КА́ЧСКІ РАН Вялікі і Малы,

саланчакі на З Індыі і ў Пакістане, на ПдУ ад дэльты р. Інд. Пл. больш за 20 тыс. км². Даўж. з У на З больш за 300 км, шыр. 40—80 км. Плоская нізінная паверхня (выш. да 200 м), укрытая чорным глеем з плямамі солей, з асобнымі ўзвышшамі (выш. да 465 м) і пясчанымі ўзгоркамі. У час летняга мусону саланчакі заліваюцца водамі мора і рэк Банас і Луні.

т. 8, с. 197

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЛАЎС (Klaus) Вацлаў (н. 19.6.1941, Прага),

чэшскі паліт. і дзярж. дзеяч, эканаміст. Д-р эканам. н. (1967). З 1967 у Ін-це эканам. даследаванняў АН Чэхаславакіі, з 1970 у Дзярж. банку. Дзеяч Грамадзянскага форуму (з 1990 яго старшыня). Пасля расколу ў форуме з 1991 старшыня Грамадз. дэмакр. партыі. У 1989—92 міністр фінансаў (адначасова з 1990 віцэ-прэм’ер) Чэхаславакіі. У 1992—97 старшыня ўрада Чэхіі, праводзіў курс на прыватызацыю дзярж. сектара эканомікі.

т. 8, с. 327

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІЛЕ́ВІЧ Ільдафонс Юр’евіч (каля 1835, Віленскі пав. — ?),

адзін з кіраўнікоў паўстання 1863—64 у Польшчы, Беларусі і Літве. З 1860 каморнік у Гродзенскай губ. З 1861 у Гродзенскай рэв.-дэмакр. арг-цыі, створанай К.​Каліноўскім. У 1863 сакратар паўстанцкага цывільнага начальніка Гродзенскай губ. З лета 1863 у Вільні, адзін з бліжэйшых памочнікаў Каліноўскага па кіраўніцтве паўстаннем, член Выканаўчага аддзела Літвы. У студз. 1864 арыштаваны, прыгавораны да 6 гадоў катаргі. Далейшы лёс невядомы. Г.​В.​Кісялёў.

т. 10, с. 370

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАС,

у беларусаў плыт, звёны якога вязаліся з доўгіх бярвён. Даўжыня П. 100—150 м. На Прыпяці складаўся з некалькіх гонак даўжынёй каля 30 м. Па Цне, Смердзі сплаўлялі П. невял. памераў з 3—5 звёнаў. П. называлі таксама плыт з дубовай клёпкай, які складаўся з 8—10 звёнаў. Клёпку ўкладвалі ў 8—10 радоў на 2 брусах даўжынёй 6—8 м; 8 такіх плытоў складалі П. Плытагон на П. называўся пасаўніком.

Н.​І.​Буракоўская.

т. 12, с. 158

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАТРО́КЛ,

у старажытнагрэчаскай міфалогіі адзін з удзельнікаў Траянскай вайны, сябар Ахіла. У небяспечны для грэкаў момант, калі траянцы на чале з Гектарам уварваліся ў іх лагер і імкнуліся падпаліць караблі, Ахіл з-за сваркі з Агамемнанам адмовіўся ўдзельнічаць у бітве, але аддаў П. свае даспехі. П. узначаліў контратаку грэкаў і адагнаў траянцаў ад лагера, забіўшы пры гэтым знакамітага героя Сарпедона, але і сам быў забіты Гектарам, які зняў з яго даспехі Ахіла.

т. 12, с. 181

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАМА́НАЎ Павел Мінаевіч (1905, г. Чыта, Расія — май 1944),

Герой Сав. Саюза (1944). Беларус. З 1931 на парт. і сав. рабоце. У Вял. Айч. вайну з пач. 1942 у тыле ворага, з мая 2-і сакратар Суражскага, з вер. 1-ы сакратар Бешанковіцкага падп. райкомаў КП(б)Б Віцебскай вобл., адначасова з кастр. камандзір партыз. брыгады «За Савецкую Беларусь» (дзейнічала ў Асвейскім, Бешанковіцкім, Гарадоцкім, Дрысенскім, Расонскім і Ушацкім р-нах Віцебшчыны). Загінуў у баі.

П.М.Раманаў.

т. 13, с. 292

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РО́ГАЧ з Дубы

(Roháč z Dubé) Ян (? — 9.9.1437),

дзеяч гусіцкага руху ў Чэхіі (гл. Гусіцкія войны), паплечнік Яна Жыжкі. З 1420 кіраўнік табарытаў у крэпасці Ломніцы, з 1421 гетман. У 1423 разам з Жыжкам засн. брацтва арэбітаў. Пасля паражэння табарытаў пад Ліпанамі (1434) узначальваў войскі табарыцкага гар. саюза. У 1436 кіраваў абаронай крэпасці Сіён — апошняй апорнай базы табарытаў, якую асадзілі войскі Сігізмунда I. Пасля падзення Сіёна (1437) пакараны смерцю ў Празе разам з 52 паплечнікамі.

т. 13, с. 392

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СТАЛЬМАКО́Ў Юрый Міхайлавіч (24.10.1902—9.3.1958),

бел. кінарэжысёр. Засл. арт. Беларусі (1955). Скончыў Дзярж. тэхнікум кінематаграфіі ў Маскве (1928). Працаваў на кінастудыях, у т. л. «Савецкая Беларусь» (1932—41), «Беларусьфільм» з 1945. З 1935 рэжысёр дакумент. кіно. Сярод фільмаў: «Фізічная геаграфія БССР» (1935, з Л.​Пушам), «Пушкін» (1937), «Ваенная гігіена» (1940), «Пераможны май» (1945), «Суд народа», «Свята вызвалення» (абодва 1946) і інш. Здымаў кіначасопісы «Савецкая Беларусь» (з сярэдзіны 1930-х г.) і «Піянер Беларусі» (з 1952).

т. 15, с. 138

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФАРМО́ЎКА ў скульптуры,

працэс вырабу форм для адліўкі копій са скульпт. арыгінала ці гіпсавай мадэлі. Асн. віды — чарнавая і кавалкавая Ф. Чарнавая (Ф. «ў раскалотку») выкарыстоўваецца пераважна пры рабоце з мяккім скульпт. матэрыялам — глінай, воскам, пластылінам і інш. Кавалкавая Ф. — для зняцця форм з гіпсавай мадэлі або скульптуры, выкананай з цвёрдых матэрыялаў (напр., гіпсавых злепкаў з ант. мармуровых скульптур), а таксама пры адліўцы скульптуры з металу, керамічных матэрыялаў (фарфор, фаянс і інш.).

т. 16, с. 326

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФЕ́РМІ-ГАЗ,

газ з часціц з паўцэлым спінам (ферміёнаў), якія падпарадкоўваюцца Фермі—Дзірака статыстыцы (адсюль назва). Да Ф.-г. адносяць электроны ў металах і паўправадніках, нуклоны ў цяжкіх атамных ядрах і інш. Ф.-г., які складаецца з неўзаемадзейных часціц, наз. ідэальным. Пры абсалютным нулі тэмпературы ўсе часціцы яго запаўняюць квантавыя станы з энергіяй, якая не перавышае Фермі энергіі, станы з энергіяй, большай за энергію Фермі, застаюцца не запоўненымі (поўнае квантавае выраджэнне Ф.-г.).

т. 16, с. 359

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)