ГІСТАРЫ́ЧНЫ ЖАНР,

1) у літаратуры мастацкае ўзнаўленне канкрэтна-гіст. зместу пэўнай эпохі, а таксама вобразаў вядомых гіст. асоб. Ідэйна-эстэт. каштоўнасць твораў гістарычнага жанру вызначаецца глыбінёй пранікнення ў гіст. тэму, характары і псіхалогію людзей мінулага, грамадска-паліт., культ.-быт. і інш. сферы іх жыцця. Важнейшыя задачы гістарычнага жанру: стварэнне гіст. каларыту, суаднесенасць дакумент. фактаў і маст. вымыслу, гіст. герояў і народа.

Пра з’яўленне ўласна гістарычнага жанру ў л-ры можна гаварыць, пачынаючы з творчасці В.​Скота. Сярод празаікаў, якія пісалі ў жанры гіст. рамана, таксама класікі франц. (П.​Мерымэ, А.​Дзюма), ням. (Т.​Ман, Л.​Фейхтвангер), бельг. (Ш. дэ Кастэр), рус. (А.​Пушкін, Л.​Талстой, А.​М.​Талстой), польскай (Г.​Сянкевіч, Б.​Прус), укр. (Т.​Шаўчэнка, П.​Заграбельны, І.​Лэ) і інш. літаратур.

У бел. л-ры вытокі гістарычнага жанру ў стараж. летапісах, хроніках і жыціях, прадмовах Ф.​Скарыны, у «Песні пра зубра» М.​Гусоўскага і інш. Этапным у развіцці гіст. тэмы стаў пач. 20 ст., калі вобразы з гісторыі, легенд і нар. песень інтэрпрэтаваныя ў вобразы нар. герояў (паэмы «Курган», «Бандароўна» Я.​Купалы, «Максім і Магдалена» М.​Багдановіча, апавяданні «Прылукі», «Навасадскае замчышча» К.​Каганца, «Лірныя спевы» і «Рунь» М.​Гарэцкага).

У 1920—30-я г. да гістарычнага жанру звярталіся Е.​Міровіч (драма «Кастусь Каліноўскі»), М.​Грамыка («Скарынін сын з Полацка»), С.​Хурсік («Францішак Скарына»), М.​Гарэцкі (раман-хроніка «Віленскія камунары»), М.​Танк (паэма «Каліноўскі»), Аднак гіст. дакладнасць і эпічная шматпланавасць у іх часам падмяняліся дэкларацыйнасцю і героіка-рэв. рамантызацыяй. Першай спробай у бел. л-ры па-мастацку аб’ектыўна і рэалістычна ўзнавіць гісторыю Беларусі пач. 19 ст. быў раман Б.​Мікуліча «Адвечнае». Найб. набыткі ў гістарычным жанры звязаны з творчасцю У.​Караткевіча («Сівая легенда», «Дзікае паляванне караля Стаха», «Каласы пад сярпом тваім», «Хрыстос прызямліўся ў Гародні», «Зброя» і інш.).

Інтэнсіўна развіваецца гістарычны жанр у пасляваен. час. Напісаны раманы на гіст.-рэв. тэматыку («Сустрэнемся на барыкадах» П.​Пестрака, «Засценак Малінаўка» і «На парозе будучыні» М.​Лобана, «Петраград—Брэст» І.​Шамякіна), дакумент.-маст. творы пра лёс бел. інтэлігенцыі 19 — пач. 20 ст. («На струнах буры» і «Стану песняй» Л.​Арабей, «Кастусь Каліноўскі» А.​Якімовіча, «Пры апазнанні — затрымаць» В.​Хомчанкі, «На шырокі прастор» С.​Александровіча, «Як агонь, як вада...» А.​Лойкі, «Крыж міласэрнасці» В.​Коўтун, «Жыццё і смерць, або Лёс Максіма Багдановіча» Я.​Міклашэўскага). Створаны ўзоры нац. гіст. паэмы «Хамуціус» А.​Куляшова, «Мікалай Дворнікаў» М.​Танка), гіст. п’есы (трылогія «Георгій Скарына» М.​Клімковіча, «Званы Віцебска», «Кастусь Каліноўскі» і «Маці ўрагану» У.​Караткевіча, «Напісанае застаецца», «Русь Кіеўская» і «Прарок для Айчыны» А.​Петрашкевіча, «Прымак» І.​Чыгрынава, «Купала» А.​Дударава, «Татры» А.​Бажко, «Настасся Мякота» Я.​Дылы, «Дыярыуш Мацея Белановіча» Б.​Сачанкі). Пашыраюцца тэматычныя, прасторавыя і часавыя далягляды твораў гэтага жанру. Л.​Дайнека даследуе вытокі станаўлення бел. дзяржаўнасці, гісторыю ўтварэння ВКЛ («След ваўкалака», «Меч князя Вячкі», «Жалезныя жалуды»). Да старонак нац. гісторыі звяртаюцца В.​Іпатава («Чорная княгіня», «Давыд Гарадзенскі»), У.​Арлоў («Кроніка Лаўрына Баршчэўскага», «Місія папскага нунцыя», «Пяць мужчын у леснічоўцы»), В.​Чаропка («Храм без бога»), К.​Тарасаў («Пагоня на Грунвальд»), Асобнае месца ў гістарычным жанры належыць творам былых рэпрэсіраваных пісьменнікаў («У кіпцюрах ГПУ» Ф.​Аляхновіча, «Раман Корзюк» М.​Сяднёва, «Споведзь» Л.​Геніюш, «Зона маўчання», «Такія сінія снягі» С.​Грахоўскага, «Забітае — не забытае» В.​Хомчанкі, «Яжовыя рукавіцы» П.​Пруднікава і інш.). Гіст. тэма ў сучаснай бел. л-ры развіваецца ў кірунку паглыблення дакументалізму, філасафічнасці, нац. спецыфікі.

2) У выяўленчым мастацтве — адзін з асн. жанраў жывапісу, графікі, скульптуры, прысвечаны гіст. падзеям і дзеячам, значным з’явам у гісторыі грамадства. Цесна звязаны з партрэтам, бытавым жанрам, пейзажам, асабліва з батальным жанрам.

Творы з адлюстраваннем гіст. падзей вядомы з глыбокай старажытнасці (скульптура, рэльефы і размалёўкі Стараж. Егіпта, Месапатаміі, Стараж. Грэцыі). Антычнасці найб. ўласціва міфалагічнае і паэтычнае ўспрыняцце гіст. жыцця народа. Больш адасоблена ад міфалагічнага жанру і канкрэтна асэнсавана выступіў гістарычны жанр у стараж.-рымскім мастацтве. Гіст. сюжэты сустракаюцца ў сярэдневяковых размалёўках і рэльефах Індыі, Інданезіі, Бірмы, Камбоджы, у 7 ст. ў кітайскім, у 11—12 ст. у японскім жывапісе, у 15—16 ст. у мініяцюрах Ірана, Азербайджана, Сярэдняй Азіі, Індыі. Як самастойны жанр сфарміраваўся ў эпоху Адраджэння. Італьян. мастакі 15 — пач. 16 ст. звярталіся да ант. мінулага як да ідэалу (П.​Учэла, Д.​Гірландайо, А.​Мантэнья, П’ера дэла Франчэска). У 16 ст. Леанарда да Вінчы, Мікеланджэла, Рафаэль услаўлялі чалавека як гіст. асобу, спалучалі гіст. рэальнасць з фантазіямі і алегорыямі. Асабліва яскравага росквіту гістарычны жанр дасягнуў у Венецыі (П.​Веранезе, Тыцыян, Я.​Тынтарэта). З 16 ст. гіст. сюжэты сустракаюцца ў мініяцюрах стараж.-рус. абразоў. Развіццё гістарычнага жанру звязана з творчасцю буйнейшых мастакоў 17 ст.: Н.​Пусэна (Францыя), Д.​Веласкеса (Іспанія), П.​П.​Рубенса (Фландрыя), Рэмбранта (Галандыя). Для 18 ст. характэрны пампезныя гіст.-алегарычныя кампазіцыі, эфектныя манум.-дэкар. вырашэнні: гіст. тэмы Ш.​Лебрэна (Францыя), Дж.​Цьепала (Італія), парадныя дакументальна-дакладныя кампазіцыі А.​Зубава і І.​Нікіціна (Расія). У перыяд класіцызму гістарычны жанр заняў важнае месца ў творчасці Ж.​Л.​Давіда, А.​Гро і Ж.​Гудона (Францыя), А.​Ласенкі, Р.​Угрумава, І.​Мартаса (Расія), Дж.​Рэйналдса (Англія), Дж.​Трамбала (ЗША). У гістарычным жанры 19 ст. акрэсліліся дзве процілеглыя тэндэнцыі: успрыняцце мінулага як сучаснасці або гераізацыя і ўзвышэнне сучаснасці да ступені гіст. факта. Значныя і трагічныя моманты гісторыі знайшлі адлюстраванне ў творах Ф.​Гоі (Іспанія), Т.​Жэрыко, Э.​Дэлакруа, А.​Дам’е (Францыя), А.​Рэтэля, К.​Лесінга (Германія), К.​Брулова, А.​Іванава (Расія), Я.​Матэйкі (Польшча), М.​Мункачы (Венгрыя). У канцы 19 ст. Гістарычны жанр вылучаўся цікавасцю да духоўнай атмасферы эпохі, узнятасцю над быт. канкрэтыкай, сімволікай абагульненняў, дэкар. стылізацыяй вобразаў: творы А.​Радэна, П.​Пюві дэ Шавана (Францыя), Ф.​Ходлера (Швейцарыя), С.​Выспянскага, К.​Дунікоўскага (Польшча), І.​Мештравіча (Харватыя), М.​Несцерава, М.​Урубеля, М.​Рэрыха, А.​Бенуа, К.​Сомава, В.​Сярова (Расія). Вял. ўклад у развіццё гістарычнага жанру зрабілі перасоўнікі, у творах якіх дакладнасць і пераканаўчасць бытавых характарыстык спалучалася з увагай да сац. калізій (кампазіцыі А.​Апсіта, В.​Васняцова, В.​Верашчагіна, М.​Ге, М.​Неўрава, І.​Рэпіна, В.​Сурыкава, скульптура М.​Антакольскага). Гістарычны жанр 20 ст. адметны сац. і паліт. ангажыраванасцю. Побач з канкрэтна-гіст. пашыранай стала сімволіка-алегарычная маст. інтэрпрэтацыя гісторыі ў творах О.​Дзікса, Г.​Грундыга, Ф.​Крэмера, О.​Нагеля (Германія), П.​Пікасо, А.​Фужэрона (Францыя), Р.​Гутуза (Італія), Ф.​Ходлера (Швейцарыя), А.​Забранскага, К.​Покарні (Чэхія), Н.​Тоніцы, Б.​Караджы (Румынія), С.​Русева, Э.​Баяджыева (Балгарыя), Дж.​Андраевіч-Куна (Сербія), Г.​Коса (Славенія), А.​Аўгусцінчыча (Харватыя), Ф.​Каварскага (Польша), Э.​Даманоўскага (Венгрыя), К.​Пятрова-Водкіна, К.​Юона, Б.​Кустодзіева, А.​Дайнекі, Б.​Іагансона, М.​Грэкава, Я.​Вучэціча, У.​Фаворскага (Расія), Д.​Рыверы, Х.​К.​Ароска, Д.​Сікейраса (Мексіка), У.​Ядамсурэна (Манголія), Сінсай Какую, Марукі Іры (Японія).

У бел. мастацтве гіст. сюжэтамі напоўнены мініяцюры Радзівілаўскага летапісу (15 ст.). Сустракаюцца яны ў манум. размалёўках (замкавая капліца ў Любліне, 15 ст. выканана бел. мастакамі), у кніжных гравюрах 16 ст. Ф.​Скарыны і інш. У 17—18 ст. гіст. тэма прадстаўлена ў размалёўках царквы Куцеінскага манастыра, Мікалаеўскай царквы і ў Станіславаўскім касцёле ў Магілёве, касцёле кармелітаў у Мсціславе, гравюрах Т.​Макоўскага, творах А. ван Вестэрфельда і А.​Віта, дэкар.-прыкладным мастацтве (шпалеры карэліцкай, нясвіжскай, слонімскай, гродзенскай мануфактур).

У 18—19 ст. гістарычны жанр вельмі пашыраны ў свецкім жывапісе (І.​Аляшкевіч, В.​Ваньковіч, К.​Альхімовіч, Я.​Дамель, Я.​Сухадольскі, В.​Дмахоўскі, К.​Бароўскі, Я.​Траяноўскі, Я.​Манюшка, І.​Трутнеў, А.​Ромер), графіцы (М.​Падалінскі, Т.​Кіслінг, М.​Андрыёлі, М.​Кулеша, Ф.​Дмахоўскі, А.​Гротгер), скульптуры (Г.​Дмахоўскі, Я.​Астроўскі).

У 1920—40-я г. гістарычны жанр развіваецца ад дакладнага «сухога» адлюстравання гіст. падзей, наіўнай сімволікі і алегорый да разгорнутых маст.-дакументальных эпічных кампазіцыйных панарам. Ён пераважна звязаны з падзеямі недалёкага мінулага, рэв. падзеямі, 1-й сусв. і грамадзянскай войнамі: М.​Філіповіч, В.​Волкаў, І.​Ахрэмчык, Я.​Кругер, М.​Эндэ, У.​Хрусталёў, К.​Касмачоў, С.​Андруховіч, М.​Гусеў, Я.​Красоўскі, І.​Давідовіч, З.​Мірынгоф, П.​Сергіевіч, А.​Шаўчэнка, Х.​Ліўшыц, М.​Манасзон, А.​Мазалёў — у жывапісе; А.​Грубэ, А.​Бразер, М.​Манізер, А.​Бембель, М.​Керзін, З.​Азгур, А.​Глебаў, А.​Жораў — у скульптуры; І.​Гембіцкі і інш. — у графіцы. У канцы 1940 — пач. 70-х г. у творах гістарычнага жанру пераважае ваенна-рэв. тэматыка, ідэалізацыя гісторыі сав. часу, гераізацыя і рамантызацыя гіст. вобразаў, апавядальнасць вобразных рашэнняў. Падзеі 1-й і 2-й сусв. войнаў, рэвалюцый 1905—07 і 1917 знайшлі адлюстраванне ў творах Я.​Зайцава, Г.​Бржазоўскага, Я.​Ціхановіча, З.​Паўлоўскага, А.​Шыбнёва, У.​Сухаверхава, І.​Стасевіча, Н.​Воранава, Ф.​Бараноўскага, А.​Гугеля, П.​Явіча, М.​Савіцкага, П.​Крахалёва, Л.​Рана, В.​Цвіркі, Л.​Асядоўскага, А.​Малішэўскага, У.​Стальмашонка, Б.​Аракчэева, Ф.​Дарашэвіча, І.​Белановіча, М.​Аўчыннікава, В.​Сахненкі, У.​Гоманава, М.​Данцыга, М.​Залознага (станковы жывапіс), Б.​Няпомняшчага, В.​Мігаль, І.​Рэя, У.​Крываблоцкага (манум. жывапіс), А.​Бембеля, А.​Глебава, С.​Селіханава, Азгура, А.​Анікейчыка, Г.​Мурамцава, У.​Слабодчыкава, М.​Канцавога, А.​Курачкіна, М.​Палякова (скульптура), А.​Кашкурэвіча, П.​Дурчына, С.​Геруса, А.​Дзямарына, Э.​Агуновіч, В.​Волкава, П.​Драчова, Р.​Маліноўскага, Л.​Асецкага, І.​Раманоўскага, Г.​Паплаўскага, С.​Раманава, Ю.​Герасіменка-Жызнеўскага (графіка).

У 1970—90-я г. больш увагі ў гістарычным жанры аддаецца падзеям стараж. гісторыі, вобразам яе дзеячаў, нац.-вызв. барацьбе, помнікам культуры: кампазіцыі Р.​Кудрэвіч, П.​Сергіевіча, Л.​Дударанкі, А.​Марачкіна, Ф.​Янушкевіча, Г.​Вашчанкі, У.​Пасюкевіча, Л.​Шчамялёва, У.​Ткачэнкі, У.​Тоўсціка, А.​Цыркунова, У.​Мінейкі, І.​Бархаткова, Я.​Ждана, В.​Маркаўца, В.​Барабанцава, В.​Шматава (у жывапісе); Бембеля, С.​Вакара, Л.​Гумілеўскага, Анікейчык, Э.​Астаф’ева, І.​Міско, М.​Рыжанкова, А.​Глебава, У.​Церабуна, В.​Янушкевіча, А.​Фінскага, А.​Шатэрніка (у скульптуры); Я.​Куліка, М.​Купавы, У. і М.​Басалыгаў, М.​Селешчука (у графіцы) і інш.

Л.​І.​Прашковіч (гіст. жанр у літаратуры), М.​І.​Цыбульскі М.​Л.​Цыбульскі.

Да арт. Гістарычны жанр. Д.​Веласкес. Здача Брэды. 1634—35.
Да арт. Гістарычны жанр. Э.​Дэлакруа. Свабода, якая вядзе народ. 1830.
Да арт. Гістарычны жанр. А.​Апсіт. Ваенны савет у Дрысе 1 ліпеня 1812. 1912.
Да арт. Гістарычны жанр. В.​Сурыкаў. Раніца стралецкай кары. 1881.
Да арт. Гістарычны жанр. П.​Сергіевіч. Каліноўскі і Урублеўскі робяць агляд паўстанцаў. 1959.
Да арт. Гістарычны жанр. І.​Трутнеў. Рэвалюцыя 1905 года ў Вільні.
Да арт. Гістарычны жанр. І.​Стасевіч. У беларускіх балотах. 1958.

т. 5, с. 267

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕРН ((Verne) Жуль) (8.2.1828, г. Нант, Францыя — 24.3.1905),

французскі пісьменнік. Аўтар навук.-фантаст., сатыр. і прыгодніцкіх раманаў з элементамі утопіі і антыутопіі «Пяць тыдняў на паветраным шары» (1863), «Падарожжа да цэнтра Зямлі» (1864), «З Зямлі на Месяц» (1865), «Вакол Месяца» (1869), «Дзеці капітана Гранта» (1867—68, бел. пер. 1938), «20 000 лье пад вадой» (1869—70, бел. пер. «80 000 кіламетраў пад вадой», 1937), «За 80 дзён вакол свету» (1872, бел. пер. 1941), «Таямнічы востраў» (1875, бел. пер. 1938), «Пятнаццацігадовы капітан» (1878, бел. пер. 1940), «Рабур-заваёўнік» (1886), «Валадар свету» (1904), «Незвычайныя прыгоды экспедыцыі Барсака» (выд. 1914) і інш.; прац па геаграфіі і гісторыі геагр. даследаванняў. Чалавек і прырода, навука, веды і праца, сучаснасць і будучыня, адказнасць вучонага, асобы, калектыву перад грамадствам — асн. праблемы творчасці Верна. Стварыў «новы тып рамана», які грунтаваўся на дасягненнях навукі. На бел. мову яго творы перакладалі П.​Кутылоўскі, С.​Грахоўскі з Ю.​Лявонным, Я.​Камянецкі, М.​Паслядовіч, К.​Шавель і інш.

Тв.:

Рус. пер.Собр. соч. Т. 1—12. М., 1954—57;

Собр. соч.: В 50 т. Т. 1—19. М., 1992—94.

Літ.:

Верн Ж.-Ж. Жюль Верн: Пер. с фр. М., 1978;

Жюль Верн: Биобиблиогр. Указ. 2 изд. М., 1959.

Е.​А.​Лявонава.

Ж.Верн.

т. 4, с. 103

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНАМА́СТЫКА (ад грэч. onomastikos які адносіцца да наймення),

1) сукупнасць уласных імёнаў (анімія).

2) Раздзел мовазнаўства, які вывучае паходжанне, развіццё, структуру, функцыянаванне і пашырэнне ўласных імёнаў. Анамастыка падзяляецца на раздзелы ў адпаведнасці з катэгорыямі аб’ектаў, што носяць уласныя імёны: антрапаніміка (вывучае ўласныя асабовыя імёны, імёны па бацьку і прозвішчы людзей, імёны-мянушкі, псеўданімы), тапаніміка, тэаніміка (імёны багоў, міфал. істот), зааніміка (клічкі жывёл), касманіміка (назвы зон касм. прасторы, галактык і сузор’яў), астраніміка (назвы асобных нябесных целаў) і інш. У залежнасці ад моўных асаблівасцяў уласных імёнаў вылучаюць анамастыку літаратурную і дыялектную, рэальную і паэтычную (або маст. тэкстаў), сучасную і гіст., тэарэт. і прыкладную. Анамастычны матэрыял — своеасаблівы хавальнік шматлікіх, часта не зафіксаваных інш. крыніцамі фактаў гісторыі, культуры і мовы народа. Уласнымі імёнамі вучоныя цікавіліся з даўніх часоў, але як навука анамастыка сфарміравалася ў 1930-я г. У 1949 у Бельгіі створаны Міжнар. анамастычны камітэт пры ЮНЕСКА (з 1950 выдае час. «Onoma»). У развіццё анамастыкі зрабілі ўклад бел. мовазнаўцы Я.​М.​Адамовіч, Л.​А.​Акаловіч, М.​В.​Бірыла, В.​П.​Лемцюгова, М.​Р.​Суднік, Г.​К.​Усціновіч, І.​Я.​Яшкін.

Літ.:

Бірыла М.В., Лемцюгова В.П. Анамастычныя словаўтваральныя элементы ва ўсходне- і заходнеславянскіх мовах. Мн., 1973;

Перспективы развития славянской ономастики. М., 1980.

т. 1, с. 337

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНТРАПАСАЦЫЯГЕНЕ́З,

інтэгральнае паняцце, выпрацаванае тэарэтычным навук. мысленнем для цэласнага разумення чалавека ў яго гіст. і індывід, развіцці. Дае магчымасць: пазбегнуць аднабаковых тлумачэнняў паходжання чалавека (з пазіцый антрапа- і сацыягенезу, біялагізатарства, расізму, нацыяналізму); разглядаць пачатак чалавечай гісторыі ў дынаміцы эвалюцыйна-біял. перадумоў і матэрыяльна-дзейнасных фактараў гамінізацыі; зразумець прыроду як «неарганічнае цела» чалавека, што фарміруецца ў гіст. працэсе грамадства.

Выкарыстанне прынцыпу гістарызму да антрапалагічных праблем дае магчымасць раскрыць сац. сутнасць матэрыяльнага (фізічнага, біялагічнага) цела чалавека на ўзроўні яго філа- і антагенезу. Вял. мозг, рукі, здольнасць прама хадзіць, мысліць, гаварыць і інш. ўласцівыя чалавеку рысы — усё гэта жывая матэрыя, прырода. У той жа час гэта прырода чалавека фарміруецца самім соцыумам у працэсе яго гіст. развіцця. Дзіця пры нараджэнні атрымлівае ў спадчыну матэрыяльныя формы і задаткі чалавека, але самі па сабе яны яшчэ не робяць яго чалавекам. Ці стане мысліць і гаварыць дзіця, аб чым яно будзе мысліць і на якой мове размаўляць — усё залежыць ад сац. умоў жыцця. Антрапасацыягенез мае на мэце і даследаванне перспектыў змены матэрыяльных формаў і патэнцый чалавека ў працэсе натуральна-гіст. развіцця соцыуму, яго дэфармацыі і дэградацыі.

Літ.:

Ефимов Ю.И. Философские проблемы теории антропосоциогенеза. Л., 1981;

Проблемы современной антропологии. Мн., 1983;

Поршнев Б.Ф. О начале человеческой истории. М., 1974.

А.​І.​Пятрушчык.

т. 1, с. 392

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЛОК ВАЕ́ННЫ,

ваенна-паліт. саюз або пагадненне дзяржаў для сумесных дзеянняў у вырашэнні агульных паліт., эканам. і ваен. задач. Ствараюцца пераважна ў мірны час.

Блокі ваенныя існавалі са стараж. часоў. У гісторыі найб. вядомыя блокі ваенныя: ваен. саюз Францыі, Даніі, Швецыі, Галандыі і італьян. дзяржаў супраць Іспаніі ў Трыццацігадовай вайне 1618—48, «Паўночны саюз» (Расія, Данія, Рэч Паспалітая, Саксонія, пазней Францыя і Турцыя), які выступіў супраць Швецыі ў Паўночнай вайне 1700—21, і інш. Да 1-й сусв. вайны ўтварыліся 2 асн. блокі ваенныя: Траісты саюз 1882 (Германія, Аўстра-Венгрыя, Італія); яму процістаялі ваен. саюз Францыі і Расіі (1892) і Антанта — саюз Вялікабрытаніі і Францыі (1904), якія ў 1907 аб’ядналіся ў «Траістую згоду» («Траістая Антанта) — саюз Вялікабрытаніі, Францыі і Расіі. Напярэдадні 2-й сусв. вайны створаны «Антыкамінтэрнаўскі пакт» 1936 паміж Германіяй і Японіяй, да якога далучыліся ў 1937 Італія, у 1939 Венгрыя, Іспанія і інш. Яму процістаяла антыгітлераўская кааліцыя (1942), у якую ўвайшлі Вялікабрытанія, ЗША, СССР, Францыя і інш. (усяго 26 краін). У перыяд «халоднай вайны» ўзнікла сістэма блокаў ваенных, гал. сярод якіх Арганізацыя Паўночнаатлантычнага дагавору (НАТО, 1949) і Варшаўскі дагавор 1955 (распушчаны ў 1991). Створаны таксама Арганізацыя дагавору Паўднёва-Ўсходняй Азіі (СЕАТО, 1954), Арганізацыя Цэнтральнага дагавору (1955), Азіяцка-Ціхаакіянскі савет (АЗПАК, 1966), Ціхаакіянская ваенная групоўка (АНЗЮС, 1971).

т. 3, с. 194

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВО́ПЫТ,

уся сукупнасць практычных узаемаадносін паміж чалавекам і аб’ектыўным светам; элемент пазнавальнай дзейнасці, спалучэнне пачуццёвага і абстрактна-лагічнага адлюстравання аб’ектыўнай рэальнасці на аснове і ў працэсе практычнага ўздзеяння чалавека на навакольны свет.

У гісторыі філасофіі, паводле поглядаў эмпірызму і сенсуалізму, вопыт трактаваўся як адзіная крыніца ведаў. Прадстаўнікі ідэаліст. эмпірызму (Дж.​Берклі, Д.​Юм), абмяжоўвалі вопыт сукупнасцю пачуццяў і адчуванняў і адмаўлялі, што ў аснове яго ляжыць аб’ектыўная рэальнасць. Матэрыяліст. эмпірызм (Ф.​Бэкан, Т.​Гобс, Дж.​Лок, Д.​Дзідро, К.​Гельвецый) крыніцай вопыту лічыў матэрыяльны свет. Прадстаўнікі рацыяналізму (Р.​Дэкарт, Б.​Спіноза, Г.​Лейбніц) меркавалі, што лагічнае мысленне не можа грунтавацца на вопыце, бо розум быццам бы здольны спасцігаць ісціну непасрэдна, без пачуццёва-эмпірычнага пазнання. І.​Кант крытыкаваў рацыяналізм і сенсуалізм, Г.​Гегель лічыў пазнанне працэсам, што развіваецца на шматлікіх узроўнях.

Сучасная філасофія разглядае вопыт як нешта вытворнае ад аб’ектыўнай рэальнасці, як пераўтваральнае ўздзеянне чалавека на знешні свет і як вынік гэтага ўздзеяння ў выглядзе ведаў і навыкаў, як працэс узаемадзеяння суб’екта з аб’ектам. Вопыт адлюстроўвае ўзровень авалодання законамі прыроды, грамадства і мыслення, што дасягнуты людзьмі на дадзеным этапе іх гіст. развіцця.

Літ.:

Швырев В.С. Научное познание как деятельность. М., 1984;

Социально-философские проблемы производства и применения научных знаний. Мн., 1992.

В.​В.​Краснова.

т. 4, с. 271

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛТА́Р (лац. altaria ад altus высокі),

частка хрысціянскага храма, аддзеленая перагародкай або іканастасам. У першабытных і стараж. народаў — узвышэнне, якое служыла месцам для прынясення ахвяр. У біблейскай гісторыі — сімвал прымірэння чалавека з Богам. Ант. грэкі і рымляне ставілі алтар па-за храмам, аздаблялі скульпт. выявамі (Пергамскі алтар). У першых хрысціянскіх храмах алтар меў выгляд стала («прастол»), на якім гатавалі і раздавалі прычасце; часам пад ім рабілі склепы для пахавання пакутнікаў. З 4 ст. такую ж назву атрымала частка храма, дзе знаходзіўся ахвярнік. У раманскай архітэктуры гал. алтар каталіцкага храма размяшчаўся каля ўсх. сцяны, меў простую аздобу, у гатычнай (алтар-шафка) — упрыгожваўся жывапісам. разьбой, пазалотай, паліхроміяй, у рэнесансавай — пераважна жывапісам. У эпоху барока ўзніклі ансамблі багата аформленых скульптурна-жывапісных алтароў у сінтэзе з архітэктурай храма. На Беларусі такія алтары захаваліся ў касцёлах у Гродне, Слоніме, Дзятлаве, у вёсках Камаі Пастаўскага, Будслаў Мядзельскага, Новая Мыш Баранавіцкага р-наў, у Спаса-Праабражэнскай царкве ў в. Порплішча Докшыцкага р-на і інш.

А.​А.​Ярашэвіч.

Бакавы алтар «Ганна і Марыя з дзіцем» у Спаса-Праабражэнскай царкве ў в. Порплішча Докшыцкага раёна Віцебскай вобл. 17 ст.
Галоўны алтар касцёла ў в. Камаі Пастаўскага раёна Віцебскай вобл. 1-я пал. 18 ст.

т. 1, с. 268

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДЗІ́НСТВА І РАЗНАСТА́ЙНАСЦЬ СВЕ́ТУ,

адна з асноватворных светапоглядных праблем, якая вырашаецца з пазіцый манізму, дуалізму і плюралізму. Манізм прымае за аснову ўсяго існага адзін пачатак. Матэрыялістычны манізм бачыць пачатак свету ў яго матэрыяльнасці (усе прадметы і з’явы — розныя віды ці ўласцівасці матэрыі, якая рухаецца). Наяўнасць структурных узроўняў матэрыі, на кожным з якіх яна валодае рознай будовай і падпарадкоўваецца спецыфічным законам руху, лічыцца крыніцай разнастайнасці свету. Ідэалістычны манізм звязвае адзінства свету з агульнасцю яго духоўнага пачатку. У Гегеля пачатак, які складае аснову ўсіх з’яў прыроды і гісторыі, прадстаўлены абсалютнай ідэяй. Дуалізм у поглядах на свет заключаецца ў прызнанні яго першапачаткам дзвюх раўнапраўных субстанцый: матэрыяльнай і духоўнай. Дэкартаўская (картэзіянская) карціна свету выцякае з паралельнага існавання цялеснай (працяглай) і мыслячай субстанцый (дуалізм цела і душы). Адзінкавыя прадметы — гэта модусы (часовы стан) працягласці і мыслення. Плюралізм грунтуецца на тым, што свет складаецца з мноства незалежных, раўнапраўных утварэнняў, якія не зводзяцца да адзінага пачатку. Паводле Лейбніца, субстанцыяльнымі адзінкамі прыроды з’яўляюцца манады — непадзельныя, замкнутыя духоўныя істоты; вышэйшай манадай ён лічыў Бога.

Літ.:

Гегель Г.В.Ф. Энциклопедия философских наук. Т. 1. Наука логики. М., 1974;

Декарт Р. Первоначала философии // Соч. М., 1989. Т. 1;

Лейбниц Г.В. Монадология // Соч. М., 1982. Т. 1;

Кучевский В.Б. Философские проблемы естествознания. М., 1985.

А.​В.​Рубанаў.

т. 1, с. 109

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРХЕ́Й (ад грэч. archaios старажытны),

архейская эра і група архейская акратэма (акрон), самая стараж. эра ў геал. гісторыі Зямлі і адпаведная група парод дакембрыю. Пачалася пасля завяршэння фарміравання Зямлі і доўжылася да 2,5 млрд. гадоў назад (працягласць каля 2 млрд. гадоў). Назву ўвёў амер. геолаг Дж.​Дана ў 1872. У археі ўтварылася складана пабудаваная і перапрацаваная магматычнымі і метамарфічнымі працэсамі тоўшча горных парод, сабраная ў складкі і перарваная інтрузіямі. Пароды архея ўваходзяць у склад крышт. фундамента старадаўніх платформаў, выходзяць на паверхню Зямлі на іх шчытах (Балтыйскі шчыт, Украінскі шчыт, Канадскі, Бразільскі і інш.) і ў сярэдзінных масівах геасінклінальных паясоў. Сярод метамарфічных парод архея пашыраны гнейсы, крышт. сланцы, амфібаліты, кварцыты, у т. л. жалезістыя, мармуры і слабаметамарфізаваныя зялёнасланцавыя пароды; сярод магматычных — граніты, гранадыярыты, дыярыты, габра, таматыіты і інш. У пародах архея трапляюцца рэшткі аднаклетачных водарасцяў (узрост каля 3 млрд. гадоў). Тыповымі рэгіянальнымі стратыграфічнымі падраздзяленнямі архея для Усходне-Еўрапейскай платформы прыняты саамскі (беламорскі) і лопскі комплексы. На Беларусі вылучаюць шчучынскую і кулажынскую серыі. Пароды архея залягаюць на рознай глыбіні: 80—160 м на Беларускай антэклізе, да 6000 м у Прыпяцкім прагіне. З археем звязаны радовішчы храмітаў і жалеза, медна-нікелевых і медна-калчаданавых рудаў, марганцу, золата, карунду, графіту і інш., на Беларусі — ільменіт-магнетытавыя руды Навасёлкаўскага радовішча.

І.​В.​Найдзенкаў.

т. 1, с. 524

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКІ НАЦЫЯНА́ЛЬНЫ КАМІСАРЫЯ́Т, Белнацком, Белнаком,

аддзел Нар. камісарыята па справах нацыянальнасцяў РСФСР. Існаваў з лют. 1918 да сак. 1919. Распачаў дзейнасць у Петраградзе паводле дэкрэта СНК РСФСР ад 13.2.1918. З сак. 1918 знаходзіўся ў Маскве. Меў аддзяленні ў Петраградзе, Смаленску, Віцебску, Саратаве. Складаўся з агітацыйна-паліт., культ.-асв., бежанскага, выдавецкага аддзелаў. Працаваў сумесна з беларускімі секцыямі РКП(б). Камісар А.​Р.​Чарвякоў (да мая 1918). Вёў паліт. і культ.-асв. работу сярод беларусаў на тэр. Сав. Расіі, браў на ўлік бел. арг-цыі і ўстановы, эвакуіраваныя ў час 1-й сусв. вайны, адкрываў бел. школы, клубы, выдаваў л-ру на бел. і рус. мовах. Заснаваў у Маскве Беларускі народны універсітэт, удзельнічаў у стварэнні Беларускага навукова-культурнага таварыства ў Маскве і Беларускага вольна-эканамічнага таварыства ў Петраградзе. Друкаваны орган — газ. «Дзянніца». Прымаў удзел у падрыхтоўцы абвяшчэння БССР, у стварэнні Часовага рабоча-сялянскага савецкага ўрада Беларусі.

Літ.:

Круталевич В.А. Рождение Белорусской Советской Республики. [Т. 1—2]. Мн., 1975—79;

Калубовіч А. «Айцы» БССР і іхны лёс // Калубовіч А. Крокі гісторыі. Беласток;

Вільня. Мн., 1993;

Скалабан В.В. Издательская деятельность Белорусского национального комиссариата (1918—1920 гг.) // История книги, книжного дела и библиографии в Белоруссии: (Сб. науч. тр.). Мн., 1986.

В.​У.​Скалабан.

т. 2, с. 452

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)