аўтамабіль агульнага карыстання, разлічаны на 9 і больш пасажыраў. Паводле прызначэння бываюць гарадскія, прыгарадныя, міжгароднія, міжнародных зносін і інш.; паводле змяшчальнасці і габарытаў — асабліва малыя (даўж. да 5 м), малыя (да 7,5 м), сярэднія (да 9,5 м), вялікія (да 12 м) і асабліва вялікія, спалучаныя (16,5 м і больш). Канструкцыя бывае рамная і апорная, кузаў — капотнага або вагоннага тыпу. Рухавік устанаўліваюць спераду, ззаду або пад падлогай пасажырскага салона (пры гарызантальным размеркаванні цыліндраў). На Беларусі вытв-сць аўтобусаў распачата ў 1994—95 на Мінскім аўтазаводзе (МАЗ-101), Лідскім з-дзе «Нёман» (ЛіАЗ-5256) і Мінскім канцэрне «Амкадор» («Амкадор-Ікарус»).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІРУЧЫ́НА (Ligustrum),
род кветкавых раслін сям. маслінавых. Каля 40 відаў. Пашыраны ў тропіках і субтропіках М. і Усх. Азіі, на Д.Усходзе, у Паўд. Еўропе і Паўн. Афрыцы. На Беларусі для азелянення інтрадукавана беручына звычайная (L. vulgare).
Шматгадовазялёныя або лістападныя кусты, радзей невял. дрэвы. Лісце супраціўнае, простае. Кветкі двухполыя, у канцавых мяцёлчатых або гронкападобных суквеццях. Плод — ягадападобная касцянка. Беручына звычайная — лістападны куст выш. 2—5 м з густаразгалінаванай кронай, бліскучым скурыстым ланцэтным лісцем і дробнымі белымі духмянымі кветкамі ў канцавой мяцёлцы. Плады чорныя, сакаўныя, бліскучыя. Засухаўстойлівая, адносна ценевынослівая дэкар., тэхн., меданосная і фарбавальная (з пладоў атрымліваюць чорную фарбу) расліна. Выкарыстоўваецца для жывых агароджаў, бардзюраў, групавых і адзіночных пасадак.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІЯСТРО́МЫ (ад бія... + грэч. stroma подсціл),
1) арганагенныя пабудовы, утвораныя арганізмамі жывёльнага і расліннага паходжання (сцелюцца па дне вадаёмаў). Бываюць слаістыя, радзей масіўныя пластападобныя. Марфалагічна біястромы як геал. целы — пласты, серыі пластоў або сплюшчаныя лінзы, палеагеаграфічна — падводныя зараснікі, лугі. Біястромы, якія развіваюцца адна над адной, могуць утвараць біястэпы. У асадкавых адкладах Беларусі вядомы выкапнёвыя, пераважна складзеныя з сіне-зялёных водарасцяў (страматаліты) бістромы ва ўтварэннях верхняга пратэразою і сярэдняга дэвону Аршанскай упадзіны, сілуру і ніжняга дэвону Брэсцкай упадзіны, верхняга дэвону і карбону Прыпяцкага прагіну. У Прыпяцкім прагіне бістромы цікавыя як пасткі нафты і газу.
2) Сучасныя каралавыя рыфы. Пры жыцці арганізмаў біястромы могуць уваходзіць у склад рыфа або яго лагуннай часткі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДДЗЯЛЕ́ННЕ ЦАРКВЫ́ АД ДЗЯРЖА́ВЫ,
дзяржаўная палітыка адхілення царквы ад вядзення актаў цывільнага стану і ўдзелу ў дзярж. кіраўніцтве. Канстытуцыйна ажыццёўлена ў нешматлікіх краінах (ЗША, Францыя, б.СССР і інш.). У канстытуцыях больш як 40 дзяржаў прадугледжаны статус дзярж.або пануючай рэлігіі і царквы (у Іспаніі, Італіі, Балівіі — каталіцызм, Іране, Саудаўскай Аравіі, Кувейце — іслам, у Ізраілі — іудаізм, у Тайландзе — будызм). Мае месца і канстытуцыйнае прызнанне роўнасці рэлігіі і царквы без аддзялення царквы ад дзяржавы (Японія, ФРГ і інш.). У Рэспубліцы Беларусь аддзяленне царквы ад дзяржавы ажыццяўляецца на аснове неўмяшання дзяржавы ва ўнутрыцаркоўныя справы, самастойнага і канстытуцыйнага права кожнага грамадзяніна вызначаць адносіны да рэлігіі, вызнаваць любую рэлігію або не вызнаваць ніякай.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДРАБО́ТКІ,
форма найму сялян са сваімі прыладамі працы і цяглом да памешчыка або заможнага селяніна за арандаваную зямлю, пазычаныя грошы, хлеб, лясныя матэрыялы, у пагашэнне штрафаў і інш. У Рас. імперыі, у т. л. на Беларусі, шырока практыкаваліся пасля сялянскай рэформы 1861. Сталі асновай адработачнай сістэмы ў памешчыцкай гаспадарцы (вынік малазямелля, падатковага ўціску, пазаэканам. прымусу сялян). Разнавіднасцямі адработкі былі здольшчына і «кругавая» (поўная) апрацоўка панскай зямлі або выкананне асобных відаў работ (ворыва, пасеву, уборкі) з аплатай часткова грашыма, часткова зямельнымі ўгоддзямі. Па меры росту таварнай гаспадаркі і асабліва разлажэння сялянства адработкі паступова выцясняліся капіталіст. наймам, але былі вельмі пашыраны на Беларусі і ў пач. 20 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБУТЫЛО́Н, канатнік (Abutilon),
род адна- і шматгадовых раслін сям. мальвавых. Больш за 100 відаў. Пашыраны пераважна ў тропіках і субтропіках. Ад Міжземнамор’я да ўсх. ўзбярэжжа Азіі расце абутылон Тэафраста, або кітайскі джут (абутылон theophrasti). З яго валакна вырабляюць пражу, мешкавіну, шпагат, вяроўкі і інш. Алей з насення прыдатны на мылаварэнне, вытв-сць пакосту і інш. Завезены ў Паўн. Амерыку і Аўстралію. На Беларусі трапляецца як рэдкая заносная расліна; у пакоях, аранжарэях вырошчваюць прыгожы квітучы абутылон гібрыдны (абутылон hybridum).
Травы, кусты і зрэдку невял. дрэвы выш. да 4 м. Кветкі буйныя, адзіночныя або ў пазушных суквеццях, многія віды апыляюць калібры. Плод з некалькіх пладовак, якія маюць па некалькі зярнят.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБЦЯ́ЖВАЮЧЫЯ АДКА́ЗНАСЦЬ АКАЛІ́ЧНАСЦІ,
у крымінальнай справе акалічнасці, наяўнасць якіх сведчыць пра павышаную грамадскую небяспечнасць пэўнага злачынства і самога злачынцы. Улічваюцца судом пры вызначэнні пакарання і, як правіла, цягнуць за сабой больш суровую кару ў межах санкцыі адпаведнага артыкула КК Рэспублікі Беларусь. Паводле КК, да абцяжваючых адказнасць акалічнасцей адносяцца: паўторнасць злачынства; учыненне яго арганізаванай групай; карыслівыя абоінш. ганебныя матывы яго ўчынення; прычыненне злачынствам цяжкіх вынікаў; учыненне злачынства супраць малалетніх, састарэлых і бездапаможных; падбухторванне ці ўцягванне ў злачынную дзейнасць непаўналетніх; асаблівая жорсткасць або здзек над пацярпелым; выкарыстанне ўмоў грамадскага бедства; усеагульнанебяспечны спосаб учынення злачынства; выкарыстанне для злачынства крыніцы павышанай небяспечнасці; учыненне злачынства асобай, якая была ўзята на парукі; учыненне злачынства ў нецвярозым стане.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЬПІ́ДЫЙ (Olpidium),
род хітрыдыевых грыбоў сям. альпідыевых. Больш за 20 відаў. Трапляюцца ў Еўропе, Азіі, Паўн. Амерыцы. На Беларусі 2 віды. Найб. пашыраны альпідый капусны (O. brassicae) — узбуджальнік чорнай ножкі расады капусты, лёну, агуркоў, аўса, пшаніцы, памідораў, салаты, тытуню і інш.
Вегетатыўнае цела (плазмодый) аднаклетачнае. Зоаспарангіі (органы бясполага размнажэння) шарападобныя, з доўгай вывадковай трубкай, адзіночныя або па 2—12 у клетцы. Зааспоры яйцападобныя, з 1 доўгім жгуцікам. Развіваецца ва ўмовах пераўвільгатнення. Пры неспрыяльных умовах зааспоры функцыянуюць як гаметы. Цысты зімуюць у глебе. Расліны заражаюцца пасля з’яўлення семядоляў або першых лісцікаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЬТА́НКАВЫЯ ПТУ́ШКІ, альтаншчыкі,
буданнікі (Ptilonorhynchidae),
сямейства пеўчых птушак атр. вераб’інападобных. 8 родаў, 18 відаў. Жывуць у трапічных лясах Новай Гвінеі з прылеглымі астравамі і на Пн і У Аўстраліі. Найб. вядомы альтаншчык атласны (Ptilonorhynchus violaceus).
Даўж. 22—40 см. Апярэнне бурае, цёмна-сіняе або фіялетавае. У большасці моцныя дзюба і ногі, кароткі хвост. Многім відам характэрны палавы дымарфізм: самцы прыгажэйшыя за самак. Робяць з галінак і травы своеасаблівыя буданы або альтанкі (адсюль назва) даўж. да 1 м, выш. да 50 см для спароўвання. Пляцоўку перад імі ўпрыгожваюць пер’ем, ракавінамі, бліскучымі каменьчыкамі, насякомымі, кветкамі. Гнёзды на дрэвах, у кладцы 1—3 яйцы. Наседжвае самка. Усёедныя. Здольныя да гукапераймання.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЬТЭРНА́РЫЯ (Alternaria),
род недасканалых грыбоў сям. дэмацыевых. Больш за 100 відаў. Пашырана па ўсім зямным шары. На Беларусі больш за 10 відаў: паслёнавая (A. solani), капусная (A. brassicae), агурковая (A. cucumerina), парэю (A. porri), каранёвая (A. radicina), чаргаваная (A. tenuis) і інш. Сапратрофы. Узбуджальнікі альтэрнарыёзаўс.-г. раслін. Выклікаюць сухую і мокрую гніль пладоў і агародніны ў час вегетацыі і асабліва пры захоўванні, мікозы чалавека і жывёл.
Міцэлій шматклетачны, гаплоідны, развіваецца ў тканках або паверхневы, бясколерны, з узростам набывае аліўкавы ці аліўкава-буры колер. Размнажаецца канідыямі. Канідыяльны напыл аксамітны, кропкавы, аліўкавы або чорны. Альтэрнарыі зімуюць міцэліем у глебе, на раслінных рэштках.