КУДРАВЕ́Ц (Анатоль Паўлавіч) (н. 1.1.1936, в. Аколіца Клічаўскага р-на Магілёўскай вобл.),
бел. пісьменнік. Скончыў БДУ (1963). Настаўнічаў, працаваў у перыёдыцы, на Бел. радыё. З 1972 гал. рэдактар выд-ва «Мастацкая літаратура», з 1974 у апараце ЦККПБ, у 1978—97 гал. рэдактар час. «Неман».
Друкуецца з 1960. Першы зб. апавяданняў «На зялёнай дарозе» (1968) вызначаецца праўдзівасцю, уменнем убачыць у чалавеку агульназначнае. У аповесці «Раданіца» (1971) ставіць праблему духоўных каштоўнасцей сучасніка, яго жыццёвай пазіцыі, адносін да мінулага і будучага. У кнігах «Дзень перад святам» (1975), «Зімы і вёсны» (1976), «На балоце скрыпелі драчы» (1979), рамане «Сачыненне на вольную тэму» (1984, Дзярж. прэмія Беларусі імя Я.Коласа 1986) адлюстраваў складаныя працэсы ў сучаснай вёсцы. Творчасць К. вылучаецца глыбокім псіхалагізмам, уменнем праз разгортванне падзей перадаць драматызм чалавечых характараў, творы адметныя дакладнасцю апісання жывых рэалій, побыту, прыроды, дзейных асоб. Аўтар кн. падарожных нарысаў «За чужымі далямі» (1981), сцэнарыяў маст. фільмаў «Асеннія яблыкі» (1975), «Раданіца» (1984, з Ф.Коневым). На бел. мову пераклаў «Падарожжы Гулівера» Дж.Свіфта, «Сібірскія апавяданні» У.Іванава, раманы А.Нурпеісава «Змрок» і «Нягоды», аповесць К.Сіманава «Дні і ночы», «Аповесці» А.Тамсаарэ, кн. «Апошні прамень» У.Караленкі, «На Іртышы» С.Залыгіна і інш.
Тв.:
Выбр. творы. Т. 1—2. Мн., 1987;
Сачыненне на вольную тэму. Мн., 1985;
Смерць нацыяналіста: Аповесці, апавяданні. Мн., 1992;
Познія яблыкі: Аповесці і апавяданні. Мн., 1998.
Літ.:
Брыль Я. Пра здзіўленне і зайздрасць // Зб.тв.Мн., 1981. Т. 4;
Бечык В. Прад высокаю красою... Мн., 1984;
Фральцова Н. Каля родных вытокаў // Мастацтва Беларусі. 1985. № 11.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАТА́ЕЎ (Валянцін Пятровіч) (28.1.1897, г. Адэса, Украіна — 12.4.1986),
расійскі пісьменнік. Герой Сац. Працы (1974). Брат Я.П.Пятрова (гл.Ільф І. і Пятроў Я.). У 1955—61 гал. рэдактар час. «Юность». Друкаваўся з 1910. Аўтар раманаў «Востраў Эрэндорф», «Уладар жалеза» (абодва 1924), сатыр. аповесці «Растратчыкі» (1926, аднайм. п’еса 1928), камедыі «Квадратура круга» (1928), рамана-хронікі «Час, наперад!» (1932). У тэтралогіі «Хвалі Чорнага мора» (аповесці «Бялее ветразь адзінокі», 1936, «Хутарок у стэпе», 1956, «Зімовы вецер», 1960—61, «Катакомбы», 1949, 2-я рэд. 1951) героіка-рэв. тэма, імкненне паказаць гісторыю праз лёс чалавека. За аповесць «Сын палка» (1945, аднайм. кінафільм 1946) Дзярж. прэмія СССР 1946. Аўтар лірыка-філас. мемуарных твораў «Святы калодзеж» (1966), «Трава забыцця» (1967), «Кубік» (1969), «Алмазны мой вянец» (1979), «Ужо напісаны Вертэр» (1980). У «Юнацкім рамане майго старэйшага сябра Сашы Пчолкіна, расказаным ім самім» (1982), апавяданнях і нарысах «Пад Смаргонню», «Нашы будні», «Пісьмы адтуль» і інш. паказаны падзеі 1-й сусв. вайны на Беларусі. Аўтар нарысаў «Па Заходняй Беларусі» (1939). Творы К. вызначаюцца спалучэннем гераічнай патэтыкі і сатыры, лірыкі і гумару. Яго п’есы ставіліся на бел. сцэне (першая — «Авангард», 1930, БДТ-2). Асобныя творы К. на бел. мову пераклалі Н.Тарас, У.Краўчанка, Л.Салавей.
Тв.:
Собр. соч.Т. 1—10. М., 1983—86;
Бел.пер. — Сон: Апавяданне. Мн., 1938;
Я, сын працоўнага народа. Мн., 1938;
Сын палка. Мн., 1947;
Бялее ветразь адзінокі. Мн., 1949.
Літ.:
Скорино Л. Писатель и его время: Жизнь и творчество В.П. Катаева. М., 1965;
Галанов Б.Е. Валентин Катаев: Очерк творчества. М., 1982.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛІ́МАВІЧЫ,
горад, цэнтр Клімавіцкага р-на Магілёўскай вобл. За 124 км ад Магілёва. Чыг. станцыя на лініі Орша—Унеча. Аўтадарогамі звязаны з Крычавам, Касцюковічамі, Хоцімскам. 17,1 тыс.ж. (1998).
У пісьмовых крыніцах упершыню ўпамінаюцца ў 14 ст. ў дакументах, звязаных з родам Асмалоўскіх. З пач. 17 ст. — паселішча ў Мсціслаўскім ваяв.ВКЛ. У 1626 тут заснаваны кляштар дамініканцаў. З 1720 К. належалі Бялецкім, з 1758 — Галынскім. З 1772 у складзе Рас. імперыі. З 1777 горад, цэнтр павета Магілёўскай губ. У 1781 атрымалі герб (у блакітным полі выява залатой пчалы). У 1850-я г. ў К. 3 гарбарні, 5 пач.навуч. устаноў, бібліятэка, бальніца, аптэка. У 1897—4714 ж., з іх 50,2% праваслаўных, 47,9% іудзеяў, 1,5% католікаў. У пач. 20 ст. 18 вуліц, 6 завулкаў, 2 плошчы, 750 будынкаў (7 мураваных), 3 царквы, 3 яўр. малітоўныя дамы, 25 рамесных майстэрань, друкарня, 2 фатаграфіі, дзейнічалі жаночая і мужчынская гімназіі (гл. ў арт.Клімавіцкія гімназіі), 4 вучылішчы, бальніца, аптэка, б-ка. З ліп. 1924 цэнтр раёна. У 1929—30 праз К. пракладзена чыгунка. У 1939 у К. 9,6 тыс.ж. З 10.8.1941 да 28.9.1943 акупіраваны ням. фашыстамі, якія загубілі ў K. і раёне 1346 чал., дзейнічала Клімавіцкае камсамольска-маладзёжнае падполле. У 1959—11,6 тыс. ж.
Прадпрыемствы харч. (Клімавіцкі завод масла і сухога абястлушчанага малака, лікёра-гарэлачны, хлебапрадуктаў), металургічнай, буд. матэрыялаў (Клімавіцкі камбінат будаўнічых матэрыялаў) прам-сці. Клімавіцкі сельскагаспадарчы тэхнікум. Клімавіцкі краязнаўчы музей. Брацкія магілы сав. воінаў. Помнікі архітэктуры 19 ст. — Клімавіцкая царква, жылы дом.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КНЯЗЬ,
кіраўнік манархічнай дзяржавы ці асобнага паліт. ўтварэння (удзельны К.) пераважна ў 9—16 ст. у славян і інш. народаў; пазней дваранскі тытул. Першапачаткова К. — правадыр племя часоў дакласавай ваен. дэмакратыі; паступова ён ператварыўся ў кіраўніка феад. дзяржавы, напачатку выбарнага, потым спадчыннага (напр., Рурыкавічы на Русі, Гедзімінавічы і Ягелоны ў ВКЛ, Пясты ў Польшчы, Пржэмыславічы ў Чэхіі). К., што ўзначальвалі ВКЛ і буйныя дзярж. ўтварэнні на Русі, наз.вялікімі князямі. У Польшчы, Чэхіі, Румыніі і Сербіі кіруючыя К. прынялі каралеўскі тытул. З утварэннем цэнтралізаваных манархій удзельныя К. паступова страчвалі свае суверэнныя правы і станавіліся прыдворнымі велікакняжацкіх двароў Расіі (з 1547 царскага) і ВКЛ, каралеўскага ў Польшчы і інш. Паступова з разрастаннем княжацкіх родаў значэнне тытула К. зменшылася. Стаць К. у ВКЛ і Польшчы можна было толькі праз нараджэнне ў сям’і К. (выключэнне — прадстаўнікі вышэйшага каталіцкага духавенства — біскупы і канонікі, якія карысталіся княжацкім тытулам пажыццёва), таму бел. магнаты Радзівілы (у 16 ст.) і Сапегі (у 18 ст.) набылі сабе ад імператараў «Свяшчэннай Рым. імперыі» ганаровы тытул імперскіх К. У Расіі да 18 ст. тытул К. быў таксама толькі радавым. З 1707 рас. цары пачалі надаваць тытул К. вышэйшым саноўнікам за асаблівыя заслугі перад дзяржавай. Адначасова ў Расіі на ўзор «Свяшчэннай Рым. імперыі» ўведзена больш высокая за звычайны княжацкі тытул ступень княжацкай годнасці — тытул святлейшага К. («яго светласці», у адрозненне ад «іхніх сіяцельстваў» — інш. князёў). Княжацкія тытулы ў Расіі адменены ў адпаведнасці з дэкрэтам ВЦВК «Аб знішчэнні саслоўяў і грамадзянскіх чыноў» ад 10(23).11.1917.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ЛЕТАПІ́СЕЦ ВЯЛІ́КІХ КНЯЗЁЎ ЛІТО́ЎСКІХ»,
найбольш даўні помнік бел.-літоўскага летапісання, адзін з першых твораў уласнабеларускай гіст-дакументальнай прозы. Напісаны на старабел. мове невядомым аўтарам у канцы 1420-х г. у Смаленску. Асн. змест — паліт. гісторыя ВКЛ ад смерці Гедзіміна (1341) да канца 14 ст.; гал. ідэя — усхваленне цэнтралізатарскай палітыкі літ. князёў, абгрунтаванне гіст. неабходнасці і заканамернасці паліт. аб’яднання літ., бел. і ўкр. зямель у адной дзяржаве — ВКЛ. 1-я частка хронікі, свецкая паводле зместу, напісана ў 1390-я г. з мэтай гіст. абгрунтавання права Вітаўта на вял. княжанне ў Вільні. 2-я частка больш фрагментарная, характарызуецца царк.-рэліг. афарбоўкай падзей і складаецца з кароткіх апавяданняў пра паліт. жыццё ВКЛ апошняй чвэрці 14 ст., найбольш пра дзейнасць Вітаўта. «Летапісец...» спалучае рысы дзелавога дакумента, твора апавядальнай прозы і грунтуецца на сапраўдных гіст. фактах; з’яўляецца першай спробай сціслага выкладання гісторыі ВКЛ. Поўная рэдакцыя «Летапісца...» ўключае таксама «Аповесць пра Падолле». Збярогся ў розных спісах (Віленскім, Слуцкім, Красінскага і інш.), летапісных зводах і гіст. кампіляцыях. Паслужыў асновай арыгінальнай часткі Беларуска-літоўскага летапісу 1446, часткова выкарыстаны польскім храністам Я.Длугашам у «Гісторыі Польшчы». У 16 ст. ўвайшоў у склад 2-га бел.-літ. летапіснага зводу (гл.«Хроніка Вялікага княства Літоўскага і Жамойцкага») і Хронікі Быхаўца, праз якія перайшоў у «Хроніку польскую, літоўскую, жамойцкую і ўсяе Русі» М.Стрыйкоўскага. Быў вядомы і ў Расіі, дзе не раз перарабляўся. Перакладзены на польскую, ням., літ., лац., рус. мовы. Упершыню апублікаваны ў 1823 І.М.Даніловічам у час. «Dziennik Wileński» («Віленскі дзённік»).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАЦЫЯНА́ЛЬНАЕ І УНІВЕРСА́ЛЬНАЕў мастацкай культуры,
дыялектычнае адзінства нацыянальнай самабытнасці і агульналюдскіх духоўных каштоўнасцей у маст. культуры розных народаў і рэгіёнаў. Склалася ў працэсе гіст. развіцця нацый ва ўмовах міжнар. кантактаў, эканам., паліт. і духоўна-творчага ўзаемадзеяння. Нац. самабытнасць глыбока выявілася ў фальклоры, традыц. культуры, мове, выяўл. сродках, каларыце, тыпажы, інтанацыі. Універсалізм дамінуе на ўзроўнях маст. архетыпаў, сюжэтных схем, матываў і эпахальных стыляў.
Праблема гарманічнага спалучэння Н. і у. ўзнікла ля вытокаў хрысц. цывілізацыі. у рэчышчы якой адбывалася паступовае пераадольванне палярызацыі «сваіх» і «чужых», «выбранага народу» і «варвараў». Арганізаваная ў дзяржаву нацыя стварае сваю сістэму культуры і праз яе далучаецца да культ. здабыткаў інш. народаў. Пазітыўная плённасць іншанац. уплываў абмяжоўваецца крайнімі пунктамі: па-за межамі аднаго з іх — недастатковасць іншанац. уздзеянняў, што вядзе да ізаляцыі і застою, па-за межамі другога пункта — празмернасць іншанац. уплываў, якая вядзе да разбурэння нац. культуры, яе выпадзення з кантэксту універсальнай культуры. Аптымальная палітыка ў сферы міжнац. сувязей заключаецца ў гарманізацыі нац. асновы і універсальных кампанентах культуры.
На Беларусі суадносіны Н. і у. ў культуры мяняліся на розных этапах яе развіцця. У 10—13 ст. культура развівалася пад уплывам візант. тыпу хрысц. цывілізацыі, выявіла спецыфічныя для ўсходнеслав. рэгіёна асаблівасці. У 14—18 ст. адбываўся сінтэз нац. традыцыі і еўрап.маст. уплываў, сфарміраваліся рэгіянальныя разнавіднасці стыляў готыкі, рэнесансу, барока, класіцызму. У 19—20 ст. адраджэнне бел.маст. культуры адбывалася на аснове нац. традыцый і выкарыстання вопыту сусв. класічнай культуры (гл.Адраджэнне нацыянальнае).
Літ.:
Конан У. Гармонія нацыянальнага і універсальнага ў быцьці і культуры // Мастацтва. 1995. № 6—7.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАЦЫЯНА́ЛЬНАЯ КНІ́ЖНАЯ ПАЛА́ТА БЕЛАРУ́СІ,
навуковы цэнтр нац. бібліяграфіі, статыстыкі друку, аўтаматызаванай і цэнтралізаванай апрацоўкі дакументаў, галіновай службы стандартызацыі і навук.-тэхн. інфармацыі ў галіне выдавецкай справы, паліграфічнай прам-сці і кніжнага гандлю. Засн. 15.9.1922 у Мінску пры Бел.дзярж. і універсітэцкай б-цы як Бел. кніжная палата, з 1977 самастойная ўстанова ў сістэме Дзяржкамдруку Беларусі, да 1992 наз.Дзярж. кніжная палата Беларусі. Атрымлівае і захоўвае абавязковы бясплатны кантрольны экзэмпляр усіх выданняў рэспублікі (штогод каля 50 тыс.экз. кніг, брашур, перыяд. выданняў, аўтарэфератаў, дысертацый, плакатаў, нот, афіш, картаў, атласаў, паштовак і інш.), які пасля бібліягр. апрацоўкі захоўваецца ў Архіве друку (4,3 млн. адзінак; 1999). Інфармуе аб гэтых выданнях праздзярж.бібліягр. паказальнікі, аб’яднаныя пад агульнай назвай «Летапіс друку Беларусі» (выходзіць з 1924); у 1995 падзелены на 4 самастойныя выданні. «Кніжны летапіс» (з 1924); «Летапіс часопісных артыкулаў» (з 1934); «Летапіс газетных артыкулаў» (з 1937); «Летапіс перыядычных выданняў і выданняў, якія працягваюцца» (з 1925). Рыхтуе і выдае штогоднікі: «Друк Беларусі» (з 1976), «Паказальнік бібліяграфічных дапаможнікаў Беларусі» (з 1978), «Кнігі Беларусі» (з 1984), рэтраспектыўныя паказальнікі, у т. л. «Музычная літаратура БССР» (1963—77), «Мастацкая літаратура народаў СССР у перакладзе на беларускую мову» (1967—97), «Летапіс часопісных артыкулаў, 1928—1933 гг.» (ч. 1—2, 1992) і інш. Ажыццяўляе работу па статыстыцы друку, распрацоўвае дзярж. і галіновыя стандарты па выдавецкай дзейнасці, паліграф. прам-сці. Выконвае функцыі нац. цэнтра па стандартнай нумарацыі кніг і брашур (ISBN). Прысвойвае ідэнтыфікатары выд-вам, прыватным выдаўцам, якія маюць выдавецкія правы (ліцэнзіі). Супрацоўнічае з ЮНЕСКА, Міжнар. агенцтвам ISBN і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕЙТРЫ́НА (італьян. neutrino памяншальнае ад neutrone нейтрон),
незараджаная элементарная часціца з групы лептонаў. Мае спін 1/2 і масу, намнога меншую за масу электрона. Па стат. уласцівасцях адносіцца да ферміёнаў. Удзельнічае ў слабых і гравітацыйных узаемадзеяннях (гл.Узаемадзеянні элементарных часціц, з-за вельмі малой масы слаба ўзаемадзейнічае з рэчывам, характарызуецца вял. пранікальнай здольнасцю, напр., свабодна праходзіць праз Зямлю і Сонца.
Вядома 3 тыпы Н.: электроннае Н. νe, мюоннае Н. νµ, таоннае Н. ντ і адпаведныя ім антычасціцы , , (звесткі аб і ускосныя і магчыма, што
). Кожны з тыпаў Н. пры ўзаемадзеянні з інш. часціцамі можа пераўтварыцца ў адпаведны зараджаны лептон, а калі масы спакою Н. адрозныя ад 0 і лептонныя зарады не захоўваюцца, магчымы асцыляцыі Н. — пераўтварэнні аднаго тыпу Н. ў другі (прапанавана Б.М.Пантэкорва ў 1957). Існаванне электроннага Н. прадказана В.Паўлі (1930—33) на падставе законаў захавання энергіі і імпульсу ў рэакцыях β-распаду, эксперыментальна зарэгістравана амер. фізікамі Ф.Райнесам і К.Коўэнам ў 1953—56. Выпрамяняюцца Н. пры пераўтварэннях атамных ядраў (β-распадзе, захопе электронаў і мюонаў), распадах элементарных часціц і інш. Працэсы, якія вядуць да ўтварэння Н., адбываюцца ў рэчыве Зямлі і яе атмасферы за кошт касм. выпрамянення, у нетрах Сонца, зорак і інш. (гл.Нейтрынная астраномія, Нейтрынная астрафізіка). Штучна Н. атрымліваюць з дапамогай магутных ядз. выпрамяняльнікаў, ядз. рэактараў, паскаральнікаў зараджаных часціц.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЖА́РНАЯ АЎТАМА́ТЫКА,
сукупнасць тэхн. сродкаў для аўтам. выяўлення, лакалізацыі і тушэння пажару. Тэхн. эфектыўнасць П.а. вызначаецца здольнасцю выконваць задачы (у сукупнасці ці адну з іх): папярэджваць магчымасць узнікнення пажару, забяспечваць бяспеку людзей і матэрыяльных каштоўнасцей.
Складаецца з сістэм пажарнай сігналізацыі і аўтам. установак пажаратушэння (АУП). АУП маюць сродкі для выяўлення небяспечных фактараў пажару (напр., выдзялення цяпла, дыму, газападобных прадуктаў няпоўнага згарання), ёмістасці для захоўвання вогнетушыльных рэчываў, сістэмы выпускання такіх рэчываў у ахоўную прастору. Могуць аўтаномна выконваць усе зададзеныя функцыі, у т. л. сігналізацыю, без выкарыстання дадатковых сістэм пажарнай сігналізацыі ці ўключаць іх у сябе ў якасці пускавых. Паводле канструкцыі бываюць агрэгатныя (тэхн. сродкі выяўлення пажару, захоўвання і выпускання вогнетушыльных рэчываў і інш., якія з’яўляюцца самастойнымі адзінкамі і манціруюцца на аб’екце), модульныя (састаўныя часткі сістэмы, аб’яднаныя ў модулі), спрынклерныя (забяспечваюць лакальнае тушэнне пажару ў месцы інтэнсіўнага павышэння т-ры) і дрэнчарныя (забяспечваюць тушэнне па ўсёй плошчы ці па ўсім аб’ёме памяшкання); паводле тыпу вогнетушыльнага рэчыва — вадзяныя, пенныя, газавыя, парашковыя, аэразольныя, для тушэння парай. Тушэнне пажару выконваецца па ўсёй плошчы (ці аб’ёме) або лакальна (у месцы ўзнікнення пажару) Выкарыстоўваюцца таксама ўстаноўкі для стварэння проціпажарных заслон, якія перашкаджаюць распаўсюджванню пажару. АУП (акрамя спрынклерных) дадаткова маюць дыстанцыйныя ці мясц. прыстасаванні для ручнога пуску. Вогнетушыльныя рэчывы падаюцца ў месца гарэння праз насадкі, распыляльнікі, арашальнікі і пенагенератары. Выхад з арашальнікаў спрынклерных АУП закрываюць клапанамі, трымальнікі якіх разбураюцца пад дзеяннем т-ры пажару. П.а. абсталёўваюцца збудаванні і памяшканні з высокай пажарнай ці выбуховай небяспекай.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЯ́ХАВІЧЫ,
горад, цэнтр Ляхавіцкага р-на Брэсцкай вобл., на р. Ведзьма. На шашы Брэст—Русінавічы. За 225 км ад Брэста, чыг. ст. на лініі Баранавічы—Лунінец. 12,2 тыс.ж. (1998).
Вядомы з 15 ст. як цэнтр Ляхавіцкай вол. (маёнтка). У 1-й пал. 16 ст. належалі Гаштольдам. З 1551 уладанне вял.кн. Жыгімонта II Аўгуста. З 1572 уладанне Я.Е.Хадкевіча і яго нашчадкаў, якія з канца 16 ст. сталі наз. «графы на Ляхавічах». У канцы 16 ст. пабудаваны Ляхавіцкі замак. У 1635 Л. перайшлі да Сапегаў. У 17 ст. мястэчка, у 1636—215 дымоў. З 1760 уладанне Масальскіх. Уваходзілі ў Навагрудскі, з 1791 — у Случарэцкі пав. Навагрудскага ваяв. З 1793 у Рас. імперыі. З 1797 цэнтр Ляхавіцкай вол. Слуцкага пав. Мінскай губ. У канцы 18—19 ст. ў ленным уладанні Касакоўскіх. У 1880-я г.праз Л. пракладзены ўчастак Палескай чыг. Баранавічы—Лунінец. У 1897 мястэчка, 5016 ж., каля 150 двароў. У лют.—снежні 1918 акупіраваны герм. войскамі. З 1921 у складзе Польшчы, горад у Баранавіцкім пав. Навагрудскага ваяв. З 1939 у БССР, у Баранавіцкай вобл., 5,1 тыс.ж. З 1940 цэнтр раёна. У Вял.Айч. вайну з 26.6.1941 да 6.7.1944 акупіраваны ням. фашыстамі, якія ў горадзе і раёне знішчылі 4983 чал. З 1954 у Брэсцкай вобл. У 1959—4,5 тыс. жыхароў.
Прадпрыемствы паліўнай (торфабрыкетны з-д«Ляхавіцкі»), буд. матэрыялаў і харч. прам-сці. Ляхавіцкі сельскагаспадарчы тэхнікум. Брацкія магілы сав. воінаў; сав. воінаў і партызан. Помнік рус. воінам, якія загінулі ў 1-ю сусв. вайну. Радзіма бел. пісьменніка і грамадскага дзеяча 16 ст. Ф.Еўлашоўскага.