МААНЗУ́НДСКІЯ АПЕРА́ЦЫІ ў 1-ю сусветную вайну,

1) аперацыя герм. флоту Балт. мора пад камандаваннем віцэ-адм. Э.​Шміта (больш за 70 караблёў) з мэтай прарыву праз Ірбенскі праліў (адсюль другая назва — Ірбенская) у Рыжскі заліў, знішчэння рас. марскіх сіл у Рыжскім заліве (каля 50 караблёў, камандуючы контр-адм. М.​К.​Бахіраў), загароды выхаду з праліва Маанзунд 8—21.8.1915. 8 жн. рас. караблі адбілі спробу прарыву герм. флоту, у ходзе баёў 16—17 жн. патоплены і пашкоджаны 9 ням. караблёў, страчаны 2 рас. кананерскія лодкі. 19 жн. герм. эскадра ўвайшла ў Рыжскі заліў, але з-за магчымага падрыву на мінах, атак падводных лодак праціўніка і адсутнасці месцаў базіравання 21 жн. пакінула заліў.

2) Аперацыя «Альбіён» герм. флоту (больш за 300 баявых і дапаможных караблёў, каля 100 самалётаў, 25 тыс. чал. дэсанта) па знішчэнні рас. марскіх сіл у Рыжскім заліве (больш за 50 караблёў), захопу Маанзундскага архіпелага (яго абараняў 12-тыс. рас. гарнізон) і падрыхтоўкі ўдару па Петраградзе. 12 кастр. герм. караблі спынілі агонь 16 рас. берагавых батарэй, высадзілі дэсант у бухце Талагахт і на в-ве Эзель (Саарэмаа), які 16 кастр. заняў востраў, а герм. караблі адначасова ўвайшлі ў Рыжскі заліў. 18 кастр. немцы захапілі в-аў Маон (Муху), 19 кастр.в-аў Даго (Хійумаа). З-за ўпартага супраціўлення рас. маракоў (знішчылі і пашкодзілі 32 ням. караблі) герм. камандаванне мусіла адмовіцца ад прарыву ў Фінскі заліў і 20 кастр. адвяло свае марскія сілы з Рыжскага заліва.

Літ.:

Матвеев А.И. В боях за Моонзунд. М., 1957.

т. 9, с. 439

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МУРА́ШКІ (Formicidae),

сямейства насякомых атр. перапончатакрылых. Каля 15 тыс. відаў. Пашыраны ўсюды, пераважна ў тропіках. Жывуць сем’ямі ў складаных гнёздах (мурашнікі і інш.) ад некалькіх дзесяткаў да соцень тыс. асобін, ёсць вандроўныя (падсям. Dorylinae). На Беларусі больш за 50 відаў, найб. трапляюцца прадстаўнікі родаў М. земляныя (Lasius), М.-мірмікі (Myrmica), М. сапраўдныя (Formica), М. фараонаў (Monomorium), М.-шашалі (Camponotus). У складзе сям’і — самкі-заснавальніцы («царыцы»), бяскрылыя працоўныя (самкі з недаразвітымі палавымі органамі) і крылатыя самцы (паяўляюцца на кароткі час і пасля спароўвання гінуць). Працоўныя М. выконваюць розныя функцыі: фуражыраў, якія забяспечваюць гняздо кормам; салдат, што ахоўваюць яго; асобін, якія з’яўляюцца рэзервуарамі для вадкага корму (т.зв. мядовыя бочкі) і інш. У аснове існавання цэласнай сям’і ляжыць абмен паміж асобінамі кормам, выдзяленнямі залоз (трофалаксіс) і цесныя ўзаемаадносіны паміж яйцакладучай самкай і працоўнымі гал. чынам праз пасрэдніцтва хім. пачуцця (нюх, смак). Жыццядзейнасць сям’і рэгулюецца пераважна ферамонамі.

Даўж. ад 0,8 да 30 мм (самкі-вытворніцы буйнейшыя). Грудзі злучаны з брушкам тонкай рухомай сцяблінкай (з 1—2 членікаў). Вусікі 4—13-членікавыя (звычайна 11—12), доўгія. Ротавыя органы жавальнага тыпу. Вочы фасетачныя. Кормяцца насякомымі, жывёльнымі рэшткамі, насеннем раслін, выдзяленнямі тлей і какцыд. Адна сярэдняя сям’я рыжых лясных М. за суткі спажывае да 20 тыс. насякомых. Раздзельнаполыя. Маюць залозы, у экскрэце якіх да 65% мурашынай кіслаты.

Літ.:

Длусский Г.М. Муравьи рода Формика. Л., 1967;

Гримальский В.И., Зенченко В.С., Крушев Л.Т. Муравьи — наши друзья. Мн., 1968;

Захаров А.А. Муравей, семья, колония. М., 1978.

Мурашкі: 1 — земляная; 2 — шашаль (самка); 3 — рыжая лясная (злева самец).

А.​В.​Дзерункоў.

т. 11, с. 33

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАЗІРА́ННЕ,

мэтанакіраваная дзейнасць чалавека, якая дазваляе яму атрымліваць інфармацыю аб навакольным свеце; у шырокім сэнсе — спосаб пазнання свету. З ускладненнем сац. рэчаіснасці і прац. аперацый Н. вылучаецца ў адносна самаст. аспект дзейнасці (навук. Н., успрыманне інфармацыі на прыборах, Н. як частка працэсу маст. творчасці і інш.). Навук. Н. накіравана на дасягненне пэўнай навук. мэты і характарызуецца сістэматычнасцю, планамернасцю, магчымасцю ажыццяўлення кантролю шляхам паўторнага Н. або выкарыстання інш. метадаў Н., напр., эксперыменту. У некаторых сац. навуках (эканам. статыстыка, дэмаграфія) пад Н. разумеюць любую палявую працэдуру (апытанне, збор звестак, візуальнае Н.), проціпастаўляючы яго ўскоснаму атрыманню звестак з літ. крыніц. Н. ў сацыялогіі — метад збору сац. інфармацыі праз прамую, непасрэдную фіксацыю падзей і з’яў. Паводле ступені фармалізацыі працэдуры адрозніваюць Н.: стандартызаванае, або кантрольнае (назіральнік працуе па папярэдне вызначанай Праграме), і нестандартызаванае (этапы і фазы даследавання папярэдне не вызначаюцца). У залежнасці ад становішча назіральніка вылучаюць Н. ўключанае (прадугледжвае інтэграцыю назіральніка ў падзеі і працэсы, што даследуюцца, і іх аналіз «знутры») і неўключанае (без мэтанакіраванага ўмяшання даследчыка ў з’явы, што вывучаюцца). Паводле ўмоў арганізацыі адрозніваюць Н. палявыя (праводзяцца ў натуральных умовах) і лабараторныя; паводле рэгулярнасці правядзення — сістэматычныя, эпізадычныя і выпадковыя (праграма не распрацоўваецца і стадыі Н. папярэдне не вызначаюцца). Н. ў псіхалогіі — адзін з асн. эмпірычных метадаў даследавання, які заключаецца ў наўмысным, сістэматычным і мэтанакіраваным успрыманні псіхічных з’яў з мэтай вывучэння іх спецыфічных змен у пэўных умовах; як адзін з псіхал. метадаў выкарыстоўваецца саманазіранне. Вынікі Н. ў значнай ступені залежаць ад асобы даследчыка, яго ўстановак і адносін да працэсаў і з’яў, што назіраюцца, ад яго стэрэатыпаў і каштоўнасных арыентацый.

І.​В.​Катляроў.

т. 11, с. 127

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МА́САВАЯ ЛІТАРАТУ́РА, паралітаратура, сублітаратура, канфармісцкая літаратура, трывіяльная літаратура,

шматтыражная літ. прадукцыя, разлічаная на сярэдняга спажыўца і камерцыйны поспех; сурагат маст. л-ры, падробка пад яе; састаўная частка масавай культуры. Атрымала распаўсюджанне ў 19 ст. (гл. Бульварная літаратура). Развіццё яе ажыццяўлялася праз рыначны кан’юнктурны адбор найб. «ходкага» літ. тавару — бестселераў. Сярод бестселераў вылучаюць коміксы, бульварны, жаночы, салдацкі, паліт., кіна- і фотараманы, раманы крымінальных, «чорных» серый, трылеры, вестэрны, дайджэсты (скарочаныя адаптаваныя выданні класікі), якія ствараюцца канвеерным спосабам па спец. схемах. У эстэт. плане М.л. пасрэдная, спрошчаная і даступная кожнаму; яна звычайна прыстасавальніцкая, экскэйпісцкая (пазбягае вострых сац. праблем). Выкарыстоўваецца як сродак маніпуляцыі свядомасцю мас, фарміруе пэўныя эстэт. густы і спажывецкую псіхалогію. М.л. паспяхова выкарыстоўвае дэтэктыўную фабулу, навук. фантастыку; для яе характэрна спрошчанае апісальніцтва, псеўдарэалістычнасць, сенсацыйнасць, захапляючая інтрыга, востры сюжэт, наяўнасць супергерояў. У тэхнакратычнай постіндустрыяльнай цывілізацыі М.л. як кампенсацыя адчужэння выконвае псіхааналітычную функцыю. Характэрныя тэмы М.л. — кар’ера, грошы, секс, каханне, жыццё «зорак», фантастыка (вампіры, прышэльцы з космасу), эзатэрызм — таямнічае, забойствы, прыгоды суперменаў і інш. У 20 ст. з’явіліся прыгодніцкія серыі пра Тарзана Э.​Бераўза (ЗША), пра Фантамаса М.​Алена і П.​Сувестра (Францыя), паліт. дэтэктывы пра Дж.​Бонда І.​Флемінга (Англія), псеўдагіст. раманы пра Анжэліку А. і С.​Галон (Францыя), працяг рамана М.​Мітчэл «Знесеныя ветрам» («Скарлет», «Рэт Батлер»), раманы Т.​Шарпа, Ж.​Сьюзен, М.​Спілейна, С.​Шэлдан і інш.

Літ.:

«Массовая культура» — иллюзии и действительность. М., 1975;

Николюкин А.Н. Антикультура: массовая литература США М., 1973;

Шабловская И.В. Реализм и «массовая культура» // Шабловская И.В. История зарубежной литературы (XX в., первая половина). Мн., 1998.

І.​В.​Шаблоўская.

т. 10, с. 163

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПНЕЎМАТЫ́ЧНЫ ТРА́НСПАРТ,

сукупнасць установак і сістэм для перамяшчэння насыпных грузаў, кантэйнераў (патронаў) у струмені паветра ці інш. газу пад уздзеяннем перападу ціску. Устаноўкі звычайна складаюцца з загрузачнага прыстасавання, трансп. трубаправода (аэражолаба), пераключальнікаў патоку, аддзяляльнікаў матэрыялу, пылаўлоўніка, кампрэсарнай устаноўкі ці вакуум-помпы.

Прынцып дзеяння П.т. залежыць ад прынятай сістэмы ўтварэння паветр. патоку. Выраб сістэмы абумоўлены відам матэрыялу, што транспартуецца, яго вільготнасцю, неабходнай прадукцыйнасцю і ўмовамі функцыянавання. Адрозніваюць усмоктвальныя (ціск да 0,05 МПа), нагнятальныя (0,6 МПа) і камбінаваныя сістэмы. Ва ўсмоктвальнай сістэме вакуум-помпа стварае разрэджанне і пад уздзеяннем атм. ціску паветра разам з матэрыялам усмоктваецца ў трубаправод і паступае ў пункт прызначэння (асаджвальнік), дзе скорасць паветр. патоку рэзка памяншаецца і матэрыял асаджваецца. Дыяметр трансп. трубаправода ў такіх сістэмах ад 50 да 200 мм. У нагнятальнай сістэме кампрэсар нагнятае сціснутае паветра ў трубаправод, куды адначасова спец. сілкавальнік прымусова падае матэрыял. Паветраны паток уцягвае матэрыял і транспартуе яго ў аддзяляльнік, з якога паветра праз фільтр выкідваецца ў атмасферу. Дыяметр трансп. трубаправода 50—100 мм. У камбінаваных сістэмах (вакуумна-нагнятальных) падача матэрыялу ў трубаправод і асаджвальнік ажыццяўляецца ўсмоктваннем, а да месца прызначэння — нагнятаннем. Дыяметр трансп. трубаправода дасягае 250 мм. Выкарыстоўваюць у прам-сці (напр., на металург. з-дах для сувязі плавільных аддзяленняў з экспрэс-лабараторыямі), сельскай гаспадаркі (напр., для разгрузкі-пагрузкі зерня), буд-ве, сферы абслугоўвання, як від сувязі (пнеўмапошта) у друкарнях, б-ках, на складах.

Літ.:

Хрусталев Б.М., Кислов Н.В. Пневматический транспорт. Мн., 1998.

І.​І.​Леановіч.

Пнеўматычны транспарт. Прынцыповая схема ўстаноўкі нагнятальнага тыпу: 1 — паветрадуўная машына; 2 — сілкавальнік; 3 — змяшальнік; 4 — пераключальнік; 5 — аддзяляльнік; 6 — бункер.

т. 12, с. 445

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«БЕЛАРУСЬФІ́ЛЬМ»,

кінастудыя Беларусі. Створана ў 1928 кінаарганізацыяй Белдзяржкіно пад назвай «Савецкая Беларусь» (напачатку ў Ленінградзе, з 1939 у Мінску), з 1946 сучасная назва. Выпускае фільмы маст. і тэлевізійныя ігравыя, хранікальна-дакумент. і навук.-папулярныя, анімацыйныя. У даваенны час на студыі створаны маст. фільмы: «Кастусь Каліноўскі» (1928), «Да заўтра» (1929), «Атэль «Савой» і «У агні народжаная» (1930), «Жанчына» (1932), «Першы ўзвод» (1933), «Двойчы народжаны» (1934), «Паручнік Кіжэ» (1934), «Палескія рабінзоны» (1935), «Дзяўчына спяшаецца на спатканне» і «Шукальнікі шчасця» (1936), «Дачка Радзімы» і «Балтыйцы» (1937), «Адзінаццатага ліпеня»; кінанавелы «Мядзведзь», «Маска» і «Мянтуз» (усе 1938), «Чалавек у футарале» (1939) і інш.

Сярод пачынальнікаў студыі рэжысёры Ю.Тарыч, У.Гардзін, аператары А.Кальцаты, М.​Казлоўскі, Н.​Навумаў-Страж, Д.​Шлюглейт, мастак М.​Літвак. У 1920—30-я г. на студыі здымаліся акцёры бел. т-раў У.Крыловіч, Л.Мазалеўская, П.Малчанаў, Б.Платонаў, В.Пола, У.Уладамірскі і інш., а таксама Л.​Кміт, Б.Бабачкін, М.Сіманаў, М.Чаркасаў. На пачатку тут працавалі многія вядомыя майстры кіно: рэжысёры М.Данской, Р.Рашаль; кампазітары І.Дунаеўскі, В.Салаўёў-Сядой, А.Туранкоў; у 1930-я г. — сцэнарысты Б.Брадзянскі, А.Вольны, Р.Кобец, М.Таўбэ; рэжысёры М.​Авербах, Э.Аршанскі, І.Аненскі, Я.Дзіган, У.Корш-Саблін, С.Сплашноў, А.Файнцымер; аператары А.Булінскі, С.​Бяляеў, С.​Іваноў, Б.​Рабаў, А.​Рагоўскі; мастакі С.​Мандэль, У.​Пакроўскі, Р.​Фэдор.

У Вял. Айч. вайну аператары кінахронікі (І.Вейняровіч, М.Бераў, У.Цяслюк і інш.) працавалі ў франтавых кінагрупах, частка работнікаў — на студыях Алма-Аты і Масквы, дзе створаны кіназборнік «Беларускія навелы» (1942), фільм-канцэрт «Жыві, родная Беларусь» (1944), дакумент, фільм «Вызваленне Савецкай Беларусі» (1944). Першыя пасляваен. маст. фільмы здымаліся на студыях Кіева, Адэсы і Ленінграда, у Мінску ствараліся пераважна кіначасопісы і кінанарысы. З 1950-х г. маст. фільмы здымаліся ў Мінску. У 1954 створаны першы бел. каляровы маст. фільм «Дзеці партызана». У 1971 зняты першы бел. шырокафарматны фільм «Крушэнне імперыі». Студыя ажыццявіла сумесныя пастаноўкі з кінастудыямі Чэхаславакіі («Пушчык едзе ў Прагу», 1966; «Маленькі сяржант», 1977; «Заўтра будзе позна», 1972) і Балгарыі («Братушка», 1976).

Многія творы студыі атрымалі шырокае прызнанне і адзначаны прэміямі на міжнар. і ўсесаюзных кінафестывалях. Сярод іх: «Канстанцін Заслонаў», «Чырвонае лісце», «Гадзіннік спыніўся апоўначы», «Масква—Генуя», «Альпійская балада», «Дзяўчынка шукае бацьку», «Анюціна дарога», «Іван Макаравіч», «Паланэз Агінскага», «Руіны страляюць...» (тэлевізійны), «Вянок санетаў», «Горад майстроў», «Праз могілкі», «Вазьму твой боль», «Дзікае паляванне караля Стаха», «Людзі на балоце», «Хам», «Наш браняпоезд» і інш.; дакументальныя «Генерал Пушча», «Праз дзесяць гадоў, або Надзеі і трывогі 10 «А», «Боль мой — Хатынь», «А зязюля кукавала...», «Палескія калядкі», цыкл «У вайны не жаночы твор», «Паляванне на золата» і інш.

У 1940—50-я г. на студыі працавалі рэжысёры П.​Васілеўскі, Л.Голуб, М.​Фігуроўскі; аператары У.Акуліч, А.Аўдзееў, І.Пікман, Г.​Удавянкоў; мастакі У.Белавусаў, Ю.Булычаў, Е.Ганкін; у 1960-я г. — рэжысёры У.Бычкоў, Р.Віктараў, В.Вінаградаў, І.Дабралюбаў, М.Калінін, Б.Сцяпанаў, В.Тураў, В.Чацверыкоў; аператары А.Забалоцкі, Ю.Марухін, І.Рамішэўскі; мастакі Ю.​Альбіцкі, У.Дзяменцьеў, Я.Ігнацьеў; у 1970 — пач. 90-х г. — рэжысёры А.Карпаў. Л.​Мартынюк, В.Нікіфараў, М.Пташук, В.Рыбараў, В.Рубінчык; аператары П.​Аліфер, Дз.Зайцаў, Т.Логінава, Р.Масальскі, С.Пятроўскі, Ю.Ялхоў; мастак А.Чартовіч і інш.; стваральнікі дакумент. фільмаў В.Дашук, Ю.Лысятаў, М.Жданоўскі, С.Лук’янчыкаў, Дз.​Міхлееў, В.Сукманаў, Ю.Цвяткоў, Р.Ясінскі; мультыплікатары А.Белавусаў, І.​Волчак, А.​Піткевіч і інш. У складзе «Беларусьфільма» працуюць творчыя аб’яднанні «Летапіс», «Тэлефільм», майстэрня анімацыйных фільмаў (з 1975). Пры «Беларусьфільме» працуе Тэатр-студыя кінаакцёра. Гл. таксама нарыс Кіно ў арт. Беларусь.

Л.​І.​Паўловіч.

Да арт. «Беларусьфільм». Кадр з кінафільма «Чырвонае лісце». 1958.
Да арт. «Беларусьфільм». Кадр з кінафільма «Масква—Генуя». 1964.
Да арт. «Беларусьфільм». Кадр з кінафільма «Іван Макаравіч».
Да арт. «Беларусьфільм». Кадр з кінафільма «Палескія калядкі».
Да арт. «Беларусьфільм». Кадр з кінафільма «Наш браняпоезд».

т. 3, с. 68

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАЛЬШАВІКІ́,

прадстаўнікі адной з дзвюх галоўных плыняў у Расійскай сацыял-дэмакратыі. Аформіліся як с.-д. фракцыя ў выніку барацьбы рас. рэв. марксістаў на чале з У.І.Леніным за стварэнне рэв. партыі. Тэрмін «бальшавікі» ўзнік у працэсе выбараў кіруючых органаў партыі на 2-м з’ездзе РСДРП (1903), дзе прыхільнікі Леніна атрымалі большасць галасоў, іх праціўнікі — меншасць (меншавікі). Аснова бальшавізму — ідэйныя, арганізац. і тактычныя прынцыпы, выпрацаваныя Леніным з улікам вопыту рас. і сусв. рэв. руху. Бальшавікі вызначаліся максімалізмам, які пашыраўся на ўсе бакі жыцця і вынікаў з пераканання ў перавазе рэвалюцыі ў параўнанні з эвалюцыйнымі і рэфармацыйнымі працэсамі. Гэта ішло ад упэўненасці, што ў Расіі на пач. 20 ст. з-за непрымірымасці супярэчнасцяў паміж капіталізмам і рэшткамі феадалізму, паліт. слабасці і рэакцыйнасці буржуазіі няма інш. магчымасці пераўтварыць грамадства як праз рэвалюцыю. Свае ідэі бальшавікі часткова апрабавалі ў гады рэвалюцыі 1905—07, у якой актыўна ўдзельнічалі. Гегемонію пралетарыяту яны разглядалі як умову макс. прасоўвання наперад па шляху бурж.-дэмакр. рэвалюцыі, значна далей мяжы, прымальнай для ліберальнай буржуазіі. Гэта дало б магчымасць цалкам выканаць праграму-мінімум РСДРП (звяржэнне самадзяржаўя, устанаўленне дэмакр. рэспублікі, увядзенне 8-гадзіннага рабочага дня, знішчэнне рэшткаў прыгонніцтва ў вёсцы) і, мінаючы этап канстытуцыйнай манархіі, перайсці да сацыяліст. рэвалюцыі — звяржэння капіталізму і ўстанаўлення дыктатуры пралетарыяту (праграма-максімум). Насуперак тэндэнцыі, якая існавала ў той час у с.-д. руху, бальшавікі адводзілі прыярытэтнае месца сярод уплывовых сіл грамадства суб’ектыўным фактарам, у першую чаргу партыі і ўстаноўленай ёю дыктатуры, што грунтавалася і ажыццяўлялася на прынцыпах т.зв. «рэвалюцыйнай мэтазгоднасці». Сваіх апанентаў бальшавікі абвінавачвалі ў апартунізме, які, на іх думку, адлюстроўваў інтарэсы буржуазіі. Паводле слоў лідэра і ідэолага бальшавізму Леніна, партыя — гэта цэнтралізаваная нелегальная арг-цыя, якая аб’ядноўвае перш за ўсё прафес. рэвалюцыянераў. Яе нешматлікасць і жалезная дысцыпліна — абавязковыя ўмовы паспяховай дзейнасці ў Расіі, дзе няма паліт. свабод. Асн. элементы гэтай мадэлі партыі бальшавікі захавалі і ва ўмовах, калі адкрыліся магчымасці легальнага існавання партыі, і пасля таго, як у выніку перамогі Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 яна стала кіруючай. Працэс выхаду бальшавікоў з аб’яднаных с.-д. арг-цый на Беларусі адбыўся пераважна ў 1917. Найб. буйныя былі арг-цыі бальшавікоў Гомеля, Віцебска, Полацка, Мінска. Да кастр. 1917 на Беларусі, як і ва ўсёй краіне, бальшавікі сталі самай уплывовай паліт. сілай і арганізацыйна аформіліся як партыя (гл. Паўночна-Заходняя абласная арганізацыя РКП(б), Камуністычная партыя Беларусі) У барацьбе за ўладу бальшавікі выкарысталі ўсе аб’ектыўныя фактары — нежаданне салдатаў ваяваць, бяссілле Часовага ўрада, адсутнасць у народа навыкаў дэмакратыі, максімалізм нар. мас у пошуках сац. праўды, веру ў асаблівы шлях Расіі і інш. Вялікую ролю адыгралі і абяцанні бальшавікоў у найкарацейшы тэрмін вырашыць самыя надзённыя праблемы — зямлі і міру, ажыццявіць ідэалы сац. справядлівасці. Пасля Кастр. рэвалюцыі 1917 у Расіі была знішчана шматпартыйная сістэма. У адпаведнасці з ленінскім праектам партыі бальшавікоў была нададзена функцыя іерархічна арганізаванага авангарда, які вядзе за сабой не толькі клас, але ўсё грамадства. Непрымірымая барацьба з апазіцыяй і праявамі плюралізму, чысткі ў партыі, якія перакінуліся на чысткі ў грамадстве і перараслі ў масавыя рэпрэсіі, культ асобы І.В.Сталіна стварылі базу для таталітарнага рэжыму ў СССР. У 1917—52 слова «бальшавікі» ўваходзіла ў афіц. назву партыі: з вясны 1917 — РСДРП(б), з 1918 — РКП(б), з 1925 — ВКП(б); 19-ы з’езд (1952) прыняў назву Камуністычная партыя Савецкага Саюза.

Ідэалы бальшавікоў атрымалі папулярнасць у многіх краінах свету. Уплыў бальшавікоў на міжнар. рабочы і камуніст. рух ажыццяўляўся праз Камуністычны Інтэрнацыянал. Некаторыя ідэі бальшавізму выкарыстоўваюць у сваёй дзейнасці левыя паліт. сілы 1990-х г. на Беларусі, у Расіі і інш. краінах.

І.​Ф.​Раманоўскі.

т. 2, с. 268

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУПА́ЛЛЕ, Іван Купала, Ян,

старажытнае язычніцкае земляробчае свята. Пад рознымі назвамі вядома ўсім індаеўрап. народам. Ва ўсх. славян згадваецца ў летапісах з 1175, у старабел. граматах з 13—14 ст. У старажытнасці лічылася святам сонца і было прымеркавана да дня летняга сонцастаяння, калі найб. росквіту дасягалі жыватворныя сілы прыроды, у першую чаргу расліннасці, збажыны. Прадстаўнікі міфалагічнай школы лічылі К. святам у гонар язычніцкага бога (багіні) Купалы. Слова «купала», як і «К.», мае некалькі трактовак. Найб. пашыраная — ад стараж.-слав. «купець» (гарэць). Мае індаеўрап. корань kū̌p — са значэннем «кіпець», «горача жадаць», блізкі да лац. cupido (імкнуцца, ускіпаць), ад якога выводзіцца Купідон. Мела карнавальна-экстатычны характар, блізкі да ант. вакхічных культаў. Аб гэтым сведчыць і такі абавязковы элемент К., як эротыка (супольнае купанне ў аголеным выглядзе, асаблівая сексуальная свабода ў купальскую ноч, пасля якой нараджаліся пазашлюбныя, т.зв. «святыя» дзеці, і інш.). Купальскія рытуалы суадносяцца з агнём (зямным і нябесным — сонцам, прадстаўленым у К. колам) і вадой, якія выступаюць у купальскіх міфах як брат і сястра. У аснове міфа ляжыць матыў іх кровазмяшальнага шлюбу (увасабляецца ў двухколернай кветцы браткі), які тлумачыцца як узаемасувязь асн. процілегласцей — агню і вады. Пашыраныя матывы купальскіх змей, жывёл, скарбаў і інш. звязваюць цыкл купальскіх міфаў з асн. міфамі слав. міфалогіі. Пасля прыняцця хрысціянства царква сумясціла з К. дзень Іаана Хрысціцеля, свята атрымала здвоеную назву Іван Купала, або Іванаў (Янаў) дзень. Святкавалася ў ноч на 7 ліп. (24 чэрв. с. ст.). Характарызавалася комплексам абрадаў, павер’яў, любоўнай і агр. варажбой. Яшчэ днём дзяўчаты збіралі купальскія (святаянскія) зёлкі, што, як лічылася, мелі асаблівую лекавую моц. Частку іх пакідалі на лекі, на спажыванне ў ежу, некаторыя (ім надавалі ахоўнае значэнне) утыкалі ў сцены хаты і хлява, з інш. плялі вянкі для купальскага гуляння. Цэнтр. месца ў абрадах і гульнях К. займала купальскае вогнішча. Купальскія агні, верагодна, увасаблялі сонца і надзяляліся сілай даваць ураджай і праганяць смерць. Да купальскага вогнішча рыхтаваліся загадзя. Па ўсіх дварах збіралі старыя непатрэбныя рэчы і вывозілі іх на выбранае для ўрачыстасці месца (узлесак, паляну, высокі бераг ракі), дзе яны пазней спальваліся. У старажытнасці купальскі агонь распальвалі трэннем кавалкаў дрэва адзін аб адзін, адначасова ўздымалі на высокім шасце прамасленае драўлянае кола (магчыма, сімвал сонца), якое потым падпальвалі. Пры агні гатавалі абрадавую вячэру: яешню, верашчаку, кулагу, варэнікі. Вакол агню вадзілі карагоды, спявалі купальскія песні. Праз вогнішча хлопцы і дзяўчаты скакалі парамі, што было звязана з ачышчальнай магіяй і з рытуалам, прызначаным забяспечыць плоднасць (ад вышыні скачка залежала вышыня хлябоў і інш.). Важнымі элементамі свята былі спаленне або тапленне ў вадзе чучала Купалы (таксама называлі Марай, Марэнай), рытуальнае купанне на ўзыходзе сонца, качанне па расе, пусканне з гары падпаленага кола і інш. Вельмі пашыранай на К. была варажба, асабліва на замужжа (на рачную плынь пускалі вянкі, загадваючы на «суджанага», і інш.). Купальскую ноч лічылі ноччу цудаў. Паводле нар. павер’яў, рэкі ў гэту ноч свецяцца асаблівым прывідным святлом, а звяры, птушкі і нават дрэвы атрымліваюць дар мовы, зацвітае папараць-кветка і да т.п. Адначасова К. — час разгулу змрочных сіл прыроды: ведзьмы і ведзьмары нібыта імкнуцца адабраць у кароў малако, зрабіць заломы ў жыце і інш. Таму ў гэту ноч рабілі розныя засцярогі, прыбягалі да ахоўнай магіі (кідалі ў жыта галавешкі з агнём, абтыкалі сцены хаты і хлява святаянскімі зёлкамі, у некат. мясцовасцях праз вогнішча з мэтай ачышчэння і засцярогі праганялі статак). Традыцыя К. на Беларусі амаль у архаічным выглядзе захавалася да пач. 20 ст. У наш час існуе як традыц. нар. свята без абрадавай дзейнасці.

Літ.:

Петропавловский А.И. «Коляды» и «Купало» в Белоруссии // Этногр. обозрение. 1908. Кн. 76—77, № 1—2;

Иванов В.В., Топоров В.Н. Исследования в области славянских древностей. М., 1974;

Беларускія народныя абрады. Мн., 1994.

т. 9, с. 30

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЮ (франц. nu аголены),

акт, жанр выяўл. мастацтва і фатаграфіі, прысвечаны адлюстраванню аголенага цела (пераважна жаночага); частка эратычнага мастацтва. На яго развіццё, змест і форму значна ўплывае рэліг., філас. і маст. культура грамадства на пэўных гіст. этапах.

Вытокі Н. ў наскальных малюнках, культавых сімвалах, рэльефах і пластыцы першабытнага мастацтва, у мастацтве Стараж. Егіпта, Крыта, Вавілона, Фінікіі, Індыі і інш. Увасабленнем эстэт. нормы, жыццёвага і маст. ідэалу стаў у ант. скульптуры, жывапісе і вазапісе. У эпоху сярэднявечча адлюстраванне аголенага цела пашырылася ў міфалагічных сцэнах у мастацтве Паўд. і Паўд.-Усх. Азіі; у Еўропе было абмежавана нешматлікімі сюжэтамі хрысціянскай іканаграфіі («Адам і Ева», «Страшны суд», выявы параненага цела Хрыста). У эпоху Адраджэння ў межах міфалагічнага і алегарычнага жанраў праз аголенасць увасабляліся ідэальныя, паэтызаваныя, філас. ўяўленні аб прыгажосці і гарманічнасці чалавека (С.​Батычэлі, Джарджоне, А.​Карачы, Леанарда да Вінчы, Мікеланджэла, Рафаэль, Тыцыян у Італіі, Я. ван Эйк у Галандыі, А.​Дзюрэр у Германіі і інш.). Як жанр Н. сфарміраваўся ў 17—18 ст. у творах мастакоў барока (Д.​Веласкес у Іспаніі, Я.​Іорданс, П.​П.​Рубенс у Фландрыі, Рэмбрант у Галандыі і інш.) і ракако (Ф.​Бушэ, Ш.​Даменік, Ж.​М.​Маро Малодшы, Ж.​Эйзен у Францыі і інш.). Адлюстраванне аголенага цела набыло характар самаст. задачы, зацвердзілася як вывучэнне натуры і адна з асноўных форм маст. педагогікі. У акад. мастацтве 19 ст. зацвердзіліся нормы ідэалізацыі, заснаванай на ўспрыняцці рэальнай натуры праз прызму класічнага мастацтва. Паралельна развіваліся тып Н. салоннага мастацтва (увасабляў пачуццёвасць, але недаступнасць і нерэальнасць прыгажосці жаночага цела) і яго рэаліст. варыянт (аблічча рэальнай, свабоднай жанчыны). У 19 — пач. 20 ст. рысы Н. найб. яскрава выявіліся ў творах А.​Бугро, П.​Гагена, Э.​Далакруа, А.​Кабанеля, Э.​Кар’ера, Г.​Курбэ, А.​Маёля, Э.​Манэ, А.​Рэнуара, Ж.​А.​Энгра ў Франпыі, Б.​Генелі, Ю.​Шнора фон Каральсфельда, Ф. фон Штука ў Германіі, Ф.​Гоі ў Іспаніі, К.​Брулова, Б.​Кустодзіева, У.​Лебедзева, З.​Серабраковай, К.​Сомава, В.​Сярова ў Расіі і інш. У 20 ст. жанр пашырыўся ва ўсіх кірунках фігуратыўнага мастацтва і атрымаў вял. свабоду эмац. выражэння — ад яго класічнага гарманічнага тыпу да выяўлення трагізму светаўспрымання. У Н. працавалі М.​Брыяшон, А.​Мадыльяні, А.​Масон, А.​Матыс, П.​Пікасо, А.​Радэн у Францыі, Г.​Клімт у Аўстрыі, Г.​Альтэнбург, Э.​Л.​Кірхнер, О.​Мюлер, Л. фон Гофман, Г.​Цыле ў Германіі, П.​Дэльво, Р.​Магрыг у Бельгіі, Л.​Фрэйд у Вялікабрытаніі, У.​Башлыкоў, Г.​Глахцееў, І.​Лубенікаў, Дз.​Мітрохін, А.​Слепышаў, І.​Яфімаў у Расіі і інш. У 20 ст. пашырыўся таксама ў фотамастацтве, часта пад назвай «акт» (Р.​Мэплтарп, Х.​Рытц, Л.​Фрыдляндэр у ЗША, Вольс у Германіі, Э.​М’юбрыдж у Вялікабрытаніі, У.​Рывас у Іспаніі, А.​Р.​Мінкінен у Фінляндыі, Ю.​Аракчэеў у Расіі і інш.).

На Беларусі скульпт. выявы аголеных жанчын вядомы з эпохі палеаліту. Да 20 ст. як жанр практычна не развіваўся, пачаў складвацца ў 2-й пал. 20 ст. Найб. выразна Н. прадстаўлена ў творах В.​Альшэўскага, Ю.​Анушкі, В.​Борздага, Р.​Вашкевіча, В.​Герасімава, М.​Дундзіна, П.​Жураўлёва, Р.​Заслонава, В.​Захарынскага, А.​Ксяндзова, С.​Малішэўскага, Ю.​Падоліна, С.​Рымашэўскага, А.​Сушкова, У.​Тоўсціка, Л.​Хобатава, Л.​Шчамялёва, А.​Эротыча (Тарановіча) і інш., у фотамастацтве — А.​Адамчык, В.​Ганчарэнкі, Ц.​Грыба, А.​Дудкіна, А.​Ільіна, Р.​Ліўшыца, З.​Мігуновай, У.​Парфянка, А.​Шчукіна і інш.

М.​Л.​Цыбульскі.

Да арт. Ню. Ф.​Гоя. Маха аголеная. Каля 1802.
Да арт. Ню. А.​Радэн. Даная. 1885.
Да арт. Ню. Р.​Магрыт. Прыгожы карабель. 1946.
В.​Захарынскі. Ню. 1994.
У.​Тоўсцік. Ню. 1997.
Да арт. Ню. А.​Ксяндзоў. Nu. 1997.

т. 11, с. 400

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АТРУЧЭ́ННЕ,

захворванне, абумоўленае паступленнем у арганізм таксічных рэчываў (ядаў), якія парушаюць яго фізіялагічныя функцыі і ствараюць небяспеку для жыцця. Атрутным дзеяннем валодаюць многія хім. рэчывы сінт. і прыроднага паходжання (напр., пестыцыды, прамысл. яды, таксіны мікраарганізмаў, атрутныя рэчывы ядавітых раслін і жывёл). Трапляюць яды ў арганізм праз рот, дыхальныя шляхі, скуру, пры ўкусах змей ці членістаногіх (восы, пчолы, шэршні, скарпіёны, ядавітыя павукі і інш.), пры падскурных і ўнутрымышачных ін’екцыях. Адрозніваюць атручэнні бытавыя (напр., рэчывамі быт. хіміі, харчовыя, алкагольныя, чадным газам і інш.), прафесійныя (пры парушэнні правілаў гігіены і тэхнікі бяспекі), медыкаментозныя (ад перадазіроўкі лякарстваў). У асобную групу вылучаюць кармавыя атручэнні жывёл, што ўзнікаюць ад корму, забруджанага ядахімікатамі (пестыцыдамі, гербіцыдамі, фунгіцыдамі), плесневымі і інш. грыбкамі (напр., спарыннёй), травяной тлёй, вусенямі капусніцы, ядавітымі раслінамі (цыкутай, дурнап’янам, белакрыльнікам, казяльцом і інш.).

Вострыя атручэнні ўзнікаюць адразу або неўзабаве пасля паступлення вял. дозы яду ў арганізм, хранічныя — пры працяглым яго ўздзеянні ў невял. дозах. Клінічныя прыкметы атручэння залежаць ад прыроды і колькасці яду, што трапіў у арганізм, выбіральнасці яго ўплыву на дзейнасць органаў і тканак, адчувальнасці арганізма і стану здароўя. Могуць пераважаць пашкоджанні нервовай (сутаргі, галюцынацыі, псіхозы), сардэчна-сасудзістай (пачашчэнне пульсу, сінюшнасць, падзенне ціску), дыхальнай сістэм, печані і нырак. Горш пераносяць атручэнне дзеці, цяжарныя жанчыны, старыя і хворыя людзі. Лячэнне атручэння павінна пачынацца неадкладна. Меры першай дапамогі пры атручэнні: штучна выклікаць ірвоту, многа піць вады, малака, слабы раствор марганцоўкі, суспензіі актываванага вугалю; пры неабходнасці робяць штучнае дыханне і непрамы масаж сэрца; пры газавых атручэннях пацярпелага выносяць на свежае паветра. У бальнічных умовах выкарыстоўваюць антыдоты (проціяддзі), пры неабходнасці робяць гемадыяліз, гемасорбцыю, заменнае пераліванне крыві

Г.​Г.​Шанько.

т. 2, с. 79

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)