формы мікра- і мезарэльефу, якія ўзнікаюць пры маразабойным растрэскванні тонкадысперсных грунтоў у палярных і субпалярных абласцях. Маюць выгляд многавугольнікаў або прамавугольнікаў. Найб. П.ў. сустракаюцца ў тундравай зоне, дзе маразабойныя трэшчынныя палігоны дасягаюць некалькіх сотняў у папярочніку.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРАФІ́ЗЫ (ад пара... + грэч. physis узнікненне, вырастанне),
шматлікія ніткі ці адзіночныя клеткі, якія развіваюцца сярод палавых або спараносных органаў у некат. бурых водарасцей, большасці базідыяльных і сумчатых грыбоў, а таксама імхоў. Ахоўваюць гэтыя органы ад мех. пашкоджанняў і высыхання.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕАНА́Ж (ад ісп. péon падзёншчык, батрак),
адна з форм даўжніковай (кабальнай) залежнасці непасрэдных вытворцаў (пераважна сялян) ад памешчыка або прадпрымальніка. Зарадзілася ў 2-й пал. 16 ст., захавалася як перажытак у асобных краінах Лац. Амерыкі, Азіі, Афрыкі і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕРАРАДЖЭ́ННЕў медыцыне,
змены ў будове і (або) функцыі клетак, тканак, якія характарызуюцца назапашваннем не ўласцівых ім рэчываў; тое, што дыстрафія. У анкалогіі — працэс злаякаснага ператварэння клетак. У неўрапаталогіі — паступовы распад нерв. валакна пад уплывам атручэння, траўмаў запалення.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАМУЛЬГА́ЦЫЯ (ад лац. promulgatio публічнае абвяшчэнне),
у канстытуцыйным праве шэрагу дзяржаў апублікаванне прынятага і зацверджанага закона ў афіц. друкаваным органе, якое ажыццяўляецца кіраўніком дзяржавы ва ўстаноўленыя канстытуцыяй або законам тэрміны. Толькі пасля П. закон, як правіла, набывае абавязковую сілу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАРАГАЦЫ́ЙНЫЯ ПАГАДНЕ́ННІў міжнародным праве,
пагадненні, якія ўстанаўліваюць падсуднасць: суд або арбітраж якой краіны кампетэнтны вырашаць спрэчкі па знешнегандлёвых здзелках, што могуць узнікнуць паміж дагаворнымі бакамі. У выпадках, калі ўзнікае спрэчка, бакі могуць выбраць шляхам пагаднення любую падсуднасць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫБО́Й,
з’ява разбурэння марскіх або азёрных хваль непасрэдна каля берага. П., як і буруны, суправаджаецца рэзкім павелічэннем стромкасці схілу хваль, грабяні якіх перакульваюцца на беразе і пеняцца. Выклікае разбурэнне абразійных берагоў і садзейнічае ўтварэнню пляжаў на водмельных берагах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РО́ЎНІЦА,
паўфабрыкат прадзільнай вытв-сці; ушчыльненая валакністая стужачка (жгут), з якой вырабляецца пража. Фарміруецца на роўнічных машынах шляхам слабага скручвання (пры прадзенні бавоўны, лубяных валокнаў, грабенным прадзенні доўгіх валокнаў шэрсці) або сукання (пры апаратным і грабенным прадзенні тонкай шэрсці).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕРАБ’ІНАПАДО́БНЫЯ (Passeriformes),
атрад птушак. 4 падатрады: шыракадзюбы, або рагадзюбы (Eurylaimi), — 1 сям., 14 відаў у Афрыцы і Паўд.-Усх. Азіі; крыклівыя, або тыраны (Clamatores, або Tyranni), — 12 сям., амаль 1100 відаў пераважна ў Паўд. Амерыцы і тропіках Усх. паўшар’я; паўпеўчыя (Menurae) — 2 сям., 4 віды ў Аўстраліі; пеўчыя (Oscines) — 44—56 сям., каля 4000 відаў пашыраны па ўсім свеце. Усяго 60—72 сям., каля 5100 відаў. Складаюць амаль ⅔ (каля 63%) ад усіх птушак зямнога шара. Жывуць у арктычнай тундры, трапічных джунглях, пустынях, гарах, населеных пунктах. На Беларусі 92 віды з 19 сямействаў. Найб. пашыраны прадстаўнікі сям. валасянкавых, мухалоўкавых, уюрковых, сініцавых. Большасць пералётныя, часткова аселыя і вандроўныя.
Птушкі дробныя і сярэдніх памераў. Самы буйны з вераб’інападобных — крумкач (маса да 1,6 кг), дробныя — каралькі (5—7 г), некаторыя нектарніцы (3—4 г). Самцы ў большасці буйнейшыя за самак. У многіх выяўлены палавы дымарфізм у афарбоўцы, голасе. Прыстасаваны да жыцця на дрэвах, зямлі, скалах, здабывання корму ў вадзе. Манагамы, жывуць парамі, робяць складаныя гнёзды. Нясуць 4—8, радзей да 16 стракатых або аднаколерных яец, часта нясуцца 2 і больш разы за год. Большасць насякомаедныя, ёсць усёедныя (крумкачовыя), раслінаедныя. У асноўным карысныя лясной і сельскай гаспадарцы. У Чырв. кнізе МСАП 84 віды і 66 падвідаў, у Чырв. кнізе Беларусі 2 віды саракушаў.
Літ.:
Жизнь животных. Т. 6. Птицы. 2 изд. М., 1986;
Никифоров М.Е., Яминский Б.В., Шкляров Л.П. Птицы Белоруссии: Справ.-определитель гнезд и яиц. Мн., 1989.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАД ДЗЕЯСЛО́ВА,
граматычная катэгорыя, якая выражае адносіны дзеяння (або стану) да рэчаіснасці; грамат. спосаб выражэння мадальнасці. Грамат. значэнне форм Л.дз. выводзіцца з іх моўнага ўжывання, што абумоўлівае прысутнасць суб’екта, які гаворыць (піша) і маўленне якога перадае суб’ектыўныя адносіны таго, хто гаворыць да дзеяння (ацэнка дзеяння як жадаемага, магчымага, мяркуемага і г.д.). У залежнасці ад уласцівых ім мадальных значэнняў розныя мовы маюць розны набор парадыгматычных форм Л.дз. Адрозніваюць 2 тыпы Л.дз.: прамы і ўскосны. Прамым з’яўляецца індыкатыў (абвесны Л.дз.), які служыць для аб’ектыўнай канстатацыі факта ў яго адносінах да рэчаіснасці. Гэтым вызначаецца абавязковая наяўнасць індыкатыва ў мовах розных тыпаў. Ва ўскосных Л.дз. адлюстроўваюцца адносіны суб’екта маўлення да выказваемага, што і вызначае разнастайнасць парадыгмаў ускосных Л.дз. ў розных мовах.
У бел. мове 3 Л.дз.: абвесны, загадны і ўмоўны. Абвесны Л.дз. абазначае дзеянне, якое рэальна існуе, сцвярджаецца або адмаўляецца. Яму ўласцівы формы часу (цяперашняга, прошлага, будучага), асобы (за выключэннем безасабовых дзеясловаў) і ліку: «піша», «пісала», «будуць пісаць», «напішу», «не пісаў». Загадны Л.дз. выражае пабуджэнне да дзеяння, якое накіравана да інш. асобы (асоб), неадушаўлёных прадметаў або паняццяў, калі яны ўяўляюцца як адушаўлёныя (можа абазначаць заклік, загад, патрабаванне, прапанову, просьбу, параду). Асн. яго формы — 2-я асоба адзіночнага («ідзі») абомн. л. («ідзіце»), 1-я асоба мн. л. («ідзём»), апісальныя формы 3-й асобы адзіночнага і мн. л. з загаднай часціцай «няхай» («хай»): «няхай ідзе», «хай ідуць». Умоўны Л.дз. абазначае дзеянне, якое можа ці магло б адбыцца пры наяўнасці пэўных умоў. Выражаецца формамі прошлага часу дзеяслова ці інфінітыва з часціцай «бы» («б»): «спявалі б».
Літ.:
Беларуская граматыка. Ч. 1. Мн., 1985;
Шуба П.П. Сучасная беларуская мова: Марфаналогія. Марфалогія. Мн., 1987;
Янкоўскі Ф.М. Гістарычная граматыка беларускай мовы. 3 выд.Мн., 1989.