ЛІМУЗЕ́Н (Limousin),

гістарычная вобласць у цэнтр. ч. Францыі. Уключае дэпартаменты Верхняя В’ена, Карэз, Кроз Пл. 16,9 тыс. км². Нас. каля 750 тыс. чал. (1995). Гал. горад і прамысл. цэнтр. — Лімож. Уся тэр. ў межах Цэнтральнага Французскага масіву, на плато Лімузен. Клімат умераны. Ападкаў каля 1000 мм за год. Пераважна с.-г. раён.

Найб. развіта жывёлагадоўля — развядзенне буйн. раг. жывёлы (у т. л. племянной), свіней, авечак. Пасевы пшаніцы, жыта, ячменю, грэчкі, бульбы, кармавых культур. У далінах вырошчваюць агародніну, садавіну, тытунь. Здабыча кааліну, уранавай руды. ГЭС на рэках Дардонь і Везер. У прам-сці пераважаюць тэкст. і харч. прадпрыемствы.

т. 9, с. 262

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛУ́ІСВІЛ (Louisville),

горад на У ЗША, у штаце Кентукі. Засн. ў 1778, гар. правы з 1828. Названы ў гонар франц. караля Людовіка XVI. 270,3 тыс. ж., з прыгарадамі каля 1 млн. ж. (1997, частка прыгарадаў у штаце Індыяна). Вузел чыгунак і аўтадарог. Порт на р. Агайо. Важны гандл.-прамысл. цэнтр, гал. рынак тытуню ў ЗША. Прам-сць: хім. (у т. л. вытв-сць сінт. каўчуку, пластмас), харчасмакавая (буйны цэнтр вытв-сці віскі і тытуню), паліграф., металаапр. і маш.-буд. (вытв-сць электрабыт. прылад, рачных суднаў, рухавікоў унутр. згарання, с.-г. машын), ваенная. Ун-т.

т. 9, с. 360

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛУЧЫ́Н,

старажытны горад, які ўпершыню згадваецца пад 1138 у Статуце Смаленскага кн. Расціслава Мсціславіча, потым пад 1173 у Іпацьеўскім летапісе як месца нараджэння ў кн. Рамана Расціславіча сына, у гонар якога ў Л. быў пабудаваны храм св. Міхаіла, у грамаце «Аб пагароддзі і пачэсці» пад 1211—18 згадваецца ў ліку гарадоў, што плацілі даніну смаленскаму епіскапу. Месцазнаходжанне горада дакладна не вызначана. Адзіным месцам магчымай лакалізацыі летапіснага Л., дзе тапанімічныя і археал. звесткі супадаюць з пісьмовым сведчаннем Іпацьеўскага летапісу, з’яўляецца гарадзішча каля в. Лучын ў Рагачоўскім р-не Гомельскай вобл.

А.​А.​Мяцельскі.

т. 9, с. 379

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАДРА́С,

горад, на ПдУ Індыі, на беразе Бенгальскага зал. Адм. цэнтр штата Тамілнад. Найважн. эканам. і культ. цэнтр Паўд. Індыі. Засн. ў 1639 англ. Ост-Індскай кампаніяй як факторыя каля рыбацкага пас. Мадраспатам. 6 млн. ж. (1997). Адзін з гал. партоў Індыі ў Бенгальскім зал. Вузел чыгунак і авіяц. шляхоў; міжнар. аэрапорт. Прам-сць: тэкст. (баваўняная), маш.-буд. і металаапр., харч., тытунёвая, гарбарная, трансп. і ваеннае машынабудаванне, нафтаапр., цэм. і паліграф. прадпрыемствы. АЭС (каля М.). Гал. навукова-культ. цэнтр тамілаў. 2 ун-ты, муз. акадэмія. Астр. абсерваторыя. Геагр. т-ва. Музеі, Нац. маст. галерэя.

Старажытны храм каля г. Мадрас.

т. 9, с. 490

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МА́ЛІЯ,

рэшткі горада эпохі бронзы на паўн.-ўсх. узбярэжжы в-ва Крыт (Грэцыя), каля аднайм. паселішча; адзін з цэнтраў крыта-мікенскай культуры. Даследаваны: палац, пабудаваны мінойцамі каля 1900 да н.э., жылыя кварталы горада, некропаль. Сярод знаходак бронзавы меч з дзяржаннем са слановай косці, абкладзеным золатам і завершаны галоўкай з крышталю; кінжал з залатым дзяржаннем; каменная сякера з разным верхнім рабром з выяваю гатовага да скачка леапарда на прывязі. Пасля землетрасення 1750 да н.э. горад быў перабудаваны і існаваў прыблізна да 1450 да н.э.

А.​В.​Лоў.

Бірулькі ў выглядзе 2 пчол. Пахаванне каля Маліі. 2000 да н.э.

т. 10, с. 35

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАНДАЛА́Й, Мандале,

горад у цэнтр. частцы М’янмы. Адм. ц. вобл. Мандалай. Засн. ў 1857. У 1857—85 — сталіца незалежнай М’янмы (Бірмы). Каля 500 тыс. ж. (1997). Важны трансп. вузел (рачны порт на р. Іравадзі, чыгункі, аўтадарогі). Прам-сць: суднабуд., металаапр., баваўняная, харч., аўтазборчая, дрэваапр. і лесапільная. Чыгуначныя і суднарамонтныя прадпрыемствы. Традыц. вытв-сць упрыгожанняў з золата і серабра, шаўковых і ганчарных вырабаў, апрацоўка каштоўных камянёў, разьбярства па дрэве. Цэнтр кінапрамысловасці краіны. Ун-т. Культ. і рэліг. цэнтр. Арх. помнікі 19 ст.: каралеўскі палац (знішчаны ў 1944, адноўлены), цытадэль, кіт. пагады, будыйскія манастыры, раён з класічнай англ. калан. архітэктурай.

т. 10, с. 76

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАНРО́ВІЯ (Monrovia),

горад, сталіца Ліберыі, на ўзбярэжжы Атлантычнага ак., у вусці р. Сент-Пол. Адм. ц. графства Мантсерада. 421 тыс. ж. (1997). Марскі порт (вываз каўчуку, жал. руды, пальмавых ядраў і алею). Вузел чыгунак і аўтадарог. 2 міжнар. аэрапорты. Паліт. і гандл.-фін. цэнтр краіны. Металаапр., цагельначарапічны з-ды, 2 кіслародныя з-ды, аўтамайстэрні; мэблевыя, харч. прадпрыемствы. Ун-т. Нац. музей.

Засн. ў 1822 неграмі — перасяленцамі з ЗША (названа ў гонар прэзідэнта ЗША Дж.​Манро). З 1847 сталіца Ліберыі. У 1961 у М. адбылася канферэнцыя 20 недалучаных краін Афрыкі, якая дала пачатак стварэнню Арганізацыі афрыканскага адзінства.

т. 10, с. 85

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАСКО́ЎСКАЕ ПАЎСТА́ННЕ 1382.

Адбылося ў жн. пры набліжэнні да Масквы войска хана Залатой Арды Тахтамыша. Вял. кн. Дзмітрый Іванавіч Данскі накіраваўся ў Кастраму для збору апалчэння, пачаліся ўцёкі з Масквы знаці і асоб княжацкай адміністрацыі. Гараджане і сяляне навакольных вёсак сабраліся на веча, якое забараніла выезд з Масквы і арганізавала абарону Крамля (яе ўзначаліў літоўскі кн. Асцей). 23 жн. пачалася аблога Крамля войскамі Тахтамыша. Масквічы адбілі першы штурм (упершыню на Русі выкарысталі агнястрэльную зброю), але 26 жн. Тахтамыш падманам авалодаў Масквой. Горад быў спалены і разбураны, 24 тыс. чал. забіты або загінулі ў агні.

т. 10, с. 176

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЯ́МІ (Miami),

горад на ПдУ ЗША у штаце Фларыда. Засн. ў 1895. Больш за 2 млн. ж. з прыгарадамі (1997). Марскі порт на Атлантычным ак. Важны трансп. вузел. Міжнар. аэрапорт. Найбуйнейшы ў краіне грузавы аэрапорт (вываз цытрусавых і ранняй агародніны). Цэнтр круізнага суднаходства. Буйнейшы ў свеце круглагадовы кліматычны курорт (пляжы, гасцініцы, санаторыі, матэлі, больш за 5 млн. наведвальнікаў штогод). Важны гандл.-фін. цэнтр. Прам-сць: радыёэлектронная, авіябуд., паліграф., швейная, харч., тытунёвая, суднабудаўнічая. Вытв-сць мед. абсталявання, інструментаў, ювелірных вырабаў. 2 ун-ты. Мастацкі музей. Акіянарыум. Бат. сад. Цэнтр турызму. На З ад М. — нац. парк Эверглейдс.

т. 10, с. 243

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕГАЛО́ПАЛІС [ад грэч. megas (megalu) вялікі + polis горад; паходзіць ад назвы стараж.-грэч. горада Мегалопаль, які ўзнік ад зліцця больш як 35 паселішчаў Аркадыі],

найбуйнейшая форма рассялення, якая ўтвараецца ў выніку зліцця суседніх гарадскіх агламерацый. Звычайна М. выцягнуты ўздоўж трансп. магістралей, але суцэльнай гар. забудовы не мае; прыкладна ​9/10 яго плошчы займаюць адкрытыя прасторы. Найбольшыя М.: на Атлантычным узбярэжжы ЗША паміж Бостанам і Вашынгтонам, у Каліфорніі; на Ціхаакіянскім узбярэжжы в-ва Хонсю — ад Токіо да Осакі (Японія), у раёне ніжняга і сярэдняга Рэйна (Нідэрланды — Германія), ад Лондана да Ліверпуля (Вялікабрытанія), у раёне Вял. азёр (ЗША — Канада).

т. 10, с. 245

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)