гісторыка-літаратурныя творы з апісаннем падзей па гадах; помнікі пісьменнасці ўсх. славян 11—18 ст. Пагадовая форма выкладу гісторыі вядома з часоў антычнасці. У форме Л. складалі свае творы першыя гісторыкі Стараж. Рыма. У сярэднія вякі асн. відамі гіст. запісаў у летапіснай форме былі ў Зах. Еўропе аналы і хронікі. У працэсе станаўлення Л. (хронікі) прайшлі шлях ад лаканічных храналагічных запісаў да разгорнутага каменціраванага апісання гісторыі. Сярэдневяковыя летапісцы апісвалі пераважна вонкавы бок падзей і асвятлялі мінулае з пункту гледжання свецка-рыцарскіх або хрысц.-аскетычных ідэалаў, прама ці ўскосна зыходзячы з царк.-рэліг. канцэпцыі свету. У Зах. Еўропе традыц. летапісанне (хранаграфія) заняпала ў эпоху Адраджэння са з’яўленнем новай свецкай гістарыяграфіі, заснаванай на гуманіст. светапоглядзе і традыцыях ант.гіст. прозы. На Русі Л. пачалі складаць у 11 ст.; гэта было выклікана ідэйна-паліт. задачамі культ.-гіст. развіцця ўсх. славян, бурным ростам іх грамадскай і этн. свядомасці ў перыяд актыўнага гіст. самасцвярджэння. У пач. 12 ст. ў Кіеве створаны агульнарус. летапісны помнік «Аповесць мінулых гадоў». Гэты твор паслужыў стымулам і асновай для зараджэння летапісання ў інш. гарадах і землях ўсх. славян. У 12—14 ст. Л. мелі пераважна мясц. характар. Паўд.-рус. летапісанне гэтага часу прадстаўлена Кіеўскім летапісам і Галіцка-Валынскім летапісам, наўгародскае — Наўгародскім 1-м, уладзіміра-суздальскае — Лаўрэнцьеўскім летапісам і Радзівілаўскім летапісам. У 15 ст. ўзніклі летапісныя зборы Троіцкі летапіс (пач. 15 ст.), Бел.-літ. летапіс 1446, збор 1448 і інш. Найбуйнейшымі цэнтрамі летапісання былі Кіеў, Масква, Ноўгарад, Смаленск, магчыма, Полацк. У 17 — пач. 18 ст. інтэнсіўна развівалася ўкр. летапісанне (гл.Казацкія летапісы). Традыц. летапісанне ў Расіі, на Беларусі і Украіне заняпала ў 18 ст. разам з завяршэннем стараж. эпохі ў гісторыі літаратур усх.-слав. народаў. Складанне Л. было справай палітычнай; летапісцы выражалі інтарэсы і ідэйна-паліт. памкненні пэўнага сац. асяроддзя. Лепшыя стараж.-рус. Л. — цэласныя гіст.-літ. творы, якія вызначаюцца майстэрствам апавядання, шырынёй гіст. погляду, высокай ідэйнасцю і публіцыстычнасцю. Паводле жанравай структуры Л. — гэта зборы, якія аб’ядноўваюць кароткія дзелавыя запісы, дакументы (лісты, прывілеі, граматы), літ. творы, што надае ім выгляд гіст.-літ. кампіляцый. Гіст. падзеі і факты датаваліся ў Л. «ад стварэння свету», з 16 ст. ў бел. Л. датаванне вялося «ад нараджэння Хрыста» (розніца паміж дзвюма датамі складала 5508 гадоў). Навук. даследаванне і выданне Л. пачалося ў 18 ст. Вялікі ўклад у гэтую справу зрабілі А.А.Шахматаў, Дз.С.Ліхачоў, М.М.Улашчык, якія прапанавалі новыя падыходы і метады даследавання. Вядома каля 1,5 тыс. розных летапісных спісаў. Большасць з іх зберагаецца ў архівах і б-ках Масквы і Санкт-Пецярбурга. Самыя выдатныя Л. выдадзены ў Поўным зборы рускіх летапісаў. На Беларусі Л. вядомы з часоў Полацкага княства. Асаблівай папулярнасцю карысталіся «Аповесць мінулых гадоў» і Галіцка-Валынскі летапіс. Апошні паслужыў крыніцай і літ. ўзорам «Хронікі Вялікага княства Літоўскага і Жамойцкага» і Хронікі Быхаўца. У 15—17 ст. на Беларусі чыталі, перапісвалі і выкарыстоўвалі пры складанні летапісных збораў і кампіляцый розныя стараж.рус. Л. У 2-й чвэрці 15 ст. маскоўскі Л. Фоція пакладзены ў аснову агульнай часткі Беларуска-літоўскага летапісу 1446; Аўрамкі летапіс у аснове меў наўгародскае паходжанне. У 16—17 ст. на бел. землях бытаваў ілюстраваны Радзівілаўскі летапіс, пратограф якога паходзіў з Маскоўскай Русі. Літ. традыцыі стараж.-рус. Л. адыгралі вял. ролю ў гісторыі бел. летапісання. Гл. таксама Летапісы беларуска-літоўскія, Летапісы беларускія, Летапісныя аповесці і апавяданні.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЯСНА́Я ГАСПАДА́РКА,
галіна нар. гаспадаркі, якая займаецца зберажэннем, выкарыстаннем і аднаўленнем лесу. Прадугледжвае ўлік (гл.Лясны кадастр), лесаўпарадкаванне, своечасовае аднаўленне лесу і лесаразвядзенне (гл.Лясныя культуры), ахову лясоў ад пажараў, шкоднікаў і хвароб, найб. поўнае і рацыянальнае выкарыстанне лясных рэсурсаў і зямель ляснога фонду, усебаковае выкарыстанне вода-, глеба- і полеахоўных, сан.-гігіенічных і інш. функцый лесу. Асн. палажэнні вядзення Л.г. і лесакарыстання закладзены ў Лясным кодэксе Рэспублікі Беларусь, а юрыд. нормы лясных адносін, зберажэння і аховы лесу — ў лясным заканадаўстве. Л.г. стварае базу для развіцця лясной, дрэваапрацоўчай і цэлюлозна-папяровай прамысловасці. Асн. работы лесагаспадарчай вытв-сці: высечкі догляду лесу, сяўба і пасадка лесу, догляд лясных культур, асушэнне лясных зямель, збор насення, вырошчванне лесапасадачнага матэрыялу і інш. Л.г. займаецца прамысл. вытв-сцю (перапрацоўка дробнатаварнай, нізкасартавой драўніны і адходаў Л.г.), а таксама зборам дзікарослых пладоў, ягад, грыбоў, лек. і тэхн. сыравіны. На Беларусі землі ляснога фонду займаюць 9,2 млн.га, або 44,3% яе тэрыторыі; з іх уласна лясы складаюць 7,4 млн.га (35,4%). Асн. дрэвавыя пароды: хвойныя (хвоя, елка) — 65%, цвердалістыя (граб, дуб, ясень, клён) — 4% і мяккалістыя (бяроза, асіна, вольха і інш.) — 31%. Агульны запас драўніны на корані складае 1,1 млрд.м³, штогадовы сярэдні прырост — 25 млн.м³, запас драўніны спелых насаджэнняў — 75 млн.м³. Кіруе Л.г. Міністэрства лясной гаспадаркі, якому падпарадкавана 74% зямель ляснога фонду. Астатнія замацаваны за с.-г. прадпрыемствамі і інш. карыстальнікамі. Асн.адм.-гасп. адзінка — лясгас (у 1998 было 88 лясгасаў). Выконваюць усе лесагасп. работы і ажыццяўляюць кантроль за выкарыстаннем лесасыравінных рэсурсаў лясніцтвы. Штогод высечка лесу праводзіцца на пл. 26 тыс.га. Значная ч. драўніны ідзе на перапрацоўку. У 1997 нарыхтавана 11,6 млн.м³ драўніны. Экспартуецца дробнатаварная драўніна (дыяметрам 6—13 см): балансы для цэлюлознапапяровай прам-сці, руднічная стойка для шахтаў. Доля экспарту піламатэрыялаў у 1997 склала 38%, або 115,7 тыс.м³.
За пасляваенны перыяд лясістасць тэр. Беларусі ў выніку лесаразвядзення і лесааднаўлення павялічылася з 21% да 36%. На 1 жыхара рэспублікі прыпадае 0,73 га і 108 м³ лесу, што ў 2 разы вышэй за сярэднееўрап. ўзровень. Спецыфічнымі асаблівасцямі лясоў Беларусі з’яўляюцца: перавага маладых і сярэднеўзроставых насаджэнняў (81%), забалочанасць (15%) і радыеактыўнае забруджванне (23,3%). На землях, забруджаных радыенуклідамі, агульнай пл. 1723,3 тыс.га (на 1.1.1998) штогод праводзіцца лесааднаўленне і залясенне. У цэлым па рэспубліцы лесааднаўленне і залясенне ў 1997 праведзена на пл. 24,3 тыс.га, у т. л. 5,5 тыс.га на тэрыторыі забруджанай радыенуклідамі. Лесапасадачны матэрыял вырошчваецца ў 180 лясных гадавальніках. Штогод нарыхтоўваецца каля 140 т насення дрэвавых і хмызняковых парод. У 1997 лясгасамі нарыхтавана 1550 т ягад (журавіны, брусніцы, чарніцы), 203 т грыбоў, 37 тлек. сыравіны і 38 т мёду. Аб’ектамі палявання з’яўляюцца лось, алень, дзік, казуля, вавёрка, заяц, куніца, ліс чырвоны, андатра, норка, воўк, барсук, рысь, выдра, янотападобны сабака, глушэц, цецярук, курапатка, качка і інш. У 301 паляўнічай гаспадарцы працуе 131 спецыяліст-паляўніцтвазнавец і 986 штатных егераў. З 1991 у лясных угоддзях Беларусі арганізуюцца туры для замежных паляўнічых.
Навук.-даследчую работу па пытаннях Л.г. праводзяць у Ін-це лесу Нац.АН Беларусі, Бел.тэхнал. ун-це і інш. Даследуюцца праблемы гібелі лясных насаджэнняў ад пажараў, уздзеяння неспрыяльных умоў надвор’я, пашкоджання дзікімі жывёламі, хвароб лесу і інш. Праводзяцца мерапрыемствы па ахове лесу ад шкоднікаў і хвароб. У 1997 біял. метад аховы выкарыстаны на пл. 16,1 тыс.га лясных насаджэнняў, хім. — 3,4 тыс.га. Гл. таксама Лесаводства, Лесазнаўства.
Літ.:
Рублевский С.А. Управление лесами и лесным хозяйством Белорусской ССР. Мн., 1979;
Янушко А. Д., Желибо Б. Н. Интенсификация лесного хозяйства Белоруссии и ее эффективность. Мн., 1975.
Р.Р.Паўлавец.
Да арт.Лясная гаспадарка. Сярэднеўзроставае клянова-асінавае насаджэнне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЛАДЗЕ́ЧАНСКІ РАЁН.
На ПнЗ Мінскай вобл. Утвораны 15.1.1940. Пл. 1,4 тыс.км². Нас. 49,2 тыс.чал. (1998, без г. Маладзечна), гарадскога 11,8%. Сярэдняя шчыльн. 35 чал. на 1 км². Цэнтр — г.Маладзечна. Уключае: г.п.Радашковічы, 278 сельскіх населеных пунктаў, Радашковіцкі пасялковы Савет і 14 сельсаветаў: Аляхновіцкі, Гарадзілаўскі, Гарадоцкі, Граніцкі, Красненскі, Лебедзеўскі, Маркаўскі, Мясоцкі, Палачанскі, Радашковіцкі, Хажоўскі, Хоўхлаўскі, Цюрлёўскі, Чысцінскі.
Большую частку тэр. раёна займаюць Ашмянскае ўзвышша і Мінскае ўзвышша, паўн.ч. ў межах Нарачана-Вілейскай нізіны. Паверхня ўзгорыста-раўнінная, месцамі градавы рэльеф. Агульны нахіл на ПнЗ. Пераважныя выш. 150—300 м, найвыш. пункт 320 м (каля в. Дубрава Аляхновіцкага с/с). Карысныя выкапні: торф, пясчана-жвіровая сумесь, буд. пяскі, гліны, мінер. вада. Сярэдняя т-растудз. -6,4 °C, ліп. 18 °C. Ападкаў 602 мм за год. Вегетац.перыяд 189 сут. Найб. рэкі: Бярэзіна (бас.р. Нёман), Уша з прытокамі Цна, Гадзея, Тур’я; Рыбчанка, Вілія. Васькаўскае вадасховішча. На У галоўны канал Вілейска-Мінскай воднай сістэмы. Глебы пераважна дзярнова-падзолістыя (57,6%), тарфяна-балотныя (18,1%) і дзярнова-падзолістыя забалочаныя (14,4%). Пад лесам 33% тэрыторыі Лясы хваёвыя, яловыя, бярозавыя, альховыя і інш., 1/4 з іх — штучныя насаджэнні. Найб. лясістасць на Пн, дзе вылучаецца вял. лясны масіў Ярэўская пушча. Балоты займаюць 18,4 тыс. га. Найб. балотныя масівы Бярэзінскае балота і Масцішча. Заказнікі мясц. значэння: бат. Арніка горная, біял. Бортнік. Помнікі прыроды мясц. значэння: хвойнік з возерам у Красненскім лясніцтве каля в. Раёўка, хвоя веймутава і звычайная ў Маладзечанскім лясніцтве; паркі — Беразінскае, Маліноўшчына (з алеяй хвоі веймутавай), Якімоўшчына.
Агульная пл.с.-г. угоддзяў 75,6 тыс. га, з іх асушаных 16,7 тыс. га. На 1.1.1999 у раёне 18 калгасаў, 39 фермерскіх гаспадарак, зверагаспадарка, Маладзечанская птушкафабрыка, адкрытае акц.т-ва «Маладзечанская аграхімія», рыбгас «Ізабеліна». Асн. кірункі сельскай гаспадаркі: мяса-малочная жывёлагадоўля, развітая збожжавая гаспадарка, бульбаводства, ільнаводства. Вырошчваюць кармавыя культуры, агародніну. Прадпрыемствы лёгкай, харч., буд. матэрыялаў, паліўнай, першаснай апрацоўкі лёну і цэлюлозна-папяровай прам-сці. Па тэр. раёна праходзяць чыгункі Мінск—Вільнюс, Ліда—Полацк, аўтадарогі Мінск—Вільнюс, Маладзечна—Вілейка—Мядзел, Маладзечна—Валожын. У раёне 17 сярэдніх, 14 базавых, 6 пач., 6 муз., маст. школы, 2 ПТВ, дом дзіцячай творчасці, дзіцяча-юнацкі клуб фіз. падрыхтоўкі, 28 дашкольных устаноў, 31 дом культуры, 6 клубаў, 43 б-кі, 7 бальніц, 2 паліклінікі, 9 амбулаторый, 27 фельч.-ак. пунктаў, санаторый «Сасновы Бор». Купалаўскі мемарыяльны запаведнік«Вязынка» з філіялам літ. музея Я.Купалы ў в. Вязынка, філіял літ. музея М.Багдановіча ў в. Ракуцёўшчына, літ.-краязнаўчыя музеі ў в. Гарадок і в. Плябань. Арх. помнікі: Троіцкі касцёл і брама (1701—04) і царква (1886) у в. Беніца; Феадосьеўская царква (1866) у в. Гарадзілава; вадзяны млын (канец 19 — пач. 20 ст.) і царква (2-я пал. 19 ст.) у в. Гарадок; Петрапаўлаўская царква (1871) у в. Груздава; касцёл (1912) і Пакроўская царква (1889) у в. Краснае; капліца (пач. 20 ст.) і Крыжаўзвіжанская царква (1869) у в. Лебедзева; сядзіба (2-я пал. 19 ст.) у в. Маліноўшчына; царква (1860) у в. Маркава; сядзібны дом (пач. 20 ст.) у в. Мясата; касцёл Роха (канец 18 ст.) і царква (2-я пал. 19 ст.) у в. Палачаны; касцёл (пач. 20 ст.) у в. Плябань; капліца (1935) у в. Раёўка; капліца і касцёл Дзевы Марыі (2-я пал. 18 ст.) у в. Хоўхлава; сядзіба (канец 19 ст.) у в. Яхімоўшчына. Выдаецца «Маладзечанская газета».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕДЫЯВІ́СТЫКА (ад лац. medius сярэдні + aevum век, эпоха),
галіна гіст. навукі, якая вывучае гісторыю сярэдніх вякоў, пераважна ў Зах. Еўропе. Гісторыю зах.-еўрап. краін пасля падзення Рым. імперыі асвятлялі сярэдневяковыя гіст. творы — гісторыі, хронікі, аналы, біяграфіі, агіяграфія, у аснове гіст. канцэпцыі якіх ляжаў хрысц.правідэнцыялізм. У 15—16 ст.італьян. гуманісты вылучылі гісторыю сярэдніх вякоў у асобны перыяд, указалі на сістэму феодаў і феад. раздробленасць як на яго характэрныя рысы. Гісторыкі эпохі Асветніцтва ўвялі ў навуку паняцце феадалізм, у 18 ст. вылучылі М. ў асобную гіст. дысцыпліну. На мяжы 18—19 ст. у зах.-еўрап. гістарыяграфіі ўзнікла «рамантычная» плынь, прадстаўнікі якой (Ю.Мёзер, Ж. дэ Местр, Э.Бёрк і інш.) ідэалізавалі сярэдневякоўе, рацыяналізму асветнікаў проціпастаўлялі правідэнцыялізм. Вучоныя 1-й пал. 19 ст. (французы Ф.Гізо, А.Цьеры, Ж.Мішле, англічанін Т.Карлайл, немец В.Цымерман і інш.) вывучалі пераважна паліт. падзеі, юрыд. нормы, дзейнасць выдатных асоб. У Расіі М. як навука склалася ў 1830—40-я г. (Ц.М.Граноўскі). Да паліт. кірунку ў рас. М. належалі П.М.Кудраўцаў, С.В.Яшэўскі, У.І.Гер’е, М.А.Асокін і інш. Яе сац.-эканам. праблемы вывучалі І.В.Лучыцкі, М.І.Карэеў, М.М.Кавалеўскі, праблемы культуры — М.С.Карэлін, Л.П.Карсавін і інш.Асн. кірункамі сусв. М. 2-й пал. 19 ст. былі паліт. (Ф.Дан, Г. фон Зібель), гісторыка-прававы (Г.Л.Маўрэр, У.Стэбс, Г.Мэн) і пазітывісцкі (Н.Д.Фюстэль дэ Куланж, І.Тэн, Г.Мано). Марксізм, які трактуе сярэдневякоўе як час панавання феадалізму і разглядае яго як адну з грамадска-эканам. фармацый, паўплываў на сав. медыявістаў 1920—80-х г. (Я.А.Касмінскі, М.П.Грацыянскі, А.І.Няўсыхін, С.Д.Сказкін і інш.) і некаторых еўрап. даследчыкаў. На ўзровень канцэптуальнага асэнсавання сярэдневякоўя М. вывелі франц. вучоныя М.Блок і Л.Феўр, якія з 1929 выдавалі час. «Annales d’histoire économique et sociale» («Аналы эканамічнай і сацыяльнай гісторыі»), Склалася «Аналаў» школа, на базе якой аформілася некалькі плыней, у т. л. «татальная гісторыя» (Ж.Ле Гоф), што вывучае матэрыяльную, духоўную, інтэлектуальную культуру і з’явы паўсядзённасці як адзіны комплекс, «гісторыя ментальнасцей» (Ж.Дзюбі, У.Раўльф), што арыентуецца на праблемы сац. псіхалогіі і светаўспрымання. Блізкія да іх сучасныя кірункі «новай сацыяльнай гісторыі» ў ЗША, Вялікабрытаніі і інш. краінах. У СССР падобныя даследаванні праводзілі М.М.Бахцін, А.Я.Гурэвіч, Ю.Л.Бяссмертны і інш.
У Беларусі навук. вывучэнне сярэдневякоўя вядзецца з 18 ст. На высокім узроўні выкладалася гісторыя сярэдніх вякоў у Віленскім ун-це. У 1756 з’явілася праца Ф.Папроцкага «Еўропа са старажытнейшых часоў». Сістэматычныя курсы па М. ў сярэдзіне 19 ст. склаў А.Здановіч. У 20 ст. цэнтрам даследаванняў па М. стала кафедра гісторыі стараж. свету і сярэдніх вякоў БДУ (у 1934—55 — кафедра гісторыі сярэдніх вякоў). З 1920-х г. школу бел. М. ўзначальваў У.М.Перцаў. Праблемы гісторыі каталіцкай царквы, пачатку рэфармацыі, вальнадумства ў сярэдневяковай Еўропе даследаваў Г.М.Ліўшыц. Сярэдневякоўе Чэхіі вывучала Н.А.Гусакова, міжнар. адносіны ў познім сярэдневякоўі — Ю.Я.Івонін. Сучасная бел. М. вызначаецца шырокім спектрам праблематыкі, разнастайнасцю метадалаг. падыходаў. Сац. адносіны ў сярэдневяковай Еўропе даследуюць В.І.Гарамыкіна і Я.Р.Рыер, гісторыю Візантыі і Польшчы — Л.П.Сушкевіч, гісторыю каталіцкай царквы — В.А.Фядосік, духоўную культуру ранняга сярэдневякоўя — І.А.Еўтухоў, сярэдневяковы побыт і ранні гуманізм — А.Дз.Смірнова, сярэдневяковую гісторыю Брытаніі — А.І.Малюгін, франкскай Дзяржавы — А.М.Сурта, праблемы Адраджэння — А.П.Вахніна. Пра вывучэнне гісторыі сярэдневяковай Беларусі гл. ў арт.Гістарыяграфія.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІЁРСКІ РАЁН.
На ПнЗ Віцебскай вобл. Утвораны 15.1.1940. Пл. 1,8 тыс.км². Нас. 33,3 тыс.чал. (1998), гарадскога 36%. Сярэдняя шчыльн. 19 чал. на 1 км². Цэнтр — г.Міёры. Уключае г.Дзісна, 497 сельскіх населеных пунктаў, 11 сельсаветаў: Даўгінаўскі, Дварнасельскі, Завуццеўскі, Мікалаёўскі, Новапагосцкі, Павяцкі, Перабродскі, Туркоўскі, Узмёнскі, Чэраскі, Язненскі.
Большая ч.тэр. раёна размешчана ў межах плоскай Полацкай нізіны, паўн.-зах.ч. — на адгор’ях Браслаўскай грады. 80% тэрыторыі на выш. 120—140 м, найвыш. пункт 211 м (за 5 км на ПнЗ ад в. Пераброддзе). Агульны нахіл паверхні з Пд на Пн да даліны р.Зах. Дзвіна. Карысныя выкапні: торф, сапрапелі, гліны і суглінкі, пясчана-жвіровы матэрыял, пяскі. Сярэдняя т-растудз. -7,2 °C, ліп. 17,5 °C. Ападкаў 586 мм за год. Вегетац.перыяд 184 сут. Найб. рэкі: Зах. Дзвіна і яе прытокі Дзісна з Авутай, Волта, Мёрыца, Вята, Друйка. Шмат азёр. Найб. з іх: Абстэрна, Ельня, Набіста, Важа, Орцы, Вялікае Язна, Ілава, Мёрскае, Шчоўна, Чэрас. Пераважаюць глебы: дзярнова-падзолістыя забалочаныя (49,9%), дзярнова-падзолістыя (34%), дзярновыя і дзярнова-карбанатныя забалочаныя (9,2%). Пад лесам 26,5% тэр. раёна. Лясныя ўчасткі размеркаваны раўнамерна, пераважна з хвоі, елкі, бярозы, чорнай вольхі, трапляюцца асінавыя, шэраальховыя, дубовыя, ясянёвыя. Пад балотамі 16,6% тэр. раёна. Найб. балотныя масівы Ельня, Мох, Стрэчна, Буянава, Кіслаўскае 2-е. Заказнікі гідралагічныя рэсп. значэння — Ельня і Балота Мох, мясц. значэння — Жада (Стрэчна), Пожанькі, Жарсцвянка, Крупаўшчына, Ліпаўка. Помнікі прыроды: рэсп. значэння — Дуброва чыстая ў Язненскім лясніцтве; мясц. значэння — астравы Гарадзішча і Церанцейка, валун каля в. Кублішчына, крыніца «Святая вада» каля в. Вісяты.
Агульная пл.с.-г. угоддзяў 84,3 тыс.га, з іх асушаных 33,5 тыс.га. На 1.1.1999 у раёне 23 калгасы, 3 саўгасы, 40 фермерскіх гаспадарак. Асн. кірункі сельскай гаспадаркі: мяса-малочная жывёлагадоўля, свінагадоўля, збожжавая і зернебабовая гаспадарка, ільнаводства; вырошчваюць рапс, кармавыя буракі, бульбу. Прадпрыемствы харч. (мясныя, каўбасныя, малочныя вырабы, кансервы садавіна-агароднінныя, рыбныя і інш.), буд. матэрыялаў (цэгла), пачатковай апрацоўкі лёну (ільновалакно), камбікормавай, дрэваапр. (піламатэрыялы) прам-сці. Па тэр.. раёна праходзяць: чыгунка Друя—Варапаева; аўтадарогі Браслаў—Полацк, Верхнядзвінск—Шаркаўшчына, Дзісна—Лужкі, Дзісна—Германавічы; нафта- і нафтапрадуктаправод Полацк—Вентспілс (Латвія). Суднаходства па Зах. Дзвіне. У раёне 17 сярэдніх, 9 базавых, 9 пач. школ, школа-інтэрнат, вучэбна-вытворчы камбінат, 24 дашкольныя ўстановы, 35 дамоў культуры і клубаў, 42 б-кі, 4 бальніцы, амбулаторыя, 2 паліклінікі, 33 фельч.-ак. пункты, санаторый. Гіст.-этнагр. музей. Помнікі архітэктуры: царква (2-я пал. 19 ст.) у в. Галомысла; сядзіба (1810—20-я г.) у в. Дзедзіна, царква (сярэдзіна 19 ст.) і касцёл (1-я пал. 20 ст.) у в. Ідолта, Мікалаеўская царква (канец 19 ст.) у в. Калінавая, сядзіба (19 — пач. 20 ст.) у в. Камянполле, Троіцкая царква (пач. 20 ст.) у в. Кублішчына, Троіцкая царква (1774) і сядзіба (2-я пал. 18 — пач. 19 ст.) у в. Лявонпаль, царква (пач. 20 ст.) у в. Ніўнікі, Мікалаеўская царква (2-я пал. 19 ст.) у в. Новы Пагост, Пакроўская царква (сярэдзіна 19 ст.) у в. Сцефанполле, Мікалаеўская царква (2-я пал. 19 ст.) у в. Узмёны, Крыжаўзвіжанская царква (1864—67) у в. Цвеціна, Мікалаеўская царква (2-я пал. 19 ст.) у в. Чэрасы, Праабражэнская царква (канец 19 — пач. 20 ст.) у в. Язна. За 0,8 км ад в. Лявонпаль па дарозе на г. Верхнядзвінск, помнік гісторыі — мемарыяльная калона ў гонар Канстытуцыі 3 мая 1791 — асн. закона Рэчы Паспалітай (канец 18 ст.). Выдаецца газ. «Сцяг працы».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЯ́ДЗЕЛЬСКІ РАЁН.
Размешчаны на ПнЗ Мінскай вобл. Утвораны 15.1.1940 (у сучасных межах з 1962). Пл. 2 тыс.км². Нас. 37,2 тыс.чал. (1998), гарадскога 36,8%. Сярэдняя шчыльн. 18 чал. на 1 км². Цэнтр. — г.Мядзел. Уключае г.п.Крывічы і Свір, курортны пас.Нарач, 306 сельскіх населеных пунктаў, Крывіцкі і Свірскі пасялковыя Саветы, 12 сельсаветаў: Будслаўскі, Дзягільскі, Занарачанскі, Княгінінскі, Латвянскі, Мядзельскі, Нарачанскі, Пузырэўскі, Сваткаўскі, Слабадскі, Старагабскі, Сырмежскі.
Большая ч.тэр. раёна размешчана на Нарачана-Вілейскай нізіне, паўн.ч. ў межах Свянцянскіх град. Паверхня пераважна спадзістахвалістая, 90% яе знаходзіцца на выш. 160—200 м, найвыш. пункт 234 м (на У ад курортнага пас. Нарач). Карысныя выкапні: торф, сапрапель, пясчана-жвіровы матэрыял, буд. пяскі, гліны, мінер. воды. Сярэдняя т-растудз. -6,7 °C, ліп. 17,3 °C. Ападкаў 660 мм. Вегетац.перыяд 187 сут. Найб. рэкі Страча, Нарач, Вял. Перакоп, Вузлянка, Сэрвач (бас. Віліі), Мядзелка (бас. Дзісны). Найб. азёры: Нарач, Свір, Мядзел, Мястра, Баторына, Бледнае. Пераважаюць глебы: дзярнова-падзолістыя (43,6%), тарфяна-балотныя (22,5%), дзярнова-падзолістыя забалочаныя (21,6%), дзярновыя і дзярнова-карбанатныя забалочаныя (10,6%). Пад лесам 42,7% тэр. раёна, пераважна на Пд і ПдЗ. Лясы хваёвыя, бярозавыя, яловыя, альховыя і інш. Пад балотамі 11,2 тыс.га. На тэр. раёна нац. парк Нарачанскі, заказнікі рэсп. значэння: біял. — Некасецкі, Пасынкі, Рудакова, гідралагічны Чарэмшыца, ландшафтны — Блакітныя Азёры. Ахоўваемыя тарфянікі: Баравікі, Баркаўшчызна, Беразнякі, 40 гадоў Кастрычніка, Пронькі, Радняк, Свірскае — Свірнішча, Трудапольскае I, II, Ходнеўшчына, Цалевічы, Чалеі. Помнікі прыроды рэсп. значэння: бяроза карэльская (участкі каля в. Брэскія і ў Мядзельскім лясніцтве), вял камяні: Баярскі, Венцавіцкі, Высочкінскі, Гуліўскі, Красніцкі, Ляшчынскі, Мацкійскі, Пронькаўскі, Юшкавіцкі; камяні: Альшэўскі, Занарачанскі (седлавы з ямкамі), Чортаў камень Шкленікоўскі; грады (озы): Качаргінская, Лукінская, Цюкшынская; Дубовая гара; паўвыспы Наносы і Чараўкі; Студзянец (геал. агаленне), Сцепянёўскі берагавы ўступ. Помнікі прыроды мясц. значэння: паркі ў вёсках Альшэва, Будслаў, Камарова, Стары Мядзел, парк Перамогі на паўвостраве воз. Мястра; востраў на воз. Нарач, горы Барсучыха і Пуставіны; вял. камяні: Жаснянскі, Качаргінскі, Маргінаўскі; камяні Брылёўскі, Дзягільскі, Юшкавіцкі.
Агульная пл.с.-г. угоддзяў 72,9 тыс.га, з іх асушаных 22,2 тыс.га. На 1.1.1999 у раёне 16 калгасаў, 2 саўгасы, 12 фермерскіх гаспадарак, дапаможныя с.-г. прадпрыемствы Мінскага электрафурнітурнага з-да, Мінскага маторнага з-да («Дзягілі»), адкрытае акц.т-ва «Крывічы», доследная рыбная гаспадарка «Нарач», «Райаграпрамэнерга». Сельская гаспадарка спецыялізуецца пераважна на мяса-малочнай жывёлагадоўлі, ільнаводстве. Вырошчваюць збожжавыя і кармавыя культуры, бульбу. Конегадоўля. Прадпрыемствы харч. і харчасмакавай (рыбныя кансервы, масла, спірт, віно, напіткі), металаапр., буд. і кааператыўнай прам-сці. Па тэр. раёна праходзяць: чыг. Маладзечна—Полацк, аўтадарогі на Мінск, Полацк, Вільнюс, Паставы, Докшыцы, Глыбокае, Вілейку, Маладзечна. У раёне 19 сярэдніх, 9 базавых, 2 пачатковыя, 4 муз., спарт. школы, школа-інтэрнат, цэнтр эстэт. выхавання, Дом дзіцячай творчасці, Дом фальклору, ПТВ, 19 дашкольных устаноў, 32 клубы, 48 б-к, 6 бальніц, 3 урачэбныя амбулаторыі, паліклініка, 22 фельч.-ак. пункты. Курорт Нарач з санаторыямі «Нарач», «Баравое», «Белая Русь», «Будаўнік», «Журавушка», «Прыазёрны»; дом адпачынку «Нарач»; пансіянаты «Спадарожнік» і «Сосны»; турбаза «Возера Нарач», аўтатурбаза «Нарачанка». Раённы музей нар. славы. Помнікі архітэктуры: сядзіба (1887—93) у в. Альшэва; касцёл бернардзінцаў і плябанія (2-я пал. 18 ст.) у в. Будслаў; Успенская царква (1820-я г.) у в. Вузла; Троіцкі касцёл і кляштар кармелітаў (1713—14) у в. Засвір; сядзіба (пач. 20 ст.) у в. Камарова; касцёл (2-я пал. 19 ст.) у в. Канстанцінава; царква (19 ст.) у в. Княгінін; Андрэеўскі касцёл, званіца, плябанія (пач. 20 ст.) і царква (2-я пал. 49 ст.) у в. Нарач; царква (канец 19 ст.) у в. Слабада; касцёл Маці Божай і званіца (на мяжы 18—19 ст.) у в. Шэметава. Выдаецца газ. «Нарачанская зара».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАВАГРУ́ДСКІ РАЁН.
Размешчаны на У Гродзенскай вобл. Утвораны 15.1.1940 (у сучасных межах з 1962). Пл. 1,7 тыс.км². Нас. 58 тыс.чал. (2000), гарадскога 55%. Сярэдняя шчыльн. 34 чал. на 1 км². Цэнтр — г.Навагрудак. Уключае г.п.Любча, 215 сельскіх населеных пунктаў, Любчанскі пасялковы Савет і 14 сельсаветаў: Асташынскі, Ацмінаўскі, Бенінскі, Валеўскі, Ваўковіцкі, Вераскаўскі, Гарадзечанскі, Кашалёўскі, Ладзеніцкі, Нягневіцкі, Пятрэвіцкі, Уселюбскі, Шчорсаўскі, Ятраўскі.
Большая ч.тэр. раёна размешчана на Навагрудскім узвышшы, уздоўж р. Нёман — Верхнянёманская нізіна. Паверхня буйнаўзгорыстая і платопадобная, пераважна на выш. 150—250 м, найвыш. пункт 323 м (Замкавая гара). Карысныя выкапні: мел, пясчана-жвіровы матэрыял, гліны і суглінкі для грубай керамікі, пяскі, торф, сапрапель. Сярэдняя т-растудз. -6,5 °C, ліп. 17,4 °C. Ападкаў 706 мм за год (макс. на Беларусі). Вегетац.перыяд каля 190 сут. Найб.р. Нёман з прытокамі Валоўка, Пліса, Крамушаўка, Ізва; на Пдр. Нёўда (прыток Сэрвачы). Возера Свіцязь. Пераважаюць глебы дзярнова-падзолістыя (56,4%), дзярнова-падзолістыя забалочаныя (12,2%), тарфяна-балотныя (10,6%) дзярновыя і дзярнова-карбанатныя забалочаныя (10,4%). Пад лесам 38,6% тэр. раёна. Найб. лясныя масівы на З па даліне р. Нёман (ч. Нёманскіх лясоў), на У часткі Налібоцкіх лясоў і Графскай пушчы. Лясы хваёвыя, яловыя, бярозавыя, дубовыя і інш. Пад балотамі 3,4 тыс.га. Заказнікі рэсп. значэння: ландшафтныя Навагрудскі і Свіцязянскі, частка біял. заказніка Налібоцкі; біял. заказнік мясц. значэння Бярозаўскі. Помнікі прыроды рэсп. значэння: Уселюбскі парк, дуб-трайнік і дуб, які зросся з хвояй, у Свіцязянскім лясніцтве; Пуцэвіцкая гара, геал. разрэз Камарышкі каля в. Уселюб, Запольскія 2 камлыгі, Літоўскі вял. камень са знакамі, Пліскія 3 вял. камяні, Святы камень Сянежыцкі, валун ва Уселюбскім парку; мясц. значэння: гара Капліца, Ятраўская гара, Кашалёўскія пагоркі, пагорак Старыя Лагадкі, 2 валуны Лукінскія, дуб Адама Міцкевіча.
Агульная пл.с.-г. угоддзяў 69,3 тыс.га (42%), з іх асушаных 18,4 тыс.га. На 1.1.2000 у раёне 15 калгасаў, 2 саўгасы, калект.сял. гаспадарка «Уселюб», с.-г. прадпрыемства «Камунар», аграпрадпрыемства імя А.Міцкевіча, аграгандлёвае прадпрыемства «Свіцязь», 5 фермерскіх гаспадарак. Сельская гаспадарка спецыялізуецца на мяса-малочнай жывёлагадоўлі, свінагадоўлі, вырошчванні збожжавых і кармавых культур, ільнаводстве, бульбаводстве. Прадпрыемствы харч. і харчасмакавай (натуральнамалочныя прадукты, масла, сыр, віно, піва, спірт, рыбныя прадукты і інш.), буд. матэрыялаў (цэгла), дрэваапр. (піламатэрыялы), металаапр. (метал. сетка, шафы, цвікі), швейнай і валюшна-лямцавай прам-сці; Навагрудскі завод газавай апаратуры, лясгас. Па тэр. раёна праходзяць аўтадарогі Баранавічы—Навагрудак—Іўе, Нясвіж—Навагрудак—Ліда, Навагрудак—Наваельня, Любча—Навагрудак—Дзятлава; адгалінаванне газаправода Бярозаўка—Навагрудак. У раёне 23 сярэднія, 12 базавых, 4 пачатковыя, 2 дзіцяча-юнацкія спарт., 2 муз. (5 філіялаў) школы, школа-сад, школа-інтэрнат, спецшкола для дзяцей з цяжкімі парушэннямі мовы; цэнтры: пазашкольнай работы, тэхн. творчасці, экалогіі і біялогіі, турызму і краязнаўства, карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі; дзярж.гандл.-эканам. каледж, с.-г. тэхнікум, ПТВ, 26 дашкольных устаноў, 48 клубаў, 49 б-к, 8 бальніц, скурвендыспансер, 2 паліклінікі, 31 фельч.-ак. пункт. На тэр. раёна размешчаны рэсп. псіханеўралагічная бальніца (в. Гірдаўка), рэсп. Дом дзіцяці для дзяцей з парушэннямі цэнтр.нерв. сістэмы (г.п. Любча), Дом-інтэрнат (абласны) для ветэранаў вайны і працы (в. Карнышы). Навагрудскі гісторыка-краязнаўчы музей, Міцкевіча Адама дом-музей, Валеўскі народны гіст.-краязнаўчы музей, музей Любчанскага краю, музей партызанскай славы (у в. Чарэшля). Помнікі архітэктуры: Петрапаўлаўская царква (18 ст.) у в. Валеўка, жылы дом і царква (19 ст.) у в. Дзяляцічы, царква (1877) у в. Загор’е-Сенненскае, Успенская царква (1768) у в. Лаўрышава, Мікалаеўская царква (1861) у в. Нягневічы, царква (1895) у в. Поўбераг, парк (18 ст.) у в. Уселюб, Дзмітрыеўская царква (1776) і сядзіба (2-я пал. 18—19 ст.) у в. Шчорсы. Выдаецца газ. «Новае жыццё».
Літ.:
Памяць: Гіст.-дак. хроніка Навагрудскага р-на. Мн., 1996.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАЦЫЯНАЛІ́ЗМ,
ідэалогія, палітыка і практыка ў нац. пытанні, заснаваныя на прызнанні нацый як вышэйшай формы грамадскага адзінства, прыярытэту нац. фактара над сац. у жыццядзейнасці і грамадстве. Існуюць розныя падыходы да разумення прыроды, умоў узнікнення, зместу і функцый Н. У зах. філасофіі і сацыялогіі нац. разглядаецца найперш як духоўнае, а паняцце «Н.» як пэўная самадастатковая суверэнная сіла. Г.Кон, Б.Шэйфер (ЗША), А.Швейцэр (Германія — Францыя), Ж.Мішэль (Францыя) вызначалі Н. як фанатычную прыхільнасць да сваёй нац. супольнасці, прызнанне нац. дзяржавы ідэальнай формай арганізацыі грамадства. Рас. мысліцелі Я.М.Трубяцкой і І.А.Ільін сапраўдным Н. лічылі адданасць чалавека свайму народу, краіне, а лжывым Н. — нянавісць і пагарду да інш. народаў. М.А.Бярдзяеў адрозніваў Н. агрэсіўны, заалагічны, разбуральны і Н. творчы, культ., стваральны. Л.Доўбу, Р.Эмерсан, Р.Страўс-Хупе (ЗША) ставяць знак роўнасці паміж Н. і патрыятызмам, нац. і нацыяналістычным і сцвярджаюць, што нацыяналіст — гэта грамадзянін, які ўсведамляе свой абавязак перад Радзімай. У марксісцкай л-ры Н. вызначаецца як адзін з прынцыпаў ідэалогіі і палітыкі, што заключаецца ў абсалютызацыі нац.-этн. моманту ў жыцці і свядомасці народаў; пры гэтым вылучаюць Н. пануючых нацый у форме дзярж. шавінізму і Н. прыгнечаных народаў, які садзейнічае барацьбе за незалежнасць.
У перыяд фарміравання нацый і нац. дзяржаў у Зах. Еўропе і ЗША разам з лозунгам дэмакратыі Н. з’яўляўся ідэйным сцягам буржуазіі ў барацьбе супраць феадалізму і нац. прыгнёту, за стварэнне агульнанац. рынку і ўсталяванне свайго панавання ў нац. рамках. У гэтым плане, асабліва ў барацьбе супраць каланіялізму, Н. адыграў станоўчую ролю ў станаўленні нацый, іх кансалідацыі, вызваленні прыгнечаных народаў, іх нацыянальным самавызначэнні, захаванні і развіцці іх самабытнасці і інш. Існуюць і крайнія формы выяўлення нац. інтарэсаў, якія могуць перарастаць у сваю процілегласць — у пачуццё нац. выключнасці, перавагі над інш. нацыямі, параджаць імкненне да нац. замкнёнасці, адасобленасці, нац эгаізму і інш. праяўленняў Н Як ідэалогія і псіхалогія Н. уключаецца ў індывід. і розныя формы грамадскай свядомасці (палітыка, мараль, права, рэлігія, мастацтва, філасофія). У сучаснай навуцы вылучаюць такія тыпы і формы Н., як індывідуальны і групавы, бытавы (грубы) і «інтэлігентны», свецкі і рэліг., «чужы» і «сваёй» нацыянальнасці. Н. нац. большасці і нац. меншасці, прыгнечаных і пануючых нацый, вял. і малых нацыянальнасцей, Н. вызваленчы, месіянскі, мясцовы, расавы, фашысцкі, дзярж.-бюракратычны і інш.
Ідэалогія і практыка вялікадзярж. шавінізму і ваяўнічага Н. садзейнічаюць разбурэнню роўнасці, справядлівасці і павагі ў адносінах паміж людзьмі і народамі, спараджаюць сепаратызм, міжнац. і міжэтн. канфлікты, экстрэмізм, кровапралітныя войны; нярэдка яны набываюць форму касмапалітызму, нігілістычных адносін да нац. культур і традыцый. У краінах Зах. Еўропы Н. найчасцей выступае ў форме этн. сепаратызму, у краінах Азіі, Афрыкі і Лац. Амерыкі — знаходзіцца на ўзбраенні антыкаланіяльнага руху. Ажыўленне Н. ў краінах СНД, у т. л. на Беларусі, у канцы 20 ст. адбывалася ва ўмовах барацьбы розных сац. і паліт. сіл па праблемах арыентацыі грамадскага развіцця пасля распаду СССР.
У пераадоленні крайніх форм Н. важнае значэнне маюць паслядоўная дэмакратызацыя нац. адносін, прызнанне прынцыпу роўнасці ўсіх народаў, моў і культур, своечасовае вырашэнне эканам. і сац.-культ. праблем у грамадстве з улікам інтарэсаў нацый і этн. меншасцей, нац. пачуццяў людзей. Вял. ролю ў гэтым адыгрываюць этн., ментальныя, светаадчувальныя, светапоглядныя і інш. асаблівасці і традыцыі народаў (гл.Інтэрнацыяналізм, Менталітэт, Светапогляд).
Літ.:
Поздняков Э.А. Национализм. Национальные интересы. М., 1994;
Сміт Э. Нацыяналізм у дваццатым стагоддзі: Пер. з англ.Мн., 1995;
Этнические и этносоциальные категории. М., 1995;
Беларуская думка XX ст.: Філасофія, рэлігія, культура: (Анталогія). Варшава, 1998;
Джунусов М.С. Национализм: Словарь-справ. М., 1998.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕТРАДЫЦЫ́ЙНЫЯ КРЫНІ́ЦЫ ЭНЕ́РГІІ,
узнаўляльныя крыніцы энергіі, якія не адносяцца да найб. пашыраных традыц. крыніц энергіі: цеплавых, атамных і гідраўлічных (акрамя зусім малых) электрастанцый. Н.к.э. звычайна лічаць энергію сонца, ветру, малых рэк і вадасховішчаў, біямасы, сціснутага прыроднага газу.
Геліяэнергетыка грунтуецца на выкарыстанні сонечнай радыяцыі. Існуюць розныя спосабы пераўтварэння сонечнай энергіі (цеплавы, фота- і тэрмаэлектрычны, тэрмаэмісійны) у геліяўстаноўках (гл. таксама Геліятэхніка). Найб. пашыраны выпуск і выкарыстанне геліяэнергет. абсталявання ў Швецыі, Вялікабрытаніі, Германіі. Ветразнергетыка займаецца пераўтварэннем энергіі ветру ў эл., мех. і цеплавую энергію з дапамогай ветраэнергетычных установак (ВЭУ). Яе асновай з’яўляюцца ветраэлектрычныя станцыіНайб. развіта ў ЗША, ФРГ, Індыі, Даніі. Магутнасць традыц. лопасцевых ВЭУ, што падключаны да энергасетак свету, перавышае 6000 МВт (1996). Малая гідраэнергетыка выкарыстоўвае мех. энергію воднага патоку малых рэк і вадасховішчаў пераважна для выпрацоўкі электраэнергіі (гл.Гідраэнергетыка). Будуюцца пераважна нізканапорныя гідраэлектрычныя станцыі (мікрагэс) з гідраагрэгатамі малой магутнасці. Энергія біямасы (драўніны, мясц. відаў паліва, адходаў вытв-сці і бытавых, біягазу жывёлагадоўчых комплексаў і птушкафабрык) пераўтвараецца з дапамогай катлоў у цяпло (ідзе на цеплазабеспячэнне. вытв. патрэбы), з дапамогай газагенератараў — у гаручы газ (выкарыстоўваецца як паліва ў прамысл. пячах і інш.). Тэхналогія газіфікацыі цвёрдых быт. адходаў найб. дасканала распрацавана ў ФРГ, Японіі і інш.Энергія сціснутага прыроднага газу пры яго рэдуцыраванні на газаразмеркавальных станцыях ад 30—50 атм. да ціску 3—12 атм, пад якім газ падаецца спажыўцам, можа выкарыстоўвацца для выпрацоўкі электраэнергіі з дапамогай газарасшыральных турбін. Напр., на адной з ЦЭЦ «Мосэнерга» (Расія) укараненне энергакомплексаў з турбінамі ГНПГІ «Турбагаз» дало магчымасць на кожны 1 МВт устаноўленай магутнасці дадаткова атрымліваць 8 млн.кВтгадз электраэнергіі за год.
На Беларусі найб. спрыяльны перыяд выкарыстання геліясістэм красавік—верасень, калі з 1 м² геліякалектара можна атрымаць за суткі 90 л вады з т-рай 55—60 °C. У НВА «Белсельгасмеханізацыя» распрацаваны шэраг геліяпадагравальнікаў вытв. і быт. прызначэння, у Акад.навук. комплексе «Ін-т цепла- і масаабмену» — геліякалектары з алюмінію. у Ін-це праблем энергетыкі Нац.АН даследуецца эфектыўнасць энергазберажэння пры выкарыстанні такіх геліясістэм для гарачага водазабеспячэння. Даследаванні ветраэнергет. патэнцыялу выявілі 1800 пляцовак са спрыяльнымі ветравымі патокамі (сярэднегадавая скорасць ветру 4,7—6.1 м/с). На іх перспектыўнае выкарыстанне аўтаномных ВЭУ і ветрапомпавых установак магутнасцю да 30 кВт (пераважна с.-г. прызначэння). Распрацоўваецца ветрарухавік новага тыпу — з камбінаванымі цыліндрамі замест лопасцей для работы пры нізкіх скарасцях ветру. Спраектавана і пабудавана (1998) доследна-прамысл. ВЭУ магутнасцю 60—110 кВт для характэрных на Беларусі скарасцей ветру, распрацоўваецца ротарная ВЭУ магутнасцю 250 кВт для скарасцей ветру 2—8 м/с. У малой гідраэнергетыцы найб. спрыяльныя для выкарыстання гідрарэсурсы басейна рэк Дняпро, Зах. Дзвіна, Нёман, Днестр, Вілія, Прыпяць, Зах. Буг, а таксама малых рэк і створаў у паўн. і ўсх.ч. краіны. Буд-ваГЭС мэтазгодна на буйных (аб’ём больш за 1 млн.м³) вадасховішчах. На Вілейскім вадасховішчы працуе 1-ы блок Вілейскай ГЭС магутнасцю 1 МВт (з 1998). Магутнасць такіх ГЭС на 17 буйных вадасховішчах можа дасягнуць 6 МВт, магутнасць мікрагэс на водагасп. і меліярац. сістэмах — 1 МВт. З біямасы найб. значныя аб’ёмы драўніны (за год у катлах яе спальваюць 1—1.5 млн.м³). Асвоены выпуск газагенератараў магутнасцю 30—200 кВт для перапрацоўкі драўнінных адходаў і нізкагатунковых відаў мясц. паліва. Высокаэфектыўныя катлы выпускаюць Гомельскі з-д «Камунальнік» і Бешанковіцкі «Котламаш». Біягазу ад 275 жывёлагадоўчых комплексаў і 66 птушкафабрык краіны можна атрымліваць 1,7 млрд.м³, ад перапрацоўкі цвёрдых быт. адходаў — больш за 350 млн.м³ за год. Ўкараненне энергакомплексаў з газарасшыральнымі турбінамі на газаразмеркавальных станцыях (іх у рэспубліцы 130) можа даць электраэнергіі магутнасцю больш за 30 МВт.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛАКА́Т (ням. Plakat ад франц. placard аб’ява, афіша),
выява на буйным аркушы паперы інфармацыйнага, рэкламнага ці прапагандысцкага зместу; від графікі, графічнага дызайна. Спецыфіка маст. мовы П. — падкрэсленая кідкасць, абагульненасць форм, лаканізм, кампазіцыйны сінтэз шрыфту і выявы, выяўл. метафары, эфектныя супастаўленні вобразаў, маштабаў, ступеней умоўнасці, якія ўспрымаюцца на вял. адлегласці. Мае 3 асн. жанры: відовішчны (тэатр., цыркавы, кінаплакат і інш., гл. таксама Афіша), рэкламны, сац. (паліт., прапагандысцкі і інш.). Арыгінал П. можа быць маляваны, выкананы ў тэхніцы гравюры (часцей літаграфіі), серыграфіі, з дапамогай калажу, фатаграфіі, камп’ютэрнай тэхнікі. Размнажаюць паліграф. спосабам.
Як маст. з’ява П. пашырыўся ў 1880-я г. Пластычная мова ў вял. ступені фарміравалася пад уплывам панегірычных гравюр, гравюр-тэзісаў (вял. гравюра з тэкстамі, якія інфармавалі пра навук. дыспуты), а таксама жывапісу класіцызму. П. стваралі Э.Манэ, Гранвіль, Г.Клімт і інш. З’яўленне ў Зах. Еўропе каляровай літаграфіі ў 2-й пал. 19 ст. дазволіла ствараць кідкія шматтыражныя рэкламныя П. выяўленчага характару (Ж.Шэрэ, Т.Стэйнлен). Мастацкае афармленне П. дасягнула росквіту ў творчасці А.Тулуз-Латрэка. На мяжы 19—20 ст. набылі папулярнасць арнаментальна-дэкар. П. ў духу стылю мадэрн (А.Муха ў Чэхіі і Францыі, О.Бёрдслі ў Англіі). Новы стыль П. з выразным лаканізмам і лапідарнай сімволікай стварылі Л.Бернхард у Германіі, М.Касандр у Францыі, А.Бенуа ў Расіі. У 1930-я г. ў асобныя кірункі вылучыліся кінаплакат і паліт. П. Сярод буйнейшых мастакоў-плакатыстаў К.Кольвіц, Дж.Гартфілд (Германія), Л.Мендэс (Мексіка), А.Дайнека, Л.Лісіцкі, Дз.Маор, Кукрыніксы (Расія), І.Таідзе (Грузія). Своеасаблівай агітацыйна-паліт. хронікай былі «Окна РОСТА» (У.Маякоўскі, М.Чарамных). Вобразнай выразнасцю вылучаюцца П. А.Родчанкі, В. і Г. Стэнбергаў, Я.Цвіка (Расія). На плакатнае мастацтва моцна паўплывалі экспрэсіянізм, кубізм, канструктывізм і «Баўгауз», што праявілася ў імкненні да лаканізму пластычнай мовы праз памяншэнне колькасці графічных элементаў. У 2-й пал. 20 ст. набылі вядомасць школы П. Польшчы (Г.Тамашэўскі, С.Эйдрыгявічус, В.Свежы, М.Васілеўскі), Японіі (К.Нагаі, С.Фукуда, І.Танака, М.Тода), Чэхіі (К.Мішак, В.Растока).
На Беларусі на развіццё П. паўплывалі панегірычныя гравюры. У 19 ст. з’явіліся першыя друкаваныя тэатр. афішы. Аўтарам першага П. на бел. мове з’яўляецца Ф.Рушчыц («Першая краёвая выстаўка хатняга вырабу і народнага штукарства ў Вільні», 1913). У пач. 20 ст. да П. звярталіся Я.Драздовіч, А.Быхоўскі, Г.Змудзінскі, П.Гуткоўскі і інш. Уклад у развіццё мастацтва П. зрабіла аб’яднанне «Сцвярджальнікі новага мастацтва» (УНОВИС; Лісіцкі, М.Суэцін і інш.). П. друкаваліся ў Гомелі, Віцебску, Магілёве, Мінску і інш. гарадах. Традыцыі «Вокнаў РОСТА» прадоўжылі ў Вял.Айч. вайну плакат-газеты «Раздавім фашысцкую гадзіну» і «Партызанская дубінка». Выяўл. мова П. 1940—70-х г. адлюстроўвала агульныя тэндэнцыі развіцця тагачаснага выяўл. мастацтва. У галіне П. працавалі А.Волкаў, М.Гуціеў, Л.Замах, Т.Ігнаценка, Л.Кроль, Я.Тарас і інш. У 1966—90 выходзілі перыяд. выданні «Агітплаката». На 2-ю пал. 1980—90-х г. прыпадае высокі ўздым плакатнага мастацтва Беларусі. Сярод мастакоў гэтага перыяду М.Анемпадзістаў, У.Васюк, С.Войчанка, С.Яўлампіеў, У.Жук, Л.Кальмаева, А.Кітаева, У.Крукоўскі, Г.Мацур, А.Наважылаў, В.Смаляк, Дз.Сурскі, К.Хацяноўскі, У.Цэслер і інш.
Літ.:
Ганчароў М.І. Беларускі палітычны плакат. Мн., 1989;
Henatsch M. Die Entstehung des Plakates. Hildesheim;
Zürich;
New York, 1994.
М.Р.Баразна.
Да арт.Плакат. С.Войчанка, У.Цэслер, А.Шалюта. Ад міжнароднага года міру — да міру без войнаў і зброі. 1986.Да арт.Плакат. Г.Мацур. Францыск Скарына. 1989.Да арт.Плакат. Л.Лісіцкі. Клінам чырвоным бі белых. 1920.Да арт.Плакат. А.Кітаева. Казімір Малевіч. 1989.Да арт.Плакат. У.Цэслер, С.Войчанка. Афган. 1989.