чалавецтва ў цэлым і для свайго вырашэння патрабуюць агульных намаганняў без уліку падзелу чалавечага грамадства па розных прыкметах. Умоўна вылучаюць тэарэтычныя і практычныя, вострыя і адкладзеныя, агульныя і прыватныя. Тэарэтычныя глабальныя праблемы ахопліваюць пераважна праблемы грамадскіх і прыродазнаўчых навук: філасофіі, біялогіі, пазнання Зямлі і Космасу, прыроды чалавека, грамадазнаўства і інш. (гл. Навука, Чалавек, Экалогія сацыяльная, Касмалогія і да т.п.). Іх вырашэнне не можа мець завершанага характару, колькі б не доўжыўся перыяд існавання чалавецтва. Практычныя глабальныя праблемы вынікаюць з сённяшняга стану грамадства і абумоўлены яго недасканаласцю (розныя ступені і ўзроўні развіцця асобных яго частак, парушэнне раўнавагі ў адносінах з прыродай і інш.), але пры пэўных умовах яны могуць быць вырашаны ў перспектыве. Асн. з такіх праблем здольны істотна паўплываць на ўмовы існавання чалавецтва, а ў асобных выпадках нават ствараць пагрозу для яго захавання: праблемы вайны і міру, голаду і харчавання, ядзернай бяспекі, антрапагеннага ўздзеяння на прыроду, забруджвання навакольнага асяроддзя, дэмаграфіі, энергет. забеспячэння, вычарпальнасці многіх відаў прыродных рэсурсаў і інш. Глабальнае значэнне пры пэўных умовах сусв. грамадскасць можа надаваць рэгіянальным праблемам, асабліва калі яны ствараюць патэнцыяльную пагрозу для ўсяго насельніцтва ці яго частак у іншых рэгіёнах (напр., праблемы пашырэння небяспечных хвароб, гандлю наркотыкамі, зброяй, забруджвання сусв. акіяна, трансгранічнага пераносу забруджвальнікаў). Наяўнасць агульных для міжнар. супольнасці праблем спараджае дзейнасць міжнар. арганізацый (ААН, ЮНЕСКА, ЮНЕП, Міжнар. Саюз аховы прыроды, МАГАТЭ і інш.), грамадскіх рухаў і формаў супрацоўніцтва («зялёныя», «Грынпіс», грамадскія фонды ў абарону міру, прыроды, гуманітарныя арганізацыі і інш.), узнікненне новых навук або іх раздзелаў (напр., Глабальная экалогія).

Літ.:

Гудожник Г.С., Елисеева В.С. Глобальные проблемы в истории человечества. М., 1989;

Глобальные проблемы и общечеловеческие ценности: Пер. с англ. и фр. М., 1990;

Global competitiveness. New York, 1988.

т. 5, с. 280

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)