1) раздзел біяфізікі, які вывучае мех. працэсы ў тканках, органах і арганізме, а таксама механізмы біял. рухомасці, у т. л. скарачэнне шкілетных мышцаў.
Першыя працы па біямеханіцы вядомы з 16 ст. (Леанарда да Вінчы). У 17 ст. з’явіліся спробы растлумачыць законамі механікі ўсе формы рухаў жывёл, у т. л. мышачныя скарачэнні і страваванне (італьян.вучоны Дж.Барэлі). У Расіі заснавальнікі біямеханікі — І.М.Сечанаў і П.Ф.Лесгафт (працы па класіфікацыі рухаў чалавека, структуры апорна-рухальнага апарату). Метады рэгістрацыі і аналізу прапанаваны М.А.Бернштэйнам (1941).
На Беларусі даследаванні вядуцца з 1950-х г. (А.Дз.Геўліч, Г.Ф.Палянскі, С.М.Уласенка). Распрацаваны асобныя пытанні біямеханікі рухальнага апарату, напр. залежнасць будовы і функцыі суставаў ад сілы вонкавых і ўнутр. уздзеянняў, біямеханіка дыхальнага апарату і інш.Гал. галіны прыкладнога выкарыстання дасягненняў біямеханікі: рацыяналізацыя працоўнай дзейнасці, спорт, ваенная і клінічная медыцына (асабліва траўматалогія і артапедыя), стварэнне аўтаматаў-маніпулятараў і робатаў, канструяванне заменнікаў органаў руху — біякіравальных пратэзаў і інш.
2) У тэатры — сістэма трэнажу акцёра. Уведзена У.Меерхольдам як эксперыментальны пед. метад для дасягнення акцёрам дасканалага, віртуознага валодання сваім целам, рухамі.
Меерхольд лічыў, што творчасць акцёра — творчасць пластычных формаў у прасторы, і таму ён павінен умець арганізаваць і дакладна выкарыстоўваць выразныя сродкі свайго цела. Дапаможныя прадметы да асн. курса біямеханікі — фізкультура, акрабатыка, танец, рытміка, бокс, фехтаванне. Як спец. прадмет выкладалася ў Бел.драм. студыі ў Маскве (1921—26). Элементы сістэмы біямеханікі ў працы з акцёрамі пры пастаноўцы спектакляў у т-рах Беларусі выкарыстоўвалі рэжысёры М.Кавязін, В.Фёдараў, Н.Лойтар, В.Пацехін і інш.
Літ.:
Александер Р. Биомеханика: Пер. с англ.М., 1970;
Бернштейн Н.А. Физиология движений и активность. М., 1990;
Обысов А.С. Надежность биологических тканей. М., 1971.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЕРГАЛО́ГІЯ (ад алергія + ...логія),
раздзел імуналогіі, навука аб прычынах узнікнення, механізмах развіцця, выяўленні, дыягностыцы і лячэнні алергічных рэакцый і алергічных хвароб. Падзяляецца на клінічную і эксперыментальную алергалогію. Асн. задачы алергалогіі — вывучэнне тыпаў алергічных рэакцый, аўтаалергій і распаўсюджвання розных алергенаў (пылавых, хім., бактэрыяльных і інш.) у навакольным асяроддзі і г.д.
Як навука ўзнікла ў рамках тэарэт. (паталаг. фізіялогія, мікрабіялогія) і клінічных (тэрапія, інфекцыйныя хваробы і інш.) дысцыплін. Першыя працы па алергалогіі з’явіліся на пач. 20 ст. Змену рэактыўнасці арганізма вывучалі франц. фізіёлагі Ш.Рышэ (увёў паняцце анафілаксія; 1902), М.Арцюс (упершыню атрымаў мясцовую анафілактычную рэакцыю; 1903), рус.вучоны Г.П.Сахараў (прапанаваў класічную мадэль вывучэння анафілаксіі; 1905), аўстр. ўрач К.Пірке (увёў паняцце алергія, 1906). У Расіі праблему даследавалі В.І.Малчанаў, П.С.Мядоўнікаў, А.М.Бязрэдка і інш.
На Беларусі ў галіне алергалогіі ў 1920—60-я г. працавалі А.Я.Пракапчук, І.І.Багдановіч, А.П.Комаў і інш. (механізмы парушэнняў аўтаімунных працэсаў у арганізме), Я.Х.Кацман, А.С.Левін (алергічныя змены пры рэўматызме, гельмінтозах), Г.А.Калюжын (алергічныя рэакцыі ў дзяцей). Даследаванні па алергалогіі вядуцца ў Бел. ін-це ўдасканалення ўрачоў, НДІ гематалогіі і пералівання крыві, сан.-гігіенічным ін-це, мед. ін-тах. Распрацаваны некаторыя пытанні прафілактыкі і лячэння сываратачнай хваробы і анафілактычнага шоку, анафілаксіі і дэсенсібілізацыі (В.В.Касмачэўскі), алергічныя дыягнастычныя рэакцыі для вызначэння цыстыцэркозу галаўнога мозга (І.П.Антонаў). У 1970—90-я г. вывучаюцца праблемы алергозаў прыроднага паходжання, бранхіяльнай астмы (Т.М.Сукаватых), медыкаментознай алергіі (Ю.Ф.Каралёў, С.А.Федаровіч), поствакцынальных алергічных энцэфалітаў і полірадыкуланеўрытаў (Д.А.Маркаў, А.Л.Леановіч), прафес. алергозаў хім. этыялогіі (асабліва звязаных з вытворчасцю шкловалакна, ільновалакна і калійных угнаенняў). Распрацоўваюцца метады алергадыягностыкі і экспертызы алергеннай актыўнасці гаптэнаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРШЧЭ́ЎСКІ (Аляксандр Андрэевіч) (псеўд. Алесь Барскі; нарадзіўся 2.11.1930, в. Бандары Беластоцкага ваяв., Польшча),
бел. паэт, літ.-знавец, публіцыст, перакладчык, фалькларыст, педагог, грамадска-культ. дзеяч. Д-рфілал.н. (1984). Ганаровы д-рБДУ (1993). Акад.Міжнар. акадэміі навук Еўразіі ў Мінску (1994). Скончыў Лодзінскі ун-т (1955). З 1956 выкладчык, з 1975 заг. кафедры бел. філалогіі Варшаўскага ун-та. Друкуецца з 1956. Аўтар кн. паэзіі «Белавежскія матывы» (Беласток, 1962), «Жнівень слоў» (Беласток, 1967), «Мой бераг» (Мн., 1975), «Блізкасць далёкага» (Беласток, 1983), «Лірычны пульс» (Мн., 1987), зб. абразкоў, артыкулаў, дарожных нататак «З пабачанага і перажытага» (Мн., 1992). У паэзіі Баршчэўскага матывы вернасці роднай зямлі, мове, складаны і супярэчлівы духоўны свет сучасніка. Баршчэўскі — даследчык і папулярызатар стараж. і сучаснай бел. л-ры (артыкулы пра бел. пісьменнікаў у «Малым слоўніку еўрапейскіх пісьменнікаў СССР». Варшава, 1966, на польск. мове). Аўтар «Гісторыі беларускай літаратуры» (Варшава; Ч. 1. Фальклор, 1976; Ч. 2. Перыяд Кіеўскай Русі і Вялікага княства Літоўскага, 1981), манаграфій «Беларуская абраднасць і фальклор усходняй Беласточчыны (нараджэнне, вяселле, смерць)» (Беласток, 1990), «Ігнат Дварчанін — беларускі палітык і вучоны» (Варшава, 1990, з А.Бергман і Е.Тамашэўскім). Складальнік (з В.Шведам) хрэстаматый па л-ры для 8-га класа бел. школ у Польшчы «Дружба і праца» (Варшава, 1967) і «Насустрач жыццю» (Варшава, 1974). Укладальнік і перакладчык на польск. мову з бел арыгіналаў фалькл. зб-каў «Д’яблава скрыпка» (бел. казкі са збораў М.Федароўскага; Варшава, 1973, 2-е выд. 1977), «Невычэрпны збан» (Варшава, 1976, бел.нар. казкі). На польск. мову перакладае творы бел. паэтаў (складальнік, аўтар прадмовы і біягр.арт. да кн. Я.Купалы «Выбраныя паэтычныя творы». Варшава, 1984, для якой перакл. на польск. мову паэму «Яна і Я», а таксама вершы). Збірае, публікуе і даследуе бел. фальклор Беласточчыны. З 1984 старшыня Бел. грамадска-культ.т-ва ў Польшчы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫ́ЛА (Язэп) (Восіп Лявонавіч; псеўд.Назар Бываеўскі, Тодар Кулеша іінш.; 14.4.1880, г. Слуцк Мінскай вобл. — 7.4.1973),
бел. пісьменнік і грамадскі дзеяч. Вучыўся ў Слуцкай гімназіі (1890—98), Юр’еўскім вет. ін-це (г. Тарту, 1899—1903), адкуль выключаны за ўдзел у студэнцкіх хваляваннях. У 1903—04 у газ. «Северо-Западный край» (Мінск). У 1905 вёў нелегальную работу сярод бел. сялян. У 1906—18 працаваў у выдавецтвах Пецярбурга, Арэнбурга, Казані, Масквы. У студз.—лютым 1919 камісар працы ў Часовым рабоча-сял.сав. урадзе Беларусі. У 1921—24 на розных кіруючых пасадах у Мінску. З 1924 правадз. член і вучоны сакратар Інбелкульта, дырэктар Ін-та па вывучэнні мастацтва, дырэктар БДТ-1 (Нац. тэатр імя Я.Купалы), нам. загадчыка Белдзяржкіно. У 1930 рэпрэсіраваны. З 1931 жыў і працаваў у Саратаве. Рэабілітаваны ў 1957. Як пісьменнік дэбютаваў у «Нашай ніве» абразком «Перад раніцаю...» (нап. 1909), вер шам «Вечар ясны, ціхі...» (1912). У 1918 змясціў у «Дзянніцы» шэраг публіцыст. артыкулаў. Аўтар драм. твораў «Пінскі гайдук» (паст. 1924, выд. 1926), «Падуанскі студэнт» (апубл. 1981, пра Ф.Скарыну, не закончаны), «Юнак з Крошына» (1965, пра П.Багрыма), рамана «На шляху з варагаў у грэкі» (не закончаны), гіст. аповесці («Настасся Мякота», 1968, пазнейшая назва «У імя дзяцей»), успамінаў пра А.Абуховіча, Я.Купалу, Я.Коласа, Я.Райніса, прац аб тэатр. жыцці Беларусі ў канцы 19 — пач. 20 ст. Пад псеўд. А.Дыла выдаў кн. для дзяцей «Храбры Юрка» (1934), «Белачка» (1935). Пераклаў на бел. мову вершы М.Канапніцкай, п’есы Я.Райніса «Гірт з воўчага логу», Э.Сінклера «Злодзей», Я.Яноўскага «Гнеў» і інш.
Тв.:
Творы. Мн., 1981.
Літ.:
Лаўшук С.С. Станаўленне беларускай савецкай драматургіі (20-я — пачатак 30-х гг.). Мн., 1984;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРУ́ПЫ КРЫВІ́,
сукупнасць нармальных імунагенетычных прыкмет крыві, якая дазваляе аб’ядноўваць людзей у пэўныя групы. Упершыню 3 групы крыві выявіў у 1900 аўстр. ўрач-імунолаг К.Ландштайнер; пазней была вылучана 4-я група крыві. У 1907 чэш.вучоны Я.Янскі даў групе крыві лічбавае абазначэнне. У 1928 зацверджана літарная наменклатура групы крыві (ABO). Прыналежнасць да групы крыві вызначаюць фактары A і B (антыгены ці аглюцінагены), што знаходзяцца ў эрытрацытах, і фактары α і β (антыцелы і аглюцініны), што выяўляюцца ў плазме крыві.
Адрозніваюць 4 групы крыві. У людзей I групы крыві (OB) эрытрацыты не маюць аглюцінагенаў A і B, а ў плазме ёсць аглюцініны α і β. II група крыві (Aβ) характарызуецца наяўнасцю ў эрытрацытах аглюцінагену A, а ў плазме — аглюцініну β. Пры III групе крыві (Bα) у эрытрацытах выяўляецца аглюцінаген B, а ў плазме — аглюцінін α. IV група крыві (ABO) мае ў эрытрацытах аглюцінагены A і B, аглюцініны ў плазме адсутнічаюць. Групавыя антыгены ёсць таксама ў лейкацытах, трамбацытах, тканках, клетках, сперматазоідах, сліне, жоўці, страўнікавым соку і інш. Пры ўзаемадзеянні аглюцінінаў плазмы з адпаведнымі аглюцінагенамі (Aз α, Bз β і інш.) эрытрацыты склейваюцца (гемаглюцінацыя) і разбураюцца, што выклікае групавую несумяшчальнасць і пры пераліванні крыві. На рэакцыі гемаглюцінацыі заснавана вызначэнне групы крыві. Антыгены крыві ўтвараюць падгрупы (A1, A2, B2, B3 і інш.).
Групы крыві не залежаць ад полу, узросту, расы. Яна фарміруецца ва ўлонні маці, вызначаецца спадчыннасцю і застаецца на ўсё жыццё. Акрамя сістэмы ABO значнае клінічнае значэнне мае рэзус-сістэма, Кел-сістэма і інш. Групы крыві абавязкова ўлічваюцца пры пераліванні крыві, перасадках тканак і органаў; выкарыстоўваецца і ў судовай медыцыне. Групы крыві выяўлены таксама ў жывёл (малпы, сабакі, трусы і інш.). Аднак іх кроў не сумяшчальная з кроўю чалавека.
Літ.:
Косяков П.Н. Изоантигены и изоантитела человека в норме и патологии. М., 1974.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛЕАЗААЛО́ГІЯ (ад палеа... + заалогія),
навука аб выкапнёвых жывёлах; раздзел палеанталогіі і заалогіі. Падзяляецца на П. беспазваночных (палеаэнтамалогія, палеамалакалогія і інш.) і П. пазваночных (палеаіхтыялогія, палеаарніталогія, палеатэрыялогія і інш.). Звязана з інш.біял. навукамі, гіст. геалогіяй, стратыграфіяй.
Рэшткі выкапнёвых жывёл вядомы са стараж. часоў. Шмат іх сабрана і апісана ў 16—18 ст. (Г.Агрыкала, франц.вучоны Б.Палісі, дацкі — Н.Стэна, англ. — Дж.Хантэр і інш.). Як навука П. ўзнікла ў канцы 18 — пач. 19 ст. (заснавальнік П пазваночных — Ж.Кюўе, беспазваночных — Ж.Б.Ламарк) і развівалася працамі А.Д.Д’Арбіньі, швейц. вучонага Ж.Л.Р.Агасіса, італьян. — Дж.Брокі, ням. — Р.І.Фішэра фон Вальдгайма і інш. У пасля-дарвінаўскі перыяд уклад у развіццё П. зрабілі Л.Дало, М.Ноймайр, Р.Оўэн, амер. вучоныя Дж.Лейдзі, О.Ч.Марш, Э.Коп, Г.Ф.Осбарн, ням. — К.А.Цытэль, рас. — Ю.А.Арлоў, У.А.Кавалеўскі, Б.С.Сакалоў, П.П.Сушкін, Л.П.Татарынаў, У.П.Амаліцкі, А.А.Барысяк, А.В.Мартынаў, С.М.Нікіцін, Дз.У.Обручаў, М.В.Паўлава, А.П.Паўлаў і інш.
На Беларусі П. развіваецца з 19 ст.Сістэм. даследаванні вядуцца з 1950-х г. у Бел. геолагаразведачным НДІ (да 1970 Геал.ін-тАНБССР), з 1970-х г. таксама ў Ін-це геал. навук Нац.АН Беларусі (А.В.Фурсенка, В.С.Акімец, В.К.Галубцоў, С.Ф.Зубовіч, П.Ф.Каліноўскі, С.А.Кручак, А.М.Матузка, В.М.Мотуз, У.І.Назараў, В.І.Пушкін, В.В.Шчаглова і інш.). Вывучаюцца выкапнёвыя прасцейшыя, ракападобныя, малюскі, насякомыя, млекакормячыя і інш., у больш чым 250 месцах выяўлены рэшткі стараж. насякомаедных, рукакрылых, зайцападобных, грызуноў, драпежных, хобатных, няпарна- і парнакапытных.
Літ.:
Палеонтология беспозвоночных. М., 1962;
Антрапаген Беларусі. Мн., 1971;
Калиновский П.Ф. Териофауна позднего антропогена и голоцена Белоруссии. Мн., 1983;
Яго ж. Падарожжа ў мінулае да «братоў нашых меншых». Мн., 1999.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАТЭМАТЫ́ЧНАЕ МАДЭЛІ́РАВАННЕ,
метад даследавання аб’ектаў (з’яў, працэсаў, сістэм) шляхам пабудовы і вывучэння іх матэм. мадэлей; адзін з гал. спосабаў навук. пазнання, прагназавання, кіравання і тэхн. праектавання. Уключае 3 асн. этапы: стварэнне мадэлі аб’екта, пераўтварэнне яе ў алгарытм, а алгарытму — у праграму для ЭВМ.
Мадэль аб’екта запісваецца ў матэм. форме з дапамогай законаў прыродазнаўчых і тэхн.навук. У ёй адлюстроўваюцца найважнейшыя ўласцівасці аб’екта, сувязі паміж яго часткамі і інш. Метадамі выліч. матэматыкі мадэль пераўтвараюць у вылічальна-лагічны алгарытм, а затым у праграму для рэалізацыі на ЭВМ, з дапамогай якой праводзяць «доследы» патрэбных якасных і колькасных характарыстык аб’екта. Працэс М.м. пастаянна паляпшаюць і ўдакладняюць ва ўсіх звёнах і паўтараюць да дасягнення патрэбнай дакладнасці супадзення рэальных і імітацыйных даных. Элементы М.м. выкарыстоўвалі з часу паяўлення дакладных навук. Шырокае развіццё яго пачалося ў 1940-я г. і звязана ў асн. са стварэннем ЭВМ (гл.Мадэліраванне ў навуцы і тэхніцы). У канцы 20 ст. М.м. становіцца інтэлектуальным ядром інфарм. тэхналогій, працэсу інфарматызацыі грамадства. Яно выкарыстоўваецца ў ядз. і касм. тэхніцы, авія-, судна-, машынабудаванні, хім. вытв-сці, эканоміцы, сацыялогіі, біялогіі, медыцыне. а таксама там, дзе прамы натурны эксперымент немэтазгодны або немагчымы. Адзін з заснавальнікаў М.м. — рас.вучоны А.А.Самарскі.
На Беларусі М.м. развіваецца ў ін-тах матэматыкі і тэхн. кібернетыкі Нац.АН, БДУ, БПА, Бел. ун-це інфарматыкі і радыёэлектронікі і інш.
Літ.:
Самарский А.А., Михайлов А.П. Математическое моделирование: Идеи. Методы. Примеры. М., 1997;
Самарский А.А., Михайлов А.П. Компьютеры и жизнь: (Мат. моделирование). М., 1987;
Матус П.П., Рычагов Г.П. Математическое моделирование в биологии и медицине: (Аннотацион. справ.). Мн., 1997;
Математическое моделирование: Пер. с англ.М., 1979;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕТРА́РКА ((Petrarca) Франчэска) (20.7.1304, г. Арэца, Італія — 19.7.1374),
італьянскі паэт, вучоны-гуманіст эпохі Адраджэння. Вучыўся ва ун-тах Манпелье (1316) і Балонні (1320—26). У 1326 прыняў духоўны сан. Падтрымаў паўстанне К. ды Рыенца. У 1353—61 сакратар пры міланскім правіцелі Вісконці, выконваў дыпламат. і паліт. даручэнні. Светапогляд П. супярэчлівы: спалучэнне ідэй гуманізму з элементамі феад.-царк. культуры. У філас. і палемічных трактатах на лац. мове «Пра пагарду да свету» (1342—43), «Інвектывы супраць урачоў» (1352—53) адлюстраваў перажыты ім рэліг. крызіс, цікавасць да зямнога жыцця і светапогляду чалавека, абараняў паэзію ад нападак сярэдневяковых дыдактаў. Адзін з першых еўрап. гуманістаў ідэалізаваў ант. свет. Аўтар эпічнай паэмы «Афрыка» (1339—42, на лац. мове) пра заваяванне Карфагена Рымам, пастаральных эклог алегарычнага зместу «Буколікі» (1346—57). Вяршыня яго творчасці — зб. лірыкі «Канцаньерэ» («Кніга песень», 1327—74). У 317 санетах, 29 канцонах, 9 сексцінах, 7 баладах і 4 мадрыгалах, аб’яднаных у цыклы «На жыццё мадонны Лауры» і «На смерць мадонны Лауры», уславіў каханне, раскрыў унутр. свет чалавека, яго пачуцці і перажыванні. Лауры прысвяціў алегарычную паэму ў тэрцынах «Трыумфы» (пач. ў 1354), прасякнутую аскетычнымі матывамі. Аўтар аўтабіяграфіі «Лісты да нашчадкаў» (1374). Лірыка П. паўплывала на развіццё еўрап. паэзіі (т.зв. петраркізм). Разам з Дантэ і Дж.Бакачыо лічыцца стваральнікам італьян.літ. мовы. На бел. мову яго паасобныя творы пераклалі Л.Баршчэўскі, Ю.Гаўрук, М.Дуброўскі.
Тв.:
Бел.пер. — Санеты. Мн., 1996;
У кн.: Гаўрук Ю. Кветкі з чужых палёў. Мн., 1928;
Рус.пер. — Избранное. М., 1974;
Сонеты. Мн., 1982;
Эстетические фрагменты. М., 1982;
Лирика. М., 1989;
Африка: Поэма. М., 1992;
Канцоньере. Моя тайна, или Книга бесед о презрении к миру. Книга писем о делах повседневных. Старческие письма. М., 1996;
Сочинения философские и полемические. М., 1998.
Літ.:
Хлодовский Р.И. Франческо Петрарка: Поэзия гуманизма. М., 1974;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛАТО́НАЎ (Расціслаў Пятровіч) (н. 15.4.1930, г. Слуцк Мінскай вобл.),
бел. гісторык, публіцыст. Д-ргіст.н. (1982), праф. (1984). Скончыў БДУ (1955). Працаваў у друку, камсам. і парт. органах, мінскіх ВНУ. У 1973—80 сакратар Мінскага абкома КПБ, у 1980—91 дырэктар Ін-та гісторыі партыі пры ЦККПБ. З 1992 у Бел.НДІ дакументазнаўства і архіўнай справы, з 1999 нам. дырэктара ін-та, старшыня Археагр. камісіі Дзяржкамархіва Рэспублікі Беларусь, з 2000 гал. рэдактар «Беларускага археаграфічнага штогодніка». Даследуе праблемы дзярж. будаўніцтва, паліт. гісторыі Беларусі, КПБ, барацьбы бел. народа супраць ням.-фаш. захопнікаў у Вял.Айч. вайну. Працуе ў галіне крыніцазнаўства і практычнай археаграфіі. Адзін з аўтараў калектыўных прац: «Усенародная барацьба ў Беларусі супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў у гады Вялікай Айчыннай вайны» (т. 1—3, 1983—85), «Старонкі гісторыі Кампартыі Беларусі: меркаванні, аргументы, факты» (1990), «Нямецка-фашысцкі генацыд на Беларусі (1941—1944)» (1995), «Дзяржаўнасць Беларусі: Праблемы фарміравання ў праграмах палітычных партый» (1999), «Вышэйшыя органы дзяржаўнай улады і цэнтральнага кіравання БССР (1965—1991 гг.)» (ч. 1—3, 2000), «Беларусь на мяжы тысячагоддзяў» (2000) і інш.Дэп. Вярх. СаветаБССР у 1980—89.
Тв.:
Пропаганда научного атеизма: Ист.-социол. исслед. на материалах Компартии Белоруссии. Мн., 1982;
Авангардная сила советского общества. Мн., 1986;
На крутом переломе: Очерк основных направлений деятельности Компартии Белоруссии по осуществлению перестройки Мн., 1989 (разам з Ю.П.Смірновым);
Палітыкі. Ідэі. Лёсы: Грамадзян. пазіцыі ва ўмовах нарастання ідэолага-паліт. дыктату ў Беларусі 20—30-х гг.Мн., 1996;
Лёсы: Гіст.-дак. нарысы аб людзях і малавядомых падзеях духоўнага жыцця ў Беларусі 20—30-х гг.Мн., 1998;
На крутым павароце: Ідэолага-паліт. барацьба на Беларусі ў 1929—1931 гг.Мн., 1999;
Белоруссия, 1941-й: известное и неизвестное. Мн., 2000.
Літ.:
Р.П.Платонаў: (Да 70-годдзя з дня нараджэння): Бібліягр. паказ. Мн., 2000;
Міхальчанка А. і інш.Вучоны, грамадскі дзеяч, журналіст // Бел.гіст.часоп. 2000. № 2.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕАНА́РДА ДА ВІ́НЧЫ (Leonardo da Vinci; 15.4.1452, г. Вінчы, Італія — 2.5.1519),
італьянскі жывапісец, скульптар, архітэктар, тэарэтык мастацтва, вучоны, інжынер. Адзін з найбуйнейшых прадстаўнікоў Высокага Адраджэння.
Імкнуўся да спалучэння навук. і маст. мыслення, разглядаў жывапіс як універсальную мову, якая пры дапамозе прапорцый і перспектывы ўвасабляе ўсю разнастайнасць праяўлення разумнага пачатку ў прыродзе. У творчасці спалучаў натуралістычнасць выявы з ідэалістычнасцю задумы, увасобіў новы эстэт. ідэал, стварыў вобраз гарманічнага, духоўнага і фізічна дасканалага чалавека.
Вучыўся жывапісу ў майстэрні А.Верок’ё (1467—72). Яе метады працы, у якіх маст. практыка спалучалася з тэхн. эксперыментамі, збліжэнне з астраномам П.Тасканелі, паўплывалі на развіццё яго навук. інтарэсаў. У ранні фларэнційскі перыяд (1452—81) развіваў традыцыі кватрачэнта. Творам уласціва плаўная аб’ёмнасць форм, падкрэсленая мяккай святлаценню мяккім святлаценем («Мадонна Роскін», анёл у карціне Верок’ё «Хрышчэнне Хрыста», пасля 1470; «Дабравешчанне», каля 1474; т.зв. «Мадонна Бенуа», каля 1478). Карціна «Пакланенне вешчуноў» (1481—82, не скончана) вызначаецца пошукамі драм. экспрэсіі, заснаванай на міміцы і руху. У 1482—1500 працаваў у Мілане пры двары герцага Л.Сфорцы, празванага Мора, які даручыў Леанарда заснаваць Акадэмію мастацтва. Для выкладання ў ёй склаў трактаты пра жывапіс, святло, цень, рух, прапорцыі цела чалавека і інш. Быў ваен. інжынерам, гідратэхнікам, арганізатарам прыдворных феерый. Як архітэктар распрацаваў варыянты «ідэальнага» горада, канструкцыі цэнтральна-купальнага храма. У 1490—1500 працаваў над вял. (7,2 м) конным манументам Ф.Сфорцы (мадэль яго ў натуральны памер была зруйнавана французамі пры ўзяцці Мілана). У 1490—91 выканаў жывапісны твор «Мадонна з дзіцем» («Мадонна Літа»). У карціне «Мадонна ў скалах» (1483—94; 2-і варыянт каля 1497—1511) найб. дасканала распрацаваў уласцівую большасці яго твораў кампазіцыю, пабудаваную на дакладных разліках. Яна ўяўляла сабой замкнёную ідэальную прастору, т.зв. прасторавую піраміду (трохвугольнік), у якую ўпісваюцца фігуры; найтанчэйшая святлацень (сфумата) мае ролю духоўна-сувязнага пачатку. У трапезнай кляштара Санта-Марыя дэле Грацые стварыў размалёўку «Тайная вячэра» (1495—97), якая стала адной з вяршынь усяго еўрап. мастацтва. У гэтым творы Леанарда адкрыў для жывапісу новую галіну — псіхал. канфлікт. Высокі этычны змест перададзены праз строгія матэм. заканамернасці кампазіцыі, што падпарадкоўвае сабе рэальную арх. прастору, праз ясную расстаноўку персанажаў, сістэму іх жэстаў і мімікі. Пасля 1500 працаваў у Фларэнцыі, Мантуі, Венецыі, Мілане, Рыме; у 1516 па запрашэнні караля Францыска I прыехаў у Францыю. У Фларэнцыі працаваў над размалёўкай у Палацца Век’ё («Бітва пры Анг’яры», 1503—06, не скончана, вядома па копіях з кардону), якая стаіць ля вытокаў батальнага жанру. У партрэце Моны Лізы (т. зв. «Джаконда», каля 1503) увасобіў узнёслы ідэал жаноцкасці і прыгажосці. У позніх творах развіваў пошукі ў галіне святлопаветранай перспектывы і гарманічнай пірамідальнай кампазіцыі («Св. Ганна з Марыяй і немаўляткам Хрыстом», каля 1500—07). Эксперыменты з маст. матэрыяламі, разнастайнасць інтарэсаў абумовілі невял. колькасць завершаных яго маст. і навук. работ, іх дрэнную захаванасць. Як вучоны ўзбагаціў амаль усе галіны ведаў свайго часу. У галіне механікі вывучаў пытанні трэння, раўнавагі, супраціўлення матэрыялаў і інш. Распрацоўваў канструкцыі машын і механізмаў, шмат з якіх значна апярэдзілі свой час (праекты металургічных печаў і пракатных станаў, ткацкіх станкоў, друкарскіх, дрэваапрацоўчых, землекапальных і інш. машын, падводнай лодкі, танка, лятальных апаратаў і парашута), праекты фартыфікацыйных і гідратэхн. збудаванняў. Шмат эксперыментаваў у галіне оптыкі, выказваў правільныя здагадкі аб прыродзе бінакулярнага зроку. Блізка стаяў да стварэння геліяцэнтрычнай сістэмы светабудовы. Займаўся анатамічнымі даследаваннямі, імкнуўся ўвесці ў біялогію эксперым. метад. Упершыню стаў разглядаць батаніку як самаст.біял. дысцыпліну. Яго анат. малюнкі сталі асновай сучаснай навук. ілюстрацыі. Да нашага часу захавалася каля 7 тыс. аркушаў яго рукапісаў і запісных кніжак, частка з якіх увайшла ў «Трактат пра жывапіс», што склаў пасля смерці мастака яго вучань Ф.Мельцы. Іл.гл. таксама да арт.Адраджэнне.
Тв.:
Рус.пер. — Книга о живописи. М., 1934;
Избр. произв.Т. 1—2. М., 1935;
Избр. естественнонаучные произв. М., 1955;
Анатомия Записки и рисунки. М., 1965.
Літ.:
Дживелегов АК. Леонардо да Винчи. М., 1974;
Нардини Б. Жизнь Леонардо: Пер. с итал. М., 1978;
Гастев А. Леонардо да Винчи. М., 1982.
Л.Ф.Салавей.
Леанарда да Вінчы. Мадонна з дзіцем (Мадонна Літа). Каля 1490—91.Леанарда да Вінчы. Аўтапартрэт. Каля 1510—13.