ФЕ́РМІ-ГАЗ,

газ з часціц з паўцэлым спінам (ферміёнаў), якія падпарадкоўваюцца Фермі—Дзірака статыстыцы (адсюль назва). Да Ф.-г. адносяць электроны ў металах і паўправадніках, нуклоны ў цяжкіх атамных ядрах і інш. Ф.-г., які складаецца з неўзаемадзейных часціц, наз. ідэальным. Пры абсалютным нулі тэмпературы ўсе часціцы яго запаўняюць квантавыя станы з энергіяй, якая не перавышае Фермі энергіі, станы з энергіяй, большай за энергію Фермі, застаюцца не запоўненымі (поўнае квантавае выраджэнне Ф.-г.).

т. 16, с. 359

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)