СУРМА́ (лац. Stibium),

Sb, хімічны элемент V групы перыяд. сістэмы, ат. н. 51, ат. м. 121,76. Прыродная С. — сумесь 2 стабільных ізатопаў — ​121Sb (57,25%) і ​123Sb. У зямной кары 5∙10​−5% па масе. Трапляецца ў выглядзе мінералаў (гл. Сурмяныя руды) і самародная. Вядома з глыбокай старажытнасці; упершыню ў Еўропе ўласцівасці і спосабы атрымання С. і яе злучэнняў апісаны ў 1604 алхімікам Васілём Валенцінам. Лац. назва паходзіць ад грэч. stibi (у Стараж. Грэцыі так наз. мінерал С. — антыманіт, парашок якога выкарыстоўвалі для чарнення броваў); рус. — ад тур. sürme — назва парашку свінцовага блішчаку PbS, якім таксама «сурмілі» бровы.

Існуе ў некалькіх алатропных мадыфікацыях. Пры атм. ціску ўстойлівая метал. С. — крышт. мадыфікацыя з гексаганальнай крышт. рашоткай. Вядомы яшчэ 2 крышт. мадыфікацыі (існуюць пры высокім ціску) і 3 няўстойлівыя аморфныя — жоўтая, чорная і выбуховая (узрываецца пры ўдары або трэнні). Метал. С. — серабрыста-белыя з сіняватым адценнем і метал. бляскам зоркападобныя крышталі, шчыльн. 6690 кг/м³, tпл 630,5 °C; дыямагнетык. Крохкая; пры t>310 °C становіцца пластычнай. Устойлівая ў паветры. Раствараецца ў канцэнтраваных сернай і азотнай к-тах, царскай гарэлцы. Узаемадзейнічае з галагенамі (акрамя фтору), пры награванні (t>600 °C) з кіслародам (утварае сэсквіаксід Sb2O3), пры сплаўленні з халькагенамі і большасцю металаў (утварае антыманіды; гл. Сурмы злучэнні). Атрымліваюць пераважна асаджальнай плаўкай з жалезам або аднаўленчай плаўкай акісленых руд. Выкарыстоўваюць як кампанент свінцу сплаваў і волава сплаваў, для атрымання злучэнняў С., у т. л. паўправадніковых. Пыл і пара С. атрутныя: раздражняюць слізістыя абалонкі верхніх дыхальных шляхоў, вачэй, а таксама скуру, выклікаюць пнеўмасклероз; ГДК у атм. паветры 0,01 мг/м³, у вадзе 0,05 мг/л.

Літ.:

Сурьма. М., 1977;

Полывянный И.Р., Лата В.А. Металлургия сурьмы. Алма-Ата, 1991.

т. 15, с. 281

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)